МАРТЫ́НАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 29.3.1947, г.Радвілішкіс, Літва),
бел. артыст балета, педагог. Скончыў Рыжскае харэаграфічнае вучылішча (1966), з 1972 выкладаў у ім. З 1964 саліст Рыжскага т-ра оперы і балета. З 1976 саліст, з 1985 педагог-рэпетытар Нац. акад. т-ра балета Беларусі, з 1978 (з перапынкам) адначасова педагог Дзярж. харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. Яго танцу ўласцівы высокая тэхніка, эмацыянальнасць, сцэн. абаяльнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Прынц, Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт, Алі («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Базіль, Кавалер («Дон Кіхот», «Пахіта» Л.Мінкуса), Франц («Капелія» Л.Дэліба), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Кароль Філіп («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча) і інш. Лаўрэат VII Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1974).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 106, 107, 109.
Л.І.Вішнеўская.
т. 10, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РАМЭ́Н»,
адзіны ў свеце цыганскі т-р. Адкрыты ў 1931. У спектаклях традыцыі і каларыт нац. мастацтва, багатая музыкальнасць, песеннае і танц. майстэрства артыстаў зліты з сучаснымі тэатр.-эстэт. прынцыпамі. Сярод спектакляў: «Табар у стэпе» і «Нарадзіўся я ў табары» І.Ром-Лебедзева (паводле Ю.Нагібіна), «Крывавае вяселле» Ф.Гарсія Лоркі, «Макар Чудра» паводле М.Горкага, «Грушачка» паводле М.Ляскова, «Закон продкаў» І.Хрусталёва, «Мы — цыганы» М.Слічэнкі, «Жывы труп» Л.Талстога, «Мужчыны ў нядзелю» Ж.Л.Ранкароні, «Графіня — цыганка» П.Градава. У розныя гады т-р узначальвалі: М.Гольдблат, М.Яншын, П.Саратаўскі і інш. Маст. кіраўнікі С.Баркан (з 1958), М.Слічэнка (з 1977). У розны час у т-ры працавалі: Т.Агамірава, Л.Баброва, В.Бізеў, Р.Валшанінава, М.Валшанінаў, Р.Дземент, Е.Жамчужная, Н.Залатарова, С.Залатароў, І.Някрасава, В.Пятрова, Ром-Лебедзеў, М.Скварцова, Б.Ташкенцкі, Ляля Чорная (Н.Хмялёва), С.Шышкоў і інш.
т. 10, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РУСКІ БАЛЕ́Т».
Створаны ў 1981 як Ансамбль Класічнага балета Маскоўскай абл. філармоніі; з 1984 наз. Ансамбль «Маскоўскі балет», з 1988 сучасная назва. Маст. кіраўнікі І.Ціхамірнава (з 1981), В.Гардзееў (з 1984). У рэпертуары класічныя, у т. л. рус., балеты «Жызэль» А.Адана, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Дон Кіхот» і «Баядэрка» Л.Мінкуса, карціны і фрагменты з балетаў «Пахіта» Э.Дэльдэвеза, «Сільфіда» Ж.Шнейцгофера, «Эсмеральда» Ц.Пуні, «Шчаўкунок» Чайкоўскага, «Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно; 1-актовыя балеты «Нечаканыя манеўры, або Вяселле з генералам» на муз. Дж.Расіні, «Тэатр Карабаса» на муз. І.Штрауса, «Карціны, якія ажылі» на муз. І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля і В.А.Моцарта, а таксама канцэртныя нумары «Паганіні» на муз. Гендэля, «Мужчыны і жанчына» на муз. Г.Свірыдава, «Мелодыя кахання» на нар. аргенцінскую музыку (усе ў паст. Гардзеева). Сярод салістаў: С.Анкудзінаў, М.Багданава, К.Дурнеў, Я.Казанцава, А.Казлоў, І.Лузганава, А.Рабаў і інш.
т. 10, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́НЕ,
раздзел прыкладной матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам вызначэння максімумаў (ці мінімумаў) функцый многіх пераменных пры наяўнасці дадатковых абмежаванняў, зададзеных сістэмай роўнасцей і няроўнасцей. Сфарміравалася ў 1950-я г. ў сувязі з практычнымі задачамі выбару аптымальнага варыянта сярод многіх магчымых (гл. Аперацый даследаванне, Гульняў тэорыя).
