Рэспубліка Маршалавы Астравы (Republic of the Marshall Islands), дзяржава на аднайм. астравах у Ціхім ак., на Пн ад экватара. Пл. 181 км². Hac. 63 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — маршальская і англійская. Сталіца — г. Маджура (Далап-Уліга-Дарыт) на аднайм. атоле. Падзяляецца на 25 раёнаў. Нац. свята — Дзень Канстытуцыі (1 мая).
Дзяржаўны лад. М.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пытанні абароны і знешняй палітыкі належаць да прэрагатывы ЗША. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам са свайго складу на 4 гады. Заканад. ўлада ў лакальных справах належыць парламенту (33 дэпутаты), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады.
Прырода. Налічваецца 34 атолы, якія аб’ядноўваюць 1150 дробных нізінных каралавых астраўкоў і рыфаў; падзяляюцца на 2 групы — Ралік (на З, 18 атолаў), Радак (на У, 16 атолаў). Астравы працягнуліся з Пн на Пд і з З на У на 1500 км, раскіданы ў цэнтр. частцы Ціхага ак. на пл. больш за 2 млн.км². Макс. вышыні не перавышаюць 5 м. У склад астравоў уваходзіць адзін з найб. атолаў у свеце — Кваджалейн (пл. сушы 16,4 км², пл.ўнутр. лагуны 1683 км²). Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. На Пн выпадае 1500—2000 мм ападкаў (максімум у ліп.—ліст.), на Пд — да 4500 мм. На Пн бываюць засушлівыя перыяды, на Пд у ліп.—снеж. здараюцца трапічныя цыклоны. Рэк і ручаёў няма. Пераважае культурная расліннасць, гаі какосавых пальмаў. Берагі ўнутр. лагун атолаў акаймаваны мангравымі зараснікамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы-маршальцы складаюць 92%. Жывуць таксама амерыканцы, палінезійцы, кітайцы і інш. Вернікі пераважна пратэстанты (90%) і католікі. Сярэднегадавы прырост 3,8%. Сярэдняя шчыльн. 348 чал. на 1 км². Больш за палавіну насельніцтва засяроджана на в-ве Маджура (пл. 30 км²), дзе знаходзіцца адзіны г. Маджура (каля 30 тыс.ж.). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. Першыя еўрапейцы з’явіліся на М.А. у 1529 (ісп. экспедыцыя А.Сааведры), у 1788 даследаваны англічанінам Дж.Маршалам (адсюль назва). У 1855 афіцыйна перададзены Іспаніі, якая пасля іспана-амерыканскай вайны 1898 прадала іх Германіі. У 1914 астравы акупіравала Японія, якая ў 1920 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне імі. У 2-ю сусв.вайну акупіраваны ў 1945 ЗША 3 1947 паводле рашэння Савета Бяспекі ААН падапечныя тэр. ЗША (у складзе падапечнай тэр. Ціхаакіянскія астравы). З 1979 Рэспубліка М.А. 3 1983 «свабодная асацыіраваная» з ЗША тэрыторыя. У 1986 спынена апекаванне ЗША, астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне 3 1991 член ААН.
Гаспадарка. М.А. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Асн. таварная культура — какосавая пальма. Копра з яе пладоў ідзе на продаж. Невял. таварнае значэнне мае вырошчванне агародніны, фруктаў (цытрусавых, папайі, манга, ананасаў), чорнага перцу. На свае патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства. Большасць прамысл. прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Перапрацоўка копры, мылаварная ф-ка, вытв-сць алею з какосавых арэхаў. Ёсць рыбакансервавыя прадпрыемствы, лесапільні і верфі па буд-ве невял. суднаў і лодак. Невял. здабыча фасфарытаў на атоле Аілінглапалап. Вытв-сць электраэнергіі — 80 млн.кВт∙гадз. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Большасць валютных паступленняў ад замежнага турызму. Турыстаў (пераважна з ЗША і Японіі) сюды прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. Транспарт пераважна марскі і авіяцыйны. На астравах 23 аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Горад і порт Маджура звязаны рэгулярнымі авіярэйсамі з Гавайскімі а-вамі і в-ам Гуам. Штогадовы экспарт каля 20 млн.дол., імпарт — каля 70 млн. долараў. У экспарце пераважаюць какосавы алей, копра, рыбныя кансервы, каралы, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры ЗША і Японія.
Дадатковай крыніцай даходу з’яўляецца рэгістрацыя гандл. суднаў замежных краін (з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў заканадаўства), выпуск паштовых марак. М.А. атрымліваюць фін. дапамогу, а таксама плату за арэнду ваенных і навук. аб’ектаў, у т. л. станцыі назірання за запускам штучных спадарожнікаў і ракет, ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКА АБАРО́НА 1941у Вялікую Айчынную вайну.
