перакі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Штуршком, махам перамясціцца цераз каго‑, што‑н. куды‑н. Лабановіч хутка перакінуўся на двор пана падлоўчага цераз невысокі плот, які адгароджваў двор школы ад двара пана падлоўчага, і пастукаў у дзверы. Колас. Перакінуліся на той бок высачэзнага плота адзін за другім тры цені. Васілевіч.

2. Хутка перайсці, распаўсюдзіцца на што‑н. Пажар абняў адразу паўсяла. Ён перакінуўся на гумны, на сады. Танк. Але вецер дзьмуў у напрамку дома, і полымя з хвіліны на хвіліну магло перакінуцца і на яго. Васілёнак. У кастрычніку 1905 года пачалася стачка на чыгунцы, пасля перакінулася на фабрыкі і заводы. С. Александровіч.

3. перан. Разм. Перайсці на чый‑н. бок, стаць прыхільнікам каго‑, чаго‑н. іншага. Перакінуцца ў лагер рэакцыі. □ Потым Фабіян перакінуўся да нямецкіх фашыстаў і служыў ім з сабачай адданасцю. Новікаў.

4. Хутка і ў кароткі тэрмін перамясціцца на другое месца. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з.. [Заходняга] фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. // Разм. Перайсці да іншай тэмы гутаркі, размовы. [Вера Андрэеўна] бачыла, што спрэчка перакінулася на іншае, адышла ад галоўнага, што так хвалявала яе. Арабей.

5. Быць пакладзеным упоперак чаго‑н. для праезду, пераходу. Праз ручаёк.. перакінуўся мосцік. Скрыган. // перан. Пралегчы цераз што‑н. Цераз раку перакінуўся доўгі, крывы цень вярбы. Асіпенка.

6. чым. Кінуць што‑н. адзін другому. Перакінуцца мячыкам. // перан. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: адказаць на чый‑н. зварот, дзеянне падобным дзеяннем, абмяняцца (словамі, поглядам і пад.). Перакінуцца жартамі. Перакінуцца словамі. // у што. Разм. Згуляць з кім‑н. (у карты, лато і пад.).

7. Разм. Перакуліцца, перавярнуцца на процілеглы бок. Воз перакінуўся ў канаву. Нахіліўся човен і перакінуўся ўверх дном.

8. у каго-што. У казках — ператварыцца пры дапамозе чараў у каго‑, што‑н.; перавярнуцца. Перакінуўся чорт у парабка ды пайшоў да пана. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́ва, ‑ы, ж.

1. Шырокая, ганаровая вядомасць, усеагульнае прызнанне чыіх‑н. заслуг, гераізму, таленту і пад. Клава Патупчык стала вядомай даяркай. У працы непрыкметна прыходзіць і слава. Кавалёў. Мы заслужылі баявую славу, Ішлі ў паход, не спаўшы па начах. Смагаровіч. Аб славе Пушкіна спяваем Сягоння мы на сотнях моў. Броўка. // Пра таго ці тое, што сваімі заслугамі або вартасцямі прыносіць каму‑, чаму‑н. шырокую, ганаровую вядомасць. Герой Сацыялістычнай Працы — слава ўсяго завода. □ Песня [Я. Купалы] стала славаю народа. Вялюгін. Наш родны Мінск, краса і слава Савецкай мілае зямлі. Астрэйка.

2. Вядомасць у якасці каго‑н., у якіх‑н. адносінах. І зноў Шаройка пабыў славу лепшага гаспадара, ужо калгаснага. Шамякін. Дзень за днём Грысева хата набывала ўсё большую і большую славу ў лесе. Кулакоўскі. Не, слава добрага чалавека — гэта ўсё-такі даволі цяжкі абавязак... Скрыган.

3. (звычайна ў спалучэнні з прыметнікамі: «добры», «дрэнны» і пад.). Разм. Агульная думка аб кім‑н., рэпутацыя. [Бандароўна:] — Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала. Але тая [дзяўчына] нават і глядзець не хацела ў яго бок: дрэнная слава хадзіла пра Сікорскіх на многія вёрсты наўкол. Ваданосаў.

4. (звычайна з дзеясловамі «хадзіць», «ісці» і пад.). Разм. Чуткі, размовы, погаласка. Па раёну ходзіць слава, што Анісім — мудры дзед. Панчанка. Аб змене чырвонай даўно грыміць слава. Колас. Добрая слава цяпер ідзе пра калгас па свеце. Дуброўскі.

5. Вокліч, які азначае: хвала!, пашана!, гонар! Бліжэй [Паўлюк] падыходзіць, гукае здалёк: — Збавіцелям слава!.. Дзень добры, сынок! Колас. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр! Глебка. Слава інжынерам і вучоным, Што праклалі ў космас першы след! Панчанка.

•••

Курган Славы гл. курган.

На славу — вельмі добра. Гулянка была наладжана на славу. З’ехаліся госці з усёй ваколіцы. Бядуля.

Слава богу — а) (у знач. вык.) добра; б) (у знач. пабочн.) на шчасце. Дождж, слава богу, прайшоў.

