ІНТРАГРЭ́СІЯ (ад англ. introgression),

інтрагрэсіўная гібрыдызацыя, пранікненне генет. матэрыялу аднаго віду ў другі пры аддаленай гібрыдызацыі. У прыродных умовах можа адбывацца ў той частцы геагр. арэала віду, якая перакрываецца ч. арэала другога блізкароднаснага віду (няпоўная генет. ізаляцыя). Вядзе да канвергенцыі раней генетычна аддаленых відаў, не выклікаючы ўтварэння новых марфал. і фізіял. прыкмет. Ва ўмовах эксперыменту ажыццяўляецца шляхам серыі бекросаў гібрыда аддаленага скрыжавання з адным з бацькоўскіх відаў. Напр., у селекцыі пшанічна-пырнікавых гібрыдаў зваротныя (насычаныя) скрыжаванні прыводзяць да перадачы асобных генаў ад віду-донара да паўторнай бацькоўскай формы без парушэння яе таксанамічнай прыналежнасці.

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́К (Уладзімір Андрэевіч) (н. 11.3.1952, Мінск),

бел. біяхімік. Д-р хім. н. (1994). Скончыў БДУ (1974) і працуе ў ім. Навук. працы па даследаванні свабоднарадыкальных механізмаў патагенезу пры ўздзеянні на арганізм хім. і фіз. фактараў навакольнага асяроддзя, малекулярнай фармакалогіі прыродных і сінт. антыаксідантаў.

Тв.:

Protective effect of natural flavonoids on rat peritoneal macrophages injury caused by asbestos fibers (у сааўт.) // Free Radical Biology and Medicine. 1996. Vol. 21, № 4;

Antiradical and chelating effects in flavonoid protection against silica-induced cell injury (разам з А.​І.​Патаповіч) // Archives of Biochemistry and Biophysics. 1998. Vol. 355, № 1.

т. 8, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ (Віктар Нічыпаравіч) (н. 1.1.1938, с. Даброміна Глінкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. географ і эколаг. Д-р геагр. н. (1985), праф. (1991). Чл.-кар. Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (1996). Скончыў БДУ (1960), дзе працуе з 1985. Навук. працы па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяроддзя.

Тв.:

Комплексные экспериментальные исследования ландшафтов Белоруссии. Мн., 1973 (у сааўт.);

Белорусское Полесье: Экол. пробл. мелиоративного освоения. Мн., 1987;

Природная среда в зонах влияния промышленных центров. Мн., 1989 (разам з А.​В.​Бойка, К.​Дз.​Чубанавым);

Биогеография с основами экологии. Мн., 1995.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯКО́ЎСКІ (Рамуальд Здзіслаў) (н. 1.1.1924, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

вучоны ў галіне экалогіі і біяэнергетыкі. Акад. Польскай АН (1994, чл.-кар. 1979). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (1995). Скончыў Лодзінскі ун-т (1950). З 1952 у Ін-це эксперым. біялогіі, з 1973 у Ін-це экалогіі (да 1982 дырэктар), з 1987 акад.-сакратар Польскай АН, з 1996 праф. Міжнар. цэнтра экалогіі Польскай АН. Навук. працы па вывучэнні энергет. патокаў у экасістэмах, ахове прыродных рэсурсаў.

Тв.:

Экалагічная біяэнергетыка пайкілатэрмных жывёл. Варшава, 1994 (у сааўт.);

Modelowanie matematyczne procesów ekologicznych Warszawa, 1996 (разам з У.​В.​Мяншуткіным).

т. 8, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІНКО́ВІЧ (Алег Рыгоравіч) (н. 11.5.1948, г. Пайдэ, Эстонія),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1971), дзе і працуе. Навук. працы па хіміі напружаных аліцыклічных злучэнняў, метадах сінтэзу прыродных і біялагічна актыўных рэчываў. Адкрыў рэакцыю ўзаемадзеяння эфіраў карбонавых к-т з алкілмагнійгалагенідамі ў прысутнасці алкаксідаў тытану (рэакцыя К., 1988), якая выкарыстоўваецца ў арган. сінтэзе.

