СЕНТ-ВІ́НСЕНТ І ГРЭНАДЗІ́НЫ (Saint Vincent and the Grenadines),
дзяржава ў Вест-Індыі, на в-ве Сент-Вінсент і паўн.ч. а-воў Грэнадзіны ў групе Малых Антыльскіх астравоў. Пл. 389 км². Нас. 115,5 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц.дыялект. Сталіца — г.Кінгстаўн. У адм. адносінах падзелена на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 кастр.).
Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — аднапалатная Палата сходу з 15 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і 6 сенатараў, прызначаных ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада — урад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці).
Прырода. А-вы Сент-Вінсент (пл. 344 км²) і Грэнадзіны (32 дробныя а-вы) вулканічнага паходжання. На в-ве Сент-Вінсент ланцуг старых вулканаў, найвышэйшы пункт — дзеючы вулкан Суфрыер (1234 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэдняя т-ра 26 °C, гадавая колькасць ападкаў ад 1500 мм на Пд і З да 3700 мм на ўсх. схілах гор. Сухі сезон у снеж.—маі. Частыя ўраганы. Пад лесам і хмызнякамі 36% тэрыторыі. Жывёльны свет прадстаўлены пераважна птушкамі. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Ёсць некалькі заказнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ сентвінсентцы. Аснову этнасу складаюць нашчадкі неграў-рабоў, якія часткова змяшаліся з французамі і англічанамі; называюць сябе крэоламі. Жывуць таксама выхадцы з Вялікабрытаніі, невял. групы партугальцаў, індыйцаў і чорных карыбаў. Вернікі — англікане і метадысты, ёсць адвентысты, баптысты, католікі і інш. Сярэднегадавы прырост 0,57% (1999). Сярэдняя шчыльн. 296 чал. на 1 км². У гарадах жыве 54% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 26% насельніцтва, у прам-сці — 17%, у абслуговых галінах — 57%.
Гісторыя. Першапачатковыя насельнікі астравоў — індзейцы, аравакі і карыбы. В-аў Сент-Вінсент адкрыты Х.Калумбам у 1498. У 17—18 ст. за валоданне астравамі змагаліся Францыя і Вялікабрытанія, замацаваны за апошняй у 1783. Большая ч. індзейскага насельніцтва знішчана, рэшткі яго змяшаліся з неграмі-рабамі, якіх прывозілі для працы на плантацыях. У 1958—62 у складзе Вест-Індскай Федэрацыі, з 1969 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 27.10.1979 абвешчана незалежнай дзяржавай у складзе Садружнасці. Дзейнічаюць паліт. партыі: Новая дэмакр. партыя, Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. С.-В. і Г. — чл.ААН (з 1980).
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. У структуры валавога ўнутр. прадукту (289 млн.дол., 2,4 тыс. долараў на 1 чал., 1998) сельская гаспадарка складае 10,6%, гандаль і паслугі (укл. турызм) — 71,9%, прам-сць — 17,5%. Цёплы клімат, пясчаныя пляжы, празрыстыя воды, каралавыя рыфы штогод прыцягваюць каля 120 тыс. турыстаў (пераважна з ЗША, Канады і Зах. Еўропы). У 1999 даход ад турызму склаў 77 млн. долараў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 3,9 тыс.га. Асн. экспартныя культуры: бананы (збор каля 80 тыс.т штогод), какосавыя арэхі (20 тыс.т), манга, мускатны арэх, арарут (крухмалазмяшчальны караняплод). Вырошчваюць батат, маніёк, ямс, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну, каву, какаву. Гадуюць птушак (200 тыс. галоў, 1997), буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць спецыялізуецца на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай мукі з араруту (150 т штогод), адзення, мэблі, цэменту, рому, піва, тытуню, спарт. інвентару, перапрацоўцы копры, зборцы электраапаратуры. Вытв-сць электраэнергіі 64 млн.кВт∙гадз (1998). Даўж. аўтадарог 1040 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 320 км. На астравах 5 тыс.пасаж. і 3,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Пад флагам дзяржавы з прычыны льготных падаткаў плаваюць 814 суднаў (агульная грузападымальнасць 7,7 млн. рэгістравых т) з 20 краін. 6 аэрапортаў (гал. — Эрнас-Вейя каля Кінгстаўна). У 1997 экспарт склаў 47,3 млн.дол., імпарт — 158 млн.дол. Экспартуюць бананы (37%), муку з араруту, копру, агародніну, тытунь і інш.; імпартуюць харч. прадукты, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: краіны Карыбскага бас. (49% экспарту і 28% імпарту), ЗША (10% і 36%), Вялікабрытанія (16% і 13%). Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (47,5 млн.дол. 1995). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Зеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Утворана 27.9.1937. На З і ПдЗ мяжуе з Беларуссю. Пл. 49,8 тыс.км². Hac. 1128 тыс.чал. (2000), гарадскога 70,1%. Цэнтр — г.Смаленск. Найб. гарады: Вязьма, Рослаўль, Ярцава, Сафонава, Дзеснагорск, Гагарын.
Паверхня — хвалістая раўніна, у межах якой вылучаюцца Смаленскае ўзв. (выш. да 319 м), парэзанае далінамі рэк. На ПнЗ марэнныя грады. Карысныя выкапні: буры вугаль (зах.ч.Падмаскоўнага вугальнага басейна), торф. фасфарыты, мергель, мел, вапнякі, гліны, пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -10 °C на ПнУ да -8 °C на ПдЗ, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 600 мм за год. Гал.р. Дняпро з прытокамі Сож, Дзясна, Воп, Вязьма і інш.; на ПнЗ — Зах. Дзвіна з прытокам Каспля, на У — Угра і Вазуза (бас.р. Волга). Больш за 150 азёр, пераважна ледавіковага паходжання. Глебы дзярнова-падзолістыя, месцамі забалочаныя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам (асіна, бяроза, елка, хвоя) каля 40% тэрыторыі. Нац. парк Смаленскае Паазер’е.
Гал. галіны прам-сці: маш.-буд. і металаапрацоўка (аўтамаб. дызельныя рухавікі і агрэгаты, энергет. і электралямпавае абсталяванне, сродкі вылічальнай тэхнікі, вымяральныя і гідраметэаралагічныя прылады, алмазныя інструменты, быт. халадзільнікі); хім. (мінер. ўгнаенні, сінт. прадукцыя, пластмасы); лёгкая (баваўняныя і льняныя тканіны, бялізнавы трыкатаж, швейныя вырабы. абутак, шпагат); харч. (малочна-кансервавая, масласыраробная, мукамольная, макаронная і інш.); лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая; паліграф.; ювелірная (аграньванне брыльянтаў). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (керамзіт, цэгла, шкло і інш.). Развіты паліўна-энергет. комплекс. Вытв-сць электраэнергіі 22,4 млрд.кВт∙гадз (1999). Дарагабужская ДРЭС, Смаленскія АЭС і ДРЭС. Здабыча бурага вугалю і торфу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — малочнамясная жывёлагадоўля і свінагадоўля; развіта конегадоўля (рысістыя пароды), птушкагадоўля. Пасяўныя плошчы займаюць 899 тыс.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (ячмень, авёс, жыта, пшаніца) 33,2% плошчы, тэхн. (лён-даўгунец) 0,7%, бульбай і агароднінай 5,8%, кармавымі 60,3%. Даўж. чыгунак 1259 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8819 км (1999). Гал. чыгунка і аўтамагістраль Масква—Мінск, чыг. вузлы Смаленск, Вязьма, Рослаўль. Суднаходства па р. Дняпро. Газаправод Таржок—Смаленск—Івацэвічы і інш.