Толькі і славы, што... — толькі гаворыцца так, а на справе інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухапі́ць, ухаплю, ухопіш, ухопіць; зак. каго-што.

1. Схапіць, рэзкім рухам узяць каго‑, што‑н. Як з-пад зямлі вырас побач жандар. Ён ухапіў мяне за каўнер і павёў на вакзал у нейкую каморку. Сяргейчык. Чалавек ўхапіў кантэйнер за перавясла, гукнуў: «Віра», і горка цэглы паслухмяна лягла ля яго ног. Асіпенка.

2. Разм. Злавіць каго‑, што‑н. на хаду, на ляту. Драпежнік люта ашчэрыўся, хацеў ухапіць зубамі вясло, але не паспеў. Краўчанка. — Вы з таго палка? — рынулася да.. [байца] Святлана, але Зіна ўхапіла яе за плечы і прытуліла да сябе. Кулакоўскі.

3. Разм. Здабыць што‑н.; пазычыць. [Дзед:] — Вось гэта ўдача! Вось гэта юшка, зялёнкі вы такія-гэтакія. Кіло, мусіць, тры [рыбы] ўхапілі. Нездарма, значыць, гарох парыў... Ваданосаў. Юзік ведае, што на пай грошы ў бацькі цяжка будзе выдраць. У пазыкі ісці прыйдзецца, ды не вельмі ў каго ўхопіш. Крапіва. // Захапіць у сваё карыстанне, забраць што‑н. чужое; украсці. Якавіха высыпала на стол чыгун.. бульбы ў мундзірах.. Тут не было таго, каб хто каго падганяў або чакаў. Усё, што ўхопіш, тваё, а не патрапіш ухапіць — галодны будзеш. Лобан. Мы папілі соку, выйшлі з магазіна, але пакунка на месцы не аказалася. Міхаська смяецца: — Нехта ухапіў. Думае, у пакунку добрыя рэчы. Прокша.

4. перан. Сумець успрыняць, зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. [Паўлюконіс:] — Бачыце, усіх слоў не запомніў, .. але галоўнае, квінтэсенцыю, так сказаць, ухапіў. Арабей. Людзі прыслухоўваліся і, відаць, што-нішто ўхапілі з нашай размовы. Асіпенка.

5. і чаго. Разм. З’есці, папіць крыху чаго‑н. Нахадзіліся ўжо цяляткі, нагуляліся... Пойдуць вады ўхопяць, кошанку з’ядуць, паляжаць. Місько.

6. Разм. Паспець зрабіць што‑н., управіцца з чым‑н. [Лукаш:] — Я асабіста лічу, што з жывёлагадоўчай фермай трэба пачакаць... Усё адразу не ўхопіш... Гурскі. — Як толькі сонца прыгрэе, адразу б усіх, нават старых і малых, можна было б выправіць на сенажаць і [сена] ўхапіць: згрэбці, скідаць у стагі і няхай стаіць. Сабаленка.

•••

Куды яго чэрці ўхапілі гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыня́ць, прыму́, пры́меш, пры́ме; прыня́ў -няла́, -ло́; прымі́; прыня́ты; зак.

1. каго-што. Прыбраць, занесці, пераставіць у іншае месца.

П. посуд у шафу.

2. каго-што. Узяць, атрымаць тое, што хто-н. дае, перадае, здае; узяць у сваё распараджэнне.

П. тэлеграму. П. тавар.

Камісія прыняла новы дом.

3. што. Узяць пад сваё кіраўніцтва, заняць (якую-н. пасаду).

П. брыгаду. П. пост дырэктара.

4. каго (што). Уключыць у склад чаго-н., дапусціць да ўдзелу ў чым-н.

П. на працу. П. у інстытут.

5. каго (што). Дапусціць, пусціць да сябе з якой-н. мэтай (для размовы, для агляду, у якасці госця, жыльца і пад.).

П. пасла. П. наведвальніка. П. гасцей.

Урач прыняў хворую.

Добра п. каго-н. (добра аднесціся, добра сустрэць).

6. што. Успрыняць.

П. вестку без энтузіязму. П. да ведама што-н. П. на свой рахунак што-н. (як што-н., што адносіцца да сябе). П. да сэрца што-н.

7. што. Згадзіцца з чым-н., аднесціся да чаго-н. станоўча.

П. параду. П. чыё-н. запрашэнне.

8. што. Зацвердзіць, галасаваннем выразіць згоду з чым-н.

П. закон. П. пастанову.

Праект прыняты.

9. што. Выканаць, ажыццявіць (тое, што выражана наступным назоўнікам).

П. рашэнне (рашыць). П. смерць (памерці). П. прысягу. П. меры. П. на сябе абавязак што-н. зрабіць.

10. што. Стаць уладальнікам якога-н. звання, сану, падданым (якой-н. дзяржавы).

П. беларускае грамадзянства.

11. што. Набыць які-н. выгляд, асаблівасці.

П. позу.