Задачы М.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі розных задач эканомікі, тэхнікі, вытв-сці, ваен. справы, у якіх патрабуецца вызначыць аптымальны план (праграму) дзеянняў з улікам пэўных умоў і абмежаванняў. Асн. раздзелы М.п.: лінейнае праграмаванне, нелінейнае праграмаванне, а таксама выпуклае (мэтавая функцыя і мноства дазволеных планаў у ім выпуклыя; гл. Выпукласць і ўвагнутасць) і цэлалікавае (пераменныя — цэлыя лікі) праграмаванні; шэраг задач М.п. рашаецца на аснове метаду дынамічнага праграмавання. Разглядаюцца таксама стахастычныя задачы для мадэліравання практычных сітуацый ва ўмовах рызыкі і неакрэсленасці.
На Беларусі мадэлі і метады М.п. даследуюцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ.
Літ.:
Карманов В.Г. Математическое программирование. 3 изд. М., 1986.
Ю.Н.Сацкоў.
т. 10, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЙЧЫК (Аляксандра Давыдаўна) (сцэн. псеўд. Ганна Мейчык; 1875, Мінск — 8.8.1934),
расійская спявачка (кантральта). Беларуска па паходжанні. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1898, клас К.Ферні-Джыральдоні). Працавала ў т-рах Расіі, Украіны і інш. У 1908 запрошана ў т-р «Ла Скала», з 1913 — у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1914 канцэртавала ў Еўропе. Спявала ў Марыінскім т-ры. (Пецярбург). З 1922 у ЗША, кіравала вак. студыяй у Нью-Йорку. Валодала моцным, густым і рухомым голасам шырокага дыяпазону (спявала і партыі мецца-сапрана). Сярод лепшых партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Лель, Любаша («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка), Рамэо («Мантэкі і Капулеці» В.Беліні), Артруда, Эрда, Фрыка («Лаэнгрын», «Золата Рэйна» і «Зігфрыд», «Валькірыя» Р.Вагнера).
Л.А.Сівалобчык.
т. 10, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Алег Уладзіміравіч) (н. 13.7.1961, Мінск),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1993). З 1993 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру поўнага дыяпазону, добрай вак. школай. Сярод партый: Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Спарафучыле і Мантэроне, Рамфіс, Захарыя («Рыгалета», «Аіда», «Набука» Дж.Вердзі), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Канчак і Уладзімір Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава). Барыс і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Стары катаржнік («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча). Выканаў таксама партыю баса ў Рэквіеме Вердзі, удзельнічаў у запісе на кампакт-дыск кантаты С.Рахманінава «Званы» (Дублін, 1996). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу маладых оперных спевакоў імя Ф.Шаляпіна (1989), міжнар. конкурсаў вакалістаў у Більбао (Іспанія) і Карлавых Варах (Чэхія; абодва 1988), імя Г.Отса (1989), «Новыя галасы» (Германія) і SIEM (Жэнева; абодва 1991), імя Л.Тодзі (Партугалія, 1993) і інш.
т. 10, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НДЭЛЯ ЗАКО́НЫ,
правілы атрымання ў спадчыну прыкмет, адкрытыя Г.Мендэлем (1865). Першы М.з. (закон аднароднасці гібрыдаў) — патомства 1-га пакалення ад скрыжавання ўстойлівых форм, што адрозніваюцца па адной прыкмеце, маюць аднолькавы фенатып па ёй. Другі М.з. (закон расшчаплення) — пры скрыжаванні гібрыдаў 1-га пакалення паміж сабой сярод гібрыдаў 2-га пакалення ў пэўных суадносінах з’яўляюцца асобіны з фенатыпамі зыходных бацькоўскіх форм і гібрыдаў 1-га пакалення. Трэці М.з. (закон незалежнага камбінавання прыкмет) — пара альтэрнатыўных прыкмет паводзіць сябе ў пакаленнях незалежна адна ад адной (паяўляюцца асобіны з новымі камбінацыямі прыкмет). З М.з. вынікае, што гены адносна пастаянныя, могуць знаходзіцца ў розным стане, парныя ў саматычных клетках і адзінкавыя ў гаметах; дыскрэтныя, могуць паводзіць сябе незалежна адзін ад аднаго. Законы праяўляюцца ў пэўных умовах і маюць універсальны характар для дыплоідаў. М.з. спрыялі развіццю генетыкі. Гл. таксама Мендэлізм.
Літ.:
Мендель Г. Опыты над растительными гибридами: Пер. с вем. М., 1965. Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988.
Р.Г.Заяц.
