ХАЦЕ́НЧЫЦКІ БОЙ 1943,

бой партызанскай брыгады імя М.​Фрунзе (камандзір А.​М.​Захараў) па разгроме гарнізона ням. фашыстаў у в. Хаценчыцы Вілейскага р-на Мінскай вобл. 23 чэрв. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон (каля 100 гітлераўцаў, узброеных гарматай, 2 мінамётамі, 12 кулямётамі), умацаваны палосамі траншэй, калючым дротам і 5 дзотамі, глыбока ўкліньваўся ў партыз. зону, пастаянна праводзіў карныя і грабежніцкія ў адносінах да насельніцтва акцыі. Сілы партызан (480 байцоў) увечары, сканцэнтраваўшыся ў лесе, нанеслі нечаканыя ўдары, падавілі агонь гарматы і дзотаў, поўнасцю разграмілі гарнізон. У выніку бою партызаны расчысцілі раён для дзеянняў брыгады на 120 км; гарнізон акупантамі так і не быў адноўлены.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 613.

У.​С.​Пасэ.

т. 16, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ЛІКАЎ Аляксандр Іванавіч (20.4.1904, Масква —28.10.1984),

савецкі вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928). З 1935 на выкладчыцкай рабоце. З 1945 нач. канструктарскага бюро, з 1959 дырэктар Усесаюзнага н.-д. і праектна-канструктарскага ін-та металургічнага машынабудавання. Навук. працы па тэорыі пракаткі і разліку пракатных станаў. Пад яго кіраўніцтвам створаны унікальныя пракатныя станы і агрэгаты; тэхналогія і агрэгаты сумяшчэння неперарыўнага ліцця металаў з пракаткай і інш. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1951. Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР (1975).

Тв.:

Теория расчета усилий в прокатных станах. М., 1962;

Специальные прокатные станы. М., 1971 (у сааўт.).

А.​І.​Цэлікаў.

т. 17, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАЛЬНАЧАРНАЗЁМНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК імя В.​В.​Алёхіна, біясферны.

У Курскай і Белгародскай абл., Расія. Засн. ў 1935 для аховы і вывучэння унікальных прыродных комплексаў лесастэпу. Пл. 5,3 тыс. га. Складаецца з 6 асобных участкаў. Рэльеф эразійны. Глебы — моцныя тыповыя чарназёмы, якія ніколі не ўзворваліся, маюць гумусу да 9—12%, таўшчыня гумусавага слоя да 1 м. У расл. покрыве спалучэнне лугавога стэпу і дуброў. У флоры больш за 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з іх 86 рэдкіх. У фауне 38 відаў млекакормячых (барсук, ліс, тушканчык вялікі, суслік рабы, мышоўка стэпавая, заяц-русак і інш.), 184 птушак (каршун чорны, сарыч, канюк касматаногі, зязюля, дзяцел вялікі стракаты і інш.), 6 рэптылій, у т. л. гадзюка стэпавая, 7 земнаводных, больш за 4 тыс. насякомых.

т. 17, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЙКО́Ў Сямён Апанасавіч (30.10.1902, Бішкек — 18.5.1980),

кіргізскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1963). Правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў М.​Хлудава ў г. Алматы, у Маскоўскім вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1924—30). У 1930—32 выкладаў у Ленінградскай АМ, у 1947—48 у Маскоўскім маст. ін-це. Абапіраючыся на традыцыі рус. выяўл. мастацтва, распрацоўваў жанравы і пейзажны кірг. жывапіс; у 1950—60-я г. звяртаўся да інд. тэматыкі. Творы вылучаюцца строгасцю кампазіцыі, тонкай распрацоўкай колеравых суадносін: цыклы «Кіргізская калгасная сюіта» (1939—48), «У нас у Кіргізіі» (1946—67), «Нашы браты» (1952—67), работы «Дачка савецкай Кіргізіі» (1948), «Дачка чабана» (1956), «Дакрананне да вечнасці» (1973), «Мары» (1975), «Аўтапартрэт са статуяй» (1979). Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя І.​Сатылганава 1972.

т. 17, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЯЎРЭ́ЛІ Сафіко (Соф’я Міхайлаўна; н. 21.5.1937, Тбілісі),

грузінская актрыса. Дачка М.Чыяўрэлі. Нар. арт. Грузіі (1976). Нар. арт. Арменіі (1979). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). З 1960 у Т-ры імя К.​Марджанішвілі (Тбілісі). Валодае майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Джульета («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Ганна Карэніна («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Рэгіна («Прывіды» Г.​Ібсена). З 1957 здымаецца ў кіно: «Наш двор», «Аповесць пра адну дзяўчыну», «Генерал і маргарыткі», «Іншыя зараз часы», «Хеўсурская балада», «Не бядуй!», «Колер граната», «Цяпло тваіх рук», «Мелодыі Верыйскага квартала», «Некалькі інтэрв’ю па асабістых пытаннях», «Легенда пра Сурамскую крэпасць», «Ашык-Керыб» і інш., тэлефільмы «Берагі», «Шукайце жанчыну» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1980.

