Багро́вы (ст.-бел. багровый, параўн. Бярында, 239: багровая фарба; у яго ж багрян ’баграны’, 228; багряни́ца, 217), ба́гра ’пурпурная фарба’ (Нас.), баграві́зна ’пляма ад удару на целе’, ба́гравіць ’крывавіць, пачырваніць’ (Нас.). Рус. ба́гор, багр ’пурпурны колер’, укр. ба́гор, ст.-слав. багрити, багръ, балг. ба́гря ’фарбую чырвоным’ і г. д. У зах.-слав. мовах гэтага слова няма. Паходжанне няяснае. Магчыма, роднаснае з грэч. φώγω ’пяку, смажу, абпальваю’, ст.-в.-ням. bahhan ’пячы’, Фасмер, 1, 103. Няпэўным з’яўляецца параўнанне Младэнава, 39, РФВ, 68, 373 з гал. baggaert ’твань’, слав. bag(ъ)no і балг. божу́р ’мак’. Неабгрунтавана Праабражэнскі, 1, 11 (< гоц. fagrs, ст.-в.-ням. fagar ’прыгожы’; супраць Фасмер, 1, 103). Локач (107) лічыць запазычаннем з араб. maġra ’прыродная чырвоная фарба’. Не пераконвае Львоў, ЭИРЯ, IV, 66–71: < ba‑gъr (ba‑ ўзмацняльная частка, gъr — да gorěti). БЕР, 1, 24–25: < і.-е. *bhōgh‑ro‑ (*bhāgh‑ro‑) ’тапіць, мачыць’ (параўн. грэч. βάπτω ’патапляю, таплю, акунаю’, βαπτός ’ярка пафарбаваны, яркага колеру’); Лапацін (Исслед. ист. лекс., 250–252) дадае і іншыя паралелі. Менгес (UAJb, 31, 177–178) стаіць за цюрк. крыніцу (яго падтрымлівае Трубачоў, Серболуж. сб., 160). Пашырэнне слова ва ўкр. дыялектах (параўн. назвы для кароў і валоў: багрі́й, ба́гря; для сліў: багру́ля і г. д.; для раслін: багри́на, багрове́ць) робіць няпэўнай думку аб запазычанні наогул гэтага слова з паўд.-слав. моў (так Цімчанка, 48; КЭСРЯ, 26).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́ЖА,

1) збудаванне са значнай перавагай вышыні над стараной ці дыяметрам асновы. Бываюць квадратныя, прамавугольныя, шматгранныя, круглыя і інш., пастаяннага або пераменнага сячэння, ярусныя.

Вядомыя ў архітэктуры Асірыі, Фінікіі, Стараж. Грэцыі і Рыма, у сярэднія вякі — у краінах паўн.-ўсх. і Сярэдняй Азіі, Арабскага Усходу, Каўказа. У сярэдневяковай Зах. і Паўн Еўропе вежа стала неад’емным элементам кампазіцыі гарадскіх умацаванняў, замкаў, храмаў раманскай і гатычнай архітэктуры, палацаў (вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі), ратушаў і інш. Сярод найб. яскравых прыкладаў — кампаніла ў Пізе (т.зв. падаючая Пізанская вежа, Італія, 1174—1372). Вежы былі характэрным элементам рус. і ўкр. абарончай (Маскоўскі, Смаленскі, Каломенскі, Яраслаўскі крамлі і інш.), грамадз. і культавай архітэктуры (званіцы Івана Вялікага ў Маскве, 1508—1600, у Кірылаўскім манастыры ў Кіеве, 18 ст.). У Прыбалтыцы вежы выкарыстоўваліся пры буд-ве замкаў і гарадскіх грамадз. і культавых збудаванняў (парахавая вежа ў Рызе, 17 ст., вежа «Доўгі Герман» у Таліне, канец 15 ст., вежа Гедзіміна ў Вільні 14 ст. і інш.). Сярод выдатных твораў рус. архітэктуры, у кампазіцыі якіх дамінуе вежа, Петрапаўлаўскі сабор (1712—33), Адміралцейства (1806—23) у С.-Пецярбургу.

