ДЭШЫФРА́ТАР (ад франц. dēchiffrer разбіраць, разгадваць),
прылада для аўтам. расшыфроўкі кода (дэкадзіравання) паведамленняў. Пераўтварае даныя ў зыходную форму, якую яны мелі да кадзіравання (шыфравання).
Інфармацыя. што паступае на ўваходы Д., пераўтвараецца і на адпаведным выхадзе (ці групе выхадаў) вылучаецца сігнал, які паказвае прыкмету (або змест) уваходнага сігналу, напр. код прынятага ліку пераўтварае ў сігнал кіравання пэўным каналам сувязі (калі лік мае n двайковых разрадаў, Д. можа мець да 2n выхадаў), код аперацыі — у кіроўны сігнал, код адраса — у сігнал выбаркі адпаведнай ячэйкі памяці запамінальнага прыстасавання ЭВМ і інш. Бываюць патэнцыяльныя, імпульсныя і патэнцыяльна-імпульсныя; паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць паралельныя, паслядоўныя і паралельна-паслядоўныя, паводле будовы — лінейныя, пірамідальныя і прамавугольныя. Выкарыстоўваюцца ў радыё-, выліч. і вымяральнай тэхніцы, тэлеф. і тэлегр. сувязі, тэлекіраванні і інш.Гл. таксама Дэкодэр, Дэтэктар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЕ́ЖНЫЯ ГРАМАДЗЯ́НЕ,
асобы, якія не з’яўляюцца грамадзянамі пэўнай дзяржавы і маюць доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства замежнай краіны. Іх прававое становішча вызначаецца нац. заканадаўствам дзяржавы месцазнаходжання і заключанымі міжнар. дагаворамі і пагадненнямі. Нац. заканадаўства звычайна адрознівае некалькі катэгорый З.г.: якія пастаянна пражываюць на тэр. дзяржавы, якія часова знаходзяцца ў дзяржаве, замежныя прадстаўнікі, якія валодаюць дыпламат. імунітэтам, бежанцы. Прававое становішча кожнай катэгорыі мае свае асаблівасці. У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі З.г. вызначаюцца Канстытуцыяй, адпаведным законам, міжнар. дагаворамі. З.г. на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі (у прыватнасці, З.г. не валодаюць выбарчым правам, не могуць прымаць удзел у рэферэндумах, пазбаўлены абавязкаў ваен. службы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРУ́ДНЫ (Мікола) (Мікалай Якаўлевіч; н. 20.8.1921, в. Арэхавец Кіеўскай вобл.),
украінскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1942). Дэбютаваў аповесцю «Мае землякі» (1950). Аўтар зб. апавяданняў «Святло» (1961), раманаў «На белым свеце» (1967), «Уран» (1970), «Гілея» (1973), гіст. драмы «За Сібір’ю сонца ўсходзіць» (1980) і інш. У п’есах «На крутых берагах» (1955), «Калі ты любіш» (1959), «Мёртвы бог» (1960), «Востраў тваёй мары» (паст. 1962, выд. 1963), «Фартуна» (паст. і выд. 1966) і інш. мастацкае асэнсаванне актуальных праблем сучаснасці, сац. і духоўных пераўтварэнняў на вёсцы, падзей Вял.Айч. вайны. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1978. На бел. мову асобныя творы З. пераклаў А.Макаёнак.