Беларусы ў Смаленскай вобласці. Тэр. сучаснай С.в. з часоў сярэдневякоўя з’яўляецца натуральнай часткай бел.-рас. этнічнага і культ. памежжа. Тут у 7—11 ст. жылі адны з продкаў беларусаў — смаленскія крывічы, якія ўтварылі Смаленскае княства. Некалькі стагоддзяў за смаленскія землі змагаліся Маск. дзяржава (Расія) і ВКЛ, якое з 1569 разам з Польшчай утварала Рэч Паспалітую (гл. Паходы Вітаўта на Смаленск 1395—1404, Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22, Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67); у 1404—1514 рэгіён уваходзіў у склад ВКЛ, у 1618—67 — Рэчы Паспалітай. Пасля далучэння да Расіі тут існавала Смаленская губерня, большасць насельніцтва якой складалі беларусы; у зах. Смаленшчыне, верагодна, напісана бел. ананімная паэма «Энеіда навыварат». Але колькасць беларусаў у выніку этн. асіміляцыі паступова скарацілася. Уздым грамадскай і нац.-культ. актыўнасці мясц. беларусаў прыпаў на пач. 20 ст. Прадстаўнікі беларусаў Смаленшчыны ўдзельнічалі ў працы Усебеларускага з’езда 1917. У 1922—23 і 1925—27 дзейнічала Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы, якая супрацоўнічала з Бел. студэнцкім зямляцтвам у Смаленску (існавала ў 1924—29? пры Смаленскім ун-це). Са Смаленшчыны паходзілі гісторык А.Кіркор, дзеячы бел. культуры А.Ружанцоў і М.Шчаглоў-Куліковіч. У 1920—пач. 1930-х г. у зах. раёнах вобласці дзейнічалі бел. школы, чырв. куткі, хаты-чытальні і інш. У канцы 1930-х г.бел. даследчыцкая і культ.-асв. дзейнасць у С.в. згорнута. У вобласці жыве 29 тыс. беларусаў (2000); бел. тэматыку вывучаюць М.М.Ількевіч, А.У.Корсак, Г.А.Ластоўскі і інш.
Судьбы национальных меньшинств на Смоленщине, 1918—1938 гг. Смоленск. 1994;
Корсак А.У. Беларускія школы на Смаленшчыне // Бел.гіст.часоп. 1998. № 3;
Яго ж. Культурная работа сярод нацыянальных меншасцей Смаленшчыны ў першае дваццацігоддзе савецкай улады // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 2000. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕМНЫЯ ВОДЫ.
На Беларусі падземныя воды пашыраны ў водапранікальных пародах асадкавага чахла і масівах крышталічнага фундаменту. Паводле якасных паказчыкаў іх падзяляюць на прэсныя, мінеральныя, прамысловыя і тэрмальныя.
Прэсныя падземныя воды сканцэнтраваны пераважна ў верхніх ваданосных гарызонтах і комплексах Прыбалтыйскага, Прыпяцкага, Брэсцкага, Аршанскага артэзіянскіх басейнаў. Мінералізацыя прэсных падземных вод пераважна 0,3—0,5 г/дм3, пітных — да 1 г/дм3 (паводле ДАСТа). У іх хім. саставе пераважаюць гідракарбанаты, кальцый, магній, радзей сульфаты і натрый. Паводле ўмоў залягання прэсныя падземныя воды падзяляюцца на грунтавыя і артэзіянскія. Грунтавыя воды насычаюць пароды 1-га ад паверхні зямлі ваданоснага гарызонту і звычайна безнапорныя. Артэзіянскія воды насычаюць пароды 2-га, 3-га і ніжэй залягаючых ад зямной паверхні ваданосных гарызонтаў. Яны пераважна напорныя. Галоўная мэта здабычы прэсных падземных вод — гаспадарча-пітное водазабеспячэнне. На тэр. Беларусі разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод, іх эксплуатацыйныя запасы складаюць больш за 6 млн.м³/сут (прыкладна па 600 л на кожнага жыхара краіны). Эксплуатуюцца адзінкавымі свідравінамі (больш за 30 тыс.), групавымі водазаборамі, калодзежамі (у сельскай мясцовасці для ўласных патрэб насельніцтва, абсталяваны пераважна пад выкарыстанне грунтавых вод). На большай частцы тэрыторыі прэсныя падземныя воды добра ахаваны ад антрапагеннага ўздзеяння. За іх якасцю ажыццяўляецца пастаянны кантроль у межах дзярж. маніторынгу падземных вод.
Мінеральныя воды пашыраны ў многіх месцах краіны. Паводле іх іонна-салявога саставу вылучаюць гідракарбанатныя, сульфатныя (напр., «Рассветаўская»), хларыдныя (напр., «Мінская-4») і складанага саставу (гідракарбанатна-хларыдная, напр., «Брэсцкая»; гідракарбанатна-сульфатныя; сульфатна-хларыдныя, напр., «Усмешка», «Бярэзінская», «Барысаўская», «Бабруйская»; хларыдна-сульфатныя, напр., «Магілёўская»); паводле катыённага саставу — натрыевыя (напр., «Нарачанская», «Крынічка», «Дарыда») і кальцыевыя (напр., «Парэчча-1»). Паводле павышаных канцэнтрацый біялагічна актыўных кампанентаў вылучаюць мінеральныя воды серавадародныя, жалезістыя, радонавыя, бромныя, бромна-ёдныя, борныя, фторыстыя.
У гідракарбанатных водах з рознай камбінацыяй аніёнаў і катыёнаў, ускрытых у крышталічным фундаменце, павышаная колькасць радону (170—1480 Бк/дм3). Мінералізацыя вод да 2—3 г/дм3. Сульфатныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на значнай частцы тэр. краіны ў адкладах ад ардовіку і сілуру да юры. Характарызуюцца мінералізацыяй ад 4—6 г/дм3 да 25,8 г/дм3 і канцэнтрацыяй бору да 40 мг/дм3. Хларыдныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на ўсёй тэр. краіны, у пародах крышталічнага фундаменту, адкладах пратэразою, кембрыю, дэвону, пярмі, трыясу, юры. Паводле мінералізацыі падзяляюцца на воды малой мінералізацыі (да 10 г/дм3), сярэдняй (10—35 г/дм3) і расолы (35—70 г/дм3). У хларыдных водах рознай мінералізацыі павышаная канцэнтрацыя жалеза (да 20 мг/дм3), серавадароду (200—300 мг/дм3), брому (да 500 мг/дм3), ёду (да 3 мг/дм3), бору (да 20—25 мг/дм3), фтору (да 3,3 мг/дм3). На тэр. Беларусі адкрыта больш за 80 радовішчаў мінеральных вод, агульныя запасы якіх складаюць больш за 20 тыс.м³/сут. На іх базе функцыянуюць заводы па разліве мінеральных вод у гарадах Мінск, Брэст, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, г.п. Ушачы (Віцебская вобл.), пасёлках Ждановічы (Мінскі р-н), Парэчча (Гродзенскі р-н), в. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) і інш.; санаторыі «Аксакаўшчына», «Беларусь», «Дружба», «Крыніца» (Мінская вобл.), «Лётцы» (Віцебская вобл.), «Радон» (Гродзенская вобл.) і інш.; прафілакторыі і дамы адпачынку. Мінеральныя воды выкарыстоўваюць у якасці сталовых, лячэбна-сталовых і бальнеалагічных. На кожным радовішчы арганізаваны зоны санітарнага кантролю, вядуцца рэжымныя назіранні і кантроль хімічнага саставу.