На Беларусі абарончыя драўляныя вежы будаваліся на гарадзішчах ранняга жал. веку (в. Валадарск Рэчыцкага р-на). У стараж. гарадах Беларусі вежы ўваходзілі ў сістэму абарончых умацаванняў, часам выконвалі функцыю брамы. У 2-й пал. 13 ст. пабудаваны першыя мураваныя вежы — данжоны (Берасцейская вежа, Камянецкая вежа). З 14 ст. мураваныя 4-гранныя вежы, злучаныя з абарончымі сценамі, сталі адметнай асаблівасцю замкаў (Лідскі замак, Крэўскі замак), уключалі жылыя, гасп., культавыя (капліцы) памяшканні. Мураваныя замкавыя вежы ў архітэктуры стыляў готыкі і рэнесансу аздабляліся сістэмай нішаў, паяскоў, парэбрыкаў і інш. элементаў дэкору (Нясвіжская замкавая вежа). Заглыбленыя часткі сцен бялілі вапнай, выступы мелі натуральны колер чырвонай цаглянай муроўкі, што стварала 2-колернае вырашэнне фасадаў (Мірскі замкава-паркавы комплекс). Невысокія квадратныя і прамавугольныя ў плане вежы, прыстаўленыя да знешняга боку абарончых сцен і накрытыя 2-схільным дахам, наз. «бычкамі», высокія 8-гранныя — круглікамі. Існавалі шмат’ярусныя вежы, у якіх звычайна над ніжнімі чацверыковымі ярусамі будавалі васьмерыкі. Некаторыя драўляныя вежы завяршаліся ізбіцамі. Сцены абарончых вежаў прарэзваліся байніцамі, амбразурамі, машыкулямі. У 18 — пач. 20 ст. асобна пастаўленыя вежы выкарыстоўвалі ў палацава-паркавых кампазіцыях (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль), у манастырах і кляштарах. У 16 — пач. 20 ст. ў культавым дойлідстве былі найб. пашыраны вежы-званіцы (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл). Вежы з’яўляліся адным з гал. элементаў кампазіцыі ратуш (гл. Магілёўская ратуша, Віцебская ратуша). Круглыя або гранёныя вежы фланкіравалі па вуглах аб’ёмы культавых гатычных і рэнесансавых храмаў (Мураванкаўская царква-крэпасць) або ўтваралі на гал. фасадзе высокія званіцы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У барочных культавых будынках з 2-й пал. 17 ст. найб. пашыраны 2-вежавыя гал. фасады. У сучаснай бел. архітэктуры вежападобныя кампазіцыі выкарыстоўваюць пры вырашэнні буйных горадабудаўнічых задач (вежы-прапілеі ў ансамблі Прывакзальнай пл. ў Мінску). У жылой забудове верт. дамінанты — дамы вежавага тыпу.

2) Інж. збудаванні са сталі, жалезабетону, каменю, дрэва (тэлевізійныя вежы, воданапорныя вежы, радыёвежы, сіласныя і інш.). Канструкцыя вежы — звычайна прасторавая стрыжнёвая сістэма або жалезабетонная абалонка. Успрымаюць ветравыя, тэмпературныя і інш. нагрузкі. Разлічваюцца на трываласць, устойлівасць, дэфармавальнасць.

3) Засцерагальная (часта паваротная) канструкцыя з брані на баявых караблях, танках, бронеаўтамабілях, іншых баявых збудаваннях для ўстаноўкі зброі і прылад.

4) Вежы абслугоўвання ў касманаўтыцы — метал. канструкцыя, што забяспечвае доступ людзей і падачу прылад да касм. лятальных апаратаў. Перад стартам адводзіцца на бяспечную адлегласць ад пускавой сістэмы. Вышыня больш за 100 м. Некаторыя вежы аўтаномныя, маюць уласную электрастанцыю, ацяпленне, іншае інж. абсталяванне.

