БО́ХАН Дарафей Дарафеевіч (4.2.1878, Мінск — 1942),
рускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Канстанцінаўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу. Служыў у арміі, артылерыйскі штабс-капітан. З канца 1890-х г. журналіст у Мінску. Супрацоўнік газ.«Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» (у 1907 яе рэдактар), «Минские ведомости» і інш. У 1907 асуджаны за змяшчэнне ў «Голосе провинции» антыўрадавых матэрыялаў. У 1919 супрацоўнік Наркамасветы БССР. У 1920—30-я г. ў розных рус. арг-цыях у Вільні. Чытаў лекцыі па бел. л-ры. У час Вял.Айч. вайны трапіў у армію Андэрса. Памёр за мяжою. У вершах услаўляў барацьбітоў за волю, падчас рэакцыі выяўляў настроі песімізму. Пісаў гіст. паэмы («Князь Глеб Усяславіч», 1899), паэмы паводле бел.нар. паданняў («Вір», 1898; «Два браты», 1899; «Вадзянік», «Помста шынкара», 1900), апавяданні, нарысы, фельетоны. У рэцэнзіях, публіцыст. і літ.-крытычных артыкулах выступаў супраць натуралізму і дэкадэнцтва, адстойваў рэалізм. Збіраў і апрацоўваў мясц. паданні («Вока Хрыстова: Мінскае паданне», 1898; «Мінскія паданні і легенды», 1901). Пераклаў на рус. мову «Слова пра паход Ігаравы» (пад назваю «Ігар, князь Северскі», 1897), творы польск. паэтаў (зб. «З польскай паэзіі», 1906).
Літ.:
Бас І. Літаратуразнаўчыя эцюды. Мн., 1977;
Яго ж. Справа аб Дарафею Бохану // Маладосць. 1976. № 8;
Зарэмба Л.І. Новыя звесткі пра літаратурную дзейнасць Д.Д.Бохана // Веснік БДУ. Сер. 4. 1993. № 3;
Zienkiewicz T. Dorofiej Bochan — tłumacz literatury polskiej na język rosyjski i krytyk // Polsko-wschodniosłowiańskie powiązania kulturowe, literackie i językowe 1. Literatura i kultura. Olsztyn, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАСА́ЕЎ (сапр.Смідовіч) Вікенцій Вікенцьевіч
(16.1.1867, г. Тула — 3.6.1945),
рускі пісьменнік, літ.-знавец, перакладчык. Скончыў гіст.-філас.ф-т Пецярбургскага ун-та (1888), мед.ф-т Дэрпцкага ун-та (г. Тарту, 1894). Працаваў урачом у Туле, Пецярбургу. У аповесцях «Без дарогі» (1895), «На павароце» (1902), апавяданні «Пошасць» паказаў бесперспектыўнасць народніцкага руху. Аповесць «Два канцы» (ч. 1—2, 1899—1903) пра цяжкі і жахлівы побыт рабочых. Папулярнасць прынесла вострапубліцыстычная кн. «Запіскі ўрача» (1901). У 1900-я г. ўваходзіў у літ. групу «Серада» (Масква). Як урач удзельнічаў у рус.-яп. вайне 1904—05. Ваен. ўражанні ў аснове серыі «Апавяданняў пра вайну» (1906; поўны тэкст «На японскай вайне», 1928) і публіцыстычных нарысаў «На вайне: Запіскі» (1907—08). У творах пераацэнка рэв. мінулага, паварот да філасофіі Ф.Ніцшэ і А.Бергсона (аповесць «Да жыцця», 1909), непрыняцце тагачаснага тэрору (раман «У тупіку», 1922), погляд інтэлігенцыі на прымусовую калектывізацыю (раман «Сёстры», 1933), эпоха праз уласныя ўспаміны (кн. «У юныя гады», 1927; «У студэнцкія гады», 1929; «Успаміны», 3-е выд., 1946). Аўтар літ.-філас. даследавання «Жывое жыццё» [ч. 1 — «Пра Дастаеўскага і Льва Талстога», 1911; ч. 2 — «Апалон і Дыяніс (пра Ніцшэ)», 1915], дакумент.-біягр. прац «Пушкін у жыцці» (1926—27), «Гогаль у жыцці» (1933), «Спадарожнікі Пушкіна» (1934—36) і інш. Перакладаў антычных паэтаў Гесіёда («Дні і турботы», 1927), Гамера («Іліяда», 1949; «Адысея», 1953) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКО́ЎСКІ Ігнацій Якса (1750, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 1819),
