полімарфі́зм
(ад полі- + -марфізм)
1) здольнасць аднаго і таго ж рэчыва крышталізавацца ў розных формах (параўн. таксама дымарфізм 1);
2) наяўнасць у межах аднаго віду раслін або жывёл асобін, якія рэзка адрозніваюцца паміж сабой (параўн. таксама дымарфізм 2).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
фа́вус
(лац. favus = пчаліныя соты)
1) заразная хвароба скуры чалавека, выкліканая паразітычнымі грыбамі; парша;
2) заразная грыбковая хвароба жывёл (сабак, катоў, трусоў, птушак);
3) захворванне раслін (яблыні, грушы, цытрусавых, бульбы і інш), выкліканае рознымі відамі грыбоў і бактэрый.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
корм, ‑у; мн. кармы, ‑оў; м.
Ежа жывёлы. Волька рабіла ўсё ціха, нячутна: перастаўляла чыгункі, вёдры, рыхтавала корм парасяці, карове. Васілевіч. // звычайна мн. Розныя віды прадуктаў, якія ідуць у ежу жывёле. Сіласаванне кармоў.
•••
Грубыя кармы — раслінныя кармы (сена, салома, мякіна і пад.) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў.
Дражджаваныя кармы — кармы, прыпраўленыя кармавымі дражджамі.
Зялёны корм — зялёная маса кармавых раслін, каштоўны корм для ўсіх сельскагаспадарчых жывёл.
Падножны корм — раслінны корм, які з’ядаецца жывёлай на корані. Каб знайсці падножны корм, козы і авечкі робяць вялікія пераходы і па нізіне, і па гарах. В. Вольскі.
Сухія кармы — кармы, прыгатаваныя ў выглядзе канцэнтратаў.
На падножны корм (ісці, адпраўляцца і пад.) — пачынаць жыць на сродкі, здабытыя дзе прыйдзецца і як папала. — Схуднееш, калі паходзіш, як я, ды пахарчуешся на падножным корме. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кру́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены, прыгатаваны шляхам скручвання. Кручаная пража. Кручаныя дубцы.
2. Разм. Хворы на шаленства (пра жывёл). Кручаны сабака. // Нясталых, несур’ёзных паводзін (пра чалавека). — І скажыце, ці не дурны, ці не кручаны хлопец. Як да вайны трэба было ў школу хадзіць ды вучыцца, дык яго за кніжку не загнаць было. А цяпер дзень і ноч чытае. Арабей. Хлопцы пакеплівалі з Макара, расказвалі такое, ад чаго Макар чырванеў, згараў ад сораму і крыўды ды кляўся, што ніколі не гляне на кручаную няверную Ядвісю. Асіпенка.
3. перан. Няроўны, неспакойны, заблытаны. — Жыццё тваё, чалавеча... Якое яно.. нейкае кручанае. Дуброўскі.
4. Разм. З няроўнымі сцёбламі, касымі слаямі (пра дрэва, драўніну). Хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза. Маўр. // Кучаравы, пакручасты (пра валасы).
•••
Кручаны мяч гл. мяч.
Кручаны ўдар гл. удар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бурча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць глухія гукі, выказваючы нездавальненне або пагрозу (пра жывёл). Кудлаты і нязграбны малы сабака папробаваў бурчаць, пасля сціх. Чорны. // Утвараць падобныя гукі (пра нежывыя прадметы). Насоўвалася хмара, недзе далёка бурчаў гром. Рылько. Рэзка бурчалі і вылі асколкі, ціўкалі кулі. Сачанка.
2. Разм. Сярдзіта, нездаволена мармытаць; бубніць. — Вось бяда, дык бяда, ледзь не праспаў, а сёння апошні дзень старога года, — бурчаў сам на сябе дзед. — Працы ж у мяне, бацюхны мае... П. Ткачоў. Ужо дзед.. [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка.
3. безас. у знач. вык. Утвараць глухія пераліўныя гукі; бурліць. — У мяне, чалавека цярплівага, і то ў жываце бурчыць, пара і перакусіць, — ранейшай скорагаворкай прамовіў.. [Бабейка]. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лапа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Памянш. да лапата; невялікая лапата. Трымаючы ў руках лапатку са збожжам, [Васіль] .. азірнуўся. Мележ. Яшчэ выняць некалькі лапатак зямлі — і залатая шабля апынецца ў іхніх руках. Лынькоў.
2. Тое, што і лопасць (у 2 знач.). Лапаткі турбіны.
3. Плоская шырокая косць трохвугольнай формы ў складзе плечавога пояса чалавека і хрыбетных жывёл. Андрэй і Гарась ляжалі на жыватах, падпёршы галовы рукамі, і ў абодвух вытыркаліся лапаткі. Каваль. Вось-вось гатоў .. [Чоран] збіць Лысага і распісаць яму рогам бок каля .. лапаткі. Колас. // Плечавая частка мясной тушы. Лапатка бараніны.
4. Плоскі няспелы стручок гароху ці другой бабовай расліны.