Столік прыняў выгляд чарцёжнага стала.

12. што. Падвергнуць сябе якой-н. гігіенічнай, лячэбнай працэдуры.

П. душ. П. курс лячэння.

13. што і чаго. Выпіць, праглынуць (лякарства).

П. мікстуру.

14. каго-што і за каго-што. Прызнаць, палічыць.

П. каго-н. за іншага.

15. Прасунуцца трохі ў якім-н. напрамку (разм.).

Калона прыняла ўправа.

16. што. Зразумеўшы, паўтарыць (спец.).

П. сігнал.

17. каго (што). Аказаць дапамогу пры родах.

П. дзіця.

Прыняць бой — не ўхіліцца ад бою, што ўзнік па ініцыятыве праціўніка.

Прыняць ласку — аказаць гонар, уважыць (зайшоўшы, завітаўшы і пад.).

Прыняць экзамен (залік і пад.) у каго — правесці вучэбную праверку.

|| незак. прыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. прыма́нне, -я, н., прыём, -у, м. (да 2, 4, 5, 13 і 16 знач.), прыёмка, -і, ДМ -мцы, ж. (да 2 знач.; спец.) і прыня́цце, -я, н. (да 2, 3, 8—11, 14 і 16 знач.).

Гасцінны прыём.

Тэлеграфістка перайшла на прыём.

Прыёмка тавараў.

Прыняцце рэзалюцыі.

|| прым. прыёмачны, -ая, -ае (да 1 знач.) і прыёмны, -ая, -ае (да 1,4 і 5 знач.).

Прыёмачная камісія (якая прымае гатовы аб’ект). Прыёмны пункт.

Прыёмная радыёстанцыя.

Прыёмныя экзамены.

Прыёмная камісія (якая прымае абітурыентаў; у 2 знач.). Прыёмны дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

слу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Накіроўваць увагу на якія‑н. гукі, намагацца пачуць што‑н. Слухаць спевы птушак. Слухаць радыё. Слухаць лекцыю. Слухаць казкі. □ І слухаюць вушы гул песень юначых. І цешыцца сэрца з вялікага свята. Купала. Чырвонаармеец становіцца і слухае, потым прыгінаецца і ўглядаецца ў змрок. Чорны. Расказ пра гэтыя мясціны слухаў бы і слухаў я няспынна. А. Вольскі. // Быць слухачом якога‑н. канцэрта, выступлення і пад. Мы з цікавасцю слухалі гарманістаў і спевакоў. Бядуля.

2. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога‑н. унутранага органа. На трэці дзень да нас прыйшоў доктар. Мне ўжо было зусім добра. Ён не столькі слухаў і выстукваў мяне, колькі слухаў дарослых аб маёй хваробе. Грамовіч.

3. Публічна разглядаць (якую‑н. судовую справу). Слухаць справу аб разводзе. // Публічна заслухваць (чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. У камітэце рыхтаваліся слухаць Дывінца. Асіпенка. Дырэктара МТС Крыловіча слухалі на бюро абкома і запісалі вымову. Шамякін.

4. Вывучаць што‑н., наведваючы лекцыі, заняткі. Слухаць курс гісторыі. Слухаць палітэканомію ва універсітэце. □ [Галена:] — І нейкія дысцыпліны ходзіць [Бародзіч] слухаць на медфак. Чорны.

5. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. Візэнер і слухаць не хацеў сваіх калег. Шамякін. // Браць пад увагу чые‑н. словы. [Лютынскі:] Калі слухаць усялякія гаворкі адсталых элементаў, дык мы ніводнага мерапрыемства не правядзём. Крапіва. І хлопцы слухалі.. словы [Арона] і, відаць, згаджаліся з ім. Мурашка. Не слухаеш добрых слоў — паслухаеш ліхога кія. Прыказка.

6. Слухацца каго‑н., выконваць чыю‑н. волю. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося, часам, нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі? Колас. Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю. Гартны. // Паслухмяна дзейнічаць, падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. (пра часткі цела, механізмы і пад.). [Жэнька] хоча падбегчы ды выцяць Падласку дубцом, але ногі не слухаюць. Крапіва.

7. заг. слу́хай(це). Разм. Ужываецца як зваротак у пачатку размовы для таго, каб прыцягнуць увагу. — Слухай, — сказаў.. [Мірон], — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Маўр. [Астап:] — Слухай, ты, ласкавая душа! Спытацца ў цябе вось хачу. Лынькоў.