філосаф, пісьменнік, перакладчык. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў езуітаў у Мінску, з 1765 у піяраў у Віцебску разам з паэтам Ф.Д.Князьніным. У 1772—75 служыў у рус. арміі, ваяваў супраць туркаў. Пасля 1778 жыў у в. Воўчын (Камянецкі р-н), у Мінску, в. Хільчыцы (Жыткавіцкі р-н). У філас. трактатах «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (Мн., 1790), «Сялянскі роздум» (Вільня, 1799) у духу франц. Асветніцтва ўзняты этычныя і эстэт. пытанні. Асобныя палажэнні сугучныя з ідэямі франц. матэрыялістаў. Выдаў «Верш на імператара Паўла...» (Вільня, 1799). Як пісьменнік-сентыменталіст сфарміраваўся пад уплывам Князьніна, Ф.Карпінскага, з якімі сябраваў, а таксама С.Геснера і Э.Юнга. Аўтар паэт. зб-каў «Вясковыя вечары» (ч. 1—2, 1787—88), «Вершы» (1798), паэмы «Вясковыя ночы» (1788), аповесці «Клаўдзіна» (1799), успамінаў «Жыццё Ігнація Быкоўскага...» (1806) і інш. Асветніцкім гуманізмам прасякнуты твор Быкоўскага «Жыццё Зараастра, ці Паходжанне гвебраў». У трагедыі «Саул» асуджаў жорсткасць і амаральнасць некаторых персанажаў Бібліі. Паэтычна-экзістэнцыяльным жалем аб загубленым жыцці прасякнуты радкі аўтабіяграфіі Быкоўскага «Жыццё...» (засталася ў рукапісе). Пераклаў на польск. мову творы А.Сумарокава («Мсціслаў», 1788), Вальтэра, Ж.Мармантэля і інш. Выдаў некаторыя арыгінальныя і перакладныя кнігі: «рускі раман» А.Канстана д’Арвіля «Эма і Лемазаў» (Гродна, 1787), «Батмендзі, персідская аповесць» К.Фларыяна (Мн., 1790), «Сцежка да шчасця, мала каму вядомая» (Гродна, 1803) і інш.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Mikulski T. Ze studiów nad Oswieceniem. Warszawa, 1956. S. 461—516.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ТАВА Вольга Міхайлаўна (н. 1.1.1945, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1967). З 1965 у Гродзенскім гаркоме камсамола, на абл. студыі тэлебачання. У 1970—73 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». З 1985 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання, заг. аддзела, нам.гал. рэдактара час. «Спадчына». У 1991—96 рэдактар штотыднёвіка «Культура», з 1998 нам. старшыні Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1956. Паэзія (зб-кі «Раніца», 1969, «Ліпеньскія навальніцы», 1973, «Парасткі», 1976) шматгранная — ад пейзажнай і любоўнай лірыкі да публіцыст. вырашэння складаных праблем гіст. лёсу роднага народа. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Вецер над стромай», 1977) «Дваццаць хвілін з Немезідай», 1981, «Перакат», 1984) узняты складаныя маральна-этычныя праблемы, пытанні сувязі моладзі з роднай зямлёй, пошуку месца ў жыцці. Распрацоўвае гіст. тэматыку: аповесць «Прадыслава» (1971; прысвечана Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім» (1989, пра падарожжа і трагічны лёс палачаніна Алексы), «Чорная княгіня» (1989; пра трагедыю княгіні Лізаветы Астрожскай). Гіст. постаці Полацкага княства 11—13 ст., ВКЛ у 16 ст., Беларусі ў 19 ст. адлюстраваны ў аповесці «Агонь у жылах крэменю» (1989), апавяданнях («Набег», «Мара», «Святаслава», «Расанка», «Давыд Гарадзенскі», «Гайна і Мікаш», «Ваўкалакам абярнуся»). У рамане «Залатая жрыца Ашвінаў» (1997) рэстаўрыравала далёкую старонку бел. міфалагічнай мінуўшчыны — індаеўрап. карані беларусаў. Аўтар балад, нарысаў, п’ес, паэм, кніг вершаў для дзяцей. Выступае як крытык, публіцыст, перакладчык.