Ю.​А.​Якімовіч (архітэктура).

Пізанская вежа. 1174.
Вежа Палацца Век’ё ў Фларэнцыі. 14 ст.
Замкавая вежа ў Нясвіжы. 2-я пал. 16 ст.
Вежа царквы-крэпасці ў в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.
Вуглавая вежа замка ў г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл. 16 ст.
Вежа-званіца Троіцкага касцёла ў в. Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна. Канец 16 ст.
Тэлевізійная вежа вышынёй 550 м у г. Таронта (Канада).

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЕ САМО́А (самаанскае Samoa i Sisifo, англ. Western Samoa),

Незалежная Дзяржава Заходняе Самоа (самаанскае Malo Sa’oloto Tuto’atasi o Samoa i Sisifo, англ. Independent State of Western Samoa), дзяржава ў зах. ч. архіпелага Самоа ў Ціхім ак. (усх. ч. архіпелага займае ўладанне ЗША — Усходняе Самоа). Уключае а-вы Савайі (1,7 тыс. км²), Уполу (1,1 тыс. км²) і 7 дробных. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 2831 км². Нас. 167 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Апія. Дзярж. мовы — самаанская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. З.С. — канстытуцыйная манархія. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пажыццёвы кіраўнік дзяржавы — кароль. Паводле канстытуцыі пасля смерці караля манархія ў краіне будзе ліквідавана і Асамблея выбера кіраўніка дзяржавы тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — Заканад. Асамблея з 47 членаў, выбраных насельніцтвам на 3 гады (45 ад карэннага, 2 ад некарэннага насельніцтва). Асамблея выбірае прэм’ер-міністра, якія фарміруе кабінет міністраў з членаў Асамблеі.

Прырода. Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1885 м, в-аў Савайі). Шмат патухлых вулканаў, на в-ве Савайі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47% тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нац. парк Оле-Пупу-Пуэ на в-ве Уполу.

Насельніцтва. Самаанцы, народ палінезійскага паходжання, складаюць 90%. Жывуць таксама еўрапейска-самаанскія метысы (каля 9%), невял. групы кітайцаў і еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (71%) і католікі (22%). Сярэдняя шчыльн. нас. 59 чал. на 1 км², найб. населены ўзбярэжжы. 72% нас. жыве на в-ве Уполу. Гарадскога нас. 59% (1993). Моцная эміграцыя пераважна ў Новую Зеландыю. За мяжой жыве каля 90 тыс. самаанцаў.

Гісторыя. Астравы Самоа са стараж. часоў былі заселены палінезійцамі (на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э.). Адкрыты ў 1722 галандскім мараплаўцам Я.​Рогевенам. Іх даследавалі франц. экспедыцыі Л.​Бугенвіля (1768) і Ж.​Лаперуза (1787). У 1830 англ. місіянеры заснавалі тут евангелічную місію. У 1889 ЗША, Германія і Вялікабрытанія ўстанавілі трохбаковы пратэктарат пад Самоа, а ў 1899 ажыццявілі іх падзел, зах. частку атрымала Германія, усх. — ЗША; Вялікабрытанія адмовілася ад сваёй часткі на карысць Германіі за яе нейтралітэт у бурскай вайне. У 1914 акупіравана Новай Зеландыяй, якая ў 1920 атрымала ад Лігі нацый мандат на кіраванне З.С. З 1946 падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Новай Зеландыі. З 1962 незалежная дзяржава.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (занята больш за 70% працаздольнага насельніцтва). Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае 700—900 дол. ЗША за год. Апрацаваныя землі займаюць 42% пл. краіны. Гал. таварныя культуры: какосавая пальма (штогадовая вытв-сць копры 20—30 тыс. т), бананы (каля 25 тыс. т), какава (каля 2 тыс. т). Меншае значэнне маюць мускатны арэх, чорны перац, кава. На свае патрэбы вырошчваюць тара, ямс, батат, кукурузу, рыс, плады хлебнага дрэва, агародніну, апельсіны, ананасы, папайю, манга. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 30 тыс. галоў), свіней (каля 70 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі, вытв-сці адзення, абутку, харч. прадуктаў, сувеніраў, тытунёвых вырабаў, запалак і інш. Ёсць мылаварны і піваварны з-ды, швейная, мэблевая, тытунёвая, какосавага алею, кандытарская, марожанага, кока-колы ф-кі. Лесапрамысл. комплекс на в-ве Савайі. Народныя маст. промыслы і выраб сувеніраў. Штогод краіну наведвае каля 30—50 тыс. турыстаў пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі. Агульная працягласць аўтадарог 1800 км, з іх 260 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца ў асноўным марскім транспартам. Гал. порт — Апія. Гал. экспартныя тавары — какосавыя крэм і алей, копра, какава, кава, бананы, тара, піва, сокі, цыгарэты, драўніна. У імпарце пераважаюць прадукты харчавання, прамысл. і хім. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Германія, Японія. Вял. ролю адыгрываюць замежная дапамога і грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — тала (заходнесамаанскі долар).

