МУСАЛІ́НІ ((Mussolini) Беніта Амількар Андрэа) (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),

заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл. Італьян. сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац. фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Свае паліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсу Аўстрыі. Пад націскам А.​Гітлера ўцягнуў Італію ў 2сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.

Літ.:

Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;

Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;

Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ. М., 1996.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДСО́Н (Аляксандр) (сапр. Бучко; н. 8.8.1926, г. Нясвіж Мінскай вобл.),

рэлігійны дзеяч бел. эміграцыі. У Вял. Айч. вайну ўваходзіў у Саюз беларускай моладзі. З 1944 у Германіі, Францыі. служыў у арміі ген. У.​Андэрса ў Італіі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 у Вялікабрытаніі. Скончыў Лонданскі ун-т (1953). Курс тэалагічнага навучання прайшоў у Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім ун-це ў Рыме. З 1958 святар. З канца 1950-х г. жыве ў Лондане, працуе ў Бел. каталіцкай місіі ў Англіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (з 1946 яго сакратар, у 1951—52 старшыня), Англа-бел. т-ва (1954), адначасова з 1951 старшыня Бел. акад. каталіцкага аб’яднання «Рунь». З 1962 нам. дырэктара, з 1964 дырэктар Бел. школы імя св. Кірылы Тураўскага, з 1971 кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, з 1982 рэктар Бел. каталіцкіх місій у Англіі і Францыі. З 1986 апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа, кансультатар кангрэгацыі ўсх. цэркваў пры Ватыкане. З 1989 старшыня Бел. к-та дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Аўтар артыкулаў пра бел. духоўную і свецкую л-ру 16—17 ст., тэалагічнай працы «Наша вера: Кароткі катэхізм хрысціянскай навукі. Для беларусаў-каталікоў» (выд. на бел. мове ў 1988 у Італіі, у 1990 у Іспаніі). У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў перакладзеныя Н. на бел. мову тэксты для правядзення літургіі для беларусаў-уніятаў.

Тв.:

Сьвяты Кірыла Тураўскі // Спадчына. 1996. № 1—2.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

Л.​У.​Языковіч.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАНО́МІЯ (ад аўта... + грэч. nomos закон),

1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б. СССР палітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.

2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням. нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац. раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у т. л. Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.

3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл. Аўтакефалія).

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

blok, ~u

I м.

1. блок;

blok czekoladowy — плітка шакаладу;

blok betonowy — бетонны блок;

blok ołowiu — злітак волава;

2. корпус; блок;

~i mieszkalne — жылыя карпусы;

3. блакнот; сшытак;

blok rysunkowy — сшытак (альбом) для малявання

II м. паліт.

блок; саюз;

blok wyborczy — выбарчы блок

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Абласны Саюз РСДРП Літвы і Беларусі 1/25—26, 197; 2/166, 547; 3/114, 117; 4/276, 277, 555; 5/340; 9/607; 10/320; 12/125

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Слуцку, Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт, Часовы беларускі нацыянальны камітэт Случчыны, прадстаўнічы орган бел. нац. арг-цый Случчыны ў 1918—20. Створаны ў крас. 1918. У кіраўніцтва ўвайшлі Яніслаўскі (старшыня), С.​К.​Петрашкевіч (сакратар), М.​А.​Асвяцімскі (скарбнік). Стаяў на пазіцыях Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Меў на мэце пашырэнне нац. свядомасці беларусаў, арганізацыю бел. школьніцтва, культ.-асв. гурткоў, кааператываў, матэрыяльна падтрымліваў т-ва «Папараць-кветка». У снеж. 1918 стварыў патрыятычную падп. арг-цыю «Саюз абароны краю». Пасля прыходу Чырв. Арміі на нелегальным становішчы, бальшавікі арыштавалі Яніслаўскага, В.​М.​Русака, П.​Я.​Жаўрыда і інш. Аднавіў дзейнасць у студз. 1919. У новае кіраўніцтва выбраны Жаўрыд (старшыня), У.​Дубіна, Русак, А.​Ю.​Бараноўскі і інш. Пры к-це створаны аддзелы: арганізац., культ.-асв., каап., юрыд., дабрачынны. Меў цесную сувязь і фінансаваўся Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Палітычна знаходзіўся пад уплывам бел. эсэраў, падтрымліваў антыпольскі падп. і партыз. рух. Кааптаваў сваіх членаў у мясц. органы самакіравання, праводзіў культ.-асв. работу, стварыў гар. і пав. бел. міліцыю. У маі 1920 выступіў з пратэстамі ў адрас Польшчы і Сав. Расіі, у якіх асудзіў тайныя перагаворы пра падзел Беларусі. У час наступлення Чырв. Арміі (ліп. 1920) частка членаў к-та (Петрашкевіч, Бараноўскі, Асвяцімскі, К.​Кецка і інш.) выступіла за супрацоўніцтва з сав. уладай. 1.11.1920 створаны новы склад к-та на чале з А.​Паўлюкевічам, які стаяў на пазіцыях Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. На 1-м бел. з’ездзе Случчыны 14.11.1920 перадаў свае паўнамоцтвы абранай Беларускай радзе Случчыны.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (англ. Democratic Party),