Тв.:
Паміж Масквой і Варшавай. Мн., 1996.
Літ.:
Бечик В. Обретение высоты // Неман. 1981. № 3;
Савік Л. Спасціжэнне чалавечнасці // Полымя. 1983. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕЛЕ́МСКІ Якаў Айзікавіч (н. 31.1.1914, г. Васількоў Кіеўскай вобл., Украіна),
рускі паэт, празаік, перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага ў Маскве (1933—35). Друкуецца з 1931. Паэт. творы адметныя выразнасцю мовы, глыбінёй пачуцця, добрым гумарам: зб-кі «У дарозе» (1948), «Ветэраны» (1957), «Непарушны запас» (1965), «Чацвёртая ступень» (1977), «Высакосны год» (2001) і інш. Аўтар аповесцей «Вечны падданы паэзіі» (1966), «На цёмнай яліне звонкая жалейка» (1971), «Не даязджаючы да Грэнады» (1976), «Аповесці пра паэтаў» (1980) і інш. Шмат вершаў прысвяціў Беларусі, у т. л. «Люблю паэтаў беларускіх», «Беларускім паэтам», «Няміга». На рус. мову пераклаў паэт. творы П.Броўкі (зб-кі «А дні ідуць...», 1961; «Кляновыя лісты», «Трубі, мой бор!», абодва 1965; «Крокі», 1975), А.Куляшова (зб-кі «Грозная пушча», 1956, «Новая кніга», «З новых вершаў», абодва 1964), М.Танка (зб-кі «Вершы з дарогі», 1958, «Усход зарой палае», 1959), вершы П.Панчанкі, Е.Лось, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, К.Кірэенкі, М.Лужаніна і іншых. Перакладае з інш. моў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Броўка, Куляшоў, М.Танк, Панчанка, Барадулін, Х.Жычка, М.Калачынскі, У.Паўлаў, У.Шахавец. За пераклад на рус. мову твораў Броўкі, кн. М.Танка «Нарачанскія сосны» (1977), Куляшова «Хуткасць» (1978, з Н.Кіслікам), Панчанкі «Дзе начуе жаваранак» (1979) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮ́ТЧАЎ Фёдар Іванавіч (5.12.1803, с. Аўстуг Бранскай вобл., Расія — 27.7.1873),
рускі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1821). З 1821 на службе ў Калегіі замежных спраў, з 1822 пры рас.дыпламат. місіях у Мюнхене, у 1837—39 у Турыне. У 1844 вярнуўся ў Расію. З 1848 старшы цэнзар у Мін-ве замежных спраў, з 1858 узначальваў К-т замежнай цэнзуры. Дэбютаваў у 1819 як перакладчык. Першая кніга вершаў выдадзена ў 1854, другая — у 1868. У філас. лірыцы — матывы трагічнай раздвоенасці душы, адзіноты і згубленасці ў сусвеце, тэмы «хаосу» і «бездані», прарочых адкрыццяў, бясследнасці жыцця, памяці і пакут. У вершах пра каханне, у т. л. ў «Дзянісьеўскім цыкле», аголеная бязлітаснасць самааналізу. У публіцыстыцы, схільнай да панславізму, знаходзіў сувязь паміж развіццём індывідуалізму і разбуральнымі рэв. працэсамі ў Еўропе (арт. «Расія і рэвалюцыя», 1849; «Папства і рымскае пытанне», 1850). Многія яго вершы пакладзены на музыку. Перакладаў творы Гарацыя, У.Шэкспіра, Дж.Байрана, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, Г.Гейнэ і інш. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі В.Вітка, Х.Жычка, В.Зуёнак, И.Макарэвіч, Ю.Свірка, І.Чыгрын і інш.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1980;
Лирика. Т. 1—2. 2 изд. М., 1966;
Стихотворения. Письма. Воспоминания современников. М., 1988.
