грузападымальная машына перыядычнага (цыклічнага) дзеяння для падняцця і перамяшчэння грузаў на невял. адлегласці. Бываюць паваротныя і непаваротныя, стацыянарныя і перасоўныя. Выкарыстоўваюцца ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, на буд-ве, транспарце і інш.
Асн. часткі П.к.: нясучыя канструкцыі (маставая ці кансольная ферма, вежа, мачта, страла, партал), гал. грузапад’ёмны механізм (лябёдка, тэльфер), сілавая ўстаноўка (электрычны рухавік, дызель і інш.), механізмы перамяшчэння крана, павароту, грузазахопныя прыстасаванні і інш. Паваротныя П.к. бываюць: чыгуначныя, веласіпедныя (з рэйкамі на розных узроўнях), пнеўмаколавыя, аўтакраны, гусенічныя, насценныя і дахавыя. Непаваротныя: маставыя з катучай маставой фермай, што перамяшчаецца па рэйках (у т. л.кран-бэлькі), перагрузачныя (маставыя перагружальнікі, казловыя і кабельныя краны), насценна-кансольныя. Ёсць таксама паваротныя і непаваротныя плывучыя краны, высокія мачтавыя і вежавыя краны, спец. металургічныя і інш. У цяжкадаступных месцах выкарыстоўваюць верталёты-краны. Грузападымальнасць П.к. да 2,5 тыс.т. Простыя драўляныя П к выкарыстоўваліся да канца 18 ст., суцэльнаметалічныя з’явіліся ў 1820-х г., з мех. прыводам — у 1830-х г. Паравы П.к. створаны ў 1830, гідраўлічны ў 1847 (Вялікабрытанія), з электрарухавіком у 1880—85, з рухавіком унутр. згарання ў 1895 (ЗША, Германія). У Расіі вытв-сць П.к. пачата ў канцы 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл.Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.
Літ.:
Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.
Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМІ́ДА,
манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс.чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн.буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш. месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл.гл. таксама да арт.Егіпет Старажытны.
Літ.:
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.
Я.Ф.Шунейка.
Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РДАВА (Córdoba),
горад на Пд Іспаніі, на р. Гвадалквівір, у аўт.вобл. Андалусія. Адм. ц.прав. Кордава. 300 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Аэрапорт. Буйны цэнтр медзеплавільнай прам-сці. Эл.-тэхн. і с.-г. машынабудаванне, харчасмакавая (вінаробства, цукр., мукамольная, алейная), тэкст.прам-сць. Ун-т. Музеі выяўл. мастацтва, археалагічны.
Вядома з часоў фінікійскай каланізацыі. Паводле стараж.-грэч. гісторыка Страбона, была цэнтрам племя турдзетанаў. У 2-ю Пунічную вайну (218—201 да н. э.) захоплена рымлянамі. У часы праўлення Аўгуста гал. горад прав. Бетыка. Пасля распаду Рым. імперыі пад уладай вандалаў, Візантыі, вестготаў (з 572), арабаў (з 711). З 756 сталіца Кардоўскага эмірата, з 929 Кардоўскага халіфата; росквіт у часы праўлення Абдарахмана III [912—961]. У 8—10 ст. адзін з еўрап. цэнтраў навукі, культуры і мусульм. мастацтва («Мекка Захаду», «Горад цудаў»); развіваліся рамёствы (ювелірнае, керамічнае, выраб скур). Пасля распаду Кардоўскага халіфата (1031) захавала самастойнасць да 1070, пазней уладанне эміра Севільі. У час Рэканкісты з 1236 пад уладай кастыльскіх каралёў.
Захаваліся нерэгулярная планіроўка цэнтра, невысокія атынкаваныя дамы маўрытанскай эпохі з глухімі фасадамі і азялененымі паціо. Арх. помнікі: стараж.-рым. мост, араб.вежа Калаора (перабудавана ў 1369), сабор (да 1236 — Вял. мячэць, пачата ў 785; уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), цэрквы Сан-Пабла (1241), Сан-Ніколас (13—16 ст.), манастыра Кармэн Кальсада (1580, стыль мудэхар), сінагога (1315), ратуша (1594—1631, стыль эрэрэска), рэнесансавыя палацы, парадныя ансамблі плошчаў 18 ст. У К. правінцыяльныя музеі прыгожых мастацтваў і археалагічны.