•••
Ва ўсе лапаткі — вельмі хутка, з усіх сіл (бегчы, ехаць, ляцець і г. д.). Лот між тым ва ўсе лапаткі Прэ, адно мільгаюць пяткі. Крапіва.
Класці на абедзве лапаткі гл. класці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяшо́к, ‑шка, м.
1. Тое, што і мех 1 (у 1 знач.). Мяшкоў не хапіла, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч. // Невялікі мех. Рэчавы мяшок. Парашутны мяшок.
2. Тое, што і мех 1 (у 2 знач.). Прывезлі [парабкі] з млына воз мліва пудоў з дваццаць — чатыры мяшкі. Бядуля.
3. перан. Разм. Аб непаваротлівым, нязграбным або някемлівым чалавеку.
4. Спец. Поўнае акружэнне войска праціўніка. Праз некалькі дзён немцы блакіравалі ўвесь раён. У мяшку апынулася ўся брыгада Стронгіна. Гурскі.
5. Спец. Прыстасаванне ў жывёл і раслін для змяшчэння чаго‑н. Паветраны мяшок. Зародкавы мяшок.
•••
Залаты мяшок — пра вельмі багатага чалавека.
Каменны мяшок — цесная нізкая турэмная камера, у якой цяжка выцягнуцца на ўвесь рост, а таксама турма наогул.
Купіць ката ў мяшку гл. купіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парк, ‑у і ‑а, м.
1. ‑у. Участак з прыроднымі ці штучнымі насаджэннямі, дарожкамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку. Парк маўчаў у перадвосеньскім зняменні, нават птушкі не гаманілі ў пабурэлым, але яшчэ густым лісці дрэў. Дуброўскі.
2. ‑а. Месца стаянкі і рамонту транспартных сродкаў. Трамвайны парк. Аўтобусны парк. □ Звініць на прыпынку апошні трамвай ля вакзала. — У парк адыходзіць, — кандуктарка ветла сказала. Вялюгін.
3. ‑у. Сукупнасць рухомага саставу чыгуначнага, аўтамабільнага і іншых відаў транспарту. А цяпер увесь .. парк — дваццаць трактараў, два камбайны, дзесяць жняярак... Сіўцоў. У танкавым парку, угледзеўшы новыя машыны, якіх да гэтага яшчэ ні разу не бачыў, Максім аж уздыхнуў ад хвалявання і нясцерпнай прагі падысці, пакратаць іх. Грамовіч.
•••
Заалагічны парк (сад) — навукова-асветная ўстанова, у якой трымаюць у клетках, вальерах ці на вялікіх пляцоўках дзікіх жывёл для дэманстрацыі іх і вывучэння.
[Англ. park.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пярэ́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, паверхня якога пакрыта плямамі, палосамі рознага колеру, які складаецца з чаго‑н. пафарбаванага ў розныя колеры; стракаты, рознакаляровы. Пярэсты дыван. Пярэстая тканіна. □ Марынка была ў шэрай вязанай кофтачцы, надзетай паверх сіняй, паношанай ужо сукенкі, на галаве — пярэстая хустачка, ражкі якой былі завязаны пад падбародкам. Хадкевіч. Вясною захапляюся ўсім: Зялёны бор шуміць над галавой, У новым гомане пярэстыя палі. Броўка.
2. перан. Неаднолькавы па свайму складу; мяшаны, неаднародны. У асноўным жа часопіс [«Трыбуна мастацтва»] налягаў на рэкламу пярэстага рэпертуару тых часоў, даваў разнастайную інфармацыю. Ліс.
3. З вялікімі плямамі, крапінамі; плямісты (пра масць жывёл). [Вінцук] адчыніў хлеў. Адтуль паважна выйшла пярэстая Рагуля, за ёй малодшая чорная Ліпка, а потым выскачыла сёлетняя цялушачка Зорка. Чарнышэвіч. У Хведаравых быў пярэсты — чорны з белым конь: ён кульгаў на адну нагу і кусаўся. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. Выраб са скуры, тканіны і пад., звычайна з ручкамі, прызначаны для нашэння чаго‑н. Гаспадарчая сумка. Прадуктовая сумка. Паштальёнская сумка. □ [Кандуктар] час ад часу папраўляла раменьчык сва[ёй] кандуктарск[ай] сумкі, каб не так рэзала плячо. Пальчэўскі. Нават смешна было глядзець на .. [Янука]: ватоўка расхрыстана, сумка з кнігамі закінута за спіну, шапка з’ехала на патыліцу. Хадкевіч. // Пра выраб такога тыпу для грошай і некаторых прыналежнасцей жаночага туалету.
2. У анатоміі — орган, які мае выгляд полага мяшэчка са злучальнай тканкі. Сардэчная сумка. Сустаўная сумка.
3. У некаторых жывёл — поласць, складка скуры на жываце мацеры, дзе даношваецца і развіваецца дзіцяня.
4. Орган у некаторых грыбоў, у якім развіваюцца споры.
•••
Палявая сумка — сумка, у якой ваенныя носяць планы, карты.
Санітарная сумка — сумка з наборам медыкаментаў і перавязачных сродкаў, неабходных для першай дапамогі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)