ЭТЫМАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
тып лінгвістычнага слоўніка, у якім даюцца звесткі пра паходжанне слоў адной мовы або некалькіх роднасных моў адначасова. Упершыню была пададзена бел. лексіка на шырокім слав. фоне ў «Этымалагічным слоўніку славянскіх моў» Ф.Міклашыча (1886). Яна займае значнае месца і ў інш. слоўніках слав. моў: «Славянскі этымалагічны слоўнік» Э.Бернекера (1908—13); а таксама фундамент. слоўніках, работа над якімі вядзецца ў Маскве («Этымалагічны слоўнік славянскіх моў: праславянскі лексічны фонд», 1974—2002, вып. 1—29, выд. працягваецца), Кракаве («Слоўнік праславянскі», т. 1—8, 1974—84, 2001, выд. працягваецца), у Брне («Этымалагічны слоўнік славянскіх моў», сш. 1—2, 1973—80). Значны лексічны матэрыял бел. гаворак упершыню ўведзены ў этымалагічныя даследаванні ў працы «Караняслоў рускай мовы, параўнанні з усімі найгалоўнейшымі славянскімі гаворкамі і з дваццаццю чатырма замежнымі мовамі» (1842) беларуса па паходжанні Ф.С.Шымкевіча. Спробы этымалагізацыі бел. лексікі ёсць у «Слоўніку беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870). Шырэй пададзена бел. лексіка ў «Этымалагічным слоўніку рускай мовы» М.Фасмера (т. 1—3, 1950—58; рус. пер. з дадаткамі т. 1—4, 1964—73, перавыд. 1986—87, 1996) і ў «Этымалагічным слоўніку польскай мовы» Ф.Слаўскага (т. 1—5, 1952—82, выд. працягваецца), «Этымалагічным слоўніку ўкраінскай мовы» (т. 1—4, 1982—2002, выд. працягваецца). Шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» ствараецца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (т. 1—8, 1978—93, выд. працягваецца). Выданне мае на мэце выявіць словаўтваральныя і семантычныя архаізмы і інавацыі, у т. л. тэрытарыяльна абмежаваныя запазычанні і калькі з інш. моў, мясц. наватворы, асаблівае значэнне надаецца арэальнай характарыстыцы слоў. У кожным з тамоў каля 3 тыс. слоўнікавых артыкулаў з навук. бібліяграфіяй па прыведзеных словах, у якой улічана манаграфічная і часопісная айч. і замежная л-ра. Аб’ектам разгляду ў Э.с. могуць быць і фразеалагізмы. Напр., у «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» І.Я.Лепешава (1981) растлумачана паходжанне каля 450 устойлівых словазлучэнняў сучаснай бел. мовы.
Г.А.Цыхун, І.К.Германовіч.
т. 18, кн. 1, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ХАВА Ганна Міхайлаўна (4.7.1886, г. Кранштат Ленінградскай вобласці — 30.4.1971),
руская фалькларыстка. Д-р філал. н. (1944). Скончыла жаночы пед. ін-т (Пецярбург, 1908). За час экспедыцый у Карэліі, на Пінезе, Мязені і Пячоры, у Памор’і і Сібіры, Маскоўскай і Ленінградскай абл. сабрала больш за 10 тыс. фалькл. твораў. Даследавала быліны, замовы, галашэнні, частушкі, рабочы фальклор. Пры вывучэнні паходжання і гісторыі гераічнага эпасу звярталася да бел. фальклору. Даследавала бел. казачны эпас, паходжанне казак на былінныя сюжэты ў беларусаў і ўкраінцаў (кн. «Народныя казкі пра асілкаў рускага эпасу», 1962).
Літ.:
А.М.Астахова: (К 70-летию со дня рождения) // Русский фольклор. М.; Л., 1956. [Вып.] 1;
Путилов Б.Н. Печатные работы А.М.Астаховой с 1957 г. // Тамсама. 1968. [Вып.] 11;
Мельц М.Я., Митрофанова В.В. Памяти А.М.Астаховой (1886—1971) // Тамсама. 1972. [Вып.] 13.
т. 2, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАТЫ, велікалюды,
персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;
Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;
Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;
Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.
