ГРЫ́ФІУС ((Gryphius) Андрэас) (2.10.1616, г. Глогаў, Польшча — 16.7.1664),
нямецкі паэт і драматург. Рана страціў бацькоў, перажыў жахі Трыццацігадовай вайны 1618—48. Скончыў Лейдэнскі ун-т у Галандыі (1643). Пісаў вершы на ням. і лац. мовах. Аўтар зб-каў «Нядзельныя і святочныя санеты» (1639), «Санеты, эпіграмы, оды» (1643). Яго паэзія, прасякнутая ідэямі стаіцызму, сцвярджала марнасць зямнога быцця і ў той жа час — веліч і нязломнасць духоўнасці, здольнасць чалавека пакінуць добры след на зямлі і зліцца з вечнасцю. У 1640—50-я г. пісаў пераважна трагедыі («Леў Армянін», «Карл Сцюарт», «Кацярына Грузінская», «Папініян» і інш.), гал. герой якіх — чалавек маральнага абавязку, здольны ахвяраваць сабой у імя веры і чалавечнасці. Аўтар камедый «Спадар Петэр Сквенц» (1658), «Гарыбілікрыбрыфакс» (1663).
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ДАМАСКІ́Н (Iōannēs Damaskēnos; каля 675, г. Дамаск, Сірыя — каля 749),
візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт. Відаць, быў набліжаным да халіфа, потым манахам (да 700). Выступаў як вядучы ідэйны праціўнік іканаборства. Завяршальнік і сістэматызатар грэч. патрыстыкі. На аснове арыстоцелеўскай логікі стварыў асновы схаластычнага метаду (гл. Схаластыка), што пазней развіты сярэдневяковымі тэолагамі Захаду. Яго гал. твор «Крыніца ведаў» паўплываў на погляды многіх тэолагаў. У гісторыі л-ры ён вядомы як паэт, аўтар царк. песнапенняў. Яго творы распаўсюджваліся і ва ўсх.-слав. краінах (Грузіі, Стараж. Русі і інш.). Верагодна, аўтар рамана «Варлаам і Іасаф».
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Антология мировой философии;
М., 1969. Т. 1, ч. 2. С. 621—26;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968. С. 270—280.
В.В.Краснова.
т. 7, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКО́ТКА (Аляксандр Іванавіч) (н. 25.1.1955, в. Кузьмічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. архітэктар, этнограф. Д-р гіст. н. (1993). Скончыў БПІ (1977). З 1978 працаваў у Бел. дзярж. музеі нар. архітэктуры і побыту (у 1989—95 нам. дырэктара), з 1982 у Бел. рэстаўрацыйна-праектным ін-це, з 1995 заг. аддзела архітэктуры і нам. дырэктара Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Аўтар і кіраўнік шматлікіх праектаў рэстаўрацыі помнікаў драўлянай архітэктуры. Навук. працы па гісторыі бел. архітэктуры. Аўтар кніг «Беларускае народнае дойлідства», «Сілуэты старога Мінска: Нарысы драўлянай архітэктуры» (абедзве 1991), «Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці» (1994) і інш.
Тв.:
Пад стрэхамі прашчураў. Мн., 1995;
Дойлідства. Мн., 1997. (Беларусы. Т. 2.);
Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
С.А.Сергачоў.
т. 9, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙН (Барыс Самуілавіч) (н. 1.11.1928, г. Віцебск),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ун-т (1951). З 1955 працаваў у Гродзенскім аддзяленні т-ва «Веды», з 1964 у Гродзенскім мед. ін-це, з 1979 на кафедры гісторыі СССР і БССР Гродзенскага ун-та. З 1992 у ЗША, навук. супрацоўнік ун-та ў Мінесоце. Даследуе рэв. барацьбу і нац.-вызв. рух Беларусі, Літвы і Расіі. Аўтар працы «Рэвалюцыйны рух у Вільнюскім краі ў 1920—1939 гг.» (1961), складальнік і аўтар каментарыяў да зб. «Вільнюскае падполле» (1966).
Тв.:
Найдено в архиве. Мн., 1968;
В годину испытаний. Мн., 1986;
За дело правое: Борьба КПЗБ с буржуазным террором (1920—1938 гг.). Мн., 1986;
Время выбора. Мн., 1987;
Взгляд из прошлого. Мн., 1989.
