пласты́чны, -ая, -ае.
1. гл. пластыка.
2. Здольны пад ціскам мяняць форму; не ломкі, плаўкі.
Пластычныя масы (матэрыялы, атрыманыя з прыродных або штучных злучэнняў — палімераў, якія фармуюцца пры награванні і пад ціскам і захоўваюць нададзеную форму).
3. Які мае адносіны да хірургічнай перасадкі скуры і бліжэйшых падскурных тканак.
Пластычная аперацыя.
4. Прыгожы гарманічнасцю сваіх форм і рухаў, плаўны.
П. танец.
|| наз. пласты́чнасць, -і, ж. (да 2 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
прыхілі́ць, -хілю́, -хі́ліш, -хі́ліць; -хі́лены; зак.
1. каго-што. Схіліць, нагнуць трохі ўніз.
П. галіну.
2. каго-што. Шчыльна наблізіць да чаго-н., прытуліць, прыціснуць да каго-, чаго-н.
П. дошку да сцяны.
Маці прыхіліла дзіця да грудзей.
3. перан., каго (што). Даць прытулак (у 1 знач.) каму-н.; выклікаць у кім-н. прыхільныя адносіны да каго-, чаго-н.
П. сірату.
|| незак. прыхіля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е і прыхі́льваць, -аю, -аеш, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
тэхні́чны, -ая, -ае.
1. гл. тэхніка.
2. Які мае адносіны да работы машын і механізмаў, звязаны з абслугоўваннем тэхнікі якой-н. вытворчасці.
Тэхнічная дапамога.
Т. аддзел.
3. Які падлягае выкарыстанню або апрацоўцы ў прамысловасці.
Тэхнічная вада.
4. Які выконвае розныя дапаможныя работы ў якой-н. справе, не адказны.
Т. сакратар.
5. Які вызначаецца высокай тэхнікай, майстэрствам (у спорце, мастацтве).
Т. футбаліст.
|| наз. тэхні́чнасць, -і, ж. (да 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
камандзі́тны
(фр. commandite = таварыства на веры)
які мае адносіны да гандлёвага таварыства, члены якога адказваюць па абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а астатнія ўдзельнікі толькі сваімі ўкладамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
карпускуля́рны
(ад карпускула)
які мае адносіны да карпускулы або складаецца з карпускул;
к-ая тэорыя святла — тэорыя, паводле якой святло ўяўляе сабой струмень дробных часцінак рэчыва.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
астранамі́чны
(ад астраномія)
які мае адносіны да астраноміі;
а-ая абсерваторыя — навукова-даследчая ўстанова, дзе вывучаюцца нябесныя свяцілы і з’явы, а таксама распрацоўваюцца тэарэтычныя пытанні астраноміі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
варыяцы́йны
(ад варыяцыя)
які мае адносіны да варыяцыі;
в-ае злічэнне — раздзел матэматыкі, які вывучае экстрэмумы, што залежаць ад выбару адной або некалькіх функцый, метадам варыяцый.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
намінаты́ўны
(лац. nominativus = звязаны з называннем)
1) лінгв. які служыць для называння, абазначэння прадметаў, з’яў, якасцей, дзеянняў (напр. н. сказ);
2) які мае адносіны да намінатыву.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АСО́БА,
чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.
Літ.:
Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;
Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;
Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.
С.П.Макараў.
т. 2, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НХЕНСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1938 па Чэхаславакіі.
Заключана 29 вер., падпісана 30 вер. ў г. Мюнхен (Германія) на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў фаш. Германіі (А.Гітлер) і Італіі (Б.Мусаліні), Вялікабрытаніі (Н.Чэмберлен), Францыі (Э.Даладзье). Было вынікам прэтэнзій Германіі на Судэцкую вобл. Чэхаславакіі (яе ўрад не быў запрошаны на канферэнцыю), населеную пераважна немцамі, і палітыкі «прымірэння» з Германіяй Вялікабрытаніі і Францыі перад 2-й сусв. вайной. Пасля аншлюсу Аўстрыі (сак. 1938) урад Гітлера пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Ён падштурхнуў сваіх прыхільнікаў генлейнаўцаў (судэтанямецкую партыю, лідэры К.Генлейн і інш.) высунуць патрабаванні поўнай аўтаноміі Судэцкай вобл. і правядзення там плебісцыту па яе самавызначэнні. Гэта абвастрыла адносіны судэцкіх немцаў з урадам Чэхаславакіі (Судэцкі крызіс). У сярэдзіне мая пачалося перамяшчэнне герм. войск да мяжы з Чэхаславакіяй. Урад апошняй 20 мая абвясціў частковую мабілізацыю. Зах. саюзнікі Чэхаславакіі Вялікабрытанія і Францыя, імкнучыся ўрэгуляваць свае адносіны з Германіяй, настойвалі на прыняцці патрабаванняў генлейнаўцаў. Пасля некалькіх дыпламат. місій, у т. л. сустрэч Чэмберлена з Гітлерам 15 і 22 вер., і па просьбе Мусаліні Гітлер пагадзіўся абмеркаваць чэхаславацкае пытанне на канферэнцыі ў Мюнхене. Паводле М.п. Чэхаславакія пад націскам Вялікабрытаніі і Францыі на працягу 10 дзён (1—10 кастр.) мусіла перадаць Германіі Судэцкую вобл. з усімі наяўнымі там збудаваннямі (каля ¼ насельніцтва, амаль ⅕ тэрыторыі, палавіна цяжкай прам-сці, значныя ваен. ўмацаванні). М.п. наблізіла акупацыю герм. войскамі ўсёй Чэхаславакіі (сак. 1939) і развязванне 2-й сусв. вайны Германіяй. 30 вер. падпісана таксама англа-германская дэкларацыя 1938 аб ненападзенні. Пасля вайны Судэцкая вобл. вернута Чэхаславакіі. Канчаткова юрыд. нязначнасць М.п. замацавана паводле дагавора паміж Чэхаславакіяй і ФРГ ад 11.12.1973.
Літ.:
Документы по истории мюнхенского сговора, 1937—1939. М., 1979;
Мюнхен — преддверие войны: (Ист. очерки). М., 1988;
Борисов А.Ю. Мюнхенская трагедия: (Размышления спустя полвека). М., 1988;
Тейлор Т. На пути к Мюнхену: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны. М., 1992;
Ширер У. Капитуляция в Мюнхене: Пер. с англ. // Там жа.
У.Я.Калаткоў.
т. 11, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)