8. 1 ас. адз. цяпер. слу́хаю. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое‑н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труба́1 ‘доўгі, пусты ў сярэдзіне, прадмет круглага сячэння’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сцяшк.), у тым ліку назвы канкрэтных прадметаў такой формы: ‘драўляны або духавы медны інструмент з раструбам на канцы’ (ТСБМ, Варл., Ян., Касп., ТС, Вруб., Пятк. 2, Сержп. Прымхі; ашм., Стан.), ‘цэментаваны абруч у калодзежы’ (Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ), ‘сувой палатна або скрутак іншых матэрыялаў’ (мсцісл., дзятл., Жыв. сл., Брасл. сл., Варл.; талач., клец., ЖНС; ваўк., маг., чэрык., ЛА, 4; шальч., Сл. ПЗБ), пераносна таксама ‘абжора’ (Нас., ТС; клец. Бел. дыял. 3, Сцяц.), ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), памянш. тру́бка, трубачка; акрамя назваў розных прыбораў і прыстасаванняў цыліндрычнай формы таксама ‘люлька’ (Бяльк.), ‘горла (дыхальнае)’ (Бяльк., Мат. Гом.), ‘калодка ў коле’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Ласт., Касп., Мат. Гом.; лаг., мёрск., в.-дзв., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘вузкая рыбацкая лодачка’ (Касп.), ‘кулёк’ (ТС), ‘месца ў сцябле, адкуль выплывае колас’ (петрык., Шатал.), ‘ражок паляўнічага; лігаўка’ (Касп., Мат., Бес.; краснап., Яшк.), ‘цвёрдая частка пяра’ (брагін., Шатал.; ст.-дар., рэч., калінк., ЛА, 1), ‘жалезны шпень з адтулінай (у калаўроце)’ (в.-дзв., Шатал.), тру́бкі ‘адросткі пер’яў пасля лінькі’ (ст.-дар., ЛА, 1), ст.-бел. труба ‘доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння’, ‘музычны інструмент’, перан. ‘выразнік ідэй’ (ГСБМ), ‘адзінка колькасці тканіны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. тру́ба, труба́ ‘доўгі пусты прадмет’, ‘капец, загібель’, ‘комін’, тру́бка ‘назва розных прадметаў, прыстасаванняў у форме трубы’, ‘сцябло злакаў’, рус. труба́ ‘дудка, кішка, вузкі рукаў з цвёрдага матэрыялу, пусты ў сярэдзіне, адкрыты з канцоў’, ‘комін’, ‘рэчышча’, ‘паветраная труба’, ‘зруб калодзежа’, рус. астрах. ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’, ‘скрутак палатна’, ‘натоўп людзей’, польск. trąba ‘від духавога інструмента’, ‘віхравы рух паветра’, ‘хобат (слана)’, ‘комін’, ‘адмысловы скрутак ільну ці пачасся, прыгатаваны для прадзення’, каш. trǫba ‘тс’, ‘калодка ў коле’, н.-луж. tšuba ‘комін’, tšubka ‘дудка’, в.-луж. truba ‘скрутак, рулон’, ‘комін’, ‘труба (музычная)’, trubka ‘люлька’, ‘трубачка’, чэш. trouba ‘духоўка, печ’, ‘вадаправодная труба’, ‘ражок пастуха’, славац. trúba ‘музычны інструмент’, ‘ражок, дудка’, ‘духоўка’, славен. tróba ‘труба’, ‘муфта’, ‘духавы інструмент’, ‘смерч’, серб. тру́ба ‘горн’, ‘клаксон’, ‘скрутак (палатна)’, харв. trúba, trûblja ‘тс’, ‘дудка’, макед. траба ‘скрутак матэрыі’, дыял. трамба ‘духавы інструмент’, тромба ‘сувой’, балг. тръба́ ‘труба’, ‘рулон матэрыі’, ст.-слав. трѫба ‘духавы музычны інструмент, ражок’. Прасл. *trǫba з першасным значэннем ‘духавы музычны інструмент’ запазычана, відаць, са ст.-в.-ням. trumba ‘труба’, trumpa ‘барабан’, ‘духавая труба’ альбо з раманскіх моў, параўн. с.-лац. trumba ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Борысь, 641; Сной₂, 785). Менш верагодным з’яўляецца гукапераймальнае ўтварэнне ў славянскіх мовах незалежна ад германскіх моў (Младэнаў, 642; Мацэнаўэр, Cizí sl., 85; Скок, 3, 513). Значэнні: ‘комін’, ‘скрутак’, ‘паветраны вір’ — другасныя (Борысь, 641). Спецыфічнае значэнне захавалася ў венг. toromba ‘пук саломы’ (1463 г.) < слав. *trǫba (Хелімскі, Слав. языкозн. X, 349), што адпавядае гродз. haroch u̯jecścia u̯ try truby (Федар. 5, 701), гл. трубой. Паўднёваславянскія словы, аднак, маглі быць запазычаны з італ. tromba (Махэк₂, 653). Сюды ж трубаку́р ‘заўзяты курэц’ (Некр.), труба́ч ‘выканаўца ігры на трубе’ (Некр. і Байк.): ст.-бел. певци и трубачи близу его (Сл. Скар.), трубачы́сты ‘камінар’ (Сцяшк.), трубі́ла, трубі́ло ‘надакучлівы чалавек’ (Нас., Янк. 3.), ‘чалавек з гучным голасам’ (Юрч. Вытв.), ‘абжора’ (Нас., Юрч. Вытв.), трубі́на неадабр. ‘нягодны чалавек’ (віл., Сл. ПЗБ), тру́бі́на ‘скрутак’ (Рэг. сл. Віц.), трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых’ (ТСБМ), трубча́сты, трубкава́ты ‘які мае форму трубак’ (ТСБМ), трубі́ць ‘дзьмуць у трубу, прымушаючы яе гучаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прык., Яўс., Янк. 2, 3; ТС; паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘сігналіць, гукамі падаваць сігнал’ (ТСБМ, Сцяц., ТС, Скарбы), экспр. ‘плакаць’ (Яўс., Янк. 2, Янк. 3., Кольб.), ‘голасна размаўляць’, ‘кракаць (пра качак)’ (пух., Сл. ПЗБ), трубі́ті ‘квакаць (аб жабах)’ (ДАБМ, камент., 895), ‘прагна і шмат есці’ (ТСБМ, Нас., Сцяц., Мат. Маг., Яўс., ТС, Янк. 2, Федар. 7; слонім., мёрск., Нар. лекс.), ‘піць, ссаць’ (ТС), ‘гаварыць не слухаючы’, ‘весці пустыя размовы’ (Нас., Бяльк.), ‘разносіць па людзях чуткі’ (ТСБМ, Янк. 2), трубле́ньне ‘дудзенне ў трубу’ (Юрч. Вытв.), трубы́ты ‘жэрці’ (пін., Жыв. сл.).