Вялася 25—28 чэрв., складалася з кароткачасовых жорсткіх баёў вакол Мінскага ўмацаванага раёна. Абарону на З ад горада трымалі войскі 44-га (камдыў В.А.Юшкевіч), на Пн — 2-га (ген.-м. А.М.Ермакоў) стралк. карпусоў 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў) Зах. фронту, а таксама 16-ы Дзяржынскі пагранатрад (маёр А.А.Аляксееў). Іх падмацоўвалі 151-ы карпусны і 301-ы гаўбічны артпалкі, 7-я брыгада ППА, 42-я далёкабамбардзіровачная дывізія і інш. 23—24 чэрв. варожы паветр. дэсант захапіў ст. Аляхновічы, атрады 3-й танк. групы (ген.-палк. Г.Гот) занялі Радашковічы, 25 чэрв. — Валожын і Ракаў. 23 чэрв.ням. самалёты бамбілі аэрадром у Лошыцы, чыг. вакзал, інш. аб’екты; раніцай 24 чэрв. пачаліся масіраваныя налёты. За 3 дні ням. самалёты, якія пастаянна віселі над горадам, знішчылі 21% (4 км²) гар. забудовы, загінулі сотні жыхароў. Пачаўся масавы адыход насельніцтва з Мінска. Раніцай 26 чэрв. пад Астрашыцкім Гарадком і Смалявічамі немцы скінулі буйны паветр. дэсант, ад Радашковіч у гэтым напрамку пачаліся атакі ням. танкаў і мотапяхоты. Ад Маладзечна войскі ням. 39-га (ген. Р.Шміт) танк. корпуса рушылі на У, злучыліся з дэсантам і захапілі Астрашыцкі Гарадок. Для ліквідацыі пагрозы сюды былі накіраваны 100-я (ген.м. І.М.Русіянаў) і 161-я (палк. А.В.Міхайлаў) стралк. дывізіі; амаль без гармат воіны бутэлькамі з бензінам здолелі адбіць некалькі атак варожых танкаў і ліквідаваць прарывы. Асобныя ням. атрады 7-й танк. дывізіі (ген. Х. фон Функ) абышлі правы фланг абароны і вечарам 26 чэрв. захапілі Смалявічы, перарэзалі Маскоўскую шашу і перапынілі паток бежанцаў. На ПнЗ ад горада абарону ўтрымлівала 64-я стралк. дывізія (палк. С.І.Іаўлеў), у т. л. 30-ы стралк. полк (палк. А.І.Яфрэмаў). Да 28 чэрв. не спыняліся баі ў Заслаўі, дзе контратакаваў 159-ы стралк. полк (падпалк. А.І.Бялоў), Раніцай 27 чэрв. рух на Магілёўскай шашы перапыніў ням.паветр. дэсант, на Баранавіцкім напрамку моцны ўдар ад Стоўбцаў нанесла 17-я танк. дывізія 17-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген.-палк. Г.В.Гудэрыяна. Вечарам 27 чэрв.ням. мотапяхота выбіла частку 108-й стралк. дывізіі (ген.-м. А.І.Маўрычаў, Н.І.Арлоў) з Фаніпаля. Баявыя дзеянні сав. войск на Пн ад Мінска спачатку разгортваліся паспяхова: былі стрыманы атакі на Ракаўскай шашы, вораг адкінуты на 10 км да в. Беларучы, заняты Астрашыцкі Гарадок. Але вечарам 27 чэрв. сустрэчнымі ўдарамі ням. войскі адрэзалі ад асн. сіл 5 сав. батальёнаў, з З нанеслі ўдар на Сёмкаў Гарадок, прарвалі пазіцыі 30-га стралк. палка, стварылі пагрозу для левага фланга 2-га стралк. корпуса. У выніку масіраваных удараў авіяцыі, дзеянняў варожых дэсантаў, нападу ворага на штабы 13-й арміі, 44-га стралк. корпуса і інш. было страчана кіраванне значнай часткай войск, што абаранялі Мінск, прарвана апошняя лінія абароны ўздоўж р. Пціч. Таму ў ноч на 28 чэрв. пачалося адступленне сав. войск за р. Волма і Ратамка. Раніцай 28 чэрв. з Пд у горад увайшлі атрады ням. 17-й, з Пн — 20-й (ген. Штумпф) танк. дывізій, якія злучыліся і стварылі знешняе кальцо акружэння вакол асн. масы войск Зах. фронту (гл. ў арт.Навагрудскі «кацёл»). На досвітку 2 ліп. абаронцы Мінскага ўмацаванага раёна трыма калонамі пад агульным камандаваннем ген.-лейт. В.І.Кузняцова і Іаўлева прарваліся на У ад Дзяржынска, на наступны дзень — рэшткі 603-га стралк. палка з Астрашыцкага Гарадка. М.а., як і ўсе абарончыя дзеянні войск Зах. фронту, стала катастрофай для Чырв. Арміі (паводле рашэння Ваен. калегіі Вярх. суда СССР Дз.Р.Паўлаў і інш. кіраўнікі фронту прыгавораны 22 ліп. да пакарання смерцю), а таксама для насельніцтва Беларусі, у т. л. жыхароў Мінска, значная частка якіх загінула або пакінула горад. Разам з тым герм. армія страціла пад Мінскам некалькі тысяч салдат, больш за 300 танкаў і 4 дні часу. Сав. войскі панеслі значна большыя страты ў жывой сіле, але захавалі асн. баяздольнасць. У вер. 1941 за ўдзел у абароне Мінска і пераможныя баі пад Ельняй найменні гвардзейскіх нададзены дывізіям 100-й (стала 1-й), 161-й (стала 4-й), 64-й (стала 7-й).
