ЗІМЕ́НКА Аляксандр Іванавіч

(н. 16.10.1946, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Адзін са стваральнікаў і гал. мастак (з 1995) выд-ва «Панграф». Сярод твораў у кераміцы: кампазіцыі «Злыя каралі» (1975), «Гартаючы старонкі кніг Якуба Коласа» (1982), «Песня травы» (1996), рэльефы «Напалм» (1976), «Беларускія спартыўныя гульні» (1979), трыпціх «Свет Міколы Гусоўскага» (1980).

Аформіў інтэр’еры будынкаў бел. аддзялення рас. інфарм. агенцтва «Навіны» (1971, рэльефы), б. ЦК КПБ (1976, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; паркеты, люстры, дэкар. агароджы), рэстарана «Беларусь» у Брэсце (1979; манум. размалёўка «Паляванне ў Белавежскай пушчы»). Стварае дызайн каштоўных папер, манет, марак, памятных медалёў. Працуе таксама ў жывапісе («Партрэт Казіміра Малевіча», «Гарадскі раманс», абедзве 1992). Аформіў кн. «Садружнасць незалежных дзяржаў», «Сядзібны партрэт Беларусі XVII — першай паловы XIX ст. са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (1996, абедзве з Дз.Бяліцкім).

А.Зіменка. Партрэт Казіміра Малевіча. 1992.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)