ГАСПАДАРО́Ў (Піліп Паўлавіч) (1865, в. Забаб’е Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 9.7.1938),
рускі і бел.нар. казачнік. У 1905 за ўдзел у сял. выступленні на Магілёўшчыне сасланы пажыццёва ў Алонецкую губ. (в. Шуя). Пасля вызвалення з-пад нагляду паліцыі ў 1907 перасяліўся ў Петразаводск. Працаваў кавалём на Аляксандраўскім з-дзе. Казачны рэпертуар засвоіў у дзяцінстве ад аднавяскоўца, прыгоннага селяніна К.К.Шаўцова. У 1937—38 ад яго фалькларыст М.У.Новікаў запісаў 106 казак, прыказкі, загадкі. Традыц. для бел. казачнага эпасу антыпамешчыцкая, антырэліг. і антыклерыкальная накіраванасць характэрна і для казак Гаспадарова («Салдацкія сыны», «Пра дурнога Амелю», «Пра залатое яечка», «Поп і работнік», «Каваль і поп», «Праўда пра святога Феадосія»). На аснове традыц. сюжэтаў стварыў казкі на сав. тэматыку («Як мужык і рабочы праўду шукалі», «Чырвоныя арляняты», «Як Мар’я з Іванам зраўняліся»). Казкі Гаспадарова вылучаюцца шырокім выкарыстаннем сродкаў традыц. фальклорнай паэтыкі, трапных прыказак, загадак, майстэрствам дыялогаў. Чарадзейныя казкі Гаспадарова паводле стылю блізкія да яго быт. казак. Казка Гаспадарова «Салдацкія сыны» ў перакладзе на ням. мову Г.І.Грыма ўвайшла ў складзены Л.Р.Барагамзб. «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 1966, 10-е выд. 1980).
Тв.:
Сказки Ф.П.Господарева. Петрозаводск, 1941;
У кн.: Песни и сказки на Онежском заводе. Петрозаводск, 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́БАЎ (Леанід Ніканоравіч) (н. 6.8.1926, в. Растаў Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец і жывапісец. Д-р мастацтвазнаўства (1984), праф. (1987). Скончыў БДУ (1958), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1964 заг. аддзела выяўл. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе бел. жывапіс 19—20 ст. Аўтар кніг па гісторыі бел. жывапісу, манаграфій пра бел. мастакоў А.Мазалёва (1976), А.Шаўчэнку (1980); рэдактар і аўтар асобных артыкулаў у «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 5—9, 1972—82; залаты медаль АМСССР, 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Аўтар сюжэтна-тэматычных работ «Камбед» (1968), «Партызанская кухня» (1965), «Аўтапартрэт» (1972), «Успаміны аб юнацтве» (1973), «Прэлюдыя» (1983), партрэтаў П.Ф.Глебкі (1971), «Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў» (1987), пейзажаў «Крым. Гурзуф» (1970-я г.), «Роднае Палессе», «На рацэ Пціч», «Старая дарога на Парэчча», серыі «Міншчына», «Віцебшчына» (усе 1990-я г.) і інш.
Тв.:
Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Искусство Белорусской ССР: [Альбом]. Л., 1972;
Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982.
Літ.:
Фатыхава Г. Дарога за небакрай // Мастацтва Беларусі 1988. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПІУС (Яўген Уладзіміравіч) (7.7.1903, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 5.6.1985),
рускі музыказнавец-фалькларыст. Д-р мастацтвазнаўства (1958), праф. (1944). Скончыў Ін-т гісторыі мастацтваў (1924) і кансерваторыю (1928) у Ленінградзе. У 1927—43 працаваў у навук. установах і ВНУ Ленінграда і Масквы. Заснавальнік і навук. кіраўнік (1927—43) Фонаграмархіва АНСССР (Ін-трус. л-ры — «Пушкінскі дом»). Удзельнік фалькл. экспедыцый, у т. л. на Бел. Палессі (1934). Распрацаваў тэарэт. праблемы збірання, натавання, акустычнага вымярэння гукавышыннага ладу нар. напеваў, займаўся пытаннямі сістэмнай тыпалогіі, параўнальным вывучэннем лакальных меладычных стыляў муз. фальклору рускіх, беларусаў, фіна-угорскіх і цюрк. народаў у іх гіст. развіцці, даследаваў інтэрнац. вытокі рус.рэв. песень. Рэдактар многіх фалькл. выданняў, у т. л. «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940, з З.Эвальд), «Беларускія народныя песні» (1941, «Песні народаў СССР»), «Песенная культура беларускага Палесся» З.Мажэйкі (1971), «Песні беларускага Палесся» Эвальд (1979).
