1) у ветразевым ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст.вял. драўляны 3-мачтавы карабель з 2—3 палубамі (дэкамі), 60—130 гарматамі. Вёў бой у кільватэрнай калоне (лініі — адсюль назва). Меў водазмяшчэнне 1—5 тыс.т, экіпаж да 800 чал. (гл.іл. да арт.Карабель ваенны).
2) У паравым браняносным флоце 1-й пал. 20 ст.вял. карабель (меншы толькі за авіяносец), прызначаны для знішчэння ў марскім баі караблёў усіх класаў і нанясення артыл. удараў на берагавых аб’ектах праціўніка.
З’явіўся пасля рус.-яп. вайны 1904—05 (упершыню пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1906, гл.Дрэдноўт). Меў водазмяшчэнне 20—65 тыс.т, 70—150 гармат, экіпаж 1500—2800 чал. Страціў значэнне пасля 2-й сусв. вайны з павелічэннем ролі падводнага флоту, авіяцыі і ракетнай зброі. У ВМС ЗША захаваліся 4 Л.к. пабудовы 1940-х г. тыпу «Аява», якія маюць артыл. і ракетнае ўзбраенне (у т. л. «Місуры», на якім 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі ў 2-й сусв. вайне).
Літ.:
Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсеры, линейные корабли. М., 1986;
Данилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.
У.Я.Калаткоў.
Адзін з лінейных караблёў ЗША тыпу «Аява» — лінкор «Місуры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫТА́ЦЫЯ (ад лац. meditatio роздум, разважанне, абдумванне),
разумовае дзеянне, мэтай якога з’яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленай засяроджанасці, яго самаўдасканаленне і вылячэнне; адна з сістэм псіхафіз. трэніроўкі чалавека. М. існавала са стараж. часоў у культуры многіх народаў свету, яе гал. прызначэннем лічылася спасціжэнне Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай Ісціны, Бога, дасягненне прасветленасці («азарэння»). Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў, канцэнтрацыяй увагі на якім-н. прадмеце, з’яве, працэсе (музыцы, дыханні, зямлі, небе і інш.); сеанс М. можа працягвацца ад 10—15 мін да некалькіх гадзін. Існуюць розныя тыпы М. ў залежнасці ад культ.-гіст. умоў. Усходні тып (прадстаўлены ўсімі формамі ёгі ў Індыі, даасізмам у Кітаі, дзэн-будызмам у Японіі) накіраваны на рэліг.-містычнае растварэнне індывід. свядомасці ў безасабовым, «акіянападобным Абсалюце». Хрысціянскі тып прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб (чалавечай і боскай) і праяўляецца ў час працяглых малітваў, літургій і да т.п. Псіхафізічны тып разлічаны на тэрапеўтычна-аздараўляльны эфект. Методыкі М. распрацоўваюцца ў сучасным псіхааналізе, аналітычнай псіхалогіі, выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапіі, псіхафіз. трэнінгах (аўтагенная трэніроўка нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтагіпноз). Заняткі М. дазваляюць павысіць імунітэт і вынослівасць арганізма, палепшыць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, выявіць яго экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне і інш.).
Літ.:
Каптен Ю.Л. Основы медитации: Вводный практич. курс. СПб., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁРЛ-ХА́РБАР, Пірл-Харбар (Pearl Harbor),
галоўная ваенна-марская база (ВМБ) ЗША у бухце на паўд. беразе в-ва Ааху (Гавайскія астравы). У 1887 порт перададзены ЗША уладаром Гаваяў; пасля анексіі Гаваяў ЗША у 1898 ператвораны ў ваен. базу. У час 2-й сусв. вайны 1939—45 на П.-Х. размяшчаліся гал. сілы Ціхаакіянскага флоту ЗША. Раптоўным нападам на ВМБ 7.12.1941 без абвяшчэння вайны Японія пачала баявыя дзеянні на Ціхім акіяне (гл.Ціхаакіянскія кампаніі 1941—45). Самалёты з 6 яп. авіяносцаў 2 эшалонамі з розных напрамкаў на працягу 2 гадз нанеслі шэраг паслядоўных удараў па амер. караблях, аэрадромах і берагавых батарэях. У выніку ЗША страцілі 15 буйных караблёў (у т. л. патоплена і пашкоджана 8 лінкораў), шмат малых суднаў, 272 самалёты, 3400 чал. забітымі і параненымі. Страты японцаў склалі 29 самалётаў, 5 падводных лодак і 60 чал. Аднак гал. мэта нечаканага нападу — паралізаваць амер. флот — не была дасягнута. 8.12.1941 ЗША і Вялікабрытанія аб’явілі вайну Японіі. 2-я сусв. вайна ахапіла акваторыю Ціхага акіяна.