Літ.:

Лордкипанидзе Н.Г. Софико Чиаурели. М., 1983.

т. 17, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМЯНКО́Ў Апанас Дзмітрыевіч (22.2.1896, в. Леніна Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.3.1972),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейтэнант (1945). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Скончыў пях. курсы (1919), Аб’яднаную ваен. школу (1927), курсы ўдасканалення каманднага саставу імя Фрунзе (1941), паскораныя курсы (1942) і Вышэйшыя курсы (1950) пры Ваен. акадэміі Генштаба. Удзельнік грамадзянскай вайны 1918—20. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Паўд.Зах., 3-м Укр. і 1-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага арміі па тыле, нам. камандзіра, камандзір корпуса. Удзельнік вызвалення Украіны, Варшаўска-Лодзінскай, Пазнанскай, Берлінскай аперацый. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам Ш. вызначылася 20.7—1.8.1944 у баях за г. Магнушаў (Польшча). Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 17, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎКУНЕ́НКА Аляксей Аляксеевіч (21.3.1884, г. Херсон, Украіна — 12.3.1974),

украінскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1944). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1908), Пецярб. АМ (1917). З 1926 выкладаў у адэскіх палітэхнікуме выяўл. мастацтваў, маст. ін-це (з 1935 праф.), у 1936—65 праф. Кіеўскага маст. ін-та. Пісаў псіхал. партрэты: В.​Забалотнага (1942), Б.​І.​Якаўлева (1944), С.​А.​Каўпака (1945), М.​Рыльскага (1944—45), М.​Літвіненка-Вольгемут (1947), Ф.​І.​Трушына (1949), індустр. пейзажы: серыі акварэлей «Адэскі суднабудаўнічы завод» (1929—30), «Днепрабуд» (1930—32), «Луганскі паравозабудаўнічы завод» (1936). Значнае месца ў творчасці належыць пейзажам Украіны, Малдавіі, Кабардзіна-Балкарыі, Башкірыі. Дзяж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1970.

Літ.:

Владич Л. Алексей Шовкуненко. М., 1983.

т. 17, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮСКАВЕ́Ц Майсей Клінікавіч (16.8.1898, в. Заверша Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.4.1969),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Акад. АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61). Д-р вет. н. (1941), праф. (1943). Засл. дз. нав. Беларусі (1958). Скончыў Маскоўскі вет. ін-т (1925). З 1935 у НДІ эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага, адначасова (1950—56) у НДІ жывёлагадоўлі АН Беларусі. У 1957—61 акад.-сакратар Аддз. жывёлагадоўлі і ветэрынарыі Акадэміі с.-г. навук Беларусі і адначасова (1957—59) дырэктар Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па эпізааталогіі, мікрабіялогіі, імуналогіі с.-г. жывёл, па пытаннях барацьбы з туберкулёзам, бруцэлёзам, інш. хваробамі с.-г. жывёл.

Тв.:

Бруцеллёз сельскохозяйственных животных. 2 изд. М., 1960;

Туберкулёз сельскохозяйственных животных. 3 изд. Мн., 1963.

М.К.Юскавец.

т. 18, кн. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНПО́ЛЬСКІ Борух Залманавіч (10.4.1898, г. Глухаў, Украіна —5.12.1975),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1946). Скончыў студыю пры Дзярж. яўр. т-ры Беларусі (1931) і працаваў у гэтым т-ры. У 1936—58 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. У 1960—67 рэжысёр Белдзяржфілармоніі. Выканаўца камед. і характарных роляў. Майстар эпізоду. Створаныя ім вобразы вылучаліся выразнай формай, яркімі сцэн. дэталямі ў раскрыцці характару: Батура («Партызаны» К.​Крапівы), Нічыпар («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Маёр («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Ігнат Буйніцкі («Шчасце паэта» В.​Віткі), Аптэкар («Рамэо. і Джульета» У.​Шэкспіра), маркіз Рыкарда («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Лефлеш («Скупы» Мальера), Харытонаў («Рускія людзі» К.​Сіманава), Ракала («За тых, хто ў моры!» Б.​Лаўранёва) і інш.

А.​А.​Лабовіч.

т. 18, кн. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРАМЕ́НКА Васіль Сяргеевіч (1.11.1895, с. Рогінцы Раменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 6.3.1976),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1954). Скончыў тэатр. студыю ў г. Рамны (1921). З 1922 адзін з заснавальнікаў і акцёр Укр. т-ра імя М.​Занькавецкай (з 1944 у Львове). Яго мастацтва вылучалася сцэн. тэмпераментам, абаяннем, праўдзівасцю пачуццяў. Сярод роляў: Назар («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі), Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі), Іван Свічка («Вяселле Свічкі» І.​Качаргі), Гараднічы, Тарас («Рэвізор», «Тарас Бульба» М.​Гогаля), Яга, кароль Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Кошкін («Любоў Яравая» К.​Транёва), Петрушэнка («На вялікую зямлю» А.​Хіжняка) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Літ.:

Мельничук-Лучко Л. В.​С.​Яременко: Нар. артист СССР Киев, 1960.

т. 18, кн. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)