Літ.:
Акалович Н.М. Они защищали Минск. 2 изд. Мн., 1987;
Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ПОЛКу Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партыз. сіл у тыле ворага. На тэр. Беларусі меў абмежаванае пашырэнне. Колькасць партызан, узбраенне і структура кіравання амаль такія, як у партызанскай брыгадзе. Звычайна полк падзяляўся на батальёны, роты, узводы і аддзяленні. Дзейнічала 14 палкоў, з іх 11 арганізацыйна ўваходзілі ў склад ваенна-аператыўных груп (ВАГ), 3 дзейнічалі самастойна (Смаленскі, 208-ы імя Сталіна, «Трынаццаць»). Усе палкі, за выключэннем Смаленскага і «Трынаццаць», будаваліся па адзінай структуры, распрацаванай штабам ВАГ пры Магілёўскім падп. абкоме КП(б)Б. Палкі мелі штаб, 1—2 дыверсійныя ўзводы, падраздзяленні баявога і матэрыяльнага забеспячэння, некаторыя — шпіталь, пасадачныя авіяпляцоўкі або пляцоўкі для прыёму авіягрузаў. Артылерыя і станковыя кулямёты ў залежнасці ад колькасці ствалоў у палках аб’ядноўваліся ў роту цяжкай зброі або ўключаліся ў склад стралк. рот чацвёртымі агнявымі ўзводамі. Пасля злучэння з Чырв. Арміяй БШПР вызначыў палкі як брыгады. На Беларусі дзейнічалі П.п.: 15-ы [жн. 1943—28.6.1944; у Кармянскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Бярэзінскім, Клічаўскім, Прапойскім, Чавускім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір А.С.Дзямідаў; камісар І.П.Ніжнік; нач. штаба І.І.Вішнеўскі (загінуў), П.А.Віліткевіч], 113-ы (студз. — 30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры К.М.Белавусаў, З.П.Гапонаў; камісар Дз.Я.Альховік; нач. штаба І.Ф.Хазаў), 121-ы імя А.М.Касаева [ліст. 1943—30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры А.М.Касаеў (загінуў), А.А.Ільінскі; камісар І.М.Іваноў; нач. штаба В.М.Саўчанка, М.М.Гарусаў], 122-і «За Радзіму» (кастр. 1943—30.6.1944; у Бялыніцкім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір А.І.Ліпскі; камісар М.Ф.Кручынін; нач. штаба П.А.Сікорскі, М.А.Салтаказін), 152-і (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Дз.Грыцан; камісары К.Н.Шыбанаў, І.С.Зычкоў; нач. штаба І.Б.Рутман, К.В.Еўтуховіч), 208-ы імя І.В.Сталіна (30.8.1943—11.7. 1944; у Быхаўскім. Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Крупскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім р-нах Мінскай, Ганцавіцкім, Лагішынскім, Пінскім, Целяханскім р-нах Пінскай абл.; камандзір Я.М.Бяспоясаў, камісар Р.І.Шчарбакоў, нач. штаба П.Ф.Бадачэнка), 255-ы (ліст. 1943—28.6.1944; у Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзір В.А.Мінайлаў; камісары А.Н.Захарава, В.У.Паўлаў; нач. штаба І.А.Ярымаў), 277-ы (вер. 1943—28.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзіры І.З.Ізох, М.П.Коканцаў; камісары І.М.Гершовіч, М.І.Кніга, А.М.Радзюк; нач. штаба С.Ц.Токараў), 425-ы (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір Ф.Ф.Сухаў; камісар Ц.І.Ляўшынскі; нач. штаба В.П.Юхнаў, Ц.Я.Сакалоўскі), 537-ы [кастр. 1943—27.6. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір С.Дз.Баркоўскі; камісар Ф.Ф.Дабравольскі; нач. штаба А.А.Вязальшчыкаў, М.Н.Дрозд (загінуў), М.А.Леў], 600-ы (студз. — 30.6.1944; у Бялыніцкім, Бярэзінскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір Г.Ф.Меднікаў; камісар В.Ц.Някрасаў; нач. штаба В.Дз.Швагрынаў, А.А.Станкевіч), 810-ы (кастр. 1943—24.2. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Л.Максімаў-Лебедзеў, камісар Дз.А.Смагін, нач. штаба А.Р.Феакцістаў), Смаленскі [ліп. 1942—3.7.1944; у Куранецкім р-не Вілейскай, Сенненскім, Талачынскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах Віцебскай абл.; Дзямідаўскім, Касплянскім р-нах Смаленскай вобл. (Расія); камандзір І.Ф.Садчыкаў, камісар А.Ф.Юр’еў; нач. штаба Г.П.Дамарацкі, П.Г.Міняеў], «Трынаццаць» [чэрв. 1942—1.6.1944; у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай абл.; камандзіры С.У.Грышын, С.В.Пахомаў (в.а.); камісар І.А.Стралкоў; нач. штаба І.В.Узлоў (загінуў), С.П.Скварцоў].
