Нарог ’лямеш, сашнік’ (Нас., Чач., Шн., Гарэц., Яруш., Тарн., Сл. ПЗБ); паводле Насовіча, назва ужывалася ў Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай губ.; згодна з ДАБМ, у паўночна-заходняй зоне беларускіх гаворак; за межамі гэтага арэала вядомы на Беласточчыне naroχ ’тс’ (Смул.) і ўсх.-палес. naroh ’жалезны наканечнік рагаціны’ (Маш.); ст.-бел. нарогъ ’сашнік’ (Гарб.), польск. дыял. і ст.-польск. naróg ’жалезны зуб у сахі’. Празрыстая назва (на + рог) акрэслівае этналінгвістычную супольнасць, якая характарызуецца пэўным культурна-моўным адзінствам, у прыватнасці тыпам т. зв. літоўскай сахі (гл. Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мн., 1974, 17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́кі злуч. ’ні’, звыч. пры параўнанні: нʼикʼи табойу дзяўчыну ўзʼаў (параўн. ні табою = лепш за цябе…) (бераст., Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё з *nitiß параўн. славен. niti, серб.-харв. нити, макед. нити ’ні’, што ў сваю чаргу ўяўляюць спалучэнне *пі у параўнальнай функцыі з узмацняльнай часціцай *ti, якая можа выступаць ў такіх спалучэннях і ў іншых варыянтах, параўн. балг. huto ’ні’, ст.-чэш. niť ’тс’ і інш. (ESSJ SG, 2, 499–500). Пераход г’ > /с’ у беларускіх гаворках звязваюць з ятвяжскім субстратам (Атрэмбскі, Gramatyka, 1, 357). Гл. таксама Цыхун, БЛ, 28, 64–65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ах выклічнік для выражэння гневу, радасці, здзіўлення; укр. ах, рус. ах, польск. ach, чэш. ach, славац. ach, н.-луж. ach, славен. ah, серб.-харв. ȁh, макед. ах, балг. ах. Адносіцца да т. зв. «першасных» слоў, вядомых і іншым індаеўрапейскім мовам, параўн. лац. āh, ням. ach, франц. ah, ст.-інд. āḥ у гл. Зубаты, Studie, 1, 163; Слаўскі, 1, 23; вытворныя ахкаць, укр. ахкати, славац. achkať, балг. а́хкам ад ах (ach) пры дапамозе спецыяльнага дзеяслоўнага суфікса ‑к‑, параўн. Махэк₂, 34; адносна беларускіх дзеясловаў на ‑ка‑ гл. Васілеўскі, Лінгв. зб., 49–57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кне́я ’лясны гушчар, нетры, пушча’ (Яшк.). Рус. кнея, польск. knieja ’тс’. Трэба адзначыць, што ў іншых славянскіх мовах захавалася толькі ў тапаніміцы (ст.-чэш. Kniejě, серб.-харв. Kneja, славен. Kneja). Традыцыйна лічыцца праславянскім словам: kъněja (Слаўскі, 2, 287) да kъnъ < *kъmn‑ ’пень’. Але, па-першае, словаўтварэнне kъněja (< kъn-ěja) вельмі ненадзейнае, па-другое, само слова kъnь трэба выводзіць з kъmn-; па-трэцяе, семантыка лексемы кнея далёкая ад той, якую бачаць у прасл. къnъ. Таму пытанне аб крыніцы рэальна існуючых беларускіх, рускіх і польскіх слоў патрабуе дадатковых фактаў і аргументаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыры́гаць ‘трэсці (пра электрычнасць)’ (ТС). Шматкратны дзеяслоў ад то́ргаць (гл.), фанетычна суадносны з таргаць (гл.), мажліва, з дадатковым экспрэсіўным адценнем. Параўн. экспрэсіўнае чэш. мар. terygaťse ‘цягнуцца куды-небудзь, з цяжкасцю ісці’ ў Махэка (Sebr. sp., 2, 1587), славац. terigať ‘цягнуць; калаціць, трасці’, гл. турыгаць. Сюды ж магчыма аднесці і вядомае ў арго янаўскіх лабараў тры́га, тыры́га ‘зямля, поле’ (Бел. дыял. 1), метафарычнае ўтварэнне на базе значэння ‘тое, што патрабуе клопату, тузаніны’, аднак яго варыянты цыра, цырыга ў беларускіх сацыялектах схіляюць да запазычання з грэч. ξηρα ‘суша, зямля’ (Лукашанец, Сацыял., 72). Параўн. сыра, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

траха́, прысл.

