дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае паўн.ч. мацерыка і прылеглыя астравы (Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер і інш.). На Пд і ПнЗ мяжуе з ЗША, на 3, Пн і У абмываецца Ціхім, Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі і іх морамі. Падзяляецца на 10 правінцый і 2 тэрыторыі. Пл. 9976 тыс.км² (2-е месца ў свеце пасля Расіі). Нас. 29,1 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Атава. Афіц. мовы — англійская і французская. Нац. свята — Дзень Канады (1 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная парламенцкая дзяржава; канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у склад Садружнасці. Ролю канстытуцыі выконваюць Закон аб канстытуцыі 1982, палажэнні Акта аб Брыт.Паўн. Амерыцы (1867), а таксама нормы звычаёвага права. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам (у правінцыях — намеснікамі губернатара), якога фармальна прызначае манарх, а фактычна — прэм’ер-міністр К. Губернатар падпарадкоўваецца рашэнням Тайнай рады, у склад якой пажыццёва ўваходзяць асобы, прызначаныя губернатарам па прапанове прэм’ер-міністра К. ( у т. л. ўсе б. міністры, старшыня Вярх. суда, прэм’еры правінцый, спікеры палаты абшчын і сената). Тайная рада не збіраецца ў поўным складзе, а рашэнні ад яе імя прымае ўрад К. Губернатар ад імя брыт. манарха падпісвае ўсе законы, прынятыя парламентам. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму федэральнаму парламенту, што складаецца з сената і палаты абшчын. У сенаце 104 чл., якіх прызначае губернатар на нявызначаны тэрмін (да дасягнення 75-гадовага ўзросту); кожную правінцыю прадстаўляе вызначаная колькасць сенатараў. Палата абшчын складаецца з 295 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў правінцыях на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае губернатар. Правінцыі карыстаюцца пэўнай аўтаноміяй і маюць свае заканад. і выканаўчыя органы.
Прырода. Рэльеф пераважна ўзгорысты і раўнінны. Каля 74 тэр. К. — раўніны і плато; на З мацерыковай часткі краіны і на ПнУ Канадскага Арктычнага архіпелага — горы. Больш за палавіну мацерыковай часткі К. займае невысокае ўзгорыстае з мноствам азёр і балот Лаўрэнційскае ўзвышша выш. 300—500 м. На Пд і ПдЗ да ўзвышша ; прылягаюць Цэнтр. раўніны выш. да 300 м, на З — Вял. раўніны. на ПнЗ — нізіна р. Макензі. На З уздоўж узбярэжжа Ціхага ак. цягнуцца маладыя складкаватыя горы Кардыльеры, якія на тэр. К. падзяляюцца на ўсх. (Скалістыя горы) і зах. (Берагавы хр.выш. больш за 4000 м, масіў Св. Ільі з г. Логан — 6050 м) сістэмы горных хрыбтоў і зоны ўнутр. плато. На крайнім ПдУ — узгорыста-нізкагорная вобласць Апалачаў (выш. 500—700 м). К. займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды, каляровых і каштоўных металаў (Лаўрэнційскае ўзв., Апалачы, Кардыльеры), багатая вуглем, нафтай, прыродным газам, калійнымі солямі (Унутр. раўніны). Клімат у асноўным умераны і субарктычны, унутр. раёнаў рэзка кантынентальны, на зах. і ўсх. узбярэжжах марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пн -35 °C, на Пдцэнтр. часткі -20 °C, на У каля -5 °C, на З да 4 °C, у ліп. ад 5 °C на Пн да 22 °C на Пд. Гадавая колькасць ападкаў на У 1000—1400 мм, у цэнтр. частцы 200—500 мм, на З 2500 мм. Зімой усюды ўстойлівае снегавое покрыва. На Пн шматгадовая мерзлата. У К. 20% аб’ёму прэснай вады на планеце. Густая і паўнаводная рачная сетка. Найб. рэкі: Макензі, Нельсан, Св. Лаўрэнція, Юкан, Фрэйзер, Калумбія. Каля 4 млн. азёр, у т. л.Вял. азёры, Вініпег, Атабаска, Вял. Нявольніцкае, Вял. Мядзведжае. Шмат буйных вадасховішчаў. На раўнінах яскрава выражана занальнасць глебава-расліннага покрыва і жывёльнага свету. З Пн на Пд змяняюцца зоны: арктычных пустынь, тундры з тарфяна-глеевымі глебамі, лясоў (хваёвых і мяшаных) на падзолістых глебах, лесастэпаў і стэпаў з цёмна-каштанавымі і чарназёмнымі глебамі. У гарах прасочваецца вышынная пояснасць. Каля 450 млн.га укрыта лясамі. Запас таварнай драўніны 20 млрд.м³. Шмат пушных звяроў — канадская рысь, куніца, ліс, выдра, бабёр, норка і інш. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі: Вуд-Бафала, Джаспер, Банф, Глейшэр і інш.; шматлікія правінцыяльныя паркі і рэзерваты.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — нашчадкі еўрап. перасяленцаў, пераважна англа-канадцы (каля 44%, у 9 правінцыях) і франка-канадцы (каля 28%, пераважна ў правінцыі Квебек), а таксама немцы і ўкраінцы (асабліва ў стэпавых правінцыях), італьянцы (у гарадах), скандынавы, галандцы, венгры. палякі, літоўцы, латышы, беларусы, кітайцы, японцы, філіпінцы, арабы і інш. Карэннае насельніцтва — індзейцы (каля 500 тыс.чал.) жывуць пераважна ў зоне хваёвых лясоў на Пн, эскімосы (каля 30 тыс.чал.) — на крайняй Пн. З вернікаў найб. католікаў (каля 42%), пратэстантаў, англікан, прыхільнікаў канадскай аб’яднанай царквы. Сярэдняя шчыльн. каля 3 чал. на 1 км".
Больш за 90% насельніцтва жыве на Пд уздоўж граніцы з ЗША, у т. л. 2/3 у прыазёрнай частцы з цэнтрам у г. Таронта і ў даліне р.Св. Лаўрэнція з цэнтрам у г. Манрэаль. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1993). Буйнейшыя гарады (млн.чал., 1992): Таронта — 3,89, Манрэаль—3,13, Ванкувер — 1,6, Атава — 0,92, Эдмантан — 0,84, Калгары — 0,75, Вініпег —0,65, Квебек — 0,64, Гамільтан — 0,60. У прам-сці заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. К. насялялі індзейцы (прыбылі з Азіі каля 20 тыс. гадоў назад) і эскімосы (засялілі паўн. ўзбярэжжа К. каля 5 тыс. гадоў назад). Яны захоўвалі родаплемянныя адносіны, займаліся паляваннем, рыбалоўствам, земляробствам. У 1497 на в-ве Ньюфаўндленд упершыню высадзіліся еўрапейцы (экспедыцыя Дж.Кабата). У 1534 і 1535 землі каля заліва Св. Лаўрэнція і ўздоўж р.Св. Лаўрэнція даследавалі экспедыцыі франц. навігатара Ж.Карцье. У 1605 французы заснавалі паселішчы Пор-Руаяль (цяпер Новая Шатландыя), у 1608 — Квебек (стаў цэнтрам калоніі Новая Францыя). Павольнае засяленне і асваенне зямель каланістамі (у 1663 іх жыло каля 2,5 тыс.) суправаджалася вынішчэннем індзейскіх плямён. Еўрап. гандляры захапілі манаполію на пушны промысел, рабавалі карэнных жыхароў. З 1663 К. — дзярж. калонія Францыі (устаноўлена каралеўскае праўленне на чале з губернатарам, пры якім дзейнічаў савет з духавенства і знаці). У час франц. панавання тут склаўся клас буйных землеўладальнікаў (сеньёраў), значнымі землямі валодала каталіцкая царква. З 2-й пал. 17 ст. ў Новай Францыі пачалося фарміраванне капіталіст. адносін і станаўленне франка-кан. нацыі. Каланізацыя К. суправаджалася барацьбой за панаванне паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (першае англ. паселішча ў К. засн. ў 1623). У выніку калан. войнаў 1689—97, 1702—13, 1744—48 англічане завалодалі землямі вакол Гудзонава зал. (паводле Утрэхцкага дагавора 1713), ч. Ньюфаўндленда і Новай Шатландыяй, у 1758 — Ціхаакіянскім узбярэжжам (э 1858 Брыт. Калумбія), а ў выніку Сямігадовай вайны 1756—63 — усёй Новай Францыяй (63 тыс. жыхароў). Пасля вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 у К. эмігрыравала каля 40 тыс.англ. лаялістаў (праціўнікаў незалежнасці ЗША, у 1784 яны ўтварылі калонію Нью-Брансуік). Новыя тэрыторыі ўлады Вялікабрытаніі назвалі Квебек. Паводле канстытуцыйнага акта 1791 канчаткова аформлены межы і грамадскі лад брыт.калан. уладанняў у Паўн. Амерыцы; Квебек падзелены на 2 правінцыі: Ніжнюю К. (большасць франкамоўнага насельніцтва) і Верхнюю К. (большасць англамоўных жыхароў), створаны іх двухпалатныя парламенты; калан. ўлада належала губернатару, якога прызначаў брыг. манарх. Захоўванне ў К. феад. ін-таў і буйнога сеньярыяльнага землеўладання стрымлівала развіццё капіталіст. адносін (пасяленцы хацелі мець права свабоднага валодання зямлёй), а палітыка асіміляцыі франкамоўнага насельніцтва абвастрыла і нац. супярэчнасці. Пасля англа-амерыканскай вайны 1812—14 партыі прыхільнікаў рэформ («патрыёты») на чале з У.Л.Макензі (у Верхняй К.), Л.Ж.Папіно (у Ніжняй К.), Дж.Хау (Нью-Брансуік і Новая Шатландыя) актывізавалі рух за дэмакр. рэформы і самакіраванне. Да 1834 яны кантралявалі дзейнасць парламентаў Квебека. Эканам. крызіс 1836—37 і ўціск з боку калан. улад выклікалі паўстанні ў Ніжняй (6 ліст.) і Верхняй К. (4 снеж.). У выніку паражэння паўстання Папіно і Макензі з групай прыхільнікаў эмігрыравалі ў ЗША; узбр. барацьба на амер.-кан. мяжы працягвалася каля 2 гадоў. У 1838 каралева Вікторыя паслала ў К. лорда Дэргема з даручэннем прааналізаваць прычыны паўстання. У 1840 англ. парламент па рэкамендацыі Дэргема прыняў Акт пра аб’яднанне правінцый. У 1848 у правінцыях Квебек і Новая Шатландыя (пазней і ў інш.паўн.-амер. калоніях) сфарміраваны новыя ўрады, адказныя перад мясц. парламентамі. Паводле закону 1854 у К. адменены сеньярыяльная сістэма, выкуп зямлі сялянамі, абмежаванні ў гандлі, што паспрыяла ўздыму кан. эканомікі і пачатку прамысл. перавароту (пабудавана транскантынент. чыгунка, развівалася параходства, узніклі машынабудаванне, металургічная вытв-сць і інш.). Інтэнсіўнае засяленне зах. рэгіёнаў і асваенне цалінных зямель садзейнічалі росту вытв-сці збожжа, ч. якога экспартавалася. У 1850-я г. ўзмацніўся рух за аб’яднанне брыт. калоній у Паўн. Амерыцы, узніклі 2 кан.паліт. партыі — Кансерватыўная і Ліберальная. У 1867 англ. парламент прыняў Акт аб Брыт.Паўн. Амерыцы, паводле якога К. стала федэрацыяй са статусам дамініёна (увайшлі Квебек, Антарыо, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік); створаны парламент федэрацыі. На англ. ўзор ён складаўся з ніжняй (выбірала насельніцтва) і верхняй (прызначаў ген.-губернатар) палат. Пытанні абароны, узбраення, падаткаў сталі вырашаць улады дамініёна, знешняя палітыка ўзгаднялася з метраполіяй. Не вырашаным заставалася нац. пытанне (адмова франкаканадцам у праве на самавызначэнне пры абвяшчэнні афіцыйнымі англ. і франц. моў і свабоды веравызнання). Рашэннем метраполіі да дамініёна былі далучаны правінцыі Манітоба (1870) і Брыт Калумбія (1871), тэр. а-воў Прынс-Эдуард (1873). Стварэнне цэнтралізаванай дзяржавы спрыяла фарміраванню нац. рынку. Прынятыя ў 1870-я г. акты садзейнічалі прыцягненню новых імігрантаў з краін Еўропы і ЗША, каланізацыі зах. зямель К. Экспрапрыяцыя зямель індзейцаў, стварэнне для іх рэзервацый выклікалі ў 1869—70 і 1885 паўстанні індзейцаў пад кіраўніцтвам Л.Рыля. Пад націскам рабочага руху ў чэрв. 1872 прыняты закон аб трэд-юніёнах (прафсаюзах; першы прафсаюз у К. ўзнік у 1827), у 1873 створаны агульнанац. Кан. рабочы саюз, у 1886 — Кан. кангрэс прафсаюзаў. Кан’юнктура сусв. рынку, прыток прац. сілы (больш за 2 млн.чал., пераважна з Еўропы) і замежнага капіталу, дзярж. палітыка інвестыцый і пратэкцыянізму, якую ліберальны ўрад на чале з У.Лар’е (1896—1911) дапоўніў сістэмай прэферэнцый (спрыяльных пошлін) для Вялікабрытаніі, садзейнічалі эканам. росту К. Узніклі буйныя манаполіі ў сталеліцейнай, тэкст., цэм. прам-сці і на чыг. транспарце. Кансерватыўны ўрад Р.Бордэна (1911—17) спачатку прыняў антырабочыя законы і ўвёў сістэму прымусовага арбітражу, аднак пад націскам працоўных прыняў закон аб кампенсацыі за траўмы на вытв-сці, стварыў Мін-ва працы і органы па абследаванні ўмоў працы ў прам-сці.
1-я сусв. вайна, у якой К. ўдзельнічала на баку Вялікабрытаніі, часткова стымулявала развіццё яе эканомікі, але абвастрыла сац. і нац. супярэчнасці. У адказ на ўвядзенне ў ліп. 1917 вайск. павіннасці антыўрадавы і забастовачны рух прывёў да стварэння кааліцыйнага (юніянісцкага) урада (1917—20). Аслабленне англ. ўплыву кіруючыя колы К. выкарысталі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, калі самастойна падпісалі мірныя дагаворы, і разам з інш.брыт. дамініёнамі К. стала членам Лігі Нацый. У 1923 К. ўпершыню падпісала самастойны дагавор з ЗША адносна рыбалоўства ў паўн.-ўсх. частцы Ціхага ак.Вестмінстэрскі статут 1931 афіцыйна аформіў ураўнаванне брыт. дамініёнаў з метраполіяй ва ўсіх правах. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 узровень прамысл. вытв-сці ў К. зменшыўся больш як у 2 разы, падзенне цэн на с.-г. тавары стала прычынай масавага разарэння фермераў. У гады дзейнасці ліберальнага ўрада У.Л.М.Кінга (1935—48) К. падтрымлівала палітыку Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША 10.9.1939 яна ўступіла ў 2-ю сусв. вайну на баку Вялікабрытаніі, 8.12.1941 аб’явіла вайну Японіі і распачала баявыя дзеянні супраць яе ў Ганконгу. Ва ўзбр. сілах у час вайны служыла больш за 1 млн. канадцаў, больш як 90 тыс. з іх было забіта і паранена. К. забяспечвала сыравінай. харчаваннем і ўзбраеннем краіны антыгітлераўскай кааліцыі. За час вайны ў К. ўзнікла буйная ваен.прам-сць; за 1939—45 прамысл.вытв-сць павялічылася ў 2,5 раза. Урад ажыццявіў і некалькі важных сац. праграм, у т. л. па страхаванні беспрацоўных (1940), аказанні фін. дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей (1944), дапамогі ветэранам у вяртанні да мірнага жыцця. 11.2.1944 заключана кан.-сав. пагадненне аб ваен. пастаўках. Развіццю новых вытв-сцей у пасляваен. К. спрыялі замежныя інвестыцыі (пераважна з ЗША), а таксама прыток імігрантаў (у 1945—56 іх прыехала больш за 1 млн з Германіі і Італіі, у т. л. каля 50 тыс.чал.бел. паходжання). Да канца 1950-х г. К. канчаткова ператварылася ў індустр. краіну. Адначасова ўзмацніўся ўплыў ЗША на палітыку і эканоміку краіны: у лют. 1947 вырашана прадоўжыць кан.-амер. ваен. супрацоўніцтва, у 1949 К. стала адным з ініцыятараў стварэння НАТО і яго членам; у 1958 арганізавана Аб’яднанае кіраўніцтва проціпаветр. абароны Паўн. Амерыкі (цяпер Аб’яднанае кіраўніцтва аэракасм. абароны Паўн. Амерыкі); на тэр. К. размясціліся ваен. базы ЗША. Ва ўмовах пасляваен. пагаршэння эканам. становішча працоўных актывізавалася дзейнасць Канадскага рабочага кангрэса (засн. ў 1956), барацьба ў абарону эканам. і нац. правоў франка-кан. насельніцтва, пачаўся сепаратысцкі рух за выхад Квебека з федэрацыі. Для вырашэння гэтых праблем ліберальныя ўрады Л.Пірсана і П.Э.Трудо распрацавалі сістэму двухмоўя, у 1969 парламент надаў англ. і франц. мовам статус афіцыйных моў. На рэферэндуме 1980 60% квебекскіх выбаршчыкаў выказаліся за захаванне правінцыі ў складзе К. У крас. 1982 у К. прыняты закон аб канстытуцыі, які надаў парламенту права самастойна ўносіць усе канстытуцыйныя змены (раней яны фармальна падлягалі зацвярджэнню англ. парламентам) і дапоўніў яе Хартыяй правоў і свабод, але Квебек адмовіўся далучыцца да гэтага закону. У сак. 1987 прэм’ер-міністр Б.Малруні і кіраўнікі ўрадаў 10 правінцый (акрамя Манітобы і Нью-Брансуіка) падпісалі ў г. Міч-Лейк пагадненне пра наданне Квебеку статуса «асобага грамадства». Зрыў ратыфікацыі гэтага пагаднення ў чэрв. 1990 выклікаў канстытуцыйны крызіс. У вер 1991 Малруні прапанаваў новыя папраўкі ў канстытуцыю, вынесеныя на рэферэндум 26.10.1992, вынікі якога аказаліся адмоўнымі. У 1993 кіраўніком ўрада стаў ліберал Ж.Крэцьен. Прыход да ўлады ў Квебеку ў 1994 сепаратысцкай Квебекскай партыі абумовіў правядзенне 30.10.1995 новага рэферэндуму аб суверэнітэце Квебека. Мінімальная перамога на ім федэралісцкіх сіл (супраць суверэнітэту прагаласавала 50,6% выбаршчыкаў) прадухіліла пагрозу расколу краіны, але не вырашыла канстытуцыйную праблему. К. — чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая партыя К. — Ліберальная (засн. ў 1873). Існуюць Прагрэсіўна-кансерватыўная партыя (з 1854), партыя рэформ (з 1987), Квебекскі блок (з 1991), Новая дэмакр. партыя (з 1961). Найб.прафс. аб’яднанне — Кан. рабочы кангрэс.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна, адна з вядучых краін свету. Займае 8—9-е месца па аб’ёме прамысл. вытв-сці і валавым унутр. прадукце (ВУП), які ў 1995 склаў 694 млрд.дол. ЗША, 24,4 тыс.дол. на чалавека. Доля ў ВУП прам-сці і буд-ва каля 30%, сельскай гаспадаркі каля 3%. Адметныя рысы эканомікі: моцная залежнасць ад замежнага капіталу (больш за 50% прам-сці), асабліва амерыканскага, адносна высокія тэмпы росту, вял. доля дзярж. уласнасці (90% зямельнай і 70% лясной плошчы краіны, 72 магутнасцей электрастанцый, 73 даўжыні чыгунак, шэраг буйных заводаў ваеннай і хім. прам-сці і інш.). Гал. роля ў прамысловасці належыць галінам здабыўной і першаснай апрацоўкі сыравіны, якія маюць экспартную накіраванасць. К. — адна з самых буйных у свеце вытворцаў (тыс.т, 1992): уранавага канцэнтрату — 10, нікелю — 189,1, азбесту — 601, калійных солей — 7300, цынку — 1200, серабра — 1,1, свінцу — 318,5, малібдэну — 9,6, медзі — 745. У краіне (1994) значная здабыча нафты — 110,5 млн.т, прыроднага газу — 138,9 млрд.м³, вугалю — 72,7 млн.т, жал. руды — каля 35 млн.т. Асн. раёны здабычы энергет. сыравіны — правінцыі Альберта, Брыт. Калумбія і Саскачэван (забяспечваюць 90% аб’ёмаў гэтай прадукцыі), асн. раёны здабычы неэнергет. сыравіны — правінцыі Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія (каля 60% аб’ёмаў). Важнейшыя горназдабыўныя цэнтры: Садберы (нікель, медзь), Эліят-Лейк (уран) у прав. Антарыо; Наранда (медзь), Шэфервіл (жал. руда) у прав. Квебек; Томпсан (нікель) у прав. Манітоба; Эстэрхейзі (калійная соль) у прав. Саскачэван і інш.Вытв-сць электраэнергіі 532,6 млрд.кВт∙гадз (1995; 6-е месца ў свеце). Краіна займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці электраэнергіі на душу насельніцтва. ГЭС даюць 61% электраэнергіі. Амаль 70% іх магутнасцей у правінцыях Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія. ЦЭС даюць каля 22%, АЭС — каля 17% (працуе 21 атамны рэактар). Вядучая галіна апрацоўчай прам-сці — машынабудаванне. Найб. развіты вытв-сцьтрансп. сродкаў (самалётаў, верталётаў, аўтамашын, суднабудаванне), с.-г. машын, абсталявання для горназдабыўной і лясной прам-сці, электроніка і электратэхніка. Гал. цэнтры — Таронта, Манрэаль, Уінсар, Гамільтан. Развіты энергаёмістыя галіны — каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, цынку, свінцу, нікелю, медзі), чорная металургія, нафтаперапрацоўка (Ванкувер, Сарнія, Эдмантан), хім.прам-сць (мінер. ўгнаенні, сінт. каўчук, пластмасы), разнастайная дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. К. займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці цэлюлозы (13 млн.т, 1993), 3-е — паперы (14,3 млн.т, у т. л. газетнай — 10 млн.т, 1-е месца ў свеце), піламатэрыялаў — 56 млн.т, драўнінна-стружкавых пліт — 3,5 млн.м³. Прадпрыемствы харчасмакавай (мукамольная, мясная, рыбакансервавая, спіртагарэлачная), тэкст. і швейнай прам-сці размешчаны ў партах і паблізу вытв-сці сыравіны. Асн.прамысл. раёны краіны: Канадскае Прыазер’е (гал. цэнтры Таронта і Гамільтан), даліна р.Св. Лаўрэнція (Манрэаль, Квебек, Атава), ПдЗБрыт. Калумбіі (Ванкувер). Сельская гаспадарка характарызуецца высокай механізаванасцю, таварнасцю, глыбокай спецыялізацыяй, мае экспартную накіраванасць. Плошча с.-г. угоддзяў каля 70 млн.га, у т. л. пад ворывам і садамі каля 43 млн.га. Каля 75% с.-г. зямель належыць буйным фермам. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Штогадовы валавы збор збожжа каля 50 млн.т. К. займае 4-е месца ў свеце па зборы (25,4 млн.т, 1995) і 2-е — па экспарце (пасля ЗША) пшаніцы. Збор (млн.т, 1992): ячменю — 10,9, кукурузы —5,6, соі — 1,4, рапсу —3,7, бульбы — 2,8. Пашыраны пасевы лёну і тытуню. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля дае каля 60% кошту с.г. прадукцыі, пераважае малочны і мяса-воўнавы кірунак. Птушкагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1993): малочных кароў — 1,2, інш. буйн. раг. жывёлы — 13,5, авечак — 0,9, свіней — 10,7. Асн.с.-г. раёны: стэпавыя правінцыі Манітоба, Саскачэван, Альберта (палавіна с.-г. прадукцыі краіны — збожжа, мяса-воўнавая жывёлагадоўля), Канадскае Прыазер’е і даліна р.Св. Лаўрэнція (жывёлагадоўля і разнастайнае паляводства), правінцыі Новая Шатландыя і Брыт. Калумбія (садоўніцтва). Па аб’ёмах вывазу драўніны (каля 170 млн. шчыльных m3 штогод) К. займае 1-е месца ў свеце на душу насельніцтва. Доля К. ў сусв. лясным экспарце складае 23%. Гал. раёны лясной гаспадаркі Брыт. Калумбія (40% усіх лесаматэрыялаў), Квебек і Антарыо. У лясной гаспадарцы занята 7% працуючых, яна дае каля 4% ВУП краіны і каля 17% экспарту. Прамысл. рыбалоўства і марскія промыслы ў прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў (траска, селядзец, ласасёвыя, палтус, крабы, амары, вустрыцы). Па ўлове (больш за 1 млн.т штогод) вылучаюцца правінцыі Ньюфаўндленд і Новая Шатландыя. Пушны промысел і зверагадоўля. Транспарт. Працягласць чыгунак больш за 90 тыс.км (2-е месца ў свеце пасля ЗША), аўтадарог каля 400 тыс.км (1993). У краіне каля 10 млн. аўтамашын. Суднаходства па р.Св. Лаўрэнція і Вял. азёрах (даступны для марскіх суднаў), некат. інш. рэках і азёрах. Гал. марскія парты Ванкувер, Сет-Іль, Порт-Карцье, Тандэр-Бей, Галіфакс. Працягласць нафта- і газаправодаў 50 тыс.км (3-е месца ў свеце). У К. развіты замежны турызм і адпачынак (каля 90% наведвальнікаў складаюць жыхары ЗША). У 1994 замежны турызм даў даход у 6,3 млрд.дол. ЗША. Экспарт склаў 185 млрд.дол. ЗША (каля 4% сусв. экспарту), імпарт — 166,7 млрд.дол. ЗША (1995). Гал. тавары экспарту — цэлюлоза, газетная папера, піламатэрыялы, пшаніца і інш. збожжавыя, уран, нікель, медзь, цынк, тытан, малібдэн, серабро, плаціна, азбест, калійныя солі. імпарту — гатовыя прамысл. вырабы, прадукты трапічнага і субтрапічнага земляробства. Гал.гандл. партнёры: ЗША (каля 80% знешнегандл. абароту), Японія, Вялікабрытанія, Нідэрланды. Гандл. абарот з Беларуссю складае каля 12 млн.дол. ЗША штогод. Беларусь экспартуе ў К. невял. партыі машын і хім. тавараў, набывае ў К. пераважна збожжа. Грашовая адзінка — канадскі долар.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл больш за 60 тыс.чал., рэзерву больш за 28 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў каля 11 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэм’ер-міністр. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. У сухап. войсках каля 22 тыс.чал., на ўзбраенні 114 танкаў, 370 баявых развед. машын, 1858 бронетранспарцёраў, 272 артыл. гарматы, 167 мінамётаў і інш. У ВПС больш за 14 тыс.чал., 140 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС больш за 9 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 4 эсмінцы, 16 фрэгатаў, 2 тральшчыкі, 16 патрульных катэраў, 8 дапаможных суднаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,9, жанчын 82,9 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 171 чал., урачамі — 1 на 464 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 1,5 да 6 гадоў (большасць з іх прыватныя); агульнаадук. школу, прафес., прафес.тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У К. існуюць дзярж. (грамадскія), прыватныя, канфесіянальныя школы. Ва ўсіх правінцыях К. прыняты законы аб абавязковым 8—10-гадовым навучанні дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў. Дзярж.навуч. ўстановы фінансуюцца за кошт правінцыяльных, муніцыпальных і мясц. бюджэтаў. Федэральны ўрад вылучае сродкі на прафес.-тэхн. і вышэйшую адукацыю, займаецца пытаннямі адукацыі карэнных жыхароў (індзейцаў, эскімосаў). Агульны тэрмін поўнай сярэдняй адукацыі — 11—13 гадоў пры 6—8-гадовай пач. адукацыі. У старэйшых класах вучні могуць выбіраць праграму з арыентацыяй на акад. або прафес. падрыхтоўку. У К. існуюць 2 незалежныя школьныя сістэмы — франц. і англійская. Франц. сістэм а (у прав. Квебек); 6-гадовая пач., 5-гадовая агульнаадук. сярэдняя школа (2 цыклы — 2 і 3 гады навучання; на 2-м цыкле падзел на агульнаадук. і прафес. кірункі). На базе сярэдняй школы працуюць калежы агульнай і прафес. адукацыі, дзе вучні атрымліваюць або акадэм. адукацыю (2 гады навучання, з правам паступлення ва ун-т), або прафес. падрыхтоўку (3 гады). Англ. сістэма: 6-гадовая пач., 3-гадовая малодшая сярэдняя і 3-гадовая старшая сярэдняя школа або 8-гадовая пач. і 4-гадовая сярэдняя школа. Праграма пач. навучання ва ўсіх школах уключае родную мову (англ. або франц.), арыфметыку, прырода- і грамадазнаўства, прадметы маст. цыкла, дамаводства, фіз. культуру, рэлігію і інш. У сярэдняй школе вывучаюць абавязковыя прадметы (франц. або англ. мова, грамадазнаўства, матэматыка, спорт, прафес. арыентацыя) і на выбар (прыродазнаўчыя навукі, замежныя мовы, пэўныя раздзелы матэматыкі). Прафес.-тэхн. падрыхтоўку даюць прафес. аддзяленні сярэдніх школ, спец. сярэднія прафес. школы з рознымі ўхіламі, дзярж. і прыватныя прафес. вучылішчы, тэхн. ін-ты і малодшыя каледжы (тэрмін навучання 1—4 гады). Вышэйшую адукацыю (платная) даюць ун-ты і каледжы ( ш-ты універсітэцкага тыпу); найб. прэстыжныя — з правам прысваення вучоных ступеней. Старэйшая ВНУ — Ун-тправ. Нью-Брансуік у г. Фрэдэрыктан (з 1785). Буйнейшыя ун-ты: у Таронта (з 1827), Аб’яднаны (з 1968; ВНУ гарадоў Квебек, Манрэаль і інш.), Манрэальскі (з 1876), Канкордыя (з 1974) у Манрэалі, Йоркскі (з 1959) у Норт-Йорку, Лаваля (з 1852) у Квебеку, Ун-тправ.Брыт. Калумбія (з 1908) у Ванкуверы. Буйнейшыя б-кі: Нац.навук. ў Атаве, б-ка Таронцкага ун-та, ун-та Лаваля ў Квебеку, масавыя б-кі ў Манрэалі і Таронта. У К. каля 1500 музеяў і маст. галерэй (1994), буйнейшыя з іх: Нац. музей К. (з 1842), Нац. галерэя К. (з 1880), Канадскі музей цывілізацыі, Нац. музей натуральнай навукі і Нац. музей навукі і тэхналогіі (усе ў Атаве), Каралеўскі музей Антарыо (з 1912) і Маст. галерэя (з 1900) у Таронта, Музей прыгожых мастацтваў (з 1860) у Манрэалі. З 1916 дзейнічае Нац.н.-д. савет, з 1966 — навук. Савет К. пры ўрадзе. У 1942 у Манрэальскім ун-це створана ядзерная лабараторыя, у 1944 — н.-д. цэнтр па атамнай энергіі ў Чок-Рыверы, з 1960-х г. — у Уайшэле. Буйнейшы выліч. цэнтр ва ун-це ў Таронта. Н.-д. цэнтр сувязі вядзе даследаванні ў галіне космасу. Навук. дзейнасць вядуць н.-д. ўстановы галіновых Мін-ваў, навук. ін-ты, у іх ліку ін-ты аэранаўтыкі і космасу, горнай прам-сці і металургіі, хім., біял. даследаванняў клеткі, даследаванняў жывёлы, раслін, лясны ін-т, даследчыя ўстановы пры ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 100 штодзённых газет і больш за 1 тыс. часопісаў. Каля 300 перыяд. выданняў выходзіць на мовах этнічных груп (ням., італьян., кіт. і інш.). Газетны трэст «Томпсан ньюспейперс лімітэд» валодае каля 60 перыяд. выданнямі К. (каля 28% усіх выданняў). Штодзённая прэса мае пераважна рэгіянальны характар. Найб. тыраж маюць штодзённыя газеты «Toronto star» («Зорка Таронта», з 1892, на англ. мове), «Le journal de Montreal» («Манрэальская газета», з 1964, на франц. мове), «The globe and mail» («Пошта з усяго свету», з 1844) і «Vancouver sun» («Сонца Ванкувера», з 1886; абедзве на англ. мове) і інш.Найб. уплывовы і пашыраны штотыднёвы грамадска-паліт.час. «Maclean’s magazine» («Часопіс Маклінза», з 1905, на англ. мове). Інфарм. агенцтвы — Канейдыян Прэс (КП, з 1917), Бродкаст Ньюс і Юнайтэд Прэс Кэнада. Дзейнасць радыё і тэлебачання, у т. л. кабельнага, кантралююць Канейдыян бродкастынг карпарэйшэн (КБК; перадачы на англ. і франц. мовах па 2 каналах тэлебачання і 4 радыёпраграмах) і Канейдыян Рэйдыё-тэлевіжэн энд Тэлекам’юнікейшэнс. Працуюць больш за 570 радыёстанцый. Радыёперадачы для замежжа вядуцца на 11 мовах (Міжнар. радыё Канада). Тэлевізійная сетка аб’ядноўвае каля 115 станцый краіны.
Літаратура. Фальклор карэннага насельніцтва К. — індзейцаў і эскімосаў — часткова сабраны і апублікаваны англа-кан. пісьменнікамі на англ. мове (зб-кі «Пшанічная багіня і іншыя казкі індзейскай Канады», «Карэнныя плямёны Канады»); паэтэса П.Джонсан зрабіла літ. апрацоўку іх легенд (зб. «Ванкуверскія легенды», 1911). Пра трагічны лёс эскімосаў пісаў Ф.Моўэт у кн. «Людзі Аленевага краю» (1952) і «Народ у адчаі» (1959). Сучасная л-ра К. развіваецца на франц. і англ. мовах. Літаратура на французскай мове ўзнікла з дакумент.-маст. прозы 16 — пач. 17 ст. (падарожныя нататкі Ж.Карцье, С.Шамплейна). Больш актыўна яна пачала развівацца пасля 1760-х г. Уплыў асветніцкага класіцызму адчуваўся ў паэзіі М.Бібо (1-я пал. 19 ст.). Першы франка-кан. раман стварыў Ф. дэ Гаспэ-сын («Шукальнік скарбаў», 1837). У сярэдзіне 19 ст. зарадзіліся патрыят. школа паэтаў-рамантыкаў (А.Ж.Крэмазі, Ф.К.Гарно, Л.А.Фрэшэт), гісторыка-рамант. проза (А.Жэрэн-Лажуа). Рэаліст. тэндэнцыі праявіліся ў раманах П.Шаво, Л.Эмона. Пад уплывам франц. школы дэкадансу ў канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася паэзія Э.Нелігана, А.Лазо, П.Марэна. Пасля 2-й сусв. вайны гал. кірункам у л-ры стаў рэалізм. Проза адметная паглыбленым псіхалагізмам і гуманізмам (Г.Руа, Ф.А.Савар, К.Жасмэн, М.К.Бле), паэзія — наватарскай лірыкай (Ж.Г.Пілон. С.Д.Гарно, А.Гранбуа, А.Эбер, Р.Ланье), у драматургіі найб. вядомы М.Дзюбэ, Ф.Ларанжэ, М.Трамбле. Літаратура на англійскай мове ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Каля яе вытокаў — дакументальна-маст. проза, створаная падарожнікамі па К. (С.Хёрн, А.Макензі і інш.). У традыцыях англ. сентыменталізму напісаны першы кан. раман «Гісторыя Эмілі Монтэгю» (1769) Ф.Брук. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя творы кан. рамантыкаў, што знаходзіліся пад уплывам гіст.англ. (В.Скот) і амер. (Ф.Купер) раманаў (раман Дж.Рычардсана «Вакуста» прысвечаны «індзейскай тэме»). Рысы рамантызму выявіліся і ў паэзіі (О.Голдсміт). Пачатак рэаліст. кірунку ў л-ры паклаў Т.Халібёртан (раман «Гадзіннікавы майстар»). Новы этап ў развіцці англа-кан. л-ры пачаўся ў 1860—70-я г. (рамант. паэзія Ч.Робертса, І.Кроўфард, А.Лампмена, Д.Скота і інш., раманы і аповесці Дж.Дэ Міла, Д Паркера; пранікнёную лірыку ствараў У.Б.Кармен). У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. з’явілася новае пакаленне паэтаў рамант. школы (Р.Сервіс, У.Драманд, Э.Дж.Прэт, А.Сміт, Т.Мак-Інес і інш.), якія апявалі магутнасць прыроды і сілу чалавека. Сярод празаікаў вылучылася М. дэ ла Рош. Развіццё рэаліст. рамана звязана з творчасцю Д.Уокера, Ф.Гроўва, М.Кэлехена, Х.Мак-Ленана і інш. У жанры навелы працавалі М.Гэлант, Э.Манро, сатырык і гумарыст С.Лікак. У раманах пісьменніц Л.М.Мантгомеры, М.Лоўрэнс, М.Этвуд распрацоўвалася «жаночая» тэматыка. Адметная плынь у л-ры К. — т.зв. анімалісцкая проза, дзе ў якасці гал. герояў выступалі жывёлы (раманы і аповесці Робертса, Э.Сетан-Томпсана, У.А.Фрэйзера). Сусв. вядомасць набылі кнігі аб прыродзе Шэрай Савы (сапр. Дж.Белані) пра трагічную гісторыю індзейскага народа. Першыя значныя драм. творы стварылі Р.Дэйвіс, Л.Сінклер, Л.Пітэрсан, творы літ. крытыкі — Р.П.Бейкер, Дж.Д.Логан. У 2-й пал. 20 ст. не страцілі сваёй папулярнасці рэаліст. раман (Р.Г.Уайб, Б.Мур) і гіст.-біягр. проза (Д.Крэйтан, А.Р.М.Лоўэр). У творчасці Ф.Скота, А.Клейна, Прэта, Э.Бёрні, І.Клейтана і інш. выявілася імкненне да новай паэтыкі. Пачынальнікам англа-кан. постмадэрнізму лічыцца пісьменнік і вучоны-грамадазнавец М.Мак-Луэн.
На бел. мову перакладзены асобныя творы Робертса («Звярыныя малечы», «Паляўнічы «Чырвонай скалы», абедзве 1928) і Сетан-Томпсана («Гісторыя аднаго мядзведзя», 1927; «Лепш смерць, чым няволя», 1928; «Рванае вушка», 1939); вершы сучасных франкамоўных паэтаў К. перакладае Л.Яўменаў.
Архітэктура. Карэнныя жыхары К. — індзейцы жылі ў зямлянках (паляўнічыя Скалістых гор), буданах-вігвамах (лясныя паляўнічыя), накрытых шкурамі палатках-ціпі (жыхары прэрый), вял. каркасных дамах, накрытых карой (лясныя земляробы) ці ашаляваных дрэвам (рыбаловы зах. ўзбярэжжа); эскімосы — у купалападобных пабудовах са снегу (іглу), паўпадземных збудаваннях з дрэва, каменю, касцей. У 17 — пач. 19 ст. выхадцы з Францыі прынеслі ва Усх. К. традыцыі еўрап. архітэктуры: тып дома з масіўнымі сценамі і стромкім дахам, зальныя цэрквы з 1—2 вежачкамі над фасадам, грамадскія будынкі на франц. ўзор (арх. Т.Баяржэ, Т.Фулер, Ф.Стэнт, Ж.Дэмер). У каланізаванай англічанамі ч. К. ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склалася мясц. традыцыя рацыянальнага драўлянага каркаснага і каменнага дойлідства ў духу класіцызму з функцыян. абумоўленасцю кампазіцыі і адсутнасцю ордэрных форм (арх. Дж.Мерык) 3 сярэдзіны 19 ст. выпрацоўвалася стандартная структура новых гарадоў з 2-павярховай забудовай, рэгулярнай планіроўкай, прамавугольнай сеткай вуліц. У духу эклектызму будавалі цэрквы, адм. будынкі, асабнякі ў Атаве, Калгары, Манрэалі, Таронта (арх. Э.Ленокс, Дж.Лайл). З канца 19 ст. ўзмацніўся ўплыў архітэктуры ЗША: вышынныя канторскія будынкі, атэлі (арх. Ф.Дарлінг, Дж.Пірсан). З 1950-х г. інтэнсіўна перабудоўваюцца і разрастаюцца старыя гарады, будуюць новыя гарады-гіганты, пашыраецца жыллёвае буд-ва, у т. л. з дрэва. Паводле адзіных планаў забудоўваліся гарады пры прамысл. прадпрыемствах: Кітымат у Брыт. Калумбіі (1951—54, планіроўка амер.арх. Маер, Уітлсі, Глас), Эліят-Лейк у Антарыо (1956, арх. Дж.Б.Паркін), у т. л. запалярныя (Інувік, 1955—60). Найб. значныя збудаванні: камбінат Анесіс-Айленд у Брыт. Калумбіі (1954—56), комплекс Асацыяцыі архітэктараў Антарыо (1955, арх. Паркін), Шэкспіраўскі т-р у Стратфардзе (1956—57, арх. Р.Фейрфілд), будынак упраўлення «Электрычнай кампаніі Брыт. Калумбіі» ў Ванкуверы (1957, арх. фірма «Шарп, Томпсан, Берык, Прат»), новая ратуша ў Таронта (1958—65, фін.арх. В.Рэвель, у сааўт.), пл. Віль-Мары, комплекс Сусв выстаўкі 1967, Алімп. комплекс у Манрэалі (1976, франц.арх. Р.Танбер, у сааўт. з кан. архітэктарамі), Нац. галерэя ў Агаве (1980), вежа і стадыён «Алімпійскі» ў Калгары і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да каланізацыі развівалася мастацтва абарыгенаў: у індзейцаў — паліхромная разьба па дрэве, разьба і гравіроўка па камені, косці і рогу, вы шыўка іголкамі дзікабраза, воласам аленя і лася, выраб упрыгожанняў з пер’яў і ракавін, узорыстае ткацтва з геам. арнаментам, размалёўка адзення, начыння і жытла, кераміка; у эскімосаў — разьба і гравіроўка па косці і дрэве, апрацоўка самародных металаў. З 1-й нал. 17 ст. пад уплывам еўрап.маст. стыляў развіваецца прафес. мастацтва.
У 18—19 ст. дасягнуў росквіту партрэтны жывапіс (Ф.Баяржэ, Ф.Бакур, А.Пламандон, Ж.Легарэ, Т.Амель у Квебеку, Т.Бертан, Дж.Херыят, Кокбёрн, Грант — у англ. К.). Пачынальнікі пейзажнага жанру — Т.Дэйвіс, Херыят. Мастацтва мела пераважна эклектычны характар: традыцыі Барбізонскай школы развівалі П.Кейн, Ф.Вернэ, амер. «школы ракі Гудзон» — Х.Уотсан, Х.Уокер, еўрап. мадэрнісцкіх кірункаў «ар нуво» і фавізму — Э.Кар, М.А.Фартэн, К.Ганьён, групы «Набі» — Дж.У.Морыс, А.Ледзюк. У пач. 19 ст. склалася Квебекская школа жывапісу. Развівалася разьба па дрэве (Баяржэ), мастацтва вырабаў з серабра ў духу барока і класіцызму (Ф.Ранвуазе). У 1879 засн. Каралеўская АМ. У 1-й пал. 20 ст. ўзнікла кан. школа мастацтва, адметная дакладнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, адлюстраваннем велічы кан. прыроды: творчасць «Групы сямі» (А.Джэксан, А.Лізмер, Л.Харыс і інш.), скульпт. Ф.Лорынга, Э.Вуд, «Кан. групы жывапісцаў». У сярэдзіне 20 ст. дамінавалі еўрап.маст. традыцыі (Дж.Лейман, А.Пелан і інш.). Група «Сучасная маст. грамада» адмаўляла і еўрап., і кан. рэалізм. Мастацтва 2-й пал. 20 ст. развіваецца пераважна ў мадэрнісцкіх кірунках: «аўтаматысты» (П.Э.Бардзюа, Ф.Брандэр) сцвярджаюць нонфігуратывізм, «Група адзінаццаці» (Дж.Макдоналд, У.Роналд, Л.Бельфлер, М.Скот, Х.Таўн і інш.) — абстрактны экспрэсіянізм. Развіваюцца сюррэалізм (Ф.Ледзюк, Ж.-П.Далэр, А.Колвід), мастацтва рухомых аптычных эфектаў (К.Тузіньян, Ж.Юрцюбіз), рэаліст. кірунак (Ф.Тэйлар, А.Біле, М.Лэмб-Бабак, К.Пішэ, Г.Робертс), дызайн і дэкар.-прыкладное мастацтва (апрацоўка металу, выраб дываноў, кераміка). У нар. мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і вышыўка ўкраінцаў, каменная скульптура эскімосаў.