Тв.:
Твори. Т. 1—4. Київ. 1981—82;
Бел.пер. — «За Сібір’ю сонца ўсходзіць...» // Полымя. 1982. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШУРО́ЧНАЯ РАБО́ТА,
работа, якая выконваецца па распараджэнню або з ведама наймальніка звыш устаноўленай працягласці рабочага часу. З.р., як правіла, не дапускаецца. Працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь абмяжоўвае яе і ўстанаўлівае вычарпальны пералік выключных выпадкаў, калі З.р. могуць быць дазволены. Прыцягненне да З.р. дапускаецца толькі са згоды работніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам або калектыўным дагаворам, пагадненнем. З.р. без згоды работніка дапускаюцца: пры правядзенні работ для прадухілення грамадскага або стыхійнага бедства, вытв. аварыі і неадкладнай ліквідацыі іх вынікаў, папярэджання няшчасных выпадкаў, аказання экстраннай мед. дапамогі работнікамі ўстаноў аховы здароўя, пры правядзенні грамадска неабходных работ па забеспячэнні насельніцтва вадой, асвятленнем, ацяпленнем. сувяззю і да т.п. Пэўныя катэгорыі работнікаў (цяжарныя жанчыны, жанчыны, якія маюць малых дзяцей, непаўналетнія, інваліды, хворыя) да З.р. не дапускаюцца. Працягласць З.р. таксама абмежавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАВЕ́РНАСНАЯ ЛО́ГІКА,
лагічная сістэма, у якой выказванням (суджэнням, сцвярджэнням, сказам) акрамя значэнняў ісціны і няісціны могуць прыпісвацца «прамежкавыя» значэнні, якія называюць імавернасцямі ісціннасці выказванняў, ступенямі іх праўдападобнасці, ступенямі пацвярджэння і інш. Уяўляе сабой удакладненне індукцыйнай логікі і адзін з відаў мнагазначнай логікі. Ісцінным выказваннем (верагодным падзеям) прыпісваецца ісціннаснае значэнне (імавернасць) — 1, няісцінным выказванням (немагчымым падзеям) — 0. Значэннем выказванняў І.л., што разглядаюцца як гіпотэзы, можа быць любы сапраўдны лік паміж 0 і 1. Вылічэнне імавернасцей складаных гіпотэз, калі вядомы імавернасці выказванняў, якія іх складаюць, робіцца па правілах матэм. вылічэння імавернасцей. Праблематыка Іл. ў стараж.-грэч. філасофіі распрацоўвалася Арыстоцелем, у Новы час — Г.Лейбніцам, Дж.Булем, У.Джэвансам, Дж.Венам. Сучаснае развіццё грунтуецца на сувязі тэарэтыка-імавернасных паняццяў з ідэямі тэорыі інфармацыі і лагічнай семантыкі. Гл. таксама Імавернасцей тэорыя, Імавернасць, Матэматычная логіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + нервы),
забяспечанне органаў і тканак нервамі, якія ажыццяўляюць іх сувязь з цэнтральнай нервовай сістэмай. Адрозніваюць І. аферэнтную (цэнтраімклівую) і эферэнтную (цэнтрабежную). Сігналы аб стане органаў успрымаюцца чуллівымі нерв. канчаткамі (рэцэптарамі) і перадаюцца ў ц. н. с. па цэнтраімклівых валокнах, па цэнтрабежных ідуць у адказ імпульсы ад ц. н. с., якія каардынуюць дзейнасць органаў. Роля ц. н. с. ў рэгуляцыі розная. Напр., калі перарэзаць нерв. валокны, якія ідуць да мышцы (дэнервацыя), без сігналаў жыццезабеспячэння настае атрафія органа. Іншыя органы (сэрца, кішэчнік) маюць здольнасць часткова дзейнічаць пад уплывам імпульсаў у самім органе (аўтаматызм). З дапамогай І. ажыццяўляюцца рэакцыі арганізма на змену навакольнага і ўнутр. асяроддзя, забяспечваюцца рэгуляцыя і каардынацыя дзейнасці органаў, сістэм і адаптацыя мнагаклетачных арганізмаў да ўмоў існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛЕКТУА́ЛЬНАЯ ПРА́ЦА,
творчая, нестандартная, разумовая праца, якая патрабуе ад чалавека развітога мыслення, шырокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі; найб. складаны від разумовай працы ў параўнанні з прыкладной, выканаўчай, стэрэатыпнай. Да І.п. належыць праца вучоных, канструктараў, творчай інтэлігенцыі, людзей, звязаных з абслугоўваннем высокатэхнал. вытв-сці і інш. У асобных выпадках яна спалучаецца з фіз. (праца пілотаў, касманаўтаў, хірургаў, наладчыкаў камп’ютэрнага абсталявання і інш.). Гіст. перадумовы ўзнікнення І.п. — патрэба чалавецтва ў навук. адкрыццях, канструяванні машын, стварэнні новых тэхналогій і інш. У працэсе развіцця вытв-сці адбыўся падзел разумовай і фіз. працы. Паступова разумовая праца набыла рысы І.п. Асаблівае развіццё яе адбылося ў 2-й пал. 20 ст., калі навука стала вызначальным фактарам вытв-сці і інш. сфер грамадскага жыцця (ахова здароўя, адукацыя, культура і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯў музыцы,
гукавая рэалізацыя нотнага тэксту ў працэсе выканання. Залежыць ад сістэмы эстэт. прынцыпаў пэўнага кірунку муз. мастацтва і асаблівасцей нац. школы, да якіх належыць выканаўца. Артыст (спявак, дырыжор, інструменталіст) сродкамі выканальніцкага майстэрства на аснове індывід. падыходу і ўласнай творчай канцэпцыі раскрывае сэнс муз. твора, закладзены аўтарам.