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

Заходняе Самоа. Вёска на ўзбярэжжы.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСО́ ((Rousseau) Жан Жак) (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),

французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.

На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.​Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.​Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.​Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.​К.​Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.​Ясінскага і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;

Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;

Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.

Літ.:

Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;

Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ВА (Warszawa),

горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц. Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс. ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.

Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст. — паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл. Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл. Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.​Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл. Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.

Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.​Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.​Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.​Д.​Яўх, М.​Д.​Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.​Б.​Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.​Завадскі, Я.​Х.​Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.​Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.​Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.​Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.​П.​Айгнер, С.​К.​Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.​Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.​Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.​Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.​Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.​Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.​Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.​Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.​Роўб) і інш.

У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.​Каперніку (1828—30, Б.​Торвальдсен), А.​Міцкевічу (1898, Ц.​Гадэбскі), Ф.​Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.​Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.​Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.​Кастэн, Б.​Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.​Куцма) і інш.

У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац. б-ка, Гал. б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л. Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.​Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.

Літ.:

Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;

Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;

Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;

Encyklopedia Warszawy. Warszawa, 1994.

І.​В.​Загарэц (эканоміка), Н.​К.​Мазоўка (архітэктура).

Да арт. Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.
Да арт. Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт. Варшава. Барбакан. 1548.
Да арт. Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.
У гістарычным цэнтры Варшавы.
Да арт. Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.
Да арт. Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯНІ́ЗМ, асацыяцыянізм, асацыятыўная псіхалогія,

тэорыя ў псіхалогіі, паводле якой уся сукупнасць псіхічнага жыцця чалавека заснавана на асацыяцыях, гэта значыць сувязях паміж псіхічнымі ўтварэннямі — адчуваннямі, успрыманнямі, ідэямі.

На існаванне асацыяцый звярнуў увагу яшчэ Арыстоцель. Як тэарэт. сістэма асацыянізм сфарміраваўся гал. чынам у англ. эмпірычнай і сенсуалістычнай філасофіі 17—18 ст. (Т.​Гобс, Дж.​Лок, Д.​Юм, Д.​Гартлі, А.​Бэн). У 2-й пал. 19 ст. тэорыя развіта ў выніку эмпірычных даследаванняў псіхолагаў (Г.​Эбінгаўз, Т.​Зіен, Г.​Мюлер), сацыёлагаў (Г.​Спенсер), педагогаў (І.​Гербарт).

Асацыянізм — асноўная тэорыя ў класічнай псіхалогіі свядомасці. У новы час асацыянізм — псіхал. і гнасеалагічная тэорыя новага навук. прыродазнаўства, дзе чалавек і яго розум усведамляюцца як частка прыроды, якая праз розум і навуку авалодала законамі свету і самога розуму. На пач. 20 ст. ў крыху мадыфікаваным выглядзе асацыянізм пераняты прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму. Даследаванні працэсаў мыслення з канца 19 ст. выявілі абмежаванасць асацыянізму, крытыкавалі яго і прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі, якія сцвярджалі, што свядомасць і паводзіны чалавека падпарадкаваны законам структуры, а не асацыяцый.