Разм. Чуць, амаль. Касніцкі ўскінуў на плечы граблі і вілы і рушыў ісці, цень яго быў гэтакі доўгі, што галава ўпіралася ў былы папоўскі сад, а граблі з віламі каб траха, дык дайшлі б да самай царквы. Чорны. Затое мы самі назвалі пастку лаўком, гэты лавок нагадваў цыліндр даўжынёю не болей за метр, а дыяметрам траха меней паўметра. Масарэнка.

•••

Траха не... — чуць не, амаль не. Дачка акінула бацьку такім ледзяным позіркам, што таго траха не скаланула, але ён не падаў выгляду, што адчувае сябе няёмка. Чарнышэвіч.

Траха што — амаль што. Ды траха што і ўсе выкладчыкі мелі дачыненне да друку — былі аўтарамі першых беларускіх падручнікаў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕЧАРЫ́НКІ,

вечары бел. нацыянальнай культуры, якія праводзіліся з пач. 20 ст. да 1920-х г. на Беларусі і па-за яе межамі. Садзейнічалі прапагандзе бел. мастацтва, арг-цыі аматарскіх гурткоў, станаўленню бел. прафес. т-ра, разгортванню культ.-асв. работы, уздыму нац.-вызв. руху. Наладжваліся бел. творчай інтэлігенцыяй, студэнтамі, рамеснікамі, сялянамі ў Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку (Столінскі р-н), Радашковічах і Красным (Маладзечанскі р-н), Карэлічах, Празароках (Глыбоцкі р-н) і інш., а таксама ў Пецярбургу, Ніжнедняпроўску (Украіна), Сібіры і інш. мясцінах, дзе жылі беларусы. Праводзіліся па ініцыятыве Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні, аматарскіх тэатр. калектываў у Мінску і Вільні (гл. Першая беларуская вечарынка). У Пецярбургу Беларускія вечарынкі праводзіў Бел. навук.-літ. гурток студэнтаў ун-та. У праграме Беларускіх вечарынак былі спектаклі («Паўлінка» Я.​Купалы, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «Пра шкоду тытуню» А.​Чэхава, «Разумны і дурань» І.​Карпенкі-Карага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі), харавыя і сольныя спевы, танцы, выступленні чытальнікаў. Беларускія вечарынкі былі папулярныя ва ўсёй Беларусі, іх традыцыі пакладзены ў аснову дзейнасці Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Форму вечарынак выкарыстоўвалі многія бел. тэатр. калектывы.

А.​В.​Сабалеўскі.

Праграма Першай беларускай вечарынкі.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́БАЎ (Леанід Ніканоравіч) (н. 6.8.1926, в. Растаў Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец і жывапісец. Д-р мастацтвазнаўства (1984), праф. (1987). Скончыў БДУ (1958), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1964 заг. аддзела выяўл. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. жывапіс 19—20 ст. Аўтар кніг па гісторыі бел. жывапісу, манаграфій пра бел. мастакоў А.​Мазалёва (1976), А.​Шаўчэнку (1980); рэдактар і аўтар асобных артыкулаў у «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 5—9, 1972—82; залаты медаль АМ СССР, 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Аўтар сюжэтна-тэматычных работ «Камбед» (1968), «Партызанская кухня» (1965), «Аўтапартрэт» (1972), «Успаміны аб юнацтве» (1973), «Прэлюдыя» (1983), партрэтаў П.​Ф.​Глебкі (1971), «Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў» (1987), пейзажаў «Крым. Гурзуф» (1970-я г.), «Роднае Палессе», «На рацэ Пціч», «Старая дарога на Парэчча», серыі «Міншчына», «Віцебшчына» (усе 1990-я г.) і інш.

