РАМА́ДЗІН (Мікалай Міхайлавіч) (19.5.1903, г. Самара, Расія — 10.4.1987),
расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1971). Правадз.чл.АМСССР (1967). Вучыўся ў маск. Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях — ін-це (1923—30). У 1930-я г. працаваў пераважна ў гіст.-рэв. жанры («Прыфрантавы рэўком», 1934—37). Вядомасць набылі лірычныя пейзажы, якім уласцівы свежасць успрыняцця прыроды, эпічная казачнасць, праца пры вячэрнім асвятленні. Сярод твораў: «Сяло Хмялёўка» (1944), серыі «Волга — руская рака» (1944 45), «Рускія мелодыі» (1946—57), «Чатыры пары года» (1952—53), «Кудзінскае возера» (1974—78) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛА́СКЕС ((Velázquez; Velásquez) Дыега Радрыгес дэ Сільва і) (6.6.1599, г. Севілья, Іспанія — 6.8.1660),
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Севільі ў Ф. дэ Эрэры Старэйшага і Ф.Пачэкі (1610—16). З 1623 прыдворны жывапісец Філіпа IV. Яго творчасць — вяршыня «залатога веку» ісп. жывапісу. Дэмакратызм і рэалізм творчасці Веласкеса праявіўся ўжо ў ранніх палотнах: «Снеданне» (1617), «Ваданос» (каля 1620). Нават афіцыйныя заказныя партрэты Веласкеса вылучаліся бязлітаснай праўдзівасцю характарыстык і псіхал. глыбінёй: «Філіп IV» (каля 1629 ці 1644), «Герцаг Аліварэс» (каля 1638), «Папа Інакенцій Х» (1650). Гуманістычны характар яго творчасці яскрава выявіўся ў партрэтах дзіцячых («Інфант Бальтасар Карлас», 1634—35, «Інфанта Маргарыта», 1659), прыдворных блазнаў («Себасцьян дэ Мора», «Эль Прыма», «Эль Боба з Карыі», 1631—48), рэалістычных («Хуан Матэас», канец 1632, «Дама з веерам», канец 1648, «Хуан Парэха», 1650). У творах на рэліг. і міфалаг. тэмы («Пакланенне вешчуноў», 1617, «Хрыстос у доме Марфы і Марыі», 1622, «Кузня Вулкана», «Вакх», 1630, «Венера перад люстэркам», 1648—49) вобразы святых і міфалаг. багоў Веласкес аб’ядноўваў з грубаватымі зямнымі вобразамі людзей. Яго творы «Здача Брэды», «Меніны» («Фрэйліны», 1656), «Папрадухі» («Міф аб Арахане», 1657) вызначылі ў еўрап. мастацтве 17 ст. новы тып шматпланавай карціны з кампазіцыйнымі і святлоценявымі эфектамі, паглыбленым псіхалагізмам. Каларыстыка яго твораў вылучаецца вытанчанымі валёрнымі гармоніямі, святлонасычанасцю. Творы Веласкеса былі прадметам вывучэння і крыніцай натхнення для Ф.Гоі, Э.Манэ, П.Пікаса.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Веласкес. М., 1978;
Justi C. Diego Velazquez und siene Jahrhundert. Leipzig, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛОТ (Клот фон Юргенсбург),
сям’я расійскіх мастакоў 19 ст. Нарадзіліся ў Пецярбургу.
