падо́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае падабенства з кім‑, чым‑н., нагадвае каго‑, што‑н. Падобныя з твару, браты шмат у чым адрозніваліся адзін ад аднаго. Шамякін. На парозе з’явіліся дзве невялічкага росту бялявыя дзяўчынкі, настолькі падобныя адна да аднае, што іх можна было адрозніць толькі па прычосках. Грахоўскі. Перасыльная біржа была вельмі падобнай на лагер ваеннапалонных, толькі меншая намерам. Якімовіч.

2. Такі, як гэты (пра які ідзе гаворка). Другі падобны выпадак здарыўся ў курортным горадзе Дуброўніку, дзе мы жылі некалькі дзён. Брыль.

3. У геаметрыі — які мае падобнасць (у 2 знач.). Падобныя многавугольнікі. Падобныя конусы.

•••

І падобнае (скарочана: і пад.) — ужываецца ў канцы пералічэння, паказваючы на тое, што яно можа быць прадоўжана.

Нічога падобнага гл. нішто ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падча́с, прысл. і прыназ.

1. прысл. Часам, калі-нікалі, іншы раз. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Балюча, што падчас жывеш не ў поўную меру, разменьваешся на дробязі, быццам гэтых цудоўных і беззваротных дзён у тваім запасе безліч. Кандрусевіч.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «падчас» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на тэрмін, з’яву, надзею, у час якіх адбываецца ці існуе што‑н. Ніхто на вайне не ведаў, калі і дзе стрэне сваю кулю.. У разведцы ці ў баі падчас блакады. Шамякін. Толькі я паступіла [у медінстытут] — няшчасце на нашу сям’ю звалілася: бацька загінуў падчас аўтамабільнай аварыі. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыспе́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. што. Зрабіць больш хуткім, таропкім. Алесь прыспешыў крок. І калі выйшаў на адкрытае месца, у некалькіх кроках ад сябе ўбачыў Тасю. Хадановіч. Я прыспешыў хаду і праз некалькі крокаў апынуўся на лясной паляне, мякка асветленай ружовымі праменямі вячэрняга сонца. В. Вольскі.

2. што. Наблізіць наступленне чаго‑н. Ніколі .. [Дзялянка] не лічыўся са сваім часам, каб толькі даць краіне больш вугалю і гэтым прыспешыць разгром ненавісных гітлераўцаў. Паслядовіч. [Ніна] ведала, рана ці позна, а шчырая размова са Сцяпанам Сцяпанавічам павінна была адбыцца. Выпадак толькі прыспешыў яе. Шахавец.

3. каго-што. Прымусіць рабіць што‑н. хутчэй. Дзяўчына.. зірнула на.. [Паўла] і перастала пісаць. Але Маша прыспешыла яе: — Пішыце, мы згодны ў Задубскую РТС. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.

Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.

спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узрасці́ць, ‑рашчу, ‑росціш, ‑росціць; зак., каго-што.

Даглядаючы, забяспечыць рост чаго‑н.; вырасціць. Яны [дэлегаты] прыйшлі на з’езд партыйны, Каб вырашыць, абмеркаваць, Як лепш адбудаваць краіну, Заводы новыя ўзняць, Як асушыць балот прасторы. Багаты ўраджай узрасціць. Танк. Ківалі верхавіннем высокія вольхі. Іх балота ўзрасціла. Куляшоў. / у перан. ужыв. [Бацька:] — Я ўсе ж павінен служыць сваім людзям, тым людзям, якія ўзрасцілі мой талент, якія стварылі мне славу. Мікуліч. // Узгадаваць. Марыля гатова мучыцца, ахвяраваць усім, толькі, б узрасціць і выхаваць дзяцей. Ярош. Дачку ўзрасціў я. Ёй — дай божа — дваццаць, Яна сама павінна разабрацца. Ставер. // перан. Стварыць клапатлівымі адносінамі. Узрасціць кадры. □ Палессе! Сынам сваім ты даравала Не толькі жыццё і сілу — Ты пастухоў сваіх і генералаў Для гісторыі ўзрасціла. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́ха, ‑і, ДМ уцесе, ж.