адна з дзвюх асноўных паліт. партый у ЗША. Утворана ў 1828 прыхільнікамі кандыдата ў прэзідэнты ЗША Э.​Джэксана як пераемніца антыфедэралістаў і Дэмакр.-рэсп. партыі Т.Джэферсана. Да сярэдзіны 19 ст. абапіралася пераважна на саюз дробных фермераў і заможных плантатараў-рабаўладальнікаў, выступала за дэмакратызацыю выбарчай сістэмы, абмежаванне ўлады Нац. банка ЗША, легалізацыю дзейнасці рабочых арг-цый, захаванне сістэмы рабства неграў, актыўную знешнюю палітыку. У грамадз. вайну 1861—65 падтрымлівала мяцежныя паўд. (рабаўладальніцкія) штаты. У 2пал. 19—20 ст. эвалюцыя праграмных установак партыі ішла ў кансерватыўна-ліберальным кірунку, пашырылася яе сац. база. Прэзідэнты ЗША ад Д.п. ўзначальвалі ўладу ў 1829—41 (Э.​Джэксан і М.​Ван Бурэн), 1845—49 (Дж.​Н.​Полк), 1853—61 (Ф.​Пірс і Дж.​Б’юкенен), 1885—89 і 1893—97 (С.​Г.​Кліўленд), 1913—21 (Т.​В.​Вільсан), 1933—53 (Ф.Д.Рузвельт і Г.Трумэн), 1961—69 (Дж.Ф.Кенэдзі і Л.Б.Джонсан), 1977—81 (Дж.Э.Картэр) і з 1993 (У.​Дж.Клінтан). Партыя не мае пастаяннага членства, яе лідэр — дзеючы або былы прэзідэнт ЗША ці кандыдат у прэзідэнты. Раз у 4 гады склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; паміж з’ездамі парт. дзейнасць каардынуе Нац. к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал Д.п. — выява асла.

Літ.:

Романова Н.Х. Реформы Э.​Джексона, 1829—1837. М., 1988;

Галкин И.В. На пути в Белый дом: из истории дем. партии США (1920-е—1933 rr.). М., 1991;

Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США, 1933—1952. М., 1990.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАІНАЗНА́ЎСТВА,

геаграфічная дысцыпліна, якая комплексна вывучае мацерыкі, краіны і рэгіёны з мэтай выяўлення на пэўных тэрыторыях агульных заканамернасцей, абумоўленых фіз. і эканам. геаграфіяй. Вылучаюць 2 кірункі К.: фіз.-геагр. і эканоміка-геаграфічны. Грунтуецца на звестках геамарфалогіі, геалогіі, кліматалогіі, гідралогіі, геаграфіі расліннага і жывёльнага свету, глеб, насельніцтва, прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту, паліт., сац.-эканам. геаграфіі і інш.

