Я́НЧАНКА Алег Рыгоравіч (18.6.1939, Масква — 13.1.2002),
бел. і расійскі кампазітар, арганіст, педагог. Нар. арт. Расіі (1997). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964; кл. фп. Г.Нейгаўза, кл. аргана Л.Ройзмана, кл. кампазіцыі Ю.Шапорына). З 1963 саліст Бел. філармоніі, выкладчык Бел. кансерваторыі. Арганізатар (1968) і першы маст. кіраўнік Мінскага камернага аркестра (гл. Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь). З 1971 саліст Маскоўскай філармоніі, адначасова з 1984 кіраўнік ансамбля салістаў «Мадрыгал». Творчай індывідуальнасці характэрны дынамізм, яскравая эмацыянальнасць, маляўнічасць; многія яго творы апіраюцца на бел. фальклор. Сярод твораў: оперы «Мыйдадзір» (1964), «Балаганчык» (1970), «Граф Каліёстра» (1972), балет «Кастусь Каліноўскі» (1973), 4 сімфоніі (1966—87), канцэрты для розных інструментаў, з арк., у т. л. 3 для аргана, музыка да драм. спектакляў. Дыпламант Міжнар. конкурсу арганістаў імя І.С.Баха (Лейпцыг, 1964). Дзярж. прэмія СССР 1984.
т. 18, кн. 1, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)