Музыка. Муз. культура карэннага насельніцтва К. (індзейцы, эскімосы) з 17 ст. развіваецца ва ўзаемаўзбагачэнні з фальклорам і быт. музыкай англ. і франц. перасяленцаў. У 17—19 ст. значнае месца займала царк. музыка; пры цэрквах створаны першыя муз.навуч. ўстановы. У 18—19 ст. узніклі свецкія муз. т-вы, у т. л. філарманічныя ў Квебеку (1820) і Манрэалі (1877), развівалася хар. мастацтва. З 1860 праводзяцца муз. фестывалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі ўзнікаць духавыя аркестры, паўпрафес. оперныя трупы, адкрыты кансерваторыі ў Манрэалі (1876), Таронта (1886), Галіфаксе (1887), муз. каледж у Таронта і Муз.ін-т у Гамільтане (1888). Творчасць першых кампазітараў К. цесна звязана з еўрап.муз. традыцыямі. Заснавальнік муз.-сцэн. жанру — паэт, драматург і музыкант Ж.Кенель (опера «Кола і Калінета», 1790). У 2-й пал. 19 ст. вылучыліся кампазітары К.Лавале (дырыжор, аўтар нац. гімна «О, Канада»), С.Лавігёр (стваральнік першых кан. аперэт), А.Дэсан, А.Лавінь, Г.Куцюр і інш.Нац. стыль у кампазітарскай творчасці фарміруецца ў 1920—40-я г. (Э.Макмілан, Х.Уілан, К.Шампань. Э.Гратон). Некат. кампазітары працуюць на аснове франц. (Ж.Ж.Ганье, Ж.Папіно-Куцюр) і англ. (У.Макнат, Р.Флемінг і інш.) традыцый. Тэндэнцыі авангардызму адбіліся на творчасці Дж.Вайнцвайга, Х.Сомерса, А.Брота. Сярод выканаўцаў 19—20 ст.: спявачкі М.Форэстэр, Л.Маршал, Т.Стратас, спевакі П.Алары, Э.Джонсан; піяністы Г.Гулд, А.Куэрці, Р.Турыні; скрыпачы К.Парло, Э.Клінч, І.Гендэль, Б.Дж.Хігін; арганіст Л.Фарнем. У К. працуюць 3 оперныя трупы (Таронта, Манрэаль, Вініпег); Нац. балет (Антарыо), класічны балет (Атава), каралеўскі балет (Вініпег); каля 30 сімф. аркестраў; Кан. асацыяцыя кампазітараў, аўтараў і выдаўцоў (з 1951), Канадскі муз. савет (1944), Канадскі муз. цэнтр (1958) і інш. З 1965 у Манрэалі штогод праводзяцца Міжнар.муз. фестываль і конкурс музыкантаў-выканаўцаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы ў абрадах кан. індзейцаў, якія выкарыстоўвалі маскі і лялькі, што надавалі відовішчнасць рэліг. рытуалам. Развіццё прафес.т-ра пачалося ў 17 ст. ў франц. правінцыях Квебек і Акадыя пастаноўкай п’есы М.Лескарбо «Марская маска» ў Порт-Раялі (1606). Ставіліся п’есы П.Карнеля, Ж.Расіна, Мальера. У 1688 А.Рагено напісаў адну з першых уласна кан. п’ес (без назвы). У 18 ст. спектаклі ставіліся ў Галіфаксе (у 1774 першая вядомая п’еса на англ. мове «Акадыус, або Каханне ў цішы»; у 1789 пабудаваны спец.тэатр. будынак «Новы вялікі тэатр»), Манрэалі, Квебеку. У сярэдзіне 18 ст. ў Квебеку створаны лялечны т-р. Выступалі прафес. трупы, пераважна з Англіі. Развіваўся аматарскі т-р. Сярод драматургаў: Ж.Кенель, Ч.Хевісідж, Ч.Мейр. У 1825 у Манрэалі адкрыты першы пастаянны «Тэатр Руаяль», пазней — у Таронта, Вікторыі, Гамільтане. Ставіліся п’есы франка- і англамоўных драматургаў. У пастаноўках удзельнічалі франц., англ., амер. і мясц. акцёры. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна вандроўныя т-ры «роўд» («дарога»), Сярод рэжысёраў: М.Дэнісан, Р.Мітчэл, Б.Фарсайт, У.Сінклер, К.Эйкенс і інш. У 1920—30-я г.асн. формай тэатр. мастацтва былі аматарскія т-ры («Літл тыэтр») пры ун-тах, школах, цэрквах, клубах. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся прафес. т-ры ў буйных гарадах («Рыдо вер» і «Канадская камедыя» ў Манрэалі, «Крэст тыэтр» у Таронта, «Канейдыян рэпертары тыэтр» у Атаве і інш.). Ставяцца п’есы У.Шэкспіра, Мальера, П.Кальдэрона, П.Кладэля, Б.Шоу, кан. драматургаў Р.Дэйвіса, Г.Фэрыса, А.Ланжэвэна, Дж.Коўлтэра, Ш.Фоўка, М.Калагана і інш. У франкамоўных т-рах ідзе працэс стварэння нац.тэатр. культуры, англамоўныя знаходзяцца пад вял. уплывам т-ра ЗША. Сярод тэатр. дзеячаў: Г.Гофман, Ж.Луіс Руо, Дж.Колікас, І.Брынд’Амур, Ф.Хайленд, Д.Пелецье, У.Хат, К.Пламер, Ж.Гаскон. З 1933 праводзяцца фестывалі драм. мастацтва (Шарлатаўн, Ванкувер, Манрэаль, Атава і інш.), з 1953 — Шэкспіраўскі фестываль (Стратфард). Нац.тэатр. школа з выкладаннем на франц. і англ. мовах (зімой у Манрэалі, летам у Стратфардзе).
Кіно. У 1898 на кінафірме «Мэсі-Харыс» зняты першы рэкламны фільм. У 1906 створаны кінаінстытут у Манрэалі. Першы ігравы фільм — «Эванжэліна» (1914, рэж. І.П.Салівен, У.Х.Кавано). У 1918 арганізавана Выставачна-рэкламнае бюро, пераўтворанае ў 1923 у Кан. ўрадавае кінабюро (выпускала рэкламныя стужкі). У 1931 паказаны першы гукавы фільм «Вікінг» (рэж. В.Фрысел. Дж.Мелфард). На станаўленне нац. кіно паўплывала дзейнасць амер.рэж. Р.Флаэрці і англ.рэж. Дж.Грырсана, якія здымалі ў К. (па ініцыятыве Грырсана ў 1939 прыняты Акт пра нац. кіно і створаны Нац. савет па пытаннях кіно). У 1943 студыю анімацыйнага кіно ўзначаліў Н.Мак-Ларэн — вядомы рэж.-эксперыментатар анімацыйнага кіно. У 1952 зняты першы каляровы маст. фільм «Эцьен Бруле, нягоднік». У 1950-я г. з’явіліся праблемныя фільмы, узніклі новыя творчыя прынцыпы («прамое кіно», «сінема-верытэ» і інш.) У 1967 створана дзярж. карпарацыя па развіцці кан. кіно. Сярод фільмаў: «Уніз па дарозе» (1970, рэж. Д.Шэбіб), «Камураска» (1973, рэж. К.Жутра), «Позні ўсход» (1976, рэж. А.Брасар), «Паляўнічы» (1978, рэж. З.Р.Дэлен), «Шчаслівае збавенне» (1980, рэж. Ф.Манкевіч). «Стары ліс» (1982, Ф.Борсас). У 1975 засн. Квебекскі ін-т кіно, які займаецца развіццём франкамоўнага кінематографа. Сярод рэжысёраў — Ж.Карль, Ж.П.Лефебр, Ж.Бадэн, Ж.Гру, М.Ланкту, Д.Петры, Т.Кочэф, А.Эгаян і інш., акцёраў — Ж.Бюжо, Ж.Лапуэнт, Р.Жырар, Р.Лафантэн, М.Чэмберс, Ф.Колінз. Асн. фільмы 1990-х г.: «Хлопчык з Сан-Вінсена» (рэж. І.Сміт), «Каляндар» (рэж. Эгаян), «Жыццё з Білі» (рэж. П.Данаван), «Дзве актрысы» (рэж. Ланкту). Гал. цэнтры кінавытворчасці — Таронта, Манрэаль, Ванкувер, Антарыо. Існуюць Асацыяцыя кан. кінапракатчыкаў, Гільдыя кан. рэжысёраў, Т-ва кінематаграфістаў. Пры большасці ун-таў К. дзейнічаюць кафедры кінематаграфіі. Кан. кінаінстытут аб’ядноўвае Кан. кінаархіў, Цэнтр па вывучэнні кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Йорктаўне (дакумент. фільмаў), Ванкуверы, Манрэалі, Таронта, Атаве (анімацыйных фільмаў). З 1979 Кан. акадэмія кінамастацтва штогод прысуджае прыз «Джын».
Беларусы ў Канадзе. Сяляне з Беларусі пачалі перасяляцца ў К. ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1907 яны сяліліся ў правінцыях Ньюфаўндленд, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Квебек, Антарыо, Манітоба, Саскачэван, Альберта, Брыт. Калумбія і працавалі пераважна ў сельскай гаспадарцы, золатаздабычы, на лесанарыхтоўках і інш. Паводле Гомстэд-акта тыя з іх, хто жадаў, атрымлівалі да 65 га зямлі і праз 3 гады станавіліся яе ўласнікамі. Кан. статыстыка не вылучала беларусаў асобна, а фармальна (часцей па канфесійнай прыналежнасці) далучала да рускіх ці палякаў; і яны далучаліся да рус., польск. і ўкр.нац. арг-цый. У 1911 беларусы складалі значную частку рус. т-ваў, з іх дапамогай у 1913 у Таронта засн. парафія Рус.правасл. царквы, Рус.прагрэс. клуб. У польск. асяродках яны таксама хутка асіміляваліся. У 1918—39 у К. перасяляліся пераважна выхадцы з Зах. Беларусі (напр., каля 30 тыс. у 1926—30). Пасля 1931 паток бел. эмігрантаў зменшыўся з-за сусв.эканам. крызісу. Культ.-мас. гурткі бел. вясковых інтэлігентаў у Таронта і Вініпегу былі часовымі і нетрывалымі. У 1930 выхадцы з Зах. Беларусі заснавалі Федэрацыю рус. канадцаў, уваходзілі ў Рус. рабочы клуб імя М.Горкага ў Таронта і інш. Для беларусаў выходзілі на рус. мове «Вестник» і газ. «Канадский гудок», у якой быў «Беларускі куток» (выйшлі 4 нумары). Пасля 2-й сусв. вайны ў К. апынуліся беларусы — ветэраны Другога корпуса Андэрса арміі. Яны падпісвалі 2-гадовыя кантракты на працу ў сельскай гаспадарцы. Пасляваен. бел. эміграцыя вылучалася нац. свядомасцю, актыўнасцю. У 1946—71 у К. прыехала каля 48 тыс. беларусаў, якія найб. кампактна пасяліліся ў Таронта, Садбуры, Манрэалі, Вініпегу. Грамадскую, навук. і культ.-асв. работу вялі Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК), Беларускае нацыянальнае аб ’яднанне (БНА), Згуртаванне беларусаў правінцыі Квебек (да 1952 наз. Згуртаванне беларусаў у Манрэалі), Бел.нац.к-т у Вініпегу (1950—80), сектар рады Бел.Нар. Рэспублікі (з пач. 1950-х г.), Бел. вызвольны фронт (1957—70-я г.), Бел. каса самапомачы (1953 — сярэдзіна 1970-х г.), Бел. самапомач у Ошаве (з 1961), Згуртаванне беларускіх жанчын Канады, Высакашкольная стыпендыяльная фундацыя (1967—70-я г.), Згуртаванне бел. моладзі К. (1967—70), Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Таронта, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК), Саюз бел. моладзі К. (1970—78), Кан.т-ва «Беларусь» (з 1988), Кан. фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля (гл. ў арт.Беларускія камітэты дапамогі ахвярам радыяцыі за мяжой), Бел.рэліг.-грамадскі цэнтр у Таронта ( з 1959), цэнтр адпачынку «Слуцак» (з 1969). Беларусы К. адзначаюць нац. святы — Дзень незалежнасці Беларусі (з 1970 улады Таронта афіц. абвяшчаюць 25 сак.бел. днём), Дзень герояў Беларусі, гіст. падзеі, юбілеі дзеячаў бел. л-ры і мастацтва. Яны ўдзельнічаюць у міжнац. мерапрыемствах, традыц. фестывалях, карнавалах, канцэртах, у т. л. штогадовых святкаваннях Дня Канады (Ошава), Ошаўскім нар. фестывалі (з 1961), фестывалях «Бацькаўшчына» (Атава, 1970—80-я г.) і ў Бэры (з 1990). Саюз бел. моладзі К., ККБК, Згуртаванне бел. жанчын удзельнічалі ў арг-цыі бел. павільёна «Менск» (Таронта). На выставах у К. свае творы прадстаўлялі бел. мастакі Г.Русак, І.Сурвіла, П.Мірановіч, В.Жаўняровіч, А.Кляшчук. У час Тыдня студый у Атаўскім ун-це (1975), на святкаванні 1000-годдзя дзяржаўнасці Беларусі (1988) прайшлі выставы бел.нар. мастацтва. Бел.самадз. мастацтва на розных культ. імпрэзах прадстаўлялі гурток бел.нар. песні і танца ў Вінілегу (1951), злучаны бел.-ўкр. мужчынскі хор «Думка» (1953), хары «Жалейка» (1956), «Прамень» (1955), ансамбль нар. песні і танца (1954). Пры ЗБК працавалі танц. гурткі моладзі і дзяцей, курсы беларусаведы (1951—53, Таронта). З дапамогай беларусаў створаны бел.літ. фонды публічных б-к у Таронта і Вініпегу, бел. аддзелы ў Канадскім музеі цывілізацыі і Нац.этн. музеі. З 1952 беларусы К. ўдзельнічаюць у сустрэчах беларусаў Паўн. Амерыкі (прайшлі 23, з іх 8 у Таронта). У 1958, 1962, 1965 адбыліся сустрэчы беларусаў Лондана (Канада) і Дэтройта (ЗША). У 1996 каля г. Мідленд адкрыты Бел. мемарыяльны комплекс, да якога штогод ажыццяўляюць паломніцтва беларусы з розных краін. Творы бел. пісьменнікаў і падручнікі выдаюць Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», выдавецкі к-т пры ККБК, Фонд бел. падручнікаў, выдавецкі фонд успамінаў з бел. жыцця. Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Беларускі эмігрант», «Беларускі голас», старонкай «Весткі з Канады» ў газ. «Беларус» (ЗША), часопісамі «Баявая ўскалось» (1949—50 у Германіі, 1954—81 у Таронта), «Зважай», «Палессе» (1955—58), «Прамень» (з 1992), «Інфа ЗБК» (з 1995), «Дзяцел» (1952—53), «Народным шляхам» (1951—54), бюлетэнем «Бээнэравец» (1952). Бел. радыёперадачы пачыналіся з невял. выступленняў на радыё ў Лондане, Садбуры, Таронта і інш. Радыё СіБіСі з 1955 на нац. святы перадае канцэрты бел. песень і танцаў. У 1959 — пач. 1970-х г. працавала бел. радыёстанцыя ў Оўквілі.
Літ.:
Тишков В.А., Кошелев Л.В. История Канады. М., 1982, Тишков В.А. Страна кленового листа: начало истории. М., 1977;
Канада, 1918—1945: Ист. очерк. М., 1976;
Поздеева Л.В. Канада в годы второй мировой войны. М., 1986;
Коленеко В.А. Квебекская проблема в послевоенной Канаде. М., 1981;
Данилов С.Ю., Шило В.Е. Политико-государственный механизм современной Канады: сравнительно-ист. исслед. М., 1991;
Данилов С.Ю., Черкасов А.И. 12 лиц Канады. М., 1987;
Кузнецов Ю.Г. Сладок ли кленовый сок: Современная Канада и ее люди. М., 1988;
Макленнан Х. Семь рек Канады: Пер. с англ.М., 1990;
The Canadian Encyclopedia. Vol. 1—4. 2 ed. Edmonton, 1988;
Ванникова Н.И. Канадская литература на французском языке (1945—1965). М., 1969;
Голышева А.И. Англоязычная литература Канады. М., 1979;
The World Book Encyclopedia. T. 3. London etc., 1994;
Sadouski J. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville. 1981.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.С.Ляднёва (гісторыя, беларусы ў Канадзе), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), Л.П.Баршчэўскі (літаратура), В.Я.Буйвал, Л.Ф.Салавей (архітэктура), Л.Ф.Салавей (выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно).
Герб і сцяг Канады.Да арт.Канада. Тыповы краявід у прэрыях.Да арт.Канада. Чыгуначны мост у правінцыі Антарыо.Да арт.Канада. Вежа і стадыён «Алімпійскі» ў г. Калгары.Да арт.Канада. Індзейцы ў традыцыйных строях.Да арт.Канада. Самалётабудаўнічы завод у правінцыі Квебек.Да арт.Канада. Музей цывілізацыі ў г. Квебек.Да арт.Канада. Нацыянальны парк Банф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЯ (на мове хіндзі Бхарат),
Рэспубліка Індыя (Republic of India), дзяржава ў Паўд. Азіі на п-ве Індастан і прылеглых тэрыторыях. Па плошчы 7-я, па колькасці насельніцтва 2-я краіна ў свеце. Мяжуе на ПнЗ з Пакістанам, на Пн з Кітаем, Непалам і Бутанам, на У з М’янмай і Бангладэш. На ПдЗ абмываецца Аравійскім м., на ПдУ — Бенгальскім залівам; на Пд Манарскі зал. і Полкскі прал. аддзяляюць І. ад Шры-Ланкі. Падзяляецца на 25 штатаў і 7 саюзных тэрыторый. Пл. 3287,6 км². Нас. 944,6 млн.чал. (1996). Сталіца — г.Дэлі (афіцыйна — яго ч. Нью-Дэлі). Афіц. мовы — хіндзі і англійская (часова), афіцыйна выкарыстоўваюць таксама 17 рэгіянальных моў асобных штатаў і мёртвую мову санскрыт. Нац. святы — Дзень незалежнасці (15 жн.) і Дзень рэспублікі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. І. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1950 (са шматлікімі дапаўненнямі). Уваходзіць у Садружнасць. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбіраюць члены парламента і заканад. сходаў штатаў тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны Кангрэс: ніжняя палата — Нар. палата (не больш за 547 дэпутатаў, з якіх 545 выбіраюцца насельніцтвам, 2 назначаюцца прэзідэнтам ад англа-інд. абшчыны), верхняя палата — Савет штатаў (не больш за 150 дэпутатаў, 12 з іх назначаюцца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца шляхам ускосных выбараў). Агульны тэрмін паўнамоцтваў ніжняй палаты 5, верхняй — 6 гадоў. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Заканад. і выканаўчая ўлада ў штатах належыць заканад. сходам штатаў сумесна з губернатарамі, якіх назначае прэзідэнт, у саюзных тэрыторыях — лейтэнант-губернатарам, гал. камісарам і адміністратарам (таксама назначае прэзідэнт) і заканад. сходам і ўрадам. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца органам канстытуцыйнага нагляду, вышэйшыя суды штатаў і шэраг судоў ніжэйшых інстанцый у акругах.
Прырода. Паводле характару паверхні І. падзяляецца на 3 часткі: пласкагор’е Дэкан на Пд, горы Гімалаі і Каракарум на Пн, Інда-Гангская раўніна паміж імі. Пласкагор’е Дэкан займае амаль увесь п-аў Індастан. Складзена з метамарфічных і вывергнутых парод, вапнякоў і пясчанікаў. На У абмежавана невысокімі гарамі Усх. Гатамі (да 1680 м), на З — Зах. Гатамі (да 2633 м). На Пд паўвострава горы Кардамонавы і Анаймалай (да 2695 м). Паміж Гатамі і морам вузкімі палоскамі (да 20—30 км) цягнуцца прыбярэжныя хвалістыя нізіны. Гімалаі і Каракарум — складаныя сістэмы гор і хрыбтоў мезазойскага і альпійскага ўзросту, парушаныя разломамі. Гімалаі ўздымаюцца на Пн трыма вял. ступенямі: горы Сівалік (800—1200 м), М. Гімалаі (2500—3000 м) і Вял. Гімалаі (5500—6000 м). Найвышэйшая ў межах І. вяршыня Гімалаяў — г. Канчэнджанга (8585 м), у Каракаруме — г. Чагары (8611 м). У гарах значныя ледавікі. Снегавая мяжа на выш. 5100—5300 м. Ледавікі спускаюцца да выш. 4000—3000 м. Інда-Гангская алювіяльная раўніна размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, слаба нахілена да нізоўяў рэк Інд (на З) і Ганг (на У). Запоўнена марскімі адкладамі і рачнымі наносамі. Карысныя выкапні ў асноўным на ПнУ краіны (жал., марганцавыя, уранавыя і торыевыя руды, храміты, слюда, вугаль, нафта). У цэнтр. І. — руды каляровых металаў і вугаль, на Пд — баксіты, манацытавыя пяскі, золата, буры вугаль, на З — нафта і прыродны гаручы газ. Запасы каменнага вугалю ацэньваюцца ў 121,4 млрд.т, жал. руды — у 22,4 млрд.т. Клімат субтрапічны (на Пн) і трапічны (на Пд), мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C (каля падножжа Гімалаяў) да 27 °C (на Пд), мая — на б.ч. краіны 28—30 °C, у цэнтры Дэкана да 35 °C. Макс. колькасць ападкаў на У краіны (каля 2000—3000 мм, у Чэрапунджы сярэдняя за шмат гадоў каля 12000 мм). На астатняй тэрыторыі выпадае ў сярэднім 1000—1500 мм ападкаў за год. Засушлівыя раёны на ПнЗ Інда-Гангскай раўніны і ў цэнтры Дэкана (100—300 мм). Сезоны адрозніваюць па атм. ападках: зімовы (снеж.—люты) сухі, халаднаваты; веснавы (сак.—май) найб. гарачы, засушлівы; летні (чэрв.—ліст.) вельмі вільготны (каля 90% ападкаў за год) і менш гарачы. У гарах клімат горны субтрапічны і высакагорны. Рачная сетка на б.ч. тэрыторыі густая. Найб. рэкі: Ганг, Брахмапутра, Інд, Нармада, Гадавары, Крышна. Выкарыстоўваюцца для арашэння, буд-ваГЭС і суднаходства. На б.ч. ўнутраных пласкагор’яў пераважаюць розныя тыпы чырваназёмных і чарназёмападобных (рэгуры) глеб. Рэгуры фарміруюцца на вулканічных пародах, вызначаюцца ўрадлівасцю. На Інда-Гангскай раўніне і на прыморскіх нізінах — урадлівыя алювіяльныя глебы. У Гімалаях — вышынная пояснасць горных глеб. Расліннасць багатая і разнастайная, амаль усюды змененая чалавекам, у некат. раёнах прыродная расліннасць знішчана. У засушлівых раёнах Дэкана і на З Інда-Гангскай раўніны — саванная расліннасць з рэдкімі лясамі і калючымі хмызнякамі. На наветраных схілах Зах. Гатаў, ва ўсх.ч. Гімалаяў — вечназялёныя трапічныя лясы (сал, чорнае і чырвонае дрэвы і інш.) з мноствам эпіфітаў і ліян. На падветраных схілах Зах. Гатаў, на ПнУ Індастана і на У Інда-Гангскай раўніны — мусонныя (лістападныя) лясы. У Гімалаях добра выражана вертыкальная пояснасць расліннага покрыва ад трапічных лясоў да альпійскіх лугоў. Лясы займаюць 24% тэр. краіны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, тыгры, гіены, леапарды, шакалы, дзікія сланы, дзікія быкі гаур і бантэнг, кракадзілы, чарапахі, змеі, яшчаркі. Шмат птушак і насякомых. Каля 100 ахоўных тэрыторый, у т. л.нац. паркі Казіранга, Гірскі Лес, Манас, шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. І. — шматнацыянальная краіна, больш за 500 народнасцей і плямён. Пераважаюць нацыі і народнасці індаеўрапейскай (72%) і дравідыйскай (25%) моўных груп. Да індаеўрапейскай групы адносяцца (млн, чал., 1992): хіндустанцы — 244, біхарцы — 92,5, бенгальцы — 80, маратхі — 66,5, гуджаратцы — 46, орыя — 32,2, раджастанцы — 19,9, сікхі — 16,5, асамцы — 14,6, пенджабцы — 9; усе жывуць на Пн краіны. На Пд — народы дравідыйскай групы (млн.чал., 1992): тэлугу — 74,5, тамілы — 61, канара — 35, малаялі —35 і інш. Народы мунда (санталы, мунда, хо і інш.) жывуць у гарах Цэнтр. І. На мовах тыбета-бірманскай групы гавораць горныя плямёны і народнасці на Пн і ПнУ. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (83%) і мусульмане (11%). Ёсць хрысціяне (3%), сікхі (2%), будысты, джайны, парсы і інш. Сярэдняя шчыльн. 287 чал. на 1 км², на Інда-Гангскай раўніне і марскіх узбярэжжах — да 1000 чал., у гарах і засушлівых раёнах на З — менш за 50 чал. З 1977 ажыццяўляецца праграма планавання сям’і, аднак сярэднегадавы прырост складае 1,8% і насельніцтва павялічваецца штогод больш як на 15 млн.чал. У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1996): Бамбей — 15138, Калькута — 11923, Дэлі — 9948, Мадрас — 6002, Хайдарабад — 5477, Бангалор — 4799, яшчэ ў 11 гарадах больш за 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 65%, у прам-сці і абслуговых галінах — 35% насельніцтва.
Гісторыя. У І. сфарміравалася адна з найб.стараж. цывілізацый свету. Паводле археал. даследаванняў у 3-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд існавала развітая культура, створаная, верагодна, дравідыйскімі народамі. Каля 15 ст да н.э. ў І. прыйшлі плямёны арыйцаў, якія займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі знаёмы з рамёствамі. Яны паступова занялі тэрыторыі ў далінах рэк Інд і Ганг, часткова знішчылі, часткова ўвабралі ў сябе пэўныя элементы мясц. культур і навязалі мясц. народам уласную культуру і рэлігію (гл.Брахманізм). Правадыры мясц. плямён пачалі ствараць невял. самаст. дзяржавы (бхаратаў і інш.), што стала прычынай войнаў (напр., бітва 10 цароў у канцы 2-та тыс. да н.э., якая скончылася перамогай цара бхаратаў). З 6 ст. да н.э. сярод шматлікіх індаарыйскіх дзяржаў найб. значэнне набылі Магадха і Кашала. Імкненне арыйцаў адасобіцца ад мясц. насельніцтва прывяло да ўзнікнення варнаў (саслоўяў), унутры якіх вылучыліся замкнёныя групы — касты. Сац. няроўнасць, падзел на варны паспрыялі ўзнікненню каля 6 ст. да н.э. новых рэліг.-этычных кірункаў — будызму і джайнізму. У 327 да н.э. ў даліну Інда ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага, але ў 325 да н.э. вымушаны былі адступіць. Пры дынастыі Маур’яў Магадха валодала амаль усёй тэр. І. і ч. сучаснага Афганістана. Росквіт дзяржавы прыпадае на часы Ашокі, які ў 3 ст. да н.э. значна ўзмацніў пазіцыі будызму і ўстанавіў шырокія гандл. сувязі з інш. краінамі. Унутр. супярэчнасці і ўварванне ў І. бактрыйскіх грэкаў (гл.Грэка-Бактрыйскае царства) прывялі да распаду дзяржавы Маур’яў. З 1—2 ст.н.э. большасць паўн. І. пад уладай Кушанскай дзяржавы. Пасля яе распаду ў пач. 4 ст. ўлада ў паўн. І. перайшла да дынастыі Гуптаў (гл.Гуптаў дзяржава), якая падпарадкавала сабе і паўд. землі. Гэты час лічыцца залатым векам у гісторыі І., бо высокага ўзроўню дасягнулі навука, л-ра, мастацтва. У канцы 5 ст. дзяржава гуптаў распалася пад націскам гунаў. Кароткачасовае аб’яднанне паўн. І. адбылося ў 1-й пал. 7 ст. пры ўладару Харшы. З гэтага часу пануючай рэлігіяй стаў індуізм. У перыяд панавання ўладароў з раджпуцкіх родаў (гл.Раджпуты) пачаліся шматлікія набегі мусульман (з 712), якія ў канцы 10 ст. стварылі ў Газні дзяржаву пад уладай дынастыі Газневідаў Уладар дзяржавы Махмуд (11 ст.) ажыццявіў шэраг грабежніцкіх паходаў у І. і захапіў Пенджаб. Улада мусульман у І. ўмацавалася ў выніку заваяванняў у канцы 12 ст. Мухамеда Гуры (гл.Гурыды). На захопленых тэрыторыях у 1206 узнікла дзяржава са сталіцай у Дэлі (гл.Дэлійскі султанат). З яе ўтварэннем у І. ўзмацніўся і пашырыўся іслам. У 1398 султанат захапілі войскі Цімура, яго нашчадкі (дынастыя Саідаў) правілі да 1451, пазней уладарыла мусульм. дынастыя Лодзі. На Пд існавалі незалежныя інд. дзяржавы, найб, моцнымі з якіх былі Бахманідскі султанат і Віджаянагар.
Адкрыццё ў 1498 партуг. мараплаўцам Васка да Гамай марскога шляху ў І. прывяло да з’яўлення тут еўрапейцаў. На зах. узбярэжжы І. пачалі ўзнікаць факторыі, у 1510 партугальцы захапілі в-аў Гоа. У 1526 у паўн. І. ўварваўся ўладар Кабула З.М.Бабур, нашчадак Цімура і заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў. Пры яго пераемніках дзяржава Вял. Маголаў ператварылася ў адну з наймацнейшых і найвялікшых у гісторыі І. Вяршыні сваёй магутнасці яна дасягнула пры Акбары (1556—1605), які аб’яднаў амаль усю І. (акрамя паўд.ч.). Партугальцаў, што кантралявалі амаль увесь гандаль з І., з сярэдзіны 16 ст. пачалі выцясняць англічане (у 1600 засн.брыт.Ост-Індская кампанія, якая мела шырокія паліт. паўнамоцтвы) і французы (у 1664 засн.франц. Ост-Індская кампанія). На працягу 17 ст.англ. і франц. фарты і факторыі ператварыліся ў вял. гарады. Еўрап. каланізацыя, узмацненне сепаратызму ў асобных правінцыях, сутычкі паміж феадаламі прывялі да аслаблення краіны. Эканам. заняпад, галеча насельніцтва (пераважна сельскага), унутр. барацьба, справакаваная рэліг. нецярпімасцю правіцеля Аўрангзеба [1658—1707], выклікалі супраціўленне сялян, а таксама феадалаў і свяшчэннікаў (паўстанне ў Пенджабе, арганізаванае сектай сікхаў). Са смерцю Аўрангзеба настаў паліт. і эканам. заняпад І.
Унутр. разлажэнне дзяржавы Вял. Маголаў суправаджалася пашырэннем еўрап. каланізацыі. Абвастрэнне ў 1-й пал. 18 ст. саперніцтва паміж еўрап. дзяржавамі (асабліва Англіяй і Францыяй) прывяло да сямігадовай вайны 1756—63, якая закончылася перамогай англічан, Правадніком англ. палітыкі ў І. стала Ост-Індская кампанія. У 1757 захоплены Бенгалія і Біхар, у ходзе англа-майсурскіх войнаў (1767—99) да ўладанняў кампаніі далучана значная ч.паўд. І., княствы Майсур, Хайдарабад і інш. ператвораны ў англ. васалаў. Сітуацыю ў краіне пагоршыў голад 1769, у выніку якога вымерла каля 1/3 насельніцтва. У 1772 губернатарам Бенгаліі стаў У. Гастынгс (з 1773 ген.-губернатар). Ён рэарганізаваў падатковую сістэму, прызначыў кіраўнікамі буйных акруг англічан, увёў грамадз. і крымін. суды. Цэнтрам англ.калан. улад у І. стала Калькута. Парламенцкі акт 1784 падпарадкаваў І. непасрэдна брыт. ўраду. У выніку англа-маратхскіх войнаў (1775—1818) ліквідавана дзяржава пешв, ч. княстваў трапіла ў васальную залежнасць. Да сярэдзіны 19 ст. англічане шляхам анексій падпарадкавалі 2/3тэр. І. Яны правялі суд. рэформу (на некат. пасады былі прызначаны індусы), рэарганізавалі на еўрап. ўзор пошту, тэлеграф, правялі першую чыгунку, стварылі дэпартамент асветы, які павінен быў арганізоўваць школы для індусаў, англ. мову абвясцілі афіцыйнай. Адначасова англічане заахвочвалі сепаратысцкія тэндэнцыі ў інд. грамадстве, мясц. і племянны нацыяналізм, правакавалі спрэчкі паміж індуістамі і мусульманамі. Паступова І. ператварылася ў сыравінную базу і рынак збыту для англ. тавараў. Інтэнсіўная эксплуатацыя зямель, вял. падаткі і знішчэнне традыц. сувязей паміж рамяством і сельскай гаспадаркай разаралі інд. сялянства. Гэта стала адной з прычын Індыйскага народнага паўстання 1857—59. Пасля задушэння паўстання англ. ўладанні ў І. падпарадкаваны непасрэдна брыт. кароне. 1.1.1877 у Дэлі каралева Вікторыя ўрачыста абвешчана імператрыцай І.; ад яе імя правіў віцэ-кароль.
Прыток англ. капіталу на рубяжы 19—20 ст. паскорыў прамысл. развіццё І., паспрыяў росту нац. буржуазіі. У 1885 створана партыя ліберальна-памешчыцкіх колаў і інтэлігенцыі Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК). Хутка ў ёй аформілася радыкальная плынь на чале з Б.Тылакам, якая пасля падзелу Бенгаліі паводле рэліг. прыкмет (1905) узначаліла нац-вызв. рух. Брыт. ўлады вымушаны былі правесці шэраг рэформ і адмяніць закон аб падзеле Бенгаліі (1911). З мэтай расколу вызв. руху яны ініцыіравалі стварэнне Мусульманскай лігі (1906). У 1-ю сусв. вайну Вялікабрытанія актыўна эксплуатавала матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы І. Збядненне насельніцтва, голад і эпідэміі выклікалі ў 1918—22 уздым вызв. руху, які ўзначаліла інд. буржуазія. ІНК узяў на ўзбраенне ідэі і метады М.К.Гандзі (масавыя ненасільныя дзеянні, непадпарадкаванне англ. уладам). Прыняцце законаў, скіраваных супраць удзельнікаў вызв. руху і на замацаванне калан. становішча І., выклікалі масавы пратэст і прывялі да кровапраліцця (расстрэл мітынгу ў Амрытсары ў крас. 1919). Па закліку Гандзі ІНК пачаў у 1920 кампанію грамадз. непадпарадкавання, якая была падмацавана забастоўкамі рабочых і паўстаннямі сялян. Уплыў ІНК узрос, ён ператварыўся ў масавую партыю, а гандзізм стаў яго афіц. ідэалогіяй. У 1927 у ІНК склалася левае крыло на чале з Дж.Нэру і С.Ч.Босам, пад націскам якога Кангрэс высунуў у 1929 лозунг поўнай незалежнасці для І. Радыкальныя настроі ў вызв. руху знайшлі ўвасабленне ў стварэнні Камуніст. партыі І. (КПІ, з 1925), шэрагу рабоча-сял. партый (1926—27), успышцы тэрарызму ў канцы 1920-х г.
Сусв. эканам. крызіс 1929—33 рэзка абвастрыў супярэчнасці паміж інд. грамадствам і брыт. каланіялізмам. ІНК правёў некалькі кампаній грамадз. непадпарадкавання, у княствах Кашмір і Алвар адбыліся сял. паўстанні. Брыт. ўлады рэпрэсіямі і ўступкамі спрабавалі стабілізаваць сітуацыю (гл.«Круглага стала» канферэнцыі). У 1935 прыняты новы закон (канстытуцыя) аб кіраванні І., які пашырыў прадстаўніцтва маёмных слаёў у выбарных органах, але захаваў калан. ўладу. У 2-й пал. 1930-х г. краіну ахапілі забастоўкі рабочых і сял. выступленні супраць феад. дэспатыі князеў.
У вер. 1939 І. была ўцягнута ў 2-ю сусв. вайну. Інд. буржуазія выкарыстала антываен. рух для націску на ўлады Вялікабрытаніі і запатрабавала надання І. незалежнасці. Мусульм. ліга выступіла за стварэнне асобнай мусульм. дзяржавы Пакістан У сак. 1942 брыт. ўрад прапанаваў падзяліць пасля вайны І. на 2 дамініёны, але без стварэння нац. ўрада. У адказ ІНК пачаў новую кампанію грамадз. непадпарадкавання, але калан. ўлады арыштавалі яго лідэраў (жн. 1942). У краіне ўспыхнуў антыбрыт. рух пад лозунгам «Прэч з Індыі!». Вясной 1944 лідэры ІНК вызвалены, у 1945 падпісана пагадненне з Мусульм. лігай аб прынцыпах фарміравання часовага нац. ўрада. Брыт. ўрад быў вымушаны пайсці на ўступкі. У жн 1946 сфарміраваны часовы ўрад на чале з Нэру, а 15.8.1947 І. падзелена на 2 дамініёны — Інд. саюз і Пакістан (гл.Маўнтбетэна план). Падзел І. на рэліг. аснове выклікаў узбр. сутыкненні мусульман і індусаў (у час аднаго з іх забіты Гандзі), стварыў праблему бежанцаў, прывёў да тэр. спрэчак. У 1947—49 адбыўся ваен. канфлікт з Пакістанам з-за Кашміра.
26.1.1950 паводле новай канстытуцыі І. стала рэспублікай, абвешчаны дэмакр. свабоды, адменены розныя віды дыскрымінацыі і прымусовай працы. На першых усеагульных выбарах у пач. 1950-х г. перамог ІНК. У эканоміцы быў узяты курс на стварэнне магутнага дзярж. сектара, заахвочванне нац. і абмежаванне замежнага прыватнага капіталу, планаванне. З дапамогай замежных дзяржаў пабудаваны буйныя металург. прадпрыемствы, створаны новыя галіны прам-сці, закладзены асновы энергетыкі. У сельскай гаспадарцы ішло паступовае абмежаванне памешчыцкага землеўладання, пачалі стварацца кааператывы. У 1950-я г. штаты рэарганізаваны на нац. або лінгвістычнай аснове, а княствы ліквідаваны; асновай знешняй палітыкі абвешчаны пазітыўны нейтралітэт на базе пяці прынцыпаў мірнага суіснавання. І. стала адным з арганізатараў і лідэраў Руху недалучэння, актыўна падтрымлівала антыкалан. барацьбу інш. народаў. У 1950—60-я г. яна дамаглася вяртання шэрагу сваіх тэрыторый ад Францыі і Партугаліі.
На рубяжы 1950—60-х г. актывізаваліся правыя бурж. і рэліг.-абшчынныя партыі, адбыліся сутыкненні мусульман і індусаў у Пенджабе, Асаме, Мадх’я-Прадэш. Абвастрэнне інда-кіт. канфлікту прывяло да ўвядзення ў кастр. 1962 надзвычайнага становішча, рэпрэсій супраць КПІ (раскалолася ў 1964). Пасля смерці Нэру (1964) у краіне абвастрылася паліт. барацьба. Унутры ІНК аформіліся 2 групоўкі, якія павялі барацьбу за ўладу ў партыі і краіне. Перамаглі левацэнтрысты на чале з І.Гандзі, што ў 1966 узначаліла ўрад. Пачалася рэалізацыя «праграмы 10 пунктаў» (умацаванне дзярж. сектара, сац.-эка нам. меры ў інтарэсах шырокіх слаёў насельніцтва), прыняты шэраг важных законаў (аб дзярж. кантролі, ліквідацыі прывілеяў б. князёў і інш.). Вайна з Пакістанам (1971) і сусв.эканам. крызіс 1973—75 прывялі да зніжэння тэмпаў росту прамысл. і с.-г. вытв-сці, абвастрэння сац. супярэчнасцей. Масавыя стачкі і забастоўкі 1972—74 суправаджаліся ўзмацненнем рэліг.-абшчынных і сепаратысцкіх выступленняў у штатах Андхра-Прадэш, Гуджарат, Біхар, тэрарызмам. У ліп. 1975 уведзена надзвычайнае становішча, арыштаваны лідэры апазіцыі. Адначасова ўрад абвясціў праграму шырокіх сац.-эканам. мерапрыемстваў. Абмежаванне грамадз. свабод, празмернае ўзмацненне выканаўчай улады, рэпрэсіі супраць левых партый і інш. выклікалі чарговы раскол ІНК і паражэнне яго на выбарах 1977 ад блока Джаната парты.
Але супярэчлівая эканам. палітыка, рост сац. напружанасці, раскол блока прывялі да адстаўкі ўрада і ўпэўненай перамогі ІНК на датэрміновых выбарах. Гал. задачамі новага ўрада Гандзі былі: пашырэнне эканам. і сац. інфраструктуры, ліквідацыя галечы і забеспячэнне занятасці, у паліт. жыцці — умацаванне ўплыву ІНК, барацьба супраць сепаратызму і экстрэмізму. Сепаратысцкія выступленні ў Асаме і Пенджабе падаўлены з дапамогай арміі (у т. л. штурм «Залатога храма» ў Амрытсары). У адказ сікхскія сепаратысты 31.10.1984 забілі І.Гандзі. Яе сын Р.Гандзі ўзначаліў урад і ІНК. Яго ўрад прыняў жорсткія захады супраць тэрарызму, узяў курс на мадэрнізацыю дзяржсектара эканомікі, прыцягненне замежнага капіталу і найноўшых тэхналогій, распрацаваў маштабныя сац. праграмы. Аднак пагаршэнне эканам. паказчыкаў у 1987—88, паліт. крызіс у кіраўніцтве ІНК прывялі да зніжэння яго папулярнасці. У 1988 пяць апазіц. партый стварылі Нац. фронт, які склаў моцную канкурэнцыю ІНК на выбарах 1989. Кааліцыйны ўрад, сфарміраваны на чале з лідэрам Нац. фронту В.П.Сінгхам, у ліст. 1990 пайшоў у адстаўку. У сак. 1991 у адстаўку падаў наступны кааліцыйны ўрад Ч.Шэкхара. У час перадвыбарнай кампаніі, прызначанай на май 1991, тэрарысты забілі Р.Гандзі. Новым старшынёй ІНК выбраны Н.П.В.Раа, які перамог на выбарах і ўзначаліў ўрад. Прэзідэнтам у 1992 абраны Шанкар Даял Шарма. Павольнае і супярэчлівае ажыццяўленне новай эканам. палітыкі, незадаволенасць часткі мясц. буржуазіі засіллем замежнага капіталу, крывавыя сутычкі на рэліг. глебе, рэзкае абвастрэнне адносін І. з суседнімі мусульм. краінамі прывялі да адстаўкі ўрада і прыходу да ўлады ў 1996 урада левацэнтрысцкай кааліцыі пад кіраўніцтвам І.К.Гуджрала. ІНК напачатку падтрымаў гэты ўрад, што дазволіла яму заставацца на чале ўлады да канца 1997. Спыненне падтрымкі ІНК прывяло да адстаўкі ўрада Гуджрала і правядзення у лют. 1998 парламенцкіх выбараў. І. чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інд.нац. кангрэс — самая ўплывовая паліт. партыя ў краіне, Бхаратыя джаната парты, Джаната дал, Камуніст. партыя І., Камуніст. партыя І. (марксісцкая). Асн.прафс. аб’яднанні: Інд.нац. кангрэс прафсаюзаў, Усеінд. кангрэс прафсаюзаў, Саюз інд. рабочых, Цэнтр інд. прафсаюзаў, Кангрэс аб’яднаных прафсаюзаў, Саюз рабочых І.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна, мае значныя поспехі ў сац.-эканам. развіцці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) дасягнуў 1,41 трыльёна дол. (1996), на аднаго чалавека прыпадае каля 1500 долараў. Эканам. адсталасць у асобных сферах эканомікі суседнічае з найноўшымі дасягненнямі сусв. навукі і тэхнікі. Дзярж. сектар адыгрывае важную ролю ў развіцці эканомікі, забяспечвае вытв-сць 39% прадукцыі. У сельскай гаспадарцы (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) ствараецца 30,3%, а ў прам-сці (разам з буд-вам) — 28,2% ВУП. Сельская гаспадарка выкарыстоўвае 55% тэрыторыі — каля 181 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 145 млн.га. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. 35 млн.га засяваюцца двойчы за год. Узровень механізацыі і хімізацыі нізкі, у якасці цяглавай сілы шырока выкарыстоўваюць жывёлу. Ураджаі на значных плошчах залежаць ад колькасці і тэрмінаў выпадзення ападкаў. Арашаецца каля палавіны земляробчых плошчаў. Сельская гаспадарка мае раслінаводчы кірунак. «Зялёная рэвалюцыя» 1960—70-х г. (зямельная рэформа, механізацыя, шырокае выкарыстанне мінер. угнаенняў і пестыцыдаў) была накіравана на ліквідацыю пагрозы голаду. Амаль паўсюдна вылучаюцца 2 с.-г. сезоны: харыф (летні) і рабі (зімовы). Культуры харыф маюць патрэбу ў працяглым гарачым надвор’і і вял. колькасці вільгаці. Вялікія адрозненні ў прыродных умовах выклікаюць тэр. дыферэнцыяцыю с.-г. вытв-сці. Усюды пераважаюць харч. збожжавыя культуры, збор 182 млн.т (1993/94). Рысу збіраюць 79 млн.т (гал. культура У і Пд краіны). Пшаніцу (57,7 млн.т) вырошчваюць на раўнінах штатаў Пенджаб і Хар’яна, у бас.р. Ганг, арашальных раёнах штата Раджастхан. Збор кукурузы 9,4 млн.т. Прасяныя вырошчваюць як непаліўныя культуры. Сярод іх: джавар (блізкі да сорга) — 11,7 млн.т, баджра — 5 млн.т, рагі — 2,9 млн.т. Важнае месца ў пераважна вегетарыянскім харчаванні насельніцтва займаюць бабовыя: грэм — 5,1 млн.т, тур — 2,7 млн.т і інш. Павялічваецца вытв-сцьтэхн. культур (збор млн.т, 1993/94): цукр. трыснягу — 250, бавоўны — 2,1, арахісу — 5,3, сланечніку — 1,4, тытуню — 0,58, чаю — 0,7. Цукр. трыснёг вырошчваюць пераважна ва ўсх.ч. басейна р. Ганг і на Пд краіны, бавоўнік — на ПнЗ, джут — у вільготных раёнах на У, арахіс — на плато Дэкан і ў штаце Гуджарат, сланечнік, рапс і гарчыцу — на Пн, кунжут і тытунь — усюды, чай — у перадгор’ях Гімалаяў у штаце Асам. Менш значныя зборы кавы і натуральнага каўчуку. І. — традыцыйны і буйнейшы пастаўшчык на сусв. рынак спецый і вострых прыпраў (чорны і чырвоны перац, кардамон, імбір, гваздзіка і інш.). Разнастайнае гасп. значэнне мае какосавая пальма, пасадкі (каля 1 млн.га) размешчаны па ўзбярэжжах на Пд (найб. у штаце Керала). Вырошчваюць фрукты і агародніну; найб. апельсіны, бананы, манга, папайю, гуаву. Жывёлагадоўля развіта параўнальна слаба. Па рэліг. матывах многія індыйцы не забіваюць жывёлу і не ядуць мяса. Таварная жывёлагадоўля не мае шырокага развіцця. Сял. гаспадаркі трымаюць валоў, у вільготных і гарачых раёнах — буйвалаў. Ад буйваліц і кароў атрымліваюць малако і маладняк. Пагалоўе жывёлы слаба забяспечана кармамі, пад лугамі і пашай каля 10% тэрыторыі, пад фуражнымі культурамі каля 5% пасяўных плошчаў. Карова дае каля 400—500 л малака за год. Пагалоўе (1996, млн. гал): буйн. раг. жывёлы —196 (1-е месца ў свеце), буйвалаў — 80,1, коз — 120, авечак — 45,4, свіней — 11,9, птушкі — каля 150. Шаўкаводства. Рыбалоўства ў рэках і морах. Улоў рыбы 4,3 млн.т (1993).
