ЛЕО́Н (León),
феадальная дзяржава на ПнЗ Пірэнейскага п-ва ў 10—13 ст. Утварылася ў 909—910 пасля падзелу Астурыйскага каралеўства паміж сынамі ісп. правіцеля Альфонса III Вялікага (гл. Альфонсы) на Л., Галісію, Астурыю. У 924 Галісія і Астурыя аб’ядналіся з Л. у адзінае каралеўства са сталіцай у г. Леон. З 960 плаціў даніну Абдарахману III. У 988—1031 пад уладай Кардоўскага халіфата. У час Рэканкісты далучыў да сваёй тэрыторыі партуг. землі. У 1230 каралеўства аб’ядналася з Кастыліяй і стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва.
т. 9, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТО́ННЫ ЛІК, лептонны зарад,
квантавы лік, які характарызуе лептоны. Адлюстроўвае захаванне розніцы лікаў лептонаў і антылептонаў адной і той жа сям’і (пакалення) ва ўзаемадзеяннях элементарных часціц. Л.л. роўны 1 для лептонаў, -1 для антылептонаў і 0 для астатніх часціц. Л.л. сістэмы часціц роўны алг. суме Л.л. асобных часціц, якія ўваходзяць у яе састаў, і закон захавання лептонаў зводзіцца да закону захавання Л.л. Існуюць тэарэт. меркаванні, што закон захавання Л.л. з’яўляецца набліжаным, напр., магчымы ўзаемныя пераходы паміж нейтрына розных тыпаў (асцыляцыі нейтрына).
І.С.Сацункевіч.
т. 9, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВА́НСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1944,
міжгрэчаскае паліт. пагадненне, падпісанае 20 мая ў Ліване ў 2-ю сусв. вайну прадстаўнікамі эмігранцкага ўрада, паліт. партый, Паліт. к-та нац. вызвалення, Нац.-вызв. фронту, Грэч. нар.-вызв. арміі, ваен.-паліт. нацыяналіст. арг-цый. Прадугледжвала роспуск усіх ўзбр. атрадаў і стварэнне адзінай арміі, правядзенне плебісцыту аб будучым дзярж. ладзе краіны, фарміраванне ўрада нац. адзінства. Л.п. не ліквідавала прынцыповых рознагалоссяў паміж левымі і правымі паліт. сіламі, што пасля вызвалення Грэцыі (кастр. 1944) прывяло да вострай барацьбы за ўладу і грамадз. вайны 1946—49.
т. 9, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГУРЫ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
дзяржава ў Італіі ў 1797—1805. Створана на тэр. Генуэзскай рэспублікі пасля акупацыі яе франц. войскамі. Мела канстытуцыю (1797), складзеную на ўзор франц. канстытуцыі 1795. Тэр. Л.р. была арэнай барацьбы паміж Аўстрыяй і Францыяй. Пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 Аўстрыя заняла Паўн. Італію, у т. л. на кароткі час у 1800 і Л.р. Пасля разгрому аўстр. войск у бітве каля Марэнга Л.р. фактычна кіраваў (да ліп. 1802) напалеонаўскі ген. Дзежан. У 1805 далучана да франц. імперыі, паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 — да Сардзінскага каралеўства.
т. 9, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЖА АКІЯ́НА адзін з галоўных элементаў рэльефу і геал. структуры дна Сусв. акіяна. Займае самы нізкі
(акрамя акіянічных жалабоў) узровень зямной паверхні. Глыб. ад 4 тыс. м да 7 тыс. м паміж мацерыковым падножжам і сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі. Пл. больш за 185 млн. км² Складаецца з зямной кары акіянічнага тыпу, адрозніваецца слабым праяўленнем вулканізму і сейсмічнасці, малымі скорасцямі верт. рухаў (гл. Таласакратон). У рэльефе пераважаюць плоскія акумулятыўныя і складанарасчлянёныя ўзгорыстыя раўніны (гл. Абісальныя раўніны),
якія падзелены падняццямі розных тыпаў (асобныя вулканічныя горы і ланцугі гор, шырокія скляпеністыя і блокавыя ўзвышэнні).
