БА́РАГ Леў Рыгоравіч

(13.1.1911, Кіеў — 4.9.1994),

бел. і рус. фалькларыст і літ.-знавец. Д-р гіст. н. (1971), праф. (1972). Засл. дз. нав. Башкортастана (1977). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т імя Леніна (1931). У 1938—41 заг. кафедры Мінскага пед. ін-та і навук. супрацоўнік Ін-та мовы і л-ры АН Беларусі. У 1943—49 выкладаў у БДУ. З 1951 працаваў у Башкортастане. Друкаваўся з 1937. Зрабіў шмат запісаў бел. фальклору. У манаграфіі «Беларуская казка» (1969) паказаў нац. багацце і самабытнасць бел. нар. казак. Апублікаваў першы ў гісторыі бел. фалькларыстыкі сістэм. паказальнік «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» (1978). Падрыхтаваў навук. каментарыі да зб-каў «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78, з К.Кабашнікавым), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Украінскія народныя казкі» (Берлін, 1972, на ням. мове) і інш. Сааўтар кн. «Параўнальны паказальнік сюжэтаў. Усходнеславянская казка» (1979). Выдаў на ням. мове «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 1966; 10-е выд. 1980).

Літ: Л.Г.Бараг: Библиогр. указ. Уфа, 1981.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)