АЛЬДЭГІ́ДЫ,

клас арганічных злучэнняў, у састаў якіх уваходзіць альдэгідная група — C(O)H, звязаная з вуглевадародным радыкалам. Найпрасцейшы — фармальдэгід. Ніжэйшыя альдэгіды — рэчывы з рэзкім пахам, вышэйшыя C8—C14 — з прыемным. Рэакцыйназдольныя: акісляюцца да кіслот, аднаўляюцца да спіртоў, уступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, кандэнсацыі, утвараюць ненасычаныя злучэнні, цыклічныя трымеры (паральдэгід, трыаксан), лінейныя палімеры (парафармальдэгід), прадукты полікандэнсацыі. Атрымліваюць з любых класаў злучэнняў; некаторыя вылучаюць з расліннай сыравіны. Выкарыстоўваюць у сінтэзе палімераў (поліфармальдэгіду, полівінілацэталяў, аміна- і фенолальдэгідных смолаў), карбонавых кіслот, спіртоў і інш.; у вытв-сці пестыцыдаў, выбуховых, духмяных рэчываў, лекаў, фарбавальнікаў. Гл. таксама Ацэтальдэгід, Фурфурол, Ванілін, Цытраль.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ (БГГЭ),

вытворчая арг-цыя па правядзенні геолагаздымачных і пошукавых работ. Створана ў 1956 у г. Мінск як Геолага-гідрагеал. здымачная экспедыцыя. З 1966 Бел. геолага-гідрагеал. трэст, з 1971 Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыя, з 1982 Бел. геолага-пошукавая экспедыцыя, з 1988 сучасная назва. Уваходзіць у ВА «Беларусьгеалогія». У складзе БГГЭ 4 палявыя партыі (1995): Усх. гідрагеал., Зах. пошукава-здымачная, Паўн. гідрагеал., Цэнтр. гідрагеал. і Лабараторыя прамывачных вадкасцяў. Асн. віды дзейнасці: пошукі і разведка падземных водаў для гасп., прамысл. і бальнеалагічнага выкарыстання, рэгіянальныя геолага-здымачныя, гідрагеал., інж.-геал. і экалагічныя работы.

т. 2, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДЗЯ́НКА, Падкасцёлак,

возера ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец, уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,33 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 490 м, найб. глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,6 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, на Пд да 15 м, парослыя лесам, на З і У разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на З і Пд супадаюць са схіламі. Дно пясчанае, глыбей за 2 м глеістае. На З выцякае ручай у воз. Галодна.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ДНА, Галубінае возера,

у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,14 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі каля 1,8 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, на ПнЗ і ПдУ 12—14 м, пад лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, усх. параслі хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная зона глеістая.

На ПнУ выцякае ручай у воз. Тумскае, на Пд упадае ручай з воз. Галадзянка.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 3 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,46 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Пл. вадазбору 138 км². Схілы катлавіны на У і Пд выш. 10—13 м, параслі хваёвым лесам, астатнія выш. 2—6 м, на Пн разараныя. Берагі пад хмызняком. Мелкаводдзе да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй дно сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. Бярэжа, на Пн выцякае ручай у воз. Струста.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ж,

восьмая літара бел. і некат. інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай ж («жывеце»), што была ўтворана шляхам далучэння цэнтр. вертыкальнай рыскі да літары х («хер») або падваення літары Ꙁ («зямля»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «ж», «ж’» (вежа», «жити»). Не мела лічбавага значэння. У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі зацвярдзелы шчыльны пярэднеязычны зычны гук «ж» (жыта»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў парны да яго па звонкасці і глухасці гук «ш» («нож—нош»). Уваходзіць у склад дыграфа «дж» («дажджы»).

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́ННА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 28 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,57 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 25 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Пл. вадазбору 10,9 км². Схілы катлавіны выш. 15—25 м (на Пн і У 5—8 м), пад лесам і хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 6—8 м пясчанае, ніжэй глеістае. На ПдУ упадае ручай з воз. Лешна, на ПдЗ выцякае ручай у воз. Крывое. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. да 20 м.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЛАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,24 км², даўж. 870 м, найб. шыр. 370 м, найб. глыб. 12,6 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 140 км². Схілы катлавіны ў выглядзе озавых град і камавых узгоркаў выш. 10—14 м, пад лесам, на У разараныя. Берагі на Пн і ПдЗ нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбакаводная — сапрапелістая, з упадзінамі. Праз возера цячэ р. Клевель (злучае яго з азёрамі Туравейскае і Каймін).

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́ШША,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (працякае праз возера), за 18 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,33 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 30,7 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 135 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, разараныя, на Пд і ПдУ параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд і ПдУ нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. Найб. глыб. ў паўд. плёсе, у паўн. — 17,9 м. Паміж плёсамі невял. востраў. Дно да глыб. 6—7 м пясчанае, ніжэй — глеістае. Уваходзіць у зону курорта Ушачы.

І.І.Замоцін.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАСНЫ́Я ВО́ЙСКІ,

злучэнні, часці і падраздзяленні ўзброеных сіл (родаў войск, спец. войск), якія фарміруюцца перад пачаткам і ў ходзе вайны для папаўнення дзеючай арміі і флоту. Арганізац. структура З.в. вызначаецца неабходнасцю ўзнаўлення страт ваеннаслужачых адпаведных спецыяльнасцей.

У склад З.в. могуць уваходзіць запасныя дывізіі, палкі і інш., а таксама базы і вучэбныя цэнтры. У З.в. праводзіцца ваен. падрыхтоўка (перападрыхтоўка) ваеннаслужачых, укамплектаванне і баявое зладжванне падраздзяленняў і часцей. Ва Узбр. Сілах Беларусі аснову З.в. складае асобны від ваен. фарміраванняў (базы захоўвання ваен. тэхнікі і ўзбраення, базы рэзерву авіяц. тэхнікі і інш.). Гл. таксама Рэзервовыя войскі, Рэзервы (ваен.).

І.​Р.​Дзенісенка.

т. 6, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)