т. 8, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАЛЕ́ЎСКІ (Валерый Серафімавіч) (н. 11.1.1961, г. Гродна),
бел. гітарыст, педагог; адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Гродзенскае муз. вучылішча (1980), Бел. кансерваторыю (1985). Удасканальваўся ў Маскоўскім дзярж. муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1989). З 1989 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. У рэпертуары старадаўняя лютневая і гітарная бел. музыка, п’есы кампазітараў-класікаў (у т. л. ва ўласных транскрыпцыях і апрацоўках), творы бел. аўтараў (Г.Гарэлавай, В.Войціка, Я.Паплаўскага). Аўтар артыкулаў пра бытаванне лютні і гітары на Беларусі, аўтар і складальнік нотных зборнікаў «Альбом юнага гітарыста» (1994), «Беларуская гітарная музыка» (1995), «Гігара ў ансамблі» (1997). Стварыў шмат запісаў на радыё. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. і нац. конкурсаў У.Захараў, Ф.Волкаў, В.Тарлецкі.
т. 6, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІ́ЦКІ (Аляксей Мікалаевіч) (н. 20.4.1914, с. Піі Міронаўскага р-на Кіеўскай вобл.),
украінскі паэт. Засл. работнік культуры Грузіі (1964). Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1939—41). Друкуецца з 1930. Аўтар лірычных зб-каў «Мы ідзём у бой» (1942), «Жыві, Украіна» (1943), «Украіна сонечная мая» (1966), «Слаўлю маю Радзіму» (1978) і інш. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, П.Броўкі, А.Бялевіча, С.Грахоўскага, Х.Жычкі, М.Клімковіча, А.Куляшова, П.Макаля, П.Панчанкі, М.Танка, В.Таўлая. Аўтар паэт. цыклаў «Беларусь», «Братам». Літ.-крытычныя артыкулы «Паэзія Савецкай Беларусі» (1949), «З пачуццём глыбокай павагі» (1957) прысвечаны бел.-ўкр. творчым сувязям, спадчыне Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы Н. пераклаў М.Базарэвіч.
В.Я.Буран.
т. 11, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАЗМО́ВА ПАЛЯ́КА З ЛІТВІ́НАМ»,
адзін з першых друкаваных свецкіх твораў на Беларусі. Выдадзены ў Брэсце ў 1564 на польскай мове. Аўтар невядомы. Пабудаваны ў форме дыялогу. Падзяляецца на 2 часткі, паміж якімі змешчаны верш «Да палякаў і літвінаў», напісаны, як мяркуюць даследчыкі, А.Воланам. Твор вызначаецца патрыятычнасцю і выкрывае захопніцкія планы польскіх феадалаў у адносінах да ВКЛ. Крытыкуюцца погляды рэакц. польскіх шляхецкіх ідэолагаў на асобу, дзяржаву і грамадства. Аўтар выступае супраць «шляхецкай распусты», гвалту, самавольства феадалаў, абараняе гуманіст. ідэалы: свабоду, роўнасць людзей перад законам, імкненне да агульнай карысці. Падкрэсліваюцца гіст. здабыткі беларусаў і ўкраінцаў, даюцца цікавыя звесткі з гісторыі і культуры ВКЛ.
Літ.:
Сокал С.Ф. «Размова паляка з літвінам» // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №1.
С.Ф.Сакалова.
т. 13, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБ’ЁЎ (Павел Віктаравіч) (н. 7.11.1958, в. Рабавічы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1983). Працаваў у раённым і рэсп. друку. З 1994 у газ. «Мінская праўда». Друкуецца з 1976. Аўтар паэтычных зб-каў «Крытычная маса» (1990) і «Цёмнае віно» (1995).
т. 4, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТРА́Н ((Bertrand) Жазеф Луі Франсуа) (11.3.1822, Парыж — 3.4.1900),
французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1856), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1896, чл.-кар. з 1859). З 1862 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі груп. Аўтар падручнікаў па матэматыцы.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́-ЛЬ-АЛА́ ГАНДЖЭВІ́ (Абу-ль-Ула Ганджэві) Махмуд Нізамеддзін, азербайджанскі паэт 1-й пал. 12 ст. Пісаў на мове фарсі. Услаўляў феад. правіцеляў і іх прыбліжаных. Аўтар шматлікіх вершаў (пераважна ў жанры касыды), якія вызначаліся высокім паэтычным майстэрствам, адточанасцю і выразнасцю формы.
т. 1, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)