Труба́2 ‘хвост лісы (паляўнічы жаргон)’ (ТСБМ, Сцяшк.), рус. труба́ ‘тс’. У выніку пераносу значэння паводле падабенства. Параўн. выраз разм. трымаць хвост трубой ‘быць актыўным, быць у добрым настроі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вось 1, ‑і, ж.

1. Шпень або тонкі вал, на які насаджваюцца колы, часткі машын або механізмаў. Пярэдняя, задняя вось. Вертыкальная вось. □ Некалькі артылерыстаў цягнулі гармату, якая грузла амаль да восі. Мележ.

2. Спец. Прамая, якая праходзіць праз цэнтр сіметрыі або праз цэнтр цяжару якога‑н. цела. Вось праекцыі. Аптычная вось. Зямная вось.

3. перан. Стрыжань якіх‑н. падзей. Вось палітычнага жыцця.

вось 2, указальная часціца.

1. Ужываецца для ўказання на прадметы, з’явы, якія знаходзяцца блізка ў дадзены момант, або на ўсё тое, што адбываецца непасрэдна перад вачамі. [Зоська:] Не сядзіцца мне, мамачка, у хаце... Там хадзіла сабе каля рэчкі і кветачкі для цябе вось гэтыя, рвала. Купала. Нарэшце, вось яно, мястэчка Між гор бялее ў паплавах. Колас. [Калгаснікі] стаялі і сачылі за дзіўнай ігрой хмар. Вось тая, што плыла з захаду, закрыла сонца. Шамякін.

2. Ужываецца для ўказання на паслядоўную змену падзей, з’яў і пад., на раптоўнае і нечаканае іх паяўленне. Усё сціхла. Але вось паветра рассякае агністы меч і зіхаціць вясёла. Багдановіч. Вось мы пад гарой ужо, вынырваем з-за гары, ледзь не потырч ляцім уніз. Брыль.

3. Ужываецца пры выказванні якіх‑н. эмоцый (захаплення, радасці, жарту і пад.) у клічных сказах разам з указаннем на прадмет, з’яву. Ага, вось ты якая цаца! Так, так! Шамякін. Вось выпадак, вось здарэнне! Колас.

4. У спалучэнні з указальнымі займеннікамі і прыслоўямі ўжываецца для ўзмацнення і ўдакладнення іх значэння. Анежка ішла і думала, што вось гэта сустрэча з Алесем вырашыць канчаткова яе лёс. Броўка. [Паўлінка:] Вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў. Купала.

5. У спалучэнні з пытальнымі займеннікамі (хто, што, які, чый, каторы) і прыслоўямі (дзе, куды, адкуль, калі, чаму, як і інш.) надае ім сэнс указання на што‑н. (з націскам на слове «вось»). [Паўлінка:] Не так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. Купала. Вось дзе можна бавіць час! Колас. [Клім:] — А чытаю я вось што. — Ён узяў з этажэркі кнігу і падаў Шэмету. Лобан. [Леў Раманавіч:] — Дык гэта ж ты і сапраўды даводзішся мне траюрадным братам. Вось як. Асіпенка. Вось калі арганізуемся як след, тады ніякі вораг нам не страшны. Лынькоў.

•••

Вось табе! Вось вам! — атрымай (атрымайце) па заслугах.

Вось табе і... — пра што‑н. такое, што мяняецца не ў патрэбны бок.

Вось табе і на! Вось табе і раз! Вось табе і маеш! — вокліч з выпадку чаго‑н. нечаканага, выказванне здзіўлення, расчаравання.

Вось так — ужываецца ў воклічах пры выказванні пагарды, знявагі.

