КРУ́ПАВА,

вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл. на р. Крупка, каля аўтадарогі Ліда — г.п. Радунь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 6 км на ПнЗ ад г. Ліда, 112 км ад Гродна, 6 км ад чыг. ст. Гутна. 519 ж., 172 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл.

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАДЗЕВЯ́ТКАВІЧЫ, Новыя Дзевяткавічы,

вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Грыўда. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 29 км на ПдЗ ад горада і 30 км ад чыг. ст. Слонім, 177 км ад Гродна. 624 ж., 227 двароў (2000). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл.

т. 11, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобл., на р. Уса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПдЗ ад г. Беразіно, 98 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Градзянка. 500 ж., 190 двароў (1995).

Упершыню ўпамінаюцца ў 1501 як маёнтак. У 1568 на Багушэвічы напалі ўзбр. сяляне Свіслацкай вол., што збеглі ад пана. Пазней Багушэвічы — рамесніцка-гандл. мястэчка з прыстанню, вадзяным млыном, 2 разы на год праводзіліся кірмашы. Належалі Завішам, Ваньковічам, Свентаржэцкім. У 18 ст. цэнтр графства. У 1862 адкрыта школа, працавалі пошта, касцёл, царква, 4 сінагогі. Пасля эміграцыі Б.Свентаржэцкага, які ўдзельнічаў ў паўстанні 1863—64, Аляксандр I падараваў мястэчка Шалгунову. У 1897 былі 524 ж. Да 1917 цэнтр воласці Ігуменскага пав., 785 ж. ў 1927. У 1929 арганізаваны калгас.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, касцёл (помнік архітэктуры 19 ст.). Гарадзішча 1 ст. да нашай эры — 2 ст. нашай эры.

т. 2, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЖА,

вёска ў Гродзенскім р-не, на правым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Гродна — г. Друскінінкай (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пн ад Гродна. 1954 ж., 304 двары (1996).

Вядома з 15 ст. як велікакняжацкі двор Ожа (Гожа) у Трокскім ваяв. ВКЛ. З 1598 уладанне Е.​Міцуты. З 1671 мястэчка, цэнтр староства. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1885 — 135 ж., 17 двароў, валасное праўленне, мураваны касцёл. У 1921—39 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 506 ж., 139 двароў.

Лясніцтва, малыя прадпрыемствы «Мяжа» і дрэваапрацоўчае. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл (19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (10 — 7-е тыс. да н.э.), селішча (11—14 ст.). Каля вёскі біялагічны заказнік Гожаўскі, радовішча пяску Гожа.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НТА (польс.: gont),

драўляны матэрыял для крыцця даху і сцен у форме невял. тонкіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам з другога. Робіцца з яловай, хваёвай, асінавай і інш. драўніны, даўж. звычайна 50—60 см, шыр. каля 10 см. Дах з гонты служыць 25—35 гадоў. Вядома ва ўсёй Еўропе. У Беларусі гонта вядома з даўніх часоў, рабілася ўручную (радыяльным расколваннем), пазней — на механізаваных станках (распілоўваннем). Гонтай крылі дахі ўсіх тыпаў будынкаў. Дошчачкі ўваходзілі адна ў адну і прыбіваліся да дахаў. Кожны верхні рад гонты перакрываў ніжэйшы, таму крыццё атрымлівалася шматслойнае — да 4 слаёў (касцёл у Койданаве, 18 ст.). Часам гонты ніжняга, навіслага над карнізам рада рабілі завостранымі, што ўпрыгожвала дах (сядзібны дом у Борках Дзятлаўскага, званіцы ў Белагрудзе Лідскага і Шарашове Пружанскага, касцёл у Жытомлі Гродзенскага р-наў).

С.​А.​Сергачоў.

Канструкцыя абшыўкі з гонты.
Дах з гонты на царкве ў вёсцы Строчыца Мінскага раёна.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАЎНА́Я,

вёска ў Хатаўскім с/с Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Івянец. Цэнтр калгаса. За 28 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 106 км ад Мінска. 1749 ж., 564 двары (1997).

Вядома з 1-й пал. 15 ст. як маёнтак, каля якога ў 1525 М.​Кежгайла заснаваў мястэчка. Належала Кежгайлам, Завішам, Радзівілам. У 1590—91 пабудаваны кальвінскі збор. З 1793 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. У 1870-я г. ў Дз. касцёл, капліца, 2 сінагогі. школа, багадзельня, бровар, 5 крам. У 1880—306 ж., вінзавод, саладоўня, капліца, царк. прыход, цэнтр воласці, у 1897—823 ж., 125 двароў. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Івянецкага р-на, з 1962 у Стаўбцоўскім р-не. У 1971 у Дз. 938 ж., 255 двароў.