1. Радасць, забава. Уцехі лепшай не згадаць малому: Кусалі яблыкі на дзве шчакі, Тапталі залацістую салому, Гарохавыя лушчылі стручкі. Гаўрусёў. // Задавальненне. Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі. Мележ. [Усцін Тарасавіч:] Не таіся, было, што ты балюча крыўдзіў жанчын, браў ад іх толькі кароткія ўцехі. Марціновіч. // Той, хто (або тое, што) з’яўляецца крыніцай, прадметам задавальнення, радасці. Гэта, у школу праводзячы сына, Ад глыбінь усяго пачуцця Шэпча маці ўцесе адзінай: — Мір табе, дарагое дзіця! Глебка. — Сад быў яго [Захарыя] уцехай, крыніцай ягоных радасцей, месцам адпачынку. Самуйлёнак.

2. Той, хто (або тое, што) прыносіць радасць, задавальненне. [Жанчына:] — Толькі ў працы і знаходзіш уцеху. Шамякін. Вышамірскаму асталася адна ўцеха — успаміны. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарма́цыя, ‑і, ж.

1. Пэўная ступень, стадыя ў развіцці чалавечага грамадства, якая характарызуецца ўласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці і адпаведнай гэтаму спосабу надбудовай. Заслуга Маркса ў распрацоўцы тэорыі навуковага камунізма заключаецца ў тым, што ён даў характарыстыку асноўных рыс камуністычнага грамадства. Ён упершыню паказаў, што сацыялізм і камунізм уяўляюць сабою не розныя грамадска-эканамічныя фармацыі, а толькі дзве фазы аднаго і таго ж камуністычнага грамадства, заснаванага на адным і тым жа спосабе вытворчасці. Лушчыцкі. Калгасны лад выхаваў селяніна новай фармацыі, вывеў яго на шырокую арэну грамадскага жыцця. «Звязда».

2. Спец. Комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння. Юрская фармацыя.

3. Спец. Раслінныя згрупаванні, якія характарызуюцца адным або некалькімі агульна-біялагічнымі відамі.

[Лац. formatio — утварэнне, від.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́ха,

1. Прысл. да ціхі.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць цішыні дзе‑н., ціхае надвор’е. Было ціха і цёпла. Здавалася, яшчэ дзень-другі — і ў ліловых алешніках зацёхкаюць галасістыя салаўі. Ігнаценка.

3. безас. у знач. вык. Пра спакойнае, мірнае жыццё. Гора ў прорву нябыту сплыло. Шчасце зведалі дзеці. Толькі б ціха на свеце было, Толькі б ціха на свеце... Гілевіч. // Пра адсутнасць спрэчак, сутыкненняў паміж кім‑н. [Жанчына:] — Маўчыць [Пятро], як вады ў рот набраўшы. Кажа: «Абы ў хаце ціха было». Пальчэўскі. // перан. Пра душэўны спакой, уціхаміранне. На душы было ціха.

4. у знач. вык. Ужываецца як загад не шумець, замаўчаць. — Ціха-а, — шапнуў Косцік, — гэта вавёрка. Брыль. — Ціха, хлопцы! Памаўчыце хоць адну хвіліну. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Злучацца, збліжацца, утвараючы адзінае цэлае. Мы гаварылі, і наша мінулае ажывала, ядналася з нашым сучасным. Вышынскі. Стаіць.. [вёска] на лясной паляне, што толькі з аднаго боку яднаецца з яшчэ большай, узгорыстай палянай. Навуменка. І смутак, і радасць ядналіся разам. Чорны.

2. Аб’ядноўвацца, згуртоўвацца для дружных агульных дзеянняў. Сучасны сусветны рэвалюцыйны працэс развіваецца пад лозунгам: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» «Звязда». Паэт сваім перакладам [«Слова аб палку Ігаравым»] быццам сцвярджаў, што ворагаў рэвалюцыі можна перамагчы толькі тады, калі народы былой царскай Расіі будуць яднацца ў сваіх баявых і працоўных намаганнях. Палітыка.

3. Уступаць у блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць сувязь з кім‑н. Сусед яднаецца з суседам, Каб даць прастор сваім палям. Глебка.

4. Зал. да яднаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

платані́зм

[ад гр. Platon = імя старажытнагрэчаскага філосафа (427—347 да н.э.)]

1) ідэалістычнае філасофскае вучэнне старажытнагрэчаскага філосафа Платона і яго паслядоўнікаў, заснаванае на тым, што рэальны зменлівы свет прыродных рэчываў з’яўляецца толькі слабым адлюстраваннем нязменнага свету вечных ідэй;

2) адсутнасць пачуццёвасці, чыста духоўная цяга да чаго-н.;

3) перан. адсутнасць якіх-н. практычных мэт, нерэальнасць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)