І. дасягнула значных поспехаў у развіцці прамысловасці, асабліва такіх галін, як чорная металургія, машынабудаванне, тэкст., нафтаперапр., фармацэўтычная, вытв-сць угнаенняў і інш. У выніку супрацоўніцтва з вядучымі індустр. краінамі пабудаваны шматлікія прадпрыемствы, узніклі новыя цэнтры апрацоўчай прам-сці. У глыбінных раёнах развіваецца горназдабыўная прам-сць. Развіццё прам-сці грунтуецца на багатых запасах жал. і марганцавых руд, баксітаў, каменнага вугалю, урану, меднай руды і інш.Найб. здабываецца (1993/94, млн.т): вугалю — 245 (штаты Біхар, Зах. Бенгалія), жал. руды — 56,4 (штаты Біхар, Арыса), марганцавай руды — 1,8 (цэнтр.ч. краіны), баксітаў — 5 (пераважна штаты Арыса і Мадх’я-Прадэш), меднай руды — 5,2 (штаты Біхар, Раджастхан). Вытв-сць электраэнергіі 398,3 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважаюць ЦЭС на вугалі і ГЭС; ёсць АЭС. Здабыча нафты 32 млн.т (1994) у штатах Асам і Гуджарат. Перапрацоўка нафты больш за 100 млн.т за год, найб. з-ды ў Бамбеі, Мадрасе, Вішакхапатнаме, каля Дэлі і Калькуты. У 1994 выплаўлена 18,2 млн.т сталі. Сучасныя металургічныя камбінаты ў Дургапуры, Рауркеле, Бакары, Дург-Бхілаінагары. Алюмінію выплаўляюць 466 тыс.т (1993), буйнейшыя з-ды ў Корбе, Ратнагіры. Развіваецца каляровая металургія. Буйныя станкабуд. прадпрыемствы ў Бангалоры, Ранчы, Мадрасе, Бамбеі. Развіта цяжкае (у гарадах Ранчы, Дургапур, Вішакхапатнам) і агульнае (штаты Махараштра, Гуджарат, Тамілнад) машынабудаванне. Судна- і аўтамабілебудаванне (у Бамбеі, Мадрасе, Калькуце, Джамшэдпуры). Вытв-сць (1993/94, млн.шт.): аўтобусаў і джыпаў — 0,24, матацыклаў — 1,76, веласіпедаў — 7,7. Развіта с.-г. машынабудаванне. Цэнтры самалётабудавання Бангалор і Канпур. Вытв-сць абсталявання для тэкст., цукр., цэм., хім. прам-сці (Бхопал, Хайдарабад), эл.-тэхн. прам-сць (Бамбей, Мадрас, Дэлі, Калькута, Раніпур). Вытв-сць радыёпрыёмнікаў 264 тыс.шт. (1993/94). Развіта ваен.прам-сць. Сінт. смолы і пластмасы, сінт. валокны (679 тыс.т, 1994) выпускаюць прадпрыемствы ў Бамбеі і Дургапуры. Угнаенні (9,9 млн.т, 1992/93) вырабляюць у Сіндры, Нангале, Бамбеі. І. займае 3-е месца ў свеце па вытв-сці тканін (штогод каля 13—14 млрд.м) і з’яўляецца адным з вядучых экспарцёраў тэкстылю. Буйнейшыя цэнтры па вытв-сці баваўняных тканін у Бамбеі, Ахмадабадзе, Мадрасе, джутавая вытв-сць у раёне Калькуты, прадпрыемствы шарсцяной прам-сці ў Канпуры, Амрытсары, Срынагары, Ахмадабадзе і інш., гарбарна-абутковай у Канпуры, Агры, Мадрасе. Шмат разнастайных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Выпуск цукру 15,8 млн.т (1994/95), асн. заводы ў штатах Утар-Прадэш і Махараштра, вытв-сць алею з арахісу і баваўнянага семя на пласкагор’і Дэкан і ў штаце Гуджарат. Развіваюцца тытунёвая, папяровая і шкляная прам-сць. Усюды развіта разнастайная саматужная вытв-сцьмаст. вырабаў і сувеніраў з каляровых металаў, дрэва, слановай косці. Вял. значэнне мае здабыча і апрацоўка каштоўных камянёў. Рамёствы і паўсаматужная вясковая прам-сць даюць парчу, ювелірныя вырабы, кераміку, мэблю, высакаякасны шоўк (муслін). У баваўнаводчых раёнах пашыраны саматужнае прадзенне і ткацтва. Найб. развітыя эканам. раёны: Паўночна-Усходні (цэнтр Калькута) і Заходні(цэнтр Бамбей). Асн. від транспарту чыгуначны. Даўж. чыгунак 62462 км, у т. л. 11793 км электрыфікавана (1996). Гал. чыгункі Амрытсар—Дэлі—Калькута, Дэлі—Бамбей, Дэлі—Мадрас, Калькута—Бамбей. Аўтамаб. дарог 2037 тыс.км, у т. л. 981,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём (1996). Даўж.ўнутр. водных шляхоў 16 180 км. Развіваецца авіяц. транспарт. У краіне 288 аэрапортаў і аэрадромаў. З міжнар. аэрапортаў найб. значэнне маюць аэрапорты Дэлі, Калькуты, Бамбея. Марскі транспарт абслугоўвае пераважна міжнар. сувязі. Гал. парты: Бамбей, Калькута, Мадрас, Вішакхапатнам, Кочын. Танаж гандл. флоту 6,8 млн. брута рэгістравых т (1996). Даўж. трубаправодаў 7,4 тыс.км, у т. л. нафтаправодаў 3 тыс.км, прадуктаправодаў 2,7 тыс.км, газаправодаў 1,7 тыс.км (1996). І. наведвае штогод каля 2 млн. турыстаў.
Экспарт краіны 29,96 млрд.дол., імпарт 33,5 млрд.дол. (1995). Асн. экспартныя тавары: прадукцыя машынабудавання і металаапрацоўкі, тканіны, каштоўныя камяні і ювелірныя вырабы, адзенне, скуры і вырабы з яе, жал. руда, чай, камп’ютэрныя праграмы. Імпартныя тавары: нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, угнаенні і сыравіна для іх вытв-сці, каляровыя металы, хім. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Германія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія. Беларусь у 1996 экспартавала ў І. тавараў на 6,6 млн.дол., імпартавала на 14,6 млн.дол. (у 1995 адпаведна 4 і 11,8 млн.дол.). І. атрымлівае дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Адной з крыніц паступлення валюты з’яўляюцца пераводы ад грамадзян, якія працуюць за мяжой (штогод 0,8—1 млрд.дол.). Знешні доўг 97,9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — інд. рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, непасрэднае кіраўніцтва войскамі ажыццяўляюць міністр абароны (цывільная асоба) і к-т начальнікаў штабоў. У 1997 налічвалі 1,2 млн.чал., рэзерв — каля 0,7 млн.чал. У сухап. войсках 1,1 млн.чал., 11 армейскіх карпусоў, 36 агульнавайск. дывізій, 16 асобных брыгад і інш. злучэнні, часці, каля 3,2 тыс. танкаў, 1,5 тыс. баявых машын пяхоты, 3,9 тыс.артыл. гармат, 2,5 тыс. мінамётаў, 1,7 тыс. зенітных сродкаў і інш. У ВПС 40 авіяц. крылаў, у складзе якіх 45 эскадрылляў баявой авіяцыі (каля 800 самалётаў), 43 эскадрыллі дапаможнай авіяцыі (каля 600 самалётаў і верталётаў), 5 крылаў зенітных кіроўных ракет. У ВМС 3 ваен.-марскія камандаванні, авіяцыя флоту і падраздзяленні берагавой артылерыі, каля 80 баявых караблёў, у т. л. 2 авіяносцы, 18 дызельных падводных лодак, 16 ракетных і 20 супрацьлодачных караблёў, каля 40 баявых катэраў. Ваен.-марскія базы Бамбей, Кочын і інш. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Пераўзбраенне і рэфармаванне ўзбр. сіл вядзецца ў рамках праграмы «Армія —2000».
Ахова здароўя. Пытанні аховы здароўя належаць да кампетэнцыі дзяржавы. Існуе развітая сетка мед. цэнтраў, асн. задача якіх — прадухіленне распаўсюджвання эпідэмій праказы, малярыі, туберкулёзу. У сферы дзейнасці дзяржавы ўваходзіць і кантроль за ўзроўнем нараджальнасці. Распрацаваны 2 праграмы планавання натуральнага прыросту (1952, 1986) з мэтай зменшыць яго да 1,2%. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,5, жанчын 60,8 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1357 чал., урачамі — 1 на 2173 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 69 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. уніфікавана, аднак у некат. штатах ёсць адрозненні. Уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў (дашк. выхаванне развіта слаба і ў асноўным прыватнае), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. У большасці штатаў дзейнічае школьная сістэма: 5-гадовая пач. школа (для дзяцей з 6 да 11 гадоў, у некат. штатах з 5 гадоў), 3-гадовая няпоўная сярэдняя (6—8-ы кл.; завяршае абавязковае навучанне), 2-гадовая вышэйшая сярэдняя школа (9—10-ы кл.). Навучанне ў дзярж.пач. школах вядзецца на родных мовах вучняў (бясплатнае), у прыватных — пераважна на англ. мове і платнае. У ліку асн. прадметаў — хіндзі (дзярж. мова). У дзярж. няпоўных сярэдніх школах (за выключэннем некалькіх штатаў) навучанне таксама бясплатнае і на роднай мове, хіндзі і англ. мовы выкладаюцца як прадметы. У поўнай сярэдняй школе навучанне платнае. Прадметы ў ёй падзяляюцца на абавязковыя (агульнаадук.) і на выбар (спецыяльныя), аб’яднаныя ў цыклы (гуманіт., прыродазнаўчых навук, тэхн., сельскай гаспадаркі, камерцыйны, мастацтва, хатняй гаспадаркі); выкладаюцца і прыкладныя дысцыпліны: ткацтва, гарбарная і ганчарная справа, рукадзелле і інш. Выпускнікі поўнай сярэдняй школы маюць права паступаць у галіновыя ВНУ. Для паступлення ва ун-т неабходна прайсці падрыхтоўчы курс або скончыць вышэйшую сярэднюю школу. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя малодшыя тэхн. і 2-гадовыя індустр. вучылішчы і школы (на базе няпоўнай сярэдняй школы), сярэднія тэхн.навуч. ўстановы, курсы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці і сельскай гаспадаркі. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты (у склад некат. уваходзяць каледжы) і ін-ты. Навучанне 5—6 гадоў, платнае. У 1996/97 навуч.г. ў І. 169 ун-таў і 32 ін-ты. Буйнейшыя ВНУ: Калькуцкі, Бамбейскі, Мадраскі (усе з 1857), Дэлійскі (з 1922) ун-ты; Кхарагпурскі, Бамбейскі, Мадраскі, Канпурскі тэхн. ін-ты. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1902) у Калькуце, Публічная (з 1951) у Дэлі, Цэнтр. публічная (з 1896) у Мадрасе, Б-ка ўсходняй л-ры (з 1924) у Патне. Буйнейшыя музеі: Нац. музей І. (з 1949), Нац. галерэя сучаснага мастацтва ( 1954), Мемар. музей і б-ка Дж.Нэру, Мемар. музей М.Гандзі — усе ў Дэлі; Інд. музей (з 1814) у Калькуце, Дзярж. музей (з 1851) і Нац.маст. галерэя (з 1951) у Мадрасе. Навук. даследаванні праводзяцца ў ВНУ і спец.навук. цэнтрах, прамысл. даследчых лабараторыях; у галіне прыродазнаўчых навук у асноўным сканцэнтраваны ва ун-тах, а таксама ў асобных навук. цэнтрах. Буйнейшыя з іх — Ін-т фундаментальных даследаванняў у Бамбеі, Атамны даследчы цэнтр і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць больш за 35 тыс.перыяд. выданняў на 93 мовах, пераважна на англійскай. Большасць выданняў прыватныя або належаць буйнейшым выдавецкім кампаніям «Таймс оф Індыя», «Індыян экспрэс», «Хіндустан таймс», «Ананда базара патрыка». Сярод штодзённых газет найб. тыраж маюць «Indian Express» («Індыйскі экспрэс», з 1932, на англ. мове), «Наў бхарат таймс» («Час новай Індыі, з 1947, на мове хіндзі), «The Hindu» («Індус», з 1878, на англ. мове). Інфармацыйныя агенцтвы друку: Прэс Траст оф Індыя (з 1947), Юнайтэд Ньюс оф Індыя (з 1960), Хіндустан Самачар (з 1948), Індыя Прэс Эйджэнсі (з 1957). Радыё дзейнічае з 1927, з 1930 кантралюецца дзяржавай; адно з буйнейшых у свеце: 102 вяшчальныя цэнтры, 42 рэгіянальныя радыёстанцыі штодзённа трансліруюць 273 інфарм. бюлетэні на 24 мовах і 36 дыялектах. Тэлебачанне з 1957 (эксперым. праграмы ў Дэлі), агульнанац. з 1965, з 1981 — каляровае. Кантралюецца і фінансуецца ўрадам, мае 280 гадз вяшчання штотыднёва. Дзейнічаюць 18 тэлевізійных і 9 рэлейных станцый.
Літаратура. Найб. старажытным помнікам інд. л-ры з’яўляюцца Веды (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.) — рэліг. гімны на санскрыце. Каля 6—5 ст. да н.э. ў вуснай творчасці на нар. мовах (пракрытах) пачало складвацца ядро вял. эпічных паэм «Махабхарата» і «Рамаяна», якія ў першых стагоддзях, н.э. прынялі канчатковы выгляд на санскрыце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. на мовах палі і пракрытах створана будыйская л-ра, у т. л. джатакі, дзе рэліг. дыдактыка спалучаецца з фалькл. сюжэтамі. У 4—3 ст. да н. э. запісана кніга нар. казак на санскрыце «Панчатантра». Яна была вельмі пашырана на Усходзе і ў сярэдневяковай Еўропе. На рубяжы новай эры намеціўся пераход да індывід. творчасці, складваліся самаст.літ. віды і формы: пракрыцкая лірыка Халы (4 ст.), санскрыцкія драмы Ашвагхашы (2 ст.), Бхасы (4 ст.), тамільская ліра-эпічная паэзія, а пазней творчасць Калідасы (5 ст.) і Дандзіна (6—7 ст.) на санскрыце. Вяршыня стараж.-тамільскай л-ры — кніга афарызмаў «Тырукурал» Тырувалувара (4—5 ст.). Каля 7 ст. побач з санскрыцкай і тамільскай узніклі л-ры на мовах канада, тэлугу, асамскай, бенгальскай, гуджарацкай, арыйскай, пенджабскай, хіндзі, урду і інш. Стварэнне дзяржаў з пануючымі мусульм. вярхамі і пашырэнне ісламу выклікалі ўзнікненне інд. персамоўнай л-ры (Амір Хасроў Дэхлеві, 13 ст.; М.А.Бедыль, 17 ст. і інш.; гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Іран). Нар. антыфеад. рух пад рэліг. лозунгам бхакці (літар. адданасць) спрыяў развіццю л-ры 15—17 ст., накіраванай супраць класавага і каставага прыгнёту. У паэзіі бхакці побач з дэмакр. (Кабір, пенджабскі паэт Нанак, 16 ст.; маратхскі паэт Тукарам, 17 ст.; паэты хіндзі Сурдас і Дадудаял, 16 ст.) адзначаецца і кансерватыўная (паэт хіндзі Тулсідас, 17 ст.) тэндэнцыя. Адзін з вял. помнікаў паэзіі бхакці — «Адыгрантх» («Пачынальная кніга», пач. 17 ст.) — анталогія рэфарматарскай паэзіі народаў Паўн. І. Яна ўключае творы буйнейшых паэтаў-бхактаў, у т. л. заснавальніка рэліг.-рэфарматарскага руху сікхізм (пазней стаў рэлігіяй) Нанака. Заваяванне І. Вялікабрытаніяй у 18 ст. прывяло да заняпаду інд. л-ры і ўзмацнення эпігонства. У 19 ст. ў шэрагу л-р паяўляюцца асветніцкія тэндэнцыі. Каля вытокаў асветніцкага руху «Маладая Бенгалія» стаялі першы англамоўны паэт Г.Л.В.Дэрозіо і пачынальнік бенгальскай прозы А.Рай. Інд.нар. паўстанне 1857—59, рост нац. самасвядомасці інд. народаў і аб’яднанне іх у барацьбе супраць брыт. каланіялізму паскорылі развіццё інд. л-ры. Сац. тэматыка заняла гал. месца ў творах бенгальца М.Дота (камедыя «І гэта называецца цывілізацыя?»), Д.Мітра (сатыр. камедыі, драма «Люстэрка індыга») і Б.Чатападхая (гіст. і сац.-быт. раманы), драматурга і публіцыста хіндзі Бхаратэнду Харышчандра, раманіста урду Р.Саршара («Аповесць пра Азада»), маратхскага пісьменніка В.Чыплункара, драматурга Г.Б.Дэвала, паэта К.К.Д.Кешаўсута, заснавальніка гуджарацкай прозы Нармадшанкара і інш. У 1920-я г.цэнтр. тэмай інд. л-ры стала барацьба за нац. незалежнасць (творчасць М.Гупты, М.Чатурведзі, Ш.Чатападхая, Б.Бандападхая, Гурбахша Сінгха і інш.). У 1936 па ініцыятыве Прэмчанда, М.Р.Ананда і С.Саджада Захіра створана Асацыяцыя прагрэс. пісьменнікаў І. Вял. ўплыў на л-ру зрабіў гандзізм. Вышэйшая ступень развіцця крытычнага рэалізму — творчасць Р.Тагора і Прэмчанда. Вядомасць набылі лірыка паэта урду Э.Х.А.Вафы, раманы бенгальскага пісьменніка Г.Халдара, проза і публіцыстыка пісьменніка хіндзі Яшпала. Абнаўляліся паэт. формы, інтэнсіўна развівалася проза. З’явіліся фрэйдысцкі раман І.Джошы «Ладжа», містычная паэзія паэтэсы Махадэві Вармы (абодва хіндзі). Заваяванне І. дзярж. незалежнасці вывела наперад сац. тэматыку, садзейнічала ўмацаванню адзінства шматнац. л-р краіны. Узмацнілася цяга да адлюстравання людзей працы, барацьбітоў за сац. справядлівасць (празаік канада Ніранджана, малаялец Такажы Шывашанкара Пілай і інш.). Экзістэнцыялісцкая філасофія адлюстравалася ў творчасці пісьменніка хіндзі Аг’еі і раманіста тэлугу Б.Крышнарао. Вылучаецца творчасць паэтаў хіндзі Д.Бхараці, маратхскіх паэтаў Б.С.Мардхекара і Ш.М.Муктыбодха. Побач з л-рамі на нац. мовах развіваецца інд.л-ра на англ. мове (паэты Дэрозіо, К.Гхош, Т.Дат, у 19 — пач. 20 ст. — А.Гхош, С.Найду, Чатападхай, празаікі Ананд, Р.К.Нараян, Чатападхай і інш.). На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб.інд.нар. казак «Чароўная чаша» (1957), зб. апавяданняў інд. пісьменнікаў «Дрэва вады» (1959), «Выбранае» К.Чандра (1957), раманы «Садоўнік» (1927) і «Крушэнне» (1958), «Выбранае» (1976) Тагора друкаваліся таксама паасобныя творы Тагора, Прэмчанда, Чатападхая, Ананда і інш.
Архітэктура. Найб.стараж. ўзоры архітэктуры І. — абарончыя, гасп. і жылыя пабудовы г. Махенджа-Дара і Харапа (3—2-е тыс. да н. э.). У 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца ўстойлівыя формы і тыпы нар. дойлідства, правілы забудовы і геам. планіроўкі вёсак і гарадоў. У дзяржаве Маур’яў (4—2 ст. да н.э.) ствараліся багатыя жылыя дамы і палацы, будыйскія культавыя збудаванні: мемар. стаўпы («стамбха» ў Сарнатху), манум. паўсферычныя пабудовы (ступа ў Санчы), пячорныя храмы (чайцья) у Кондане, Аджанце і Карлі, манастыры. Пазней узніклі новыя арх. вырашэнні (вежападобны храм Махабодхі ў в. Будх-Гая, храм у Санчы, 5 ст.). З 6—7 ст. храмы стараж. тыпаў (скальны храм у Элоры, 8 ст.) саступаюць месца на Пн вежападобным круглаватым будынкам (у Бхубанешвары, Кхаджураха, 10—12 ст.), на Пд — храмам у выглядзе ўсечаных пірамід (у Махабаліпураме, 7 ст.), з канцэнтрычнымі агароджамі і надбрамнымі вежамі (у Танджавуры, пач. 11 ст.). Раскошай вызначаюцца джайнскія храмы 11—12 ст. (храм Вімала на гары Абу) з белага мармуру, інкруставаныя ўнутры каштоўнымі камянямі. З 13 ст. ў Дэлійскім султанаце архітэктура набыла геам. дакладнасць, пашырыліся стральчатыя аркі, плоскасная паліхромная арнаментацыя, будаваліся мячэці, купальныя пахавальні, мінарэты (Кутб-Мінар у Дэлі, каля 1200). Яна дасягнула росквіту ў дзяржаве Вял. Маголаў у 16—17 ст.: умацаванні і мармуровыя палацы Агры і Дэлі, мячэці, маўзалей Тадж-Махал. На Пд па-ранейшаму будавалі аздобленыя скульптурай храмы (у Мадураі, 17 ст.), у Раджастхане ствараліся палацы-крэпасці, «вежы перамогі». Будавалі гарады з мураванымі дамамі. Англ. каланізатары пачалі ўкараняць эклектычныя формы архітэктуры. Гарады (Бамбей, Калькута, Дэлі) забудоўваліся дамамі еўрап. тыпу, узнікалі рэзкія кантрасты раёнаў стараж. архітэктуры, багатых еўрапеізаваных кварталаў і трушчобнага жылля беднаты. Хутка раслі партовыя гарады (Калькута, Мадрас, Бамбей), дзе ўжо з 17 ст. англічане ўзводзілі фарты, докі і хрысц. цэрквы. У 18 — сярэдзіне 19 ст.адм., дзелавыя будынкі і прыватныя рэзідэнцыі будавалі ў формах англ. класіцызму і неаготыкі. Прыклад горадабудаўніцтва калан. перыяду — Нью-Дэлі (забудоўваўся ў 1912—30-я г.). На мяжы 19—20 ст. з развіццём нац.-вызв. руху і абуджэннем цікавасці да нац. культуры пашырылася стылізацыя пад традыц. формы інд. дойлідства (ун-т у Хайдарабадзе, 1918). Пасля заваявання незалежнасці ў І. разгарнулася грандыёзнае па маштабах буд-ва, звязанае з індустрыялізацыяй краіны. У 1950—60 пры дапамозе замежных спецыялістаў узводзілі гідраэнергет. комплексы (Бхакра-Нангал і інш.), металургічныя камбінаты (у Бхілаі) і інш. Вакол буйных прадпрыемстваў будавалі пасёлкі і гарады (Чандыгарх, 1951—56, група замежных і інд. архітэктараў пад кіраўніцтвам Ш.Э.Ле Карбюзье). Жылыя і грамадскія будынкі ў буйных гарадах узводзяць у формах сучасных зах.-еўрап. стыляў (пераважна функцыяналізму): банк у Калькуце (1969, арх. А.Гупта), а таксама ў спалучэнні традыц. і сучасных тэхн. прыёмаў і аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў (Ін-т індалогіі ў Ахмадабадзе, 1960—63, арх. Б.Дошы).
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі маст. культуры захаваліся з 3—2-га тыс. да н.э. (скульптура і кераміка з Махенджа-Дара і Харапы). Росквіту мастацтва І. дасягнула з утварэннем дзяржавы Маур’яў (4—2 ст. да н.э), спалучыўшы ўплыў культур краін Міжземнамор’я і Персіі: капітэль калоны Ашокі з г. Сарнатх («Ільвіная капітэль», каля 243 да н.э.) — нац. эмблема сучаснай І., статуя багіні ўрадлівасці («якшыні») з Дыдарганджа (верагодна, 2 ст. да н.э.) і інш. Ідэяй невычэрпнасці і разнастайнасці свету прасякнуты шматфігурныя рэльефы на сюжэты паданняў пра Буду на агароджы і брамах-«торана» ступа ў Бхархуце (2 ст. да н.э.) і браме ступа № 1 у Санчы (1 ст. да н.э.). У маст. культуры дзяржавы Гуптаў (4—5 ст.) з’явіліся строгія ідэалізаваныя вобразы (статуі Буды з Сарнатха і з Гандхары), наскальныя рэльефы (Удаягіры), пышная скульптура і размалёўкі пячорных храмаў Аджанты. У сярэдневякоўі атрымаў развіццё мініяцюрны жывапіс. Гуджарацкія мініяцюры (пераважна ілюстрацыі да рэліг. кніг) вызначаюцца плоскасным адлюстраваннем чалавечых фігур, лакальнымі фарбамі. У 16 ст. склалася школа магольскай мініяцюры (ілюстрацыі да гіст. трактатаў, партрэтны і анімалістычны жанры). З сярэдзіны 16 ст. развівалася раджпуцкая школа, пазней — школа Пахары, для якіх характэрны гучны каларыт, вытанчаны лінейны рытм, лірычная пранікнёнасць У перыяд англ. каланізацыі стараж. традыцыі выяўл. мастацтва заняпалі. У 1850-я г.брыт. адміністрацыя стварыла некалькі маст. школ у розных гарадах І. з навучаннем на еўрап. ўзор, што адыграла важную ролю ў фарміраванні новага прафес. мастацтва. Буйнейшы прафес. жывапісец Р.Варма ў духу зах.-еўрап. акадэмізму пісаў карціны на тэмы жыцця народа. На мяжы 19—20 ст. група мастакоў на чале з А.Тагорам і мастацтвазнаўцам Э.Б.Хавелам стварыла аб’яднанне «Бенгальскае Адраджэнне» з эстэт. праграмай незалежнасці ад еўрап. акадэмізму і звароту да нац. каранёў. Асн. тэматыка мастакоў гэтай плыні (Н.Бос, С.Гупт, С.Укіл) — сцэны вясковага жыцця і эпізоды з міфаў. Нягледзячы на майстэрства і лірычную тонкасць твораў, з прычыны аддаленасці ад рэалій жыцця яны не пазбеглі стылізатарства і рамантызацыі і хутка вычарпалі свае магчымасці. Аднак «Бенгальскае Адраджэнне» адыграла значную культ.-гіст. ролю, абудзіла цікавасць да нац. спадчыны. У 20 ст. асяродкам новага кірунку ў мастацтве стаў ун-т Вішвабхараты, засн. Р.Тагорам. У 1930—40-я г. мастакі А.Шэр-Гіл (спалучэнне традыцый жывапісу Аджанты і постімпрэсіянізму) і Дж.Рой (традыцыі бенгальскага лубка) заснавалі новую рэаліст. школу мастацтва (жывапісец А.Бос, скульпт. В.П.Кармаркар). У мастацтве незалежнай І. склалася шмат плыней: традыцыі «Бенгальскага Адраджэння» працягваў Б.Укіл, рэаліст. мастацтва — скульпт. і жывапісец С.Кхастгір, графік Х.Дас, традыцыі інд. і еўрап. мастацтва 20 ст. спалучалі жывапісцы і графікі К.К.Хебар, Ш.Чаўда, С.Мукерджы, скульпт. Ч.Кар, П.Д.Гупта і інш. На мяжы 1950—60-х г. узмацніліся мадэрнісцкія кірункі (М.Ф.Хусейн, Чаўда, С.Гуджрал). У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца старадаўнія віды саматужнай вытв-сці: ткацтва, разьба па дрэве, косці, камені і мармуры (Агра), апрацоўка металу (Джайпур, Бідар), прыгатаванне лакаў і размалёўка імі (штат Махараштра), ганчарства (Джайпур, Бамбей), пляценне, вышыўка (Кашмір).
Музыка. Раннія этапы фарміравання музыкі І. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. склалася традыцыя т. зв. ведыйскіх песнапенняў — своеасаблівае напеўнае рэчытаванне свяшчэнных тэкстаў Ведаў (найб. значныя Рыгведа — веда гімнаў і Самаведа — веда мелодый). На мяжы н.э. ў муз. культуры І. сфарміраваўся шэраг «высокіх» муз., муз.-танц. (бхарат нацья), муз.-тэатр. (санскрыцкая драма) жанраў; пачалося развіццё муз. навукі: трактаты «Гіталанкара» (каля 1 ст.н.э.), «Нацьяшастра» Бхараты (2—4 ст.н.э.), «Брыхадэшы» Матангі (5—7 ст.), «Сангітаратнакара» Шарнгадэвы (13 ст.), «Сварамелакаланідхі» Рамамацьі (16 ст.). Асновы фундаментальных канцэпцый інд. класічнай музыкі — рага (ладамеладычнае разгортванне) і тала (метрарытмічная арганізацыя). Характэрная рыса класічнай маст. культуры І. — сангіт, сінтэз муз., вак. і харэаграфічнага мастацтва, на аснове якога сфарміраваліся формы інд.муз.т-ра — джатра, якшагана, тамаша і інш. Узорамі муз.т-ра з’яўляюцца і класічныя стылі інд. танца — бхарат нацья, катхакалі, катхак, маніпуры. У 13—14 ст. сістэма інд. музыкі падзялілася на 2 вял. рэгіянальныя традыцыі: паўн. (хіндустані, зазнала розныя ўплывы) і паўд. (карнатак, захавала нац. стыль). У 15—16 ст. у межах хіндустані сфарміравалася прыдворная вак. форма дхрупад (Міян Тансен і Свамі Харыдас), у 18 ст. дасягнуў росквіту рамантычна-віртуозны кхаял — вак., потым і інстр. жанр, які актывізаваў развіццё гар.муз. культуры і фарміраванне лакальных выканальніцкіх школ — гхаранаў. У карнацкай вак. музыцы дзейнічала традыцыя крыці, прадстаўленая буйнейшымі інд. музыкантамі 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Ш.Шастры, Цьягараджы і М.Дыкшытара. Муз. спадчына Р.Тагора стала самаст.маст. кірункам — т. зв. Рабіндрасангіт (песні Рабіндраната). Важным стымулам кампазітарскай творчасці стала кінамузыка з відавочнымі тэндэнцыямі да аб’яднання прынцыпаў стылістыкі нац. і зах.-еўрап. школ (А.Бісвас, Х.Кумар, С.Чаўдхуры, Р.Барман, С.Бхаскар і інш.). Сярод выканаўцаў 20 ст. дырыжор З.Мета, інструменталісты Р.Шанкар (сітар), Б.Хан (шэхнаі), Х.Чаўрасья (флейта), Ш Шарма (сантур), З.Хусейн (табла), спевакі браты Д. і К.Гандхарва, Г.Алі Хан, Б.Чатурведзі, спявачкі П.Султана, Субулакшмі, Ш.Гурці. Працуюць: Муз. акадэмія ў Мадрасе (з 1928), Цэнтр мастацтва Кералы (з 1930), Муз.ін-т Гандхарва Махавідзьялая (з 1939), Акадэмія музыкі, танца і драмы ў Дэлі, Нац. цэнтр выканальніцкіх мастацтваў у Бамбеі, муз. школы, каледжы, муз. ф-ты пры ун-тах; выдаюцца муз. часопісы.
Тэатр. Інд.т-р узнік у старажытнасці з 2 відовішчных форм: культавай містэрыі ведыйскай эпохі, звязанай з прадстаўленнямі ў гонар бога-грамавержца Індры, і імправізаванага смехавага прадстаўлення, якое таксама ўзнікла на глебе культавых свят. Пазней гэтыя формы зліліся. Найб. раннія ўпамінанні пра «ната» (дапаможнікі па акцёрскім мастацтве) змешчаны ў граматыцы Паніні (4 ст. да н.э.). Узнікненню класічнага інд.т-ра (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) папярэднічаў нар. традыцыйны т-р, які меў шмат форм, вядомых і ў сучаснай І.: на Пн — муз.-танц. драма ліла (ліла—ігра), заснаваная на сюжэтах стараж.-інд. легенд, міфаў і эпічных твораў «Махабхарата» і «Рамаяна»; на Пд — танц. драма катхакалі (катха — апавяданне, калі — муз. інтэрпрэтацыя), якая ў 18 ст. ператварылася ў высокаразвітую тэатр. форму са сваёй драматургіяй, якшагана аб’яднала танец, дыялог, дэкламацыю і спевы; у Зах. Бенгаліі і Арысе — джатра і інш. Да інд.нар. камедыі належаць прадстаўленні быт. сцэнак кашмірскімі скамарохамі — бхандамі. Для інд.тэатр. традыцыі характэрны кансерватызм і сінтэтычнасць. Сістэма выяўл. сродкаў уключае паэт. слова, вак. і інстр. музыку, танец, пантаміму, драм. мастацтва. Формы нар.т-ра паўплывалі на класічны інд.т-р, які фарміраваўся на працягу 5—1 ст. да н.э. Першы санскрыцкі трактат аб т-ры — «Нацьяшастра» Бхараты («Навука пра тэатр»; 2—4 ст.н.э.) змяшчае звесткі пра паходжанне т-ра, драмы, музыкі, танца, пра арганізацыю сцэнічнай прасторы, маст.-выяўл. сродкі і інш. Распрацавана канцэпцыя раса (вучэнне аб эмоцыі), паводле якой кожнай расе адпавядаў пэўны сюжэт і персанажы. Дэтальна распрацавана мова жэстаў мудра, якая мае больш за 500 сімвалаў і праз чаргаванне, камбінацыі і паставы рук выражае розныя прадметы, дзеянні, эмоцыі, абстрактныя паняцці. У інд. класічнай драме 2 асн. жанры: натака — высокая драма на міфалагічны сюжэт і пракарна, звязаная з нар. смехавым прадстаўленнем. На санскрыце гавораць «высокія» мужчынскія персанажы, на пракрыце — жаночыя і «нізкія» мужчынскія персанажы. Росквіту інд. класічная драма дасягнула ў перыяд імперыі Гуптаў (4—5 ст.; драматургі Бхаса, Шудрака і Калідаса). Акцёраў запрашалі на прыдворныя святы, у палацах будавалі тэатр. залы, ствараліся і ўласныя трупы, часта жаночыя, гарэмныя.
У сярэдневяковай драме працягваліся стараж. традыцыі, аднак жанравыя каноны трансфармаваліся. Папулярным стаў жанр націка — «лёгкая» натака, пабудаваная на захапляльнай інтрызе. У сярэдзіне 19 ст. ўзмацнілася ўздзеянне на інд.т-реўрап. культуры. Адзін са значных тэатр. дзеячаў І. новага часу Р.Тагор, імкнучыся аб’яднаць усх. і зах.тэатр. традыцыі, адкрыў эксперым.тэатр. школу (1891; пазней — ун-т Вішвабхараты). У 1872 бенгальскі драматург Г.Гхош заснаваў Нац. т-р. З 2-й пал. 19 ст. пачала актыўна развівацца драматургія на новаінд. мовах: бенгальскай (Тагор, Д.Мітра, Р.Таркаротна і інш.), хіндзі (Б.Харышчандра, Дж.Прасад, Р.Варма і інш.). Тэатр. жыццё І. актывавалася ў 1940-я г., калі ўзніклі прафес. і аматарскія калектывы. Важнае значэнне мела адкрыццё Акадэміі музыкі, танца і драмы (1953), пры якой з 1959 пачала працаваць першая дзярж.тэатр. школа. Тэатр. жыццё 1970-х г. вызначалася імкненнем да сінтэзу традыц.нац.т-ра з формамі і метадамі зах.-еўрап. т-раў. Папулярны т-р лялек. У сучаснай І. працуюць буйныя прафес. т-ры ў Дэлі, Калькуце, Бамбеі, Мадрасе, Катацы, Бенарэсу і інш., якія звяртаюцца да твораў інд. класічнай і сучаснай драматургіі, сусв. класікі. Спектаклі ставяцца на мовах народаў І. (бенгалі, хіндзі, орыя, гуджараці, канада і інш.).
Кіно. Пачаткам кінавытворчасці ў І. была творчасць мастака-літографа Д.Г.Пхалке [фільм «Раджа Харышчандра» (1913) паводле стараж. міфа пра высакароднага цара], які ўвасобіў на экране прынцыпы традыц.інд.тэатр. драмы (джатры). Ён зняў каля 100 фільмаў на сюжэты міфаў (у т. л. з эпасу «Махабхарата» і «Рамаяна»), якія ўзнімалі нац. годнасць ва ўмовах жорсткай брытанскай цэнзуры. Паслядоўнікі Пхалке — рэж. Б.Пейнтэр і Дж.Ф.Мадан праклалі 2 шляхі інд. кіно: першы імкнуўся да гіст. дакладнасці, другі — да відовішчнасці ў камерцыйных мэтах. Буйнейшымі цэнтрамі кінавытворчасці былі і застаюцца гарады Бамбей, Калькута, Мадрас. Найб. значныя фільмы 1920-х г.: «Светач Азіі» Х.Раі і Ф.Остэна, «Толькі зараз з Англіі» Д.Н.Гангападхая; 1930-х г.: «Прыгажосць свету» А.Ірані (першы гукавы фільм, а таксама фільмы на гіст.-міфалагічныя і сац. тэмы рэж. Д.Бошу, Н.Бошу, П.Ч.Баруа, В.Шантарама, Мехбуба, С.Мадзі. У 1930-я г. склаліся сістэма «зорак» і традыцыя ўключаць у сюжэтнае дзеянне муз.-танц. нумары. Абвяшчэнне ў 1950 Рэспублікі І. дало моцны імпульс для развіцця інд. кіно. Былі экранізаваны творы і сцэнарыі пісьменнікаў М.Р.Ананда, К.Чандра, Прэмчанда, Яшпала і інш. Кіно рэалістычнага кірунку прадстаўлялі рэж. Х.А.Абас [ «Дзеці зямлі», 1946, «Спадарожнік» (у сав. пракаце «Ганга») і «Муна», 1952, «Тысяча начэй на ложку з камення» і «Чужаземец» (у сав. пракаце «Хаджэнне за тры моры»), 1956], Б.Рой [«Два бігхі зямлі», 1953, «Суджата» (у сав. пракаце «Недатыкальная»), 1959, «Нявестка Бірадж» (у сав. пракаце «Бірадж Баху»), 1960, і інш.]. Сусветна вядомыя кінематаграфісты І. 1950—80-х г.: прадстаўнік т.зв. калькуцкай школы, рэж., сцэнарыст, кампазітар С.Рэй («Песня дарогі», «Музычны пакой», «Праціўнік», «Шахматысты», «Алмазнае каралеўства» і інш.); рэж. М.Сен («Дзень вяселля», «Пасляслоўе», «Чужое дзіця», «Гутарка», «Калькута-71», «Радавы», «Хор» (у сав. пракаце «30 000!»)]; рэж. Ш.Бенегал [«Канец ночы», «Абуджэнне», «Роля» (у сав. пракаце «Цяжкая роля»), «Вар’яцтва», «Стагоддзе Калі, або Машынная эра», «Сардары Бегам» і інш.]; акцёр, рэж., прадзюсер Р.Капур (з дынастыі Капураў), які ў 1947 засн. уласную студыю ў Бамбеі, рабіў стаўку на масавыя жанры, у якіх праводзіў гуманіст. ідэі («Бадзяга», «Пан—420», «Чысцільшчык абутку», «Сангам», «Маё імя — клоун», «Бобі», «Любоўная немач» і інш.). Рэжысёры 1980—90-х г.: А.Гапалакрышнан, К.Мехта, А.К.Каўль, М.Ратхам, С.Камал, Г.Ніхлані, К.Ладжмі. Сусв. вядомасць атрымала рэж.-жанчына М.Наір («Салям, Бамбей!», «Місісіпі Масала», «Сям’я Перэз», «Камасутра»). Кіназоркі 1980—90-х г.: Х.Маліні, Ш.Азмі, З.Аман, Рэкха, Шрыдэві, М.Дыксіт, Дж.Чаўла, С.Патыл, Нілам, Р.Агніхотры, А.Бачан, М.Чакраборці, Гавінда, А.Капур. Д.Шорф, Ч.Пандэй. У І. на дзярж. і прыватных кінастудыях здымаецца рэкордная колькасць маст. фільмаў у свеце (у 1990—970 фільмаў) на 15—16 мовах (пераважна на хіндзі). Дзярж.арг-цыя «Філмс дывіжэн» стварае дакумент., анімацыйныя, вучэбныя фільмы.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979;
Альбедиль М.Ф. Протоиндийская цивилизация: Очерки культуры. М., 1994;
Шарма Р.Ш. Древнеиндийское общество: Пер. с англ.М., 1987;
Медведев Е.М. Очерки истории Индии до XIII в.: [Сб. ст.]. М., 1990;
Ашрафян К.З. Средневековый город Индии XIII — середины XVIII в.: (Пробл. эконом. и социальн. истории). М., 1983;
Ванина Е.Ю. Идеи и общество в Индии XVI—XVIII вв. М., 1993;
Политическое развитие и общественная мысль Индии в новое и новейшее время: [Сб. ст]. М., 1976;
Празаускас А.А. Этнос, политика и государство в современной Индии. М., 1990;
Краткая история литератур Индии. Л., 1974;
Калинникова Е.Я. Англоязычная литература Индии. М., 1974;
Проблемы индийского романа. М., 1974;
Художественные направления в индийской литературе XX в.: [Сб. ст.], 1977;
Челышев Е.П. Современная индийская литература. М., 1981;
Шептунова И.И. Живопись Бенгальского возрождения. М., 1978;
Потабенко С.И. Изобразительное искусство Индии в новое и новейшее время (конец XVIII — сер. XX в.). М., 1981;
Дева Б.Чайтанья. Индийская музыка: Пер. с англ.М., 1980;
Менон Рагхава Р. Звуки индийской музыки: Путь к раге: Пер. с англ.М., 1982;
Музыкальная эстетика стран Востока. М., 1967. С. 35—139;
Виноградов В.С. Индийская рага. М., 1976;
Котовская М.П. Синтез искусств: Зрелищные искусства Индии. М., 1982;
Кино Индии. М., 1988.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя Індыі ў 20 ст.), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета, навук. ўстановы), Я.Ф.Шунейка (выяўл. мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка), А.М.Міхеева (тэатр), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Індыі.Да арт.Індыя. Узбярэжжа Аравійскага мора ў штаце Гоа.Да арт.Індыя. Вёска ў перадгор’ях Гімалаяў.Да арт.Індыя. Рысавыя палі на Інда-Гангскай раўніне.Да арт.Індыя. Металургічны камбінат у г. Дург-Бхілаінагар.Да арт.Індыя. Ландшафт на пласкагор’і Дэкан.Да арт.Індыя. Памятны знак на месцы крэмацыі М.Гандзі.Да арт.Індыя. Алеевыціскальшчыкі. Гравюра 18 ст.Да арт.Індыя. Фрагмент фасада храма Кандар’я Махадэо ў в. Кхаджураха. Каля 1000.Да арт.Індыя. У цэнтры Бамбея.Да арт.Індыя. Джайнскі храм Вімала на гары Абу ў Раджастхане. 11 ст.Да арт.Індыя. А.Тагор. Развітанне з сынам. 20 ст.Да арт.Індыя. «Ільвіная капітэль» калоны Ашокі з г. Сарнатх. Каля 243 да н.э.Да арт.Індыя. Буда. Размалёўка ў комплексе Аджанта. 6 ст.Да арг.Індыя. Птушкі. Магольская мініяцюра. 17 ст.Да арт.Індыя. Ілюстрацыя да «Бабурнамэ». 16 ст.Да арт.Індыя. Галава Буды з Гандхары. 5 ст.Да арт.Індыя. Радха і Крышна. Школа Пахары. 18 ст.Да арт.Індыя. Індыйскія танцы ў класічных стылях (злева направа): маніпуры, бхарат нацья, катхак.Да арг.Індыя. Выканаўцы на сітары і табла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВА́ (Lietuva),
Літоўская Рэспубліка (Lietuvos Respublika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Латвіяй, на У і ПдУ з Беларуссю, на ПдЗ з Польшчай і Расіяй, на З абмываецца водамі Балтыйскага м.Пл. 65,2 тыс.км². Нас. 3,6 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — літоўская. Сталіца — г.Вільнюс. Падзяляецца на 10 паветаў і 11 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. свята — Дзень незалежнасці Літоўскай дзяржавы (16 лютага).