т. 4, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́НСКІ Рыгор Андрэевіч (23.3.1876, С.-Пецярбург — 1937),
рускі мовазнавец-славіст. Чл.-кар. АН СССР (1925, чл.-кар. Рас. АН з 1921), Балг. (1929) і Польск. (1930) АН. Праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та (1909—15), Юр’еўскага (г. Тарту, з 1916), Саратаўскага (1920—24), Маскоўскага (з 1927) ун-таў. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Даследаваў параўнальную граматыку слав. моў, праславянскую мову, гісторыю і паходжанне слав. пісьменства. Вывучаў і выдаваў помнікі слав. пісьменства («Граматы балгарскіх цароў», 1911, і інш.). Шэраг артыкулаў прысвяціў з’явам бел. мовы: «Блр. нетра = рас. «болото» трасина, дебри» (1928), «Аб канчатку -эй назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду прыметнікаў і назоўнікаў ва ўсходнеславянскіх мовах наогул і беларускай паасобку» (1929) і інш.
Тв.:
Праславянская грамматика. Нежин, 1916.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 229—236;
Журавлев В.К. Г.А.Ильинский. М., 1962.
М.Г.Булахаў.
т. 7, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САСЮ́Р (Saussure) Фердынанд Манжын дэ (26.11.1857, Жэнева — 22.2.1913),
швейцарскі мовазнавец. Вучыўся ў Жэнеўскім (1875), Лейпцыгскім, Берлінскім (1876—80) ун-тах. З 1881 праф. Парыжскага, з 1906 Жэнеўскага ун-таў. Даследаваў паходжанне індаеўрап. вакалізму («Пра першапачатковую сістэму галосных у індаеўрапейскіх мовах», 1879). У працах па літ. акцэнталогіі (1894—96) вызначыў (адначасова з П.Фартунатавым, але незалежна ад яго) характар націску і інтанацыі слова ў балт. мовах у суадносінах з аналагічнымі з’явамі ў слав. мовах (закон Фартунатава—дэ Сасюра). Самая значная праца С. — «Курс агульнай лінгвістыкі» (1916); у ёй выкладзены яго навук. погляды на мову як сістэму знакаў; прапанаваў стварыць спец. навуку пра знакі — семіётыку, увесці адрозненні паняццяў «мова» і «маўленне» і інш. Тэарэт. прынцыпы С. ў дастасаванні да мовы сталі метадалагічнай асновай розных кірункаў структурнай лінгвістыкі.
Літ.:
Слюсарева Н.А. Теория Ф. де Соссюра в свете современной лингвистики. М., 1975.
т. 14, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКЕПТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,
крытычны кірунак у рас. гістарыяграфіі 1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — М.Т.Качаноўскі. Да «С.ш.» належалі В.М.Бадзянскі, С.М.Строеў, блізкія погляды мелі П.М.Строеў і інш. Прадстаўнікі «С.ш.» крытыкавалі канцэпцыі афіц. гісторыкаў, асабліва М.М.Карамзіна, даказвалі неабходнасць параўнальна-гіст. вывучэння мінулага Расіі, крытычных адносін да крыніц, праверкі сапраўднасці тэкстаў і аналізу зместу выкладзеных у іх падзей. Яны лічылі, што рус. летапісы 11—12 ст., Руская праўда, «Слова аб палку Ігаравым» і інш. стараж. помнікі не могуць служыць гіст. крыніцамі пры вывучэнні Кіеўскай Русі, бо ўзніклі, на іх думку, значна пазней за перыяд яе існавання і выключна пад уплывам замежных літ. і дакумент. крыніц. Выступалі супраць нарманскай тэорыі, падзялялі погляды І.Эверса пра хазарскае паходжанне Русі. Нягледзячы на спрэчнасць яе канцэпцый, «С.ш.» — важны этап у фарміраванні рас. гістарыяграфіі.
т. 14, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТОЎН (Stone) Ірвінг (14.7.1903, г. Сан-Францыска, ЗША — 26.8.1989),
амерыканскі пісьменнік; стваральнік новага тыпу біяграфіі ў амер. л-ры. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Літ. дзейнасць пачаў у 1930-я г. Аўтар раманізаваных біяграфій «Прага да жыцця» (1934, пра В. ван Гога), «Марак у сядле» (1938, пра Дж.Лондана), «Абарона Кларэнс Дэроу» (1941), «Яны таксама балаціраваліся» (1943), «Эл Уорэн» (1948), «Паходжанне. Біяграфічны раман пра Ч.Дарвіна» (1980) і біягр. раманаў «Бессмяротная жонка» (1944), «Праціўнік у доме» (1947), «Жанчына прэзідэнта» (1951), «Каханне вечнае» (1954), «Пакуты і радасці» (1961, пра Мікеланджэла), «Тыя, хто любяць» (1965), «Страсці розуму» (1971, пра З.Фрэйда), «Грэчаскі скарб» (1975) і інш., адметных гіст. і псіхал. дакладнасцю.