Літ.:
Что произошло в Пирл-Харборе: Док.: Пер. с англ.М., 1961;
Бунич И.Л. Второй Перл-Харбор;
Лорд У. День позора. СПб., 1999;
Медведь А. Удар по Жемчужной гавани // Крылья Родины. 1992. № 1.
Амерыканскія караблі пасля налёту японскай авіяцыі на Пёрл-Харбар. Снежань 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІВАВА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці па вырабе піва. На Беларусі старэйшыя прадпрыемствы П.п. — «Аліварыя» (былы з-д братоў Лекерт, 1864), піўзаводы ў Лідзе (1876), Мазыры (1885). 16 прадпрыемстваў П.п. (1999) уваходзяць у асацыяцыю «Белпіва». Выпускаецца каля 50 гатункаў піва. Найб. прадпрыемствы: акц. т-вы «Аліварыя», «Лідскі піваварны завод», акц. прадпрыемства «Крыніца». Працуюць піўзаводы ў Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Гродне, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Навагрудку, Оршы, Полацку, Рагачове, Рэчыцы, Слуцку і інш., бел.-шведскае прадпрыемства па вытв-сці піва «Залаты егер» у Мазыры. На долю П.п. прыпадае 3% валавой прадукцыі харч. прам-сці, 4,8% прамысл.-вытв. сродкаў. Спажыванне піва — 27 л на чалавека за год. Частка прадукцыі П.п. Беларусі экспартуецца ў Расію.
Найб. развіта П.п. у Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі. Даніі, Чэхіі, ЗША, Японіі і інш. Спажыванне піва на чалавека за год — у Чэхіі 90, у Вялікабрытаніі 103, у Германіі 140 літраў.
П.І.Рогач.
Да арт.Піваварная прамысловасць. Вытворчыя ўчасткі Мінскага завода «Аліварыя»; 1 — цыліндра-канічных танкаў; 2 — варачны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕТА́РЫЙ (ад новалац. planetarium),
апарат для мадэліравання і дэманстрацыі выгляду зорнага неба, узаемнага размяшчэння планет і руху іх вакол Сонца, руху штучных нябесных цел, паказу розных астр. з’яў. Першы мех. П. пабудаваны ў 1712 у Англіі, з 1920-х г. пашыраны аптычныя П. Аснова П. — праекцыйны апарат.
П. устанаўліваюць у цэнтры круглага памяшкання з паўсферычным купалам-экранам (дыяметр самых вял. купалаў 25 м і болей). Відарысы зорак праецыруюцца 2 праектарамі ў выглядзе шароў (адзін для праецыравання Паўн. паўшар’я неба, другі — Паўднёвага). Відарысы інш. нябесных цел, асн. лініі нябеснай сферы, назвы ствараюцца дапаможнымі праектарамі і спец. прыладамі, размешчанымі паміж шарамі. Найб. сучасныя П. вырабляюцца ў Германіі, Японіі, ЗША. П. таксама наз.культ.-асв. ўстанова, дзе чытаюцца лекцыі па астраноміі з адпаведнымі дэманстрацыямі.
На Беларусі П. дзейнічаюць у Мінску ў парку імя Горкага (для ўсеагульнага карыстання) і пед. ун-це імя М.Танка (для навуч. мэт).
А.А.Шымбалёў.