Дзяржаўны лад. Л. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме 25.10.1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сейм (141 дэпутат). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт сумесна з урадам на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Л. займае паўн.-зах. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны. На нізінным узбярэжжы Балтыйскага м. грады дзюн і пясчаныя пляжы. Куршская каса аддзяляе мелкаводны Куршскі зал. ад мора. Большая ч. тэрыторыі — нізіны (53%); на З і У — узгорыстыя ўзвышшы: Жэмайцкае ўзвышша і Балтыйская града, у межах якой вылучаюць Аўкштайцкае, Дзукскае і Судуўскае ўзвышшы. Паміж Балтыйскай градой і Жэмайцкім узв. размешчана Сярэднелітоўская нізіна. На крайнім У і ПдУ рэспублікі зах.ч. Свянцянскіх і Ашмянскай марэнных град — Мядзінінскае ўзв. (выш. да 292 м, г. Юазапіне, найвыш. пункт Л.), на ПнУ — Швенчонскае ўзв. Тэрыторыя Л. належыць да Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы. Крышт. фундамент залягае на глыб. 300—2000 м, укрыты пермскімі, мезазойскімі (на З і Пд), дэвонскімі (на ПнУ) і антрапагенавымі адкладамі. Карысныя выкапні: торф, вапнякі, даламіты, гліны, мел, нафта, бурштын. Ёсць крыніцы мінер. вод і лек. тарфяныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. -4,9 °C, ліп. 17,2 °C. Ападкаў ад 540 мм на Сярэднелітоўскай нізіне да 930 мм на паўд.-ўсх. схілах Жэмайцкага ўзв.Гал. рака — Нямунас (Нёман) з прытокамі Нярыс (Вілія), Мяркіс, Нявежыс, Дубіса, Шашупе. Каля 3 тыс. азёр (1,5% тэрыторыі) пераважна ледавіковага паходжання; найбуйнейшыя — Друкшай (пл. 45 км²) і Дзіснай (24,9 км²). Каля 40 тыс. тарфяных балот (6%). Глебы дзярнова-падзолістыя (45%), балотна-падзолістыя (17%), дзярнова-карбанатныя (10%), карбанатныя глеева-падзолістыя (8%) і інш. Лясы займаюць каля 30% тэрыторыі. Пераважаюць хвойныя (хвоя, елка); у цэнтр. частцы — шыракалістыя лясы. Найб. лясістасць на ПдУ. У Л. пашырана фауна тайгі і шыракалістых лясоў, яна ўключае 61 від млекакормячых, 290 відаў птушак, 7 відаў паўзуноў, 11 відаў земнаводных, 57 відаў рыб. У лясах водзяцца плямісты алень, лось, казуля, дзік, рысь і інш.Прамысл. птушкі: цецярук, качка, глушэц, рабчык. З марскіх рыб пашыраны салака, балт. селядзец, траска, камбала, з прэснаводных — лешч, плотка, карась, вугор, акунь і інш. Запаведнікі: Жувінтас, Чапкяляй, Каманос. Нац. парк Л.
Насельніцтва. Літоўцы складаюць каля 81% насельніцтва. Жывуць таксама рускія (8,5%), палякі (7%), беларусы (1,5%), украінцы (0,9%), яўрэі (0,4%) і інш. Літоўцы жывуць па-за межамі краіны, у т. л. ў ЗША, Канадзе, Бразіліі, Аргенціне, Германіі, Расіі і краінах Усх. Еўропы. Большасць вернікаў — католікі, ёсць праваслаўныя і пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 56,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены прыгарады Вільнюса і Каўнаса (да 100 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва складае 68%. Найб. гарады (1996, тыс.чал.): Вільнюс — 590, Каўнас — 429, Клайпеда — 206, Шаўляй — 148, Паневяжыс — 132.
Гісторыя. Чалавек на тэр. сучаснай Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (10—4-е тыс. да н.э.), калі яго гал. заняткамі былі паляванне і лоўля рыбы. З пач. 2-га тыс. да н.э. тут з’явіліся індаеўрапейцы — продкі балтаў, якія займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. вядомы балцкія гарадзішчы. Балты згадваюцца Тацытам y 1 ст.н.э. ў сувязі з промыслам бурштыну. З пач. 1 ст.н.э. яны пачалі вырабляць прылады працы з жалеза, з 9—12 ст. выкарыстоўвалі саху з жал. наканечнікам. Тэрмін «Літва» ўпершыню ўжываецца ў пісьмовых крыніцах у пач. 11 ст. Фарміраванне літ. этнасу адбывалася на тэр. сучаснай Л. і паўн.-зах. Беларусі з пач. 2-га тыс.н.э. Гэты час адзначаны частымі ваен. сутыкненнямі продкаў літоўцаў з суседнімі народамі і плямёнамі, у т. л. з усх. славянамі (1040, 1132, 1191, 1201 і інш.).
У 10—12 ст. на тэр. сучаснай Л. ўтварыліся аб’яднанні плямён: судувы, куршы, селы, скалвы, літва і інш., частку якіх у 1236—40 князь Міндоўг (з 1250 кароль) аб’яднаў у адзіную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ). Ва ўтварэнні гэтай дзяржавы прымалі ўдзел княствы бел. зямель, а яе першы вял.кн. Міндоўг каранаваўся ў Навагрудку, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічаць гэты горад першай сталіцай ВКЛ. З пач. 13 ст. землі літоўцаў і інш. балтаў сталі гал. напрамкам ням. экспансіі на Усход (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У бітвах каля Саўле (1236), воз. Дурбе (1260), на р. Стрэва (1348), пад Коўна (1362) і інш.ням. рыцары былі разбіты. Аднак нягледзячы на падтрымку балцкіх плямён з боку войск ВКЛ, Тэўтонскі ордэн паступова прасоўваўся на Усход; розныя часткі тэр. Л. (пераважна Жамойць) і яе суседзі (найперш прусы) траплялі пад уладу крыжаносцаў (гл.Мантаса паўстанне). Палітыку Міндоўга і Віценя па процідзеянні крыжацкаму ордэну і далучэнні да ВКЛ новых зямель паспяхова прадаўжалі вял. князі ВКЛГедзімін і яго сын Альгерд. У час іх праўлення ВКЛ стала вял. і магутнай дзяржавай Еўропы, а яе новая сталіца Вільня (гл.Вільнюс) — важным паліт. цэнтрам, асяродкам культуры, цэнтрам рамяства і гандлю. Эканам. і ваен. моц ВКЛ яскрава праявілася ў бітве каля Сініх Вод 1362. Паспяховыя дыпламат. намаганні князёў ВКЛ, у т. л. заключэнне Ягайлам Крэўскай уніі 1385, Востраўскія пагадненні 1392, а таксама прыняцце каталіцтва насельніцтвам Аўкштайціі (1387) і Жамойці (1413) спрыялі росту міжнар. прэстыжу ВКЛ. У гэтых умовах паскорыліся працэсы зліцця этн. груп продкаў літоўцаў у агульную народнасць і асіміляцыі імі некаторых зах.-балцкіх і латв. плямён (паўн. прусаў, яцвягаў, земгалаў і інш.) Аднак паражэнне войска ВКЛ на чале з Вітаўтам у бітве на Ворскле 1399 змяніла суадносіны сіл паміж дзяржавамі Усх. Еўропы, прымусіла ВКЛ заключыць Віленска-Радамскую унію 1401 з Польшчай. Гэты саюз не аблегчыў барацьбу ВКЛ з усх. суседзямі (паводле Угрскага дагавора 1408 граніца ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы прайшла па р. Угра), але садзейнічаў паспяховым сумесным паходам аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы супраць Тэўтонскага ордэна і перамозе ў Грунвальдскай бітве 1410. Паводле вынікаў вайны (гл.Тарунскі мір 1411) Жамойць увайшла ў склад ВКЛ. Перамога над крыжакамі палепшыла міжнар. становішча ВКЛ, садзейнічала эканам. росту, развіццю гандлю з суседзямі і інш.Дзярж. і культ. жыццё ў ВКЛ, у т. л. на тэр. этнічнай Л., у гэты час у значнай ступені праходзіла пры дамінуючай ролі бел. фактару (бел. мова была дзяржаўнай). Гэтая культ. спадчына ўзбагацілася ў віленскі перыяд дзейнасці Ф.Скарыны, традыцыі якога прадоўжыў літ. асветнік М.Мажвідас. Значнымі дасягненнямі ў дзярж. і культ. жыцці ВКЛ былі адкрыццё ў Вільні акадэміі (1579, гл.Віленскі універсітэт), прыняцце Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Аднак становішча ВКЛ паступова пагаршалася: адбываліся паўстанні сялян (1418, 1535—37, 1545 і інш.), выступленні груповак знаці супраць вярх. улады (гл.Глінскіх мяцеж 1508), вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 і інш. войны паміж гэтымі дзяржавамі. Асабліва цяжкай была Лівонская вайна 1558—83. Пасля Люблінскай уніі 1569 і стварэння федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітайдзярж. ўстановы ў ВКЛ паступова пачалі дзейнічаць на польскі ўзор, пашыраўся польскі культ. і моўны ўплыў. З сярэдзіны 17 ст.бел. мова практычна выйшла з ужытку ў цэнтр.дзярж. органах, звужалася і сфера ўжывання літ. мовы. Але ВКЛ захавала гал. інстытуты сваёй дзяржаўнасці: заканадаўства, суды, войска, казну, асобную тэрыторыю, якая аднак значна зменшылася пасля далучэння непасрэдна да Польшчы ўкр. зямель, а таксама ў выніку ўзбр. канфліктаў з суседнімі дзяржавамі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай вайны 1655—60 са Швецыяй рас. і шведскія войскі занялі частку тэр.ВКЛ, у т. л. Вільню. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай літ. і бел. землі засталіся ў складае ВКЛ. З сярэдзіны 17 ст. адбывалася гасп. і культ. адраджэнне, якое з-за Паўночнай вайны 1700—21 змянілася заняпадам ВКЛ. Цэнтр. ўлада ВКЛ слабела, з 2-й пал. 17 ст. асобныя сеймы на тэр.ВКЛ не склікаліся. Партыі знаці, аб’яднаныя ва ўзбр. канфедэрацыі, вялі міжусобныя войны (1700, 1767, 1792 і інш.). Складанымі заставаліся адносіны паміж рэліг. канфесіямі, асабліва паміж каталіцкім і правасл. насельніцтвам ВКЛ.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 большая частка тэр. Л. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (у 1797 тут створана Літоўская губ.), астатняя — у склад Прусіі. У 1801 утворана Віленская губерня, у 1843 — Ковенская губерня. Вял. страты прынесла вайна 1812. Пасля паўстання 1830—31 былі закрыты Віленскі ун-т, медыка-хірург. і духоўная акадэміі. Пасля задушэння паўстання 1863—64рас. ўлады забаранілі навучанне літ. мове ў школах і літ. выданні лац. шрыфтам. Указам ад 4.1.1866 абмежавана права набыцця зямлі літоўцамі-католікамі. Разам з тым рэформы, праведзеныя пасля паўстання, паскорылі развіццё сельскай гаспадаркі; буд-ва чыгунак (у 1861—62 Пецярбургска-Варшаўскай, у 1871—73 Лібава-Роменскай) садзейнічала развіццю гандлю, росту гарадоў, у якіх паступова павялічвалася колькасць рабочых і іх арг-цый (у 1895 засн. Цэнтр літ. сацыял-дэмакратыі, у 1900 — партыя Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). Насельніцтва Л. ўдзельнічала ў агульнарас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну большая частка Л. акупіравана герм. войскамі.
У вер. 1917 створана Літоўская Тарыба (Савет), якая 11.12.1917 прыняла Дэкларацыю аб незалежнасці літ. дзяржавы ў саюзе з Германіяй, а 16.2.1918 — Акт аб незалежнасці Л. і стварыла ўрад на чале з А.Вальдэмарасам. Супраць Тарыбы і ўрада выступілі бальшавікі Л., быў створаны часовы рабоча-сялянскі ўрад, а пасля ўступлення ў Л. Чырв. Арміі — Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (Літбел) са сталіцай у Вільні. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР 12.7.1920 і абвяшчэння незалежнасці БССР 31.7.1920 Літбел спыніла існаванне. З увядзеннем пасады прэзідэнта Л. (крас. 1919) і пасля склікання Устаноўчага з’езда Л. (15.5.1920) Літ. Тарыба страціла свае функцыі. У складаных міжнар. абставінах польскія войскі неаднаразова захоплівалі Віленскі край і Вільню (1.1.1919, 21.4.1919, 9.10.1920), што прывяло да Віленскага канфлікту 1920—39, стварэння Сярэдняй Літвы (у 1922 уключана ў склад Польшчы). Літ.-польск. адносіны ўскладніліся. Часовай сталіцай Л. стаў г. Каўнас (да 1940), дзе 1.8.1922 прынята Канстытуцыя, якая абвясціла Л. парламенцкай рэспублікай. Пасля выбараў у 3-і сейм (май 1926) узмацнілася ўнутрыпаліт. барацьба. 17.12.1926 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, здзейснены афіцэрамі Каўнаскага гарнізона на чале з палк. І.Пятруйцісам пры садзеянні кансерватыўнай партыі таўцінінкаў. Улада перайшла да А.Сметаны, які быў выбраны прэзідэнтам краіны. Канстытуцыі Л. 1928 і 1938 юрыдычна замацавалі ўсталяванне ў Л. правай дыктатуры; у 2-й пал. 1930-х г. забаронены ўсе партыі, акрамя правячай таўцінінкаў. Польшча (сак. 1938) і Германія (сак. 1939) прад’явілі Л. ультыматумы, з прыняццем якіх Л. юрыдычна адмовілася ад Вільні на карысць Польшчы і Клайпеды на карысць Германіі. Ва ўмовах росту нестабільнасці ў літ. грамадстве 28.3.1939 створаны ўрад «сумеснай працы» на чале з ген. І.Чэрнюсам, які ў пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй і СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 падпісаў 10.10.1939 у Маскве Дагавор «Аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы г. Вільнюса і Віленскай вобл. і аб узаемнай дапамозе паміж СССР і Літвой»; у адпаведнасці з дагаворам 14.6.1940 у Л. ўведзены сілы Чырв. Арміі. Прэзідэнт Сметана 15.6.1940 эмігрыраваў у Германію. 17.6.1940 створаны ўрад на чале з Ю.Палецкісам, які правёў выбары ў сейм. 21.7.1940 сейм абвясціў стварэнне Літ. ССР, уключанай 3.8.1940 у склад СССР (літ. армія як 29-ы стралк. корпус увайшла ў склад Чырв. Арміі). У жн. 1940 Л. перададзена частка тэр.БССР (каля 2,6 тыс.км² з насельніцтвам 82 тыс.чал.). Летам 1940 паводле рашэння ўрада Літ. ССР пачаўся перавод з Каўнаса ў Вільнюс цэнтр.дзярж. устаноў. Пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі і нацыяналізацыя прам-сці; адбылася першая хваля дэпартацыі часткі насельніцтва ў глыб СССР. У чэрв. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. На тэр. рэспублікі дзейнічалі каля 10 тыс.сав. партызан і падпольшчыкаў, значная частка якіх прыходзіла з Беларусі (пераважна з Бягомльскай партыз. зоны). Частка насельніцтва Л. супрацоўнічала з акупац. ўладамі (на баку немцаў дзейнічалі літ.ваен. і паліцэйскія фарміраванні). У выніку Вільнюскай аперацыі 1944, Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр. Л. да лют. 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. На франтах Вял.Айч. вайны ў складзе Чырв. Арміі ваявала каля 100 тыс. літоўцаў, у т. л. больш за 12 тыс. у 16-й Літ.стралк. дывізіі. Пасля вайны частка насельніцтва не прыняла сав. ўладу, удзельнічала ва ўзброеным супраціўленні, у выніку чаго многія з іх былі дэпартаваны ў Сібір і інш. рэгіёны СССР. У 1948 прам-сць Л. дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана яе сельская гаспадарка Сярод інш.сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту, у т. л. ў сельскай гаспадарцы (жывёлагадоўля і інш.). У час палітыкі «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваўся незалежніцкі рух. У чэрв. 1988 створаны літ. рух «Саюдзіс» (старшыня В.Ландсбергіс), які перамог у лют. 1990 на выбарах у Вярх. СаветЛіт. ССР. 11.3.1990 новы літ. парламент прыняў Акт аб аднаўленні дзяржаўнасці. У вер. 1991 СССР прызнаў незалежнасць Літ. Рэспублікі. Першым яе прэзідэнтам стаў А.Бразаўскас (1992—97), са снеж. 1997 прэзідэнт краіны В.Адамкус. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў у рэфармаванні гаспадаркі краіны. Л. — член ААН (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 10.9.1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 30.12.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя працы Л. (пераемніца Камуніст. партыі Л.), Дэмакр. партыя Л. (пераемніца аднайм. партыі, што існавала ў 1902—20), Літ.с.-д. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя Л., «Саюдзіс» («Рух»), «Тэвінес саюнга» («Саюз Айчыны»), «Саюз Цэнтра», Сял. партыя, Партыя жанчын Л. Дзейнічаюць 6 прафс. цэнтраў, 56 галіновых прафсаюзаў (1997).
Гаспадарка. Л. — краіна з індустр.-агр. эканомікай. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 7762 млн.дол. ЗША, 2120 дол. на душу насельніцтва.
Доля прам-сці і буд-ва ў ВУП 35,6%, сельскай гаспадаркі (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) — 9,4%, сферы паслуг — 55%. У галіновай структуры прамысловасці вядучае месца належыць машынабудаванню, электраэнергетыцы, хім., лёгкай і харч. прам-сці, вытв-сці буд. матэрыялаў. Паліўна-энергет. комплекс выкарыстоўвае пераважна імпартнае паліва (нафта, газ) і ўласныя рэсурсы (торф, гідрарэсурсы). Магутнасць электрастанцый 6,2 млн.кВт. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996—17,1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя электрастанцыі: Літоўская ДРЭС, Каўнаская ГЭС, Мажэйкская і Вільнюская ЦЭЦ, Кайшадорская ГАЭС і Ігналінская АЭС. Здабыча нафты (70 тыс.т, 1994) і торфу. У г. Мажэйкяй працуе адзіны ў Прыбалтыцы нафтаперапрацоўчы з-д. У машынабудаванні вылучаюцца радыёэлектроніка, станкабудаванне, с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Вільнюс (станкі, электрарухавікі, радыёвымяральныя прылады, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны), Каўнас (станкі, электраматоры, радыётэхніка), Паневяжыс (вырабы дакладнай механікі, электракампрэсары, кабель), Шаўляй (тэлевізары), Клайпеда (судны, суднарамонт), Алітус (халадзільнікі) і інш. Металаапрацоўка ў Вільнюсе, Каўнасе, Вілкавішкісе, Гаргждаі. Хім.прам-сць працуе на прывазной сыравіне з Расіі (газ, апатыты) і спецыялізуецца на вытв-сці мінер. угнаенняў (0,3 млн.т, Кедайняй, Іонава). Фармацэўтычная прам-сць у Вільнюсе і Швенчонісе. Дрэваапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю паперы, кардону, цэлюлозы, піламатэрыялаў, мэблі, фанеры (Вільнюс, Каўнас, Шаўляй, Іонава, Клайпеда і інш.). Вытв-сць паперы і кардону — 30,7 тыс.т, піламатэрыялаў — 1,3 млн.м³ (1996). Сярод галін лёгкай прам-сці вылучаецца тэкст.прам-сць. На мясц. і імпартнай сыравіне працуюць прадпрыемствы па вытв-сці баваўняных (Алітус, Клайпеда), ільняных (Паневяжыс, Біржай, Плунге), шарсцяных (Каўнас, Крэцінга) тканін, трыкат. (Каўнас, Вільнюс, Клайпеда, Уцена, Цельшай), гарбарнаабутковых (Вільнюс, Мажэйкяй) і дывановых (Лентварыс) вырабаў. У 1996 выпушчана тканін 60,3 млн.м², абутку 1,7 млн. пар. У многіх гарадах прадпрыемствы швейнай прам-сці. Традыцыйна важнае месца сярод галін прам-сці займае харчовая. Развіты малочная, масласыраробная, мясная, мукамольная, цукр., агароднінакансервавая, рыбная і рыбакансервавая галіны. Вытв-сць (тыс.т, 1996) масла —34,8, мукі — 131,5, цукру — 136,3. Ёсць шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, шыфер, цэмент, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, шкло). Развіты маст. промыслы: апрацоўка бурштыну (Клайпеда, Паланга), вытв-сць керамікі, разьба па дрэве, цісненне скуры. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, беконнай свінагадоўлі і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1065, свіней — 1270, авечак — 32, коней — 78. Земляробства абслугоўвае патрэбы жывёлагадоўлі. С.г. ўгоддзі займаюць 3,5 млн.га, у т. л. пасяўныя плошчы — 2,3 млн.га (1996). Пад збожжавымі 48%, кармавымі 45%, бульбай 4,5%, тэхн. культурамі 1,6%. Сярод збожжавых (збор 2,5 млн.т) пераважаюць жыта, пшаніца, авёс, ячмень, з тэхн. культур — лён-даўгунец, цукр. буракі. Садоўніцтва. Кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—49,5 тыс.т. Асн. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 2021 км (у т. л. 122 км электрыфікавана), аўтадарог 56,7 тыс.км. Развіты марскі і рачны транспарт. Марскі флот налічвае 45 суднаў агульнай грузападымальнасцю 275,9 тыс. брута-рэг. т. Марскі порт — Клайпеда, рачны — Каўнас. Паромная пераправа звязвае Клайпеду з г. Мукран (Германія). Аэрапорты ў Вільнюсе, Каўнасе, Паланзе. Экспарт (3,4 млрд.дол. ЗША, 1996): тэкстыль, харч. прадукты, мінер. ўгнаенні, прадукцыя машынабудавання і інш. Імпарт (4,4 млрд.дол. ЗША, 1996): нафта, газ, машыны, тэкстыль, мінер. ўгнаенні. Асн.гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя (24% экспарту, 25% імпарту), Германія (12,8%, 15,8%), Беларусь (10,2%, 2,4%), Латвія, Украіна, Польшча. Беларусь экспартуе ў Л. прадукты нафтаперапрацоўкі, калійныя ўгнаенні, хім. валокны і інш., імпартуе электраэнергію, фосфарныя ўгнаенні, рыбу, лек. сродкі і інш. Курорты: Друскінінкай, Паланга, Нерынга, Бірштанас, Пабіржэ. Грашовая адзінка — літ.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі), а таксама сіл хуткага разгортвання. Агульная колькасць каля 19 тыс.чал. (1998), у т. л. 5,2 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які кіруе ўзбр. сіламі праз міністра аховы краю і нач. аб’яднанага штаба. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы 12 мес. У сухап. войсках больш за 4 тыс.чал., 24 бронетранспарцёры, 10 баявых разведвальна-дазорных машын, 18 мінамётаў і безадкатных гармат. У ВПС 550 чал., 10 самалётаў, 8 верталётаў. У ВМС 500 чал., 4 караблі, у т. л. 2 баявыя (фрэгаты), 3 патрульныя катэры. Сілы хуткага разгортвання ў складзе 3 батальёнаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 62,6, жанчын 74,4 года. Смяротнасць — 13 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86, урачамі — 1 на 225 чал. Узровень нараджальнасці — 14 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 16 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У сістэме дашкольных устаноў існуюць дзіцячыя сады-школы, у якіх дзеці знаходзяцца да 4-га класа.
Агульнаадук. школа падзяляецца на асноўную (1—9-ы кл., у т. л.пач. школа — 1—4-ы кл. для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту) і сярэднюю (3 гады навучання пасля асн. школы, 10—12—ы кл.). Пасля 8-га класа ўводзіцца дыферэнцыяцыя навучання з шырокімі магчымасцямі выбару альтэрнатыўных прадметаў, у 11—12-м кл. навучанне набывае гуманіт., прыродазнаўча-навук., камерцыйны або тэхнал. профіль. Найб. здольныя вучні могуць атрымаць сярэднюю адукацыю ў гімназіі, дзе падтрымліваецца больш высокі ўзровень выкладання. Навучанне вядзецца на літ. мове. Існуюць школы нац. меншасцей, у т. л. беларускія. Прафес. падрыхтоўку даюць прафес. школы на базе асн. школы (3—4 гады навучання) і сярэдняй (1—2 гады), сярэднюю спец. адукацыю — навуч. ўстановы верхняга ўзроўню (каледжы і вышэйшыя школы) на базе сярэдняй школы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. У 1998/99 навуч.г. ў Л. 150 дзіцячых садоў-школ, у т. л. 2 прыватныя; 2,4 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. 23 прыватныя; 59 гімназій, 29 школ маюць класы-гімназіі; Вільнюскі ліцэй дакладных, тэхн. навук і прыродазнаўства; 105 прафес. школ, у т. л. 40 с.-г., 70 вышэйшых школ, у т. л. 18 прыватных; 15 ВНУ. Буйнейшыя універсітэты: Вільнюскі (гл. таксама Віленскі універсітэт), вільнюскія пед. і тэхн., Каўнаскі тэхнал. (у яго складзе ін-тфіз. электронікі), Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, Клайпедскі; Літоўскія акадэміі: ваен., муз., паліцэйская, вет., сельскай гаспадаркі, мастацтва (усе ў Вільнюсе), мед. (у Каўнасе). Найбольшыя б-кі: Літ.нац. імя М.Мажвідаса, Вільнюская цэнтр. (мае 34 філіялы), Літоўская мед., тэхн., с.-г.; музыкі і мастацтва, Літ.т-ва сляпых (усе у Вільнюсе). Буйнейшыя музеі: мастацтва Л., прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя, Вільнюская карцінная галерэя, Палац Радзівілаў, Літ. музей ахвяр генацыду, Літ.дзярж. музей, Дзярж.яўр. музей, Цэнтр сучаснага мастацтва (усе ў Вільнюсе); Музей творчасці М.К.Чурлёніса, Музей А.Жмуйдзінавічуса (Музей чарцей), Карцінная галерэя М.Жылінскаса, Ваенны музей імя Вітаўта Вялікага, Літ. музей Майроніса (усе ў Каўнасе); Карцінная галерэя і Музей гадзіннікаў у Клайпедзе, Музей бурштыну ў Паланзе, гістарычны ў г. Тракай, Музей літ.сял. побыту ў Румшышкасе, Гісторыка-археал. музей-запаведнік у Кярнаве, Дом Томаса Мана ў Нідзе. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. ін-тах і ўстановах (усяго больш за 40), у 4 ін-тах Каўнаскай мед. акадэміі, на кафедрах ун-таў і акадэмій.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. выдаецца больш за 600 штодзённых газет, з іх больш за 500 на літ. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты на літ. мове «Valstiečiu Laikraštis» («Сялянская газета», з 1940), на літ. і рус. мовах — «Lietuvos aidas» («Рэха Літвы», з 1917), «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы», з 1989), «Respublika» («Рэспубліка», з 1988), на рус. і літ. мовах — «Вечерние новости» (з 1958) і інш.Інфарм. агенцтва: Літ. тэлеграфнае агенцтва (ЭЛЬТА, з 1920). Радыё з 1926 (2 праграмы, на літ., рус., польск. мовах, за мяжу — на літ. і англ. мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы і інш. гарадоў СНД. Тэлебачанне з 1957 (на літ., рус. і польск. мовах).
Літаратура. Вытокі л-ры Л. ў фальклоры (песні-дайны, казкі, паданні, прыказкі і інш.) і ў пісьмовых разнамоўных крыніцах. Найб.стараж. помнікі пісьменнасці Л. — летапісы 14—16 ст. на старабел. мове — афіц. мове ВКЛ. У іх ёсць элементы міфалогіі, нар. паданні, легенды, якія пазней жывілі маст. л-ру Л. Пісьменнасць 16—17 ст. развівалася на лац. (на ёй з 1579 вялося навучанне ў Віленскім ун-це) і польск. мовах. Захаваўся адзіны стараж. помнік на літ. мове — тэкст малітвы пач. 16 ст. У 16—17 ст.найб. значныя творы пра мінулае Л., яе прыроду на лац. мове стваралі М.Гусоўскі, А.Каяловіч, М.Літвін, Я.Радван, П.Раізій, М.Сарбеўскі, А.Шротэр, на лац. і польск. — А.Волан, А.Ратундус, на польск. — М.Стрыйкоўскі. Да 19 ст.л-ра Л. стваралася і ў т.зв. Малой Л. — Усх. Прусіі. Помнікі старажытнасці мелі пераважна рэліг. характар. Першыя пераклады рэліг. песнапенняў на літ. мову зрабілі дзеячы Рэфармацыі праф. Кёнігсбергскага ун-та С.Рапалёніс і А.Кульвеціс. Першая кніга на літ. мове — «Катэхізіс» М.Мажвідаса (1547), якая ўключала літ. буквар і песнапенні. Значны ўклад у развіццё пісьменнасці Л. зрабілі першы перакладчык Бібліі на літ. мову, аўтар кнігі казанняў І.Брэткунас, аўтар першай літ. граматыкі (1653), кнігі духоўных песнапенняў (кантаў) і малітоўніка Д.Клейнас. Пачынальнік літ. пісьмовай л-ры М.Даўкша — перакладчык на літ. мову катэхізіса Я.Лядэсмы (1595) і зб. пропаведзяў Я.Вуека «Посціла каталіцкая» (1599). Важную ролю ў станаўленні стараліт. пісьменнасці адыгралі К.Шырвідас, укладальнікі і перакладчыкі духоўных твораў М.Петкявічус, С.Славачынскіс, С.Хілінскіс, І.Якнавічус, С.Яўгеліс-Целега. Спробы ўнармавання літ. пісьмовай мовы былі ў 18 ст.: граматыкі, слоўнікі, калектыўны пераклад Бібліі (1735), пачаты збор і выданне фалькл. твораў (І.Брадоўскіс, М.Мерлінас, К.Мілкус, Г.Остэрмеер, П.Руйгіс). Першую кнігу свецкага зместу «Байкі Эзопа» выдаў І.Шульцас (1706). Пачынальнік літ.маст. л-ры — К.Данелайціс, аўтар паэмы «Поры года» (каля 1760—70, выд. ў 1818). Развіццю л-ры ў 18 ст. спрыяла дзейнасць Л.Рэзы і Ф.Куршайціса. У пач. 19 ст. цэнтрам культуры Л. стаў Віленскі ун-т. Вядучае месца ў л-ры займала паэзія: байкі, эпіграмы, паэмы (С.Валюнас, А.Клементас, Д.Пошка, С.Станявічус, А.Страздас). Найб. значны твор гэтага перыяду — паэма «Анікшчайскі бор» (1860—61) А.Баранаўскаса. У 1-й пал. 19 ст. зарадзілася маст. проза. Важную ролю ў яе станаўленні адыгралі гіст. працы з элементамі маст. прозы С.Даўкантаса, адметныя рамантычна-прыўзнятым асэнсаваннем мінулага краіны, узвышанасцю стылю. Каларытнасцю і выразнасцю нар. мовы вызначалася аповесць М.Валанчуса «Юзэ з Палангі» (1869), заснаваная на этнагр. і фалькл. матэрыяле. Развіццё л-ры Л. стрымлівала забарона царскімі ўладамі друку на літ. мове (1864—1904). Цэнтры друку пачалі стварацца па-за межамі Л. — ва Усх. Прусіі, ЗША. У перыяд абуджэння нац. руху ў Л. ўзнік рамантызм. Найб. яркі яго прадстаўнік Майроніс (кн. «Галасы вясны», 1895), паэзія якога садзейнічала развіццю асноў сілаба-танічнага вершаскладання, фарміраванню літ. мовы. Элегічнымі матывамі вызначалася лірыка П.Вайчайціса, патрыят. гучаннем, сатыр. паказам сац. з’яў — паэзія і проза В.Кудзіркі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў л-ры замацоўваюцца прынцыпы рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні вясковай тэматыкі Жэмайтэ). Традыцыі самабытнай рэаліст. прозы развівалі Ю.Тумас-Вайжгантас, Лаздзіну Пеледа (сёстры М. і С.Ластаўскене), Г.Пяткявічайтэ-Бітэ, Шатрыёс Рагана. У жанры рамана выступіў В.Петарыс, аўтар першага гіст. рамана «Альгімантас» (выд. 1904—05). Актывізацыі літ. і культ. жыцця ў пач. 20 ст. садзейнічала адмена забароны друку на нац. мове. Узніклі разнастайныя літ. плыні. Рэаліст. і фалькл. традыцыі спалучаны ў драме «Шарунас» (1911), «Паданнях Дайнаўскай даўніны» (1912), аповесцях і навелах В.Крэве; лірыцы Л.Гіры. Развіваліся неарамантызм, мадэрнізм (Ю.Гербачаўскас), рэалізм (І.Білюнас, А.Венуоліс). Рысы імпрэсіянізму і экспрэсіянізму выявіліся ў прозе К.Пуйды, Ю.Савіцкіса, І.Шэйнюса, сімвалізму і містыцызму — у драматургіі Відунаса (драмы «Цені прашчураў», 1908, і «Вечны агонь», 1912). Характар літ. працэсу ў 1918—40 вызначалі Майроніс (гіст. драмы ў вершах, балады), Тумас-Вайжгантас (апавяданні, аповесці, раман), Відунас (драмы), Пуйда (гіст. раман «Magnus Dux», 1936) і інш. У паэзіі і драме пераважаў сімвалізм (Ю.Балтрушайціс, В.Вайчунас, Ф.Кірша, В.Мікалайціс-Пуцінас, С.Сантварас, Б.Сруога), у творчасці футурыстычнай групоўкі «Чатыры вятры» (К.Бінкіс, Ю.Ціслява, С.Шэмерыс і інш.) — рысы экспрэсіянізму і рэалізму. Ідэйна-эстэт. прынцыпы неарамантызму развівалі маладыя паэты І.Айсціс, Б.Бразджоніс, А.Мішкініс, С.Нерыс і інш. Імпрэсіянісцка-неарамантычнай арыентацыі ў празаічных творах прытрымліваліся А.Вайчулайціс, Шэйнюс, К.Янкаўскас. Пашырыўся жанрава-стылявы, ідэйна-тэматычны дыяпазон твораў рэаліст. кірунку, вырас іх маст. ўзровень: псіхал. раман «У цені алтароў» Мікалайціса-Пуцінаса (1933), гіст. раман «Лёс Шымонісаў» Е.Сіманайцітэ (1935), празаічныя творы А.Венцлавы, Ю.Грушаса, Л.Давідзенаса, І.Марцінкявічуса, В.Рамонаса, П.Цвіркі і інш. Матывы вызв. барацьбы гучалі ў творах пісьменнікаў Віленскага краю, што ўваходзіў у склад Польшчы: у паэзіі — О.Міцютэ, А.Жукаўскас, Ю.Кекштас, у прозе — Р.Мацконіс. Гіст. абставіны пач. 1940-х г. паўплывалі на асабістыя лёсы пісьменнікаў Л., на характар маст. асэнсавання рэчаіснасці ў іх творах. У гады 2-й сусв. вайны многія пісьменнікі трапілі за межы краіны (Ю.Балтушыс, Гіра, Нерыс, Цвірка і інш.), асобныя апынуліся на фронце (В.Мазурунас, Э.Межэлайціс, П.Шырвіс), іх творчасць была прасякнута матывамі тугі па часова страчанай радзіме. У гады ням.-фаш. акупацыі ствараліся высокамаст. творы: лірычныя вершы і паэмы Нерыс, апавяданні Цвіркі, зборнікі філас. лірыкі Бразджоніса, Балтрушайціса, Мікалайціса-Пуцінаса. У л-ры з’явіліся новыя імёны (К.Брадунас, В.Мачэрніс). У 1944 многія пісьменнікі Л. эмігрыравалі на Захад (Брадунас, Бразджоніс, Кірша, Крэве, І.Мякас, Г.Нагіс, А.Ніка-Нілюнас, Г.Радаўскас, А.Шкема і інш.). Замежнае т-валіт. пісьменнікаў выдавала літ. газеты і часопісы, кнігі, падручнікі. Вярнуліся на радзіму асобныя пісьменнікі з СССР, з ням.-фаш. канцлагера (Сруога), на радзіме плённа працавалі К.Борута, Вайчунас, Венуоліс, Мікалайціс-Пуцінас, Мішкініс, Сіманайцітэ і інш. Пачаўся складаны працэс развіцця л-ры першых пасляваен. гадоў. У асобных паэт. творах пераважаў псеўдапатрыят. пафас, публіцыстычныя штампы, паліт. лозунгі (Венцлава, А.Іанінас, Мазурунас, Ю.Мацявічус, Т.Цільвіціс). Думку пра гіст. неабходнасць сав. улады ў Л., выкрыццё і асуджэнне кулацтва выказвалі ў сваіх творах А.Гудайціс-Гузявічус, І.Давідайціс, Цільвіціс і інш. Навізной вызначаліся аповесць Боруты «Млын Балтарагіса» (1945), драмы Сруогі «Доля перадсвітальная» (1945) і «Казімір Сапега» (1947), яго мемуары «Лес багоў» (1957) і інш. Творчае абнаўленне адчувалася ў паэзіі С.Англіцкіса, Вайчунаса, І.Грайчунаса, Жукаўскаса, К.Інчуры, Э.Матузявічуса, Мішкініса, Мазурунаса. У песенна-рамант. кірунку працаваў П.Шырвіс, наватарства і эксперымент характэрны паэту-лірыку Межэлайцісу (зб-кі «Чалавек», 1961; «Тут Літва», 1968). Значны ўклад у л-ру зрабілі пісьменнікі-эмігранты (паэт Радаўскас, празаік і драматург Шкема). Анталогія «Зямля» (1951) выявіла новыя таленты: Брадунас, Мачэрніс (філас.-канцэптуальны цыкл вершаў «Прывіды»), Нагіс, Ніка-Нілюнас. Традыцыі вясковай прозы развіваў М.Кацілішкіс. 1960—70-я г. — перыяд кардынальных перамен у прозе і драматургіі. Зварот да гіст. тэматыкі, пераасэнсаванне праблем нацыі і дзяржавы, здабыткі этн. культуры, шматгранны духоўны свет сучасніка вызначалі сутнасць і змест літ. л-ры гэтага перыяду (Й.Авіжус, Балтушыс, І.Мікелінскас, Сіманайцітэ, М.Слуцкіс). Гал. арыенцірамі л-ры сталі інтэлектуалізм, псіхалагізм, актуальнасць тэматыкі, пошукі новых маст. форм. Супярэчлівасць чалавечай прыроды, права чалавека на выбар паказаны ў драмах «Каханне, джаз і чорт» (паст. 1967) і «Барбара Радзівіл» (паст. 1972) Грушаса, праблемы сучаснай вёскі, сял. лёсу — у прозе В.Бубніса, Слуцкіса, А.Поцюса, псіхал. праблемы выхавання моладзі — у творах Р.Кашаўскаса, пратэст супраць псеўдарэаліст. адлюстравання рэчаіснасці — у Р.Ланкаўскаса, уплыў навейшай зах. драмы ў творчасці К.Саі і Ю.Глінскіса. У 1970—80-я г. раскрыўся творчы талент пісьменнікаў А.Балтакіса, Я.Дзегуцітэ, А.Малдоніса, Ю.Марцінкявічуса, Л.Яцынявічуса, асн. змест твораў якіх — філас. роздум пра лёс нацыі, праблемы урбанізацыі і інш. Новыя якасці (парадокс, іронія) і тэндэнцыі, сувязь з фалькл. традыцыямі, духоўнасць выявіліся ў паэзіі О.Балюканітэ, В.Бложа, Ю.Вайчунайтэ, Т.Венцлавы, С.Гяды, М.Марцінайціса, І.Стрэлкунаса, Г.А.Чыгрэюса, І.Юшкайціса, у прозе Ю.Апуціса, Р.Гранаўскаса, П.Дзіргелы, Б.Радзявічуса. Новы этап развіцця л-ры звязаны з нац. адраджэннем у 1980—90-я г. Сучасныя тэндэнцыі прадстаўлены шматлікімі постмадэрнісцкімі творамі, насычанымі ўмоўнымі вобразамі, паэтыкай міфаў (проза Р.Гавяліса, С.Т.Кандротаса), розныя спосабы адлюстравання вызначаюць прозу Ю.Кунчынаса, А.Рамонаса, В.Юкнайтэ і інш. У паэзіі дамінуе пакаленне 1980-х г., творы якіх вылучаюцца арыгінальнасцю формы, паэт. майстэрствам, вытанчанасцю мовы (В.Бразюнас, А.Грыбаўскас, Д.Каёкас, Э.Келміцкас, В.Кукулас, А.Марчэнас, Н.Міляўскайтэ, С.Парульскіс, Г.Цэшкайтэ і інш.).