Літ.:
Озеров Л. Поэзия Тютчева. М., 1975;
Пигарев К. Ф.И.Тютчев и его время. М., 1978;
Григорьева А.Д. Слово в поэзии Тютчева. М., 1980;
Осповат А.Л. «Как слово наше отзовется...» М., 1980;
Королева И.А., Николаев А.А. Ф.И.Тютчев: Библиогр. указ. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́Р Алесь (сапр.Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч; 24.12.1904, в. Навасёлкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),
бел. паэт, крытык, перакладчык. Вучыўся ў БДУ (1927—28). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1928 за ненадрукаваны верш «Пасеклі край наш папалам...» высланы на З гады ў Смаленск. Вярнуўшыся, уключыўся ў літ. жыццё. У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Беларусь бунтарская», «Сонечнымі сцежкамі» (абодва 1925), «Вежа» (1928), паэм «Шанхайскі шоўк» (1925), «Вайна за мір» (1932), «Слуцак» (1934), у якіх славіў героіку рэв. барацьбы, сац. пераўтварэнні ў горадзе і вёсцы. У зб. «І залацісцей, і сталёвей» (1926) уплыў ясенінскіх літ. традыцый, эратычныя матывы. Пісаў і прозу (прыгодніцкі раман «Ваўчаняты», 1925, з А.Александровічам і А.Вольным; зб.апавяд. «Марсельеза», 1927). Пад псеўд. Тодар Глыбоцкі друкаваўся як крытык, пераважна па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, выдаў зб.арт. «Пра нашы літаратурныя справы» (1928). Часам выказваў вульгарызатарскія ацэнкі, непрымальна ставіўся да інш. аб’яднанняў (напр., «Узвышша»), некат. пісьменнікаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, В.Брусава, «Дванаццаць» А.Блока, урыўкі з «Фауста» І.В.Гётэ, «Германіі» Г.Гейнэ, творы С.Ясеніна, Б.Пастарнака, М.Ціханава, М.Рыльскага, У.Сасюры. Асобнымі выданнямі ў яго пер. выйшлі «Выбраныя вершы» С.Стандэ, аповесць Ф.Гладкова «Новая зямля», раман У.Кузьміча «Крыллі авіяспіралі», п’есы «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера, «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Мн., 1959;
Вежа. Мн., 1984.
Літ.:
Бечык В. Словы ўзнёслыя і шчырыя // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕТ (сапр.Шаншын) Апанас Апанасавіч
(5.12.1820, с. Навасёлкі Мцэнскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 3.12.1892),
рускі паэт, празаік, перакладчык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). З 1845 на вайск. службе, з 1858 у адстаўцы. Першы зб. вершаў «Лірычны пантэон» (1840). Творчасць Ф. — новы этап у рус.рамант. паэзіі. Яго вершы адметныя пранізлівым лірызмам у апісанні дакладных карцін прыроды, мімалётных настрояў і імкненняў душы. Яны вылучаюцца музычнасцю, меладычнасцю, разнастайнасцю рытмаў і гукаў: зб-кі «Вершы» (1850, 1856, ч. 1—2, 1863). З канца 1860-х г. у паэзіі матывы трагізму, дысгармоніі і тугі: зб-кі «Вячэрнія агні» (вып. 1—4, 1883—91). Аўтар рэаліст. аповесці «Сям’я Гольц» (1870), цыклаў нарысаў, апавяданняў, навел «З вёскі» і «Запіскі вольнанаёмнай працы», кн. «Мае ўспаміны» (ч. 1—2, 1890), «Раннія гады майго жыцця» (апубл. 1893). Пераклаў асобныя творы ант. і ўсх. аўтараў, а таксама І.В.Гётэ («Фауст», ч. 1—2, 1882—88), Г.Гейнэ, Дж.Байрана, П.Беранжэ, А.Міцкевіча, трагедыі У.Шэкспіра, кн. А.Шапенгаўэра «Свет як воля і ўяўленне» (1881). Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку А.Арэнскім, М.Балакіравым, А.Гурылёвым, С.Рахманінавым, М.Рымскім-Корсакавым, П.Чайкоўскім. На бел. мову паасобныя вершы Ф. пераклалі У.Данілаў, П.Макарэвіч.
Тв.:
Полн. собр. стихотворений. 2 изд. Л., 1959;
Соч.Т. 1—2. М., 1982;
Стихотворения. Проза. Воронеж, 1978;
Воспоминания. Т. 1—3. М., 1992;
Лирика. Мн., 2000.