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне,1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 476—479.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ВЫ,
горад, цэнтр Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., на р. Мядзелка. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Вільнюс (Літва); вузел аўтадарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Мядзел, курортны пас. Нарач і інш. За 250 км ад Віцебска. 21,1 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1552 як прыватнае мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. Належалі магнатам Дэшпатам-Зяновічам. У 1628 у П. 66 двароў. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у П. засталося 5 двароў. У 2-й пал. 18 ст. П. перайшлі да надворнага падскарбія ВКЛ А.Тызенгаўза, па ініцыятыве якога тут пабудаваны ф-кі, ткацкія майстэрні, млын, гарбарня, арх. комплекс з жылых дамоў, гандл. радоў і палаца. З 1775 у П. адбываліся сесіі гродскага пав. суда. У 1780-я г. створана свецкая школа з сярэдняй ступенню навучання. У 1782—85 у П. дзейнічала тэатр. школа Тызенгаўза, пераведзеная з Гродна. З 1791 П. — горад, цэнтр Завілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1793 у складзе Рас. імперыі, горад, да 1796 цэнтр павета, пасля мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. 22.1.1796 П. атрымалі герб: у блакітным полі рыбацкая сетка, уверсе 3 залатыя рыбы, галовамі на дол. У 1-й пал. 19 ст. працавалі папяровая ф-ка (засн. ў 1728), сукнавальня, 2 млыны, штогод праводзіліся 7 кірмашоў; засн. арніталагічны музей і карцінная галерэя (у 1840 больш за. 60 палотнаў). Пасля пабудовы ў 1897 чыг. лініі Крулеўшчына—Пабрадзе (Літва) П. — станцыя, 2397 ж. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 П. ў складзе Польшчы, павятовы горад Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, 3,4 тыс.ж. З 15.1.1940 цэнтр раёна ў Вілейскай вобл. У Вял.Айч.вайну з 6.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 3688 чал. Горад вызвалены 5.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў ходзе Шаўляйскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл. 10,6 тыс.ж. у 1959, 15,1 тыс.ж. у 1970.
У 1552 пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай (адноўлены ў 1760, не захаваўся). Паводле інвентара 1628 цэнтрам П. была гандл. плошча (стаялі касцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў гандляроў і рамеснікаў). Па-за межамі мястэчка існаваў сядзібны комплекс. Пасля 1640 на востраве (на ПнУ ад цэнтра), утвораным выгінам р. Мядзелкі і каналам, пабудаваны кляштар францысканцаў з касцёлам (не захаваліся). У 2-й пал. 18 ст. А.Тызенгаўз правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка на падставе рэгулярнага плана. Яго цэнтрам стала гандл. плошча, у планіроўцы якой удзельнічаў італьян. архітэктар Дж.Сака. Пабудаваны палац, на У ад яго разбіты парк пейзажнага тыпу (гл.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс), на рынку — ансамбль мураваных дамоў рамеснікаў, урача, аўстэрыя, гандл. рады і інш. (гл.Пастаўскі архітэктурны ансамбль). Ад плошчы адыходзілі ў радыяльных напрамках 4 вуліцы. Рэгулярныя кварталы на перыферыі мелі драўляную забудову, на З і Пд ад яе размяшчаліся гуменныя пляцы. У 19 ст. мураваныя дамы ўзводзілі пераважна ў цэнтр. частцы. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Пастаўскі касцёл, Пастаўская Мікалаеўская царква, вадзяны млын. Рака ў межах горада ўтварае 2 вадаёмы, дзеліць яго на зах. і ўсх. раёны. У зах. раёне гістарычна склаўся адм. -грамадскі і культ. цэнтр з пл. Леніна (б. Гандлёвая), ад якой адыходзяць асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская, Савецкая, 17 Верасня, Чырвонаармейская. У паўн.-зах. частцы горада будуюць 2—3-павярховыя капітальныя жылыя дамы. Ва ўсх. раёне размешчана прамысл. зона. Зона адпачынку — азёры Задзеўскае і Пастаўскае, парк. Горад забудоўваецца паводле карэкціроўкі генплана 1994 (БелНДІПгорадабудаўніцтва), перавага аддаецца малапавярховай сядзібнай забудове, асн. напрамкі развіцця горада — паўд.-зах. і ўсходні.
