ДУНАЕ́ЎСКІ (Ісак Восіпавіч) (30.1.1900, г. Лохвіца, Украіна — 25.7.1955),

рас. кампазітар. Нар. арт. Расіі (1950). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1919). Кіраўнік муз. часткі Маскоўскага т-ра сатыры (з 1924), муз. кіраўнік і гал. дырыжор Ленінградскага мюзік-хола (1929—34). Старшыня Ленінградскага аддзялення Саюза кампазітараў (1937—41). Адзін са стваральнікаў і буйнейшы майстар масавай песні. Меладычны дар і высокі прафесіяналізм абумовілі папулярнасць яго песень 1930—50-х г. («Песня аб Радзіме», «Мая Масква», «Марш вясёлых рабят», «Марш энтузіястаў», «Школьны вальс», «Ляціце, галубы»), Зрабіў вял. ўклад у развіццё жанру аперэты, найб. вядомыя «Залатая даліна» (1937), «Вольны вецер» (1947, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі ў 1971), «Белая акацыя» (1955).

Адзін з пачынальнікаў жанру муз. кінакамедыі, аўтар музыкі да кінафільмаў «Вясёлыя рабяты» (1934), «Варатар», «Цырк», «Дзеці капітана Гранта» (усе 1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947), «Кубанскія казакі» (1949), а таксама бел. «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» і «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936), «Канцэрт Бетховена» (1937), «Маё каханне» (1940), дакумент. «10 год Белдзяржкіно» (1936). Быў дырыжорам і гукамантажорам бел. фільмаў, у т. л. «Паручнік Кіжэ» з муз. С.​Пракоф’ева. У сваю музыку ўключаў інтанацыі бел. нар. песень, гучанне жалейкі, стварыў апрацоўку бел. нар. песні «Бульба». Дзярж. прэмія СССР 1941, 1951.

Літ.:

Пэн А. И.​Дунаевский. М., 1956;

И.​О.​Дунаевский: Выступления, статьи, письма. Воспоминания. М., 1961;

Чернов А. И.​О.​Дунаевский. М., 1961;

Бондарева Е.П. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980. С. 47, 56—66;

Арканов Б. Дунаевский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.

І.В.Дунаеўскі.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕХАЛУ́Ц,

міжнародная арганізацыя (напачатку рух) сіянісцкага кірунку для падрыхтоўкі піянераў (халуцым) з яўр. моладзі да перасялення ў Палесціну. Рух пачаўся ў пач. 20 ст. ў Расіі, яго заснавальнік Іосіф Трумпельдор. Удзельнікі Гехалуца засноўвалі вытв. і с.-г. кааператывы для навучання метадам і навыкам працы і ваен. падрыхтоўкі ва ўмовах, набліжаных да ўмоў Палесціны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ячэйкі Гехалуца на месцах стварала сацыяліст. сіянісцкая арг-цыя Цэірэй-Цыён. У канцы 1917 групы Гехалуца існавалі ў 25 гарадах і мястэчках Беларусі. На Харкаўскай канферэнцыі Цэірэй-Цыён (1918) заснаваны Усерас. савет аб’яднанняў Гехалуца. 1-я Усерас. канферэнцыя Гехалуца адбылася ў студз. 1919 у Петраградзе; у гэты час ЦК Гехалуца пераехаў у Мінск. Колькасць ячэек Гехалуца ў Расіі перавысіла 60. У лют. 1919 у Віцебску адбылася канферэнцыя бел. аддзялення Гехалуца. У 1920—23 пачалося масавае перасяленне (часцей нелегальнае) яўрэяў з сав. рэспублік у Палесціну. Гал. перашкоду перасяленню чыніла яўр. секцыя РКП(б), па ініцыятыве якой у 1922 адбыліся арышты членаў гехалуца ў Расіі, на Украіне, Беларусі. Аднак у выніку перагавораў з кіраўніцтвам РКП(б) Гехалуц у СССР у 1923 быў легалізаваны, апублікаваны статут Усерас. арг-цыі Гехалуца. З-за расколу ў Гехалуце ў 1923 узніклі 2 яго арг-цыі: Гехалуц у СССР (легальная) і Нац.-працоўная арг-цыя Гехалуца (нелегальная). Першая арг-цыя дзейнічала да 1928, другая — да 1929. У сусв. маштабе дзейнасць Гехалуца працягвалася да канца 1940-х г.

