(Schultheiß)] Міхаэль (15.2.1571 ці 1572, г. Кройцбург, Германія — 15.2.1621),
нямецкі кампазітар, арганіст, муз. тэарэтык. З 1604 прыдворны капельмайстар. У ням. музыку ўвёў шматхорны канцэрт, адным з першых у Германіі выкарыстаў генерал-бас. У творчасці абапіраўся на традыцыі венецыянскай школы. Пісаў свецкую і царк. музыку на ням. і лац. тэксты. Яго вак. і арганныя творы змешчаны ў зб-ках «Musae Sioniae» (т. 1—9, 1605—10), «Musarum Sioniarum Motectae et Psalmi latini» (1607), «Тэрпсіхора» (1612). Аўтар энцыклапедычнай працы «Syntagma musicum» (т. 1—3, 1614—20), у якой сістэматызаваў муз.-тэарэт., гіст. і практычныя звесткі эпохі.
Літ. тв.: Рус.пер. — У кн.: Музыкальная эстетика Западной Европы XVII—XVIII вв. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ШЭР ((Roscher) Вільгельм Георг Фрыдрых) (21.10.1817, г. Гановер, Германія — 4.6.1894),
нямецкі эканаміст, заснавальнік гістарычнай школы ў палітэканоміі. Праф. Гётынгенскага (з 1843) і Лейпцыгскага (з 1848) ун-таў. У працы «Кароткі нарыс курса палітычнай эканоміі паводле гістарычнага метаду» (1843) прапанаваў метад, згодна з якім эканам. навука грунтавалася на вывучэнні гіст. падзей і растлумачвала эканам. з’явы шляхам пошуку гіст. аналогій; пазней развіў свае ідэі ў працы «Сістэма эканомікі» (т. 1—5, 1854—94). Крытыкаваў законы, распрацаваныя класічнай школай палітэканоміі, якія абгрунтоўваліся пры дапамозе метадаў, аналагічных метадам дакладных навук. У «Тэорыі крызісаў» (1849) узняў праблему перавытворчасці, лічыў, што накапленні павінны павялічвацца паралельна з попытам на тавары і паслугі. Быў прыхільнікам ідэі натуральнай эвалюцыі грамадства, асуджаў практыку рэв. пераваротаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МЕНС ((Siemens) Эрнст Вернер) (13.12.1816, г. Гердэн, Германія —6.12.1892),
нямецкі электратэхнік і прамысловец. Чл. Берлінскай АН (1874). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1882). Скончыў Берлінскае артыл.інж. вучылішча. Атрымаў патэнт на ўдасканалены тэлегр. апарат (1847). У 1853—56 прымаў удзел у буд-ве тэлегр. ліній у Расіі, кіраваў стварэннем першай трамвайнай лініі на прамысловай выстаўцы ў Берліне (1879). Займаўся пытаннямі моцнатокавай электратэхнікі (эл. асвятленне, трамвай, электрастанцыі і інш.). Сканструяваў шэраг эл.-тэхн. прыстасаванняў і прылад (ртутны эталон супраціўлення, селенавы фатометр і інш.). Заснаваў эл.-тэхн. канцэрны «Сіменс і Гальске», «Сіменс і Шукерт» і інш. Яго імем названа адзінка эл. праводнасці — сіменс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎМГАРТЭН ((Baumgarten) Аляксандр Готліб) (17.6.1714, Берлін — 26.5.1762),
нямецкі філосаф школы К.Вольфа. З 1740 праф. ун-та ў Франкфурце-на-Одэры. Родапачынальнік эстэтыкі як філас. дысцыпліны. У аснове канцэпцыі Баўмгартэна падзел пазнання на рацыянальнае і пачуццёвае. Эстэтыку лічыў часткай тэорыі пазнання, што датычыць паўсвядомых, заблытаных, незразумелых уяўленняў (т.зв. перцэпцый у прынятай Баўмгартэнам тэрміналогіі Лейбніца) у адрозненне ад ясных і лагічных меркаванняў, т.зв.аперцэпцый. Паводле Баўмгартэна, аперцэпцыямі, або рацыянальным пазнаннем, займаецца логіка, а перцэпцыямі, або пачуццёвым пазнаннем, — эстэтыка. Лічыў, што мастацкае (пачуццёвае) пазнанне, якое выяўляецца ў эстэт. суджэннях, з’яўляецца недасканалай формай лагічнага пазнання. Гал. працы: «Развагі» (1735), «Метафізіка» (1739), «Эстэтыка» (1750—58).