Працуюць з-ды: «Беліт», навучальнага абсталявання, Пастаўскі кансервавы завод, малаказавод, хлебазавод, ільнозавод, сумеснае прадпрыемства «Імпульс», камбінат камунальных прадпрыемстваў, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання і інш. У горадзе ПТВ-165, 2 б-кі, Пастаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: вадзяны млын (2-я пал. 19 ст.), касцёл, царква. Каля П. паселішча эпохі позняга неаліту і ранняга бронз. веку (канец 3-га — пач. 2-га тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
літаратурна-мастацкі і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца са снежня 1922 у Мінску на бел. мове штомесячна. У 1922—24 [да № 3(11)] выданне Бел.каап.-выдавецкага т-ва «Савецкая Беларусь», у 1924 [з № 4(12)] — 31 — Дзярж.выд-ва Беларусі; у 1932—34 (да № 5) орган Арг.к-та Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1934 (з № 6—7) — праўлення Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1945 — Саюза сав. пісьменнікаў Беларусі (з № 2, 1957 — Саюза пісьменнікаў Беларусі), з 1993 (№ 5) заснавальнікамі з’яўляюцца Саюз бел. пісьменнікаў і калектыў рэдакцыі. У 1932—41 (да № 3) выходзіў пад назваю «Полымя рэвалюцыі». У Вял.Айч.вайну не выдаваўся. У першы склад рэдкалегіі ўваходзілі З.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.Кудзелька (М.Чарот), З.Бядуля, У.Ігнатоўскі і В.Нодэль. У 1920 — пач. 1930-х г. у рэдагаванні час. ўдзельнічалі А.Сянкевіч, Ц.Гартны, М.Зарэцкі, Я.Купала і інш. Рэдактары П.Галавач (1932—33), М.Лынькоў (1933—41), П.Броўка (1945-48), М.Танк (1948—67), П.Кавалёў (1967—72), К.Кірэенка (1972—86), С.Законнікаў (з 1986). Друкуе творы бел. пісьменнікаў, пераклады твораў класікаў сусв. л-ры і сучасных пісьменнікаў замежных краін, артыкулы па пытаннях бел. л-ры і мастацтва, гісторыі, краязнаўства, эканомікі, культуры, грамадска-паліт. і сац. жыцця Беларусі, рэцэнзіі. Адыгрывае вял. ролю ў развіцці бел. л-ры.
У «П.» ўпершыню апубл. многія творы Я.Купалы, Я.Коласа (у т. л. раздзелы паэмы «На шляхах волі», паэма «Рыбакова хата», аповесці «Дрыгва», «На ростанях»), В.Адамчыка, Л.Арабей, У.Арлова, М.Арочкі, А.Асіпенкі, З.Астапенкі, А.Астрэйкі, М.Аўрамчыка, Р.Баравіковай, Р.Барадуліна, С.Баранавых, А.Бачылы, Д.Бічэль-Загнетавай, Т.Бондар, П.Броўкі. Я.Брыля (у т. л. раман «Птушкі і гнёзды», аповесць «Ніжнія Байдуны»), Г.Бураўкіна, В.Быкава (у т. л. аповесці «Здрада», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Знак бяды», «У тумане», «Аблава», «Сцюжа», «Ваўчыная яма»), З.Бядулі, А.Васілевіч, В.Віткі, А.Вялюгіна, А.Вярцінскага, Галавача, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага (у т. л. раман-хроніка «Віленскія камунары»), С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, М.Гіля, П.Глебкі, Ю.Голуба, С.Грахоўскага, А.Грачанікава, К.Губарэвіча, А.Гурло, Л.Дайнекі, Г.Далідовіча, У.Дамашэвіча, С.Дзяргая, У.Дубоўкі, І.Дуброўскага, А.Дудара, А.Дударава, А.Жука, Я.Журбы, Законнікава, М.Зарэцкага (у т. л. раманы «Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо»), А.Звонака, В.Зуёнка, В.Іпатавай, Кавалёва, В.Каваля, В.Казько, Л.Калюгі, В.Карамазава, У.Караткевіча, А.Карпюка, К.Кірэенкі, В.Коўтун, К.