Прамысловыя воды — гэта падземныя расолы з мінералізацыяй 320—460 г/дм3, у якіх ёсць шэраг каштоўных кампанентаў у прамысловых колькасцях. Такімі расоламі насычаны верхнепратэразойскія і дэвонскія адклады Прыпяцкага артэзіянскага басейна. Яны залягаюць на глыбінях 2000—4500 м і перакрыты дзвюма магутнымі водатрывалымі саляноснымі тоўшчамі, якія забяспечваюць утварэнне расолаў і іх захаванасць. Т-ра расолаў у прыродным заляганні 40—90 °C, што дае падставу адносіць іх да тэрмальных вод. Прагнозныя запасы прамысловых расолаў складаюць каля 35 тыс.м³/сут. Яны сканцэнтраваны ў 4 радовішчах, на 2 з якіх праведзены разведачныя работы і ацэнены эксплуатацыйныя запасы. Прамысловыя воды выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне. На іх аснове наладжана доследная вытворчасць ёду і брому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАБАТАНІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.
Беларусь знаходзіцца (паводле класіфікацыі Г.Вальтэра, 1974) на стыку 2 асноўных раслінных зон Еўропы: барэальнай — з перавагай хвойных і немаральнай — з перавагай лісцевых летнезялёных лясоў. Пераходная паласа паміж зонамі характарызуецца наяўнасцю ў роўнай ступені як заходнееўрапейскіх (немаральных), так і паўночных (барэальных) элементаў флоры. Месцазнаходжанне краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы абумоўлівае найб. актыўнае ўзаемапранікненне шыракалістых лістападных і таежных лясоў, што выяўляецца ў канцэнтраванай і асаблівай разнастайнасці раслінных супольніцтваў. Каля 40 відаў дрэў і хмызнякоў (бружмель звычайны, брызгліна еўрапейская, ядловец і інш.), 230 відаў травяністых раслін (багнаўка чорная, балотны мірт звычайны, гудаера паўзучая, жаўтазелі, пралеска высакародная і інш.) маюць на Беларусі мяжу арэала (напр., паўд. мяжа суцэльнага пашырэння елкі еўрапейскай і вольхі шэрай; паўн. мяжа грабу і берасту) або пашыраны лакальна. Кліматычныя і глебава-араграфічныя асаблівасці яе тэр. абумоўліваюць занальнасць расліннага покрыва, якое займае 19,34 млн.га (93,1% тэр. краіны). Прадстаўлена лясамі, у т. л. забалочанымі (7,84 млн.га, або 37,8%), хмызнякамі (0,73 млн.га, або 3,5%), лугамі (3,24 млн.га, або 15,6%), адкрытымі балотамі (0,93 млн.га, або 4,5%), воднымі (0,48 млн.га, або 2,3%), сегетальнымі, або паворыўнымі культурамі (5,76 млн.га, або 27,7%), і рудэральнымі, або сметнікавымі (0,36 млн.га, або 1,7%), супольніцтвамі.
Першае на Беларусі геабатанічнае раянаванне распрацавала В.С.Палянская (1929), якая вылучыла на ўсх. краіны 5 прыродных раёнаў. Лесараслінную апрацоўку гэтай тэр. з фітацэнатычным, экалагічным і занальна-кліматычным аналізам раёнаў зрабіў Юркевіч (1940). Раянаваннем лясоў займаліся таксама В.І.Пераход (1954) і М.І.Касцюкевіч (1954), лугоў — Е.А.Круганава (1968), балот — Н.Я.Кац (1971). Сучасную сетку геабатанічнага і лесарасліннага раянавання распрацавалі В.С.Гельтман і Юркевіч (1960, 1965, 1969, 1982).
За найважнейшы крытэрый прынята лясная расліннасць як найб. пашыраная і часова ўстойлівая. На гэтай аснове вылучаны 3 геабатанічныя падзоны: дубова-цемнахвойных падтаежных (шыракаліста-яловых) лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў (ялова-грабавых дуброў) і шыракаліста-хваёвых лясоў (грабавых дуброў). У межах падзон вылучана 7 геабатанічных акруг; Заходне-Дзвінская, Ашмянска-Мінская, Аршанска-Магілёўская, Нёманска-Перадпалеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Бугска-Палеская, Палеска-Прыдняпроўская. Акругі падзелены на 25 геабатанічных раёнаў (Гельтман, 1982).
Для кожнай таксанамічнай адзінкі характэрна свая асаблівая расліннасць. Паўн. геабатанічную падзону характарызуюць пераважна цемнахвойныя яловыя лясы, вярховыя балоты, сухадольныя лугі. Цэнтр. падзона грабава-дубова-цемнахвойных лясоў мае пераходны характар, дзе спалучаюцца барэальныя і немаральныя лясы, вярховыя, пераходныя і нізінныя балоты, сухадольныя і заліўныя лугі. Для паўд. падзоны характэрны шыракаліста-хваёвыя лясы, нізінныя балоты, астэпаваныя лугі. На ўсходзе, у Палеска-Прыдняпроўскай акрузе, сканцэнтравана больш за 50% ад усёй колькасці заліўных лугоў краіны, а на захадзе, у Бугска-Палескай акрузе, — найбольшая колькасць нізінных лугоў. На тэр. гэтай акругі захаваліся найбуйнейшыя ў Еўропе нізінна-балотныя масівы — балоты Званец і Спораўскае.