Тв.:
Интонационные элементы русской частушки // Советский фольклор. М.; Л., 1936. № 4—5;
Песни Пинежья. Кн. 2. М., 1937 (разам з З.Эвальд);
Белорусский песенный фольклор (разам з З.Эвальд) // Сов. музыка. 1940. № 4;
Сборники русских народных песен М.А.Балакирева // Балакирев М.А. Русские народные песни. М., 1957;
«Эй, ухнем» — «Дубинушка»: История песен. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЗЮ́ЛЯ (Андрэй) (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасяды Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.1921),
бел.паэт. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу (1910). Там стварыў бел. секцыю. Адзін з арганізатараў з’езда бел. каталіцкага духавенства 1917 у Мінску. Служыў ксяндзом у бел. мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Частае перамяшчэнне па службе было вынікам незадаволенасці касцельнага начальства тым, што З. вёў службу па-беларуску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, М.Багдановічам, А.Грыневічам, З.Верас і інш. Друкаваўся з 1909 у «Нашай ніве», пасля ў газетах «Беларус», «Крыніца», «Вольная Беларусь», «Светач» і інш. Аўтар зб. вершаў «З роднага загону» (1913, 1931, Вільня, факс. выд.Мн., 1993), паэмы «Аленчына вяселле» (выд. 1923). У творах З. дыдактычна-маралізатарскія тэндэнцыі ў хрысц. духу. Асобнай брашурай ў Петраградзе выйшаў патрыятычны верш «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). Аўтар рэліг. гімна «Божа, што калісь народы...» (1918). Збіраў фальклор, з Грыневічам выдаў зб. «Беларускія песні з нотамі» (т. 2, 1912). Рукапісы З. зберагаюцца ў Б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, у б-цы Нац.АН Беларусі ў Мінску.
Літ.:
Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939;
Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Бел. мова і літ. ў школе. 1991. № 7—8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
жанр фальклору, разнавіднасць пазаабрадавай сац.-быт. лірыкі. Узнікненне і пашырэнне К.п. на Беларусі звязана з гіст. падзеямі 15—17 ст.: бел. сяляне ўцякалі ад феад.-рэліг. прыгнёту на Пд Украіны, за дняпроўскія парогі і ўліваліся ў казацкія атрады. У час сялянска-казацкіх паўстанняў і вызв. вайны ўкр. народа 1648—54 казацкія атрады заходзілі на тэр. Беларусі, у іх уступалі бел. сяляне і гар. бедната. К.п. насычаны сац. матывамі, раскрываюць класавы антаганізм паміж багацеямі і галотай.
У песнях звычайна не названы канкрэтныя падзеі і героі, а даецца агульны малюнак баявых паходаў і помсты прыгнятальнікам, адлюстраваны пачуцці лірычнага героя, які ад’язджае на вайну, узаемнае каханне казака і дзяўчыны. Пашыраны песні пра гераічную смерць казака, якога аплаквае дзяўчына. Многія К.п. пра смерць героя ліра-эпічныя, набліжаюцца да балад. Беларускія К.п. маюць шмат агульнага з украінскімі. Іх паэтыка вельмі багатая (гіпербалізацыя подзвігу герояў, метафарычна-сімвалічная вобразнасць, разнастайныя паралелізмы і інш.). К.п. пераважна харавыя, шматгалосыя, з шырокім дыяпазонам мелодый. Дасканаласць паэт. тэкстаў і напеваў спрыяла іх пашырэнню (асабліва на Пд Беларусі) і захаванню да нашага часу.