К. ўзнікла з практычных патрэб людзей у звестках пра розныя краіны. Першыя краіназнаўчыя працы стварылі стараж.-кіт. (з 7 ст. да н.э.) і стараж.-грэч. вучоныя (Герадот у 5 ст. да н.э., Страбон у 1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.). Для расійскага К. вял. значэнне мелі працы, складзеныя пад рэд. П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага. «Жывапісная Расія» (т. 1—12, 1881—1885), у т. л. т. 3 пра Беларусь, напісаны А.К.Кіркорам («Літоўскае Палессе, Беларускае Палессе», 1882); «Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай Айчыны» (т. 1—19, 1899—1914), у т. л. т. 9, прысвечаны Беларусі («Верхняе Падняпроўе і Беларусь»), У 1930—60-я г. вял. ўклад у развіццё К. ў СССР зрабіў М.​М.​Баранскі, які распрацаваў метадалагічныя асновы, сфармуляваў задачы і даў узорную структуру краіназнаўчых прац.

На Беларусі да ліку першых краіназнаўчых прац належаць кнігі П.​М.​Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» (1858), А.А.Смоліча «Геаграфія Беларусі» (1919). Краіназнаўчую характарыстыку замежных краін упершыню ў бел. геаграфіі зрабілі М.​В.​Азбукін («Геаграфія Еўропы», 1924) і Смоліч («Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў», 1925). Найб. значныя працы па бел. К.: «Геаграфія Беларусі» (1965), «Беларусь» (1967) з серыі «Савецкі Саюз», «Рэспублікі Прыбалтыкі. Беларусь. Украіна. Малдова» (1984) з серыі «Краіны і народы».

В.​П.​Якушка.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАНА́ЎТЫКА (ад космас + грэч. nautikē майстэрства мараплавання, караблеваджэнне),

астранаўтыка, палёты ў касм. прастору; сукупнасць галін навукі і тэхнікі для даследавання і асваення космасу і пазаземных аб’ектаў для патрэб чалавецтва з выкарыстаннем розных касм. апаратаў. Уключае праблемы: тэорыі касм. палётаў — разлікі траекторый і інш.; навук.-тэхнічныя — стварэнне касмічных апаратаў, касмадромаў, ракет-носьбітаў, рухавікоў, бартавых сістэм кіравання, навук. прылад, наземных сістэм кантролю і кіравання палётамі; медыка-біялагічныя — стварэнне бартавых сістэм жыццезабеспячэння і інш.; юрыдычныя — міжнародна-прававое рэгуляванне пытанняў выкарыстання касм. прасторы, нябесных цел і інш.