Вось яно што! Вось яно як! — вокліч здзіўлення аб уразуменні раней незразумелага.

Вось яшчэ! — ужываецца пры адмаўленні чаго‑н., пры нязгодзе з чым‑н. або пры адмоўных адносінах да чаго‑н.

Ну, вось і ўсё! — ужываецца пры падвядзенні вынікаў чаго‑н. або ў канцы размовы ці спыненні гутаркі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бок, бо́ка і бо́ку, М на баку́; мн. бакі́, бако́ў; м.

1. (радзей) мн. бо́кі. Правая ці левая частка тулава ад пляча да таза. Бок баліць. І стаў [Макар] пасярод хаты, упёрся шырокімі кулакамі ў бокі і далей гаварыў. Чорны. На баку целяпалася мокрая торбачка, у якой было да палавіны ўюноў. Гамолка. Не даўшы аброку, не бі кіем па боку. Прыказка. // Правая ці левая частка якога‑н. прадмета. Рукамі.. [Мірон] трымаўся за бакі чаўна. Маўр. Пад промнямі цвярдзеюць Яблыкаў бакі. Лось. // Паверхня прадмета, накіраваная да чаго‑н. Сонечны бок. Паўночны бок. // перан. Асаблівасць чаго‑н. А Вільня нейкі ўжо другі Паказвае свой бок. Панчанка. Усё ясна — не з таго боку падышоў.. [Андрэй] да справы. Шахавец. // Адна з дзвюх паверхняў чаго‑н. Правы бок матэрыі.

2. Напрамак на мясцовасці. Чатыры бакі свету. □ На горцы ціхай, невысокай, Каля засценка недалёка, У бок дарогі, ў глыбі вада Стаяла панская пасада. Колас. У тым баку, куды глядзела Аўдоцця, над абрысам лесу клубілася чорная хмарка дыму. Мележ. // перан. Напрамак думкі, размовы і пад. Павесці гаворку ў іншы бок.

3. Мясцовасць, краіна. [Антось:] — Дачуўся, я ад аднаго чалавека — ён з нашага боку, з-пад Лані, — што ты [Кірэй] вярнуўся. Дамашэвіч. У чужым баку вочы па кулаку. Прыказка.

4. Месца, справа або злева ад сярэдняй лініі. На другім баку вуліцы пачуліся галасы. Шамякін. Сымон гарадзіў плот ад Халуставага боку. Чарнышэвіч.

5. Прастора злева і справа. З левага боку, амаль да самага лесу на даляглядзе, распасціраўся луг. Брыль. І жыта расступілася ў бакі — Сярпы плывуць, нібы маладзікі... Панчанка.

6. Месца (мясцовасць), якое знаходзіцца на нейкай адлегласці ад чаго‑н. Крыху ў бок ад.. [лагчынкі], на мяжы, разгацілася.. старая дзічка. Чорны.

7. Чалавек ці група людзей, якія супрацьстаяць другому чалавеку ці групе. Спрэчкі бакоў. □ Хацеў Грамабой адгарадзіць.. Ганскага і перацягнуць яго на свой бок. Крапіва. Усе сімпатыі паэта на баку Бандароўны — дзяўчыны незвычайнага хараства і мужнасці. Шкраба.

8. Састаўная частка, элемент чаго‑н. Нарыс характарызуе істотныя бакі метаду сацыялістычнага рэалізму. Шкраба. [Зелянюк] нават узяў.. на сябе абавязак абладзіць гэту справу з фармальнага боку, каб не было ніякіх затрымак. Зарэцкі. // Якія‑н. рысы, уласцівасці, асаблівасці. Паказаць сябе з найлепшага боку. □ У эстэтычных пазіцыях маладога паэта былі і слабыя бакі. Клімковіч.

•••

Адваротны бок медаля — аб другім баку якой‑н. справы (звычайна адмоўным).

Бокам вылезці (выйсці) гл. вылезці.

Бокі абіваць гл. абіваць.

Бокі рваць гл. рваць.

Бок у бок — побач, адзін пры адным (стаяць, размяшчацца і пад.).

Брацца за бокі (за жывот) гл. брацца.

З аднаго боку..., з другога боку... (у знач. пабочн.) — ужываецца пры супастаўленні двух фактаў, з’яў.

І ў той бок не глядзець гл. глядзець.

Ляжаць на баку гл. ляжаць.

Намяць бакі гл. намяць.

На ўсе чатыры бакі — куды хочаш, абы-куды (ісці, праганяць і пад.).

Не глядзець ні вока ні бока гл. глядзець.

Не ў той бок глядзець гл. глядзець.

Пад (самым) бокам — зусім блізка.

Стаць (перайсці) на бок каго гл. стаць.

Стаяць на чыім баку гл. стаяць.

Шарахацца ў бакі гл. шарахацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адысці́, адыду, адыдзеш, адыдзе; пр. адышоў, ‑шла, ‑шло; заг. адыдзі; зак.