Літ.:

Ивановский В.Н. Ассоцианизм психологический и гносеологический. Казань, 1909;

Рубинштейн С.Л. Бытие и сознание. М., 1957;

Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКА́ЛА-АМУ́РСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ (БАМ),

чыгунка ў Расіі; 2-і (пасля Транссібірскай чыгункі) больш кароткі чыгуначны выхад да Ціхага акіяна. Праходзіць праз Іркуцкую, Чыцінскую, Амурскую вобл., Хабараўскі край, рэспублікі Бурацкую і Саха (Якуція). Буд-ва пачалося ў 1930-я г., спынена ў 1961 у сувязі з ліквідацыяй БАМлага. З 1972 пачалася рэканструкцыя ўчастка БАМ (цяпер Бамаўская—Тында). У 1974—80 распачата буд-ва на зах. напрамку ад Камсамольска-на-Амуры і Ургала, на зах. і ўсх. напрамках ад Тынды, на ўсх. — ад Усць-Кута і Северабайкальска. У 1981—84 на некаторых участках адкрыты рабочы рух, асобныя канцавыя ўчасткі здадзены ў эксплуатацыю. У 1989 завершаны ўвод у эксплуатацыю ўсёй магістралі. 1.1.1981 створана Байкала-Амурская чыгунка з 3 аддзяленнямі — Паўн.-Байкальскім, Тындзінскім і Ургальскім. Агульная даўжыня гал. пуці БАМа больш за 3 тыс. км. На гэтым шляху пабудавана больш за 60 гарадоў і пасёлкаў, 200 станцый і раз’ездаў, больш за 4 тыс. мастоў і інш. збудаванняў, 9 тунэляў, у т. л. Паўн.-Муйскі даўж. 15,3 км. З Транссібірскай чыгункай БАМ злучаны 3 чыг. лініямі: БАМ — Тында, Вапняковая — Ургал, Валачаеўка — Камсамольск. Прадстаўнікі Беларусі будавалі на БАМе Муякан і самы паўн. ўчастак Тында—Беркакіт. Гл. схему.

С.​А.​Казак-Антаневіч.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ АБСЕРВАТО́РЫІ,

навукова-даследчыя ўстановы па вывучэнні нябесных аб’ектаў і з’яў. Абсталёўваюцца астранамічнымі інструментамі і прыладамі, спец. лабараторыямі і сродкамі выліч. тэхнікі, могуць спецыялізавацца на пэўных кірунках даследаванняў у залежнасці ад віду ўстаноўленага тэлескопа (напр., сонечныя тэлескопы, спектрагеліёграфы, сонечныя магнітографы і інш.). Навук. даследаванні каардынуюцца Міжнародным астранамічным саюзам.

Астранамічныя абсерваторыі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Рэшткі стараж. астр. збудаванняў знаходзяцца ў Англіі, Арменіі, Мексіцы, Узбекістане і інш. Найстарэйшыя дзеючыя астранамічныя абсерваторыі — Парыжская (1667), Грынвічская (1675, Англія), Пулкаўская (1839, Расія), у 1753—1876 дзейнічала Віленская астранамічная абсерваторыя. Самыя вялікія астранамічныя абсерваторыі: на Гавайскіх а-вах (буйнейшы ў свеце тэлескоп, дыяметр люстра 10 м), Спец. астрафізічная абсерваторыя Расійскай АН (Паўн. Каўказ, станіца Зелянчукская; тэлескоп з дыяметрам люстра 6 м і самы вял. ў свеце радыётэлескоп), Маўнт-Паламарская астранамічная абсерваторыя (штат Каліфорнія, ЗША; тэлескоп з дыяметрам люстра 5 м), Нац. абсерваторыя Кіт-Пік (ЗША; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Паўднёвая астранамічная абсерваторыя ЗША (у Чылі; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Гал. астранамічная абсерваторыя Расійскай АН (Пулкава, пад г. Санкт-Пецярбург), Крымская, Бюраканская (Арменія), Абастуманская (Грузія) астрафізічныя абсерваторыі, Радыёастрафізічная абсерваторыя АН Латвіі і інш. З развіццём касманаўтыкі ствараюцца арбітальныя Астранамічныя абсерваторыі на ШСЗ і касм. станцыях.