Схема планетарыя: 1 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі зорнага неба; 2 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі назваў сузор’яў; 3 — праектары Млечнага Шляху; 4 — праекцыйныя механізмы Сонца, Месяца і планет; 5 — праектар зоркі Сірыус; 6 — прылада для дэманстравання сонечных і месяцавых зацьменняў; 7 — праектар нябеснага мерыдыяна; 8 — праектары нябеснага экватара і экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для радыёсувязі і тэлебачання, сродкі радыё- і правадной сувязі, шырокавяшчальныя радыёпрыёмнікі і тэлевізары, электронныя ўзмацняльнікі, электраакустычныя прыстасаванні, спец.тэхнал. абсталяванне. Найб. развітая Р.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Рэспубліцы Карэя, Кітаі, Нідэрландах. На Беларусі радыёпрыёмнікі выраблялі на Мінскім радыёзаводзе з 1940 (з 1950-х г.Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7»; з 1992 Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі). З 1951 працуе 2-і радыёзавод (у 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т»), з 1997 — Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт». Як самастойная галіна Р.п. пачала фарміравацца з 1950-х г. У 1957 пабудаваны Віцебскі завод радыёдэталей; у 1976—78 — Віцебскі тэлевізійны з-д (з 1989 уваходзіць у Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь»). Працуе больш за 50 прадпрыемстваў Р.п. (2000). Сярод іх: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» ў г. Маладзечна (стэрэамагнітолы і радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевіз. апаратура) і інш.; у Віцебску бел.-швейц. прадпрыемства «Euromedia» (каляровыя тэлевізары з камплектацыяй дэталей фірм «Toshiba», «Hitachi», «Philips». Выпушчана 195 тыс. радыёпрыёмнікаў, 516 тыс. тэлевізараў, у т. л. 433 тыс. каляровых (1999). Прадукцыя Р.п. экспартуецца ў многія краіны свету, у т. л. ў Расію, на Украіну і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ БІ́РЖА,
арганізацыйна аформлены пастаянна дзеючы цэнтр па куплі-продажу валюты розных краін. Пакупнікі і прадаўцы на валютнай біржы — пераважна банкі, якія ажыццяўляюць здзелкі за свой кошт ці па даручэнні кліентаў. Заснавальнікам валютнай біржы могуць быць цэнтр. (нац.) банк краіны і камерцыйныя банкі, якія маюць ліцэнзію на вядзенне аперацый з валютай.
Зачаткі валютнай біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у Італіі, дзе на аснове мануфактурнай вытв-сці ў Венецыі, Генуі і Фларэнцыі пашыраўся знешні гандаль. У бельгійскім г. Бруге вэксальны гандаль адбываўся на плошчы перад домам сям’і van der Burse, адкуль сходы купцоў на плошчы атрымалі назву Borsa (біржа). У 1608 створана Амстэрдамская біржа, якая і цяпер захавала характар універсальнай — фондавай, таварнай і валютнай. Сучасныя валютныя біржы — дзярж. ці акцыянерныя ўстановы, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Мэты: рэгуляванне валютных курсаў (у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі), ажыццяўленне валютнай палітыкі цэнтр. (нац.) банкам краіны, дыверсіфікацыя валютных рэзерваў банкаў, прадпрыемстваў, дзяржавы, страхаванне валютнай і крэдытнай рызыкі, атрыманне прыбытку шляхам валютнай спекуляцыі. На валютнай біржы традыцыйна па некалькі разоў на працягу дзелавога дня фіксуюць валютныя курсы і публікуюць іх у афіцыйных біржавых бюлетэнях. Найб. вядомыя валютныя біржы — у ФРГ, Францыі, Японіі, краінах Бенілюкса. У Мінску з 1993 адкрыта Міжбанкаўская валютная біржа Беларусі. У цэлым значэнне валютнай біржы ў міжнар. гандлі валютай невялікае з-за пашырэння прамога міжбанкаўскага гандлю валютай праз валютныя рынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БАВЫЯ ЛЯСЫ́, грабнякі (Carpineta),
група фармацый вытворных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду граб. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе (асабліва Цэнтр. і Зах.) і Паўн. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. На Каўказе грабавыя лясы створаны грабам каўказскім (C. caucasica), у Крыме — усходнім, або грабіннікам (C. orientalis), у Прымор’і, Карэі, Японіі і Кітаі — прыморскім, або сэрцалістым (C. cordata), у Паўн. Амерыцы — каралінскім (C. caroliniana), у Еўропе, у т. л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — звычайным, або еўрапейскім (C. betulus). Розныя віды граба ўтвараюць мяшаныя насаджэнні з дубам і букам. На Беларусі грабавыя лясы складаюць 0,2% пл. лясоў. Пашыраны пераважна ў паўд., цэнтр. і зах. раёнах. Утвараюцца звычайна як другасныя (вытворныя) лясы на месцы высечаных ялова-шыракалістых лясоў, таксама арляковых, чарнічных, кіслічных і папарацевых дуброў. Склад і яруснасць іх дрэвастою складаныя. Пераважаюць кондамінантныя фітацэнозы, прадстаўленыя найчасцей маладняком і дрэвастоямі сярэдняга ўзросту: у цэнтр.ч. ялова-грабавыя, ялова-дубова-грабавыя, хваёва-ялова-дубова-грабавыя, на Пд дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Вылучаюць 6 тыпаў грабавых лясоў: кіслічныя (64,4% пл. грабнякоў), сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 30 гадоў. Участак грабавых лясоў у Клічаўскім лясгасе Магілёўскай вобл. (Бёрдаўскае лесанасаджэнне), што знаходзіцца на паўн.-ўсх. мяжы суцэльнага пашырэння граба, абвешчаны помнікам прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЭ́ЙНЕРНЫЯ ПЕРАВО́ЗКІ,
найбольш эканамічны від транспарціроўкі грузаў ва ўнутр. і міжнар. зносінах пры дапамозе здымных трансп. прыстасаванняў — кантэйнераў. Ажыццяўляюцца рознымі відамі сухап., воднага і паветр. транспарту, дазваляюць значна скараціць трансп. выдаткі і паскараюць перавозку. Упершыню К.п. выкарыстаны ў Расіі ў 1889, у пач. 1930-х г. у СССР паявіліся універсальныя кантэйнеры для бястарнай перавозкі штучных грузаў.