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: История эстетики. М.,1964. Т. 2. С. 49—65.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ (Brant, Brandt) Себасцьян (1457, г. Страсбур, Францыя — 10.5.1521), нямецкі пісьменнік-гуманіст.Д-р права (1489). Аўтар сатыр.-дыдактычнай паэмы «Карабель дурняў» (1494), у вобразах якой персаніфікаваў разнастайныя праяўленні чалавечага глупства. Выступаючы ў ролі аднаго з герояў паэмы, Брант не толькі выкрываў заганы, уласцівыя як чалавечаму роду ўвогуле, так і яго сучаснікам, але і заклікаў да пераадолення чалавечага глупства з дапамогаю розуму. Паэма напісана жывой нар. мовай. Яе праілюстраваў А.Дзюрэр. Брант апублікаваў таксама шэраг юрыд., тэалагічных і літ. тэкстаў, у т. л. творы Ф.Петраркі і інш. У традыцыях «л-ры пра дурняў», ля вытокаў якой стаіць Брнт, тварылі Эразм Ратэрдамскі, Т.Мурнер, Г.Сакс і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ДЭЛЬ ((Bredel) Вілі) (2.5.1901, г. Гамбург, Германія — 27.10.1964),
нямецкі пісьменнік, прадстаўнік сацыялістычнага рэалізму. Прэзідэнт АМ ГДР (з 1962). Удзельнік Гамбургскага паўстання 1923. У 1933—34 вязень фаш. канцлагера, адкуль уцёк. У 1934—45 у эміграцыі (Прага, Масква). Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі (1937—39). Яго палітычна завостраныя раманы «Машынабудаўнічы завод Н. і К» (1930), «Розенгофская вуліца» (1931, бел.пер. 1933), «Выпрабаванне» (1935, бел.пер. 1937), «Ад Эбра да Волгі» (1939—48), трылогія «Родныя і знаёмыя» (1941—53) і інш. прысвечаны антыфаш. і антываен. змаганню, а таксама жыццю рабочых у ГДР. На бел. мову творы Брэдэля перакладалі В.Вольскі, К.Даўкша, В.Сёмуха і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕР ((Weber) Макс) (21.4.1864, г. Эрфурт, Германія — 14.7.1920),
нямецкі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Брат А.Вебера. Выкладаў у Фрэйбургскім, Гейдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. Напачатку даследаваў праблемы ідэнтыфікацыі эканам. з’яў мінулага, асэнсаванне якіх вёў на аснове сучаснага яму капіталіст. грамадства. Быў блізкі да неакантыянства, пазітывізму. Асноўнае ў яго сац. філасофіі — ідэя рацыянальнасці, якая знайшла сваё «спецыфічна заходняе» выяўленне ў сучасным бурж. грамадстве з яго рацыянальнай рэлігіяй (пратэстантызм), рацыянальнымі правам, кіраваннем (бюракратыя), грашовым абарачэннем і г.д., паслядоўна накіраванымі на дасягненне найб.эканам. эфектыўнасці. Канцэпцыя яго рацыянальнасці паўплывала на ўсю зах. немарксісцкую сац.-філас. думку 20 ст. Распрацаваў тэорыю паліт. арганізацыі грамадства. Гал. канфлікт паліт. жыцця грамадства бачыў у барацьбе паміж паліт. партыямі і бюракратычным апаратам, чыноўніцтвам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁЛЕР ((Wöhler) Фрыдрых) (31.7.1800, Эшэрсгайм, каля г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 23.9.1882),
нямецкі хімік. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1823). З 1836 праф. у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Ажыццявіў перагрупоўку цыянату амонію ў мачавіну (рэакцыя Вёлера, 1828) — першы сінтэз прыроднага арган. рэчыва з неарган., здзейснены па-за жывым арганізмам. Даследаванні Вёлера паставілі пад сумненне правільнасць уяўлення аб «жыццёвай сіле» (гл.Віталізм). Вызначыў формулу бензойнай к-ты, пры даследаванні яе вытворных адкрыў радыкал бензаіл, што пацвердзіла тэорыю радыкалаў (разам з Ю.Лібіхам, 1832). Атрымаў метал. алюміній, берылій, ітрый, карбід кальцыю і з яго ацэтылен.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬШТЭТЭР ((Willstätter) Рыхард Марцін) (13.8.1872, г. Карлсруэ, Германія — 3.8.1942),
нямецкі хімік-арганік. Замежны чл. Расійскай АН (1923), ганаровы чл.АНСССР (1929). Скончыў Мюнхенскі ун-т, у якім выкладаў у 1892—1925 (з 1902 праф.), у 1905—15 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху і ў Ін-це хіміі кайзера Вільгельма ў Берліне. З 1939 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і біяхіміі прыродных злучэнняў.
Атрымаў крышт. хларафіл і вызначыў яго структуру (разам з А.Штолем). Даследаваў будову алкалоідаў (атрапіну, трапіну, какаіну), раслінныя пігменты (антацыяны і флавоны), ферменты (амілазу, пераксідазу, ліпазу, цукрозу), раскладанне цэлюлозы, працэсы каталітычнай гідрагенізацыі і фотасінтэзу. Нобелеўская прэмія 1915.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬФ ((Wolff) Крысціян) (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),
нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.