Літ.:
Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст.ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл.драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна паводле бел.нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.Галубка і Л.Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш. Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.Янчанкі, а таксама бел.нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ЎМАЦАВА́ННІ Існавалі ў 14—18 ст. Складаліся з замка і гар. умацаванняў. Замак размяшчаўся на гарадзішчы, на левым беразе р. Піна. У вопісе горада за 1561—66 згадваецца «вежа Уладычная», якая стаяла асобна ў паўн.ч. замкавых умацаванняў. Акрамя брамы з пад’ёмным мостам перад ёю ў лініі абароны стаялі яшчэ не менш як 3 вежы, назвы якіх невядомы. Перыметр замкавых умацаванняў складаў 0,5 км. У мірны час у замку пастаянна размяшчаліся невял. гарнізоны салдат на чале з ротмістрамі. У час вайны дзейнічалі законы аб усеаг. абароне. Гарадскія ўмацаванні складаліся з 2 ліній абароны. 1-я лінія ў выглядзе вала, паркана і рова ахоплівала сетку радыяльных вуліц, якія адыходзілі ад замка і дугой упіраліся ў высокі бераг Піны, і фактычна ўключалі тэр. горада 11—13 ст. Вал перарываўся 4 брамамі (Уладычная, Меская, Траецкая і Спаская). Уздоўж берага ракі ішоў драўляны паркан, які спускаўся ў абарончы роў. Агульная даўжыня 1-й лініі абароны складала 1,4 км. 2-я лінія абароны, т.зв. «астрог», даўж. каля 2 км, таксама ўпіралася ў бераг Піны. Яна ўключала 4 брамы: Берасцейскую, Віленскую, Северскую і Лешчанскую. На З і ПнЗ перад валам ішоў штучны абарончы роў, які на ПнУ і У пераходзіў у прыродны з ручаём на дне, т.зв. Каралінскай канавай. З У горад прыкрываўся Пінскім Лешчанскім манастыром і комплексам умацаванняў Пінскага Каралінскага замка. Перад кожнай брамай быў пад’ёмны мост, перакінуты цераз абарончы роў. Усе лініі абароны Пінска захоўваліся да канца 18 ст. Апошні раз яны згадваюцца ў інвентары Пінскага староства за 1783. Пазней, на працягу 19 ст., гар. ўмацаванні паступова знівеліраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ НІ́ЖНІ ЗА́МАК, Стралецкі замак. Пабудаваны паводле загаду цара Івана IV Грознага пасля ўзяцця Полацкарус. войскамі ў 1563, прымыкаў да Полацкага Верхняга замка.
Пл. 6 га. З У і ПдЗ быў абгароджаны валам (вал Івана IV Грознага) даўж. каля 600 м, выш. да 10 м, шыр. у аснове да 30 м. Першыя звесткі пра замак і вал сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах 2-й пал. 16 ст., калі пад кіраўніцтвам баярына П.І.Шуйскага ваяводы П.Зайцаў і Б.Шчокін значна ўмацавалі Полацк. У гэты час і насыпаны вал. Пры яго буд-ве быў выкарыстаны грунт аб’ёмам каля 230 тыс.м³. Частка грунту была ўзята з месца, дзе капалася новае рэчышча р. Палата (паміж стараж. полацкімі гарадзішчам і селішчам). Паводле плана 1579 С.Пахалавіцкага, на вале было 8 вежаў. У цэнтры замка стаяла вежа-данжон. У сярэдзіне —2-й пал. 17 ст. вежы і сцены замка заменены «тынам стаячым». З канца 16 ст. замак перастаў адыгрываць фартыфікацыйную ролю, у 1579 войскі С.Баторыя штурмавалі полацкія ўмацаванні з боку Верхняга замка. У пач. 17 ст.тэр. Ніжняга замка ўключана ў Полацкі Вялікі пасад. Археал. даследаванні П.Н.з. праводзілі Л.Д.Побаль (1959), Г.В.Штыхаў (1962, 1964), С.В.Тарасаў (1986, 1989, 1990). У 1984 на тэр. замка знойдзены скарб стараж. залатых рэчаў (гл.Полацкія скарбы).
Літ.:
Дэйніс І.П. Ніжні замак у Полацку // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. №2;
гл. таксама пры арт.Полацкі Верхні замак.