Бел. чыгунка арганізуе перавозку грузаў ва універсальных сярэднетанажных (грузападымальнасць 3 і 5 т) і буйнатанажных (грузападымальнасць 20, 24 і 30 т) кантэйнерах паркаў краін СНД і Балтыі ў прамых чыгуначных, змешаных і міжнар. зносінах; рэгулюе кантэйнерныя паркі, укараняе і ажыццяўляе кантэйнерныя цягнікі і маршрутныя групы; развівае бесперагрузачныя перавозкі грузаў у кантэйнерах і каардынуе дзеянні з інш. відамі транспарту; кантралюе ўлік работы кантэйнернага парку на чыгунцы; ажыццяўляе ўвесь комплекс тэхн. прагрэсу, звязанага з К.п. На Бел. чыгунцы дзейнічае 37 станцый для перапрацоўкі сярэднетанажных і 16 для буйнатанажных кантэйнераў. Аб’ём перавозак па чыгунцы за 1997 склаў 35,4 тыс. буйнатанажных і 32,8 тыс. сярэднетанажных кантэйнераў. У напрамку Захад—Усход за 1997 перавезена 28 859 буйнатанажных кантэйнераў. Сумесна з Літ. і Рас. чыгункамі падрыхтавана перавозка кантэйнераў са Скандынаўскіх краін чаўнаковымі кантэйнернымі цягнікамі Клайпеда—Вільнюс—Мінск—Масква. Завершана падрыхтоўка для арганізацыі перавозак кантэйнераў з Японіі, Карэі і краін Д. Усходу хуткаснымі кантэйнернымі цягнікамі Находка—Масква—Брэст за 9 сутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЗДАБЫ́ЧАкарысных выкапняў,
распрацоўка радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў з дна рэк, азёр, мораў і акіянаў. Ажыццяўляецца многачарпаковымі драгамі, фрэзерна-ўсмоктвальнымі земснарадамі, грэйферамі, драглайнамі, эрліфтамі, якія ўстанаўліваюцца на пантонах ці суднах.
Здабытая горная маса транспартуецца да берага ў трумах суднаў, на баржах, гідратранспартам па плывучым пульпаправодзе. Пры П.з. на часткова або цалкам абводненых пакладах на кар’ерным полі праводзяць траншэі-проразі, якія злучаюць тэхнал. абсталяванне з крыніцай валы, надводную ч. ўскрыцця распрацоўваюць экскаватарам з мех. лапатай, выкапні здабываюць з-пад вады драглайнам і ўкладваюць у штабель, потым транспартуюць на з-д. Пры П.з. істотна скарачаюцца горнакапітальныя работы, траты на транспартаванне выкапняў, не патрэбныя аднаўляльна-рэкультывацыйныя работы. П.з. вядома з II ст. да н.э., калі фінікійцы здабывалі ў моры сыравіну для фарбы. У 6 ст. да н.э. ў Палінезіі распрацоўвалі каралавыя рыфы для атрымання буд. матэрыялаў. У 3 ст. да н.э. ў праліве Басфор нырцы здабывалі медную руду. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі здабываць рассыпное золата і інш. на ўзбярэжжы Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 1920-я г. пачата П.з. волава з марскіх россыпаў у Інданезіі, у пач 1960-х г. — жал. руды ў Японіі.
На Беларусі выкарыстоўваецца П.з. пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў і даламітаў земснарадамі і драглайнамі ў рэчышчах і поймах рэк, у забоях моцна абводненых кар’ераў.
Б.А.Багатаў.
Тэхнічныя сродкі падводнай здабычы карысных выкапняў.