хво́йка ​1, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

1. Памянш.-ласк. да хвоя: маладая, невялікая хвоя. Раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку. Грахоўскі. Уязджаем у лес. Спачатку рэдкія хвойкі, голыя бярозы, алешнік. Лынькоў.

2. зб. Абл. Ігліца. Жоўтая хвойка ўсцілала дол. Мурашка. Хоць хвойку жую, але на волі жыву. Прымаўка.

хво́йка ​2, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

Жук чорнага або бурага колеру, шкоднік хваёвых дрэў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Маля́ўка 1, мыля́ўка, маля́ўкі ’малёк, маленькая рыбка, якая толькі што выйшла з ікры’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’дробязь, малеча’ (Бяльк.), рус. маля́вка, кастр., ярасл., валаг. маля́ва, моля́ва ’маленькая рыбка’, тамб., тул. малявка, молявка ’вельмі маленькая істота (рыбка, птушачка, зверына)’, паўн.-дзв., ленінгр. ’галавасцікі’, укр. малявка ’дробная рыба’; бел. маляўка ’рыба гарчак, Rhodeus sericeus amarus’ (Жук., БелСЭ), рус. малявка ’тс’; бел. маля́ўка ’рыба Leucaspius delinateus’ (Жук., 214), рус. маск. малявка ’тс’; бел. маляўка ’рыба гальян звычайны, Phoxinus phoxinus (L.)’, рус., урал., бас. р. Камы малявка ’тс’; польск. malawka, mulawka ’від рыбы’, molawka ’дробная рыбка’. Утварэнне з суфіксам ‑к‑а ад прыметніка ⁺малявы. Параўн. рус. калуж. маля́вочный, маля́вошный ’малыш, малы (у звяртанні да дзіцяці)’, макед. малав ’малы’, серб.-харв. ма̏љав ’пушысты, які аброс валаскамі, пухам’.

Маля́ўка 2 ’хвароба рожа’ (шчуч., Сцяшк. Сл.) утворана ад (на)‑маляваны: плямы на скуры выглядаюць, як памаляваныя. Да малява́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снято́к ‘дробная азёрная рыбка сямейства корушкавых’ (ТСБМ; віц., З нар. сл.; Жук.), ‘гальян азёрны’ (маг., Жук.), снядкі (снѣдки) ‘сорт рыбы’ (дзісн., Яшк. Мясц.), снітка ‘нейкая рыба’ (пін., там жа). Рус. наўг. снито́к, снято́к, паўн.-усх. снето́к. Ст.-рус. снѣтъ (XVI–XVII стст.). Дапускаецца запазычанне са швед. дыял. stint ‘дробная марэна’, дац. stint ‘рыба накшталт вугра’, або с.-н.-ням., н.-ням. stint, адкуль ням. Stint ‘корушка’, або з фін. sintti ‘сняток’ з наступнай мэтатэзай; гл. Міклашыч, 312; Праабражэнскі, 2, 347; Тапароў, Этимология–1978, 158 і наст. Фасмер (3, 698) мяркуе таксама аб магчымасці запазычання ў ст.-рус. форме *смѧтъ з нейкай скандынаўкай крыніцы і потым пераходу ў *снѧтъ аналагічна ст.-рус. імені Къснѧтинъ = Константин. Для славен. snẹ̑tec, серб.-харв. snetac Бязлай (3, 280) дапускае запазычанне з рускай. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 333–334. Параўн. стынка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярця́чка 1 ’вадзяная казяўка, Gerinus natator’ (ветк., Мат. Гом.), укр., рус. вертя́чка ’вадзяны жук з сям. Gyrinidae’. Утворана ад вярцець і суф. ‑ʼачк‑а (< ‑ʼakjьk‑a). Аналагічна, паводле ўласцівасці, утвараецца найменне казяўкі ў чэш. vírník ці славац. krútňavec ’тс’.