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Вальтер Г. Растительность земного шара: Пер. с англ.Т. 2. М., 1974;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;
Гельтман В.С. Географический и типологический анализ лесной растительности Белоруссии. Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ
Выбарчая сістэма ў Рэспубліцы Беларусь — гэта ўстаноўлены і ўрэгуляваны прававымі і інш. нормамі парадак выбараў, а выбарчае права — сукупнасць канстытуцыйных норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні выбараў, а таксама сукупнасць канкрэтных правоў грамадзяніна на ўдзел у выбарах. У гэтым значэнні выбарчае права падзяляюць на актыўнае, г.зн. права выбіраць, і пасіўнае, г.зн. права выбірацца, быць выбраным. Легітымныя выбарныя органы ў сваю чаргу фарміруюць легітымныя ўладныя структуры (урад, суды і інш.). Выбары праводзяцца ў адпаведнасці з канстытуцыйнымі прынцыпамі выбарчай сістэмы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Выбары дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў з’яўляецца недапушчальным і караецца паводле заканадаўства. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца паводле прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі; асобы, у адносінах да якіх выбрана такая мера, як утрыманне пад вартай. Не з’яўляюцца падставай для абмежавання права грамадзяніна на ўдзел у галасаванні адм. арышт, такія віды крымін. пакарання, як штраф, папраўчыя работы, арышт на тэрмін ад 1 да 6 мес, асобы, аб’яўленыя банкрутамі. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады (кіраўніка дзяржавы, члена Савета Рэспублікі, суддзі, нар. засядацеля), вызначаецца адпаведнымі законамі. У Беларусі адсутнічае цэнз аселасці (выключэнне — выбары Прэзідэнта і членаў Савета Рэспублікі). Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык сам вырашае, за каго галасаваць і ці ўдзельнічаць яму ў выбарах. Але высокая ступень ухілення ад удзелу ў выбарах зніжае аўтарытэт сфарміраванага органа і дае глебу для спрэчак пра яго легітымнасць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. З гэтай мэтай забяспечваецца адзіная норма прадстаўніцтва, паводле якой ствараюцца выбарчыя акругі з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў (адхіленне, як правіла, не можа перавышаць 10%). Кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за інш. асоб не дапускаецца. Выбары з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна, шляхам падачы свайго голасу. Разам з прамымі выбарамі (дэпутатаў, кіраўніка дзяржавы) Канстытуцыя прадугледжвае фарміраванне Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь шляхам ускосных выбараў, г.зн. выбаршчык выбірае дэпутатаў Саветаў базавага ўзроўню, якія ў сваю чаргу ва ўстаноўленым парадку выбіраюць членаў Савета Рэспублікі. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным, у ходзе галасавання забаронены кантроль за волевыяўленнем. Аднак гэта не выключае права выбаршчыка добраахвотна выказацца пра тое, як ён прагаласаваў.
Рэферэндумы (нар. галасаванні) з’яўляюцца адным з асн. інстытутаў непасрэднай дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь. Яны могуць праводзіцца для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця, могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. Рэсп. рэферэндумы прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па яго ўласнай ініцыятыве ці па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прынятай на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як 30 тыс. грамадзян ад кожнай вобласці і г. Мінск. Указам Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму вызначаюцца дата яго правядзення (не пазней як 3 мес з дня выдання указа), юрыд. сіла прынятага ім рашэння, фармулёўка вынесенага на рэферэндум пытання (пытанняў). Калі на ўсенар. галасаванне выносіцца законапраект, то ён дадаецца да ўказа Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму. Прэзідэнт мае права адхіляць прапановы аб правядзенні рэферэндуму, калі яны не адпавядаюць патрабаванням Выбарчага кодэксу і інш.заканад. актаў. Рашэнні, прынятыя рэсп. рэферэндумам, падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Мясц. рэферэндумы прызначаюцца адпаведнымі мясц. прадстаўнічымі органамі па іх ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Прынятыя на рэферэндуме рашэнні могуць быць адменены або зменены толькі шляхам новага рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана самім рэферэндумам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭНДАКРЫНАЛОГІЯ
Найбольш раннія звесткі ў гэтай галіне медыцыны вядомы з рукапісных «Медыцынскіх навін» 1600 з Нясвіжскай бібліятэкі, дзе змешчаны рэцэпт «парашку ад дыябету». Першае паведамленне аб хірургічным лячэнні валляка (Л.К.Навумовіч, г. Магілёў) датавана 1812. Аперацыі на наднырачніках упершыню на Беларусі праводзіліся ў 1920-я г. (Орша, Гомель). Вядомыя рас. эндакрынолагі 1-й пал. 20 ст. С.М.Лейцес, І.Б.Хавін, М.А.Шарашэўскі, С.М.Эскін родам з Беларусі.
Развіццё эндакрыналогіі як навукі на Беларусі пачалося ў 1920-я г. з вывучэння эпідэміялогіі эндэмічнага валляка ў асобных рэгіёнах пад кіраўніцтвам Я.В.Корыца, С.М.Рубашова. Сістэматызавана яна развівалася пасля стварэння ў 1934 Рэсп. процівалляковай станцыі. Вывучэнне пашыранасці эндэмічнага валляка дазволіла вылучыць рэгіёны з рознай ступенню ёднай недастатковасці і распрацаваць метады процівалляковай прафілактыкі (А.А.Грэйман). Гэты кірунак эндакрыналогіі больш актыўна развіваўся ў пасляваенны перыяд (Л.В.Лапцёнак, Л.П.Фёдарава). Вялося хірургічнае лячэнне валляка з выкарыстаннем арыгінальных методык, прапанаваных В.Р.Астапенкам, М.С.Гапановічам, І.М.Грышыным, Я.П.Дзямідчыкам. З 1958 спецыялістаў па эндакрыналогіі рыхтавалі пры ін-це ўдасканалення ўрачоў (зараз Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі), дзе ў 1960 створана кафедра эндакрыналогіі (першы загадчык Н.М.Дразнін, у 1973—85 — М.С.Гапановіч, у 1985—98 — А.А.Холадава, з 1998 — Л.І.Данілава). Кафедра з’яўляецца рэсп. навукова-метадычным цэнтрам не толькі для эндакрынолагаў, а і тэрапеўтаў, педыятраў, рэаніматолагаў, урачоў хуткай і неадкладнай дапамогі (вядучыя спецыялісты Данілава, В.М.Дрозд, Г.В.Казюк, Холадава, В.І.Шутава і інш.). З пачатку 1980-х г. падрыхтоўку эндакрынолагаў вядуць у Бел.мед. ун-це (З.В.Забароўская), у Віцебскім (А.М.Окаракаў, У.Р.Цішкоўскі) і Гомельскім (М.П.Капліева) мед. ун-тах. Асноўны навукова-практычны кірунак эндакрыналогіі — праблема цукровага дыябету. Дасягнуты поспехі ў гэтай праблеме ў ранняй дыягностыцы, скрынінгу сасудзістых ускладненняў, распрацоўцы асноў прафілактыкі, мед. і працоўнай рэабілітацыі. У выніку ўкаранення дзярж. праграмы «Цукровы дыябет» на 1/3 зменшылася колькасць выпадкаў каматозных станаў, слепаты і ампутацый ног, абумоўленых ускладненнямі цукровага дыябету, палепшыліся зыходы цяжарнасці ў жанчын, хворых на цукровы дыябет. Дзярж. праграма «Цукровы дыябет» прызнана Еўрапейскім бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў якасці мадэлі для краін Усх. Еўропы (за стварэнне навукова-практычнай школы эндакрынолагаў Беларусі ў 1999 Холадавай прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі). Уклад у развіццё эндакрыналогіі дзіцячага ўзросту зрабілі С.М.Астапенка, Л.М.Астахава, К.А.Радзюк. Структура эндакрыналагічнай дапамогі насельніцтву ўключае кабінеты і спецыялізаваныя ложкі ў раённых і гар.мед. установах, дыспансеры і спецыялізаваныя аддзяленні ў абласных цэнтрах, Рэсп. кансультацыйны эндакрыналагічны цэнтр (гал. ўрач Т.В.Мохарт) і гал. ўпраўленне лячэбна-прафілактычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (А.К.Цыбін). Вывучэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і рэабілітацыю насельніцтва ажыццяўляе Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі ў Гомелі (дырэктар Э.К.Капітонава). Рэсп. навуковае таварыства эндакрынолагаў, створанае ў 1962, у 1997 пераўтворана ў Бел. асацыяцыю эндакрынолагаў, якая супрацоўнічае з адпаведнымі асацыяцыямі Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі і з’яўляецца членам Еўрап. федэрацыі эндакрыналагічных таварыстваў і Міжнар. федэрацыі дыябету. У адпаведнасці з палітыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Здароўе для ўсіх у 21-м стагоддзі» перспектывы развіцця эндакрыналогіі на Беларусі — у распрацоўцы стратэгіі для забеспячэння паўнацэннага жыцця пры эндакрынных расстройствах на аснове тэхналогій даказальнай медыцыны.