Г.​П.​Макеева.

т. 2, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СТРАХАНЬ,

горад у Расіі, цэнтр Астраханскай вобл., у дэльце р. Волга. 508,0 тыс. ж. (1994). Рачны і марскі порт, чыг. вузел, аэрапорт. Цэнтр рыбалоўства і рыбаапрацоўкі. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкатажная, абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць кавальска-прэсавага, халадзільнага абсталявання і інш.). Развіта дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім. прам-сць, 4 ВНУ. НДІ рыбнай гаспадаркі і акіянаграфіі.

Першыя звесткі пра Астрахань як татарскую вёску Аштархан (на правым беразе Волгі за 12 км ад сучаснай Астрахані) адносяцца да 13 ст. У 1395 спалена войскам Тамерлана. У 1459—1556 гал. горад Астраханскага ханства. У 1557 далучана да Расіі. У 1558 у Астрахані пабудавана рус. крэпасць. У 1605—06 захоплена і разрабавана данскімі і церскімі казакамі, у 1670 — войскамі С.​Разіна. З 1717 губ. горад, з 1785 абл. горад Каўказскага намесніцтва. У 1-й чвэрці 18 ст. тут створаны ваен. флот, адміралцейства, верфі, порт. З 1943 цэнтр Астраханскай вобласці. Захаваўся крэмль (1580—1620) з Успенскім (1698—1710) і Траецкім (канец 16—18 ст.) саборамі і інш. помнікі архітэктуры. Карцінная галерэя, музей.

Астрахань.
Да арт. Астрахань. Успенскі сабор. Арх. Д.​Мякішаў. 1698—1710.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 16—18 ст.,

войны паміж аўстрыйскімі Габсбургамі і Асманскай імперыяй гал. ч. за паўн. частку Балканскага п-ва і тэр. Венгерскага каралеўства. Паводле мірнага дагавору 1533, якім завяршылася вайна 1532—33, да Аўстрыі адышлі землі на З і ПнЗ Венг. каралеўства. У выніку вайны 1540—47 Венг. каралеўства было расчлянёна на некалькі частак: зах. і паўн. — пад уладай Габсбургаў, цэнтр. — пад кіраўніцтвам намеснікаў султана і ўсх., дзе правіцелямі былі тур. васалы. Войны 1551—62 і 1566—68 з-за Трансільваніі не прывялі да істотных тэр. змен. Вайна 1592—1606 вызваліла Аўстрыю ад штогадовай даніны тур. султану. Пасля вайны 1660—64 тур. войскі выведзены з Трансільваніі, але ўлада султана захавалася. У войнах 1683—99 і 1716—18 Асманская імперыя пацярпела паражэнне ад антытурэцкай кааліцыі (Аўстрыя, Польшча, Венецыя, з 1686 і Расія), панесла буйныя тэр. страты (гл. ў арт. Карлавіцкі кангрэс 1698—99, Пажаравацкія мірныя дагаворы 1718). У выніку вайны 1737—39 Аўстрыя вярнула Турцыі землі ў Сербіі і Валахіі (Бялградскі мір 1.9.1739), пасля вайны 1788—90 (сепаратны Сістаўскі дагавор 1791) усе занятыя Аўстрыяй тэрыторыі, за выключэннем крэпасці Хоцін з акругай, вернуты Турцыі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)