Вярця́чка 2 ’глісная хвароба, матыліца, цэнуроз жывёл’ (КТС), укр., рус. вертячка ’тс’. Да вярцець (гл.); суф. ‑ачк‑а абазначае працэс дзеяння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мікольнік, жытк. мікольнікі, нікольнікі, ст.-дар. мікольные грыбы́ ’майскія грыбы (баравікі)’, ’від дуба’ (БЛ, 4, 33; лельч., Жыв. сл.; Сцяшк. Сл.; Мат. Маг.), ’лешч, які нерастуе недзе каля свята Міколы’ (бас. Нёмана, Жук.). Утвораны ад імя св. Міколы, якое з с.-грэч. Νικόλαος. Мена н > м адбылася на слав. глебе (параўн. таксама рус., укр. Микола, польск. Mikołaj, серб.-харв. Mikola.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Minutula pluvia imbrem parit

3 малой хмаркі вялікі дождж.

С малой тучки большой дождь.

бел. Малая пашня, ды ўрод дала. Малы жук, ды вялікі гук. Ма­лая прачка часам многа зробіць. Маленькі, але удаленькі. Мурашка невялікая, а горы капае.

рус. Мал золотник, да увесист. Мал смех, да велик грех. Мал телом, да велик делом. Мал язык, да человеком ворочает. Мала кобылка, да велик возвезёт. Маленький ‒ да удаленький, а большой ‒ да худой. Мал соловей, да голос велик.

фр. Petit mais brave (Маленький, да удаленький).

англ.

нем. Kleiner Regen schlägt großen Wind nieder (Малый дождь укрощает большой ветер).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКІЯ КАМІТЭ́ТЫ ДАПАМО́ГІ АХВЯ́РАМ РАДЫЯ́ЦЫІ за мяжой,

дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам Беларусі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Утвораны прадстаўнікамі бел. дыяспары ў некаторых краінах свету. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лондане. Засн. ў 1989 як частка Бел. місіянерскага фонду ў Англіі. У складзе камітэта А.​Надсон (старшыня), П.​Асіповіч, Д.​Дзінглі, В.​Рыч. Мае прадстаўніцтвы ў ЗША (узначальвае Я.​Сіру), Канадзе (Р.​Жук-Грышкевіч), Аўстраліі (М.​Лужынскі), Францыі (М.​Навумовіч). Аказвае дапамогу жыхарам радыяц. зонаў лекамі, мед. абсталяваннем, прыладамі дазіметрыі. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Засн. ў 1989 у г. Атава. Узначальвае І.​Сурвіла. Мае аддзел у г. Ванкувер (з 1994). Аказвае дапамогу медыкаментамі, прымае на лячэнне і адпачынак дзяцей з Беларусі. У г. Лондан (прав. Антарыо) па ініцыятыве Б.​Рагулі разам з ф-там стаматалогіі Лонданскага ун-та распрацаваны праект па аказанні дапамогі ў стаматалагічным лячэнні дзяцей на Беларусі. Фонд вядзе прапагандысцкую работу, пашырае веды пра Беларусь. Камітэт дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Аўстраліі. Дзейнічае з 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цыі. Збірае грошы, арганізоўвае дастаўку медыкаментаў на Беларусь і лячэнне дзяцей у Аўстраліі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЮБІ́НСКІ (Міхаіл Міхайлавіч) (17.9.1864, г. Вінніца, Украіна — 25.4.1913),