Літ.:
Вопросы истории медицины и здравоохранения: Материалы 3 науч. историко-мед. конф. Белорусской ССР. Мн., 1968;
Холодова Е.А., Данилова Л.И. Болезни щитовидной железы. Мн., 1991;
Холодова Е.А., Мохорт Т.В., Билодид И.К. Сахарный диабет и беременность // Современные проблемы эндокринологии в акушерстве, гинекологии и неонатологии: Тез. докл. науч. конф. Мн., 1994;
Матвейчик Т.В. Становление и развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Медицина Беларуси XX в. Тез. докл. 8 респ. науч. конф. по истории медицины. Мн., 1998;
Холодова Е.А. Развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Мед. новости. 1999. №8.
На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны г. Мінск, 118 сельскіх і 24 гар. раёны (на раёны падзяляюцца ўсе абласныя цэнтры і г. Бабруйск), 109 гарадоў абласнога і раённага падпарадкавання, 101 пасёлак гар. тыпу, 1439 сельскіх Саветаў. Адм.-тэр. падзел замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
У 6—8 ст. на Беларусі існавалі тэр.паліт. аб’яднанні — племянныя саюзы («княжанні») крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 9—10 ст. яны ўвайшлі ў стараж.-рус. дзяржаву — Кіеўскую Русь. Першыя звесткі пра падзел тэр. сучаснай Беларусі на адм.-тэр. адзінкі адносяцца да 11—12 ст.Асн. адзінкамі кіравання былі княжацкія вотчыны, якія складаліся з адзінак ніжэйшага ўзроўню — валасцей. Буйныя вотчыны, што знаходзіліся ў калектыўным валоданні і кіраванні асобных галін роду Рурыкавічаў, звычайна называліся землямі. Адна ці некалькі валасцей, часова вызначаных у кіраванне прадстаўніку княжацкай сям’і, утваралі ўдзел або ўдзельнае княства. У залежнасці ад колькасці князёў колькасць і склад удзелаў мяняліся. Ад Кіеўскай Русі першай у пач. 11 ст. адасобілася Полацкае княства — вотчына нашчадкаў Ізяслава Уладзіміравіча (7—1001). У 2-й пал. 11 — пач. 12 ст. з яе вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы. Па меры разрастання роду полацкіх князёў некат. з удзелаў (Менскі, Друцкі, Віцебскі) ператварыліся ў самастойныя вотчыны. Рэшту тэр. Беларусі ахоплівалі Кіеўская, Смаленская і Чарнігаўская землі, замацаваныя на Любецкім княжацкім сойме 1097 за рознымі галінамі нашчадкаў Яраслава Мудрага. Са складу Кіеўскай зямлі адасобіліся Гарадзенскае княства (вотчына памерлага ў 1141 Усевалада Давыдавіча, потым яго сыноў), воласць «Дрыгавічы» з гарадамі Клецк і Слуцк (у 1140-я г. адышла да чарнігаўскіх князёў, далейшы лёс яе не прасочваецца), Тураўскае княства (у 1150-я г. стала вотчынай Юрыя Яраславіча, пазней як удзелы вядомы Пінск, Дубровіца і інш.). Да Валынскай зямлі, канчаткова вылучанай з Кіеўскай як вотчына Ізяслава Мсціславіча (памёр у 1154), адносілася паўд.-зах. частка Беларусі з Берасцем і Кобрынам. Да 2-й пал. 12 ст. ў складзе ўласна Кіеўскай зямлі засталіся бел. гарады Мазыр і Брагін. Да Смаленскай зямлі належала ўсх. частка Беларусі з Мсціславам і Крычавам, да Чарнігаўскай — паўд.-ўсх. частка з Гомелем і Рэчыцай. Некат. з гэтых гарадоў эпізадычна станавіліся цэнтрамі ўдзелаў. Воласці, не вылучаныя ва ўдзел, кіраваліся баярамі-намеснікамі.
У 2-й пал. 13—1-й пал. 14 ст.тэр. Беларусі ўвайшла ў Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ). Большасць стараж. валасцей захаваліся як адм. адзінкі і былі часткова пераразмеркаваны ва ўдзелы Гедзімінавічаў (Гродзенскае, Віцебскае, Заслаўскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Полацкае, Слуцкае княствы) ці вотчыны мясц. княжацкіх дынастый (Гарадзецкае, Друцкае, Лукомскае); некат. значныя воласці (Берасцейская, Барысаўская, Ваўкавыская, Лагойская, Менская, Слонімская і інш.) кіраваліся намеснікамі вял. князя ВКЛ. У выніку падзелу ў 1345 ВКЛ паміж Альгердам і Кейстутам на Віленскую і Троцкую паловы (пад адной вярх. уладай) Альгерду, а потым яго нашчадкам падпарадкоўваліся Вільня, Віцебск, Лагойск, Менск, Полацк, Слуцк, пазней Кобрын і Мсціслаў. У Троцкую палову Кейстута і яго нашчадкаў увайшлі Берасце, Ваўкавыск, Гародня, Камянец, Новагародак, Слонім. Былое Свіслацкае княства з Бабруйскай і Любашанскай валасцямі было падзелена паміж Віленскай і Троцкай паловамі. У канцы 14 — пач. 15 ст.вял.кн. Вітаўт скасаваў удзелы ў Віцебску, Кіеве, Новагародку, Полацку і замяніў мясц. князёў сваімі намеснікамі. Віцебская, Кіеўская і Полацкая землі атрымалі адм.-тэр. і судовую аўтаномію, якая праіснавала да сярэдзіны 16 ст. (Кіеўскае княства было часова адноўлена з 1440 да 1470).