ПМК-74. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Дзераўноўскі касцёл Благавешчання і капліца (19 ст.).

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ,

вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. За 37 км на ПдУ ад Валожына, 46 км ад чыг. ст. Койданава. 690 ж., 220 двароў (1997).

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1-й пал. 15 ст. як уласнасць Гедыголдавічаў, Забярэзінскіх, Кішкаў, Далмат-Ісакоўскіх, Юдзіцкіх, Салагубаў. У 1552 пабудаваны касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1795 у К. 268 ж., 49 двароў. У 18—19 ст. праводзіліся вял. кірмашы. У 1897 у К. 713 ж., 116 двароў, касцёл, малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, карчма, 3 кузні, крама, лазня. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Івянецкай гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. У 1944 вёску часткова спалілі ням. фашысты. У 1971—879 ж., 234 двары.

Сярэдняя школа, б-ка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, каля вёскі 2 магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі геал. помнік прыроды Камень чортаў.

В.​У.​Шаблюк.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ШЫН,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Шчара, каля аўтадарогі Брэст—Мінск; чыг. станцыя (Перамога) на лініі Баранавічы—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 218 км ад Брэста. 687 ж., 282 двары (1998).

Да 1499 велікакняжацкая ўласнасць, потым — кн. Дз.​Пуцяціча, Горскіх, Радзівілаў, Валовічаў і інш. У К. нарадзіўся і жыў бел. паэт П.Багрым; у касцёле, пабудаваным у 1920-я г., зберагаецца выкаваная ім жырандоль. З 2-й пал. 19 ст. чыг. станцыя на лініі Брэст—Масква. У 1886 мястэчка Навагрудскага пав., 636 ж., 77 двароў, касцёл (пабудаваны ў 1818), яўр. малітоўны дом. У 1921—39 у Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Гарадзішчанскім, з 1962 у Баранавіцкім р-нах. У 1972—456 ж., 156 двароў.

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла П.Багрыма. Помнік архітэктуры — касцёл Божага Цела (1920-я г.).

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧА́Й,

вёска ў Навасёлкаўскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. За 18 км ад горада і чыг. ст. Паставы, 268 км ад Віцебска. 253 ж., 92 двары (1999).

Вядома з 1542 як уладанне Забярэзінскіх. З канца 16 ст. мястэчка. Маёнтак Л. належаў Юндзілам, Глябовічам, Шэметам і інш. З 1617 уладанне Рудамінаў, з 1731 — Агінскіх. У 1766—76 у Л. пабудаваны мураваны езуіцкі касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Вілейскім пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1905 у сяле і маёнтку Л. 81 ж., нар. вучылішча, валасное праўленне, крама. З 1921 Л. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны ў Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета ў Пастаўскім, Дунілавіцкім р-нах. З 1960 вёска Л. у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах.

Базавая школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Лучайскі касцёл езуітаў (1776).

І.​П.​Зямчонак.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.

Існаваў у 17—19 ст. у Мінску. Засн. ў 1633 віленскім канонікам В.​Сялявай. Першыя манашкі прыехалі з Нясвіжа. Напачатку будынкі былі драўляныя. У 1647—49 дзякуючы фундацыі Крыштофа і Соф’і Хадкевічаў пабудаваны мураваны касцёл св. Войцеха ў стылі барока (арх. і будаўнік А.​Кромер) — 1-нефавы 2-вежавы храм, завершаны прэсбітэрыем з 3-граннай алтарнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны дзвюма 3-яруснымі вежамі-званіцамі. Інтэр’ер храма, перакрыты мураванымі скляпеннямі, упрыгожвалі 5 алтароў. У 1780-я г. касцёл рэканструяваны (арх. Т.​Раманоўскі). Да касцёла прылягаў мураваны жылы будынак кляштара (пабудаваны пасля 1682 на сродкі К.​С.​Свірскай) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты высокім вальмавым дахам. Меліся 2 флігелі, бровар, свіран, стайня і інш. У 1871 кляштар скасаваны. У 1872—73 перабудаваны пад правасл. жаночы Праабражэнскі манастыр (арх. С.​Іваноў). У 1930-я г. будынак касцёла прыстасаваны пад клуб, у сярэдзіне 1960-х г. разбураны.

Літ.:

Дзянісаў У.М. Кляштар бенедыктынак // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1981 №3.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)