Літ.:
Гринблат М.Я. Белорусы. Мн., 1968;
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 258—259, 269;
Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982. С. 25—45.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕТАПІ́СНЫЯ АПО́ВЕСЦІ І АПАВЯДА́ННІ,
гісторыка-літаратурныя творы, якія разам з кароткімі пагадовымі запісамі-паведамленнямі з’яўляюцца асн. тэкставымі адзінкамі жанравай структуры летапісаў. Іх асаблівасць — гіст.-дакументальны характар. Для летапіснай аповесці характэрны разгорнуты сюжэт, маштабнасць, дэталёвасць апісання важных гіст. падзей ці ўвогуле гісторыі за пэўны адрэзак часу. Тэматычна Л.а. і а. аб’ядноўваліся ў асобныя летапісы і ўтваралі буйныя гіст. творы — зводы («Аповесць мінулых гадоў», Галіцка-Валынскі летапіс і інш.). Летапісы беларускія таксама складаюцца з Л.а. і а. Адны з іх самастойныя ідэйна-маст. і гістарыяграфічныя творы («Аповесць пра Падолле», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх»), другія з’яўляюцца арганічнай неадрыўнай часткай тых летапісных помнікаў, у склад якіх яны ўваходзяць, напр., апавяданні пра ўзяцце Вітаўтам Смаленска ў 1404, пра паўстанне ў Смаленску ў 1440 у Беларуска-Літоўскім летапісе 1446, апавяданне пра заснаванне Гедзімінам Вільні, «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл» у 2-м бел,літ. летапісным зводзе (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Своеасаблівым зборам Л.а. і а. з’яўляецца Хроніка Быхаўца. Бел. хронікі 17—18 ст. (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка) паводле паходжання, зместу, стылю больш цэласныя творы, чым летапісы 15—16 ст., таму літ. часткі ў іх можна вылучаць толькі ўмоўна. Лепшыя бел. Л.а. і а. маюць не толькі гістарычна-пазнавальную каштоўнасць, але і з’яўляюцца ўзорамі бел. гістарычнай прозы свайго часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТЭРАТУ́РА ЛЮДО́ВА»
(«Literatura Ludowa», «Народная літаратура»),
навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс; орган Польскага этнагр.т-ва. Выходзіць на польск. мове 1 раз у 2 месяцы (у 1957—68 у Варшаве, з 1972 у Вроцлаве). Змяшчае навук. даследаванні па пытаннях фалькларыстыкі, этналогіі, культуры. Публікуе справаздачы навук. сходаў т-ва, міжнар. кангрэсаў славістаў, даследчыкаў антрапалагічных і этнагр. навук, вуснай нар. творчасці розных народаў, міжнар. фестываляў фальклору, працы замежных вучоных і інш. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы М.Гайдука «Беларускія загадкі» (1960, № 2/3), Р.Вайцяхоўскага «Песні беларускага народа ў зборы Федароўскага і польская народная песня», М.Канапацкага «Элементы фальклору татар на польска-беларуска-літоўскім сумежжы» (абедзве 1963, №1), А.Абрэмбскай-Яблонскай «Рэдакцыйная праца над рукапісамі Міхала Федароўскага» (1964, № 4/6), І.Гутарава «Беларуская фалькларыстыка (1945—1965)» (1966, № 1), Я.Саламевіча «Беларуская фалькларыстыка XIX і XX ст.» (1967, № 1/3), М.Шаховіча «Народная загадка ва ўмовах польска-беларускага культурнага сумежжа» (1991, № 1/6), З.Вуйціка «Філамацкі пераклад Карана для навагрудскіх татар» (1995, № 3) і інш. Друкуе рэцэнзіі на працы бел. і польска-бел даследчыкаў А.Аксамітава, В.Бандарчыка, М.Чурак, Я.Чачота, М.Янкоўскага і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ. мове. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшаў 42 том (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУЯ́Н (Сяргей Епіфанавіч) (19.10.1890, г. Брагін Гомельскай вобл. — 20.4.1910),
бел. публіцыст, празаік і літ.-знавец, адзін з пачынальнікаў бел.прафес.літ. крытыкі. У 1904—05 вучыўся ў Мітаўскай гімназіі (цяпер г. Елгава, Латвія). Удзельнік рэв. руху ў Кіеве і Мітаве. Супрацоўнічаў у газ. «Наша ніва», укр.перыяд. друку. Аўтар апавяданняў («Вёска» і інш.), вершаваных і драм. твораў (не выяўлены), вершаў у прозе, рэцэнзій («Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў», «Тарас на Парнасе», «Ядвігін Ш. Дзед Завала» і інш.), першага ў бел. крытыцы агляднага арт. «Беларуская літаратура ў 1909 г.», першага гіст. нарыса новай бел. л-ры «Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках» (абодва 1910). Выступаў як тэатр. крытык («Віленская беларуская вечарынка», «Беларускія вячоркі», 1910, і інш.). Даследаваў укр. культуру і л-ру, бел.-ўкр.літ. сувязі (цыкл артыкулаў «Лісты з Украіны» і інш.). Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры («Пра нацыянальную школу на Беларусі», цыкл артыкулаў «З нашага жыцця»), падтрымліваў духоўнае адраджэнне інш. нацый. Для яго творчай манеры характэрна валоданне жывым і вобразным словам, доказнасць і аргументаванасць выказванняў, ужыванне гіст. аналогій. Скончыў самагубствам.