Літоўска-бел. літ. ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Яны зарадзіліся ў часы ВКЛ, калі ў Вільні на старабел. мове пісаліся летапісы і статуты, а Ф.Скарына выдаваў беларускамоўныя кнігі (1522—25). Узмацніліся яны ў 19 ст. У літ. гуртку А.Г.Кіркора (канец 1850-х г.) разам з В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім і інш. ўдзельнічаў літ. пісьменнік М.Акялайціс (пераклаў на літ. мову ананімны бел. твор 19 ст. «Гутарка старога дзеда»). У пач. 20 ст. Вільня была асяродкам літ. і бел. культуры. Тут выходзілі газ.«Наша доля», «Наша ніва», жылі, бралі ўдзел у грамадска-літ. жыцці Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Купала, Я.Колас, Цётка, З.Бядуля, прыязджаў М.Багдановіч, адбываліся сустрэчы літ. і бел. пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў Важным фактарам творчых узаемакантактаў была дружба Я.Купалы з Гірам, М.Ластаўскене, мастаком і кампазітарам М.Чурлёнісам. У 1910 у перыяд. друку Л. з’явіліся першыя літ.-крытычныя артыкулы Гіры пра творчасць Я.Купалы, змяшчаліся яго вершы на літ. мове ў перакладзе А.Якштаса (А.Дамбраўскаса). У 1909 на бел. мове апублікавана апавяданне Білюнаса. У 1920—30-я г. ў Вільні і Каўнасе ставіліся п’есы Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, Л.Родзевіча, выдаваліся бел. кнігі, газеты і часопісы, у т. л.час.«Крывіч», «Беларускі асяродак», «Крывічанін» і інш. У 1930-я г. ў Мінску жылі і працавалі Ф.Вайшнорас (Садайніс), Л.Мяркітэ (Лавенас Люда), А.Дабулявічус, В.Скарджус і інш., выходзілі газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), альманах «Пад чырвоным сцягам», працавалі літ. секцыі ў Саюзе пісьменнікаў і Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1920—30-я г. ў Мінску выдадзена 78 ліг. кніг, у т. л. пераклады на літ. мову паэмы «Над ракою Арэсай» Я.Купалы (1935), твораў Я.Маўра, А.Якімовіча. Асабістыя кантакты звязвалі М.Танка з Жукаўскасам, Міцютэ, І.Каросасам. Збліжэнню л-р спрыялі асабістыя сустрэчы Цвіркі, Венцлавы на 35-гадовым юбілеі творчай дзейнасці Я.Купалы ў Мінску ў снеж. 1940, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова і П.Броўкі ў маі—чэрв. 1941 у Вільні і Каўнасе. У 2-ю сусв. вайну бел. і літ. пісьменнікі ўдзельнічалі ў супольных вечарах, выступалі ў перыяд. друку. Адзінства матываў і вобразаў ядналі паэзію Гіры, Венцлавы, Цвіркі, Марцінкявічуса, В.Рэймерыса, Нерыс, Межэлайціса з творамі Я.Коласа, Броўкі, П.Панчанкі, М.Танка і інш. У пасляваен. перыяд склаліся новыя формы супрацоўніцтва — тыдні, дні л-ры і культуры суседніх народаў. Актывізацыі бел.-літ. сувязей спрыялі тыдні літ. л-ры ў Беларусі (1956), бел. л-ры ў Літве (1958), бел. кнігі ў Літве (1962), літ. кнігі ў Беларусі (1963), дні бел.-літ. дружбы ў Літве (1963), сяброўскія сустрэчы дзеячаў л-ры, культуры Літвы ў Беларусі (1974), л-ры і мастацтва Беларусі ў Літве (1975) і інш. Сустрэчы пісьменнікаў, узаемакантакты, знаёмства з гісторыяй, культурай рэспублік выклікала ўзаемапранікненне тэм і вобразаў. Літоўская тэматыка заняла значнае месца ў творах Броўкі, М.Танка, Панчанкі, Р.Барадуліна, М.Калачынскага, У.Караткевіча, Л.Арабей, А.Лойкі і інш., беларуская — у творах Межэлайціса, Жукаўскаса, Ю.Палецкіса, Б.Мацкявічуса, А.Шульцайтэ, Балтакіса, Мікалайціса-Пуцінаса і інш. У 1945—84 у перакладзе на літ. мову выдадзена 45 кніг бел. пісьменнікаў, у перакладзе на бел. мову — каля 30 кніг літ. аўтараў. На літ. мове выйшлі: «Анталогія беларускай прозы» (1949), анталогіі бел. паэзіі «З беларускай паэзіі» (1952), «Па Нёмане песня плыве» (1958), зб.бел.нар. казак «Ліса ваўка пакарала» (1965), кн. вершаў, паэм і п’ес Я.Купалы «Не жалейка стогне» (1957), паэт.зб-кі Калачынскага «Прыгоды Патапкі» (1960), М.Танка «След бліскавіцы» (1961), Я.Коласа «Ой вы, думы, думы...» (1962), кн. апавяданняў і аповесцей Я.Брыля «У Забалоцці днее» (1955) і «Зялёная школа» (1963), З.Бядулі «Сярэбраная табакерка» (1956), кн. прозы М.Танка «Лісткі календара» (1969), кн. апавяданняў бел. пісьменнікаў «Акно ў зялёны сад» (1988), аповесці В.Быкава «Трэцяя ракета» (1964), У.Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1994), раманы І.Шамякіна «Крыніцы» (1958) і «Сэрца на далоні» (1966), М.Гарэцкага «Віленскія камунары» (1965), В.Хомчанкі «Вяртанне ў агонь» (1983), В.Коўтун «Крыж міласэрнасці» (1997) і інш. На літ. мову бел. творы перакладалі А.Антанавічус, Балтакіс, Жукаўскас, А.Лапінскене, Э.Легутэ, Матузявічус, Межэлайціс і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі: анталогіі прозы «Літоўскія апавяданні» (1957), паэзіі «Паэты Савецкай Літвы» (1954), «Галасы сяброў» (1958), «Літоўская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1977), зб-кіліт.нар. казак «Цудоўная крыніца» (1955), «Літоўскія народныя казкі» (1961), «Літоўскі гумар» (1966), казка «Чаму ў моры вада салёная?» (1970), раманы Венцлавы «Дзень нараджэння», Балтушыса «Прададзеныя гады» (абодва 1961), В.Бубніса «Пад летнім небам» (1982), В.Місявічуса «Мядзведжая акадэмія» (1988), Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), паэма Данелайціса «Чатыры пары года» (1983), «Паэма братэрства» (1958) і зб. вершаў «Чалавек» (1984) Межэлайціса, зб-кі паэзіі Матузявічуса «Просіцца ў песню мора» (1965), Нерыс «Калі зямля прачынаецца» (1971), Марцінкявічуса «Трава і камень» (1981), Малдоніса «Вадзяныя знакі» (1985), шэраг твораў для дзяцей, у т. л.кн. вершаў Э.Балёнене «Уцёс і ружа» (1976), зб-кі вершаў «Рамоначак-Рамунеле» (1979), А.Матуціса «Мамін пірог» (1986), кн. аповесцей Бубніса «Белы вецер» (1978), аповесць-казка Саі «Гэй, хавайцеся!» (1982), казка Цвіркі «Срэбная куля» (1991) і інш. На бел. мову творы літ. пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць А.Асташонак, Барадулін, Броўка, Я.Войніч, А.Вярцінскі, М.Гіль, С.Грахоўскі, М.Грынблат, А.Зарыцкі, А.Звонак, В.Іпатава, Калачынскі, І.Калеснік, Г.Каржанеўская, У.Карызна, Лойка, Е.Лось, В.Лукша, П.Марціновіч, С.Панізнік, А.Разанаў, Ю.Свірка, Р.Семашкевіч, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, А.Ставер, М.Танк і інш.Літ.-бел. сувязі даследуюць Лапінскене, А.Мальдзіс і інш.
Архітэктура. Пры археал. раскопках стаянак мезаліту і асабліва неаліту (4—2-е тыс. да н.э.) выяўлены рэшткі круглых і авальных у плане жытлаў з адкрытым ачагом, сценамі з верт. жэрдак з глінянай абмазкай. У пач.н.э. з’явіліся зрубныя, прамавугольныя ў плане пабудовы, умацаваныя паселішчы родавых абшчын — гарадзішчы-пілякальнісы (5—8 ст.) з равамі, валамі і частаколам з бярвён. У 9—12 ст. на тэр. пілякальнісаў будавалі драўляныя замкі феадалаў. Жылыя пабудовы 12—14 ст. — драўляныя зрубныя, з адкрытымі ачагамі ці глінянымі печамі. У перыяд барацьбы з крыжакамі будавалі шматлікія драўляныя (Кярнава) і каменныя (Каўнас) замкі. У 14 ст. ўзводзіліся буйныя абарончыя замкавыя комплексы (Тракайскі замак). Для ранняй замкавай архітэктуры характэрны манументальнасць, стрыманы дэкор, арган. ўпісанне ў прыроднае асяроддзе (Верхні замак, замак Гедзіміна ў Вільнюсе). Гар. забудова была пераважна драўляная, з 14 ст. ставілі і цагляныя будынкі. Некаторыя гарады абкружалі каменнымі сценамі (рэшткі гар. сцен з Вострай брамай у Вільнюсе, 16 ст.). Для пабудоў 14—1-й пал. 15 ст. (ранняя готыка) характэрны храмы з высокімі 2-схільнымі дахамі і трохвугольнымі франтонамі, рэдкімі аконнымі праёмамі ў масіўных сценах, умацаваных контрфорсамі, перакрытыя нервюрнымі крыжовымі скляпеннямі (касцёл Вітаўта ў Каўнасе). Культавыя збудаванні позняй готыкі (канец 15—16 ст.) сталі больш дэкаратыўныя, са святочным дэкорам з фасоннай цэглы разнастайнай канфігурацыі ў аздабленні фасадаў (т.зв. Дом Пяркуна ў Каўнасе, касцёл св. Ганны ў Вільнюсе). Блізкімі да нар. дойлідства былі драўляныя касцёлы і званіцы. У 1-й пал. 16 ст. пачала пашырацца архітэктура Адраджэння, фарміраваліся гарады і мястэчкі з рэгулярнай планіроўкай (Біржай, Вірбаліс і інш.). У грамадз. архітэктуры гатычныя канструкцыі і планы часта спалучаліся з дэкорам у духу Адраджэння. Большасць феад. замкаў захоўвала сярэдневяковы абарончы характар (замак у Віценай, пач. 17 ст.). Будавалі таксама крэпасці-бастыёны (Клайпеда, Біржай), комплексы замкаў-рэзідэнцый феадалаў з палацам у цэнтры (замкі Ніжні ў Вільнюсе, каля 1530, і Раўдоне, канец 16 ст.). У 17—18 ст. узводзіліся пышныя касцёлы і палацы ў стылі барока (касцёлы св. Казіміра, св. Тэрэзы, палацы Слушкаў, Сапегаў у Вільнюсе, Пажайсліскі арх. ансамбль у Каўнасе). Інтэр’еры найб. значных цэркваў перыяду сталага барока аздаблялі багатым ляпным дэкорам (касцёл св. Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільнюсе), размалёўкамі. У перыяд позняга барока (1700—90) сфарміраваўся стыль т.зв.Віленскага барока (касцёлы св. Кацярыны, місіянераў, брама Базыльянскіх муроў у Вільнюсе). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пашырыліся прынцыпы класіцызму (Кафедральны сабор св. Станіслава; ратуша, цяпер Маст. музей; у Вільнюсе), распрацаваны і часткова здзейснены праекты рэгулярнай планіроўкі Вільнюса (1817), Каўнаса (1847, 1871), Швенчоніса (1874) і інш. гарадоў. Пасля 1820 пашыраюцца стылі ампір (б. губернатарскі палац, рэканструяваны ў 1832) і ампір мясцовы (панская сядзіба ў Траку-Воке Вільнюскага павета). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. дамінавалі эклектычныя формы, стылістычныя тэндэнцыі рамантызму, гістарызму (неаготыка, неарэнесанс, неабарока, неакласіцызм і інш.): будынкі філармоніі ў Вільнюсе, банка ў Каўнасе, касцёлы ў Рокішкісе і Паланзе; палац Тышкевічаў у Паланзе (цяпер Музей бурштыну). У 1930-я г. будавалі ў духу мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму (будынак паштамта, Маст. музей імя М.Чурлёніса ў Каўнасе, мікрараён на Антокалі ў Вільнюсе). Пасля 2-й сусв. вайны складзены генпланы буйных гарадоў: Вільнюса (1951, 1967, 1981), Шаўляя (1951, 1963, 1980), Паневяжыса (1951, 1962, 1973), Клайпеды (1952, 1964, 1977), Каўнаса (1953, 1983). Фарміруюцца новыя прамысл. гарады Наўйойі-Акмяне (з 1948), Электрэнай (з 1960), Вісагінас (з 1978) і інш. Сучаснай архітэктуры ўласцівы планамернае развіццё гарадоў, рацыянальнае размяшчэнне прамысл. зон і жылых раёнаў, укараненне тыпавога праектавання і індустр. метадаў буд-ва. Вясковае буд-ва адметнае спалучэннем сучасных арх. форм і традыцыйнай забудовы, азеляненнем. Для жылых гар. раёнаў характэрны рацыянальная планіроўка, кампактныя цэнтры, сувязь з ландшафтам, прастата форм: у Вільнюсе — Жырмунай (з 1962), Лаздзінай (з 1967), Каралінішкес (з 1971), у Каўнасе — Кальнечу (1976—85), Эйгулю (з 1985), у Клайпедзе — Чацвёрты (1968—74), у Шаўляі — Лепарай (1966—82), у Алітусе — Відгірыс (1984). Архітэктура грамадз. збудаванняў вызначаецца строгасцю форм, функцыян. мэтазгоднасцю, у афармленні інтэр’ераў пашыраны дрэва, кераміка, вітражы, вырабы з металу, манум.-дэкар. жывапіс і скульптура: кавярня (1959) і гасцініца (1960) «Нярынга», Выставачны палац (1967), будынкі Літ.нац.т-ра оперы і балета (1974), Літ.драм.т-ра (1981), комплекс бальніц Сантарышкес (1972—83) — усе ў Вільнюсе; аўтавакзал у Шаўляі (1966); санаторыі і дамы адпачынку ў Друскінінкаі («Жыльвінас», 1969, «Лінас», 1979). У Друскінінкаі помнік Чурлёнісу (1975, скульпт. В.Вільджунас). У 1944 засн. Саюз архітэктараў Л. Іл.гл. таксама да арт.Вільнюс.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З эпохі неаліту на тэр. Л. вядомы вырабы з каменю, косці і дрэва са скульпт. дэкорам, арнаментаваны гліняны посуд, бурштынавыя фігуркі жывёл і людзей. У бронз. веку пашырыўся выраб упрыгожванняў з каляровых металаў і бурштыну (скроневыя падвескі, шыйныя грыўні, фібулы, бранзалеты, пярсцёнкі), дэкарыраваных зброі, даспехаў і конскай вупражы. У аздабленні выкарыстоўваліся ліставое серабро, сіняе шкло, геам. і стылізаваны анімалістычны і расл. арнамент, часам рэльефныя выявы. У сярэдневякоўі мастацтва Л. развівалася пад уплывам краін Зах. і Усх. Еўропы ў агульным рэчышчы развіцця культур інш. народаў ВКЛ. У 13—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва — ювелірная справа, глазураваная кераміка, рэльефная кафля, разьба па дрэве і косці; пашырыліся драўляная гатычная пластыка («Мадонна», 15 ст., царква ў Крэцінзе), манум. жывапіс, у т. л. свецкі (размалёўкі пач. 15 ст. ў Тракайскім замку, не захаваліся). З пач. 16 ст. паралельна з готыкай развівалася рэнесансавае мастацтва, у якім дамінавалі партрэтны жанр і рэліг. кампазіцыі. Пашырыліся каменныя скульпт. надмагіллі з партрэтнымі выявамі. З пачаткам кнігадрукавання развіваўся дрэварыт, пазней медзярыт. У тэхніцы гравюры выконваліся тытульныя лісты, ініцыялы, застаўкі, канцоўкі кніг («Катэхізіс» М.Мажвідаса, 1547; «Посціла каталіцкая» Я.Вуека ў перакладзе М.Даўкшы, 1599). У 17—18 ст. у аздабленні барочных палацаў і цэркваў выкарыстоўваліся скульптура і манум.-дэкар. жывапіс (размалёўкі манастыра кальмадалійцаў у Пажайслісе каля Каўнаса, 1677—84). Багаццем дэкар. матываў, пластычнай экспрэсіяй вызначаліся разныя драўляныя алтары, скульптура. Працавалі жывапісцы С. дэ Мірыс, М.А.Палоні, І.Прэхтэль, С.Чэховічус, Ю.Шульцас, скульптары Дж.М.Галі, І.Мерлі, П.Перці, графікі П.Бальцявічус, Л.Вілацас, К.Гётке, К.Карэнга, І.Пятраўскас, Т. і М.Шнопсы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст.літ. мастакі працавалі пераважна ў стылях класіцызму і рамантызму. Вял. ўклад у станаўленне літ.маст. школы зрабілі мастакі І.Аляшкевіч, В.Дмахоўскі, К.Русецкі, Я.Рустэм, Ф.Смуглевіч, скульпт. К.Ельскі і інш., дзейнасць маст. факультэтаў Віленскага ун-та. У дэкар.-прыкладным мастацтве сталі пашыранымі мануфактурныя вырабы маст. тэкстылю (шпалеры, дываны, паясы; майстры І.Літвінкявічус, А.Маркявічэне, М.Вербіцкіс), керамікі (М.Траповічус, П.Шуманаўскас, Л.Юравічус), шкла і інш. У жывапісе сярэдзіны 19 ст. дамінавалі партрэт (А.Валінавічус, І.Іацейка, К.Рыпінскі) і пейзаж (М.Кулеша, К.Рачынскі, М.Янушавічус). У жанравых і гіст. кампазіцыях сцвярджаліся ідэі нац. самасвядомасці (Ю.Карчэўскіс, К.Кукявічус і інш.). У графіцы былі пашыраны кніжная ілюстрацыя (В.Неверавічус, В.Смакоўскі), эстампы (партрэты і гіст. кампазіцыі Б.Кіслінга, М.Пшыцкіса, Ю.Саўндэрса, Ю.Хшчановіча). Ствараліся скульпт. партрэты (Р.Слізень, І.Цэйзік). У 2-й пал. 19 ст.рэаліст. кірунак развіваўся ў творчасці Р.Алекна-Швайніцкіса, Ю.Балзукявічуса, І.Зенкявічуса, А.Рэмерыса і інш. На пач. 20 ст. важную ролю ў фарміраванні нац.маст. школы адыграла дзейнасць Літ.маст.т-ва (засн. ў 1907). Найб. пашыраны былі жанравы рэаліст. жывапіс (А.Жмуйдзінавічус, П.Калпокас, М.Чурлёніс) і скульптура (Ю.Зікарас, П.Рымша). У 1919—40-я г. мастацтва Л. вызначалася разнастайнасцю кірункаў і плыняў. Разам з рэаліст. мастацтвам развіваліся імпрэсіянізм (Жмуйдзінавічус, Калпокас, К.Склерус), сімвалізм (А.Варнас, К.Шымоніс), акадэмізм і натуралізм (І.Мацкявічус, З.Пятравічус, І.Януліс). У скульптуры пераважаў рэаліст. кірунак, часам у спалучэнні з рысамі акадэмізму, імпрэсіянізму (Р.Анцініс, Б.Бучас, В.Грыбас, Ю.Мікенас, Б.Пундзюс). У 1930-я г. ў творчасці мастакоў з аб’яднанняў «АРС», «Т-ва незалежных мастакоў» і інш. авангардысцкія тэндэнцыі спалучаліся са зваротам да традыцый нар. мастацтва (В.Візгірда, А.Гальдзікас, А.Гудайціс, А.Самуоліс і інш.). Развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (І.Грэгараўскас, У.Дубянецкі, У.Дзіджокас), графіка (С.Жукас, Б.Жэконіс, І.Кузмінскіс, В.Юркунас), манум.-дэкар. і прыкладное мастацтва (вітражы С.Ушынскаса, мазаікі Мікенаса, кераміка В.Мікнявічуса, керамічная дробная пластыка В.Манамайціса). У канцы 1940-х — 1960-я г. ў мастацтве пераважалі тэматычная карціна (С.Грачоў, В.Дзілка, Жмуйдзінавічус, В.Мацкявічус, Б.Яцявічутэ), пейзаж (І.Бурачас, Гудайціс, Л.Кацінас, А.Мацеюнас, А.Пятруліс, А.Савіцкас, І.Шылейка), партрэт (Ю.Венажынскіс, І.Трэчакайтэ-Жэбянкене, М.Цвіркене, Януліс), развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, вітражы (А.Стомкус А.Стошкус*). У скульптуры дамінаваў партрэт (П.Александравічус, П.Вайвада, Л.Жукліс, Пундзюс, Н.Пятруліс), ствараліся сюжэтныя кампазіцыі (К.Багданас, Ю.Кедайніс, К.Кіселіс). У жывапісе 1970—90-х г. пераважаў каларыстычны кірунак (Р.Бічунас, С.Вейверытэ, Гудайціс, С.Джаўкштас, В.Каратаюс, В.Кісараўскас, Мацеюнас, В.Павілайціс, Савіцкас, Л.Сургайліс, Л.Тулейкіс, В.Цыпліяўскас, І.Чэпоніс, І.Шважас, С.Юсёніс). Скульптура вызначалася выразнасцю форм, выкарыстаннем нар. традыцый (Александравічус, А.Амбразюнас, Анцініс, Г.Якубоніс, Э.Фрэгос і інш.). Самабытны характар набыла літ. школа графікі і кніжнай ілюстрацыі (В.Валюс, Р.Гібавічус, Б.Жылітэ, С.Красаўскас, А.Скіруцітэ, А.Сцяпанавічус, Юркунас). Высокага маст. ўзроўню дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва кераміка (Ю.Адамоніса, А.Лічкутэ, М.Врубляўскаса, Г.Яцэнайтэ), маст. тэкстыль (Ю.Бальчыконіса, В.Даўётаса, М.Шважэне) і маст. апрацоўка бурштыну (Ф.Даўкантаса, К.Сіманоніса). У нар. мастацтве вызначаецца самабытная драўляная скульптура (невял. выявы святых, Хрыста і інш.) і дрэварыт У 1940 засн. Саюз мастакоў Л.
Музыка. Літ.муз. фальклор уключае працоўныя, каляндарныя і сямейныя абрадавыя, лірычныя, ваен.-гіст. і інш. песні, інстр. найгрышы, танцы. На Пд Л. пашырана аднагалоссе, антыфоннае спяванне, у паўн.-зах. і паўн.-ўсх. (Аўкштайція) раёнах — песні гамафоннага складу. У Аўкштайціі захавалася найб. спецыфічная частка літ.муз. фальклору — архаічныя поліфанічныя песні сугарцінес (у суправаджэнні ансамбля духавых інструментаў скудучай, трымітас ці струнна-смычковых канклес). Сярод інш.літ.нар. інструментаў: духавыя — бірбіне, даўдзітэ, ожрагіс, лумздзяліс, лабанора дуда; варган бандурэліс; ударны шумавы — джынгуліс. З прыняццем хрысціянства пашырыліся грыгарыянскі спеў, зах.-еўрап. музыка; у касцёлах спявалі хары, устанаўліваліся арганы. З канца 14 ст. ў касцельных і кляштарных школах навучалі спевам, пазней ігры на аргане. У 1547 у кн. «Катэхізіс» М.Мажвідаса ўпершыню апублікаваны літ. духоўныя песнапенні. Свецкае музіцыраванне развіваецца з 14 ст., напачатку пры дварах вял. князёў, дзе існавалі вак.-інстр. капэлы. У 16 ст. ў Вільні працавалі Б.Бакфарк, Вацлаў з Шамотул і інш. замежныя музыканты. У 1636 італьян. оперная трупа паставіла ў Вільні першы оперны спектакль «Выкраданне Алены» (мяркуюць, на музыку М.Скакі). Сярод кампазітараў-аматараў 17—18 ст. К.Рудаміна-Дусецкі, А.Гобята. У Віленскім ун-це ставіліся муз. спектаклі, працавалі аркестры, хары, пазней семінарыя для настаўнікаў і арганістаў (канец 18 ст.), выкладаліся ігра на муз. інструментах і музыказнаўства (Я.Д.Голанд, І.Рэнер). У 19 ст. выйшлі першыя зборнікі нар. песень (Кёнігсберг, 1825; Вільня, 1829). У Віленскім гар. т-ры ставіліся оперы В.А.Моцарта, К.М.Вебера і інш. У розны час у Вільні працавалі М.Дылецкі, С.Манюшка. У 1873—1915 у Л. дзейнічала аддзяленне Рас.муз.т-ва. Традыцыі новай нац. музыкі закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў творчасці М.Чурлёніса, М.Пятраўскаса (першая літ. опера «Бірутэ», 1906; аперэты, хар. творы), Ч.Саснаўскаса, Ю.Наўяліса (кіраўнік хору «Дайна» і т-ва арганістаў, заснавальнік курсаў арганістаў, 1892, і муз. школы, 1919, з 1933 кансерваторыя), С.Шымкуса, Ю.Груадзіса. У канцы 1918 — пач. 1919 працавала Муз. калегія Наркамасветы Л. (Ю.Талат-Кялпша, К.Галкоўскі і інш.). У 1919—40 цэнтрам літ. культуры быў Каўнас. У 1920 у ім заснаваны Літоўскі нацыянальны тэатр оперы і балета (у 1948 пераведзены ў Вільнюс), дзе ў 1930-я г. пастаўлены нац. оперы Ю.Карнавічуса, А.Рачунаса, Пятраўскаса, І.Дамбраўскаса, балеты В.Бацявічуса, Груадзіса, Б.Дварыёнаса. Буйныя сімф. і камерна-інстр. творы пісалі Груадзіс, Бацявічус, Ю.Жылявічус (аўтар першай літ. сімфоніі, 1922), Карнавічус, К.-В.Банайціс, В.Якубенас, Рачунас, І.Набажас, Ю.Гайдзяліс, Ю.Пакальніс; у галіне хар. музыкі працавалі Шымкус, Талат-Кялпша, А.Качанаўскас, Ю.Каросас і інш. Значную ролю ў культ. жыцці краіны адыграў Саюз музыкантаў Л. (1924—40). У пач. 1940-х г. у Каўнасе адкрыты т-рмуз. камедыі (цяпер Каўнаскі муз.т-р), у Вільнюсе — філармонія, у складзе якой працавалі сімф. аркестр, хор, ансамбль песні і танца. У гады 2-й сусв. вайны некаторыя літ. музыканты працавалі ў Расіі (у г. Пераслаўль-Залескі створаны Дзярж.маст. ансамбль Літ. ССР). У 1945 у Вільнюсе адкрыта Літ. кансерваторыя (у 1949 аб’яднана з Каўнаскай, з 1971 дзейнічае яе філіял у г. Клайпеда). З 1946 рэгулярна праводзяцца пеўчыя святы. У 1940—50-я г. ў вак.-сімф. і муз.-сцэн. жанрах працавалі кампазітары Рачунас, Ю.Юзелюнас, А.Белазарас, В.Клова, Дварыёнас. З 1960-х г. творчасць кампазітараў Л. стала больш разнастайнай у стылявых і жанравых адносінах, абнавілася муз. мова, паглыбілася цікавасць да нар. творчасці. Паявіліся оперы Юзелюнаса, Рачунаса, В.Лаўрушаса, П.-В.Палтанавічуса, В.Баркаўскаса, Э.Бальсіса, балеты Бальсіса, А.Рэкашуса; аперэты, мюзіклы, араторыі Бальсіса, В.Юргуціса, Б.Кутавічуса; кантаты Юзелюнаса, творы інш. жанраў А.Бражынскаса, А.Марцінайціса. У галіне сімф. і камерна-інстр. музыкі працуюць Дварыёнас, С.Вайнюнас, Юзелюнас, Бальсіс, Ф.Р.Баёрас, О.Балакаўскас, Баркаўскас, Кутавічус, Рэкашус, В. і Ю.Юазапайцісы, Марцінайціс, В.Монтвіла, О.Нарбутайтэ, М.Урбайціс і інш., у песенным жанры — К.Кавяцкас, Дамбраўскас, Баёрас, у эстр. музыцы — Б.Гарбульскіс, Т.Макачынас і інш. У Вільнюсе праводзяцца Міжрэсп. конкурс юных піяністаў імя Чурлёніса (з 1965), рэсп. конкурс юных піяністаў імя Дварыёнаса (з 1974), фестывалі камерных аркестраў, стр. квартэтаў, арганнай музыкі, у г. Шаўляй — фестываль старадаўняй музыкі, у Клайпедзе — «Музычная вясна». Сярод выканаўцаў: дырыжоры І.Алекса, В.Віржоніс, Р.Генюшас, Дварыёнас, Ю.Домаркас, А.Кленіцкіс, Х.Паташынскас, С.Сандзецкіс; хар. дырыжоры В.Баргусявічус, А.Будрунас, А.Іазенас, Кавяцкас, Каросас, А.Крогертас, І.Швядас; піяніст Вайнюнас, скрыпачы Р.Кацілюс, А.Лівантас, Э.Паўлаўскас, арганіст Л.Дзігрыс; спевакі В.Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.Апанавічутэ, Б.Грынцявічутэ, К.Гутаўскас, В.Даўнарас, Э.Канява, Г.Каўкайтэ, Р.Марыёшус, І.Мількявічутэ, В.Нарэйка, В.Пруднікавас, К.Пятраўскас, А.Садзейка, Э.Саўлявічутэ, Р.Сіларыс, І.Стасюнас, А.Сташкявічутэ, А.Чудакова, К.Шылгаліс. Сярод музыказнаўцаў Ю.Гаўдрымас, Я.Чурлёнітэ, А.Амбразас, В.Ландсбергіс, О.Нарбуцене. У Л. працуюць: Літ.т-р оперы і балета, опера, Каўнаскі і Клайпедскі муз. т-ры; філармонія (з 1940; у яе складзе сімф. і камерны аркестры, 3 струнныя квартэты, ансамбль старадаўняй музыкі «Musica humana», эстр. ансамблі); Каўнаскі дзярж. хор (з 1969), камерны хор «Поліфанія» (з 1986), хор і аркестр лёгкай музыкі тэлерадыёкампаніі Л. (з 1963); ансамбль песні і танца «Летува» (з 1940); кансерваторыя, муз. вучылішчы і інш. У Каўнасе дзейнічае (з 1986) Музей старадаўніх літ.муз. інструментаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы са старажытнасці ў нар. абрадах, святах, танцах. Да сярэдзіны 20 ст. ў вёсках ставіліся імправізаваныя быт. сцэнкі з выкарыстаннем масак, спец. вопраткі, бутафорыі. У 16—18 ст. развіваўся школьны т-р. У Віленскім ун-це і езуіцкіх калегіумах ставіліся рэліг. прадстаўленні на лац., пазней на польскай мове, інтэрмедыі на літ. мове. Гастраліравалі прафес. трупы з Італіі, Англіі і інш. У 1639 у Вільні на тэр. Ніжняга замка ўзведзены спец.тэатр. будынак. Тэатр. трупы існавалі пры дварах вял. князя і буйных магнатаў. У 1785 В.Багуслаўскі стварыў першы публічны Віленскі гар.т-р (дзейнічаў да 1864), у якім працавалі трупы пад кіраўніцтвам М.Кажынскага, М.Корвел-Мараўскай, К.Скібінскага, К.Шлёгерыса і інш. Спектаклі ставіліся пераважна на польскай, з сярэдзіны 19 ст. і на рус. мовах. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. аматарскія т-вы і драм. гурткі на літ. мове дзейнічалі ў Вільні, Каўнасе, Паневяжысе, Шаўляі і інш. Першы публічны спектакль на літ. мове (камедыя Кетуракіса «Амерыка ў лазні») адбыўся ў Паланзе ў 1899. У 1916 Ю.Вайчкус арганізаваў драм. студыю ў Пецярбургу (з 1918 у Вільні), з якой узнік першы літ.прафес. т-р. У 1919 у Вільні існаваў Дзярж.літ.т-р (кіраўнік К.Глінскіс). У 1919—40 цэнтрам тэатр. жыцця быў Каўнас, дзе працавалі Нац.т-р (1916 і 1923—25), сатыр.т-р «Вілколакіс» (1919—25), Дзярж.т-р (з 1920, пазней Каўнаскі драм.т-р). У 1931 адкрыўся Шаўляйскі т-р драмы (у 1935—39 працаваў у Клайпедзе). Ставіліся літ. драматургія (Б.Варгшас-Ляўцявічус, Л.Гіра, Жэмайтэ, Кетуракіс, Г.Ландсбергіс-Жамкальніс, А.Фромас-Гужуціс) і перапрацаваная для літ. гледача сусв. класіка. Працавалі рэжысёры А.Олека-Жылінскас, Глінскіс, Вайчкус, Б.Даўгувеціс, А.Руцявічус, А.Суткус, І.Місюс, акцёры З.Арлаўскайтэ, Т.Вайчунене, А.Вайнюнайтэ, Ю.Талмантас, М.Грыкшайтэ-Вайчкувене, П.Кубертавічус, Ю.Лаўцюс, Ю.Пятраўскас, П.Пінкаўскайтэ, Э.Руцявічэне, Ю.Стануліс, І.Страздас, М.Хадаравічус і інш. У 1940 створаны Вільнюскі дзярж.т-р (з 1955 Акад.т-р Літвы), Панявежскі драм.т-р, Каўнаскі т-р юнага гледача (дзейнічаў да 1959), Марыямпальскі драм.т-р (дзейнічаў да 1949), у 1946 — Рус.драм.т-р (Вільнюс), у 1958 — Каўнаскі т-р лялек і Вільнюскі т-р «Леле» («Лялька»), у 1965 — Маладзёжны т-р (Вільнюс). У пасляваенны час ставіліся творы літ. аўтараў Ю.Балтушыса, Ю.Грушаса, А.Грыцюса, А.Гудайціса-Гузявічуса, Даўгувеціса, Ю.Марцінкявічуса, К.Саі, сусв. класіка. З 2-й пал. 1950-х г.тэатр. мастацтва вызначалася разнастайнасцю сцэн. форм і стыляў. Ставіліся героіка-манум., рамант., ярка тэатр. і філас. спектаклі. З 1970-х г. пашырыліся пастаноўкі гіст. тэматыкі. У 1970—90-я г. плённа працавалі рэж. Г.Ванцявічус, І.Вайткус, А.Рагаўскайтэ, Э.Некрошус, Г.Падзегімас, акцёры Р.Адамайціс, Г.Баландзітэ, Д.Баніёніс, Ю.Будрайціс, Р.Варнайтэ, К.Віткус, К.Геніс, Н.Гельжынітэ, А.Лаценас, А.Масюліс, Пінкаўскайтэ, А.Росенас, Ю.Рудзінскас, Р.Сталілюнайтэ, К.Тумкявічус, М.Чэрняўскайтэ, А.Шурна, С.Юкна, К.Юрашунас, Ф.Якшыс і інш. У Л. працавалі бел.тэатр. калектывы. У 1910—15 і ў 1916 дзейнічаў Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, наладжваліся бел. вечарынкі. Выступала Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага (1910). У т-рах Л. ставіліся п’есы «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «У ціхім завулку» А.Маўзона, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.Макаёнка.
Кіно. Першыя фільмы пра Л. стварыў у 1909 аператар і рэж. В.Старавічус («Каля Нямунаса» і інш.). У 1909—13 А.Раджунас (Рачунас) здымаў хранікальныя кароткаметражныя фільмы для амер. літоўцаў. Кінахроніка з’явілася ў Л. ў 1921, рэгулярна здымалася з 1932 аператарамі-аматарамі (С.Уздонас, С.Вайналавічус, А.Жыбас і інш.). Здымаліся і камедыі: «Урач паняволі» (1927), «Літоўскі салдат» (1928), «Анітэ і Іаняліс» (1931, рэж. усіх Ю.Лінартас). Першы лялечны фільм «Сон таўстуна» зняты ў 1938 (аператар Жыбас, мастак С.Ушынскас). У 1940 у Каўнасе створана Студыя хранікальных і дакумент. фільмаў (з 1944 кінастудыя, з 1946 Літ. кінастудыя; з 1949 у Вільнюсе). У 1945 пачаўся выпуск тэматычных кіначасопісаў («Савецкая Літва» і інш.), з 1950-х г. — дакумент. («Яны — з Каўнаса», «Мае сябры», рэж. абодвух В.Старошас) і маст. («Над Нямунасам світанак», 1953, рэж. А.Файнцымер; «Мост», 1956, рэж. Б.Шрэйбер; «Юлюс Яноніс», 1959, рэж. Б.Браткаўскас, В.Дабашынскас) фільмаў. Для дакумент. фільмаў 1960—80-х г. характэрны паказ працы і творчасці («Там, за дзвярыма», 1966, рэж. А.Даўса; «Вядзьмарка», 1975; «Пастскрыптум да старога фільма», 1980, рэж. Р.Шылініс, Старошас), псіхал. аналіз («Стары і зямля», 1965, «Думы стогадовых», 1969, «Свет як вялікая сімфонія», 1975, усе рэж. Р.Верба), гіст. тэматыка («Вільнюскі універсітэт», 1978, рэж. А.Дзігімас; «Любоў і здрада», 1984, рэж. Л.Лазенас). Для маст. фільмаў гэтых часоў уласцівы актуальная праблематыка, яркая маст. форма: «Хроніка аднаго дня» (1963), «Ніхто не хацеў паміраць» (1965), «Гэта салодкае слова — свабода» (1972) В.Жалакявічуса; «Крокі ў начы» (1962), «Лесвіца ў неба» (1966), «Чэрвень, пачатак лета» (1969), «Абмен» (1977), «Палёт праз Атлантыку» (1983) Р.Вабаласа; «Апошні дзень канікул» (1964; прэміі міжнар. кінафестываляў у Лакарне 1965, у Канах 1966), «Прыгажуня» (1969), «Арэхавы хлеб» (1977) А.Жэбрунаса; «Пачуцці» (1968; прэмія міжнар. кінафестывалю ў Сан-Рэма 1975) А.Грыкявічуса і Даўсы; «Мужчынскае лета» (1970), «Расколатае неба» (1974), «Квітненне непасеянага жыта» (1978) М.Гедрыса; «Маленькая споведзь» (1972), «Злітуйся над намі» (1978) А.Арамінаса; «Жанчына і чатыры яе мужы» (1983) А.Пуйпы. З 1961 здымаюцца тэлефільмы: «Няскончанае апавяданне» (1966), «Тадас Блінда» (1972), «Кар’ера Дзічуса» (1980, усе рэж. Браткаўскас), «Уся праўда пра Калумба» (1970, рэж. Жалакявічус), «Смок і Малыш» (1975), «Багач бядняк» (1983, абодва рэж. Вабалас), «Прыгоды Калесышчыка» (1976, рэж. Жэбрунас), «Восень майго дзяцінства» (1977, рэж. Г.Лукшас), «Амерыканская трагедыя» (1981, рэж. Гедрыс) і інш. Сярод акцёраў: Р.Адамайціс, Д.Баніёніс, Ю.Будрайціс, Г.Кураўскас, А.Масюліс, Л.Нарэйка, Э.Плешкітэ, В.Томкус, Э.Шулгайтэ, А.Шурна і інш. У 1958 засн. Саюз кінематаграфістаў Л.
Беларусы ў Літве. З часоў ВКЛ да 1-й сусв. вайны сац.-эканам., нац. і культ. развіццё беларусаў і літоўцаў праходзіла ў адзінай дзярж. прасторы. Гал.бел. асяродкам тут здаўна была Вільня (гл.Вільнюс), дзе існавалі агульныя дзярж. і культ. ўстановы, у т. л. Віленскі ун-т, Віленская брацкая друкарня. Пасля далучэння. ў канцы 18 ст.бел. і літ. зямель да Рас. імперыі беларусы і літоўцы разам удзельнічалі ў нац.-вызв. руху (паўстанне 1794, т-вы філаматаў, філарэтаў і прамяністых, дзейнасць Ш.Канарскага і Ф.Савіча, паўстанне 1830—31, паўстанне 1863—64). Паводле перапісу 1897 на тэр. цяперашняй Л. жыло 70,3 тыс. беларусаў, яны складалі большасць насельніцтва Віленскай губ. (56%). У пач. 20 ст. ў Вільні дзейнічалі Віленскае мастацка-прамысловае таварыства, Віленскае мастацкае таварыства, выдавецтва «Нашай нівы», Беларускае выдавецкае таварыства (працягвала дзейнасць у 1919—30), Беларускі музычна-драматычны гурток, Беларускі настаўніцкі саюз, выдаваліся газеты «Наша доля» і «Наша ніва». У 1-ю сусв. вайну пасля акупацыі Л. герм. войскамі ў Вільні ў 1915 быў арганізаваны Беларускі клуб, у Коўне — Беларуская грамада. З абвяшчэннем незалежнасці Л. (люты 1918) дзейнасць бел. арг-цый на акупіраванай герм. войскамі тэр. Беларусі і Л. каардынавала Віленская беларуская рада (ВБР). Пасля дэнансацыі Брэсцкага міру 1918 прадстаўнікі ВБР увайшлі ў Літоўскую Тарыбу, створана Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У снеж. 1918 у Вільні, у канцы 1920 — кастр. 1923 у Каўнасе знаходзіўся ўрад БНР, у 1919—23 тут размяшчалася і дыпламат.Беларускае прадстаўніцтва. У чэрв. 1919 у Каўнасе сфарміраваны 1-я і 2-я асобныя бел. роты, якія разам з літ. часцямі ўдзельнічалі ў баях супраць сав. і польск. войск. У ліст. 1919 абедзве роты аб’яднаны ў Бел. батальён. У крас. 1920 ён пераўтвораны ў Бел. асобную роту, у снеж. 1920 зноў у Бел. асобны батальён, які да 1923 вёў антыпольск. партыз. вайну на тэр.Зах. Беларусі. У кастр. 1920 войскі польск. ген. Л.Жалігоўскага захапілі Вільню і Віленскі край (гл.Сярэдняя Літва) і ў пач. 1922 сейм зацвердзіў іх уключэнне ў склад Польшчы як Віленскае ваяводства. З гэтага часу і да канца 1939 Вільня была грамадскім, асветным і культ. цэнтрам Заходняй Беларусі. У 1923—24 у барацьбе супраць Польшчы з літ. бокам супрацоўнічаў «Бел. стралецкі саюз». У пач. 1920-х г. у Каўнасе дзейнічалі замежная група партыі бел. эсэраў, Беларускае сабранне, Беларускае брацтва і інш.; у Л. выходзіла значная колькасць беларускамоўных перыяд. выданняў. Пасля скасавання Мін-вабел. спраў Літвы (1923), пераемнікам якога намагаўся стаць Беларускі цэнтр (Каўнас), з-за непрыхільнага стаўлення ўлад Л. да бел.нац. праблем грамадская актыўнасць беларусаў у Л. паменшылася; да канца 1920-х г. тут былі закрыты амаль усе бел. школы. У 1930-я г. нац.-культ жыццё беларусаў у Л. зноў актывізавалася (гл.Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Каўнасе), адноўлены каўнаскі Бел.цэнтр. У пач. 2-й сусв. вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзены ў склад Л. (кастр. 1939), спынілі дзейнасць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. У час акупацыі Л. ням.-фаш. войскамі (1941—44) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, бел. настаўніцкая семінарыя, Беларускі музей у Вільні (закрыты ў 1945), выдавалася газ.«Беларускі голас» (рэд. Ф.Аляхновіч). Пасля вызвалення Л. частка беларусаў Віленшчыны на падставе літ.-польск. пагаднення аб узаемнай эвакуацыі насельніцтва ад 22.9.1944 перасялілася ў Польшчу. З 1945 у Л. па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іх колькасць павялічылася тут з 30 тыс.чал. у 1959 да 63 тыс. у 1989, аднак арганізаванага нац. жыцця яны практычна не мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасць П.Сергіевіч, З.Верас, Л.Луцкевіч, Я.Шутовіч і інш. Актывізацыя грамадскага жыцця бел.нац. меншасці ў Л. пачалася ў часы лібералізацыі грамадска-паліт. жыцця ў СССР (2-я пал. 1980-х г.), калі ўзнік шэраг бел.культ.-асв. арг-цый, у т. л.«Сябрына». З 1989 у Л. трансліруюцца бел. перадачы на радыё і тэлебачанні. Пасля абвяшчэння незалежнасці Л., Беларусі і развалу СССР у 1991—96 з Л. ў Рэспубліку Беларусь вярнулася больш за 7,6 тыс. беларусаў, у Л. з Беларусі пераехала 3,8 тыс. яе жыхароў. Паводле літ. стат. звестак, у сярэдзіне 1990-х г. у Л. (пераважна ў Віленскім краі) жыло больш за 50 тыс. беларусаў (1,5% насельніцтва краіны). У пач. 1998 культ.-асв. працу ў Л. (у Вільнюсе, Друскінінкаі, Вісагінасе, Шальчынінкаі, Швенчонісе і інш.) вялі 15 бел. арг-цый, у т. л.Т-вабел. культуры, Т-вабел. мовы. З 1993 у Вільнюсе дзейнічае бел. сярэдняя школа імя Ф.Скарыны, у Вісагінасе і інш. гарадах Л. праходзяць выстаўкі твораў мастакоў-беларусаў, фестывалі бел. песні, выдаецца беларускамоўная перыёдыка і інш. Забеспячэнне суродзічам умоў для свабоднага развіцця роднай мовы, захавання традыцый, выканання рэліг. абрадаў, абарону законных правоў грамадзян Беларусі ў Л. прадугледжвае Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Л. (1995), бел.-літ. міжурадавае пагадненне аб абароне сваіх грамадзян на тэр. абедзвюх краін (1996), аб гарантыі іх правоў у галіне пенсіённага забеспячэння (1994) і інш.