т. 9, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ БАСЕ́ЙН,
раўніна на ПдУ Вялікабрытаніі, па ніжнім цячэнні р. Тэмза. Выш. да 100 м. З’яўляецца сінклінальным паніжэннем паміж мелавымі ўзгоркамі Чылтэрн-Хілс (выш. да 261 м) на Пн і хр. Норт-Даўнс (выш. 296 м) на Пд; запоўнена трацічнымі глінамі, пяскамі, гравіем. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. +4 °C, ліп. +18 °C, ападкаў больш за 600 мм за год. Глебы бурыя лясныя. Захаваліся рэшткі дубовых лясоў, на пясках — хвоя і верасоўнікі. Культурныя ландшафты (палі, агароды, паркі); высокая шчыльнасць насельніцтва. У Л.б. — г. Лондан.
т. 9, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.
У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., паміж вёскамі Лукомль, Зара, Ротна, Стражэвічы, Багатыр, пас. Асавец. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі часу адступання паазерскага ледавіка. Гліны шчыльныя, тлустыя, вязкія, пластычныя і высокапластычныя, месцамі з тонкімі праслойкамі пылаватага пяску і супеску. Разведаныя запасы 27,1 млн. м³, перспектыўныя 67 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 14,1—29,9 м, ускрышы (торф, пяскі) 0,2—6,9 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб, цэменту і керамзітавага жвіру. Распрацоўваецца Новалукомскім з-дам керамзітавага жвіру і Мінскім з-дам будматэрыялаў.
А.П.Шчураў.
т. 9, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НДА (Lunda),
плато ў Цэнтр. Афрыцы, на тэр. Дэмакр. Рэспублікі Конга і Анголы. Складзена з палеагенавых і неагенавых пясчанікаў і пяскоў, якія гарызантальна залягаюць на дакембрыйскім крышт. фундаменце. Цэнтр. ч. — плоская, месцамі забалочаная раўніна выш. 1300—1600 м, водападзел паміж рэкамі Касаі і Замбезі. Плато ступеньчата зніжаецца на Пн, да ўпадзіны Конга і паката — на Пд, да ўпадзіны Калахары. У басейне р. Касаі багатыя радовішчы алмазаў, марганцавай руды. Клімат субэкватарыяльны, гарачы, вільготны летам. Сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі, на паўн. схіле — высакатраўныя саванны. Па далінах рэк — галерэйныя лясы.
т. 9, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДСКІ БОЙ 1943.
Адбыўся паміж партызанскім атрадам «Камсамол» (камандзір П.С.Вараб’ёў) 1-й Мінскай партыз. брыгады і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у в. Ляды Смалявіцкага р-на 28 лют. ў Вял. Айч. вайну. Узяты ў палон нач. каравула лядскага гарнізона згадзіўся правесці партызан у вёску. У ноч на 28 лют. адна група партызан нейтралізавала вартавых і акружыла каравульнае памяшканне, другая бясшумна пранікла ў казарму і авалодала зброяй праціўніка. Праз паўгадзіны супраціўленне ворага было зламана. Партызаны захапілі шмат зброі і боепрыпасаў.
У.С.Пасэ.
т. 9, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГУ́ТНАСЦІ КАЭФІЦЫЕ́НТ, косінус фі, адносіны актыўнай магутнасці пераменнага эл. току да поўнай магутнасці. У ланцугах сінусаідальнага току роўны косінусу вугла зруху фаз паміж напружаннем і токам:
, дзе R — актыўнае, Z — поўнае супраціўленне эл. ланцуга.
Актыўная магутнасць P эл. ланцуга прапарцыянальна М.к.:
, дзе U — напружанне, I — ток. Для кампенсацыі зруху фаз і падтрымання значэння М.к. блізкім да 1 выкарыстоўваюць спец. прыстасаванні (сінхронныя кампенсатары, батарэі кандэнсатараў і інш.). Для прадпрыемстваў — спажыўцоў эл. энергіі дапускаецца М.к. не ніжэй за 0,9.
т. 9, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)