Літ.:

Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси Мн., 1995;

Мы начинали еще в России: Воспоминания. Тель-Авив, 1983.

Э.​Р.​Іофе.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,

сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова закрытага тыпу. Спачатку прызначаліся для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей (у асн. афіцэраў) да вайск. службы. Узніклі ў Прусіі ў 1653. У Рэчы Паспалітай да вайск. службы рыхтавалі Варшаўская школа рыцарства (1765—95), Гродзенскі і Нясвіжскі К.к. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) прускі кароль Фрыдрых Вільгельм II заснаваў Калішскі кадэцкі корпус (1793—1831). У Рас. імперыі К.к. існавалі ў 1732—1917. Падпарадкоўваліся Гал. ўпраўленню ваенна-навуч. устаноў. У 18 ст. мелі самаст. кіраванне, рыхтавалі кадры для вайск. і цывільнай службы, з 1830-х г. пераважна для вайсковай. Падзяляліся на губернскія, сталічныя і спец. (артылерыйскі, інжынерны, марскі). У 1857—63 выпускнікі К.к. атрымлівалі адразу афіцэрскі чын (да 1857 з губернскіх пераводзіліся ў сталічныя). У выніку ваен. рэформ 1860—70-х г. рэарганізаваны ў ваенныя гімназіі, у 1882 адноўлены. З гэтага часу ў К.к. давалі агульную адукацыю з элементамі ваеннай падрыхтоўкі. З 1913 у некаторыя К.к. прымаліся дзеці недваранскага паходжання. Выпускнікі, як і ваенных гімназій, пераводзіліся ў ваенныя вучылішчы, дзе атрымлівалі спец. падрыхтоўку. У жн. 1917 К.к. перайменаваны ў гімназіі ваен. ведамства. Да 1917 у Рас. імперыі было 29 К.к. (акрамя Марскога і Пажскага), у якіх навучалася больш за 10 тыс. чал. На Беларусі ў 1842—63 існаваў Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1835—1918 — Полацкі кадэцкі корпус. Шклоўскае шляхетнае вучылішча ў 1778—97 існавала як прыватная навуч. ўстанова.

Літ.:

Алпатов Н.И. Учебно-воспитательная работа в дореволюционной школе интернатного типа: (Из опыта кадетских корпусов и воен. гимназий в России). М., 1958;

Брыгадзін П., Лукашэвіч А. Шклоўскае шляхетнае вучылішча // Бел. мінуўшчына. 1997. № 4.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬВІНІ́ЗМ,

адна з найб. плыней пратэстантызму. Засн. Ж.Кальвінам у перыяд Рэфармацыі ў 1-й пал. 16 ст. ў Жэневе (Швейцарыя), потым распаўсюдзіўся ў Францыі (гугеноты), Англіі, Шатландыі (пурытанізм), Германіі і інш. краінах. Адзінай крыніцай веры ў К. лічыцца Біблія, гал. прынцып веравызнання — спрадвечная наканаванасць чалавечага лёсу. Чалавецтва падзяляецца на абраных і асуджаных: не вера гарантуе выратаванне, а наадварот, выратаванне (наканаванае загадзя Богам) вымушае верыць. Смяротным грахом К. лічыць марнаванне часу, невытв. стаўленне да капіталу, заспакоенасць на дасягнутым узроўні кар’еры і багацця. З хрысц. таінстваў прызнаецца толькі хрышчэнне. У кальвінскім зборы няма абразоў, скульптуры, насценнага жывапісу, алтароў, аргана; маленні суправаджаюцца толькі спевамі псалмоў. Няма ін-та епіскапаў, святароў (пастараў). Царк. кіраўніцтва (прэсвітэры) выбіраюцца вернікамі на пэўны тэрмін. К. існуе ў трох плынях: рэфармацтва, прэсвітэрыянства, кангрэгацыяналізм (індэпендэнты). Найб. распаўсюджаны ў Швейцарыі, Галандыі, Англіі, Шатландыі, ЗША і інш.