С.В.Тарасаў.
Да арт.Полацкі Ніжні замак. Полацкія замкі. З гравюры 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКАЯ ЦАРКВА́ ПЯТРА́ І ПА́ЎЛА І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры барока ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Мураваны храм пабудаваны пры базыльянскім манастыры ў 1762—79 (арх. Я.С.Бекер) на месцы уніяцкай царквы 1568 па фундацыі Хрысціны Масальскай з Сапегаў. У 1839 перададзена праваслаўным. Будынак 1-нефавы з вял. паўкруглай апсідай, над якой пакаты 2-схільны дах пераходзіць у конусападобнае пакрыццё, завершанае галоўкай. Па баках апсіды размешчаны 2 квадратныя ў плане невысокія рызніцы пад 3-схільнымі дахамі. Гал. фасад па цэнтры вылучаны рызалітам, які завершаны развітым антаблементам і 2-ступеньчатым атыкам з трохвугольным франтонам. Над атыкам узвышаецца 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з галоўкай на барабане. Барочны пластычны характар фасаду надаюць шматлікія крапоўкі слаістымі пілястрамі, прафіляванымі цягамі, нішамі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах і пілястрамі ў прасценках, апяразаны паддахавым карнізам.
Зала царквы перакрыта люстэркавым скляпеннем, плафон якога пакрыты размалёўкай «Праабражэнне» (пашкоджана пажарам у 1895, адноўлена ў пач. 20 ст.). На плафоне апсіды размалёўка «Бог Саваоф». Абапал апсіды медальёны з выявамі апосталаў Пятра і Паўла. Захаваўся абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (каля 1648), якому прыпісваецца захаванне храма ад пажару.
Корпус манастыра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. Бекер) з паўд. боку царквы па фундацыі А.Сапегі. Будынак прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты вальмавым дахам. Рытм гал. фасада ствараецца прамавугольнымі аконнымі праёмамі, завершанымі трохвугольнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на 1-м паверсе), пілястрамі. Цэнтр гал. фасада вылучаны рызалітам.
В.В.Калнін, В.В.Церашчатава.
Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАГО́СА (Zaragoza),
горад на ПнУ Іспаніі, на р. Эбра. Адм. ц. аўтаномнай вобласці Арагон і прав. Сарагоса. Каля 650 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. прылада- і аўтамабілебудаўнічая, вытв-сць чыгуначнага, с.-г., эл.-тэхн. абсталявання; харч., хім., тэкст., дрэваапр., коркавая, цэм., гарбарна-абутковая. Канцавы пункт нафтаправода Рота — С. Ун-т. Штогадовыя прамысл. кірмашы.
Засн. ў 27 да н.э. на месцы іберыйскага паселішча як рым. калонія пад назвай Цэзарэя-Аўгуста. У 452 н.э. захоплена свевамі, у 476 — вестготамі. У 714—1118 пад уладай арабаў, у 11 — пач. 12 ст. цэнтр Сарагоскага эмірата. У 1118 горад адваяваны ў арабаў войскамі караля Арагона Альфонса 1, з 1119 сталіца Арагонскага каралеўства, атрымала права самакіравання і інш. прывілеі. У 14—16 ст. адзін з важнейшых эканам. (вытв-сць сукна) і культ. (у 1474 засн.ун-т) цэнтраў Арагона. У 17—18 ст. эканамічна заняпала. У 1-ю ісп. рэвалюцыю 1808—14 (гл. ў арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя) двойчы ўзята ў аблогу франц. войскамі (1808, 1808—09). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 месца баёў паміж рэсп. войскамі і франкістамі.
У структуры цэнтра горада захаваліся рысы рэгулярнай планіроўкі стараж.-рым. калоніі. Сярод помнікаў: рэшткі стараж.-рым. пабудоў, маўрытанскіх будынкаў (10—12 ст.) з узорыстай цаглянай муроўкай, дэкар. купаламі, абліцоўкай шматколернай кафляй, сабор Ла-Сеа (1119—1550; фасад канца 17 ст. ў стылі эрэрэска; вежа 1685), касцёлы ў стылі мудэхар (Санта-Марыя Магдалена і інш.), біржа («лонха», 1551, готыка і платэрэска), палацы 16 ст. ў стылі платэрэска. У С. — правінцыяльны музей прыгожых мастацтваў.