Літ.:
Озеров Л. А.А.Фет: О мастерстве поэта. М., 1970;
Бухштаб Б.Я. А.А.Фет: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1990;
Благой Д. Мир как красота: О «Вечерних огнях» А.Фета. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́ЦКІ Напалеон Казіміравіч (13.7.1866, в. Нача Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 14.2.1937),
бел. публіцыст, перакладчык. Скончыў Слуцкую гімназію (1887), Маскоўскі ун-т (1894). У Слуцкай гімназіі ўваходзіў у тайны гурток самаадукацыі, у Маскве — у тайныя студэнцкія гурткі сацыяліст. накіраванасці. За ўдзел у хваляваннях 1890 выключаны з ун-та і сасланы ў маёнтак бацькі пад нагляд паліцыі. Працаваў урачом. У 1904—05 мабілізаваны на Маньчжурскі фронт. У 1908—12 у эміграцыі ў Канадзе. З 1918 у Варшаве, пасля ў Вільні. У 1922 уступіў у Польскую сацыяліст. партыю. З 1928 працаваў лекарам на Валыні, з 1931 у г. Ліда Гродзенскай вобл. З 1936 жыў у в.Вял. Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Першая літ. праца — удзел у перакладзе і выданні на гектографе 1-га варыянта рэв. брашуры «Дзядзька Антон» (1885, не выяўлена); браў удзел у выданні 2-га варыянта (1892; з М.Абрамовічам). Пераклаў на польскую мову апавяданне У.Караленкі «У дрэннай кампаніі» (каля 1887, не выяўлена, захаваліся 2 лісты Ч. да пісьменніка), на бел. мову п’есы «Сватанне» А.Чэхава і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага (1910). У арт. «Да пытання пра беларускую народную школу» (1908) выступіў у абарону бел. мовы, з прыязнасцю пісаў пра творчасць Я.Коласа, паказаў добрае веданне бел. фальклору. Аўтар брашуры «Як будзе з зямлёю?» (1907), успамінаў пра рэв. рух, Абрамовіча, публіцыстычных арт. у «Нашай ніве» і «Вольнай Беларусі».
Тв.:
Батлейкі з ваколіц Начы // Народны тэатр.Мн., 1983.
Літ.:
Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2;
Каханоўскі Г. Таямніцы за чортавым мостам // Маладосць. 1992. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУКО́ЎСКІ Карней Іванавіч (сапр.Карнейчукоў Мікалай Васілевіч; 31.3.1882, С.-Пецярбург — 28.10.1969),
рускі пісьменнік, крытык, дзіцячы паэт, літ.-знавец, перакладчык. Д-рфілал.н. (1957). Аўтар казак у вершах «Кракадзіл» (1916), «Мыйдадзір» (1923, паст. 1938, Дзярж.т-р лялек Беларусі), «Тараканішча» (1923), «Муха-цакатуха» (1924), «Бармалей» (1925), «Тэлефон», «Хвядорына гора» (абедзве 1926), «Айбаліт» (1929), «Лімпапо» (1935). Асн. асаблівасці яго паэт. свету — багацце і зменлівасць зрокавых вобразаў, мілагучнасць паэт. мовы, рухомасць рытму, дакладнасць і лаканічнасць паэт. выказвання, гульнёвы характар вершаваных твораў. Аўтар даследавання «Майстэрства Някрасава» (1952, Ленінская прэмія 1962), літ.-крыт. эсэ пра пісьменнікаў і дзеячаў культуры (кн. «Сучаснікі», 1962). Адзін з заснавальнікаў сав. школы тэорыі маст. перакладу («Прынцыпы мастацкага перакладу», 1919; «Высокае майстэрства», 1941), яму належаць лепшыя ў сусв. л-ры пераклады У.Уітмена (1907, «Мой Уітмен», 2-е выд. 1969).
Неаднаразова бываў на Беларусі, высока цаніў М.Багдановіча, асабліва вылучаў Я.Купалу і Я.Коласа, з якімі быў асабіста знаёмы. Традыцыі Ч. знайшлі працяг у лінгва-псіхал. даследаваннях дзяцей у В.Віткі (кнігі «Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982). Некат. апавяданні Я.Маўра створаны на ўзор «Блытаніны» Ч. Бел. перакладчыкі Ю.Гаўрук, У.Дубоўка. А.Зарыцкі, А.Куляшоў, Я.Сінакоў і інш. перанялі ад Ч. метад творчага ўзнаўлення арыгінала сродкамі роднай мовы. На бел. мову творы Ч. перакладаюцца з 1930-х г. Сярод перакладчыкаў яго дзіцячых кніг А.Якімовіч, Зарыцкі, К.Кірэенка, У.Шахавец.