Пётр Карлавіч (5.6.1805—20.11.1867), скульптар і ліцейны майстар. З 1829 наведваў класы Пецярбургскай АМ, з 1838 яе праф. і заг. ліцейнай майстэрні. Працаваў у анімалістычнай манум. скульптуры і дробнай пластыцы. У творчасці спалучаў традыцыі класіцызму з імкненнем да непасрэднай фіксацыі жыццёвых назіранняў. Сярод твораў: 4 групы ўтаймавальнікаў коней на Анічкавым мосце (1833—49), помнікі І.Крылову ў Летнім садзе (1848—55) і Мікалаю I (1856—59, з М.Рамазанавым і Р.Залеманам) — усе ў Пецярбургу; «Кабыла з жарабём» (1854—55) і інш.Міхаіл Канстанцінавіч (11.1.1833—29.5.1902), жывапісец. Пляменнік Пятра Карлавіча. Скончыў Пецярбургскую АМ (1858), у 1871—86 праф.-кіраўнік яе пейзажнага класа. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). У 1858—61 у Швейцарыі і Францыі. Аўтар рэаліст. пейзажаў рус. вёскі: «Вялікая дарога ў восень» (1863), «На раллі» (1872), «Лясная далечыня апоўдні» (1876—78) і інш.Міхаіл Пятровіч (29.9.1835—20.1.1914), жывапісец. Сын Пятра Карлавіча. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1895). Вучыўся ў А.Агіна, скончыў Пецярбургскую АМ (1861). У 1857—60 у Парыжы, у 1862—65 у Мюнхене. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак. Аўтар сентыментальных жанравых кампазіцый: «Рыбакі фіны» (1855), «Хворы музыкант» (1859), «Апошняя вясна» (1861), «Чорная лава» (1871) і інш.
Да арт.Клот. П.Клот. Утаймавальнік каня. Скульптурная група на Анічкавым мосце ў Пецярбургу. 1833—49.Да арт.Клот. М.К.Клот. На раллі. 1872.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН ВЭЙ, Моцзе (699 або 701, г. Таюань, Кітай — 759 або 761),
кітайскі паэт, жывапісец, каліграф і музыкант. Атрымаў канфуцыянскую адукацыю. Служыў пры імператарскім двары. Аўтар паэтычнай пейзажнай лірыкі (цыкл «Рака Ванчуань», вершы «Чырвоныя бабы», «Сцежка сярод акацый» і інш.), твораў на гіст. тэмы («Удава князя Сі», «Бань Цзеюй»). Пачынальнік кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу, заснаванага на выкарыстанні танальных магчымасцяў тушы. Выконваў размалёўкі на шоўку і насценныя. У лірычных пейзажах ствараў узвышаныя абагульняльныя вобразы прыроды. Творы захаваліся ў копіях: «Рака пад снегам», «Праясненне пасля снегападу», «Партрэт Фу Шэна з Цзінаня» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗА́РЫ ((Vasari) Джорджа) (30.7.1511, г. Арэца, Італія — 27.6.1574),
італьянскі архітэктар, жывапісец, гісторык мастацтва; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў Фларэнцыі ў Б.Бандынелі. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам Мікеланджэла. У пабудовах (Палацца дэі Кавальеры ў Пізе, 1562; уласны дом, 1542; Палацца дэле Лоджэ, 1573—81 у Арэца; ансамбль Уфіцы ў Фларэнцыі, 1560—73) эклектычна спалучаў элементы рэнесансавай і маньерыстычнай архітэктуры. Сярод жывапісных работ: фрэскі ў Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (з 1555), у Зале Рэджа ў Ватыкане (1571—73). Аўтар «Жыццеапісанняў найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550 (рус.пер., т. 1—5, 1956—71) аб жыцці і творчасці італьян. мастакоў эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНО́ЎСКІ (Анатоль Васілевіч) (н. 9.5.1937, г. Мінск),
бел.жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1966 выкладчык, з 1993 праф.Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яго творам уласцівы эмацыянальнасць, лірычнасць, каларыстычная насычанасць. З паэт. пранікнёнасцю перадае прыгажосць бел. краявідаў: «Беларускі матыў» (1968), «Воблакі плывуць над зямлёй роднай» (1977), «Мазырскі край» (1980), «Вясна на Прыпяці» і «Зямля мая залатых бяроз» (1981). Сярод інш. твораў: «Маці. 1941 год» (1972), «Партрэт Капыловіча Пятра Мікалаевіча» (1980), «Купалле» (1982), «Гнёзды» і «Дарога дзяцінства» (абодва 1993), «Мелодыі восені» і «Нараджэнне вясны» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДЖЭ́ЛІКА, Фра Анджэліка,
Беата Анджэліка (Angèlico, Fra Angelico, Beato Angèlico; сапр.Гвіда ды П’етра; Guido di Pietro; каля 1400, г. Вік’ё, прав. Фларэнцыя, Італія — 18.2.1455),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнцінскай школы. Як мастак склаўся пад уплывам познагатычнага жывапісу, у далейшым выкарыстаў рэалізм Мазачыо. Наіўнае і глыбока рэліг. мастацтва Анджэліка прасякнута светлым лірызмам і мяккай паэтычнасцю: «Каранацыя Марыі» (каля 1434—35); фрэскі б. манастыра Сан-Марка ў Фларэнцыі (1438—45), «Мадонна на троне паміж святымі Кацярынай і Даменікам» (1445), капэлы Мікалая V у Ватыкане (1445—48) і інш.