У 15—1-й пал. 16 ст.тэр. Беларусі падзялялася на судова-адм. акругі (княствы і намесніцтвы), межы якіх не былі вызначаны заканадаўча, а існавалі як гістарычна склаліся ў мінулым. Усяго было каля 20 княстваў і намесніцтваў, якія з’яўляліся асн.адм.-тэр. адзінкамі. Яны падзяляліся на больш дробныя воласці, што паступова распадаліся ў працэсе падаравання зямель феадалам, Пад уплывам Польшчы на працягу 15 ст. намесніцтвы пачалі называцца паветамі, не раздадзеныя ў прыватную ўласнасць воласці — староствамі ці дзяржавамі. Акрамя таго, захоўваўся традыцыйны падзел ВКЛ на Віленскую і Троцкую часткі (з 1413 сталі называцца ваяводствамі). У ваен. і часткова падатковых адносінах Гарадзецкае (Давыд-Гарадоцкае), Клецкае, Кобрынскае, Пінскае княствы, Берасцейскае, Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Камянецкае, Новагародскае, Слонімскае намесніцтвы падпарадкоўваліся намесніку (з 1413 ваяводу) троцкаму; Друцкае, Мсціслаўскае, Слуцкае княствы, Ашмянскае, Крэўскае, Лагойскае, Лідскае намесніцтвы — ваяводу віленскаму. Полацкая зямля з Лукомскім княствам, Віцебская з Аболецкім, Аршанскім і, магчыма, Магілёўскім намесніцтвамі, Кіеўская з Мазырскім намесніцтвам утваралі асобныя ваен. і судовыя акругі. З 2-й пал. 15 ст. Азярышчанская і Усвяцкая воласці Віцебскай зямлі, шэраг т. зв. «рускіх» валасцей у Падняпроўі кіраваліся намеснікамі вял. князя, а Абольцы, Заслаўе, Лагойск да пач. 16 ст. фактычна страцілі статус намесніцтваў і ператварыліся ў прыватнаўласніцкія або дзярж. маёнткі. Адметнай рысай Друцкага і Лукомскага княстваў было тое, што яны належалі моцна разгалінаваным княжацкім родам як сумеснае іх уладанне. Пасля згасання мясц. дынастый у Гарадзецкім (Давыд-Гарадоцкім), Клецкім, Кобрынскім, Пінскім княствах яны былі падараваны ў 1521—24 каралеве Боне, што фактычна ператварыла іх у адзіную адм. акругу. Пасля адыходу ў 1500 Чарнігаўскага ўдзельнага княства да Расіі ў ВКЛ застаўся Рэчыцкі павет, далучаны да Віленскага ваяводства. Любецкая і Гомельская вол., вернутыя ВКЛ у 1508 і 1537, далучаны адпаведна да Кіеўскага і Віленскага ваяв. У 1529 намесніцтвам стала Мсціслаўскае княства. У 1504 статус ваяводства атрымала Полацкае намесніцтва, у 1507 — Новагародскае, у 1508 — Віцебскае.
У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 колькасць ваяводстваў была павялічана, а паветаў паменшана. Межы многіх з іх значна змяніліся. Быў канчаткова скасаваны асобы статус княстваў. Друцкае і Лукомскае княствы ўліліся ў Аршанскі павет, Слуцкае — у Новагародскі (фактычна яно працягвала існаваць у складзе Новагародскага пав. як суцэльная феад. вотчына). Паводле гэтай рэформы тэр. Беларусі была падзе-, лена на ваяводствы: Берасцейскае (Берасцейскі і Пінскі пав.), Віленскае (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі і Лідскі пав.), Віцебскае (Аршанскі і Віцебскі пав.), Менскае (Менскі, Рэчыцкі, з 1569 і Мазырскі пав.), Мсціслаўскае (без паветаў), Новагародскае (Ваўкавыскі, Новагародскі і Слонімскі пав.), Полацкае (без паветаў) і Троцкае (Гарадзенскі пав.). Падзел ВКЛ на паветы (16 з іх на тэр. Беларусі) быў замацаваны Статутам ВКЛ 1588 і захаваўся да канца 18 ст.Паўд.-ўсх. ўскраек сучаснай тэр. Беларусі з Брагінам і Хойнікамі пасля 1569 застаўся ў Кіеўскім ваяводстве Польскага Каралеўства. У 1618—54 да ВКЛ адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав., да якога з 1646 належала Лоеўскае староства на тэр. Беларусі (з 1667 гэта староства — у складзе Рэчыцкага пав.).
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) усх. частка Беларусі далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Магілёўскую і Пскоўскую губерні, якія падзяляліся на правінцыі: Аршанскую, Віцебскую, Магілёўскую, Полацкую і Рагачоўскую. 22.7.1773 быў абвешчаны падзел правінцый на паветы (рус. — уезды), але без вызначэння іх межаў. У 1777 Магілёўская губ. была нанова падзелена на 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі, Беліцкі, Клімавіцкі, Копыскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі, Чавускі і Чэрыкаўскі. З Пскоўскай губ. вылучана Полацкая губ., у якую ўвайшлі бел. паветы: Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Полацкі, Суражскі. У 1778—96 Магілёўская і Полацкая губ. называліся намесніцтвамі. На тэр. Беларусі, што засталася ў складзе Рэчы Паспалітай, паводле Канстытуцыі 1791 былі ўтвораны новыя паветы: Завілейскі (цэнтр Паставы), Эйшышкскі, Слуцкі (Случарэцкі), Кобрынскі, Запінскі (цэнтр Столін). Скасаванне гэтай канстытуцыі прывяло і да скасавання новаўтвораных паветаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у склад Расіі ўключана цэнтр. частка Беларусі. З яе была ўтворана Мінская губ. (у 1795—96 намесніцтва), у якую ўвайшлі 13 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Давыд-Гарадоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Нясвіжскі, Пастаўскі, Пінскі, Слуцкі. Паўд. частка б. Полацкага ваяв. далучана да Полацкай губ. (намесніцтва) як Лепельскі пав. Невял. тэрыторыі, што прылягалі да мяжы падзелу 1772, былі далучаны да Полацкага, Сенненскага, Копыскага, Магілёўскага, Старабыхаўскага і Рагачоўскага пав. Частка паўд.-ўсх. тэрыторыі была ўключана ў Чарнігаўскую губ., дзе ў кастр. 1796 адноўлены Рэчыцкі пав. На тэр. Рэчы Паспалітай Гродзенскі пав. быў пераўтвораны ў Гродзенскае ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у склад Рас. імперыі ўключана зах. частка Беларусі, на якой утвораны Віленская і Слонімская губ. Слонімская губ. мела 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі і Слонімскі. У Віленскую губ. ўвайшлі 3 бел. паветы: Ашмянскі, Браслаўскі і Завілейскі; частку сучаснай Беларусі ахопліваў і Віленскі пав. 12.12.1796 Слонімская і Віленская губ. аб’яднаны ў Літоўскую губерню з цэнтрам у Вільні, Рэчыцкі пав. перададзены з Чарнігаўскай у Маларасійскую губ., Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы аб’яднаны ў Беларускую губерню (цэнтр Віцебск); з 24 паветаў скасавана 7. У Менскай губ. скасаваны Давыд-Гарадоцкі, Докшыцкі, Нясвіжскі і Пастаўскі пав.; у жн. 1797 далучаны Рэчыцкі пав.
