Кіцю́х ’нагах’ (ТС). Да папярэдняга ад назвы кацюка, параўн. коцік ’суквецце’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛАВО́КА (Troglodytes troglodytes),

птушка сям. валавокавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Каля 40 падвідаў. На Беларусі трапляецца ўсюды, на Пд — часам зімой, пералётная. Жыве ў мяшаных і лісцевых захламленых ламаччам, зарослых крапівой лясах з густым падлескам. Нар. назвы валовае вока, блыха, блышка.

Адна з самых дробных птушак у фауне Беларусі. Даўж. каля 9,5 см, маса 8—11 г. Апярэнне спіны рыжавата- або карычнявата-бурае з чорнымі і бурымі папярочнымі палосамі, брушка больш светлае. Хвост кароткі, тарчма. Дзюба прамая, тонкая. Крылы кароткія, круглаватыя. Гнёзды шарападобныя (5—8) з бакавой уваходнай адтулінай. Двойчы за сезон нясе 5—7 яец. Корміцца насякомымі, павукамі, насеннем раслін, ягадамі.

Валавока.

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЕ́ННІКІ (Limosa),

род птушак падатр. кулікоў атр. сеўцападобных. 4 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, поймавых лугах, гразкіх травяністых берагах азёр. На Беларусі 2 віды: вераценнік вялікі (Limosa limosa) і вераценнік малы (Limosa lapponica). Вераценнік вялікі (нар. назвы грыцук, грута, грыца, нецяг) шматлікі на Палессі, звычайны ў цэнтр. частцы, рэдкі на ПнУ. Вераценнік малы — рэдкая птушка, трапляецца на веснавым і асеннім пралётах.

Даўж. цела да 45 см, маса да 350 г. Афарбоўка апярэння рыжая. Дзюба доўгая, прамая або ледзь загнутая ўгару, ногі доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі малюскамі, жукамі, зрэдку насеннем. Гняздо — неглыбокая ямка на купіне сярод травы, крыху высланая сухой травой. Аб’екты палявання.

Вераценнікі: 1 — вялікі; 2 — малы.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВО́ЧКА, сапа (Abramis sapa),

рыба роду ляшчоў сям. карпавых. Водзіцца ў рэках бас. Чорнага, Азоўскага, Каспійскага мораў, у р. Волхаў бас. Балтыйскага м. На Беларусі — у Дняпры (да Оршы) і вял. яго прытоках. Мясц. назвы кляпец, глазач, лупар.

Даўж. да 35 см, маса да 1 кг. Вонкава падобная да ляшча, але мае больш выцягнутае цела, вял. вочы і доўгі анальны плаўнік. Афарбоўка цела серабрыстая, спіна цёмная, плаўнікі шэрыя, некаторыя з больш цьмянымі краямі. Радужына вока бела-серабрыстая (адсюль назва). Луска вялікая, шчыльная. Існуюць 2 формы: жылая і паўпрахадная. Нерастуе ў рэчышчах рэк у сак.—маі ва ўзросце 4—5 гадоў. Корміцца лічынкамі насякомых, малюскамі, расліннасцю. Мае прамысл. значэнне.

Белавочка.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАФІ́НЫЯ (Otididae),

сямейства птушак атр. жураўлепадобных. 11 родаў, 24 віды. Пашыраны ў стэпах і паўпустынях Афрыкі, Еўразіі і Аўстраліі. Найб. вядомыя: драфа звычайная (Otis tarda), стрэпет (Tetrax tetrax), джэк, або драфа-красуня (Chlamydotis undulata). На Пд Беларусі раней трапляліся драфа звычайная (нар. назвы дроп, крохва), занесеная ў Чырв. кнігу (1-е выд.), і стрэпет.

Вялікія і сярэдніх памераў птушкі, маса 1—23 кг. Самцы большыя за самак. Апярэнне шчыльнае, разнастайнай афарбоўкі. Шыя сярэдняй даўжыні, тоўстая. Ногі моцныя, доўгія, трохпальцыя, з цвёрдымі мазолістымі падушачкамі. Хвост кароткі. У шлюбны перыяд самцы такуюць. Гняздо на зямлі, нясуць 2—5 яец. Корм разнастайны, пераважна раслінны. Ахоўваюцца, разводзяцца штучна.

Драфіныя: 1 — драфа звычайная; 2 — джэк; 3 — стрэпет.

т. 6, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУСА́Ч, марона,

мірон (Barbus barbus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў многіх рэках Еўропы. На Беларусі ёсць у рэках бас. Нёмана, Дняпра і Зах. Буга; жыве на ўчастках рэк з галечным і камяністым грунтам і хуткай плынню; занесены ў Чырв. кнігу. Мясц. назвы: на Дняпры — мірон, радзей марэна, марона, на Нёмане — келб, або марскі келб.