Тв.:
Рус. пер. — Моряк в седле. Мн., 1984;
Жажда жизни. Мн., 1987;
Страсти ума, или Жизнь Фрейда. М., 1999.
Літ.:
Комаровская Т.Е. Творчество Ирвинга Стоуна. Мн., 1983.
Т.Я.Камароўская.
т. 15, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРМЯ́НЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы сурмы. Вылучаюць уласна С.р. (монаметальныя), комплексныя і сурмазмяшчальныя. Уласна С.р. маюць гал. прамысл. значэнне і падзяляюцца на вельмі багатыя, або штуфныя (20—50% сурмы), багатыя (6—12%), радавыя (2—6%), бедныя (1—2%) і ўбогія (да 1%). Паводле саставу падзяляюцца на сульфідныя (больш за 70% гал. мінералу антыманіту), сульфідна-аксідныя (30—50% сурмы ў аксіднай і гідраксіднай форме) і аксідныя (больш за 50% сурмы ў аксідных злучэннях). Комплексныя С.р. падзяляюцца на ртутна-сурмяныя, сурмяна-поліметалічныя, золата-сурмяныя, сурмяна-вальфрамавыя і інш.; сурмазмяшчальныя руды — на 2 падтыпы: мінералы сурмы ўтвараюць невял. гнёзды багатых руд; сурма ізаморфна ўваходзіць у крышт. рашотку інш. мінералаў у поліметалічных рудах або ўтварае тонкую ўкрапанасць. Паходжанне гідратэрмальнае. Радовішчы ў Балівіі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Мексіцы, Турцыі, Кітаі, Расіі і інш.
т. 15, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЫЯЛО́ГІЯ (ад грэч. thērion звер + ...логія), мамаліялогія, мамалогія,
раздзел заалогіі, які вывучае млекакормячых.
Вывучае сістэматыку млекакормячых, іх паходжанне і сувязі з інш. групамі жывёл, біялогію, геагр. пашырэнне, шляхі міграцый, гасп. значэнне дзікіх звяроў. Адна з асн. задач Т. — распрацоўка біял. асноў рацыянальнага выкарыстання дзікіх млекакормячых. Выкарыстоўвае метады: назіральны, апісальны, параўнальна-анат., колькаснага ўліку і інш. Тэрмін «Т.» прапанаваны рас. заолагам С.І.Агнёвым у 1928.
На Беларусі пытанні Т. вывучаюцца ў Інстытуце заалогіі Нац. АН, Бярэзінскім біясферным запаведніку, нац. парках рэспублікі і інш. Сярод бел. вучоных, якія займаліся пэўнымі пытаннямі ў галіне Т., І.М.Сяржанін, П.Р.Козла, А.М.Курскоў, В.М.Міхалап, Э.Р.Самусенка, В.Ф.Цераховіч і інш.
Літ.:
Соколов В.Е. Систематика млекопитающих [Т. 1—3]. М., 1973—79;
Териология в СССР. М., 1984;
Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989.
т. 16, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГРАФІ́ЧНАЯ ГРУ́ПА лакальна-тэрытарыяльная група насельніцтва, якая адрозніваецца асаблівасцямі традыц. матэрыяльнай і духоўнай культуры, побыту, часам мовы. Паходжанне Э.г. звычайна звязана з прыродна-кліматычнымі ўмовамі жыцця, родам гасп. заняткаў, радзей — са спецыфікай этнагенезу і этн. гісторыі насельніцтва пэўнай тэрыторыі. Этн. самасвядомасць Э.г. звычайна выяўлена слаба, таму пераважаюць адпаведныя мясц. (зямляцкія) самавызначэнні — пінчукі, случакі, быхаўцы, палачане, мсціслаўцы, тураўцы і інш. У перыяд феадалізму актывізацыя этнаўтваральных працэсаў садзейнічала аб’яднанню Э.г. ў межах буйных гіст.-этнагр. і субэтнічных супольнасцей беларусаў, палешукоў і літвінаў. У пач. 20 ст. лакальныя асаблівасці большасці Э.г. Беларусі паступова былі нівеліраваны агульнабел. кансалідацыйнымі працэсамі, што прывяло да ўзмацнення агульнаэтн. самасвядомасці (на змену мясц. самавызначэннем прыйшоў агульны этнонім — беларусы). У наш час некат. групы насельніцтва Зах. і Усх. Палесся, Панямоння, Верхняга Падняпроўя, Падзвіння захоўваюць пэўныя асаблівасці традыц. жылля, адзення, абрадаў, звычаяў, фальклору і інш.
І.У.Чаквін.
т. 18, кн. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)