На Беларусі К. з’явіўся ў 1533 пры садзейнічанні М.​Радзівіла Чорнага, які заснаваў у Брэсце першы кальвінскі збор з друкарняй. Праз 10 гадоў кальвінская шляхта была ўраўнавана ў правах з каталіцкай і праваслаўнай. У канцы 16 ст. ў ВКЛ дзейнічала каля 200 збораў, пры якіх існавалі шпіталі, школы, друкарні. К. існаваў у выглядзе сацыніянства, антытрынітарызму, унітарызму, руху т. зв. «польскіх братоў». У перыяд Контррэфармацыі (2-я пал. 16—17 ст.) большасць кальвіністаў перайшла ў каталіцтва. У пач. 20 ст. на Беларусі заставаліся адзінкавыя кальвінісцкія суполкі, частка з іх праіснавала да 2-й сусв. вайны. У 1998 у Мінску дзейнічала адна рэфармацкая суполка.

Літ.:

Любович Н. История Реформации в Польше. Варшава, 1883;

Чанышев А.Н. Протестантизм. М., 1969.

А.​А.​Цітавец.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РДАВА (Córdoba),

горад на Пд Іспаніі, на р. Гвадалквівір, у аўт. вобл. Андалусія. Адм. ц. прав. Кордава. 300 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Аэрапорт. Буйны цэнтр медзеплавільнай прам-сці. Эл.-тэхн. і с.-г. машынабудаванне, харчасмакавая (вінаробства, цукр., мукамольная, алейная), тэкст. прам-сць. Ун-т. Музеі выяўл. мастацтва, археалагічны.

Вядома з часоў фінікійскай каланізацыі. Паводле стараж.-грэч. гісторыка Страбона, была цэнтрам племя турдзетанаў. У 2-ю Пунічную вайну (218—201 да н. э.) захоплена рымлянамі. У часы праўлення Аўгуста гал. горад прав. Бетыка. Пасля распаду Рым. імперыі пад уладай вандалаў, Візантыі, вестготаў (з 572), арабаў (з 711). З 756 сталіца Кардоўскага эмірата, з 929 Кардоўскага халіфата; росквіт у часы праўлення Абдарахмана III [912—961]. У 8—10 ст. адзін з еўрап. цэнтраў навукі, культуры і мусульм. мастацтва («Мекка Захаду», «Горад цудаў»); развіваліся рамёствы (ювелірнае, керамічнае, выраб скур). Пасля распаду Кардоўскага халіфата (1031) захавала самастойнасць да 1070, пазней уладанне эміра Севільі. У час Рэканкісты з 1236 пад уладай кастыльскіх каралёў.

Захаваліся нерэгулярная планіроўка цэнтра, невысокія атынкаваныя дамы маўрытанскай эпохі з глухімі фасадамі і азялененымі паціо. Арх. помнікі: стараж.-рым. мост, араб. вежа Калаора (перабудавана ў 1369), сабор (да 1236 — Вял. мячэць, пачата ў 785; уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), цэрквы Сан-Пабла (1241), Сан-Ніколас (13—16 ст.), манастыра Кармэн Кальсада (1580, стыль мудэхар), сінагога (1315), ратуша (1594—1631, стыль эрэрэска), рэнесансавыя палацы, парадныя ансамблі плошчаў 18 ст. У К. правінцыяльныя музеі прыгожых мастацтваў і археалагічны.

Літ.:

Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.

Сабор (б. Вялікая мячэць) у Кордаве.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЭ́РАВА ПРАСПЕ́КТ у Мінску.