Тв.:
Лісты ў будучыню: Проза. Публіцыстыка. Крытыка. Мн., 1986.
Літ.:
Кабржыцкая Т., Рагойша В. Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ШКА ((Peszka) Юзаф) (19.2.1767, г. Кракаў, Польшча — 4.9.1831),
польскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Расіі. Вучыўся ў Д.Эстрэйхера ў Кракаве і з 1786 у Ф.Смуглевіча ў Варшаве. Магістр прыгожых мастацтваў (пасля 1810). У 1793—1812 жыў у Гродне, Мінску, Вільні, Маскве, Пецярбургу; часта наведваў Магілёў, Віцебск, Нясвіж, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на і в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. З 1812 у Кракаве, з 1815 праф. жывапісу і малюнка ў Школе прыгожых мастацтваў. Удзельнічаў у афармленні Міхайлаўскага палаца ў Пецярбургу (каля 1800—07). Аўтар алегарычных і гіст. кампазіцый: «Пастрыжэнне Мечыслава I», «Устанаўленне пагранічных слупоў Мечыславам I», «Баляслаў Крывавусты нападае на памораў», «Смерць Баляслава Крывавустага», «Арыстыд піша сам сабе загад на выгнанне», «Перамога Сабескага пад Венай», «Хрыстос перад Пілатам», «Называнне Кракава вольным горадам», «Напалеон на кані». Пісаў партрэты (А.Чартарыйскага, К.Сапегі, С.Солтана, І.Закрэўскага, сям’і Манюшкаў, аўтапартрэт), пейзажы, у т. л. серыі відаў Мінска, Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Навагрудка, Ліды і інш. Дакладнасць перадачы дэталяў адзення, арх. элементаў і інш. робіць творы П. каштоўнымі гіст. крыніцамі.
Літ.:
Чантурыя Ю.У. Акварэлі Іосіфа Пешкі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 4;
Усава Н. Беларускія вандроўкі Юзафа Пешкі // Наша вера. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Надовень ’участак поля каля вёскі’ (полац., Яшк.). Цёмнае слова. Варбат збліжае з в.-луж.nadows ’вясковы выган, выпас’ (паводле Шустара–Шэўца, з *nadъ і *vьsь, гл. вёска), на падставе чаго прапануе рэканструкцыю *na‑dó‑vьsь‑nъ, параўн. прыметнік в.-луж.nodowsny ’выганны, пашавы’, з наступнай субстантывацыяй і фанетычнымі зменамі (падзенне рэдукаваных і як вынік гэтага спрашчэнне спалучэння sn > n), што можна прыняць з вялікай доляй верагоднасці. Менш падстаў мае, як здаецца, збліжэнне в.-луж.nodows, а значыць, і надовень, з прыслоўямі тыпу надовесь ’нядаўна’, надовись ’пазаўчора’ і інш. (Варбат, Этимология–1979, 31–32), якія, як і беларускія словы нагдысь, нагдовесь, надое, надовень, з *ono‑gъda‑ (ESSJ SG, 2, 525). Гл. наступнае слова. Можна прапанаваць і іншую версію: надовень < надобень ’карысная (зручная) рэч’ (да даби, гл.), параўн. семантычна блізкае выгада ’паша’, рус. ’угодье’ (гл.).