Тв.:

Карбеновые методы введения ацильных и ацилметильных групп в органические молекулы // Успехи химии. 1989. Т. 58, вып. 8;

Активированные циклопропаны в синтезе пятичленных карбо- и гетероциклов // Там жа. 1993. Т. 62, вып. 9.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНЫ ЗАКА́ЗНІК,

від заказніка, тэрыторыя якога з’яўляецца аб’ектам аховы і аднаўлення асабліва каштоўных, рэдкіх прыродных маляўнічых ландшафтаў і комплексаў. На тэр. Л.з. абмежавана гасп. дзейнасць, у т. л. забаронены суцэльная высечка лесу, пасьба жывёлы, гідрамеліярац. работы, узвядзенне будынкаў, скідванне сцёкавых вод і быт. адходаў і інш. На Беларусі 16 Л.з. рэсп. значэння (агульная пл. каля 231 тыс. га): Бабінавіцкі, Міжазёрны, Сялява, Сіньша, Чырвоны Бор у Віцебскай, Азёры, Навагрудскі, Сарачанскія азёры, Свіцязянскі ў Гродзенскай, Блакітныя азёры, Прылуцкі ў Мінскай, Мазырскія Яры ў Гомельскай, Альманскія балоты, Прастыр, Стронга ў Брэсцкай, Старыца ў Магілёўскай абласцях.

т. 9, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЫ ШТУ́ЧНЫЯ (сінтэтычныя),

мінералы, створаныя на аснове сучасных прамысл. тэхналогій (фіз. і хім. метадамі), паводле хім. саставу, фіз. уласцівасцей і крышт. структуры адпавядаюць прыродным прататыпам. У 1837 штучна быў зроблены першы сінт. рубін масай у 1 карат франц. хімікам М.​Гадэнам. У 1892 франц. даследчык А.​Вернейль распрацаваў першую прамысл. тэхналогію атрымання рубінаў у шырокім маштабе. Існуюць 2 віды М.ш.: сінт. мінералы, што маюць прыродныя аналагі (александрыт, алмаз, апал, біруза, ізумруд, кварц, рубін, рутыл, сапфір, шпінель і інш.); штучныя мінералы, якія не маюць прыродных аналагаў (фабуліт-тытаніт стронцыю, ніабат літыю і інш.).

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАКАТЭХІ́Н, 1,2-дыгідраксібензол,

двухатамны фенол, C6Н4(OH)2.

Бясколерныя крышталі, у паветры на святле хутка цямнеюць. t 105 °C, tкіп 240 “С. шчыльн. 1371 кг/м³ Добра раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле, дыэтылавым эфіры. П. і некаторыя яго вытворныя знойдзены ў раслінах; могуць быць вылучаны, напр., з драўніны і прыродных смол. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў (алізарыну і гістазарыну), пахучых рэчываў (напр., гваяколу), як зыходнае рэчыва для сінтэзу адрэналіну, кампанент фарбавальніка для футра, праявіцель у фатаграфіі. Пыл і пара П. раздражняюць скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў; ГДК у вадзе 0,1 мг/л.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУ́ЖНІКАЎ (Віктар Мікалаевіч) (18.7.1931, г. Стаўрапаль, Расія — 1.1.1998),

бел. вучоны ў галіне воднай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў воднай гаспадаркі (1953). У 1961—97 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (Мінск, з 1966 заг. лабараторыі). Навук. працы па метадалогіі складання водагасп. балансаў і гідралагічных разлікаў у розных прыродных і гасп. умовах, аптымізацыі рэжымаў і параметраў водагасп. сістэм, прагназіраванні ў галіне выкарыстання і аховы вод.

Тв.:

Вилейско-Минская водная система. Мн., 1987 (у сааўт.);

Использование и охрана малых рек. Мн., 1989 (у сааўт.).

В.​С.​Усенка.

т. 12, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯ́ШЧАНКА (Сяргей Іванавіч) (н. 20.10.1924, с. Шыраева Калачаеўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р вет. н., праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1979). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1951). З 1960 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (заг. аддзела), з 1992 у Бел. агр.-тэхн. ун-це. Навук. працы па гігіене с.-г. жывёл на фермах і прамысл. комплексах, спосабах умацавання прыродных ахоўных сіл арганізма і прафілактыцы стрэсаў у с.-г. жывёл.

Тв.:

Стрессы у сельскохозяйственных животных. М., 1987 (разам з В.​Ц.​Сідаравым);

Энергоресурсосбережение в животноводстве. Барановичи, 1998 (у сааўт.).

т. 12, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)