Знаходзіцца ў цэнтр. частцы горада. Былая Паркавая магістраль, з 1980 сучасная назва. З 12 ст. на гэтым месцы было стараж. гарадзішча з Мінскім замкам, з 16 ст. побач размяшчалася Татарская слабада (Татарскі канец, Пятніцкі канец). Забудова М.п. пачалася ў 1960-я г. Фарміруецца як састаўная ч. 2-га гар. дыяметра. Працягласць каля 9 км ад пуцеправода цераз вул. Няміга да кальцавой аўтадарогі. З паўн.-ўсх. боку праспекта цячэ р. Свіслач. Жылыя і грамадскія комплексы з глыбіннымі кампазіцыйнымі прыёмамі забудовы спалучаюцца з зялёнымі масівамі і вадаёмамі. На левым баку М.п. будынак Дома мадэлей (1967, арх. С.​Замараеў), комплекс вышынных грамадскіх будынкаў, аб’яднаных 2-павярховым стылабатам, гасцініцы «Юбілейная» (1968, арх. Г.​Бенядзіктаў), «Планета», кінатэатр «Масква» (абодва 1980). У ансамблі забудовы гэтага ўчастка — скульпт. групы «Вясна», «Лета», «Восень» і «Зіма» (1982, скульпт. А.​Шатэрнік, Л.​Давідзенка, Ю.​Палякоў, В.​Занковіч). Вылучаюцца пабудовы: Мінскі завод халадзільнікаў (1968—75), Дом праектных арганізацый, Мінскі палац тэніса (абодва 1978), Дом прафесіянальных саюзаў (1982), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» (1988). На правым баку праспекта ўздоўж Свіслачы знаходзяцца рэканструяваны фундамент храма 12 ст., спарт. комплекс «Дынама» (1934), Мінскі палац спорту (1966), парк Перамогі (закладзены ў 1945), добраўпарадкоўваецца набярэжная (арх. С.​Баткоўскі, Ю.​Градаў, Л.​Левін). У 1983 на М.п. створаны жылы раён з групы 9—16-павярховых дамоў блок-секцыйнага тыпу (арх. Н.​Шпігельман, В.​Крусь), у 1985 — арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой», у 1987 у раёне вадасховішча Дразды пабудаваны гал. і спарт. карпусы Акадэміі фіз. выхавання і спорту (арх. У.​Афанасьеў, у сааўт.).

А.​А.​Воінаў.

Панарама Машэрава праспекта.

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ДЗІН (сапр. Стукалаў) Мікалай Фёдаравіч

(16.11.1900, станіца Гундараўская Данецкай вобл., Украіна — 19.9.1962),

рускі драматург. Засл. дз. маст. Расіі (1949). У 1922—32 карэспандэнт газ. «Правда», у 1951—60 гал. рэдактар час. «Театр». Друкаваўся з 1920. Першыя зб-кі нарысаў «Кумачовая раніца» і «Чырвоныя парасткі» (абодва 1926), п’есы «Тэмп» (паст. 1930), «Паэма пра сякеру» (паст. 1931), «Мой сябра» (1932), «Арыстакраты» (паст. 1934) і інш. пра сацыяліст. будаўніцтва. У трылогіі «Чалавек з ружжом» (1937, Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм 1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, паст. 1942; новая рэд. 1955), «Трэцяя патэтычная» (1958, паст. 1959) стварыў вобраз У.​І.​Леніна. Праблемам духоўнага фарміравання моладзі прысвечаны п’есы «Санет Петраркі» (паст. 1957), «Маленькая студэнтка» (паст. 1959), раман «Бурштынавыя каралі» (1960, фільм «Каханая» 1965) і інш. Аўтар кінасцэнарыяў «Кубанскія казакі», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), артыкулаў пра драматургію і т-р. Бел. т-р імя Я.​Коласа паставіў п’есы «Чалавек з ружжом» (1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, 1945), «Аксамітны сезон» (1948), «Трэцяя патэтычная» (1970), Бел. т-р імя Я.​Купалы — «Падзь Сярэбраная» (1939), «Крамлёўскія куранты» (1956), «Трэцяя патэтычная» (1959), Рус. драм. т-р імя М.​Горкага — «Мой сябар» (1933), «Арыстакраты» (1935), «Крамлёўскія куранты» (1940), Брэсцкі абл. драм. т-р — «Місурыйскі вальс» (1950), «Крамлёўскія куранты» (1957, 1967), Гомельскі абл. драм. т-р — «Кветкі жывыя» (1961), Гродзенскі абл. драм. т-р — «Тэмп — 1929» (1974), Магілёўскі абл. драм. т-р — «Крамлёўскія куранты» (1957). Ленінская прэмія 1959.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1972—73.

Літ.:

Холодов Е. Пьесы и годы: Драматургия Николая Погодина. М., 1967;

Слово о Погодине: Воспоминания. М., 1968.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́У (белау Belau, англ. Palau),

Рэспубліка Палау (белау Beluu er a Belau, англ. Republic of Palau), дзяржава на аднайменных астравах з групы Каралінскіх астравоў, у зах. частцы Ціхага ак., на Пн ад экватара. Пл. 458 км². Нас. 18,5 тыс. чал. (1999). Афіц. мовы — белау (палау) і англійская. Сталіца, гал. эканам. цэнтр і порт — г. Корар на в-ве Бабелтуап. Краіна падзяляецца на 18 адм. адзінак. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).

Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны парламент — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (14 сенатараў, назначаюцца на 8 гадоў прапарцыянальна насельніцтву астраўных тэрыторый) і палаты дэпутатаў (14 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам).

Прырода. Краіна займае 8 вулканічных (найб. Бабелтуап, пл. 367 км²) і каля 200 каралавых астравоў. Макс. выш. 242 м на в-ве Бабелтуап. З карысных выкапняў ёсць золата, фасфарыты, баксіты; у глыбакаводнай зоне паклады метал. канкрэцый. Клімат экватарыяльны. Сярэднемесячныя т-ры 24—28 ºС. Ападкаў больш за 3000 мм за год, найбольш з мая да лістапада. Адзначаюцца землетрасенні, з чэрв. да снеж. бываюць тайфуны. Невял. рэчкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. Асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах вулканічных астравоў растуць какосавая і арэкавая пальмы, бамбук; вышэй — лясы і саванны. На каралавых астравах — гаі какосавых пальмаў. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі.

Насельніцтва. Мікранезійцы белау (палау) складаюць больш за 95%. Жывуць таксама амерыканцы, філіпінцы, кітайцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, каля 30% мясц. жыхароў — прыхільнікі сінкрэтычнага культу Мадэкнгеі. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах вулканічных астравоў да 100 чал. на 1 км² і больш. Гар. насельніцтва 72%. У г. Корар 12 тыс. ж. (1995). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам і марскімі промысламі, абслугоўваннем турыстаў.

Гісторыя. Група астравоў, на якіх размешчана П., у 1534 адкрыта іспанцамі, пасля чаго яна больш за 350 гадоў афіцыйна заставалася пад уладай Іспаніі. З 1899 калонія Германіі. У 1914 акупіравана яп. войскамі, пасля 1-й сусв. вайны з 1919—20 падмандатная тэр. Японіі. Летам 1944 у 2-ю сусв. вайну занята амер. войскамі, з 1947 частка «падапечнай тэр. Ціхаакіянскіх астравоў» пад кіраваннем ЗША. У 1981 у рамках амер. апякунскага кіравання атрымала ўнутр. аўтаномію як «Рэспубліка П». З 9.11.1993 «свабодна асацыіраваная» з ЗША дзяржава тэрмінам на 50 гадоў. 1.10.1994 абвешчана незалежнасць (спынена апека ЗША); у распараджэнні ЗША засталіся абарона (П. не мае ўласных узбр. сіл), фінансы, замежныя справы. П. — чл. ААН (з 1994). Дзейнічаюць некалькі паліт. партый.

Гаспадарка. П. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 8800 дол. за год. Насельніцтва займаецца пераважна сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Пад с.-г. культурамі і пашай каля 20 тыс. га. Гал. культура — какосавая пальма. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, батат, ямс, тара, рыс, кукурузу, сою, сорга, цукр. трыснёг, чорны перац. Трапічнае садоўніцтва: цытрусавыя, манга, ананасы, хлебнае дрэва, бананы, панданус. Агародніцтва. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, козы, птушка). Рыбалоўства (пераважна тунец) мае экспартны кірунак. Нарыхтоўка драўніны какосавай пальмы і пандануса. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва, 15% яе даюць невял. ГЭС. У 1996 атрымана 200 млн. кВт гадз электраэнергіі. Невял. здабыча фасфарытаў і золата. У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы, копры, вытв-сці харч. прадуктаў, мыла, алею, цэглы, цэменту, лесапілавання. Буд-ва і рамонт невял. суднаў і лодак. Саматужныя промыслы, здабыча і апрацоўка каралаў, выраб сувеніраў. Транспарт пераважна марскі. На астравах 61 км аўтадарог, 3 аэрапорты. Развіваецца турызм. Замежных турыстаў (пераважна з Японіі і ЗША) прыцягваюць цёплае мора, каралавыя пляжы, экзатычнае мастацтва мясц. жыхароў. У 1996 экспарт склаў 14,3 млн. дол., імпарт — 72,4 млн. дол. У экспарце пераважаюць рыба і рыбныя прадукты, копра, маст. вырабы, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Краіна атрымлівае дапамогу і арэндную плату за тэрыторыю ваен. баз ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАМЫСЛА́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.​Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.​Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.​Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.

А.​М.​Кулагін.

Жамыслаўская сядзіба. З малюнка Н.​Орды.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)