Даўж. 40—60, часам да 90 см, маса 2—3, зрэдку да 10 кг. Цела доўгае, амаль цыліндрычнае, спінка зеленавата-жаўтаватая, аліўкава-зялёная, брушка белаватае, бураватае. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія чырванаватыя. На рыле 4 вусікі (адсюль назва). Корміцца чарвямі, лічынкамі насякомых, малюскамі, ракападобнымі, воднымі раслінамі. Мяркуюць, што ікра ядавітая. Каштоўны прамысл. від.

Вусач.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РКА, ліхніс (Lychnis),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў паўн. ч. ўмеранага пояса Еўразіі, у т. л. ў Сібіры і на Д. Усходзе. Растуць звычайна на лугах, узлесках, у хмызняках. Як дэкар. расліны шырока выкарыстоўваюць З. зіхатлівую (L. fulgens) і інш. віды; на Беларусі — З. халцэдонскую (L. chalcedonica), з высокімі сцёбламі і густымі яркімі суквеццямі.

Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом. Лісце буйное, супраціўнае. Кветкі двухполыя, 5-членныя, сабраныя ў шчыткападобнае верхавінкавае суквецце; вяночак чырв., ружовы, радзей белы ці бледна-жоўты. Плод — аднагнездавая каробачка. Лек. і дэкар. расліны. Карані З. халцэдонскай раней ужываліся замест мыла, адсюль яе інш. назвы — татарскае мыла, панская фанабэрыя.

Зорка халцэдонская.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДЫШ (Convallaria),

род кветкавых раслін сям. спаржавых. 1 від — Л. майскі, або звычайны (C. majalis), некалькі падвідаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — усюды. Нар. назвы краспак, камвалея лесавая. Трапляецца ў хваёвых і хвойна-шыракалістых лясах і хмызняках. Як дэкар. кветка культывуецца з сярэдзіны 16 ст. Садовыя формы Л. буйныя, шматкветкавыя, з ружаватымі і махровымі кветкамі, ёсць стракаталістыя.

Шматгадовыя травяністыя расліны з гарызантальным карэнішчам. Лісты (2—3) доўгачаранковыя, прыкаранёвыя, з дугападобным жылкаваннем. Кветанос выш. да 20 см. Кветкі белыя, духмяныя з шарападобна-званочкавым вяночкам, на павіслых кветаножках, па 6—12 у доўгай рыхлай аднабокай гронцы. Плод — чырв. ягада. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.

Ландыш.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЦІГАЛО́ЎКІ (Jynx),

род птушак сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. 2 віды: К. звычайная (J. torquilla), пашыраная ў Еўразіі, і К. чырвонаваллёвая (J. ruficollis) — у Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі К. звычайная трапляецца ў рэдкалессях, поймавых гаях, парках, садах, каля жылля. Нар. назвы куйка, круцігаловец, крутагаловец.

Даўж. К. звычайнай да 20 см, маса да 37 г. Апярэнне зверху светла-шэрае з папярочнымі цёмнымі палосамі. Горла, грудзі, падхвосце жаўтавата-вохрыстыя з цёмным папярочным малюнкам. Ніз белы з бурымі плямкамі. Дзюба слабая, крыху загнутая на канцы. Корміцца мурашкамі, тлямі і інш. насякомымі. Гнёзды ў дуплах дрэў і пнёў. Нясе 7—12 яец. Патрывожаная выцягвае шыю, круціць галавой (адсюль назва) і шыпіць.

Круцігалоўка звычайная.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖА́НКА звычайная

(Anas platyrhynchos),

птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве на балотах, поймавых азёрах, лясных рэчках і інш. Гавайскі падвід (A. p. wyvilliana) — у Чырв. кнізе МСАП. Ад К. паходзяць качкі свойскія. На Беларусі трапляецца ўсюды. Нар. назвы качка, качур, крыжак, крыжная качка, крыжэнь.

Даўж. да 63 см, маса да 2 кг. У самца вясной галава і шыя цёмна-зялёныя, на крылах сіне-фіялетавае «люстэрка», самка бураватая. Летам самец падобны да самкі. Корміцца расліннасцю, малюскамі, чарвякамі, насякомымі. Гняздо на зямлі, зрэдку на галінах дрэў, у дуплах. Нясе 6—16 (пераважна 8—12) яец. Аб’ект спарт. палявання.

Крыжанка: а — самец, б — самка.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)