1. Пакінуць ранейшае месца; ідучы, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Ілька адышоў ад вогнішча на ўзгорак. Каваль. Прабіраючыся праз заросшае кустамі балота, Палазок адышоў далёка ўправа і згубіў сяброў. Колас. // Разм. Пайсці, адправіцца куды‑н. Дзеці адышлі ў майстэрню і моўчкі селі за кравецкім сталом. Пестрак. // Адправіцца з месца стаянкі па свайму маршруту. Аўтобус ужо даўно адышоў, а.. [дзяўчына] усё ніяк не магла скрануцца з месца. Астрэйка. // Перайсці жыць у новае месца, пакінуўшы хату, родных; аддзяліцца. І рад бы быў стары Верамейчык, каб сын адышоў куды-небудзь з хаты.. Але, як відаць, нікуды не думае адыходзіць Юзік. Крапіва. // Перамясціцца, аддаліцца (пра падзеі, з’явы прыроды і пад.). Ваенная хваля адышла на захад і ў горадзе паспакайнела. Чорны. Сонца даўно адышло за небасхіл. Галавач. // перан. Падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. Сын не далёка адышоў ад бацькі. // Пакінуць свае ранейшыя пазіцыі; адступіць. Казакі зняліся з пазіцыі і адышлі за Нёман. Брыль.

2. перан. Перастаць займацца якой‑н. справай, пакінуць ранейшы занятак. Адысці ад літаратуры. // Адхіліцца ад ранейшага напрамку ў рабоце, гутарцы, разважаннях і пад. Адысці ад тэмы размовы. □ Мастацкая праўда дыктавала пісьменніку [Петрусю Броўку] задачу дзейнічаць не па шаблону, можна нават сказаць, павярнуць трошачкі стырно, адысці ад логікі завяршэння вобраза героя. Кучар. // Парваць сувязь з кім‑, чым‑н.; зрабіцца далёкім, чужым для каго‑, чаго‑н. Ад людзей адбіўся Габрусь. Ад жыцця агульнага, таварыскага адышоў. Шынклер.

3. Адстаць, аддзяліцца, перастаць шчыльна прылягаць да чаго‑н. Завесы адышлі. □ Нарэшце камень павярнуўся і адышоў ад сцяны. Арабей.

4. Дайсці да звычайнага, нармальнага стану; перастаць хварэць, адчуваць недамаганне. Малая ўжо за гэты час адышла, адужала. Васілевіч. З якой дарогі ні вяртаўся б Ваўчок якія б клопаты яго ні турбавалі, ён ведаў, што дома адыдзе, адпачне, збярэцца з думкамі і сіламі. Хадкевіч. // Зрабіцца зноў адчувальным, рухомым (аб змерзлых, здранцвелых частках цела). Рукі сагрэліся і адышлі. □ — Нідзе так асабліва і не баліць, — удзячна адказаў Даніла, — калені толькі нібы мурашкі пакусваюць, але дарма, адыдуць, — калі.. патру.. рукамі. Кулакоўскі. // Супакоіцца, прыйсці ў сябе пасля зведанага перапалоху, гневу, хвалявання і пад. Юрка ўжо адышоў ад разгубленасці. Брыль. У вачах Каралёва былі зларадныя агеньчыкі, а Дрозд яшчэ не адышоў ад перапуду. Карпюк. // Дайсці да ранейшага стану; адтаць, адагрэцца, ажыць (пра глебу, расліны і пад.). Зямля адышла. □ Дрэвы ў дзедавым садку ў вайну абгарэлі, але за гэты час некаторыя з іх адышлі, дзед пасадзіў некалькі новых яблынь. Грамовіч.

5. Перайсці ва ўласнасць каго‑н. другога. Цяпер сэрца старога радуецца: не толькі сенажаць, але і панскае поле за рэчкай і па гэты бок адышло круплянскаму калгасу. Сабаленка.

6. Закончыцца, мінуць. Абед адышоў. Жніво адышло. □ Будзем жыць мы без панскай апёкі. Адышла, адцвіла іх пара. І панам не вярнуцца. Колас. // Перастаць існаваць зрабіцца гісторыяй, мінуўшчынай, легендай. Тых часін, што адышлі ў туманы, засталіся сведкамі курганы. А. Вольскі. // Памерці. Я ўспомніў маё знаёмства з Міхаілам Міхайлавічам [Прышвіным] .. і думаў, што добра вось так: зрабіць усё што мог і адысці. Брыль.

7. Зак. да адыходзіць (у 2 знач.).

8. Разм. Перастаць дакучаць, турбаваць. [Міхал] ірвануў.. [Зосю] за руку: — Адыдзі! Чорны.

•••

Адысці на задні (на другі план) — страціць актуальнасць, стаць другарадным.