Літ.:
Кудаба Ч.П. Па Віліі: Падарожныя запісы: Пер. з літ.Мн., 1992;
Римантене Р. Палеолит и мезолит Литвы. Вильнюс, 1971;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.М., 1965;
Мулявичус Л., Ючас М. Некоторые вопросы генезиса капитализма в Литве. Вильнюс, 1968;
История Литовской ССР (С древнейших времен до наших дней). Вильнюс, 1978;
Навицкас К.В. Литва и Антанта (1918—1920 гг.). Вильнюс, 1970;
Революционное движение в Вильнюсском крае, 1920—1940: Док. и материалы. Вильнюс, 1978;
Очерки истории Коммунистической партии Литвы: Пер. с лит. Т. 1—2. Вильнюс, 1973—80;
Гедвилас М.А. Годы великого перелома (1940—1945): Пер. с лит. Вильнюс, 1979;
История литовской литературы. Вильнюс, 1977;
Кубилюс В. Современная литовская поэзия. М., 1969;
Ланкутис Й. Панорама литовской советской литературы. Вильнюс, 1975;
Писатели Советской Литвы: [Биоблиогр. словарь). Вильнюс, 1978;
Мальдзіс А. Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;
Лапінскене А., Мальдзіс А. Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988;
Червонная С., Богданас К. Искусство Литвы. Л., 1972;
Ясюлис Л. Изобразительное искусство Литовской ССР: Живопись. Театрально-декорационное искусство. Скульптура. Графика. Монументально-декоративное искусство: [Альбом]. М., 1978;
Литовская графика: [Альбом]. Вильнюс, 1982;
Гаудримас Ю. Из истории литовской музыки. Т. 1—3. М.; Л., 1964—78;
Ландсбергис В. Основные этапы развития литовской музыкальной культуры (возможности периодизации) // Прибалтийский музыковедческий сборник. Вильнюс, 1982. [Вып.] 1;
Мальцене М.М. Кино Советской Литвы. Л., 1980;
Горлов С.А. СССР и территориальные проблемы Литвы // Военно-ист. журн. 1990 № 7. Ружанцаў А. Беларускія войскі ў Літве 1918—1920 // Спадчына. 1993. №4;
Езавітаў К. Беларусы ў Літве. Рыга, 1932. Łatyszonek O. Bialoruskie formacje wojskowe, 1917—1923. Bialystok, 1995.
В.М.Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.Л.Дзікаселіс, Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя, узброеныя сілы), А.П.Лапінскене (літаратура), Т.Р.Мартыненка (архітэктура), С.У.Пешын (выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), Г.Г.Сяргеева, В.А.Астрога (беларусы ў Літве).
Герб і сцяг Літвы.Да арт.Літва. У наваколлі Вільнюса.Да арт.Літва. Каўнаскі замак.Да арт.Літва. Палац Радзівілаў у Вільнюсе.Да арт.Літва. Панарама Клайпеды.Да арт.Літва. Інтэр’ер касцёла святых Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільнюсе. 1668—76.Да арт.Літва. Замак у Раўдоне. Канец 16 ст.Да арт.Літва. Кафедральны сабор св. Станіслава ў Вільнюсе. 1777-1801. Арх. Л.Стуака-Гуцявічус.Да арт.Літва. Былы палац Тышкевічаў (цяпер Музей бурштыну) у г. Паланга. 1897. Арх. Ф.Швехтэн.Да арт.Літва. Помнік М.Чурлёнісу ў г. Друскінінкай 1975. Скульптар В.Вільджунас.Да арт.Літва. Вятрак у вёсцы Абеляй каля г. Рокішкіс. Пач. 20 ст.Да арт.Літва. Святы Юргіс. Народная скульптура. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Літва. М.Чурлёніс. Саната мора. Фінал. 1908.Да арт.Літва. П.Калпокас. Лесвіца ў Цівалі. 1927.Да арт.Літва. П.Александравічус. Пісьменніца Юлія Жэмайтэ. 1950.Да арт.Літва. А.Стошкус. Вітраж «Літва». 1956—57.Да арт.Літва. В.Юркунас. Буду даяркай. 1960.Да арт.Літва. Ю.Мікенас. Першыя ластаўкі. 1964.Да арт.Літва. Э.Фрэюс. Анёл. 1998.Да арт.Літва. Сцэна з балета «Дон Кіхот» Л.Мінкуса.Да арт.Літва. Каўнаскі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Дрозд — птах зялёны» Б.Кутавічуса і С.Гяды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬШЧА (Polska),
Рэспубліка Польшча (Rzeczpospolita Polska), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, у басейне рэк Вісла і Одра. Мяжуе на З з Германіяй, на Пд з Чэхіяй і Славакіяй, на У з Літвой, Беларуссю і Украінай; на Пн абмываецца Балтыйскім м. і мяжуе з Калінінградскай вобл. Расіі. Пл. 312,7 тыс.км². Нас. 38,7 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — польская. Сталіца — г.Варшава. Падзяляецца на 16 ваяводстваў. Нац. святы — Дзень Канстытуцыі 1791 (3 мая), Дзень незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1997. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы (выбіраецца на 5 гадоў праз усеагульныя выбары), і Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — парламент, які складаецца з 2 палат: сейма і сената. Дэпутаты сейма (460 чал.) і сенатары (100 чал.) выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Судовая ўлада аддзелена ад заканад. і выканаўчай улад. Вышэйшая суд. інстанцыя П. — Вярхоўны суд.
Прырода. П. пераважна раўнінная краіна, нізіны і раўніны займаюць каля 75% плошчы. На Пн паласа ўзгорыста-марэннага рэльефу з вял. колькасцю азёр (Паморскае і Мазурскае Паазер’і). У цэнтр. раёнах з 3 на У працягваюцца нізіны (Велікапольская, Шлёнская, Мазавецка-Падляская), на Пд ад іх — Малапольскае і Люблінскае ўзвышшы. На Пд горы: Карпаты з масівам Татры (г. Рысы, 2499 м), на ПдЗ Судэты (г. Снежка, 1602 м). П. багатая каменным (геал. запасы 130 млрд.т да глыб. 1200 м) і бурым (геал. запасы 40 млрд.т) вугалем, серай, меднай і свінцова-цынкавымі рудамі, каменнай соллю. Ёсць барыт, жал. руда, фасфарыты, невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы і З каля -1 °C, у цэнтр. раёнах і на У -3 °C, ў гарах каля -6 °C. Сярэдняя т-раліп. 17—19 °C; у гарах халадней. Ападкаў за год на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 1200—1500 мм. Найб. рэкі Вісла з Наравам, Одра з Вартай. З азёр найб. Снярдвы (113,8 км²) і Мамры (104,4 км²) у Мазурскім Паазер’і. Лясы і хмызнякі займаюць 29% тэр. У лясах пераважае хвоя, у Судэтах — елка, у Карпатах — хвоя, елка, бук. Асн. масівы лясоў на Пн, З, у гарах. Жывёльны свет: зубр, сарна, буры мядзведзь, рачны бабёр (усе ахоўваюцца), высакародны алень, дзік, лось, барсук, воўк, рысь, зайцы; з птушак фазан (ахоўваецца), глушэц, цецярук, курапатка, вадаплаўныя. У краіне 22 нац. паркі (буйнейшыя з іх Татранскі, Бяшчадскі, Карканешскі, Белавежскі), 106 ландшафтных паркаў, якія займаюць 9,3% пл. краіны. Белавежскі нац. парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 97% складаюць палякі, 0,5% — украінцы (ПдУ), 0,4% — беларусы (пераважна Падляскае ваяводства, цэнтр — г. Беласток). Жывуць таксама немцы, славакі, рускія, літоўцы, чэхі і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 95%). Сярэдняя шчыльн. 123,8 чал. на 1 км²: найб. ў горна-прамысл. раёне на Пд — да 300—400 чал. на 1 км², найменшая на ПнУ і Пн — каля 50 чал. на 1 км². Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве каля 62% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Варшава — 1800, Лодзь — 1000, Кракаў — 850, Вроцлаў — 730, Познань — 660, Гданьск — 550, Шчэцін — 500. У прам-сці і буд-ве занята 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 26%, у абслуговых галінах — 44%.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з эпохі палеаліту (рэшткі найб.стараж. паселішчаў у паўд. раёнах краіны). Ў 4—3-м тыс. да н.э. тут жылі фіна-угры, аб чым сведчаць і некат. тапонімы, напр., назва р. Нараў. У 3-м тыс. да н.э. сюды з Прычарнамор’я прыйшлі плямёны культуры стужачнай керамікі, у пач. 2-га тыс. да н.э. з’явіліся плямёны шнуравой керамікі культуры. З 1-га тыс. да н.э.найб. вядомая лужыцкая культура (вучоныя рэканструявалі іх стараж. паселішча на Біскупінскім воз.). Лужыцкія плямёны гандлявалі са стараж. рымлянамі (пераважна бурштынам), пра што сведчыць і карта стараж. Еўропы, складзеная К.Пталамеем, дзе пазначаны г. Calissia (цяпер г. Каліш). У канцы 2 ст. да н.э. складвалася пшэворская культура, носьбіты якой — аснова фарміравання зах. славян.
У пач.н.э. землямі П. намагаліся авалодаць стараж.-герм. плямёны, але продкі славян адстаялі тэр. паміж рэкамі Вісла і Лаба (Эльба). Розныя ч. П. насялялі паморы (гл.Памаране), ругі, мазуры, куявы (гл.Куявія), віслякі, апаляне, слянзакі, палякі (паляцы), смаляне, якія кантактавалі з этнічна блізкімі палабскімі славянамі, продкамі чэхаў і славакаў. Найб. развітымі былі памаране і паўд. плямёны. У Памор’і ўзніклі першыя польск. гарады (Бялоград, Слаўна, Гданьск, Шчэцін, Волін). У паўд., або Малой Польшчы (гл.Малапольшча), узнікла княства з цэнтрам у Кракаве. Віслінскі князь падпарадкаваў ч. Галіцыі і Сілезіі. Але ў 2-й пал. 9 ст. Малая П. трапіла пад уладу Вялікамараўскай дзяржавы. З Маравіі ў П. прыйшло і хрысціянства, у Кракаве ўтварылася епіскапства паводле візант. абраду. Этнічна блізкія стараж.-польскія плямёны ўдалося аб’яднаць у дзяржаву племя палян, якое жыло ў цэнтры Вялікай Польшчы. Ад іх паходзіць назва краіны і нацыі (Польска, паляцы). У канцы 9 ст. ў палян на чале ўлады зацвердзілася дынастыя Пястаў, першымі прадстаўнікамі якой былі князі Земавіт, Лешак, Земамысл. Пісьмовая гісторыя П. пачалася з 4-га князя з дынастыі Пястаў — Мешкі I. Ён заснаваў першую сталіцу П. — г. Гнезна, герб Пястаў (белы арол) стаў дзярж. гербам краіны. У 960-я г. Мешка аб’яднаў б.ч.тэр. сучаснай П., у т. л. ў саюзе з Чэхіяй і з дапамогай яе войска падпарадкаваў Шчэцін і інш. гарады Зах. Памор’я. Ажаніўшыся з чэш. князёўнай, Мешка I у 966 прыняў хрысціянства паводле лац. абраду ад герм. епіскапаў, і з гэтага часу П. стала каталіцкай краінай. Аб’яднанне польск. зямель завяршыў старэйшы сын Мешкі — Баляслаў I Храбры, які ў 999 падпарадкаваў Малую П. з Кракавам, а яшчэ раней адабраў у чэхаў Сілезію; у 1000 Баляслаў заснаваў у Гнезне першую касцельную мітраполію на польскіх землях. Пры Пястах пачалося фарміраванне польск. народнасці (зацвердзілася яе агульная саманазва — палякі) і яе нац. самасвядомасці, адзінай польскай мовы.
У 11—13 ст. дынастыя Пястаў падзялілася на кланы і страціла кантроль над цэнтр. уладай у краіне, пасля смерці Баляслава III Крывавустага (1138) дзяржава распалася на шэраг удзельных княстваў. Сілезія трапіла пад уладу Чэхіі, а Зах. Памор’е — герм. князёў. Міжусобіцы спусташалі краіну. У 1180 вял.кн. Казімір II склікаў у г. Лянчыца ўсяпольскі з’езд князёў, знатных шляхціцаў (рыцараў) і епіскапаў. З’езд замацаваў прывілеі і імунітэты магнатаў і шляхты, іх права спадчынна валодаць княствамі, валасцямі, маёнткамі. Удзелам вял. князя прызнаваліся Кракаў і ч. Малой П. Знешнепаліт. становішча польскіх зямель пагоршылася ў сувязі з экспансіяй крыжацкага Тэўтонскага ордэна (пасля 1226) і набегаў мангола-татараў (1241, 1259, 1287). Нягледзячы на знешнюю пагрозу і ўнутр. міжусобіцы, у 13 ст. большасць польск. гарадоў атрымала магдэбургскае права. Але гар. самакіраванне ў П. ўскладнялася праблемай ням. міграцыі (б.ч. гандляроў і рамеснікаў была перасяленцамі з Германіі).
Пэўныя юрыд. нормы існавалі і на вёсцы, у т. л.мясц. самакіраванне і суд.Сял. сем’і валодалі надзеламі памерам ад 15 да 50 га. З канца 13 ст. ў П. разгарнулася барацьба за аб’яднанне польск. зямель, якую ініцыіравалі князі Малой П. і г. Кракаў (сталіца краіны ў 11—16 ст.). Значных поспехаў у гэтым дасягнуў Уладзіслаў I Лакетак, які ў 1320 каранаваны польск. каралём. Справу кансалідацыі польскіх зямель працягваў яго сын Казімір III. Пры ім П. знаходзілася ў дынастычнай уніі з Венгрыяй (1370—82). У 14 ст. ў склад П. не ўваходзілі Сілезія і Памор’е, да 1526 самаст. княствам заставалася Мазовія. Пагроза з боку Тэўтонскага ордэна абумовіла заключэнне з ВКЛКрэўскай уніі 1385. У саюзе з ВКЛ П. ў выніку Грунвальдскай бітвы 1410 паспяхова спыніла крыжацкую экспансію. Унія паступова выклікала ўнутр. супярэчнасці (канфлікт паміж Ягайлам і Вітаўтам, напружанасць паміж праваслаўнымі і католікамі з-за прывілеяванага становішча апошніх). Унія садзейнічала і ліквідацыі спадчыннай манархіі. Пасада караля стала выбарнай, а вышэйшая ўлада ў краіне перайшла да шляхецкага сейма (саслоўная манархія).
Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз П. з ВКЛ. З часоў падпісання каралём Казімірам IV Няшаўскіх статутаў 1454 у дзяржаве ўзмацнілася роля шляхты. У 15—16 ст. каралямі П. выбіраліся прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў. У выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66 з Ордэнам П. вярнула сабе Усх. Памор’е з гарадамі Гданьск, Торунь, Эльбланг, пазней (1526) мірным шляхам далучана Мазовія з Варшавай (пасля 1596 гэты горад стаў сталіцай П.). У пач. 16 ст. запрыгонены польскія сяляне. З 2-й пал. 16 ст. знешняя палітыка П. была скіравана пераважна на У. Вял. спусташэнні нанесла краіне Паўночная вайна 1655—60. Пасля працяглых перагавораў з ВКЛ ва ўмовах Лівонскай вайны 1558—83 заключана Люблінская унія 1569, паводле якой утварылася федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая. Гэта дзяржава мела агульных караля і сейм, але ВКЛ захоўвала аўтаномію (уласныя выканаўчая ўлада ў Вільні, заканадаўства, фінансы, войска). Паводле дзярж. ладу Рэч Паспалітая фактычна была шляхецкай рэспублікай, каралі выбіраліся таксама з прадстаўнікоў еўрап. каралеўскіх дамоў (Генрых III Валуа, Стафан Баторый, Сігізмунд III Ваза). Паміж уласна П. і ВКЛ была таксама заключана царкоўная унія (гл.Брэсцкая унія 1596). У 17 ст. Рэч Паспалітая ваявала са Швецыяй, Украінай, Расіяй, Турцыяй (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57, Польска-турэцкія войны 17 ст., Аліўскі мір 1660).
Унутры П. ўсё большую ўладу набывала шляхта (гл.Ліберум вета), што разам з крызісам фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадаркі вяло да паступовага заняпаду краіны. Значную ч.тэр. П. закранула Паўночная вайна 1700—21. Умяшанне ў справы аслабленай П. з боку Расіі (у т. л. з-за пытання аб дысідэнтах), а таксама Аўстрыі і Прусіі прывяло да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). У канцы 18 ст. ў П. мелі месца спробы ўнутр. рэформ (гл.Чатырохгадовы сойм 1788—92, Канстытуцыя 3 мая 1791). У 1793 Рас. імперыя і Прусія ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай, які быў змушаны зацвердзіць сейм, скліканы ў Гродне (гл.Гродзенскі сейм 1793). Акупацыя краіны выклікала паўстанне 1794, якое ўзначальваў ураджэнец Беларусі Т.Касцюшка (на бел. землях — Я.Ясінскі). Пасля задушэння паўстання адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795), у выніку якога П. на працяглы час (да 1918) страціла дзяржаўнасць, а польскія землі і народ былі падзелены паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Патрыят. сілы польскага грамадства не спынялі барацьбы за аднаўленне дзяржаўнасці, шукалі дзеля гэтага знешніх саюзнікаў, гуртаваліся ва ўмовах эміграцыі. Гэтай мэце павінны былі служыць легіёны польскія (каманд.ген. Я.Г.Дамброўскі), якія з 1797 ваявалі на баку Францыі. Частка польскай шляхты на чале з кн. А.Чартарыйскім арыентавалася на рас. імператара Аляксандра 1 у разліку на аднаўленне П., звязанай уніяй з Расіяй.
У час напалеонаўскіх войнаў утворана Варшаўскае герцагства (1807), у якім было скасавана прыгоннае права. Герцагства ўдзельнічала ў вайне 1812 супраць Расіі. Б.ч. гэтага васальнага ад Францыі дзярж. ўтварэння паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 была перададзена Рас. імперыі і склала Каралеўства Польскае.
Больш за 100 гадоў тры часткі П. (пад уладай Аўстрыі, Прусіі, Расіі) развіваліся паасобку. Цэнтрам нац.-вызв. руху заставалася Варшава. Але паўстанне 1830—31 і паўстанне 1863—64 таксама пацярпелі няўдачу. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўлады фактычна скасавалі аўтаномію Каралеўства Польскага (гл.Арганічны статут Каралеўства Польскага 1832). Нац.-вызв. паўстанні адбываліся і ў інш. частках П. — у Кракаўскай рэспубліцы (гл.Кракаўскае паўстанне 1846) і Пазнанскім вялікім княстве (гл.Пазнанскае паўстанне 1848). Пасля паўстання 1863—64 ад супрацоўніцтва з польскім нац.-вызв. рухам адышоў бел.нац.-вызв. рух. бо польскія патрыят. сілы сталі атаясамліваць паняцце «Рэч Паспалітая» толькі з П. На працягу 19 ст. ў П. фарміраваліся паліт. партыі і арг-цыі, у сувязі з пэўнай індустрыялізацыяй у польскіх землях актывізаваўся рабочы рух. У 1882 узнікла рабочая партыя «Пралетарыят», у 1893 — Польская сацыялістычная партыя (ППС) і Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (з 1900 Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы), у 1897 — Нацыянальна-дэмакратычная партыя (існавала да 1945), якая працяглы час мела вял. ўплыў у польскім грамадстве. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся магчымасці для аднаўлення дзяржаўнасці П. Гэтаму спрыялі дзейнасць польскай эміграцыі ў Парыжы (гл.Польскі нацыянальны камітэт), Ю.Пілсудскага, які абапіраўся на створаныя ім Польскія Легіёны, а таксама знешнія абставіны (паражэнне ў 1-й сусв. вайне Аўстрыі і Германіі, Кастр. рэвалюцыя 1917 у Расіі). 11—14.11.1918 ваен. і цывільную ўладу ў Варшаве ўзначаліў Пілсудскі. Пры ўрадзе І.Падарэўскага П. падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога незалежнасць краіны прызнала Антанта. Але ў склад адноўленай П. ўвайшлі не ўсе польскія землі, П. атрымала абмежаваны выхад да Балт. мора праз т.зв.«Польскі калідор». У выніку польска-сав. вайны 1919—20 (у час вайны адбылася буйная Варшаўская аперацыя 1920) і Рыжскага мірнага дагавора 1921 у склад П. ўключаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. Спрэчкі паміж П. і Літвой адносна дзярж. прыналежнасці Вільні і Віленскага краю выклікалі Віленскі канфлікт 1920—39.
17.3.1921 прынята канстытуцыя адноўленай П. (Другой Рэчы Паспалітай), што замацавала рэсп. лад краіны. Пры гэтым Другая Рэч Паспалітая (1918—39) была унітарнай дзяржавай, дзе, нягледзячы на фармальную юрыд. роўнасць, нярэдка парушаліся правы нац. меншасцей — беларусаў, украінцаў, яўрэяў і інш., якія разам складалі больш за 30% яе насельніцтва. Пасля дзярж. перавароту 12—14.5.1926 у П. ўстаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым». Да мая 1935 фактычным дыктатарам быў Пілсудскі, прэзідэнтам у 1926—39 з’яўляўся І.Масціцкі. У міжваен. перыяд П. рабіла захады па ўмацаванні сваёй бяспекі, у т. л. заключыла германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе. П. была першай краінай, у якую ўварваліся і развязалі гэтым 2-ю сусв. вайну ўзбр. сілы нацысцкай Германіі (гл.Польская кампанія 1939). Адначасова ў вер. 1939 у выніку паходу сав. войск і паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939Зах. Беларусь і Зах. Украіна далучаны да СССР (з-за гэтага польскі ўрад у эміграцыі да нападу Германіі на СССР лічыў сябе ў стане вайны і з СССР). У кастр. 1939 Сав. Саюз перадаў Віленскі край Літве. Нягледзячы на ўстаноўлены ў П. ням. войскамі жорсткі акупац. рэжым (дзейнічалі канцлагеры Асвенцім, Майданак і інш. «фабрыкі смерці», усяго за ваен. час загінула каля 6 млн. грамадзян П.), унутры краіны і па-за яе межамі разгортвалася вызваленчая вайна польскага народа 1939—45. У 1940 у СССР загінула некалькі тысяч інтэрніраваных там польскіх афіцэраў (гл.Катынь).
У гады 2-й сусв. вайны ў польскім руху Супраціўлення склаліся кірункі нацыянальны (узначальваў эмігранцкі ўрад, якому падпарадкоўваліся Армія Краёва, Андэрса армія і інш.) і камуністычны (абапіраўся на Гвардыю Людову, Саюз польскіх патрыётаў у СССР і інш. сілы). Прыкладамі антыфаш. супраціўлення і мужнасці грамадзян П. былі Варшаўскае паўстанне 1943 (паўстанне вязняў у Варшаўскім гета) і Варшаўскае паўстанне 1944. У ходзе вызвалення тэр. П. сав. войскамі, з якімі ўзаемадзейнічала Першая польская пяхотная дывізія імя Т.Касцюшкі, уладу ў краіне ажыццяўлялі Краёва Рада Нарадова (існавала ў 1944—47) і Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, што арыентаваліся на Сав. Саюз і не падтрымлівалі ўрад С.Мікалайчыка. Замацаванню знешнепаліт. арыентацыі П. на СССР садзейнічалі рашэнні Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945. Паводле рашэнняў гэтых канферэнцый устаноўлены і сучасныя межы польскай дзяржавы, у т. л. на польска-бел. сумежжы (гл.Савецка-польскі дагавор 1945). На працягу 1944—47 (поўнасцю землі П. вызвалены ад ням. войск да мая 1945) у П. ўстаноўлена фактычна аднапарт. сістэма (у 1948 засн.Польская аб’яднаная рабочая партыя; ПАРП) і разгорнуты эканам. пераўтварэнні на ўзор СССР (нацыяналізацыя буйной і сярэдняй прам-сці, спробы калектывізацыі вёскі і інш.). Насаджэнне сацыялізму ў П. выклікала стыхійныя выступленні рабочых у Познані супраць ваяводскіх улад, мясц.к-та ПАРП і службы бяспекі (1956). У 1956 новым кіраўніком партыі стаў У.Гамулка, які крыху лібералізаваў курс на пабудову ў П. сацыяліст. грамадства. У знешнеэканам. і знешнепаліт. адносінах П. была членам Савета эканамічнай узаемадапамогі (1949—91), Варшаўскага дагавора 1955 (да 1991, на тэр. П. размяшчалася Паўн. група сав. войск). Згажэліцкі дагавор 1950 з ГДР і дагавор ад 7.12.1970 аб нармалізацыі адносін з ФРГ пацвердзілі ўстаноўленыя пасля 2-й сусв. вайны межы П. з гэтымі краінамі. Сац. нестабільнасць і ідэалаг. ўціск з боку парт. і дзярж. органаў выклікалі антыўрадавыя выступленні моладзі ў Варшаве (1968), рабочых у Гданьску і Гдыні (1970), Шчэціне (1971) і інш. гарадах (1976, 1980), якія былі жорстка задушаны ўладамі. У 1970—80 лідэрам ПАРП быў Э.Герак. У сярэдзіне 1970-х г. незадаволенасць у грамадстве эканам. сітуацыяй выклікала забастоўкі і дэманстрацыі рабочых. У абарону рэпрэсіраваных рабочых выступілі каталіцкая царква і апазіц. групоўкі, скансалідаваныя пратэстамі супраць змен у канстытуцыі (у 1976 створаны К-т абароны рабочых, у 1977 Рух у абарону правоў чалавека і грамадзяніна). Вял. ўплыў на грамадскія настроі мела абранне ў 1978 польскага кардынала К.Вайтылы папам рымскім (гл.Іаан Павел II), які ў 1979 наведаў П. У 1980 на хвалі забастовачнага руху ўзнік незалежны прафсаюз «Салідарнасць» (яго старшынёй з 1981 быў Л.Валенса).
Ва ўмовах канфрантацыі з апазіцыяй улады П. ўвялі ў краіне ваен. становішча (дзейнічала ў 1981—83). У 1980-я г. партыю і ўрад узначальваў ген. В.Ярузельскі (у 1989—90 прэзідэнт П.). Пошукам шляхоў дасягнення нац. згоды ўнутры П. спрыялі і знешнія ўмовы (палітыка перабудовы ў СССР, дэмакр. змены ў дзяржавах Усх. Еўропы). Пасля правядзення «круглага стала» паміж прадстаўнікамі ўлад і апазіцыі (1989) у П. адбыліся паўсвабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамаглі апазіц. сілы. У пач. 1990 ПАРП самараспусцілася, ч. яе актыву (пераважна моладзь) утварыла Сацыял-дэмакратыю Рэспублікі П. У снеж. 1989 сейм прыняў сучасную назву дзяржавы — Рэспубліка П. (замест Польская Нар. Рэспубліка), дэнансаваў дагавор аб саюзе з СССР. Пры першым некамуніст. урадзе на чале з Ў.Мазавецкім (1989—90) пачалося ажыццяўленне праграмы радыкальных ліберальных пераўтварэнняў у гаспадарцы (т.зв. план Л.Бальцаровіча, або «шокавая тэрапія») з мэтай стварэння ў П. эфектыўнай рыначнай і сацыяльна арыентаванай эканомікі. У выніку першых свабодных прэзідэнцкіх выбараў (канец 1990) прэзідэнтам стаў Валенса, у 1995 яго змяніў А.Квасьнеўскі (перавыбраны ў 2000). У 1997 прынята сучасная канстытуцыя П., якая гарантуе і выкананне нац.-культ. правоў нац. меншасцей. У 1990-я г. краіна дасягнула значных сац.-эканам. поспехаў (утаймаванне інфляцыі і стабілізацыя курсаў нац. грашовай адзінкі — злотага, рэфармаванне сістэмы сац. абароны насельніцтва, стварэнне больш як 100 недзяржаўных ВНУ і інш.). У знешняй палітыцы П. імкнецца да інтэграцыі ў еўрап. рэгіянальныя і транснац. арг-цыі, умацавання гандл.-эканам. і культ. сувязей з суседнімі дзяржавамі, у т. л. з Беларуссю. Апошнія гады на чале ўлады знаходзіцца кааліцыя Уніі Вольнасці і Выбарчай акцыі Салідарнасці. П. — чл.ААН (з 1945), «Вішэградскай групы» (з 1990—91), Савета Еўропы (з 1991), НАТО (з 1999), асацыіраваны партнёр Зах.-еўрап. і Еўрап. саюзаў (абодвух з 1994). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 2.3.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Выбарчая акцыя Салідарнасць, Польская сял. партыя, Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі П., Саюз свабоды, Хрысц.-нац. аб’яднанне, Канфедэрацыя незалежнай П., Рух за адраджэнне П., Хрысц. дэмакратыя Трэцяй Рэчы Паспалітай, Нар.-дэмакр. партыя, і інш. Інтарэсы беларусаў у П. прадстаўляе Бел.дэмакр. аб’яднанне. Найбуйнейшыя прафес. аб’яднанні — Усяпольскае пагадненне прафес. саюзаў, Незалежны самакіравальны прафес. саюз «Салідарнасць», Агульнапольскі прафсаюз сялян, сял. аб’яднанняў і арг-цый.
Гаспадарка. П. — індустр.-агр. дзяржава з сярэднім узроўнем развіцця. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 263 млрд.дол., каля 6800 дол. на чалавека. 26,6% ВУП атрымліваюць у прам-сці, 5,1% — у сельскай гаспадарцы, 68,3% — у сферы паслуг. Пераход да рыначнай эканомікі ў П. быў параўнальна доўгі і складаны. Лібералізацыя эканомікі праведзена ў 1990, дадатныя зрухі пачаліся з 1992. У 1995—98 умовы для развіцця эканомікі былі вельмі спрыяльныя, штогадовы рост ВУП склаў 6—8%, узровень інфляцыі не перавышаў 10%. У гэты перыяд ажыццёўлена структурная перабудова ў прам-сці, доля сыравінных і энергаёмістых галін зменшылася, павялічылася доля перапрацоўчых галін. У буд-ве і гандлі прыватны сектар складае 90%, у прам-сці — 60%. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі. За 1989—99 іх аб’ём склаў 35,5 млрд. долараў. Створаны 17 свабодных эканам. зон з удзелам капіталаў ЗША і краін Еўропы. Ліквідаваны нярыначныя формы тавараабароту, сістэма цэнтралізаванага планавання. У прамысловасці развіты паліўна-энергет. комплекс, які базіруецца ў асн. на ўласных рэсурсах. Здабыча каменнага вугалю 111,9 млн.т (1999, Верхнесілезскі і Ніжнесілезскі басейны), бурага — 60,8 млн.т (басейны ў цэнтр. і зах. раёнах). Экспарт каменнага вугалю склаў 25 млн.т (1998, 2-е месца ў свеце). Нафта пераважна імпартная, каля 40% яе паступае з Расіі. Буйнейшыя нафтаперапр. з-ды ў Плоцку і Гданьску. Вытв-сць бензіну 3,9 млн.т, дызельнага паліва 6,1 млн.т, мазуту 4,7 млн.т (1999). Прыродны газ паступае з Расіі, здабыча ўласнага (Перадкарпацце і марскі шэльф) склала 4,7 млрд.м³ (1999). Вытв-сць электраэнергіі 140 млрд.кВт∙гадз. (1999), у т. л. 97% на ЦЭС, 3% на ГЭС. Чорная металургія прадстаўлена буйнымі камбінатамі «Катавіцы» ў г. Дамброва-Гурніча і «Нова-Гута» ў г. Кракаў. Сталь выплаўляюць таксама ў Варшаве, Сталёва-Волі, Чанстахове, Глівіцах і інш.Вытв-сць (1999) сталі 8,8 млн.т, пракату 6,3 млн.т. Жалезная руда паступае пераважна з Украіны, Расіі, Бразіліі, Швецыі. Каляровая металургія прадстаўлена ў асн. свінцова-цынкавай і меднай прам-сцю. Цэнтр здабычы свінцу і цынку — г. Бытам (Сілезска-Кракаўскі басейн), іх перапрацоўкі — гарады Глогаў і Лягніца. Здабыча медзі на ПдЗ краіны, вытв-сць з уласнай сыравіны 470 тыс.т (1999, 1-е месца ў Еўропе). Выплаўляецца серабро, кадмій, кобальт, ванадый, золата і інш. Выплаўка алюмінію — 46,7 тыс.т (1999). З інш. галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча серы (1,2 млн.т, 1999, цэнтр — г. Тарнобжаг), каменнай солі (каля 4—5 млн.т штогод, цэнтр — г. Інавроцлаў), барыту, буд. матэрыялаў.
Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне (больш за 30% занятых у прам-сці); вылучаюцца транспартнае: вытв-сць (1997) легкавых (522 тыс.) і грузавых (60,2 тыс.) аўтамабіляў (Варшава, Люблін, Старахавіцы, Бельска-Бяла, Кельцы, Тыхы); марскіх і рачных суднаў (Гдыня, Гданьск, Шчэцін, Быдгашч, Тчэў); рухавікоў для суднаў (Познань, Гданьск), лакаматываў і вагонаў (Вроцлаў, Познань), авіятэхнікі (Варшава, Жэшаў, Свіднік), матацыклаў і веласіпедаў (Быдгашч, Свіднік) і інш. Развіта станкабудаванне (Варшава, Вроцлаў, Быдгашч, Познань, Лодзь, Катавіцы), вытв-сцьс.-г. і дарожнай тэхнікі. Вялікае значэнне мае вытв-сцьбыт. электратэхнікі (1999): пральных (352 тыс.) і швейных машын (58,7 тыс.), быт. халадзільнікаў (726 тыс.), пыласосаў (1,2 млн.), тэлевізараў (5,1 млн.) і інш.Хім.прам-сць вылучаецца выпускам прадукцыі неарган. хіміі на базе ўласнай сыравіны: сернай кіслаты, фосфарных і азотных угнаенняў, каўстычнай соды; гал. цэнтры — Гданьск, Тарнобжаг, Хожаў. Развіта вытв-сцьхім. валокнаў (85,8 тыс.т, 1999) у Торуні, Лодзі, Шчэціне і інш. У 1999 выпушчана 15,9 млн. шын для легкавых і грузавых аўтамабіляў і сельгастэхнікі. Вял. цэнтры шыннай і гумавай прам-сці — гарады Ольштын, Познань, Лодзь, Грудзёндз, Бялхатаў. Ёсць вытв-сць лакаў, фарбаў, лекаў. Развіта вытв-сць цэменту — 15,3 млн.т (1999). П. мае значную дрэваапр.прам-сць, асабліва вытв-сць мэблі. Вытв-сць (1999) піламатэрыялаў з хвойных парод 2,3 млн.м³, з лісцевых — 448 тыс.м³. Развіта лёгкая прам-сць, асабліва выпуск тканін (388 млн.м², 1997, 1/3 іх вырабляецца ў г. Лодзь), абутку (43,9 млн. пар, 1999), трыкатажу і швейных вырабаў. З галін харчасмакавай і харч. прам-сці вылучаюцца (1999) тытунёвая (94,6 млрд. папярос і цыгарэт), алейная (699 тыс.т алею), цукр. (1,8 млн.т цукру), малочная (133 тыс.т масла), вінна-гарэлачная (736 тыс. дэкалітраў гарэлкі), піваварная. Развіты шкляная, фарфора-фаянсавая, паліграф., парфумерная, фармацэўтычная, буд. матэрыялаў прам-сць. Выраб муз. інструментаў (Лягніца, Каліш і інш.).
У сельскай гаспадарцы пераважае дробнатаварны ўклад.С.-г. ўгоддзі займаюць 18,5 млн.га, або 59,2% тэр. краіны, з іх 14,1 млн.га ворыва (1997). Прыкладна 50% апрацаваных зямель займаюць гаспадаркі пл. да 5 га. Асн.с.-г. культуры (пасяўныя пл., млн.га, 1999): пшаніца — 2,6, жыта — 2,3, ячмень — 1,2, авёс і трыцікале — па 0,6, зернебабовыя — 1,4. Валавы збор збожжа (1997) склаў 24,3 млн.т, ураджайнасць 28,7 ц/га, у т. л. пшаніцы — 8,2 млн.т, ураджайнасць 35,7 ц/га. Пад бульбай 1,3 млн.га, збор (1997) 27,2 млн.т, ураджайнасць 203 ц/га. З тэхн. культур вырошчваюць цукр. буракі — 16 млн.т (1997), ураджайнасць 392 ц/га, рапс, лён, тытунь. Валавы збор гародніны 5,3 млн.т, пладоў і ягад — 2,6 млн.т (1997). Сярод краін Еўропы П. вылучаецца значнай вытв-сцю хмелю і фасолі. Жывёлагадоўля мае мяса-малочны кірунак. Гадуюць (1999, млн. галоў): буйн. раг. жывёлу —6,1 (у т. л. кароў 3,3), свіней — 18,2, авечак і коз — каля 0,5. Вытв-сць (1997) мяса ў забойнай вазе 1,2 млн.т, малака 12,1 млн.т (сярэдні надой ад адной каровы 3506 л за год), яек — 7,7 млрд. штук, настрыг воўны — 2 тыс.т.
Транспарт — чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1998) чыгунак 24,3 тыс.км (каля палавіны электрыфікавана), аўтадарог 377 тыс.км, унутр. водных шляхоў 3,8 тыс.км, газаправодаў 17 тыс.км, нафтаправодаў 2,3 тыс.км. Гал. марскія парты Гданьск, Гдыня, Калобжаг, Шчэцін, Свінауйсьце; рачныя — Глівіцы, Варшава, Вроцлаў. У марскім флоце 61 карабель агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн.т (1998). У перавозках грузаў 58,9% прыпадае на аўтатранспарт, 29,6% — на чыгуначны, у перавозках пасажыраў 71,4% — на аўтатранспарт, 28,2% — на чыгуначны. У краіне 74 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Варшавы, Лодзі, Вроцлава, Кракава, Гданьска. У 1999 экспарт склаў 27,4 млрд.дол., імпарт — 45,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: каменны вугаль, сера, каляровыя металы, прадукцыя машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, лекі. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, сыравіна для чорнай металургіі, харч. тавары, разнастайнае абсталяванне, трансп. сродкі, хім. прадукты. Важнейшыя гандл. партнёры: Германія (32,9% экспарту, 24,1% імпарту), Італія (адпаведна 5,9 і 9,9%), Расія (8,4% і 6,3%), Францыя (4,4% і 5,9%), Вялікабрытанія, Украіна, Нідэрланды, ЗША і інш.Гандл. абарот Беларусі з П. склаў (1999) 422,3 млн. долараў, у т. л. экспарт 208,3 млн.дол. і імпарт 214 млн.дол. Беларусь пастаўляе хім. валокны і ніці, казеін, трактары, калійныя ўгнаенні, некат. віды сыравіны і тавары нар. ўжытку; атрымлівае з П. акумулятары, помпы, абутак, харч. тавары, лекі і інш. Значную ролю ў выраўноўванні гандл. балансу адыгрывае замежны турызм. П. ў 1998 займала 8-е месца ў свеце па колькасці замежных турыстаў — 18,8 млн.чал., даходы ад турызму склалі 8,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — злоты.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (205 тыс.чал., 2000) і ваенізаваныя фарміраванні (33 тыс.чал.), у т. л. войскі МУС і адміністрацыі (10 тыс.чал.), пагран. аховы (20 тыс.чал.), фарміраванні грамадз. абароны (каля 3 тыс.чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. Агульнае кіраўніцтва ажыццяўляе міністр абароны (цывільная асоба), аператыўнае кіраванне (баявая падрыхтоўка, тылавое забеспячэнне, мабілізацыйная работа) — нач.ген. штаба. Камплектаванне паводле закона аб усеагульнай воінскай павіннасці. Тэрмін абавязковай ваен. службы — 12 месяцаў. Тэр. П. падзелена на 2 ваен. акругі — Паўночную (Быдгашч) і Паўднёвую (Вроцлаў). У сухап. войсках 138 тыс.чал., 1 аэрамабільны корпус, 7 дывізій, у т. л. 5 механізаваных, 1 танкавая, 1 аховы ўзбярэжжа, а таксама 12 асобных брыгад, з якіх 2 горна-пяхотныя, 1 танк., 2 дэсантна-штурмавыя і інш. На ўзбраенні 50 пускавых установак аператыўна-тактычных і тактычных ракет, 1730 танкаў, 1440 баявых браніраваных машын, каля 1600 адзінак палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню, мінамётаў і інш. У ВПС і войсках ППА, якія з’яўляюцца (з 1989) адзіным відам узбр. сіл, 2 корпусы, 50 тыс.чал., 340 баявых самалётаў, да 245 пускавых установак зенітных кіроўных ракет, да 100 верталётаў і інш. У ВМС, якія ўключаюць флот, авіяцыю ВМС, камандаванні берагавой абароны і раёна базіравання ВМС на Балтыйскім м., 17 тыс.чал., 42 баявыя караблі (3 падводныя лодкі, 1 эсмінец, 1 фрэгат, 4 карветы, 24 тральшчыкі і інш.), 26 баявых катэраў, 39 дапаможных суднаў, 45 баявых самалётаў, 10 верталётаў. Асн. базы ВМС: Гдыня, Гэль, Свінауйсьце, Калобжаг і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў (2000). Смяротнасць 9,7 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 180 чал., урачамі — 1 на 436 чалавек. Узровень нараджальнасці — 10,6 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,089%. Дзіцячая смяротнасць у 1971 складала 29,7, у 1999—12,8 на 1 тыс. нованароджаных. Вядуцца рэформы з мэтай стварэння свабоднага рынку мед. паслуг. Дзярж. статут 1998 аб забеспячэнні аховы здароўя прадугледжвае пашырэнне самафінансавання, права свабоднага выбару хворым урача і бальніцы. Ствараюцца т.зв. Касы хворых (рэгіянальныя, галіновыя і інш.), якія з’яўляюцца ўстановамі самакіравання і фінансуюцца ў памеры 7,5% ад даходаў падаткаплацельшчыкаў. Існуе прыватная медыцына.
Асвета. Сістэма адукацыі П. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. З 1998/99 навуч.г. ў П. пачалася рэформа сістэмы адукацыі, паводле якой у агульнаадук. школе ўведзены 4 ступені адукацыі з 3-гадовым тэрмінам навучання на кожнай з іх. 1-я ступень — пач. школа для дзяцей з 7-гадовага ўзросту (інтэграванае навучанне); 2-я — базавая школа (блокавае навучанне); 3-я — гімназія (прадметнае навучанне выраўноўвання); 4-я — ліцэй (профільнае навучанне, якое заканчваецца дзярж. экзаменам і атрыманнем атэстата аб поўнай сярэдняй адукацыі). Пасля гімназіі можна атрымаць у прафес. школе рабочую прафесію або пасля дадатковага 2-гадовага курса — атэстат. Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, вышэйшыя школы. Званне ліцэнцыята можна атрымаць пасля 3—3,5 года навучання ў ВНУ, інжынера — 3,5—4, магістра — 5 гадоў прафес. падрыхтоўкі. У 1998/99 навуч.г. ў дашкольных установах 492,8 тыс. дзяцей; больш за 21 тыс.агульнаадук. школ, у т. л. каля 40 бел., працуюць 2 бел. ліцэі (5551,3 тыс. дзяцей); 7660 сярэдніх спец.навуч. устаноў (1565,5 тыс. навучэнцаў); 120 ВНУ (1,2 млн. студэнтаў, у т. л. замежных 5541, з іх 693 з Беларусі). Найбуйнейшыя ВНУ: Ягелонскі універсітэт і Эканам. акадэмія ў Кракаве; Вроцлаўскі ун-т (з 1702); Варшаўскі універсітэт, Мед. акадэмія, Варшаўская палітэхніка, Вышэйшая гандл. школа (усе ў Варшаве); Ун-т імя А.Міцкевіча ў Познані (з 1919); Каталіцкі ун-т (з 1918) і Ун-т М.Кюры-Складоўскай (з 1944) у Любліне; Ун-т М.Каперніка ў Торуні (з 1945) і інш. Найбольшыя б-кі: Ягелонская (з 1364; выконвае функцыю нац. б-кі), Польская нацыянальная бібліятэка ў Варшаве (з 1928; 7 млн.экз.), Варшаўскага ун-та (з 1817; каля 2,5 млн.экз.), Ун-та імя А.Міцкевіча (з 1902), «Ossolineum» (з 1817 у Львове, з 1945 у Вроцлаве), Польск. АН у Варшаве і інш. Музеі: Нац. (з 1862; мае філіялы ў Вілянаве, Лазенках, Нябораве), Каралеўскі замак (з 1980) у Варшаве; экспазіцыя на Вавелі, Ягелонскага ун-та, археал., гіст., этнагр. музеі (усе ў Кракаве); Нац. музей у Вроцлаве (з 1948), Нац. музей у Познані (з 1857); Музей Ф.Шапэна ў Жалязова-Волі; кляштар на Ясна-Горы ў Чанстахове; Замкавы комплекс у Мальбарку (з 1961), каралеўскія замкі ў Пяскова-Скале і Любліне, Дзярж. музеі Асвенцім-Бжазінка (з 1947), Мазавецкі ў Плоцку (з 1821) і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў Польск. АН, н.-д. установах, на кафедрах ун-таў і акадэмій.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у П. больш за 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя штодзённыя газеты: «Gazeta Wyborcza» («Выбарчая газета», з 1989), «Rzeczpospolita» («Рэспубліка», з 1982), «Życie Warszawy» («Жыццё Варшавы», з 1944), «Kurier Polski» («Польскі кур’ер», з 1957), «Trybuna» [«Трыбуна»; у 1948—90 наз. «Trybuna Ludu» («Трыбуна народа»)], штотыднёвікі — «Nie» («Не», з 1990), «Polityka» («Палітыка», з 1957), «Wprost» («Супраць», з 1982). Бел.перыяд. выданні: штотыднёвік «Ніва» (з 1956), часопісы «Сустрэчы» (з 1987), «FOS» («ФОС», з 1989), «Czasopis» («Часопіс», з 1990), «Дыскусія» (з 1993) і інш.Інфарм. агенцтвы — Польскае агенцтва друку і Польскае інфарм. агенцтва (ПІА; у 1967—91 наз. Польскае агенцтва Інтэрпрэс). Працуюць службы «Польскае тэлебачанне AT» і «Польскае радыё АТ» (абедзве з 1992). Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нац. савет па радыёвяшчанні і тэлебачанні (з 1992). Тэле- і радыёвяшчанне ўключае каналы агульнанац., асобных ваяводстваў і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. Дзейнічаюць 36 тэлецэнтраў, у т. л. 11 дзярж., і 167 радыёстанцый, у т. л. 17 дзяржаўных. Тэлебачанне з 1952 (рэгулярнае з 1953). Перадачы трансліруюцца па 3 дзярж. каналах (ТВП 1, ТВП 2, «Палонія»). З 1993 існуюць камерцыйныя каналы («Польсат», «Канал +», «РТЛ-7» і інш.). Радыёвяшчанне вядзе перадачы па 4 каналах, у т. л. на замежжа. З 1990 развіваецца камерцыйнае радыёвяшчанне (Радыё Зэт і інш.). У Беластоку працуе радыё «Рацыя» (з 2000 бел. праграмы трансліруюцца на Беларусь). Перадачы вядуцца таксама на англ., франц., ням., італьян., ісп., фін., швед., араб. і эсперанта мовах. П. належыць да еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі ЭУТЭЛСАТ (з 1990).