Мастацтва І. вядома з сярэдзіны 18 ст., калі музыканты, акрамя ўласных твораў, пачалі выконваць творы інш. аўтараў. Значэнне яго павялічылася ў 19 ст. з развіццём канцэртнай дзейнасці, узнікненнем розных стыляў муз. выканальніцтва і звязаных з імі псіхал., тэхнал. і ідэйна-маст. праблем. Тэорыя муз. І. з’яўляецца адной з галін музыказнаўства. Вывучаюць І. на падставе даследавання мемуарнай і эпісталярнай л-ры, узораў гуказапісу, аналізу транскрыпцый і апрацовак муз. твораў вядомымі выканаўцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫБУ́Т (у хрышчэнні Дзмітрый; ? — пасля 1404),
князь з дынастыі Гедзімінавічаў. Сын вял. князя ВКЛАльгерда і Юльяны Цвярской. Упершыню ўпамінаецца ў 1382, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і інш. падпісаў дагавор з крыжакамі на р. Дубіса. У 1386 у Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу. У 1390 дапамог яму пры аблозе Гродна, за што атрымаў у дзяржанне г. Ліда. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вял. князю ВКЛ, у 1392 разбіты яго войскамі, узяты ў палон, адпушчаны, але страціў Новагародскае княства. У хуткім часе памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз упамінаецца ў 1404 як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча, з ёй меў сыноў Івана, Жыгімонта, Фёдара (гл.Карыбутавічы). У гістарыяграфіі часта блытаюць К. і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ІТУС (ад лац. coitus савакупленне),
генітальны кантакт двух індывідуумаў з мэтай прадаўжэння роду і палавога задавальнення. Мае 4 стадыі: псіхічную (палавая дамінанта, узбуджэнне), высокага палавога ўзбуджэння, нарастання вастрыні сексуальнага ўзбуджэння, спаду нерв. ўзбуджэння з рэфрактарным перыядам у мужчын (перыяд абсалютнай — поўная адсутнасць эрэкцыі — і адноснай няўзбудлівасці). Кожная наступная стадыя ўзнікае і падключаецца, калі папярэдняя дасягнула пэўнай вышыні развіцця. Вышэйшая ступень палавога акта — аргазм. К. выклікае ўзмацненне кровазвароту, змены ў сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, эндакрыннай і інш. сістэмах мужчыны і жанчыны. Асн. крытэрыі цыкла К. — нейрагумаральная гатоўнасць, палавое ўзбуджэнне, эрэкцыя, перабудова ўсіх сістэм арганізма; значна меншае значэнне маюць частата палавых актаў, іх працягласць і інш. колькасныя паказчыкі. Адрозніваюць К. гетэрасексуальны, гомасексуальны, перапынены, пралангіраваны (адвольна зацягнуты), няпоўны (адсутнасць эякуляцыі і аргазму). Пры парушэнні ў палавым акце неабходна кансультацыя ўрача-сексапатолага.