Фра Анджэліка. Мадонна на троне паміж святымі Кацярынай і Даменікам. 1445.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ (Станіслаў Станіслававіч) (1869, Вільня — 1927),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1889—94). Шмат падарожнічаў па Беларусі і Літве. У жанравых творах адлюстроўваў побыт бел. і літоўскіх сялян і гараджан, высмейваў норавы мяшчан. Аўтар карцін «Баль у Мінску», «Прачкі», графічных лістоў «У мястэчку», «Злоўлены жывым», «Праца ў фальварку», «Цыганы» і інш., анімалістычных малюнкаў («Стаеннік», «Бегавы конь» і інш.), іл. да апавядання Э.Ажэшкі «Гэдалі» (1907). Удзельнік выставак Пецярбургскага т-ва мастакоў (1890—1900) і мастацкіх у Мінску (1911).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎЭР, Броўвер (Brouwer) Адрыян (1605 ці 1606, г. Аўдэнардэ, Бельгія — 1.2.1638), фламандскі жывапісец. Майстар быт. жанру і пейзажа. Прадстаўнік дэмакр. кірунку ў мастацтве фламандскага барока. Вучыўся ў Бруселі. У 1621 пераехаў у Галандыю, з 1631 у Харлеме, у 1631 жыў у Антверпене. Пісаў пераважна сцэны з нар. побыту («Бойка сялян у час гульні ў карты», «Сцэна ў шынку», «Курцы», «Горкі напітак», усе каля 1630—38). Карціны вызначаюцца гратэскавасцю вобразаў, сарказмам, тэмпераментам, манумент. і ўраўнаважанай кампазіцыяй. Сярод пейзажаў: «Дзюны», «Пейзаж з усходам месяца» і інш. Браўэр — адзін з лепшых каларыстаў 17 ст.
Я.Ф.Шунейка.
А.Браўэр. Бойка сялян у час гульні ў карты. 1630-я гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦ ((Witz) Конрад) (пасля 1400, г. Ротвайль, Германія — да 1446),
швейцарскі жывапісец. З 1434 (або 1435) працаваў у Базелі і Жэневе. У сваіх творах, пераходных ад готыкі да мастацтва Адраджэння, дасягнуў вял. пластычнай дасканаласці ў адлюстраванні фігур, інтэр’ера, гар. і альпійскага пейзажаў. З яго работ захаваліся створкі трох алтароў: «Зярцала збавення чалавецтва» для сабора ў Базелі (каля 1435), св. Пятра для сабора Сен-П’ер у Жэневе (1444), часткі невядомага алтара (магчыма, «Жыццё Марыі»). Частка алтара св. Пятра «Дзівосны ўлоў» (1444) — адзін з першых пейзажаў у еўрап. жывапісе, які адлюстраваў канкрэтную мясцовасць (бераг Жэнеўскага возера).