Літаратура. Развіваецца на польскай мове. Л-ра дахрысц. перыяду амаль не захавалася. Стараж. польская л-ра (966 — пач. 19 ст.) падзяляецца на некалькі перыядаў: сярэднявечча, Адраджэнне (Рэнесанс), барока, Асветніцтва. Л-ра сярэднявечча (11—15 ст.) развівалася на лац. мове пад уплывам каталіцтва. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 11 ст.Асн. жанры: казанні, малітвы, жыціі. Вял. ролю ў станаўленні польскай л-ры адыгралі летапісы і гіст. хронікі (Гал Ананім, Вінцэнты Кадлубак). Адметнай была «Велікапольская хроніка» Гадзіслава Башкі (?, 14 ст.), які выкарыстаў стараж.слав. паданне пра Леха, Чэха, Руса (прабацькоў палякаў, чэхаў і ўсх. славян) і зах.-еўрап. эпас. Важную ролю ў развіцці польскай культуры адыграў Кракаўскі ун-т. Найб. значны твор — 6-томная «Гісторыя Польшчы» Я.Длугаша. Разам з вучонай лац. л-рай узнікла л-ра на польскай мове: з сярэдзіны 13 ст.рэліг. зместу (пераклады, гімны), з 15 ст. — паўсвецкага і свецкага характару («Верш пра паводзіны за сталом» П.Слоты, дыялогі). У эпоху Адраджэння (16 ст.) пашырыліся ідэі гуманізму і Рэфармацыі. У цэнтры новай культуры — Кракаве — наладжана кнігадрукаванне перакладаў з лац., чэш. і ням. моў, першых падручнікаў па польскай арфаграфіі (Я.Паркашовіц) і граматыцы (П.Статорыус-Стаенскі). Працы М.Каперніка і А.Маджэўскага-Фрыча паўплывалі на развіццё сусв. навукі і грамадскую думку. Побач з лац. паэзіяй (К.Яніцкі) ствараліся арыгінальныя творы на польскай мове, дзе закраналіся паліт., сац., рэліг. і быт. праблемы. М.Рэй у «Кароткай гутарцы» (1543) і «Зярцале» (1568) адстойваў паліт. інтарэсы шляхты, але выступаў і ў абарону сялян, праслаўляў рэнесансавыя ідэалы. Буйнейшым паэтам польскага Адраджэння быў Я.Каханоўскі, які заклаў асновы нац. паэзіі. На мяжы 16—17 ст. росквіту дасягнула гарадская л-ра: творы прадстаўнікоў адукаванага, заможнага мяшчанства (С.Ф.Клёнавіч, Ш.Шымановіч) і т.зв. савізжальская, мяшчанска-плебейская л-ра (гумарэскі, песні, драм. сцэнкі, інтэрмедыі). 17 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд польскага барока. У выніку феад. анархіі, спусташальных войнаў, аслаблення ўплыву шляхты ў л-ры ўзмацніліся песімістычныя тэндэнцыі, уплыў мастацтва Іспаніі, Італіі, Францыі. Вядучае месца заняла творчасць прыдворных пісьменнікаў (тэарэтык М.Сарбеўскі, паэт і перакладчык Я.А.Морштын, драматург С.Любамірскі). Шляхецкую л-ру прадстаўлялі паэт В.Патоцкі, празаік В.Кахоўскі, мемуарыст Я.Х.Пасек. Л-ра эпохі Асветніцтва (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) адлюстравала працэс перабудовы грамадства, звязаны з ліберальнымі рэформамі. Узніклі літ.маст. і грамадска-паліт. часопісы, створаны публічная б-ка і нац.т-р (1765), актывізаваліся выдавецкая дзейнасць і кнігадрукаванне. Правадніком новых ідэй стала драматургія («бацька нацыянальнай сцэны» В.Багуслаўскі, Ю.У.Нямцэвіч). Пісьменнікі-класіцысты І.Красіцкі (стваральнік першага польскага асветніцкага рамана), А.Нарушэвіч, С.Трамбецкі, Ф.Заблоцкі, Т.К.Венгерскі ў сатыр. і іроікамічных паэмах, байках, камедыях, памфлетах выкрывалі абмежаванасць і заганы магнатаў, манаскія ордэны, прыхільнікаў старых парадкаў. Развівалася паэзія ракако і сентыменталізму (Ф.Д.Князьнін, Ф.Карпінскі). На мяжы 18—19 ст. з’явілася група пісьменнікаў-«псеўдакласікаў», якія знаходзіліся пад уплывам зах.-еўрап. л-ры (А.Фялінскі, К.Брадзінскі, Нямцэвіч).
Л-ра 19 ст. развівалася ва ўмовах нац. і сац. прыгнёту з боку рус. царызму, аўстр. і ням. манархій. На яе развіццё паўплывала паўстанне дзекабрыстаў (1825), нац.-вызв. паўстанні ў Польшчы, на Беларусі і Літве 1830—31, 1863—64. Рамант. кірунак у л-ры звязаны з творчасцю А.Міцкевіча, які ўвёў новага героя — простага чалавека з яго мовай, паэзіяй, ідэаламі. Творы паэта прасякнуты народнасцю, рэв.-вызв. ідэямі, лірычнымі ўспамінамі пра «малую айчыну» — Навагрудчыну. Вострым пачуццём трывогі за лёс Польшчы вызначалася паэзія Ю.Славацкага — заснавальніка рамант. драмы. Мальераўскія традыцыі развіваў А.Фрэдра, да гіст.хрысц. праблематыкі звяртаўся З.Красінскі, вылучалася інтэлектуальна багатая лірыка Ц.К.Норвіда. У цыкле раманаў пра айч. гісторыю Ю.А.Крашэўскага (заснавальніка польскай рэаліст. прозы), творах Ю.Кажанеўскага, У.Сыракомлі выявіліся антыпрыгонніцкія настроі. Пасля паражэння паўстання 1863—64 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: узмацніліся яе сувязі з грамадскім рухам. Л-ра зазнала ўплыў пазітывізму (прапагандавалася арган. праца і разважлівы стасунак да жыцця, увага да сац. праблематыкі, асветніцкая дзейнасць сярод сялянства). Гэта сцвярджала прынцыпы рэалізму і ўзмацняла ролю публіцыстыкі. З твораў Э.Ажэшкі пачаўся росквіт польскага рэаліст. рамана. Гал. тэма сац. паэзіі М.Канапніцкай — цяжкая доля народа; праблемам сац. расслаення грамадства прысвечана творчасць В.Пруса; майстрам гіст. эпікі з моцнай патрыят. тэндэнцыяй быў Г.Сянкевіч. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначыўся прынцыповымі зменамі ў развіцці польскай л-ры. Гэты перыяд вядомы пад назвай «Маладая Польшча». Актывізаваліся рэаліст. тэндэнцыі і прыёмы псіхалагізацыі, побач з імі ў складаным узаемадзеянні развіваліся мадэрнісцкія плыні. Гал. месца заняла паэзія (К.Тэтмаер, Я.Каспровіч, Б.Лесьмян). Аднавіў класіцыстычныя традыцыі Л.Стаф. Сац. завостранасцю і глыбокім пранікненнем у псіхалогію чалавека вылучыліся творы С.Жаромскага. Пра разбуральныя ўплывы цывілізацыі, праблемы мастацтва і творцы пісаў В.Берант. Тэма сялянства і сац. расслаення вёскі — гал. ў творчасці У.Рэйманта, тэма рэвалюцыі — у творах А.Струга, З.Налкоўскай. Драмы С.Выспянскага, І.Міцінскага адметныя метафарычнасцю і глыбінёй філас. абагульненняў, перапляценнем сімволікі, фантастыкі і рэальнасці. Пасля атрымання П. незалежнасці (1918) у яе л-ры ішла вострая ідэалаг. барацьба. Частка пісьменнікаў выступала ў абарону новага ладу і імкнулася да актывізацыі сувязей з культурамі краін Зах. Еўропы. Уплывала на л-ру і каталіцтва. Аднак развіццё л-ры вызначалі дэмакр. і рэаліст. тэндэнцыі. У паэзіі 1920-х г. адбывалася ідэйна-эстэт. дыферэнцыяцыя. У абарону «класічных» традыцый пад лозунгам «паэзіі будзённасці» выступіла група «Скамандр» (Ю.Тувім, Я.Івашкевіч, А.Сланімскі). Авангардныя групоўкі прадстаўлены творчасцю Б.Ясенскага, Ю.Пшыбася, Т.Пэйпера. Вакол час. «Kultura robotnicza» («Рабочая культура») групаваліся прыхільнікі «пралетарскай культуры» (У.Бранеўскі, Ясенскі). У сац.-паліт. прозе з выкрывальнай накіраванасцю адлюстраваны складаныя праблемы пасляваен. жыцця (раманы Жаромскага, Налкоўскай, Струга, Ю.Кадэн-Бандроўскага). У драмах С.А.Віткевіча назіраліся гратэскава-сатыр. тэндэнцыі. Адметная рыса л-ры 1930-х г. — росквіт рамана: сац.-псіхалагічнага (М.Дамброўская, Налкоўская), псіхалагічнага (М.Кунцэвіч, А.Рудніцкі), гістарычнага Д.Кручкоўскі, Івашкевіч, З.Косак-Шчуцкая), рэв.-пралетарскага (В.Васілеўская, Кручкоўскі). Развівалася проза «малога рэалізму» і дакумент. (П.Гаявічынская, З.Унілоўскі). Блізкай да л-ры натуралізму была група «Прадмесце» (1933—37), прадстаўнікі якой паводле прынцыпаў «літаратуры факту» паказвалі жыццё пралетарыяту, сялянства, дэкласаванай часткі грамадства (Г.Багушэўская, Е.Карнацкі, Г.Марцінак). Ідэі катастрафізму выявіліся ў творчасці Віткевіча, Тувіма, Пшыбася, Бранеўскага, а таксама ў гратэскава-сатыр. прозе прадстаўнікоў маладога пакалення (В.Гамбровіч, Б.Шульц). У драматургіі назіраліся тэндэнцыі сімвалізму і псіхалагізму (Е.Шаняўскі, Налкоўская).
У гады 2-й сусв. вайны пераважалі канспіратыўныя перыяд. выданні, малыя формы дакумент. прозы і паэзія (К.К.Бачынскі, Стаф, М.Жулаўскі). У эміграцыі выдавалі свае творы Тувім, Бранеўскі, Сланімскі (на Захадзе), Васілеўская, Л.Шэнвальд, Е.Путрамант (у СССР). У першыя пасляваен. гады вядучая роля належала рэаліст. прозе пра вайну, акупацыю, барацьбу польскага народа супраць фашызму (творы Налкоўскай, В.Жукроўскага, Путраманта, Івашкевіча, Е.Анджаеўскага). Асобнае месца займала «лагерная» тэматыка (С.Шмаглеўская, Налкоўская, К.Жывульская, Т.Бароўскі). Вылучыліся творы, якія адлюстроўвалі складанасць жыцця ў гіст. і сац.-псіхал. аспектах (К.Брандыс, І.Неверлі, Дамброўская, В.Мах, Т.Голуй), цыкл раманаў-біяграфій пра дзеячаў польскай гісторыі і культуры (М.Яструн, Е.Брашкевіч). Развіццё паэзіі звязана з творчасцю К.Галчынскага, Бранеўскага, Пшыбася, Яструна. У драматургіі пераважала «лагерная» і антыфаш. тэматыка (Кручкоўскі, Голуй, С.Атвіноўскі), авангардная плынь прадстаўлена творамі Гамбровіча, Шаняўскага. Пасля 1956 пачаўся новы этап у развіцці польскай л-ры: адчувалася яе большая адкрытасць, цікавасць да пытанняў этыкі, палітыкі, гіст. і сац. абумоўленасці асобы. Барацьба са стэрэатыпамі мыслення і ўвага да ўнутр. свету чалавека спрыялі росквіту жанру эсэ (Т.Брэза, К.Брандыс, А.Рудніцкі). Узмацнілася інтэлектуалізацыя прозы, яе маст. і жанравае абнаўленне (Ю.Кавалец, Івашкевіч, Дамброўская). Багаццем фальклорна-алегарычных сродкаў адметныя творы Т.Новака, В.Мысліўскага, Э.Радлінскага. Да падзей 2-й сусв. вайны і яе трагічных вынікаў звярталіся Р.Братны, Б.Чэшка, М.Белашэўскі. Побач з творамі пра сучаснасць (Т.Канвіцкі) развіваецца гіст. і гісторыка-біягр. раман (Я.Бахенскі, Т.Парніцкі, У.Л.Тарлецкі, Л.Электаровіч, Я.Парандоўскі), папулярная філас. фантастыка С.Дема. Пашырылася развіццё эксперыментальнай (авангарднай) прозы: навелы М.Хласкі, раманы Л.Гамаліцкага, Маха, Анджаеўскага. Паэзія прадстаўлена новай тэматыкай і маст. пошукамі (Ч.Мілаш, Івашкевіч, Т.Ружэвіч, В.Шымборская, С.Граховяк, З.Герберт). У драматургіі развіваецца рэаліст. (Брашкевіч, Кручкоўскі, Івашкевіч) і алегарычна-метафарычны (С.Мрожак, Гамбровіч, Ружэвіч, І.Ірадынскі) кірункі. У галіне крытыкі выступаюць літ.-знаўцы К.Выка, С.Жалкеўскі, Г.Маркевіч, Р.Матушэўскі, М.Янён, Ю.Бахуж, М.Главінскі і інш.
Польска-бел. літ. сувязі на працягу стагоддзяў вызначаліся агульнасцю лёсаў, блізкасцю моў і культуры бел. і польскага народаў. Стараж.бел. мовай напісаны граматы польскага караля Уладзіслава II (Ягайлы), у т. л.кн. Скіргайлу 1387. На старабел. мову перакладзены з лац. арыгінала Вісліцкі статут 1347. Ягелонскі ун-т у Кракаве — alma mater для многіх пакаленняў бел. інтэлігенцыі (Ф.Скарына, С.Будны і інш.). У канцы 15 ст. ў Кракаве засн. друкарня (Ш.Фіёль), дзе выдаваліся кнігі кірыліцай, пераважна рэліг. зместу для правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны. З пачаткам кнігадрукавання ў 16 ст. на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пераклады папулярнай л-ры з латыні, чэш. і ням. моў. Пасля Люблінскай уніі 1569 П. і ВКЛ, у складзе якога была Беларусь, аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую; пашырылася польская культура, а з сярэдзіны 17 ст. польская мова стала пануючай. У 16—17 ст. на бел. мову перакладзены са шматлікімі паланізмамі польскія спісы «Александрыя», «Троя», «Гісторыя пра Атылу», польскія хронікі М.Бельскага, М.Стрыйкоўскага, «Аповесць пра Скандэрбега», «Вялікае зярцала», «Жыціі святых» П.Скаргі. У сваю чаргу з бел. на польскую мову перакладзены статуты ВКЛ, бел.-літ. хронікі і інш. творы. Бел. паэт А.Рымша — аўтар паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў... Крыштофа Радзівіла» (1585), перакладаў з лац. на польскую мову. Ананімны гіст.-мемуарны твор «Дзённік падзей, якія адносяцца да смутнага часу» напісаны бел. мовай. З Беларуссю звязаны творы пісьменнікаў, якія жылі на Беларусі (Сарбеўскі, Морштын). Аснову барока ў бел. л-ры закладваў Сімяон Полацкі, які развіваў традыцыі Каханоўскага, пісаў таксама вершы на польскай мове. З канца 17 ст.бел. мова пачала выцясняцца з афіц. ўжытку польскай і лац., было забаронена бел. кнігадрукаванне. Выкладанне ў Віленскай акадэміі і калегіумах Мінска, Брэста, Полацка, Навагрудка, Нясвіжа, Гродна і інш.бел. гарадоў вялося на лац. мове. Нешматлікія творы на бел. мове ствараліся ананімна і распаўсюджваліся пераважна ў рукапісах («Прамова Мялешкі»). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. асветніцкія ідэі праніклі і на Беларусь, дзе, як і ў П., асветнікі найперш выступілі супраць «сармацкага» абскурантызму, проціпаставіўшы яму ідэі ўсе.магутнасці розуму. У шматмоўнай л-ры Беларусі 18 ст. польская мова займала адно з гал. месцаў. Пад уплывам польскай рэліг. песні «Прыбеглі ў Віфлеем пастухі» напісаны парадыйны бел. верш «Стары Восіп барадаты». 18 ст. — перыяд росту цікавасці да Беларусі, з ёю звязана жыццё і творчасць Князьніна, Карпінскага, Нямцэвіча. У 19 ст. ў прагрэс. л-ры Беларусі і П. паявіліся тыранаборчыя тэндэнцыі, узмацніўся пратэст супраць нац. прыгнёту.
На бел. і польскую л-ры паўплывала творчасць Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага. На аснове сабраных бел. песень Я.Чачот пісаў асветна-дыдактычныя вершы на бел. мове. На скрыжаванні польскай і бел. л-р складвалася творчасць Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, Сыракомлі, В.Каратынскага і інш. Пад уплывам польскіх нар.-вызв. ідэалаў узнікла першая падп.бел.газ.«Мужыцкая праўда». Упершыню ў П. надрукаваны зб-кі вершаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894) Ф.Багушэвіча. Бел. тэматыка адлюстравана ў творах Ажэшкі, Канапніцкай. Сяброўскія адносіны звязвалі В.Дуніна-Марцінкевіча і Крашэўскага, Багушэвіча і Ажэшку, Я.Лучыну і Канапніцкую. Рэвалюцыю 1905—07 прагрэс. дзеячы культуры тлумачылі як агульную справу народаў, якія ўзняліся на барацьбу. У развіцці бел. л-ры значную ролю адыграла пашырэнне ў П. дзейнасці бел. кніжных выд-ваў. На бел. мове ў Кракаве апубл. творы Сянкевіча, у Вільні — творы Ажэшкі. У бел.газ. «Наша ніва» друкаваліся вершы Міцкевіча, Канапніцкай і інш. Да перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Канапніцкай, Бранеўскага звяртаўся Я.Купала. З 1929 у Мінску пачаў працаваць Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, з 1939 у Гродне — Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У гэты перыяд значную ролю ва ўзмацненні польска-бел. літ. сувязей адыгралі час. «Sygnały» («Сігналы»), «Kamena» («Камэна»), «Ruch Słowiański» («Славянскі рух»), у якіх надрукаваны вершы П.Труса, М.Чарота, Я.Пушчы, М.Машары, М.Васілька і інш., артыкулы пра бел. паэзію. У сваю чаргу польская рэв.л-ра была шырока вядома на Беларусі, яе папулярызавалі і перакладалі Я.Купала, Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, М.Танк і інш. У 1929 выдадзена анталогія польскай паэзіі «Мы ідзём» і зб. прозы «З нашых прац». На Беларусі выходзілі перыяд. выданні на польскай мове «Młot» («Молат»), «Orka» («Ворыва»), «Prawda» («Праўда») і «Prawda Polska» («Польская праўда»), «Sztandar wolności» («Сцяг свабоды»). Польскія пісьменнікі выступілі супраць фашызму і палітыкі польскіх улад (Налкоўская). У аб’яднанні прагрэс. сіл вял. ролю адыграў Антыфашысцкі кангрэс дзеячаў культуры 1936.
Якасна новы характар літ. ўзаемасувязі бел. і польскай л-р набылі пасля 1945.
Тэма 2-й сусв. вайны — адна з найб. важных тэм братніх л-р. На польскую мову перакладзены творы на ваен. тэматыку М.Лынькова, В.Быкава, І.Шамякіна, А.Адамовіча, У.Калесніка, Я.Брыля і інш. Класічная бел.л-ра прадстаўлена асобнымі выданнямі выбр. твораў Я.Купалы, М.Багдановіча, Лынькова, Быкава, Я.Коласа, К.Крапівы. На польскай мове выдадзены творы Брыля, М.Танка ў перакладах Я.Гушчы, М.Канановіча, С.Яновіча, Э.Кабаца, І.Сікірыцкага і інш. Польскай зямлі прысвяцілі свае творы Я.Купала, Ц.Гартны, П.Пестрак, В.Вярба і інш.Бел.л-ра на польскай мове прадстаўлена і творамі І.Мележа, У.Караткевіча, І.Пташнікава, Д.Бічэль-Загнетавай і інш., анталогіямі бел. паэзіі, апавяданняў, казак, кн. «Беларускі фальклор» (1983). Сярод польскіх перакладчыкаў бел. л-ры Л.Рысінскі, Т.Хрусцялеўскі, А.Яворскі і інш. З даследаваннямі бел. л-ры выступаюць А.Баршчэўскі, Б.Белаказовіч, У.Монах, Ф.Няўважны, З.Скібінская-Харыла і інш. З 1956 працуюць кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і беларусазнаўчы аддзел у Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Бел. фальклор вывучаюць Ф.Сяліцкі, М.Чурак і інш. Польская л-ра на бел. мове прадстаўлена найб. значнымі творамі Міцкевіча, Норвіда, Крашэўскага, Ажэшкі, Пруса, Сянкевіча, Каспровіча, Стафа, Жаромскага, Лесьмяна, Тувіма, Івашкевіча, Лема, Мрожака, Шымборскай і інш., анталогіямі — апавяданняў («Гэля будзе трактарысткай», 1955; «Ад Буга да Одры», 1969; «Сад», 1982), паэзіі («Сучасная польская паэзія», 1955; «Горад мільённы і мы», 1972), гумарыст. і сатыр. твораў («Вясёлы калейдаскоп», 1979), нар. творчасці («Цудоўныя зярняты: Польскія народныя казкі», 1959; «Польскія народныя песні», 1962), зб-ках «Далягляды», перыяд. друку. На бел. мову творы польскіх пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць Брыль, П.Бітэль, Я.Бяганская, М.Валошка, М.Дубянецкі, У.Жылка, А.Клышка, Н.Мацяш, М.Машара, А.Мінкін, С.Мінскевіч, Б.Сачанка, Я.Семяжон, В.Сёмуха, М.Танк і інш. Даследавалі польскую л-ру і яе сувязі з бел. А.Лойка («Адам Міцкевіч і беларуская літаратура», 1959), М.Ларчанка («Славянская супольнасць», 1963), А.Мальдзіс («Творчае пабрацімства», 1966; «На скрыжаванні славянскіх традыцый», 1980), Н.Перкін («У сям’і братніх літаратур», 1967), В.Гапава («Эліза Ажэшка», 1969; «Зменлівае і спрадвечнае», 1975), І.Саламевіч («Міхал Федароўскі», 1972), У.Казбярук («Ступені росту», 1974), К.Цвірка («Слова пра Сыракомлю», 1975), С.Мусіенка («Творчасць Зоф’і Налкоўскай», 1989), У.Мархель («Лірнік вясковы», 1983; «Крыніцы памяці», 1990; «Прадвесце», 1991; «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры», 1998) і інш. У 1989 у Гродзенскім ун-це адкрыта кафедра польскай філалогіі. Выдадзены зб-кінавук. прац «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (абодва 1995).
Архітэктура. Драўляныя святыні язычніцкім божаствам з 10 ст. паступова выцясняліся хрысціянскімі мураванымі збудаваннямі ў аскетычным перадраманскім стылі (капэла-ратонда Дзевы Марыі ў Кракаве). У 2-й пал. 11 ст. пад уплывам архітэктуры Саксоніі ў П. склаўся раманскі стыль: 3- і 5-нефавыя базілікі з трансептам, квадратнымі, круглымі, 8-граннымі вежамі (часткова захаваныя касцёлы ў Познані і Гнезне, касцёлы св. Анджэя ў Кракаве, Туме), часам з парталамі і міжнефавымі слупамі, укрытымі багатай разьбой (касцёл Марыі Магдаліны ў Вроцлаве). Выразнасцю і строгасцю форм вызначаюцца раманскія крыпты (св. Леанарда ў саборы на Вавелі ў Кракаве). У 12—1-й пал. 13 ст. раманскі стыль перажываў уздзеянне інтэрнац. цыстэрцыянскага кірунку з уласцівай яму строгасцю і канструктыўнасцю арх. вырашэнняў: прэсбітэрый сабора дапаўняўся капліцай, больш узнёслымі сталі крыжовыя скляпенні (касцёлы цыстэрцыянцаў у Вонхацку, Капшыўніцы; дойлід манах Сымон). З 1240-х г. ордэны францысканцаў і дамініканцаў пашырылі гатычны стыль. Элементы готыкі з’явіліся ў цыстэрцыянскіх саборах пры кляштарах у Сулееве, Янджэеве і інш. Развіццё гарадоў прывяло да ўтварэння лакальных тыпаў готыкі ў Малапольшчы і Сілезіі, Памор’і і Мазовіі, паўн.ч. Велікапольшчы. На Пд узведзены 3-нефавыя базілікальныя храмы з каменю і цэглы (прэсбітэрый сабора на Вавелі і касцёл Дзевы Марыі ў Кракаве, саборы ў Вроцлаве і Познані), на Пн — зальныя цагляныя касцёлы (Дзевы Марыі ў Гданьску). Яскравы ўзор готыкі 13 ст. — касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. Вонкавая строгасць гатычных храмаў у розных рэгіёнах П. дапаўнялася ўзорыстымі завяршэннямі парталаў і аконных праёмаў, дахаў у выглядзе аркатур, вежачак, нішаў. Позні перыяд польскай готыкі (канец 15 — пач. 16 ст.) вылучаўся нарастаннем дэкаратыўнасці, з’явіліся скляпенні з маляўнічай арнаментацыяй (касцёл у Пельпліне). Пабудавана шмат парафіяльных і кляштарных касцёлаў, камерных па памерах, у т. л.св. Крыжа ў Кракаве. Кампазіцыю каменных храмаў паўтаралі драўляныя з захаваннем традыцый нар. дойлідства: касцёлы ў Дэмбне (2-я пал. 15 ст.), Грывальдзе (каля 1500) і інш. Гарады ў 14—15 ст. забудоўваліся паводле рэгулярных планаў: іх абкружалі каменнымі сценамі з брамамі, вежамі, умацоўвалі барбаканамі (у Кракаве, Варшаве). Багаццем гатычнага дэкору адметныя грамадскія пабудовы — ратушы, бурсы, школы, склады-пакгаўзы, будынкі купецкіх і рамесніцкіх аб’яднанняў і інш. (гандл. рады «Сукеніцы», б. будынак Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У 15 ст. вежы набылі ратуша, касцёлы св. Тройцы, Яна, Кацярыны ў Гданьску, ратуша ў Вроцлаве. Замкі ў 14—15 ст. мелі на Пд нерэгулярны план (Бендзін), на Пн — прамавугольны (Цяханаў). На Пн захаваліся ўмацаваныя комплексы кляштараў крыжакоў (Мальбарк, 13—15 ст.). З пач. 16 ст. Кракаў стаў асяродкам рэнесансавай архітэктуры італьян. арыентацыі, якая ў П. спалучалася з познагатычнымі традыцыямі. У 1502—36 арх. Ф.Ф’ёрэнціна і Б.Берэчы перабудавалі сярэдневяковы замак на Вавелі ў рэнесансавую рэзідэнцыю з рэпрэзентатыўным дваром, 2-яруснымі аркадамі. У 1519—33 Берэчы пабудаваў капэлу Жыгімонта 1 Старога ў фларэнційскім стылі (адзіны прыклад класічнага рэнесансу па-за межамі Італіі). Рэнесансавыя капліцы прыбудоўвалі да гатычных сабораў, на фасадах палацаў і ратуш ствараліся лоджыі. Адначасова ў 16 ст. ўзводзіліся касцёлы паўн.-гатычнага тыпу з ажурным арх. дэкорам, крышт. скляпеннямі (касцёлы ў Бечу, Кентшыне і інш.). У жылых дамах і ратушах разам з лоджыямі, аркаднымі ўнутр. дварамі, ордэрнымі парталамі шырока выкарыстоўваліся дэкар. атыкі з урачыстай арнаментальнай разьбой (гандл. рады «Сукеніцы» ў Кракаве, 1558, арх. Дж.М.Падавана; ратуша з 3 паверхамі лоджый у Познані). У рэнесансавым арх. дэкоры акрэсліўся пачатак уплыву маньерызму. Ажыццёўлена рэгулярная рэнесансавая планіроўка г. Замасць (праект арх. Б.Маранда). У архітэктуры канца 16 — пач. 17 ст. адбілася моцнае ўздзеянне нідэрл. маньерызму (Вял. арсенал у Гданьску, дамы ў Казімежы-Дольным). З 2-й пал. 17 ст. пашырыўся стыль барока: урачыстая фасадная і інтэр’ерная кампазіцыя касцёла святых Пятра і Паўла ў Кракаве (арх. Дж.Трэвана, Я.Брыціус), манум. 2-вежавы фасад касцёла камедулаў на Бялянах (арх. А.Спеца), новы Каралеўскі замак у Варшаве з характэрнымі для ранняга барока буйнымі формамі гал. вежы, шматгранным унутр. дваром (арх. Я.Трэвана), замкі ва Уяздзе, Віснічу, палац біскупа ў Кельцах. Палацы канца 17 — пач. 18 ст.найб. арыентаваныя на франц. ўзоры, загарадныя рэзідэнцыі будаваліся з курданёрамі і рэгулярнымі паркамі: палацы ў Вілянаве (цяпер у межах Варшавы), Красінскіх у Варшаве, Браніцкіх у Беластоку. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. пад уплывам барока Венецыі і Рыма пашырыўся тып касцёла цэнтрычнай 8-граннай кампазіцыі з выразным купалам (касцёлы сакраментак у Варшаве, філіпінцаў у Гостыні). З Аўстрыі запазычаны авальныя ў плане пабудовы з падоўжнымі шматвугольнымі інтэр’ерамі (капэла Патоцкіх касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне, касцёлы ў Лондзе, Асечнай). Інтэр’еры аздаблялі ў стылі ракако (касцёл у Кабылцы пад Варшавай). У драўляным дойлідстве спалучаліся барочныя і гатычныя формы (касцёл у Алесне, царква ў Паўрожніку). З 1770-х г. фарміраваўся класіцызм з захаваннем элементаў барока (каралеўскі палац у Варшаве), які найб. вытанчана і камерна праявіўся ў палацава-паркавым комплексе Лазенкі ў Варшаве. У прыватных палацах і вілах. увасобіліся венецыянскія ўзоры 17 ст. (палацы Дзялынскіх у Познані, Патоцкіх у Кракаве).
Архітэктура 1-й пал. 19 ст. стала больш манум.-рэпрэзентатыўнай. Варшава набыла характар буйнога адм. і культ. цэнтра. Найб. вылучаюцца работы арх. А.Карацы (ансамблі цэнтр. плошчаў, палац Сташыца, Польскі банк, Вял.т-р), Я.Кубіцкага (палац Бельведэр). Своеасаблівую камерную плынь класіцызму прадстаўляюць шляхецкія 2-павярховыя палацы са строгім цэнтр. порцікам у паркавым асяроддзі (палацы ў Бялачаве, Бейсце). Рамант. плынь у архітэктуры 19 ст. звязана з гатычнымі рэмінісцэнцыямі. Перабудовы арх. помнікаў з элементамі гіст. стыляў (готыкі, барока, рэнесансу) характэрны Х.П.Айгнеру (палац Намесніка ў Варшаве, б. палац Радзівілаў). Фасадам касцёлаў надаваўся складаны познагатычны дэкор (перабудова касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве, арх. А.Ідзкоўскі). Касцёлы і палацы ў духу неаготыкі з ням. і англ.гіст. элементамі пабудаваны паводле праектаў ням.арх. К.Ф.Шынкеля. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацнілася гіст. эклектычнасць у гар. прыватных і грамадскіх пабудовах. Пашырыўся тып даходных дамоў з дварамі-«калодзежамі», добраўпарадкоўваліся прамысл. гарады (забудова вул. Пётркоўскай у Лодзі). На ўзор будынка Парыжскай оперы пабудаваны Тэатр імя Ю.Славацкага ў Кракаве. Будынку Крэдытнага і земскага т-ва ў Варшаве нададзены характар неарэнесансавага палаца. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў пошуках нац. стылю архітэктура арыентавалася на прыклады венскага сецэсіёну і парыжскага «ар нуво» (мадэрн): будынкі Т-ва сяброў выяўл. мастацтва і Старога т-ра ў Кракаве. На мяжы 19—20 ст.арх. С.Віткевіч стварыў т.зв. стыль Закапанэ, у якім апіраўся на традыцыі нар. архітэктуры. У Варшаве мадэрн быў больш рацыянальны і дэманстраваў ясную канстр. логіку (мост Панятоўскага, будынкі Банка каап. т-ваў, Польскага т-ра). У архітэктуры 1920—30-х г. тэндэнцыі неакласіцызму і функцыяналізму (будынкі т-ва «Прудэнтыяль» у Варшаве, Ягелонская б-ка ў Кракаве) суіснавалі з мадэрнісцкай стылізацыяй у духу нар. дойлідства (польскі павільён на Сусв. выстаўцы ў Парыжы). Пасляваен. перыяд у П. звязаны з аднаўленнем разбуранай краіны (арх. Ш.Сыркус, Б.Пнеўскі, Б. і С. Брукальскія). Будынкі 1950-х г. узводзіліся ў духу канструктывізму (круглы гандл. дом у Познані, стадыён 10-годдзя ў Варшаве). 2-я пал. 20 ст. адметная наватарскімі пошукамі рэканструкцыі цэнтраў гарадоў, прамысл. аб’ектаў, развіццём функцыян. стылю ў прыватным буд-ве. Узніклі новыя гарады: Нова-Гута (цяпер у межах Кракава), Нове-Тыхы каля Катавіц і інш. Пабудовам 1970—80-х г. уласцівы функцыян. мэтазгоднасць планіроўкі, арыгінальнасць канстр. вырашэнняў (Дом студэнтак у Кракаве, магазін «Суперсам» у Варшаве). Гар. комплексы аздабляюцца скульптурай, мазаікай, вітражамі. Канец 1980—90-я г. адметныя пошукамі новай маст. стылістыкі. Культавая архітэктура набыла большую камернасць, эстэт.вытанчаны стыль (касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве, 1980—85, арх. М.Будзынскі; уніяцкі храм у Бялы-Боры на Зах. Памор’і, 1992—97, арх. Б.Катарба, абразы маст. Е.Навасельскага). Збудаванні камерцыйнага прызначэння набылі падкрэслена прадстаўнічыя формы (Бізнес-цэнтр у Варшаве, 1991—93; атэлі «Холідэй» у Варшаве, 1989, арх. Т.Спыхала, і «Радысан» у Шчэціне, 1993, арх. М.Думеньчыч, пабудаваны паводле міжнар. праектаў). З’явілася шмат аб’ектаў у духу постмадэрнізму і функцыяналізму (офісы, банкі, гандл. цэнтры). Сярод найб. значных грамадскіх пабудоў — б-ка Варшаўскага ун-та (з 1993, будуецца, арх. Будзынскі, З.Бадоўскі і інш.). Важнае значэнне надаецца рэканструкцыі і мадэрнізацыі гіст. раёнаў і цэнтраў гарадоў, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Ствараюцца новыя мікрараёны палепшанай планіроўкі, рэалізуецца шырокая праграма індывід.буд-ва ў гарадах і ваяводствах.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі выяўл. мастацтва на тэр. П. адносяцца да канца палеаліту (касцяныя наканечнікі дзідаў з зааморфнымі выявамі), неаліту (арнаментаваныя пасудзіны, статуэткі жанчын, бурштынавыя выявы птушак і звяроў) і бронзавага веку (вазы з зааморфным аздабленнем, урны з выявамі твару чалавека, кераміка, фібулы і інш.). У 9—10 ст. на язычніцкіх капішчах ставілі драўляныя і каменныя скульпт. выявы багоў, якія вызначаліся абагульненасцю і статычнасцю форм. Пасля прыняцця ў 966 хрысціянства пашырылася дэкар. аздабленне храмаў (пляцёнкавы арнамент на калонах Вавельскага кафедральнага сабора і інш.). З 2-й пал. 12 ст. ў мастацтве П. дамінаваў раманскі стыль. Пад уплывам франц. і ням. мастацтва развіваліся скульптура (рэльефы на тымпанах парталаў касцёлаў св. Тройцы ў Стшэльне і Дзевы Марыі «на пяску» ў Вроцлаве, на дзвярах касцёла Дзевы Марыі ў Гнезне і інш.), манум. жывапіс (фрэскі ў касцёлах у Туме, Чэрвінску і інш.), кніжная мініяцюра. Унікальны твор дэкар.-прыкладнога мастацтва — каранацыйны меч «Шчэрбец» (1230), аздоблены гравіроўкай. Пад уплывам школы разьбяроў з Марбурга ствараліся статуі святых («Мадонна» з Вісліцы, 1280; «Саламея» з Глогава, 1290, і інш.), надмагіллі са скульпт. выявамі [Генрыха IV Пробуса ў касцёле св. Крыжа ў Вроцлаве, 1300—10; Казіміра III Вялікага ў Вавельскім саборы, 1370—82, і Уладзіслава II (Ягайлы) на Вавелі, 1440]. Драўляная скульптура развівалася ў рэчышчы «мяккага стылю» («Мадонны на льве» са Скальбмежа, 1370; «П’ета» з Вроцлава, 1384; «Укрыжаванне» з Шамотул, 1410, і інш.). Экспрэсіўнасцю вобразаў вызначаюцца фрэскі касцёлаў («Пакутніцтва св. Цэцыліі» і «Пакутніцы» ў Непаламіцах, 1360; «Разумныя дзевы» ў Лодзі, 1370; «Св. Матфей і св. Ядвіга» ў Тшэбуні, 1400, і інш.). На стылістыку гатычных размалёвак 15 ст. паўплываў візант. стыль (фрэскі віленскага майстра Андрэя ў каралеўскай капліцы ў Любліне, 1418; Свентакшыскай капліцы ў Кракаве, касцёлах у Сандаміры, Гнезне і інш.). У 2-й пал. 15 ст. дамінаваў «ломаны» стыль позняй готыкі, які вызначаўся сінтэзам ідэаліст. і натураліст. матываў (аўтар касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве, 1477—89; надмагілле Казіміра IV Ягелончыка на Вавелі, 1492; абодва скульпт. Ф.Штос). Алтарны жывапіс развіваўся пад уплывам нідэрл. і ням. мастацтва ранняга Адраджэння (алтар св. Барбары ў Вроцлаве, 1447; алтарныя кампазіцыі «Зняцце з крыжа» ў Вавельскім кафедральным саборы; «Аплакванне» ў касцёле ў Олькушы, мастак Ян Вялікі, 1485). У кампазіцыі насценных размалёвак уключаліся пейзажныя і жанравыя матывы. Познагатычнай вытанчанасцю форм і майстэрствам апрацоўкі вызначаюцца творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (карона Казіміра III Вялікага, чаша тынецкага абата, брамы ратушы ў Вроцлаве і інш.).
У канцы 15 — пач. 16 ст. са станаўленнем гуманіст. ідэй склалася культура Адраджэння. У скульптуры пашырыўся тып надмагілля-саркафага ў нішы з выявай памерлага на верхняй пліце (надмагілле Яна Ольбрахта ў Вавельскім кафедральным саборы, скульпт. Ф.Ф’ёрэнціна, 1505). Уплывамі фларэнційскай школы вызначаюцца надмагілле Жыгімонта I, статуі св. Пятра і св. Жыгімонта ў Жыгімонтаўскай капліцы на Вавелі (1519—33, майстар Б.Бярэчы), надмагілле Б.Тарноўскай у Тарноўскім кафедральным саборы (1536, скульпт. Дж.М.Падавана), маньерызму — надмагіллі Жыгімонта II Аўгуста ў Жыгімонтаўскай капліцы (1573, скульпт. С.Гучы), Стафана Баторыя (1595, скульпт. Гучы, усе на Вавелі). Рысы рэнесансу найб. яскрава выявіліся ў мініяцюры (ілюстрацыі да «Кодэкса Балтазара Бэхема» са статутамі кракаўскіх цэхаў, 1505, да малітоўніка Жыгімонта I, мастак С.Самастшэльнік). У алтарным жывапісе рысы позняй готыкі спалучаліся з рэнесансавымі тэндэнцыямі (паліпціх св. Яна ў касцёле св. Катажыны ў Кракаве, мастак І.Лібнаў). Дэкар. фрызамі з выявамі рыцарскіх турніраў і парадных шэсцяў аздоблены залы Вавельскага замка. Адзін з найб. ранніх узораў батальнага жанру — абраз «Бітва пад Оршай» (1515). Высокім маст. узроўнем вызначаліся вышыўка, ткацтва, кафлярства, злотніцтва. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся рэпрэзентатыўны парадны партрэт (партрэты Жыгімонта I, 1546, магчыма, майстар Андрэй; Стафана Баторыя, 1583, М.Кобер). У 1-й пал. 17 ст. маньерыстычныя традыцыі флам., ням. і італьян. школ спалучаліся са стылістыкай ранняга барока. Развіваліся манум. скульптура (калона Жыгімонта III Вазы ў Варшаве, 1644, К.Тэнкала, К.Молі, Д.Тым), дэкар. разьба па стука (Ж.Б.Фальконі, Б.Фантана, А.Шлютэр і інш.).