Тэарэт. абгрунтаванне магчымасці палётаў у касм. прастору даў К.Э.Цыялкоўскі ў канцы 19 ст. У сваіх працах ён паказаў рэальнасць тэхн. ажыццяўлення касм. палётаў і даў прынцыповае рашэнне шэрагу асн. праблем К. Далейшае рашэнне тэарэт. і практычных пытанняў К. звязана з імёнамі Ф.А.Цандэра, Ю.​В.​Кандрацюка, М.​І.​Ціхамірава, М.К.Ціханравава, С.П.Каралёва, В.П.Глушко, С.А.Косберга, Р.​Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годарда, Г.​Оберта, І.​Вінклера (Германія), В. фон Браўна. Пачатак касм. эры звязаны з запускам у СССР 4.10.1957 першага штучнага спадарожніка Зямлі (ШСЗ). 12.4.1961 адбыўся першы ў свеце палёт чалавека ў космас, які ажыццявіў грамадзянін СССР Ю.А.Гагарын. Буйнейшым гіст. дасягненнем у галіне К. стаў першы палёт і высадка на Месяцы 21.7.1969 амер. экспедыцыі з касманаўтамі Н.Армстрангам, Э.Олдрынам і М.Колінзам. 12.4.1981 у ЗША пачала эксплуатавацца касм. сістэма шматразовага выкарыстання «Спейс шатл». У 1959 пачаліся касм. даследаванні Месяца, а з 1961 — планет Сонечнай сістэмы, іх спадарожнікаў, малых планет, камет і Сонца з выкарыстаннем аўтаматычных міжпланетных станцый (гл. табл.). Гэта дало магчымасць сфатаграфаваць адваротны бок Месяца, атрымаць здымкі паверхні Меркурыя, Венеры, Марса, спадарожнікаў Юпітэра, Сатурна, Урана, Нептуна, даследаваць атмасферы гэтых планет, а таксама камету Галея, некат. малыя планеты, атрымаць даныя пра будову і працэсы на Сонцы, даставіць на Зямлю ўзоры месяцовага грунту. Ракеты-носьбіты створаны і выкарыстоўваюцца ў Расіі (СССР) з 1957, ЗША з 1958, Францыі з 1965, Японіі і Кітаі з 1970, Вялікабрытаніі з 1971, Індыі з 1980, Ізраілі і Бразіліі. На 1.6.1998 каля 20 дзяржаў вывелі ў космас уласныя ШСЗ (самастойна або ракетамі-носьбітамі інш. краін); каля 380 касманаўтаў (прадстаўнікі 23 краін) здзейснілі касм. палёты на сав. (рас.) і амер. касм. апаратах, сярод іх ураджэнцы Беларусі П.І.Клімук і У.В.Кавалёнак. Акрамя Расіі (СССР) і ЗША К. інтэнсіўна развіваецца ў Францыі, Японіі, Кітаі, ФРГ, Індыі. Будучае К. — даследаванне і выкарыстанне ў мірных мэтах касм. прасторы, міжнар. супрацоўніцтва ў асваенні космасу: стварэнне буйной арбітальнай станцыі «Альфа», сонечных электрастанцый на калязямной арбіце, буд-ва базы на Месяцы, падрыхтоўка і палёт на Марс, глабальны экалагічны маніторынг, вынас зямной індустрыі ў космас і інш. (гл. таксама Інтэркосмас, «Каспас—сарсат»).

У Беларусі вял. ўклад у вывучэнне тэарэт. праблем ракетабудавання зрабіў інжынер і мысліцель-гуманіст 17 ст. К.Семяновіч, які вынайшаў шматступеньчатую ракету (1650), прапанаваў ідэю стабілізатара тыпу «дэльта». У ажыццяўленні касм. праграм удзельнічаў канструктар авіяц. і касм. рухавікоў ураджэнец Беларусі Косберг. На тэр. рэспублікі размешчаны шэраг буйных касм. аб’ектаў. Даследаванні і распрацоўкі па касм. праграмах праводзяцца ў ін-тах Нац. АН, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі і інш. Распрацаваны і створаны сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямной паверхні, оптаэлектронныя сістэмы траекторных вымярэнняў і шэраг фотаастр. установак, апаратна-праграмныя комплексы апрацоўкі відарысаў, атрыманых з космасу, цеплаахова ракетна-касм. комплексаў, у т. л. «Бурана». Многія станцыі сачэння, цэнтры апрацоўкі касм. інфармацыі, ШСЗ і арбітальныя станцыі абсталяваны апаратурай, распрацаванай і зробленай у Беларусі. У 1993 створаны рэсп. Савет па космасе. Вял. значэнне для нар. гаспадаркі рэспублікі мае касмічная сувязь, касмічнае тэлебачанне, касмічнае землязнаўства, касмічная экалогія, касм. метэаралогія.

Літ.:

Идеи К.​Э.​Циолковского и современность. М., 1979;

Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987;

Келдыш М.В., Маров М.Я. Космические исследования. М., 1981;

Кубасов В.Н., Дашков А.А. Межпланетные полеты. М., 1979;

Максимов А.И. Космическая одиссея. Новосибирск, 1991.

У.​С.​Ларыёнаў.

