СТАНІСЛА́ЎСКАГА СІСТЭ́МА,
умоўная назва тэатр. тэорыі і метадалогіі сцэн. творчасці, распрацаваная К.С.Станіслаўскім. Практычнае кіраўніцтва ў штодзённай працы акцёраў і рэжысёраў, эстэт. аснова сцэн. творчасці, фундамент рэаліст. мастацтва. Заснавана на свядомым авалоданні падсвядомымі творчымі працэсамі. С.с. — вынік абагульнення творчага і тэатр.-пед. вопыту самога Станіслаўскага, яго папярэднікаў і сучаснікаў. У аснову пакладзены працы А.Пушкіна, М.Гогаля, А.Астроўскага аб тэатр. мастацтве, сцэн дасягненні М.Шчэпкіна, інш. буйнейшых акцёраў Маскоўскага Малога т-ра і асабліва драматургія, эстэтыка А.Чэхава, М.Горкага. Прынцыпы і метады С.с. фарміраваліся і правяраліся на жыццядзейнасць у Маскоўскім маст. т-ры і ў студыях пры ім. Узнікшы на аснове эксперыментаў, яна аформілася ў стройную навук. тэорыю пра сцэн. творчасць.
С.с. тэарэтычна абгрунтоўвае рэаліст. кірунак у тэатр мастацтве, які Станіслаўскі назваў «мастацтвам перажывання» і які вымагае не імітацыю пачуццяў герояў на сцэне, а сапраўднага «жыцця чалавечага духу». Аснова С.с. — вучэнне пра звышзадачу ў спектаклі і скразное дзеянне ў ролі. Звышзадача, паводле Станіслаўскага, — гал. ідэйная задача, мэта, дзеля якой ствараецца п’еса, акцёрскі вобраз, спектакль, г.зн. аснова асноў сцэн. твора. Дзейснае імкненне да дасягнення звышзадачы ажыццяўляецца скразным дзеяннем акцёра на сцэне, яго арганічным жыццём у прапанаваных аўтарам абставінах п’есы. Да элементаў акцёрскай творчасці Станіслаўскі адносіў уяўленне, увагу, здольнасць да ўзаемадзеяння. пачуццё праўды. эмацыянальную памяць, пачуццё рытму, тэхніку мовы, пластыку, у працэсе чаго ўдзельнічаюць розум, воля, пачуццё, знешнія і ўнутр. артыстычныя даныя. С.с. цесна звязана з акцёрскай тэхнікай. У 1930-я г. на аснове вучэння І.Сечанава, І.Паўлава пра вышэйшую нерв. дзейнасць чалавека Станіслаўскі адкрыў метад фіз. дзеянняў, які вядзе акцёра да авалодання ўнутр. сэнсам ролі. Пры засваенні тэксту п’есы асаблівае значэнне надаецца дзеянню на сцэне словам. З 1907 і да канца жыцця Станіслаўскі працаваў над сістэмай, якая складаецца з 3 раздзелаў: «Работа акцёра над сабой у творчым працэсе перажывання», «Работа акцёра над сабой у творчым працэсе пераўвасаблення» (не закончаны), «Работа акцёра над роляю» (аб працэсе арган. зліцця акцёра з роляй, пераўвасабленні ў вобраз). Праблемы С.с. распрацаваны і ў інш. яго творах. С.с. накіравана супраць дылетантызму ў сцэн. творчасці, на сцвярджэнне жыццёвай, псіхал. праўды ў тэатр. мастацтве, метаду сцэн. рэалізму. Зрабіла вялікі ўплыў на развіццё сусв. сцэн. мастацтва.
Бел. тэатр. калектывы ў сваёй практыцы кіруюцца пераважна С.с. Акцёры Нац. акад. т-ра імя Я.Купалы засвойвалі яе метадалогію і творчыя прынцыпы ад рэжысёраў Е.Міровіча, І.Раеўскага, І.Судакова. С.с. вывучалі ў Бел. драм. студыі ў Маскве (1921—26), з выпускнікоў якой створаны Бел. т-р імя Я.Коласа. Калектыў БДТ-3 авалодваў ёю на курсах у Маскве (1933). Прынцыпамі жыццёвай верагоднасці, сцэн. рэалізму кіраваўся ў спектаклях Ф.Ждановіч. У Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва С.с. выкладалі Л.Леанідаў, М Тарханаў. Па ёй вядзецца навучанне акцёраў, рэжысёраў у Бел. АМ і ў інш. навуч. установах, драм. студыях.
Літ.:
Станиславский К.С. Собр. соч. Т. 2—4. М., 1954—57;
Режиссерские экземпляры К.С.Станиславского. Т. 1—6. М., 1980—94;
Горчаков Н.М. Режиссерские уроки К.С.Станиславского. 3 изд. М., 1952;
Яго ж. К.С.Станиславский о работе режиссера с актером. М., 1958;
Топорков В.О. К.С.Станиславский на репетиции: Воспоминания. М., 1950;
Крыжицкий Г. О системе Станиславского. М., 1954;
Калашников Ю. Театральная этика Станиславского. 2 изд. М., 1972;
Кристи Г. Воспитание актера школы Станиславского. 2 изд. М., 1978;
Прокофьев В.Н. В спорах о Станиславском. 2 изд. М., 1976;
Кнебель М. О действенном анализе пьесы и роли. 3 изд. М., 1982.
А.В.Сабалеўскі.
т. 15, с. 146