Крапівы (у т. л. п’есы «Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек», «Брама неўміручасці»), А.Кудраўца, А.Кулакоўскага, А.Куляшова (у т. л. паэмы «У зялёнай дуброве», «Прыгоды цымбал», «Новае рэчышча», «Грозная пушча», «Далёка да акіяна». «Хамуціус»), М.Лобана, А.Лойкі, Е.Лось, Лынькова, А.Макаёнка, П.Макаля, М.Матукоўскага, Н.Мацяш, І.Мележа (у т. л. раманы «Мінскі напрамак», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), Б.Мікуліча, П.Місько, А.Мрыя, Р.Мурашкі, М Мятліцкага, І.Навуменкі, Я.Нёманскага, І.Новікава, У.Някляева, В.Палтаран, А.Пальчэўскага, С.Панізніка, П.Панчанкі. У.Паўлава, Г.Пашкова, П.Пестрака (у т. л. раман «Сустрэнемся на барыкадах»), А.Петрашкевіча, П.Пруднікава, І.Пташнікава, Я.Пушчы, А.Пысіна, А.Русецкага, Р.Сабаленкі, Э.Самуйлёнка, Б.Сачанкі, Ю.Свіркі, Р.Семашкевіча. А.Сербантовіча, Я.Сіпакова, Я.Скрыгана, М.Стральцова, М.Танка, В.Таўлая, П.Труса, Н.Тулупавай, А.Федарэнкі, Ў.Хадыкі, М.Хведаровіча, В.Хомчанкі, А.Чарнышэвіча, М.Чарота, К.Чорнага (у т. л. аповесці «Вясна», «Люба Лук’янская», раманы «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні», «Млечны шлях»), І.Чыгрынава, І.Шамякіна (у т. л. раманы «Глыбокая плынь», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль»), С.Шушкевіча, А.Якімовіча, Я.Янішчыц, Ф.Янкоўскага і інш ; літ.-крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы А.Адамовіча, С.Александровіча, С.Андраюка, В.Бечыка, Дз.Бугаёва, Р.Бярозкіна, У.Гніламёдава, І.Замоціна, В.Каваленкі, У.Калесніка, Г.Кісялёва, А.Клышкі, Лойкі, А.Мальдзіса, М.Мушынскага, Ю.Пшыркова, В.Рагойшы, Я.Саламевіча, А.Сямёнавай, М.Тычыны, Р.Шкрабы, У.Юрэвіча і інш.
Літ.:
Лынькоў М. Шляхам жыцця // Полымя. 1972. № 11;
Танк М. Летапіс вялікіх здзяйсненняў // Там жа. 1982. № 11;
Саламевіч Я. Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12;
Конон В. На рубежах утверждения // Неман. 1982. № 12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СПРА́ВА,
галіна культуры і вытворчасці, звязаная з падрыхтоўкай, выпускам і распаўсюджваннем кніг, часопісаў, газет, выяўл. матэрыялаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі.
Узровень выдавецкай справы вызначаецца матэрыяльнымі, сацыяльна-паліт. і культ. ўмовамі жыцця грамадства. Да кнігадрукавання існавала рукапісная кніга. Вынаходніцтва І.Гутэнбергам (сярэдзіна 15 ст.) еўрап. спосабу кнігадрукавання адкрыла новую эру ў гісторыі кнігі. Выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501 кнігі наз. інкунабуламі, кнігі 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі. Выд-вы як прадпрыемствы па выпуску друкаванай прадукцыі ўзніклі ў 16 ст. У развіццё выдавецкай справы значны ўклад зрабілі А.Мануцый (Венецыя), К.Плантэн (Антверпен), сем’і Эльзевіраў (Нідэрланды), Эцьенаў і Дзідо (Францыя). У 18—19 ст. развіццё выдавецкай справы працякала з нарастаючай хуткасцю. З узнікненнем у 19 ст. новай магутнай тэхн. базы пачалася спецыялізацыя выдавецкіх і паліграф. прадпрыемстваў. З канца 19 ст. адбываецца масавая арг-цыя выд-ваў на ўзор акцыянерных кампаній, прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці, трэсціраванне кніжных і газетна-часопісных выд-ваў.