украінскі пісьменнік. Скончыў Шаргарадскае духоўнае вучылішча (1880). Друкаваўся з 1890. Яго грамадска-паліт. і эстэт. погляды фарміраваліся пад уплывам народніцтва і рэв. дэмакратаў. Майстар сац.-псіхал. навелы: «Папомсціўся» (1894), «На крылах песні» (1895), «Дарагою цаною» (1902, экранізацыя 1958), «Смех», «Ён ідзе!» (абедзве 1906), «Сон» (1911), «Коні не вінаватыя» (1912, экранізацыя 1957) і інш., у якіх паказаў бяспраўнасць народа, яго імкненне да волі, выступаў у абарону годнасці чалавека, сцвярджаў непазбежнасць рэв. змагання. У аповесці «Fata morgana» (ч. 1—2, 1904—10) дадзена шырокая панарама падзей рэв. 1905—07 і перыяду рэакцыі. Гуманізмам прасякнута аповесць «Цені забытых продкаў» (1912, экранізацыя 1965). Пісаў для дзяцей. Творам К. ўласцівы лірызм, паглыблены псіхалагізм, рамант. паэтызацыя вобразаў. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі А.​Жук, В.​Рагойша, Л.​Салавей.

Тв.:

Твори. Т. 1—7. Київ, 1973—75;

Бел. пер. — Нюрэнбергскае яйка. Мн., 1939;

Аповесці. Мн., 1980;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1965.

Літ.:

Иванов Л.М. Коцюбинский. М., 1956;

Калениченко Н.Л. Михайло Коцюбинський. Київ, 1984;

Кузнецов Ю.Б. Поетика прози Михайла Коцюбинського Київ, 1989.

В.​А.​Чабаненка.

М М.Кацюбінскі.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА,

літаратурны кірунак 1840-х г. у Расіі; пачатак рус. крытычнага рэалізму. Тэрмін «Н.ш.» ўпершыню ўжыты Ф.​Булгарыным у зняважлівай характарыстыцы творчасці маладых паслядоўнікаў М.​Гогаля, палемічна пераасэнсаваны В.​Бялінскім як «натуральнае», праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці (арт. «Погляд на рускую літаратуру 1846 г.», «Погляд на рускую літаратуру 1847 г.», «Адказ «Москвитянину», 1847). Ідэйна-маст. прынцыпы: дэмакратызацыя л-ры, пашырэнне яе жыццёвага дыяпазону, выкрыццё грамадскай несправядлівасці, цікавасць да жыцця простых людзей, прызнанне сур’ёзнасці будзённых калізій і інш. Да Н.ш. належалі А.​Герцэн, Дз.​Грыгаровіч, У.​Даль, Ф.​Дастаеўскі, А.​Дружынін, М.​Някрасаў, М.​Салтыкоў-Шчадрын, І.​Тургенеў і інш. Яны друкаваліся ў час. «Отечественные записки», «Современник», зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2, 1845) і «Пецярбургскім зборніку» (1846), якія сталі праграмнымі. Н.ш. не абмяжоўвалася канкрэтнымі жанрамі, хоць на пачатку пераважаў фізіялагічны нарыс, пазней — аповесць, раман. Паўплывала на выяўленчае (П.​Фядотаў, А.​Агін) і музычнае (А.​Даргамыжскі, М.​Мусаргскі) рус. мастацтва. Традыцыі Н.ш. прасочваюцца ў бел. рэалістычнай л-ры 19 ст. (В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына і інш.).

Літ.:

Жук А.А. Сатира натуральной школы. Саратов, 1979;

Кулешов В.И. Натуральная школа в русской литературе XIX в. 2 изд. М., 1982.

Н.​В.​Галаўко.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУРЫ́ (сапр. Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч

(н. 24.12.1921, в. Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),

татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял. Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «І мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн. вершаў Я.​Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.​Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.​Аўрамчык, Э.​Валасевіч, В.​Жук, Х.​Жычка, В.​Зуёнак, І.​Калеснік, К.​Камейша, М.​Маляўка, У.​Паўлаў, Ю.​Свірка, М.​Танк.

Тв.:

Бел. пер. — Радасць сустрэч. Мн., 1973;

Рус. пер. — Тополиный берег. М., 1960;

Улыбка. М., 1969;

Навстречу дружбе. М., 1976;

Озаренность. М., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)