Асноўныя дасягненні касманаўтыкі
Дата запуску Краіна Назва касм. апарата Асн. характарыстыка
4.10.1957 СССР «Спадарожнік-1» 1-ы ў свеце ШСЗ; дасягненне 1-й касм. скорасці.
2.1.1959 СССР «Месяц-1» 1-я аўтам. міжпланетная станцыя (АМС, запушчана да Месяца); дасягненне 2-й касм. скорасці.
12.9.1959 СССР «Месяц-2» Першае дасягненне інш. нябеснага цела — Месяца (14.9.1959).
4.10.1959 СССР «Месяц-З» Аблёт Месяца (6.10.1959), фатаграфаванне яго адваротнага боку і перадача адлюстравання на Зямлю.
12.2.1961 СССР «Венера-1» Першы старт да Венеры і пралёт каля яе.
12.4.1961 СССР «Усход» Першы палёт чалавека ў космас (Ю.​А.​Гагарын).
27.8.1962 ЗША «Марынер-2» Першае даследаванне Венеры з пралётнай траекторыі (14.12.1962).
16.6.1963 СССР «Усход-6» Першы палёт жанчыны-касманаўта (В.​У.​Церашкова).
18.3.1965 СССР «Узыход-2» Першы выхад чалавека ў адкрыты космас (А.​А.​Лявонаў).
28.11.1965 ЗША «Марынер-4» Першае фатаграфаванне паверхні Марса з пралётнай траекторыі.
31 1.1966 СССР «Месяц-9» Першая мяккая пасадка на Месяц АМС.
21.12.1968 ЗША «Апалон-8» Першы палёт чалавека да Месяца (Ф.​Борман, У.​Андэрс, Дж.​Ловел).
16.7.1,969 ЗША «Апалон-11» Першая пілатуемая экспедыцыя на Месяц; першы выхад касманаўтаў на яе паверхню (Н.​Армстранг, Э.​Олдрын).
17.8.1970 СССР «Венера-7» Першая мяккая пасадка на паверхню Венеры.
12.9.1970 СССР «Месяц-16» Дастаўка на Зямлю ўзораў месяцовага грунту.
10.11.1970 СССР «Месяц-17»—«Месяцаход-1» Першы самаходны апарат на Месяцы.
19 4.1971 СССР «Салют-1» Першая даўгачасная пілатуемая арбітальная станцыя.
2.12.1971 СССР «Марс-З» Першая мяккая пасадка на паверхню Марса.
3.3.1972 ЗША «Піянер-10» Першы пралёт АМС пояса астэроідаў і Юпітэра (1973) з далейшым выхадам за межы Сонечнай сістэмы.
6.4.1973 ЗША «Піянер-11» Пралёт АМС паблізу Юпітэра і ўпершыню Сатурна (1979).
3.11.1973 ЗША «Марынер-10» Першы пралёт АМС паблізу Меркурыя (1974—75); перадача фотаздымкаў паверхні планеты на Зямлю.
15.7.1975 СССР—ЗША «Саюз-19»—«Апалон» Першы міжнародны сумесны касм. палёт з удзелам 5 касманаўтаў.
20.8.1977 ЗША «Вояджэр-2» Першы пралёт паблізу Урана (1986) і Нептуна (1989).
12.4.1981 ЗША «Калумбія» Вывад на арбіту ШСЗ першага касм. карабля (КК) шматразовага выкарыстання «Спейс шатл».
20.2.1986 СССР «Мір» Вывядзенне на арбіту ШСЗ базавага блоку арбітальнага комплексу.
3.1986 СССР, краіны Зах. Еўропы, Японія «Вега-1», -2», «Джота», «Суйсей», «Сакічаке» Даследаванне каметы Галея.
21.12.1987 СССР «Саюз ТМ-4»—«Мір» Работа касманаўтаў на борце арбітальнага комплексу «Мір» (366 сутак; У.​Г.​Цітоў. М.​Х.​Манараў).
1988—95 СССР (Расія) «Мір» Сусветны рэкорд знаходжання ў космасе — 678 сутак (В.​У.​Палякоў).
29.6.1995 Расія—ЗША «Мір»—«Атлантыс» Першая стыкоўка арбітальнага комплексу «Мір» і КК «Спейс шатл»; сумесная работа рас. і амер. касманаўтаў.
20.2.1998 СССР (Расія) «Мір» За 12 гадоў на арбітальным комплексе «Мір» працавалі больш за 100 касманаўтаў.
4.7.1998 ЗША Работа на Марсе самаходнага апарата «Соджэнер».
Да арт. Касманаўтыка: 1 — запуск касмічнага карабля «Саюз»; 2 — амерыканскі касманаўт Б.​Мак-Кандлес у скафандры з аўтаномнай сістэмай перамяшчэння ў адкрытым космасе; 3 — макет арбітальнай станцыі ў басейне (Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына); 4 — першы ў свеце савецкі касманаўт Ю.​А.​Гагарын; 5, 6 — касманаўты з Беларусі П.​І.​Клімук і У.​І.​Кавалёнак; 7 — трэніроўка ў стане бязважкасці (экіпаж: Л.​Папоў, А.​Сераброў, С.​Савіцкая).