т. 10, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕТРАПО́ЛІТЭН-О́ПЕРА»
(Metropolitan Opera),
вядучы оперны тэатр ЗША. Адкрыты ў 1883 у Нью-Йорку акц. т-вам «Метраполітэн-опера хаўс компані». Адзіны ў ЗША пастаянны оперны т-р (працуе 7 месяцаў у год). Хор, аркестр і дапаможныя калектывы стабільныя; вядучыя салісты і дырыжоры працуюць на кантрактнай аснове. У рэпертуары ням., рус., франц., італьян., амер. оперы (з 1910-х г. на мове арыгінала). Важную ролю ў станаўленні т-ра адыграў першы дырыжор Л.Дамраш (маст. кіраўнік з 1884). У «М.-о.» выступалі лепшыя прадстаўнікі сусв. вак. культуры, у т. л. рас. Ф.Шаляпін, Г.Вішнеўская, А.Абразцова, М.Касрашвілі, Ю.Мазурок, бел. М.Гулегіна, арм. П.Лісіцыян, малд. М.Біешу. Сярод кіраўнікоў т-ра: А.Тасканіні, Э.Джонсан, Р.Бінг; спектаклямі дырыжыравалі Г.Малер, Тасканіні, Л.Стакоўскі, Э.Ансермэ, Б.Вальтэр, Д.Мітропулас, К.Бём, Л.Бернстайн, Г.Караян, З.Мета, Дж.Лівайн і інш. З 1966 т-р працуе ў новым будынку ў «Лінкальн-цэнтры».
т. 10, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІДЗАГУ́ЦІ (Кэндзі) (16.5.1898, Токіо — 24.8.1956),
японскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў яп. кінамастацтва. Скончыў маст. вучылішча ў Токіо. У ранні перыяд пад уплывам ням. экспрэсіянізму паставіў фільм «Кроў і душа», экранізаваў творы зах. л-ры («813» паводле М.Леблана, «Порт у тумане» паводле Ю.О’Ніла, усе 1923, і інш.). Пазней звяргаўся пераважна да сац. тэматыкі. Гал. тэмай яго творчасці стала сутыкненне традыц. яп. побыту і светаўяўлення з сучаснасцю, якое раскрываў праз лёс жанчын. Сярод лепшых фільмаў: «Элегія Наніва», «Гіёнскія сёстры» (абодва 1936), «Жанчына Сайкаку» (паводле І.Сайкаку, 1952, інш. назва «Жыццё О-Хару, куртызанкі», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1952), «Месяц у тумане» (паводле легенды А.Уэда, 1953, інш. назвы «Казкі туманнага месяца пасля дажджу», «Угэцу манагатары», прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1953), «Кіраўнік Сансё» (паводле А.Моры, 1954, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1954), «Раён чырвоных ліхтароў» (1956) і інш.
Літ.:
Ивасаки А. История японского кино: Пер. с яп. М., 1966.
т. 10, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖРАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Б, міжрайкомы КП(б)Б,
кіруючыя парт. органы на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў 1942—44 (у Баранавіцкай і ч. Мінскай абл. называліся міжраённымі падпольнымі партыйнымі цэнтрамі). Ствараліся і дзейнічалі пад кіраўніцгвам ЦК КП(б)Б і абл. падп. к-таў КП(б)Б. Арганізоўвалі і ўзначальвалі ў замацаваных за імі раёнах падп. парт. органы, арг-цыі і групы, кіравалі патрыят. падполлем і партыз. рухам, ажыццяўлялі паліт. і арганізатарскую работу сярод насельніцтва, наладжвалі выданне газет (гл. Друк падпольны). Адначасова дапамагалі абкомам падбіраць і рыхтаваць кадры для падп. гаркомаў і райкомаў у зонах сваёй дзейнасці. Дзейнічала 11 міжрайкомаў КП(б)Б: Аўгустоўскі (21.11.1943—19.7.1944), Бабруйскі (11.8—4.11.1942), Бранскі (снеж. 1943—17.7.1944), Брэсцка-Жабінкаўскі (20.6—21.7.1944), Быценскі (24.9—4.11.1943), Жлобінскі (кастр. 1942 — май 1943), Лапскі (23.10.1943—1.8.1944), Маларыцка-Дамачоўскі (19.6—20.7.1944), Мінскі (3.10.1942—18.9.1943), Слуцкі (жн. 1942 — ліп. 1943), Чыжаўскі (21.11.1943—13.7.1944). Са стварэннем і арганізац. ўмацаваннем раённых падп. к-таў КП(б)Б міжрайкомы расфарміраваны.
А.А.Каваленя.
т. 10, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)