У выніку ўдасканалення адм.-тэр. падзелу 9.9.1801 на тэр. Беларусі існавала 5 губерняў: Магілёўская [уключала 12 паветаў: Аршанскі, Бабінавіцкі (скасаваны ў 1840), Беліцкі (з 1852 Гомельскі), Копыскі (да 1861), Клімавіцкі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі (з 1852 Быхаўскі), Чавускі, Чэрыкаўскі]; Віцебская (12 паветаў, з іх бел. Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Полацкі і Суражскі); Мінская (10 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Ігуменскі, Мазырскі, Менскі, Пінскі, Рэчыцкі, Слуцкі); Гродзенская (8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі); Віленская [11 паветаў, з іх бел. Ашмянскі, Браслаўскі (цэнтр — г. Відзы, у 1834 пераўтвораны ў Новааляксандраўскі) і Завілейскі (з 1842 Свянцянскі)]. 18.12.1842 некат паветы пераразмеркаваны: у Віленскую губ. перададзены Вілейскі, Дзісенскі і Лідскі пав., у Мінскую — Навагрудскі пав., у Гродзенскую — Беластоцкая вобласць (Беластоцкі, Бельскі і Сакольскі пав.), у Ковенскую губ. — Новааляксандраўскі пав. З 1861 паветы падзяляліся на воласці; у Магілёўскай губ. з частак Аршанскага і скасаванага Копыскага ўтвораны Горацкі пав. У 1866 скасаваны Суражскі пав. Віцебскай губ., пасля чаго колькасць паветаў не мянялася да 1919. У 19 ст. на тэр. Беларусі ўтвараліся надзвычайныя адм.-тэр. адзінкі — генерал-губернатарствы.
У ліст. 1917 Віцебская. Магілёўская і неакупіраваныя герм. войскамі паветы Менскай і Віленскай губ. аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сувязі з новым герм. наступленнем у лют. 1918 цэнтр Заходняй вобласці перанесены ў Смаленск, у яе склад уключаны Смаленская губ. і неакупіраваная частка Беларусі на У ад р. Дняпро. У вер. 1918 Заходняя вобласць перайменавана ў Заходнюю камуну. У занятым немцамі Мінску 25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і бел. паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ. Фактычна ўлада належала герм. адміністрацыі, якая не прызнала БНР. Уся паўд. частка Беларусі (да Палескай чыгункі) была перададзена ў склад прызнанай немцамі Укр.Нар. Рэспублікі.
Пасля аднаўлення сав. улады на большай частцы Беларусі 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) у межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і зах. паветы Смаленскай губ. ўключаны ў склад РСФСР, астатняя частка БССР, не занятая палякамі, — у склад Літоўска-Беларускай ССР, якая пасля ўступлення польскіх войск у Менск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У РСФСР у крас. 1919 Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую губ. (у яе ўключаны і Рэчыцкі пав. Мінскай губ.); Сенненскі (з крас. 1919) і Аршанскі (з ліст. 1920) пав. далучаны да Віцебскай губ.; Мсціслаўскі (з крас. 1919) — да Смаленскай губ. На тэрыторыі, занятай палякамі, 12.5.1919 было ўтворана Грамадзянскае кіраванне крэсаў усходніх. Замест губерняў былі створаны акругі. У Брэсцкую акр. ўвайшлі 6 бел. паветаў (Брэст-Літоўскі, Ваўкавыскі, Кобрынскі, Пінскі, Пружанскі і Слонімскі), у Віленскую — 6 (Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Лідскі, Навагрудскі, Свянцянскі). У лют. 1919 з часткі Навагрудскага і Слуцкага пав. утвораны Баранавіцкі пав. Па меры прасоўвання польскіх войск была дадаткова створана Мінская акр. У кастр. 1919 у Віленскую акр. ўвайшлі Браслаўскі і Дзісенскі (цэнтр — г. Глыбокае) пав., у Брэсцкую — Мазырскі пав. (цэнтр — г. Жыткавічы). У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена ў складзе Менскай (без Рэчыцкага пав.) і часткі бел. паветаў Гродзенскай і Віленскай губ. Сталіцай БССР стаў Менск (з 1939 Мінск). Паводле сав.-літ. дагавора ад 12.7.1920 Ашмянскі, Лідскі, большасць Гродзенскага, бел. часткі Новааляксандраўскага і Свянцянскага пав. адышлі да Літвы.
У выніку паўторнага польскага наступлення ў кастр.—снеж. 1920 была занята зах. частка Беларусі, а ў Віленскім краі створана падкантрольная Польшчы т.зв. Сярэдняя Літва. На занятых палякамі землях быў уведзены новы павятовы падзел, 4.2.1921 утвораны Навагрудскае і Палескае ваяв.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18.3.1921 Заходняя Беларусь засталася ў складзе Польшчы. Там існавалі ваяводствы: Беластоцкае [уключала бел. паветы Ваўкавыскі, Гродзенскі, часткова Аўгустоўскі, Белавежскі (у 1922 далучаны да Бельскага) і Саколкаўскі]; Навагрудскае (Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі, Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі пав.); Палескае (Брэст-Літоўскі, Драгічынскі, Кобрынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі пав.). У лют. 1922 да Польшчы была далучана Віленская акруга, у склад якой уваходзілі бел. паветы: Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісенскі, Дунілавіцкі, Вілейскі, часткова Свянцянскі і Віленска-Троцкі. У 1925 акруга пераўтворана ў Віленскае ваяв., пры гэтым Дунілавіцкі пав. перайменаваны ў Пастаўскі, з часткі Вілейскага ўтвораны Маладзечанскі пав. У крас. 1929 з часткі Лідскага і Гродзенскага пав. створаны Шчучынскі пав. і ўключаны ў Навагрудскае ваяв. Паветы падзяляліся на гміны. Многія гміны ў 1920-я г. перадаваліся з павета ў павет, з 1930 межы паветаў заставаліся нязменнымі.
У складзе БССР засталіся 6 паветаў б. Мінскай губ.: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі (з 1923 Чэрвеньскі), Мазырскі, Менскі і Слуцкі. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад Саюза ССР. У Віцебскай губ. ў лют. 1923 скасаваны Гарадоцкі, Дрысенскі і Сенненскі пав., з Лепельскага і часткі Сенненскага ўтвораны Бачэйкаўскі пав. У Гомельскай губ. ў маі 1922 скасаваны Чавускі, у лют. 1923 — Быхаўскі пав., у ліп. 1922 большая частка Горацкага пав. перададзена Смаленскай губ., у снеж. 1923 Клімавіцкі і Чэрыкаўскі пав. аб’яднаны ў Калінінскі пав. з цэнтрам у г. Клімавічы. У сак. 1924 у выніку 1-га ўзбуйнення БССР у склад рэспублікі вернуты некат. паветы Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ., у якіх пераважала бел. насельніцтва (у новых межах): Аршанскі, Віцебскі, Горацкі, Калінінскі, Бачэйкаўскі, Магілёўскі, Полацкі, каля палавіны Мсціслаўскага і 7 валасцей Рэчыцкага. Віцебская губ. была скасавана.