Першыя славянскія друкаваныя кнігі кірылаўскага шрыфту выдадзены Ш.Фіёлем у Кракаве ў канцы 15 ст.Бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына ў 1517 выдаў у Празе першую друкаваную кнігу «Псалтыр» на царк.-слав. мове, у 1517—19 — 22 кнігі Бібліі на мове, набліжанай да старабеларускай, са сваімі прадмовамі і пасляслоўямі. У сталіцы ВКЛ Вільні першая друкарня засн. Скарынай каля 1520. Тут ім выдадзены «Малая падарожная кніжка» (каля 1522) і «Апостал» (1525). На тэр. сучаснай Беларусі першая друкарня засн. ў Брэсце ў пач. 1550-х г. (гл.Брэсцкія друкарні), дзе кнігі друкаваліся на лац. і польск. мовах. Першая на Беларусі кніга на старабел. мове выдадзена ў 1562 С.Будным у Нясвіжскай друкарні. Першая рус. датаваная друкаваная кніга «Апостал» (1564) выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у Маскве. У 2-й пал. 16—17 ст. кнігі на старабел., царк.-слав., польск. і лац. мовах выдаваліся ў Заблудаўскай, Куцеінскай, Лоскай, Любчанскай і інш. друкарнях (гл. адпаведныя арт.). Кнігі на старабел. мове выдаваліся ў Вільні ў друкарні Мамонічаў. Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асветы адыгралі брацкія друкарні, якія акрамя рэлігійнай выдавалі вучэбную, палемічна-публіцыстычную і інш. л-ру. У канцы 17—18 ст. пад націскам каталіцкай рэакцыі і паланізацыі бел. мова пачала траціць свае пазіцыі ў дзярж. сферы, што вяло да заняпаду бел. пісьмовай л-ры і кнігадрукавання. На іншых мовах у гэты час выдавалі кнігі Гродзенская, Магілёўская, Нясвіжская, Пінская, Полацкая, Слонімская і Супрасльская друкарні (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 18 ст. ўзнік перыядычны друк на Беларусі. У ВКЛ першай была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760). Першае перыяд. выданне на тэр. сучаснай Беларусі — «Газэта Гродзеньска» (1776—83).
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі (2-я пал. 18 ст.) адкрыліся Віцебская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская губернскія друкарні (гл. адпаведныя арт.), з 1838 сталі выдавацца «Губернские ведомости». Выходзілі афіц. царкоўныя «Епархиальные ведомости», газ. «Северо-Западное слово». У 1-й пал. 19 ст. на бел. мове выходзілі толькі паасобныя кнігі, у 2-й пал. 19 ст.бел. кнігі выдаваліся пераважна за мяжой. У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явілася нелегальная беларускамоўная прэса (газ.«Мужыцкая праўда», 1862—63). У 1886—1902 у Мінску выходзіла першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літ.газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Дэмакр. кірунак меў часопіс бел. народнікаў «Гомон» (1884). Выдавецкая дзейнасць на Беларусі актывізавалася пасля адмены ў 1905 забароны на бел.-моўнае кнігадрукаванне. У 1906 выйшла першая легальная прагрэс. газета на бел. мове «Наша доля», у 1906—15 — газ.«Наша ніва», якія на ўвесь голас загаварылі пра бел. адраджэнне; выдаваліся часопісы на бел. мове «Саха», «Лучынка» і інш. У пач. 20 ст. створаны бел. выдавецтвы суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), Грыневіча А. выдавецтва (1910—14, Пецярбург), «Наша хата» (1908, Вільня), Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні (1913—15; 1919—30). Брашуры і зборнікі бел. аўтараў выпускала выдавецтва «Нашай нівы». Але фінансавыя цяжкасці, цэнзурныя рэпрэсіі, вузкі кніжны рынак, адсутнасць школы на роднай мове па-ранейшаму стрымлівалі развіццё бел. кнігадрукавання. Нягледзячы на значную паліграф. базу (123 дробныя друкарні і літаграфічныя прадпрыемствы ў 1910), кніг выдавалася мала: 104 у 1908, 208 у 1911, 232 у 1913, пераважна календары, малітоўнікі, памятныя кніжкі губерняў, справаздачы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У грамадзянскую вайну выходзілі толькі тыя перыядычныя выданні, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Звязда», «Дзянніца», «Савецкая Беларусь», «Советская правда» і інш. У 1920 у БССР выдавалася 27 газет і 15 часопісаў. Найб. значным было выдавецтва «Звезда» (з 1917; выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. л-ру). У 1917—20 выдавецкай справай займаліся Беларускі нацыянальны камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц.парт. к-тах і органах сав. улады і інш. У студз. 1921 створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Яно выпускала выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. У 1921 выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экз., у т. л.маст. і дзіцячай л-ры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у крас. 1922 створана каап.выд-ва«Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»). Узначальваў яго Ц.Гартны. Выд-ва выпускала творы бел.маст. л-ры, падручнікі, навук. л-ру на роднай мове, перыёдыку. У снеж. 1922 Дзярж.выд-ваБССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі «Белтрэстдрук». У ліп. 1924 «Белтрэстдрук» і каап.выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел.дзярж.выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграф. базу і кнігагандлёвую сетку. У 1930-я г.асн. выд-вамі БССР былі Бел.дзярж.выд-ва (з 1933 Дзярж.выд-ваБССР), выд-ва Інбелкульта (з 1932 Выд-ваАНБССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выд-вы па выпуску навукова-тэхн., ваеннай, партыйнай і інш. л-ры. У гэты ж час пачалося масавае развіццё перыяд. друку, з’явіліся новыя газеты і часопісы: «Літаратура і мастацтва», «Піянер Беларусі» (з 1994 «Раніца») і інш. У 1931 створана Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА).