Жывапіс 17—1-й пал. 18 ст., звязаны з рухам контррэфармацыі, зазнаў уплывы венецыянскай і нідэрл. школ (Б.Штробель, І. ван дэн Блоке, Х.Ф. дэ Фрыз, С.Б.Вудка, Т.Далабела, Е.Коен, А.Мёлер, Ф.Найсер, В.Цяшынскі і інш.). У рэліг. сюжэты часта ўключаліся нар. тыпажы, элементы нац. адзення («Уваскрэсенне Петравіна» Т.Наваковіча; цыкл з жыцця св. Яцака ў касцёле дамініканцаў у Кракаве, мастак Далабела, 1619—25; абраз у Яснагорскім кляштары ў Чанстахове, 1622) і творы гіст. тэматыкі («Бітва пад Ляпана». мастак Далабела, 1620-я г.; «Уезд Ежы Асалінскага ў Рым», мастак С. дэла Бела, 1633). Пашырыліся тыпы сармацкага і пахавальнага партрэта (М.Альтмонтэ, А.Палоні, Е.Ф.Ругендас, Я.Трэтка і інш.). Манум. размалёўкі вызначаліся паветраным ілюзіянізмам (фрэска «Апошні суд» у капліцы св. Крыжа ў Любліне, 1654, мастак Т.Мушынскі). У графіцы пераважалі створаныя паводле жывапісных узораў партрэты, ілюстрацыі, абразкі. У дэкар. мастацтве стылістыка еўрап. барока спалучалася з рысамі ўсх. мастацтва. У скульптуры пач. 18 ст. пашырылася ракако (А.Асінскі, Я.Е.Плерш, Я.Е.Урбанскі, А.Францкевіч і інш.). У жывапісе пад уплывам мастацтва Саксоніі пераважалі рэпрэзентатыўныя партрэты (Ю.Кацяноўскі, А.Місеўскі, Л. дэ Сільвестр), рэліг. жывапіс (К.Д.Асам, К.Карлоне, Ф.А.Себасціні, К.Хандке, Ш.Чаховіч, А.Шэфлер). Высокім узроўнем вызначалася маст. ткацтва (выраб шпалер, «персідскіх» паясоў і інш. на мануфактурах у Варшаве, Кракаве, Бяла-Падлясцы, Станіслававе, Бродах, Алеску). 2-я пал. 18 ст. — перыяд Асветніцтва. У 1770-я г. ў каралеўскім замку ў Варшаве створана маст. майстэрня пад кіраўніцтвам М.Бачарэлі, якая стала першай польскай маст. школай. Быт. сцэны, падзеі паўстання 1794 адлюстроўвалі жывапісцы А.Арлоўскі, Я.П.Норблін, М.Плонскі; у жанры партрэта працавалі К.Вайнякоўскі, Ю.Фаворскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся класіцызм (скульпт. У.Аляшчынскі, Л.Каўфман, П.Малінскі, Я.Татаркевіч, мастакі А.Брадоўскі, А.Какуляр, Ю.Пешка, Ф.Смуглевіч, М.Стаховіч), які паступова змяніўся рамантызмам (А.Гротгер, П.Міхалоўскі і інш.). З сярэдзіны 19 ст. пашырыўся гіст. жывапіс, які дасягнуў свайго апагею ў творчасці Я.Матэйкі. Рэв. сітуацыя 1860-х г. паўплывала на развіццё жанравага жывапісу, які звярнуўся да адлюстравання жыцця сялянства і гар. беднаты (творы В.Герсана, Ф.Кастшэўскага, А.Котсіса, Ю.Шармянтоўскага). У 1870—80-я г. тэндэнцыі дэмакр. рэалізму выявіліся ў творчасці М. і А. Герымскіх, Ю.Хелмонскага. Сац. праблематыцы проціпастаўляўся позні акадэмізм, часам з фальклорна-сімвалічнымі рысамі (Г.Семірадскі, В.Прушкоўскі і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырыліся імпрэсіянізм (В.Базнанская, Л.Вычулкоўскі, Ю.Панкевіч, Я.Станіслаўскі), мадэрн (пераважна ў галіне сімвалізму; С.Выспянскі, В.Вайткевіч, Я.Мальчэўскі, Ф.Рушчыц). Новы ўздым адбыўся ў графіцы (гравюры Вычулкоўскага, А.Каменскага, кніжнае афармленне Выспянскага, плакаты Ю.Мехофера, К.Фрыча). У скульптуры спалучаліся рысы. рэалізму, мадэрну і імпрэсіянізму (К.Ф.Дунікоўскі, К.Ляшчка, В.Шыманоўскі і інш.). Абнавілася стылістыка дэкар.-прыкладнога мастацтва, адраджаліся нар.-маст. промыслы (кераміка, кавальства, ткацтва, набіванка, вышыўка, выцінанка). У 1-й пал. 20 ст. пад уплывам зах.-еўрап. культуры мастацтва П. развівалася пераважна ў рэчышчы мадэрнізму. У жывапісе пашырыліся каларыстычныя пошукі (З.Валішэўскі, Г.Рудзка-Цыбісова, Ю.Чапскі, Я.Цыбіс), кубізм і экспрэсіянізм (Т.Кантар, З.Пранашка, Т.Чыжэўскі, Л.Хвістак, М.Ярэма), лінеарны дэкаратывізм (Э.Зак, Р.Крамштык), супрэматызм, унізм, абстрактнае мастацтва (К.Кобра, У.Стшамінскі, Г.Стажэўскі). У галіне графікі працавалі Ф.Бартошак, Г.Краеўская, Ю.Краеўскі, Б.Лінке, У.Скачыляс, Т.Цяслеўскі і інш. У скульптуры пашырыліся стылізацыя ў духу нар. мастацтва (Я.Шчапкоўскі) і неакласічныя тэндэнцыі (В.Віціг, А.Замойскі). Своеасабліва спалучаў прыёмы кубізму і прымітывізму Ю.Т.Макоўскі. У 1950-я г.гуманіст.нац. традыцыі развіваліся ў скульпт. партрэце (Дунікоўскі, А.Карны), станковай графіцы і плакаце (Кулісевіч, Т.Трапкоўскі). У жывапісе захоўваліся традыцыі мадэрнізму пач. 20 ст. У сярэдзіне 1950-х—1970-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва, сюррэалізм, оп-арт, поп-арт. Сярод вядучых жывапісцаў Я.Тарасін, Е.Тхужэўскі, А.Урублеўскі, Ярэма, скульптараў М.Абакановіч, У.Гасёр, Г.Земла, М.Канечны, А.Шапачнікаў і інш. Росквіту дасягнула станковая і кніжная графіка, якая вызначаецца экспрэсіяй і дэкар. вытанчанасцю вобразаў, шматпланавасцю маст. прыёмаў. У 1980—90-я г. побач з традыц. актыўна развіваліся новыя маст. формы (інсталяцыя, перформанс, хэпенінг, відэаарт, бодыарт і інш.). Сцвердзілася новае пакаленне мастакоў: У.Бароўскі, З.Бяксінскі, Е.Берась, К.Вадзічка, М.Давідзюк, К.Казыра, М.Кіеўскі, А.Маеўскі, Ф.Маслюшчак, Я.Младажэнец, М.Пінінская-Берась, Ю.Рыбакоўскі, Л.Тарасевіч і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве пошукі сучасных форм спалучаюцца з традыцыямі нар. мастацтва.
Музыка. Нар. музыцы П. ўласцівы аднагалоссе, цесная сувязь песні з танцам. Папулярныя стараж.нар. танцы: кракавяк, мазурка, куявяк, абэрак, хадзоны — папярэднік паланэза і інш. У нар. інструментарыі з перыяду сярэднявечча да нашага часу захаваліся бубны, свістулькі, ляскоткі; смыкавыя — генсле, мазанкі; духавыя — лігаўкі, басуны; ударныя — клякоткі. З хрысціянізацыяй краю ў 9—10 ст. праніклі грыгарыянскія спевы (першыя запісы 11 ст.). У 11—12 ст. пачалі дзейнічаць касцельныя пеўчыя школы, дзе ў грыгарыянскі харал уводзілі інтанацыі нар. музыкі. Уплывы нар.муз. мастацтва праявіліся ў містэрыях (з 12 ст.), якія выконваліся семінарыстамі (на лац. мове), пацешнікамі (на польск. мове). Побач з царк. развівалася свецкая музыка. Узніклі прыдворныя капэлы, з 13 ст. — рыцарскія і пазалітургічныя духоўныя песні («Багародзіца»), раннія ўзоры секвенцый. Першы вядомы кампазітар — Вінцэнты з Кельцаў (2-я пал. 13 ст.). У 13 ст. зарадзілася вак. поліфанія, якая ў 15 ст. пранікла ў свецкую вак.-інстр. музыку (Мікалай з Радама). З 14 ст. ў гарадах ствараліся гільдыі, з 16 ст. — гільдыі і цэхі гарадскіх музыкантаў; ва універсітэтах выкладалася тэорыя музыкі (Себасцьян з Фельштына), друкаваліся зб-кі песень, нотныя выданні. У 16 ст. з пашырэннем Адраджэння і Рэфармацыі ўзмацніліся свецкія элементы, паявіліся песні тыпу мадрыгала (Мікалай з Кракава), развівалася інстр. музыка, узмацніліся ўплывы італьян. і нідэрл. поліфанічных школ. Сярод поліфаністаў Мікалай з Кракава, Вацлаў з Шамотул, М.Леапаліта, М.Гамулка, лютністы Д.Ката, В.Длугорай, майстры стр. інструментаў Гроблічы, Данкварты. Шырока распаўсюджвалася свецкая музыка (Ката, Длугорай, Я.Поляк). Сярод кампазітараў канца 16—17 ст., якія абапіраліся на ідэі барока, — М.Зяленскі (майстар шматхаравой тэхнікі), М.Мяльчэўскі (абодва ўвялі ў польскую музыку жанр канцэрта), А.Яжэмбскі (скрыпач і архітэктар), Б.Пенкель (аўтар першай польскай араторыі), Д.Стаховіч, А.Пашкевіч, С.С.Шажынскі, Г.Г.Гарчыцкі. Першыя оперныя спектаклі пастаўлены пры каралеўскім двары ў 1628 італьян. музыкантамі. З адкрыццём у 1765 Нац.т-ра ў Варшаве створаны першыя нац. оперы («Ашчасліўленая галота» М.Каменскага, 1778; «Кракаўцы і горцы» Я.Стафані, 1794). У 18 ст. напісаны першыя сімфоніі (Я.Шчуроўскі, А.Мільвід, Я.Ваньскі, В.Данкоўскі, Ю.Эльснер, Я.Галомбак), інстр. канцэрты (Ф.Яневіч, Я.Клячынскі). Першыя прадстаўнікі муз. рамантызму — М.Клеафас Агінскі, кампазітар і піяністка М.Шыманоўская. Значны ўклад у развіццё музыкі зрабілі кампазітар, дырыжор, выдавец і педагог Эльснер — заснавальнік і дырэктар Ін-та музыкі і дэкламацыі (пазней — кансерваторыя); кампазітар, дырыжор, педагог і муз. пісьменнік К.К.Курпінскі, які каля 30 гадоў кіраваў Варшаўскай операй (з 1833 Вял.т-р). Заснавальнік муз. фалькларыстыкі — О.Кольберг; яго традыцыі прадоўжыў Я.Карловіч. Да вял. дасягненняў польскай музыкі належыць творчасць Ф.Шапэна. Стваральнік нац. класічнай оперы С.Манюшка. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. працавалі: кампазітары В.Жаленскі, З.Наскоўскі (вучань Манюшкі), дырыжоры В.Бярдзяеў, П.Клецкі, Э.Млынарскі (кампазітар, скрыпач), А.Радзінскі, Г.Фітэльберг; выканаўцы браты Генрык (скрыпач) і Юзаф (піяніст) Вяняўскія, Апалінарый (скрыпач) і Антоній (піяніст) Концкія, С.Барцэвіч, У.Гурскі, П.Каханскі; скрыпачы К.Ю.Ліпінскі, І.Лота, Б.Губерман; піяністы І.Гофман, Р.Кашальскі, Т.Лешаціцкі, А.Міхалоўскі, Х.Я.Падарэўскі, А.Рубінштэйн, Ю.Турчынскі; спевакі А.Бандроўскі-Сас, А.Дзідур, Э. і Я. Рэшке, М.Зембрых і інш.
Вял. роля ў адраджэнні нац.муз. мастацтва П. ў пач. 20 ст. належала Варшаўскаму муз. т-ву, групе кампазітараў «Маладая Польшча» (Л.Ружыцкі, К.Шыманоўскі, Фітэльберг, А.Шалюта, М.Карловіч), якія імкнуліся аднавіць муз. мову, арыентуючыся на нац., у т. л. фальклорныя, традыцыі і на тагачасныя плыні еўрап. музыкі (позні рамантызм, імпрэсіянізм). Пасля 1918 у муз. жыцці П. найб. пашыраны быў неакласіцызм. У 1920—30-я г.вял. значэнне мела дзейнасць Шыманоўскага — стваральніка сучаснай нац. кампазітарскай школы. Узнікалі новыя муз. т-вы, аркестры, муз.навуч. ўстановы. Адбыліся першыя ў П. міжнар.муз. конкурсы. У першыя пасляваен. гады адной з гал. задач дзярж.культ. палітыкі была папулярызацыя музыкі, якая абапіралася на прынцыпы сац. рэалізму. Паліт: перамены ў 2-й пал. 1960-х г. спрыялі аднаўленню кантактаў з зах.-еўрап. краінамі і ўзбагачэнню музыкі новымі элементамі: узніклі дадэкафонія і блізкія да яе муз. тэхнікі (Т.Бэрд, К.Сяроцкі, В.Лютаслаўскі, А.Дабравольскі, К.Пендарэцкі). П. стала адным з цэнтраў сучасных муз. плыней. У 1970-я г. перанасычанасць авангардысцкімі тэндэнцыямі прывяла да таго, што многія творцы пачалі спрашчаць сваю муз. мову (Пендарэцкі, В.Кіляр, Г.М.Гурэцкі, М.Стахоўскі, З.Рудзінскі). Маладое пакаленне кампазітараў (Р.Аўгустын, К.Бацулеўскі, С.Круповіч, М.Малецкі, Л.Зялінская, П.Шыманскі) развівала розныя муз. жанры. Рэліг. музыку пісалі Пендарэцкі, А.Пануфнік, Гурэцкі, Р.Твардоўскі; у оперных т-рах ставіліся творы Пендарэцкага, Бэрда, З.Баргельскага, Р.Палестра, Зялінскай, Бацулеўскага і інш. Сярод прадстаўнікоў польскай музыкі 2-й пал. 20 ст. кампазітары Сяроцкі, Г.Бацэвіч, Б.Шабельскі, К.Сікорскі, В.Рудзінскі, П.Пяркоўскі, В.Шалёнак, А.Блёх, К.Меер, Стахоўскі, З.Рудзінскі, З.Буярскі, Э.Кнапік, дырыжоры З.Ляташэўскі, Б.Вадзічка, В.Равіцкі, С.Віслоцкі, Г.Чыж, Я.Крэнц, К.Корд, Е.Семкаў, Р.Сатаноўскі, Е.Максымюк, хар. дырыжор С.Стуліграш, піяністы З.Джавецкі, Г.Чэрны-Стафанская, К.Цымерман, Б.Гесе-Букоўская, П.Палечны, скрыпачы Я.Умінская, І.Дубская, К.А.Кулька, спевакі Б.Папроцкі, А.Хіёльскі, Б.Ладыш, В.Охман, М.Фолтын, Е.Подлесь, У.Крыгер.
У П. (1997) 9 оперных т-раў, 8 т-раў муз. камедый, 20 філармоній, 29 сімф.арк., ансамблі нар. песні і танца «Мазоўша» і «Шлёнск», 8 муз.ВНУ, у т. л.Муз. акадэмія імя Шапэна, кансерваторыі ў Варшаве (з 1946 Вышэйшая муз. школа), Катавіцах, Познані і інш. Праводзяцца Міжнар. конкурсы: піяністаў імя Шапэна (з 1927, Варшава), скрыпачоў імя Вяняўскага (з 1935, Варшава; з 1952, Познань; з 1956 — таксама кампазітараў, з 1957 — скрыпічных майстроў), міжнар.муз. фестывалі «Варшаўская восень» (з 1956), аратарыяльнай музыкі «Wratislavia Cantans» (з 1966, Вроцлаў), стараж. музыкі краін Усх. Еўропы (Быдгашч), джазавай музыкі «Джаз джамборы» (з 1958, Варшава), эстраднай песні (Сопат); фестываль сучаснай песні (Зялёна-Гура) і інш. У 1945 створаны Саюз польск. кампазітараў.
Многія польск. музыканты былі звязаны з Беларуссю. У 16 ст. пры двары М.Радзівіла Чорнага працавалі і друкавалі свае муз. творы ў Брэсце дзеячы польск. муз. адраджэння Ц.Базылік і Вацлаў з Шамотул. У канцы 18 ст. дырыжорам Нясвіжскага т-ра быў аўтар вядомай камічнай оперы «Агатка» Я.Д.Голанд. У 19 ст. на Беларусі жылі кампазітары М.Клеафас Агінскі, Ф.С.Міладоўскі, С.Манюшка, які паставіў у Мінску свае першыя вадэвілі і камічныя оперы (сярод іх «Сялянка» на бел. і польск. мовах, з шырокім выкарыстаннем бел.муз. фальклору). Бел. фальклорныя мелодыі ўключаў у свае сімф. творы Карловіч, хар. апрацоўкі бел. песень рабілі Д.Шалігоўскі, С.Казура, Рудзінскі. Сярод удзельнікаў Бел.муз.-драм. гуртка ў Вільні (1910-я г.) кампазітар Л.М.Рагоўскі. піяністка М.І.Кімант-Яцына. Уклад у збор і вывучэнне бел.муз. фальклору зрабілі этнографы Кольберг, Карловіч, К.Машынскі, М.Федароўскі. Ураджэнцамі Беларусі былі многія вядомыя польск. музыканты (Манюшка, Міладоўскі, Карловіч, скрыпач К.Горскі, дырыжор Бярдзяеў і інш.).
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва ў нар. абрадах, ігрышчах, у творчасці вандроўных акцёраў-франтаў. Асн. формы сярэдневяковага т-ра — літургічная драма, містэрыя. У 15—16 ст. у рэліг. сюжэты часам уключаліся свецкія нар. матывы («Гісторыя пра слаўнае Уваскрэсенне Гасподняе» Мікалая з Вільковецка, каля 1570—80). Пашырыліся лялечны т-р шопка і школьны т-р. У 1633 у каралеўскім замку ў Варшаве адкрыта першае пастаяннае тэатр. памяшканне. Пры каралю Станіславе Аўгусце Панятоўскім, тэатр. мецэнаце, у Варшаве пабудаваны т-р «У апельсінавай аранжарэі» (1788), амфітэатр «На востраве» (1790). З 2-й пал. 18 ст. на ўзор прыдворных ствараліся т-ры ў магнацкіх сядзібах. У 1765 у Варшаве адкрыўся публічны пастаянны «Тэатр Нарадовы». Сярод яго акцёраў К.Аўсінскі, Л.Дмушэўскі, А.Жулкоўскі-бацька, Ю.Ледухоўская, К.Б.Свяжаўскі, Т. і А. Трускаляскія, М.Шыманскі. Рух за перадавое дэмакр. мастацтва ўзначаліў стваральнік нац.прафес.т-ра В.Багуслаўскі, які садзейнічаў арганізацыі і станаўленню т-раў у Кракаве, Вільні, Познані і інш. На развіццё т-ра 19 ст. значна ўплывала драматургія А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, А.Фрэдры, З.Красінскага. У 1829 як філіял «Тэатра Нарадовага» адкрыўся т-р «Размаітосці» (зліўся з ім у 1836; першы кіраўнік Б.Кудліч, акцёры А.Жулкоўскі-сын, Л.Гальперт, Я.Круглікоўскі, Ю.Рыхтэр і інш.). З канца 1860-х г. вядучую ролю адыгрываў Кракаўскі т-р, трупа якога (кіраўнік С.Козьмян, акцёры Ф.Бэнда, А.Гофман, В.Рапацкі, пазней А.Зельвяровіч, Г.Маджаеўская, Л.Сольскі і інш.) сфарміравала т.зв. кракаўскую школу, што вызначалася рэаліст. скіраванасцю і псіхалагізмам. На мяжы 19—20 ст. ставіліся сац.-значныя творы С.Выспянскага, С.Жаромскага, Г.Запольскай. Рэаліст. традыцыі развівалі рэжысёры Ю.Катарбінскі, Т.Паўлікоўскі, Л.Шылер, акцёры К.Адвянтовіч, Ю.Астэрва, А.Венгерка, С.Высоцкая, С.Ярач. Лепшыя ўзоры польск. і сусв. драматургіі прапагандаваў «Тэатр Польскі» (засн. ў 1913 у Варшаве). Значны ўплыў на развіццё т-ра П. зрабіла мастацтва Маскоўскага маст.акад.т-ра (т-р «Рэдута», 1919—39). У 2-ю сусв. вайну ўсе польскія т-ры закрыты. У 1940 у Варшаве створана падп. «Тэатральная рада» (кіраўнікі Э.Вярцінскі, Б.Кажанеўскі, Шылер), якая распрацоўвала праграму адраджэння т-ра пасля вызвалення. Дзейнічалі падп.тэатр. групы студыйнага характару, з 1941 у Кракаве — «Тэатр Рапсадычны» (кіраўнік М.Катлярчык) і «Тэатр Незалежны» (кіраўнік Т.Кантар). У 1944—45 адкрыліся т-ры ва ўсіх буйных гарадах П. Значным дасягненнем гэтага часу сталі пастаноўкі Астэрвы, Вярцінскага, Шылера, рэж. дэбюты Э.Аксера і Кажанеўскага. У рэпертуары — п’есы Б.Брэхта, Ф.Дзюрэнмата, А.Мілера, Ж.П.Сартра, М.Фрыша, польскіх аўтараў Е.Брашкевіча, Э.Брыля, Л.Кручкоўскага, С.Мрожака, Т.Ружэвіча, Е.Юрандата і інш. З канца 1940-х г. дзейнасць т-раў П. падпарадкавана прынцыпам сац. рэалізму. У 1955—56 змены ў паліт. і культ. жыцці П. абумовілі новы ўздым тэатр. жыцця. Пашырыліся пастаноўкі сусв. і нац. класікі, з’явіліся авангардысцкія творы зах.-еўрап. аўтараў (С.Бекет, Ж.Жэнэ, Э.Іанеска) і польскіх драматургаў міжваен. перыяду (С.І.Віткевіч, В.Гамбровіч, Т.Пэйпер). Высокі маст. ўзровень т-ра П. вызначыла творчасць рэжысёраў Аксера, А.Вайды, Е.Гратоўскага, К.Дэймека, Кантара, Л.Рэне, К.Свінарскага, К.Скушанкі, Г.Тамашэўскага, А.Ханушкевіча, Е.Яроцкага, акцёраў Д.Альбрыхскага, Н.Андрыч, Э.Баршчэўскай, Я.Вашчаровіча, М.Войта, Р.Вільгельмі, Г.Галоўбека, К.Яндрусік, Я.Крэчмара, Т.Ламніцкага, Г.Махаліцы, Г.Мікалайскай, М.Паўлікоўскага, Я.Свідэрскага, Т.Фіеўскага, М.Цвіклінскай, І.Эйхлера, сцэнографаў О.Аксера, З.Вярховіч, У.Дашэўскага, Т.Рашкоўскай, А.Стопкі, З.Стшалецкага і інш. У 1990-я г. ў П. працавалі 87 драм. і 32 лялечныя т-ры (1995), найб. значныя — «Тэатр Нарадовы», «Тэатр Драматычны» (з 1956), «Тэатр Вспулчэсны» (з 1945), «Тэатр Польскі», «Атэнэум» (з 1929) у Варшаве, «Тэатр імя Ю.Славацкага» ў Кракаве (з 1893), «Тэатр Новы» ў Лодзі (з 1949), «Тэатр Людовы» ў Нова-Гуце (з 1955) і інш. Сярод найб. значных рэжысёраў Т.Брадэцкі, М.Вайтышка, Е.Гжэгажэўскі, Б.Гусакоўскі, К.Залескі, Р.Зёла, К.Люпа, М.Прус, А.Стшалецкі, М.Энглерт, сярод акцёраў — М.Апаня, Я.Гаяс, З.Запасевіч, М.Камароўская, К.Кольбергер, М.Кондрат, А.Лапіцкі, О.Лукашэвіч, П.Махаліца, Б.Паўлік, Ф.Печка, Е.Радзівіловіч, А.Сяверын, Е.Трэля, П.Франчэўскі, А.Ханушкевіч, Я.Энглерт, К.Янда, сярод сцэнографаў — П.Дабжыцкі, К.Захватовіч, З. дэ Інэс, М.Калодзей, А.Кілян, А.Маеўскі, К.Панкевіч, А.Садоўскі і інш.
Тэатр. сувязі паміж П. і Беларуссю існуюць здаўна. На агульных асновах развіваліся бел. лялечны т-р батлейка і польская шопка. У 1802—09 рэж. С.Дэшнер арганізавала ў Гродне пастаянны т-р. У канцы 18—19 ст. на Беларусі выступалі Варшаўскі т-р В.Багуслаўскага, трупы М.Кажынскага, К.Камінскага, А.Руткоўскага, Я.Хелмікоўскага і інш. У 1925—29 у Гродне гастраліраваў т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1913 у Варшаве гастраліравала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1920 — пач. 1940-х г. на Беларусі дзейнічалі Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі т-р лялек БССР (кіраўнік У.Ярэма), у т-рах Беларусі ставіліся п’есы Запольскай, Т.Кажушніка, Мрожака, Славацкага, А.Фрэдры, П.Хайноўскага, І.Юргелевіч, інсцэніраваліся творы Э.Ажэшкі, С.Жаромскага. У т-рах П. пастаўлены бел. п’есы В.Вольскага, К.Крапівы, А.Макаёнка і інш.
Кіно. З 1897 у П. здымалі рэпартажы і навук.-папулярныя фільмы (Б.Матушэўскі, К.Прушынскі). У 1902 створана студыя «Плеограф», якая здымала і распаўсюджвала кароткія фільмы з удзелам польскіх тэатр. акцёраў. Першы польскі ігравы фільм — «Вяртанне гулякі» (1902). У 1908—18 з утварэннем кінафірм («Сфінкс» і інш.) пачаўся рэгулярны выпуск фільмаў, пераважна экранізацый твораў нац. л-ры: «Гісторыя граху» паводле аповесці С.Жаромскага (рэж. А.Бяднарчык), «Суд Божы» паводле драмы С.Выспянскага «Суддзі» (рэж. С.Кнаке-Завадзкі), «Меір Езафовіч» паводле Э.Ажэшкі (рэж. Ю.Астоя-Сульніцкі; усе 1911) і інш. Здымаліся таксама меладрамы і камедыі («Антось першы раз у Варшаве», 1908, рэж. Е.Меер). У 1918—25 кінавытв-сць заняпала, выпускаліся фільмы прапагандысцкага характару. У 1926—30-я г. адбыўся пэўны ўздым кінематографа, з 1933 здымаліся гукавыя фільмы. Прапагандай эстэт. каштоўнасці кіно займалася авангардная група «Старт» (1930—34). У 1937—39 дзейнічала Т-ва кінааўтараў. Экранізаваліся творы У.Рэйманта («Зямля запаветная» 1927, рэж. А.Герц, З.Гняздоўскі), А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», 1928, рэж. Р.Ардынскі), Жаромскага («Прадвесне», 1928, рэж. Г.Шара; «Верная рака», рэж. Л.Бучкоўскі; «Ружа», рэж. Ю.Лейтэс, абодва 1936), С.Пшыбышэўскага («Моцны чалавек», рэж. Шара), Г.Запальскай («Паліцмайстар Тагіеў», рэж. Ю.Гардан, абодва 1929), Г.Сянкевіча («Янка-музыкант», 1930, рэж. Ардынскі), П.Гаявічынскай («Дзяўчаты з Наваліпак», 1937), З.Налкоўскай («Мяжа», 1938; абодва рэж. Лейтэс) і інш. Пашырыліся фільмы гіст.-патрыятычнай тэматыкі («У Сібір», 1930; «Дзесяцёра з Павяка», 1931, і інш.). Сярод акцёраў Э.Баршчэўская, З.Бода, Ю.Венгжын, А.Дымша, А.Зельвяровіч, Б.Ляшчынскі, Я.Смасарская, Е.Піхельскі, І.Эйхлер, С.Ярач і інш. У гады ням.-фаш. акупацыі 1939—44 польскае кіно было забаронена. У 1944 кінахранікёры на чале з А.Багдзевічам канспіратыўна здымалі эпізоды Варшаўскага паўстання. З канца 1940-х г. у фільмах пашырылася тэма лёсу польскага народа ў час 2-й сусв. вайны, уздымаліся праблемы асобы і гісторыі: «Забароненыя песенькі» (1947, рэж. Бучкоўскі), «Апошні этап» (рэж. В.Якубоўская), «Стальныя сэрцы» (рэж. С.Урбановіч, у сав. пракаце «Начны выбух»; абодва 1948) і інш. Ставіліся фільмы на тэмы тагачаснага жыцця: «Скарб» (у сав. пракаце «Мой скарб», 1949, рэж. Бучкоўскі), «Першыя дні» (1952, рэж. Я.Рыбкоўскі), «Здарэнне на Марыенштаце» (1954, рэж. Бучкоўскі) і інш. У 1948 створана Вышэйшая кінашкола ў Лодзі (цяпер Вышэйшая школа т-ра, кіно і тэлебачання імя Л.Шылера). Творчасць яе выпускнікоў стала асновай станаўлення польскай школы кіно, якая вызначалася ідэйнай і эстэт. палемікай з метадам сацыяліст. рэалізму, неарамантызмам, экспрэсіўнай эмацыянальнасцю сродкаў выражэння, імкненнем да ўслаўлення або крытыкі нац. характару, адчуваннем ірацыянальнасці бунту і абсурднасці лёсу чалавека ў сутыкненні з катаклізмамі гісторыі, раскрыццём псіхал. стану героя ў канфліктных і драм. сітуацыях, часта з дамешкам іроніі і сарказму: «Зімовыя прыцемкі» (рэж. С.Ленартовіч), «Пятля» (рэж. В.Е.Хас), «Вольны горад» (рэж. С.Ружэвіч), «Канал», «Попел і дыямент» (рэж. А.Вайда), «Героіка» (усе 1958) і «Касавокае шчасце» (1959), «Пасажырка» (1963; абодва рэж. А.Мунк), «Маці Іаанна ад Анёлаў» (1961, рэж. Е.Каваляровіч) і інш. Вядучыя акцёры гэтага перыяду Т.Ламніцкі, З.Цыбульскі, Л.Вініцкая, Г.Галоўбек, Б.Кабеля, Б.Крафт, Э.Кшыжэўская, Л.Немчык, А.Паўлікоўскі, Т.Янчар і інш. У 1960-я г. дэбютавалі рэж. К.Занусі, Р.Палянскі («Нож у вадзе», 1961), Е.Скалімоўскі («Апісанне», 1964) і інш. Сярод лепшых экранізацый «Крыжакі» (1960, рэж. А.Форд), «Пан Валадыеўскі» (1969) і «Патоп» (1974, абодва рэж. Е.Гофман) паводле Сянкевіча, «Фараон» (1965, рэж. Каваляровіч), «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» паводле Я.Патоцкага (1965), «Лялька» паводле Б.Пруса (1968; абодва рэж. Хас), «Зямля запаветная» (1975, рэж. Вайда) і інш. Сярод вядучых акцёраў Д.Альбрыхскі, Б.Брыльская, В.Голас, М.Камароўская, А.Лапіцкі, С.Мікульскі, Я.Навіцкі, П.Ракса, Б.Тышкевіч і інш. У 1970—80-я г. ўзнікла т.зв. кіно маральнага неспакою, якое характарызавалася нязгодай з рэчаіснасцю, што дэградавала асобу чалавека: фільмы Вайды («Чалавек з мармуру», 1979; «Чалавек з жалеза», 1981), Занусі («Ілюмінацыя», 1973; «З далёкага краю», 1981), К.Кеслёўскага («Дэкалог», 1988), А.Голанд («Правінцыяльныя акцёры», 1979; «Гарачка» паводле А.Струга, 1980). З’явілася новае пакаленне акцёраў: К.Кольбергер, М.Кондрат, Е.Радзівіловіч, Е.Штур, К.Янда і інш. Здымаліся меладрамы і забаўляльныя фільмы: «Ва-банк 1» (1982), «Ва-банк II» (1985, рэж. абодвух Я.Махульскі), «Знахар» (паводле Т.Далэнгі-Мастовіча, 1982, рэж. Гофман) і інш. З 1989 у выніку паліт. змен пашырылася плынь «звядзення рахункаў», якая запаўняла т.зв. белыя плямы ў гісторыі краіны: «Уцёкі з кіно «Свабода» (рэж. В.Марчэўскі), «300 міль да неба» (рэж. М.Дэйчар, абодва 1989), «80 мм да Еўропы» (1993, рэж. М.Дазінскі), дакумент. фільмы пра Катынь, лёс палякаў у Сібіры, Казахстане і інш. У 1990-я г. ў кінематографе П. значную ролю адыгрывала творчасць новага пакалення рэжысёраў, якія выяўлялі свае адносіны да хуткіх перамен у жыцці грамадства: «Кроль» (1991), «Псы» (1992), «Псы-2» (1994, усе рэж. В.Пасікоўскі), «Чалавек з...» (рэж. К.Шалайскі), «Кантраляваныя размовы» (рэж. С.Хенцінскі), «Лепш быць прыгожай і багатай» (рэж. Ф.Баян, усе 1993) і інш. Агульначалавечая праблематыка ўздымаецца ў фільмах «Падвойнае жыццё Веранікі» (1991), «Тры колеры: Сіні. Белы, Чырвоны» (1992—93, рэж. усіх Кеслёўскі), «Дотык рукі» (1992), «Жыццё як смяротная хвароба, што перадаецца палавым шляхам» (2000, рэж. абодвух Занусі) і інш. Здымаліся фільмы на гіст. тэматыку («Эскадрон», 1992, рэж. Ю.Махульскі). Экранізаваліся творы Міцкевіча («Пан Тадэвуш», рэж. Вайда), Сянкевіча («Агнём і мячом», рэж. Гофман, абодва 1999). Сярод вядучых акцёраў А.Бяджынская, Я.Гаяс, Б.Лінда, О.Любашэнка, Ц.Пазура, А.Ферэнцы і інш. Праводзяцца Усяпольскія фестывалі кароткаметражных (з 1961) Ί маст. (з 1974) фільмаў, Міжнар. фестываль кароткаметражных фільмаў (1964) у Кракаве.
Беларусы ў Польшчы. Бел.-польскія кантакты вядомы з часоў Кіеўскай Русі (гандл. сувязі, дынастычныя шлюбы, ваен. сутыкненні і г.д.), бел. прысутнасць у П. і абмен насельніцтвам пачаліся ў час ВКЛ. Продкі беларусаў часта траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Напр., калі ў 1325 вял.кн.ВКЛ Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына Уладзіслава I Лакеткі, з П. ў ВКЛ была вернута пэўная колькасць ваеннапалонных, а ў складзе світы Альдоны ў П. накіраваны выхадцы з ВКЛ. Умоўна лічыцца, што ў сярэдзіне 14 ст. ў П. жыло каля 40 тыс. продкаў беларусаў. У выніку Люблінскай уніі 1569 беларусы і палякі амаль да канца 18 ст. былі ў адзінай федэратыўнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай. Пасля 3 падзелаў Рэчы Паспалітай пэўная колькасць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Рас. імперыі. Паводле перапісу 1897 у Прывіслінскім краі беларусы складалі 6,7% усяго насельніцтва (каля 30 тыс.чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губернях. Пасля 1-й сусв. вайны, калі была адноўлена незалежная польская дзяржава, на яе землях засталася частка этн. беларусаў. Павелічэнне тут колькасці беларусаў адбылося за кошт Заходняй Беларусі, якая да вер. 1939 знаходзілася ў складзе П. Паводле падлікаў стат. органаў СССР лічылася, што ў П. засталося 3250 тыс. беларусаў. Паводле польск. перапісу насельніцтва ад 30.9.1921 у краіне налічвалася 1035 тыс. беларусаў, але перапісчыкі не ўлічвалі бел. жыхароў Віленшчыны, запісвалі палякамі беларусаў-католікаў і інш. Вынікі перапісу насельніцтва ад 9.12.1931, які ахопліваў усю тэр. П., таксама не былі дасканалымі: паводле моўнага крытэрыя беларусамі лічылася 990 тыс.чал. (3,1% насельніцтва П.). Розныя даследчыкі вызначаюць колькасць беларусаў у П. ў гэты перыяд ад 1,2 да 2 млн.чал. (ад 4,3 да 6% усяго насельніцтва П.). Па падліках польск. гісторыка А.Жарноўскага, у П. жыло каля 1,7 млн. беларусаў, а паводле Е.Тамашэўскага, — 1,95 млн., у т. л. ў Палескім ваяв. 654 тыс., Навагрудскім 616 тыс., Віленскім 407 тыс., Беластоцкім 269 тыс.чал. Беларусы былі трэцяй па колькасці нац. меншасцю ў П. (пасля ўкраінцаў і яўрэяў). Паводле польск. даследчыкаў Г.Халупчака і Т.Браварака, у П. ў гэты час жыло каля 1,9 млн. беларусаў (5,9% ад усяго насельніцтва П.), у т. л. ў Палескім ваяв. яны складалі 43,4%, Навагрудскім — 39,1%, Віленскім — 22,7% і Беластоцкім — 16,3% насельніцтва. Да 1938 колькасць беларусаў у П. павялічылася да 2750 тыс.чал. Пры гэтым з-за мала- і беззямелля, беспрацоўя, адм. праследаванняў частка беларусаў эмігрыравала ў краіны Зах. Еўропы, Паўн. і Паўд. Амерыкі (з 1921 па 1939 каля 145 тыс.чал., а паводле бел. даследчыка А.А.Ракава — каля 190 тыс.чал.), У Зах. Беларусі — адносна адсталай агр. ускраіне П. — абс. большасць насельніцтва складалі сяляне (каля 90%), 7% — наёмныя рабочыя (да 20 тыс.чал.). Малалікімі былі бел. інтэлігенцыя і памешчыкі (апошнім належала толькі 4,1% маёнткаў). Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў. Як і інш.нац. меншасці, беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баях пач. 2-й сусв. вайны (гл. ў арт.Польская кампанія 1939), уваходзілі ў Андэрса армію, Армію Краёву, Першую польскую пяхотную дывізію імя Т.Касцюшкі і інш. антыфаш. ваен. фарміраванні. У канцы 2-й сусв. вайны паводле сав.-польск. пагадненняў аб мяжы ад 26.7.1944 і 16.8.1945 улады СССР перадалі П. са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. У ходзе дэмаркацыі мяжы паміж П. і БССР і ўзаемнай рэпатрыяцыі насельніцтва з Беларусі ў П. (пераважна на Беласточчыну) у 1944—48 пераехалі больш за 270 тыс.чал. (паводле ўмоў рэпатрыяцыі беларусы-католікі дэкларавалі сябе палякамі). З-за тэрору польск. нацыяналіст. падполля, неспрыяльнага эканам. становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор’і (раёны Гданьска і Шчэціна), Варшаве, Кракаве, Торуні і інш. гарадах. Да 1948 улады П. афіцыйна не прызнавалі існаванне бел.нац. меншасці ў краіне. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў, якая пачалася тут у канцы 1940-х г. з аднаўлення бел. школьніцтва, актывізавалася ў 1956, калі ў П. створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), кафедра бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це і інш. З 1956 выдаецца газ.«Ніва», з 1957 — «Беларускі каляндар», з 1958 дзейнічае літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», створаны бел. ліцэі ў гарадах Бельск-Падляскі і Гайнаўка (Беласточчына). Паводле сац. статуса да канца 1950-х г. большасць беларусаў у П. былі сялянамі. У 1970-я г. і ў час ваен. становішча 1981—83 з-за абмежаванняў з боку польскіх улад назіраўся спад грамадска-культ. актыўнасці беларусаў. У 1980-я г. ўзніклі Бел. аб’яднанне студэнтаў (1981, зарэгістравана ў 1988), Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры, шэраг бел. выд-ваў і перыяд. выданняў. Уліку этнічнага складу насельніцтва П., у т. л. беларусаў, у сучасных перапісах не вядзецца. Да канца 1980-х г. у П., на думку польск. даследчыка К.Падляскага, жыло ад 250 да 400 тыс. беларусаў, паводле звестак Польск. аўтакефальнай правасл. царквы — 290 тыс. беларусаў (1/3 яе вернікаў), а паводле статыстыкі выбараў у сейм 1989 па Беласточчыне беларусы складалі тут 30% насельніцтва (206,8 тыс.чал.), у т. л. ў Беластоку 25% (65,5 тыс.чал.), Бельску-Падляскім і Гайнаўцы па 65% (адпаведна 17,2 і 15,1 тыс.чал.). У 1990-я г. зарэгістраваны Рада бел. арг-цый у П., Саюз гмін усх. Беласточчыны, Зьвяз бел. моладзі, Бел.гіст.т-ва (кіраўнік А.Латышонак), Асацыяцыя бел. журналістаў і інш. Створаны Згуртаванне варшаўскіх беларусаў, бел.культ.-асв.т-ва ў Гданьску «Хатка» (з 1992), бел. гурток у Ольштыне. З 1992 у Варшаве працуе бел. рэдакцыя Польск. радыё. У 1995 бел. мова выкладалася ў 44 школах і 2 ліцэях Беласточчыны. З 1997 у Беластоку існуе ун-т (б. філіял Варшаўскага ун-та), дзе ёсць кафедра бел. культуры. У 1997 у сейм выбраны кіраўнік БГКТ Я.Сычэўскі. Гісторыю, культуру, побыт бел. дыяспары ў П. адлюстроўваюць даследаванні А.Глагоўскай, А. і Я. Мірановічаў, Ю.Туронка і інш. польск. гісторыкаў бел. паходжання; выдаюцца літ. творы А.Барскага (А.Баршчэўскага), М.Гайдука, С.Яновіча, В.М.Шведа і інш.бел. пісьменнікаў П. Абароне правоў і інтарэсаў бел.этн. супольнасці ў П. служаць Дэкларацыя аб бел.-польск. адносінах (падпісана ў кастр. 1990), пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мін-вам нар. адукацыі П. і Мін-вам адукацыі Беларусі (сак. 1992), бел.польскі Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 23.6.1992 і пагадненне аб магчымасці ўзаемнага працаўладкавання і сац. абароны грамадзян абедзвюх краін.
Літ.:
Краткая история Польши: С древнейших времен до наших дней. М., 1993;
Samsonowicz H. Historia Polski do roku 1795. 5 wyd. Warszawa, 1990;
Kieniewicz S. Historia Polski 1795—1918. Warszawa, 1987;
Roszkowski W. Najnowsza historia Polski 1918—1989. Warszawa, 1991;
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000;
История польской литературы. Т. 1—2. М., 1968—69;
Горский И.К. Польский исторический роман и проблема историзма. М., 1963;
Цыбенко Е.З. Польский социальный роман 40—70-х г. XIX в. М., 1971;
Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;
Лойка А.А., Перкін Н.С. Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963;
Адам Міцкевіч і сусветная культура. Т. 1—5. Гродна etc., 1998—2000;
Literatura polska: Przewodnik encyklopedyczny. T. 1—2. Warszawa, 1984—85;
Słownik literatury staropolskiej. Wrocław, 1990;
Słownik literatury polskiej XIX wieku. Wrocław, 1991;
Słownik literatury polskiej XX wieku. Wrocław, 1992;
Тананаева Л.И. Польское изобразительное искусство эпохи Просвещения: Живопись. Рисунок. М., 1968;
Яе ж. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;
Łoziński J.Z. Pomniki sztuki w Polsce. T. 1—2. Warszawa, 1985—92;
Kębłowski J. Dzieje sztuki polskiej. Warszawa. 1987;
Miłobędzki A. Architektura ziem Polski. Kraków, 1994;
Z dziejów polskiej kultury muzycznej. T. 1—2. Kraków, 1958—66;
Baculewski K. Polska twórczośćl kompozytorska, 1945—1984. Kraków, 1987;
Bartkowski B. Polskie śpiewy religijne w żywej tradycji: Style i formy. Kraków, 1987;
Шидловский Р. Театр в Польше. Варшава, 1972;
Dzieje teatru polskiego. T. 1—5. Warszawa, 1977—93;
Almanach sceny polskiej. T. 1—28. Warszawa, 1961—94;
Рубанова И.И. Польское кино: Фильмы о войне и оккупации, 1945—1965. М., 1966;
Соболев Р.П. Встреча с польским кино. М., 1967;
Кушевский С. Современное польское кино: Пер. с пол. Варшава, 1978;
Historia filmu polskiego. T. 1—6. Warszawa, 1966—44;
Encyklopedia kultury polskiej XX wieku: Film. Kinematografia. Warszawa, 1994;
Podlaski K. (Skaradziński B.). Białorusini, Litwini, Ukraincy. Białystok, 1990;
Gomółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;
Mironowicz E. Białorusini w Polsce, 1944—1949. Warszawa, 1993;
Яго ж. Białorusini // Mniejszości narodowe w Polsce: Państwo i społeczeństwo polskie a mniejszości narodowe w okresach przełomów politycznych (1944—1989). Warszawa, 1998.
Герб і сцяг Польшчы.Да арт.Польшча. Вуліца Маршалкоўская ў Варшаве.Да арт.Польшча. Цэнтральная частка г. Катавіцы.Да арт.Польшча. Горад Закапанэ ў перадгор’ях Карпат.Да арт.Польшча. Ландшафт у цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Польшча. Спуск на ваду новага судна на верфі ў г. Шчэцін.Да арт.Польшча. Курган Т.Касцюшкі ў Кракаве.Да арт.Польшча. Касцёл Дзевы Марыі (Марыяцкі) у Кракаве. 13 ст.Да арт.Польшча. Бізнес-цэнтр у Варшаве. 1991—93.Да арт.Польшча. Інтэр’ер ратушы ў Познані.Да арт.Польшча. Плошча Рынак у г. Замасць.Да арт.Польшча. Замак у Віснічу.Да арт.Польшча. Гандлёвыя рады «Сукеніцы» ў Кракаве.Да арт.Польшча. Касцёл Ушэсця Хрыста ў Варшаве. 1980—85.Да арт.Польшча. Я.Матэйка. Партрэт дачкі Беаты з канарэйкай. 1882.Да арт.Польшча. С.Выспянскі. Аўтапартрэт. 1902.Да арт.Польшча. Я.Мальчэўскі. Смерць Эленаі. 1907.Да арт.Польшча. Г.Стажэўскі. Фактурная кампазіцыя. 1930—31.Да арт.Польшча. Т.Цяслеўскі. Фантастычная Варшава. 1926.Да арт.Польшча. Вялікі тэатр у Варшаве.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Попел і дыямент» А.Вайды 1958.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Зямля запаветная» А.Вайды. 1975.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Патоп» Е.Гофмана. 1974.Да арт.Польшча. Кадр з кінафільма «Эскадрон» Ю.Махульскага. 1992.Да арт.Польшча. Калектыў «Каласкі» з Беластока ў час выступлення на V агульнапольскім фестывалі «Беларуская песня-98».Да арт.Польшча. Выданні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. 1960-я г.