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ музычная,

1) раздзел музыказнаўства, які распрацоўвае тэарэт. аснову і практычныя методыкі стварэння муз. слоўнікаў, энцыклапедый, даведнікаў.

2) Сукупнасць падобных выданняў, а таксама адбор, упарадкаванне і тлумачэнне спец. муз. тэрмінаў і лексікі. Змест і макраструктура артыкулаў у муз. даведніках залежаць ад тыпу выдання, аб’ёму навук. інфармацыі, узроўню развіцця муз. тэорыі, гіст.-культ. кантэксту пэўнай эпохі.

Вытокі муз. Л. ўзыходзяць да практыкі сярэдневяковых гласарыяў (заўваг на палях трактатаў) і вакабуларыяў (навуч. дапаможнікаў). Першым муз.-тэрміналаг. слоўнікам у сучасным разуменні слова лічаць трактат франка-флам. вучонага-музыканта І.​Тынкторыса «Вызначэнне музычных тэрмінаў» (каля 1474, апошняе выд. 1963). У эпоху Асветніцтва паявіліся муз.-энцыкл. слоўнікі ў Францыі, Чэхіі, Германіі (С. дэ Брасар, Ж.​Ж.​Русо). Да канца 19 ст. склаліся 2 асн. тыпы навук.-даведачных муз. выданняў. універсальны даведнік (муз. энцыклапедыя, муз.-энцыклапедычны слоўнік) і спецыялізаваны слоўнік: біяграфічны, біябібліяграфічны, галіновы (оперны, харавы, харэаграфічны), тэрміналагічны і інш. Найб. значныя замежныя выданні 19 ст. — энцыклапедычныя слоўнікі «Музычны лексікон» Г.​Рымана (1882) і «Слоўнік музыкі і музыкантаў» Дж.​Грова (т. 1—4, 1879—1889).

У 20 ст. з пашырэннем аб’ёму навук. ведаў і бурным развіццём сродкаў масавай інфармацыі кола выданняў па муз. Л. пашырылася (слоўнікі і энцыклапедыі муз. персаналій, конкурсаў, устаноў, інструментаў, двух- і шматмоўныя перакладныя муз. слоўнікі, слоўнікі-даведнікі, у т. л. для дзяцей і юнацтва, і інш.). У 1973—82 выдадзена першая сав. «Музычная энцыклапедыя» (т. 1—6), у 1985 — «Энцыклапедычны слоўнік юнага музыканта», у 1990 — «Музычны энцыклапедычны слоўнік», у 1981 і 1997 адпаведна энцыклапедыі «Балет» і «Рускі балет». На Беларусі выдадзены спецыялізаваныя слоўнікі і даведнікі «Музычныя тэрміны» Ю.​Дрэйзіна (1926, серыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія»; перавыд. ў 1989 з прадмовай М.​Шыманскага), даведнікі біябібліяграфічны «Саюз кампазітараў БССР» Дз.​Жураўлёва (1978) і навук.-папулярны «Кампазітары Беларусі» Т.​Мдывані і Р.​Сергіенка (1997), перакладныя «Слоўнік музычных тэрмінаў» В.​Антаневіч (1994), «Музычны слоўнік» (1999); выдаецца нотаграфічны паказальнік «Музычная літаратура Беларусі» (з 1975); да муз.-лексікаграфічных выданняў у вял. ступені набліжаецца «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87).

Т.​А.​Цітова.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)