Адысці ў нябыт (у мінулае) — не астацца ў памяці людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. з кім-чым і без дап. Забаўляцца, пацяшацца (звычайна пра дзяцей). Гуляць з цацкамі. □ Дзеці пабеглі гуляць, і Святлана засталася ў хаце са Сцепанідай Андрэеўнай. Шахавец. Аднойчы Гошка прапанаваў сябрам сабраць усіх малых дзяцей у адно месца і гуляць з імі. Даніленка. // у што. Праводзіць час за якім‑н. заняткам з мэтай адпачынку, забавы. Гуляць у жмуркі. Гуляць у шахматы. Гуляць у карты. □ Перад выхадам на дэманстрацыю група дзяўчат і хлопцаў гуляла ў валейбол. Лынькоў. // перан.; у што. Займацца якой‑н. справай несур’ёзна, для выгляду; прыкідвацца занятым чым‑н. Гуляць у дэмакратыю. □ [Лютынскі:] Я не з’яўляюся непраціўленцам злу: міндальнічаць і гуляць у шляхетнасць не буду. Крапіва.

2. Хадзіць паціху для адпачынку, задавальнення; прагульвацца. Гуляць па парку. Гуляць па калідоры. □ Першы раз Лабановіч зайшоў да падлоўчага вечарам таго ж самага дня, калі хадзіў гуляць на чыгунку. Колас. // перан. Раз’язджаць, расхаджваць усюды, адчуваючы сябе гаспадаром становішча; гаспадарыць. — Лубян з гранатамі па вёсках гуляе, машыны нямецкія па шашы падрывае. Шамякін. // перан. Перамяшчацца ў розных напрамках, прыводзіць што‑н. у рух (пра з’явы прыроды). Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя вятры. Шчарбатаў. Па саламяных стрэхах гуляў агонь. Бядуля. // перан. Біць, сячы (пра плётку, бізун і пад.). Цень мінуўшчыны праклятай, Дзе бізун гуляў з нагайкай, Змецяцё вы, арляняты, сваёй новай сілай, байкай. Купала. // перан. Шырока распаўсюджвацца (пра хваробу, чутку і пад.). Па Караліне гуляла ўжо чутка, што Салвесевы сыны ледзь не пазабіваліся. Сабаленка.

3. на чым, у чым. Пералівацца рознымі колерамі. Па небе гулялі паўночныя сполахі. Шамякін. // Быць у руху, змяняцца (пра ўсмешку і пад.). У мельніка гуляла па твары сытая ўсмешка. Чорны.

4. Быць свабодным ад работы, не працаваць. Гуляць увесь выхадны дзень. □ [Стары:] — Цэлае лета, кажаш, гуляеш? Гм, дык чым жа табе нядобра? Дзівак чалавек... Хе-хе! Галавач. // Быць свабодным, незанятым, нявыкарыстаным (пра зямлю, рэчы і пад.). — Нам можна і на падлозе пераспаць, — прапанавала Галя. — Дык чаго гэта на падлозе, калі ложак гуляе. Ён жа ў мяне толькі для красы і стаіць. Сабаленка. Хто часта мяняе, у таго хамут гуляе. Прыказка.

5. Весяліцца (з песнямі, танцамі і пад.). Збірайцеся, людзі, Заходзьце, сябры. Сягоння мы будзем Гуляць да зары. А. Александровіч. // Быць удзельнікам якога‑н. свята, урачыстасці. Гуляць вяселле. Гуляць дажынкі. // што. Абл. Танцаваць, скакаць. — Умею адну толькі польку, дык тут жа яе не гуляюць. Арабей. // перан. Хутка рухацца; весяліцца (пра рыбу, жывёл). На сярэдзіне [азярца] час ад часу разыходзяцца кругі, чуваць усплёск — гуляе рыба. Навуменка.

6. з кім. Разм. Знаходзіцца ў любоўных адносінах; любіцца. У Васіля была дзяўчына, з якою, як казалі на сяле, ён гуляў ужо каля двух гадоў. Васілевіч. Колькі год я з ім гуляю, А не прыйдзе ў сваты, Толькі ўвечары ад гаю Давядзе да хаты. Дзеружынскі.

•••

Вецер (гуляе) у галаве гл. вецер.

Гульма гуляць — зусім нічога не рабіць; лодарнічаць. — Чаго ты там молішся? — азвалася мачыха. — Вазьмі ды карове вынесі, а то прывык гульма гуляць, дык работа яму і не рупіць. Сабаленка.

Гуляць з агнём — брацца за рызыкоўную справу, не думаючы аб выніках.

Гуляць па руках — перадавацца ад аднаго чалавека да другога, пераходзіць з рук у рукі.

Гуляць у бірулькі — займацца пустымі справамі, дарма траціць час.

Гуляць у жмуркі (хованкі) — хітраваць, утойваць што‑н. ад каго‑н. — А кінь ты, Астап, у жмуркі гуляць, не дзеці мы. Падпілавалі мост Шведавы хлопцы. Лынькоў. — Нешта ты ў хованкі пачаў гуляць? Круціш-круціш. Не чакаў я ад цябе. Кандрусевіч.

Гуляць у ката і мышку (мыш) — хітраваць, імкнуцца абмануць каго‑н.

Гуляць у маўчанку — ухіляцца ад размовы, адмоўчвацца.

Хоць у жмуркі гуляй — цёмна, нічога не відаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)