Тв.:

Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;

Искусство Белорусской ССР: [Альбом]. Л., 1972;

Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982.

Літ.:

Фатыхава Г. Дарога за небакрай // Мастацтва Беларусі 1988. № 5.

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Н.Дробаў.
Л.Дробаў. Крым. Гурзуф. 1970-я г.

т. 6, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАН (Яўген Іванавіч) (н. 15.12.1937, в. Тарэйкі Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва (гал. мастак з 1987), з 1994 гал. мастак Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Аформіў спектаклі: у т-ры оперы і балета — «Пасля балю» Г.​Вагнера (1971), «Іаланта» П.​Чайкоўскага (1975), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1982); у т-ры муз. камедыі — «Паненка і хуліган» на музыку Дз.​Шастаковіча (1982), «Капялюш Напалеона» О.​Штрауса (1996), «Цыганскі барон» І.​Штрауса (1997); у т-ры оперы і балета ў Ніжнім Ноўгарадзе (Расія) — «Аіда» Вердзі (1978), «Дэман» А.​Рубінштэйна (1979) і інш. Працуе таксама ў жывапісе: цыклы «Жыціе беларускіх святых» (1989—94), «Жыццё славянскіх асветнікаў-гуманістаў» (1991), станковыя работы «Чарнобыль» (1987—93), «Апафеоз Ф.​Скарыны» (1990), «Гімн жыццю» (1997), пейзажы «Песня маёй радзімы», «Вясна. Сноў» (абодва 1990-я г.). Сярод графічных работ «Кожны чацвёрты» (1967), «Курапаты» (1986). У творчасці рэаліст. вобразнасць спалучае з сімволікай і метафарычнасцю, некаторым работам уласцівы класічны авангард з філасофскім кірункам. Іл. гл. таксама да арт. Афармленчае мастацтва.

Літ.:

Фатыхава Г. Яўген Ждан. Мн, 1997.

Г.​А.​Фатыхава.

Я.Ждан. Гімн жыццю. 1997.

т. 6, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАБО́Р’І ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,

спартыўныя практыкаванні, якія складаюцца з некалькіх (ад 3 да 10) відаў бегу, скачкоў і кіданняў. Класічнымі мнагабор’ямі лічацца: у мужчын дзесяцібор’е (бег на 100, 400, 1500 м і 110 м з бар’ерамі, скачкі ў вышыню, даўжыню, з шастом, кіданні дыска, кап’я і штурханне ядра), у жанчын пяцібор’е (бег на 100 м з бар’ерамі і 800 м, скачкі ў вышыню і даўжыню, штурханне ядра) і сямібор’е (акрамя відаў пяцібор’я — бег на 200 м і кіданне кап’я).

Паходзяць з часоў Стараж. Грэцыі; на Алімп. гульнях асн. відам спорту лічыўся пентатлон (пяцібор’е). Першыя спаборніцтвы па дзесяцібор’і праведзены ў Швецыі (1911), у праграму Алімп. гульняў уключаны з 1912 (Стакгольм). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1934, камандныя спаборніцтвы на Кубак Еўропы па мнагабор’ях — з 1973. Першыя міжнар. спаборніцтвы па пяцібор’і адбыліся на жаночай Алімпіядзе (1922, г. Монтэ-Карла, Манака), чэмпіянаты Еўропы праводзіліся ў 1950—80, у праграме Алімп. гульняў — у 1964—80. Спаборніцтвы па сямібор’і праводзяцца з 1981; у праграме Алімп. гульняў — з 1984 (г. Лос-Анджэлес, ЗША).

Сярод беларускіх мнагаборцаў вызначыліся: у дзесяцібор’і — Дз.​Сухамазаў, бронз. прызёр Універсіяды (1995, Японія); у сямібор’і — жаночая каманда ў складзе Т.​Алісевіч, А.​Атрошчанка, С.​Бурага, Н.​Сазановіч, пераможца Кубка Еўропы (1995, Нідэрланды).

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)