сты́гма, стыгма́т

(гр. stigma, -atos = укол, кляймо, пляма)

1) кляймо на целе раба або злачынца ў Стараж. Грэцыі;

2) адтуліна, якая адкрывае органы дыхання на паверхні цела членістаногіх жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

экза́рх

(гр. eksarchos = кіраўнік, галава)

1) галава жрацоў пры храме ў Стараж. Грэцыі;

2) намеснік імператара ў якой-н. вобласці Візантыйскай імперыі;

3) галава царкоўнай акругі ў праваслаўнай царкве.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

по́дыум

(лац. podium, ад гр. podion = памост, узвышэнне)

1) высокая платформа, на якой будаваліся храмы ў Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме;

2) узвышэнне ў старажытнарымскім цырку з крэсламі для імператара, сенатараў і іншых высокапастаўленых асоб;

3) узвышэнне на эстрадзе, у зале, у выставачным комплексе для артыстаў, манекеншчыц.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

кірэна́ікі

(гр. kyrenaikoi, ад Kyrena = назва горада ў Стараж. Грэцыі)

старажытнагрэчаская філасофская школа, заснаваная ў 4 ст. да н.э. Арыстыпам з Кірэны; развівала прынцыпы вучэння Сакрата ў напрамку паслядоўнага геданізму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

містэ́рыя

(гр. mysterion = таінства)

1) тайны рэлігійны абрад, у якім прымалі ўдзел толькі давераныя асобы ў Стараж. Грэцыі і Рыме і краінах Стараж. Усходу;

2) сярэдневяковая драма на біблейскія тэмы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БРЫТА́НСКІ МУЗЕ́Й у Лондане,

адзін з буйнейшых музеяў свету. Засн. ў 1753, адкрыты ў 1759 (будынак узведзены ў 1823—47 у стылі класіцызму, арх. Р. і С.​Смёрк). У ім зберагаюцца помнікі першабытнага мастацтва (гал. чынам Брытанскіх а-воў), мастацтва і культуры Стараж. Егіпта, Месапатаміі (у т. л. Разецкі камень, старажытнасці г. Ур), Грэцыі і Рыма (скульптуры з Парфенона і Галікарнаскага маўзалея, збор ваз, камеяў і інш.), краін і народаў Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Акіяніі, багатыя зборы гравюр, малюнкаў, манет і медалёў. У бібліятэцы Брытанская музея больш за 7 млн. кніг, каля 105 тыс. рукапісаў, у т. л. стараж.-егіпецкія папірусы, бел. выданні Ф.​Скарыны [«Кнігі царстваў» (Прага, 1518), «Псалтыр», «Апостал» (Вільня, 1525)] і «Манархія турэцкая» П.​Рыка (Слуцк, 1678).

Брытанскі музей у Лондане. Галоўны фасад. Архітэктары Р. і С. Смёрк.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАФЕГМА́ТЫ (ад грэч. apophthegma кароткае выказванне, выслоўе),

старажытныя зборнікі свецкай апавядальнай літаратуры, у якіх змяшчаліся выказванні ці павучальныя гісторыі з жыцця пісьменнікаў, філосафаў і інш. вядомых людзей. Узніклі ў Стараж. Грэцыі (Плутарх). У эпоху Адраджэння пашырыліся ў Зах. Еўропе (Ф.​Петрарка, Дж.​Бакачыо), трапілі ў Польшчу (М.​Рэй), а праз яе і на ўсх.-слав. землі. Далейшае развіццё апафегматаў прывяло да ўзнікнення зборнікаў фрашак, баек, эпіграм. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Іх выкарыстоўвалі ў палемічных творах А.​Мужылоўскі, І.​Пацей, Хрыстафор Філалет. Найб. вядомыя і папулярныя былі «Апафегматы» (1599) Б.​Буднага, пераклады якіх распаўсюджваліся ў рукапісах у Расіі і неаднаразова выдаваліся ў 18 ст. Кнігу дыдактычных двухрадкоўяў «Апафегматы» выдаў у 1854 І.​Легатовіч.

У.​Г.​Кароткі.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБА́НСКАЯ МО́ВА,

самастойная група індаеўрапейскіх моў. Пашырана ў Албаніі (дзярж. мова), а таксама ў Югаславіі (аўт. край Косава), Італіі, Грэцыі, на Украіне (Адэская і Запарожская вобл.). Мяркуюць, што албанская мова паходзіць ад адной са стараж. палеабалканскіх моў, генетычна найб. блізкая да ілірыйскай, месапскай і фракійскай моў. Мае 2 дыялекты: гегскі (паўн.) і тоскскі (паўд.), на аснове якіх у 19 ст. склалася сучасная літ. мова (у 2 варыянтах). У фанетычнай сістэме 7 галосных і 29 зычных фанем; націск фіксаваны пераважна на перадапошнім складзе. Граматычны лад флектыўна-сінтэтычны з рысамі аналітызму. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 15 ст. Адзіны алфавіт на лац. аснове створаны ў 1908.

Літ.:

Десницкая А.В. Албанский язык и его диалекты. Л., 1968;

Эйнтрей Г.И. Албанский язык. Л., 1982.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКСІМА́НДР (Anaximandros) з Мілета

(каля 610—546 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф. Прадстаўнік іанійскай натурфіласофіі, паслядоўнік Фалеса. Аўтар твора «Пра прыроду» (не захаваўся). Лічыў, што асновай усяго існага з’яўляецца апейрон (вечная і бясконцая першаматэрыя), з якога ўзнікаюць усе рэчы і ў які вяртаюцца пасля сваёй гібелі; з яго ж вылучаюцца 2 асн. процілегласці: халоднае і цёплае, вільготнае і сухое, іх узаемадзеянне ўтварае рэчы і светы. Анаксімандр даў фармулёўку закону захавання матэрыі. Паводле касмалагічнай тэорыі Анаксімандр, у цэнтры сусвету знаходзіцца нерухомая Зямля, існуе незлічоная колькасць светаў, размешчаных паслядоўна па часе і побач адзін з адным. Спрабаваў Анаксімандр даць дыялект. тлумачэнне свету і жыцця, свабоднае ад міфалогіі, склаў першую геагр. карту, зрабіў першыя ў Грэцыі сонечны гадзіннік і астр. прыстасаванні.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕ́ЙСКІ САЮ́З,

палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)