У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, свае перыядычныя выданні выпускалі розныя партыі і рухі: «Беларускі звон», «Чырвоны сцяг», «Маланка», «Наша воля», «Беларуская крыніца» і інш. Кнігі выдаваліся ў Вільні, дзе знаходзіліся «Беларускае выдавецкае таварыства», Клецкіна Б.А. выдавецтва, Знамяроўскага У. выдавецтва, Выдавецтва ТБШ і інш., і ў Беластоку, дзе працавала выдавецкае т-ва «Рунь». КПЗБ і КСМЗБ мелі свае падп. друкарні (гл.Заходнебеларускі друк).
У Вял.Айч.вайну эвакуіраванае Дзярж.выд-ваБССР працавала ў Маскве, асобныя выданні АНБССР выйшлі ў Ташкенце. Падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл., раённых газет, у друкарнях некат. партыз. брыгад апрача газет і лістовак выпускалі брашуры і невял. кнігі (гл.Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі на акупіраванай Беларусі «Беларускую газэту», «Голас вёскі», «Новы шлях» і інш. (гл.Друк акупацыйны на Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны).
У пасляваенны час выдавецкая дзейнасць аднаўлялася ў надзвычай складаных умовах. Паліграф. база Беларусі была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваен. прадпрыемстваў часткова ўцалелі толькі Дом друку ў Мінску, некат. абл. і гар. друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж.выд-ваБССР (з 1963 выд-ва«Беларусь»), створаны новыя выд-вы: Выдавецтва АНБССР (1947, з 1963 «Навука і тэхніка»), Вуч.-пед.выд-ваБССР (1951, з 1963 «Народная асвета»), Выдавецтва БДУ (1954, з 1984 «Універсітэцкае»), «Звязда» (1960, з 1992 «Беларускі дом друку»), Выд-вас.-г. л-ры (1961, з 1963 «Ураджай»), «Вышэйшая школа» (1961), Гал. рэдакцыя Бел.Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (1967, з 1980 выд-ва, гл.«Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі), «Мастацкая літаратура» (1972), «Полымя» (1977), «Юнацтва» (1981) і інш. Выдавецкія прадпрыемствы Беларусі поўнасцю забяспечваюць рэспубліку высакаякаснай друкаванай прадукцыяй. 13 дзярж. выд-ваў і больш за 1270 (1996) прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці выпускаюць навук., навуч., маст., метадычную, інфармацыйную і інш. л-ру, перыёдыку. За 1996 выдадзена 3809 назваў кніг і брашур агульным тыражом 59,1 млн.экз. (гл. таксама Выдавецтва, Кніга). На 1.1.1997 зарэгістравана 827 перыяд. выданняў, у т. л. 579 газет, 202 часопісы, 46 бюлетэняў.
Матэрыяльна-тэхн. базай выдавецкай справы з’яўляецца паліграфічная прамысловасць. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Мінскае вытворчае паліграфічнае аб’яднанне (МВПА) імя Я.Коласа, мінская паліграф.ф-ка «Чырвоная Зорка», Мінская фабрыка каляровага друку, гомельская фабрыка «Палесдрук», Брэсцкая, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская ўзбуйненыя друкарні, маладзечанская друкарня «Перамога» і інш. Выдавецкіх работнікаў рыхтуюць на ф-це журналістыкі БДУ, у Мінскім вышэйшым вучылішчы паліграфістаў. Навукова-даследчая работа ў галіне выдавецкай справы вядзецца Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі, якая на аснове бібліягр. рэгістрацыі выданняў выдае «Летапіс друку Беларусі».
Літ.:
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз.вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял.Айч.вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн.чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн.чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв.гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл.Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл.Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл.Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.
Літ.:
Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;
Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.М.Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.А.Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г.Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.
Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.І.Опермана і палкоўніка А.І.Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.
Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.
На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв.вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл.гл. ў арт.Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;
(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.Пяты форт Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́Н (Berlin),
горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ.цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс.ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л.міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сцьтрансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.
Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл.цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв.вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл.Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя аб вярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.
Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.А.Нерынг, А.Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.В.Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс; Драм.т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.Ф.Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.Берэнс, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, В.Гропіус, Б.Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.Аалта, О.Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.Фёлькер, Р.Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.Іобст, В.Кроер, Г.Віле, Ф.Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.Кербель, У.Цыгаль).
Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л.Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар.муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).
Да арт.Берлін. Еўропа-Цэнтр.Да арт.Берлін. Філарманічная зала. Арх. Г.Шароўн. 1964.