17.7.1924 на тэр. Беларусі скасаваны стары і прыняты новы адм.-тэр. падзел — акругі, раёны і сельсаветы, склад якіх зацверджаны ЦВК і СНКБССР 2.1.1925. Утворана 10 акруг — Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская, Магілёўская, Мазырская, Менская, Полацкая і Слуцкая, якія аб’ядноўвалі 100 раёнаў і 1202 сельсаветы. У снеж. 1926 у выніку 2-га ўзбуйнення БССР у склад рэспублікі вернуты Гомельскі пав. і рэшта Рэчыцкага. 8.12.1926 яны перайменаваны ў акругі, а 18 валасцей гэтых паветаў — у раёны. Гомельская губ. была скасавана. 9.6.1927 скасаваны Барысаўская, Калінінская, Рэчыцкая і Слуцкая акр., іх раёны размеркаваны па суседніх акругах. 26.7.1930 скасаваны апошнія 8 акруг, на тэр. Беларусі застаўся толькі раённы падзел. Колькасць раёнаў у БССР мянялася: 4.8.1927 скасаваны 16 раёнаў, 8.7.1931 — яшчэ 23 раёны. 15.2.1935 адноўлены 15 раёнаў. 21.6.1935 раёны БССР, размешчаныя ўздоўж дзярж. граніцы з Польшчай, былі аб’яднаны ў 4 акругі: Лепельскую (4 раёны), Мазырскую (9 раёнаў), Полацкую (5 раёнаў) і Слуцкую (6 раёнаў).
15.1.1938 у БССР уведзены абласны падзел. 20.2.1938 усе 90 раёнаў рэспублікі, якія існавалі на той час, былі размеркаваны паміж 5 абласцямі: у Віцебскую вобл. уключана 20 раёнаў, Гомельскую — 14, Магілёўскую — 21, Менскую — 20, Палескую — 15 раёнаў. Акругі як адм. адзінкі былі скасаваны. Пастановай урада 27.9.1938 гарады ў рэспубліцы падзелены на гарады абласнога (11) і раённага (14) падпарадкавання. Акрамя таго, замест б. мястэчак былі ўзаконены 52 гар. і 14 рабочых пасёлкаў. Астатнія паселішчы (вёскі і б. мястэчкі) лічыліся сельскімі. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (ліст. 1939) на гэтай тэрыторыі ўтворана 5 абласцей і 101 раён: Баранавіцкая вобл. — 26 раёнаў, Беластоцкая — 24, Брэсцкая — 18, Вілейская — 22 і Пінская — 11 раёнаў. Віленскі край з г. Вільня ў кастр. 1939 перададзены Літве. У ліст. 1940 у сувязі з перадачай у склад Літ. ССР тэрыторыі з большасцю літ. насельніцтва 3 раёны Беларусі скасаваны (Гадуцішкаўскі, Парэцкі, Свянцянскі).
У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах. частка Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх. частка ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь (з цэнтрам у Мінску) у складзе рэйхскамісарыята «Остланд».
Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей перададзены ў склад Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана. 20.9.1944 у БССР утвораны 3 новыя вобласці: Бабруйская, Гродзенская і Полацкая; Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую. 8.1.1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская, Полацкая, 20.1.1960 — Маладзечанская вобл. На працягу 1956—62 на тэр. Беларусі праводзілася ўзбуйненне раёнаў: у 1956 скасавана 11 раёнаў, 1957—3, 1959—14, 1960—15, 1961—1, у 1962—54 раёны, у выніку ў рэспубліцы засталося 77 раёнаў. У 1965 былі адноўлены 23 раёны, у 1966—17. 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н Магілёўскай вобл.
Літ.:
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. М., 1892;
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройство БССР. Мн., 1966;
Древнерусские княжества X—XIII вв. М., 1975;
Белорусская ССР: Адм -террит деление: На 1 янв. 1986 г. 7 изд. Мн., 1986;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
больш, прысл.
1.Выш. ст.дапрысл. многа. [Насця:] Слова назад я не бяру, але хачу больш прыгледзецца да цябе.Крапіва.Сцёпка пільна сачыў за выразам твару настаўніка. А настаўніцкі твар усё больш і больш прасвятляўся.Колас.// З колькаснымі назоўнікамі або з колькаснымі назоўнікавымі злучэннямі ўказвае на перавышэнне абазначанай колькасці. Больш за тону. Больш за метр. □ Нечакана зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. .. Званілі доўга, больш за пяць хвілін.Чорны.
2. У спалучэнні з прыметнікам або прыслоўем служыць для ўтварэння вышэйшай ступені. Міколка.. наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда.Лынькоў.Усё гучней і больш рашуча чуліся патрабаванне міру, зямлі, свабоды.Дуброўскі.
3. У адмоўным сказе азначае: далей, у далейшым, ужо. Зязюля ў лесе больш не лічыць Гадоў старому ганчару.Бялевіч.//Разм. Апрача гэтага, яшчэ. [Зэня:] — А больш ты [Паўлік] з кім там гаварыў?Чорны.
4. Пераважна, галоўным чынам. Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.Якімовіч.
•••
Больш за ўсё — пераважна, часцей за ўсё, найчасцей.
Больш-менш — у нейкай ступені, часткова.
Больш таго — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць таго, што будзе сказана далей.
Больш чым... — абсалютна, у вышэйшай ступені.
Куды больш — на многа больш.
Ні больш ні менш (як) — строга вызначаная сума, колькасць чаго‑н.
Тым больш(здап.сказам) — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць прычыны, пра якую будзе зараз сказана.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́га, ‑і, ДМ ва́зе, ж.
Тоўстая жэрдка або бервяно для падважвання цяжкіх прадметаў.
вага́, ‑і́, ДМ вазе́; мн. ва́гі, ‑аў; ж.
1.толькіадз. Цяжар якога‑н. цела, які вызначаецца ўзважваннем; маса. Вага 20 кг. Прыбавіць у вазе.// Узважванне. Жыта маё прадаецца без вагі і меры — дабра свайго нікому не шкадую...Бядуля.
2.толькіадз. Важкасць якога‑н. цела, прадмета. Перастаялая салома не вытрымала вагі каласоў.//перан. Значэнне, сіла, уплыў. І часам дзед нахмурыць бровы, Ды больш дадасць сабе вагі, Бо як-ніяк, а ў яго хаце Знайшлі прытулак бедакі.Колас.
3.толькіадз. Сістэма мер для вызначэння цяжару. Меры вагі. Адзінка вагі.
4. Прылада для ўзважвання чаго‑н. Спружыновая вага. Аўтаматычная вага. □ Сама [цётка] прынесла з кутка мяшок, паставіла яго на вагу і з нейкім заклапочана-адчайным выглядам сказала: — Важце.Брыль.Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі.Васілевіч.
•••
Дэцымальная вага — вага, якая ўраўнаважваецца гірамі ў 10 разоў лягчэйшымі, чым груз.
Жывая вага — поўная вага жывой жывёліны, у процілегласць чыстай вазе мяса.
Забойная вага — вага тушы без шкуры, галавы, ног і вантробаў.
Удзельная вага — а) адносіны вагі цела пры тэмпературы 0°C да вагі роўнага аб’ёму вады пры тэмпературы 4°C; б) колькасць, роля, значэнне, месца каго‑, чаго‑н. дзе‑н., у чым‑н.
Чыстая вага — вага чаго‑н. без пасуды, без упакоўкі і пад., нета.
На вагу золата — надта дорага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)