або́ра 1, ‑ы, ж.

Вераўчаны або раменны шнур пры лапцях для прывязання іх да нагі. У пакоі селянін азірнуўся на бакі і, развязаўшы аборы з лапця, дастаў з-пад анучы лісток паперы. Мурашка. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга. Каваль.

або́ра 2, ‑ы, ж.

Вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды добра відаць доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў. Мележ. У свінарніках пішчаць парасяты, рыкае цельная карова, дзесьці ў аборы... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брод, ‑у, М ‑дзе; мн. брады, ‑оў; м.

1. Неглыбокае месца на ўсю шырыню ракі, возера, па якім можна перайсці, пераехаць; пераход, пераезд. [Хлопцы] глядзелі, як Мікалай пераходзіў бродам рэчку. Чорны. [Раманенка] добра ведаў брады і без затрымкі пераправіўся цераз рэчку. Шамякін. Па дарозе можна сустрэць доўгія гнілыя брады з жабамі ў стаячай, цвілой вадзе. Сачанка.

2. След, пракладзены на сенажаці, на полі, каб размежаваць участкі. Дзядзька Марцін правёў брод аж да палавіны доўгага і нешырокага шнура. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нічы́й, нічыйго, нічыйму, нічый (нічыйго), нічыім, аб нічыім, м.; нічыя, нічыёй, нічыю, ж.; нічыё, нічыйго, нічыйму, нічыё, нічыім, аб нічыім, н.; мн. нічые, займ. адмоўны.

1. Які не належыць нікому. [Сымон:] — Я... так... хлопец... падарожны, Праз сябе сам... Я... нічый! Колас. А вось чаму.. [сасну], нічыю, прыдарожную, за доўгія гады ніхто не ссек, — адказаць цяжка. Навуменка.

2. у знач. наз. нічыя́, ‑ёй, ж. Разм. Такі вынік гульні, барацьбы і пад., калі ні адзін з праціўнікаў не выйграе. Згадзіцца на нічыю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лю́шня, люшня́ ’падпорка ручак у калёсах, якая абапіраецца на вось’ (Бес., Мікуц., Сцяц., ТС, Выг. дыс., Сцяшк., Мат., Сцяшк. Сл.; лоеў., Мат. Гом.; Сцяц. Словаўтв.; пін., КЭС). Запазычана з польск. luśnia, якое з с.-в.-ням. liuhse, параўн. яшчэ н.-в.-ням. (баварск., швабск.) leuchse, гесенск. lȋse, liehs ’тс’ (Фасмер, 2, 547; Слаўскі, 4, 388; Махэк₂, 336); аб пашырэнні рэаліі і яе назваў у Еўропе гл. БЕ, 21 (2–3), 227. Клец. лю́шня, лю́шнідоўгія рукі’ (Нар. лекс.) аформлена паводле клешня, клешні.

Люшня́ ’ляўша’ (свісл., Сл. ПЗБ). Да ле́вы (гл.). Аб суфіксе ‑шн‑я гл. Сцяцко (Афікс. наз., 134). Параўн. таксама і зэльв. левутня́ ’тс’ (Сцяц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мача́ла1 ’тонкія, доўгія палоскі з лубянога слою ліпавай кары, з якіх вырабляюць рагожу, вяроўкі і інш.’ (ТСБМ; в.-дзв., шчуч., Сл. ПЗБ), мача́лка ’вехаць для змывання гразі, мыцця посуду’ (там жа), мачу́ла, мачу́лка ’тс’, вымачанае лыка’ (чэрв., Сл. ПЗБ; Нас., Грыг., Маш.), мачу́льнік ’чалавек, які вырабляе мачалкі’ (Нас.). Да мачыць (гл. мачы́ць): ’мачала вырабляецца шляхам вымочвання кары ў вадзе’ (Фасмер, 2, 666). Мена ‑ал‑ у ‑ул‑ пад уплывам лексемы мачу́ла1 (гл.). Укр. мачу́ла мачалка, вяхотка’, відаць, з бел.

*Мача́ла2, мочало ’растопленае сала або смятана, у якую мачаюць бліны, пірагі’ (Вешт.). Да мача́ць (гл.). Аб суфіксе ‑lo ў функцыі Nomen acti гл. Слаўскі, SP, 1, 104.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ды́рда ’дзяўчынка-гарэза, якая выйшла з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’, ’чалавек высокага росту і асабліва той, хто мае доўгія ногі’, ды́рдас ’хлопчык-гарэза, які выйшаў з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’ (Нас.). Паводле Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 19), гэтыя два словы ў даных значэннях зафіксаваны толькі ў бел. мове і на слав. глебе не этымалагізуюцца. Лаўчутэ мяркуе, што крыніцай гэтых лексем былі літ. *dirda, *dirdas (параўн. літ. dirdinė́ti ’сланяцца, бяздзейнічаць’). Ад ды́рда, відавочна, утвораны дзеяслоў ды́рдзіцца ’выцягваць ногі пры смерці’ (Касп.). Параўн. яшчэ вельмі няпэўныя меркаванні ў Сл. паўн.-зах. (пад ды́рда). Няпэўна таксама Трубачоў (Эт. сл., 5, 201) звязвае ды́рда з ды́лда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́савы дзед ’дух жытняга поля’ (гродз. Цых.). Звязана з чэш. roousyдоўгія ўскудлачаныя валасы’, балг. ру́си ’валасы’, славен. rȗse ’вусы’, Rusa ’міфічная істота’, серб.-харв. beli Rus ’метэаралагічны дэман’, харв. rȕsina ’коцікі (на бярозе, вярбе); махры’ з няясным, паводле Скока (3, 130) u, у аснове якіх прасл. *rus‑ са значэннем ’бухматы, махровы’, што адлюстроўвае прадуктыўную магію (Цыхун, БЛ, 57, 120–122). Махэк₂ (519), Бязлай (Eseji, 152) далучаюць сюды славац. obrus, чэш. ubrus, славен. obrus, ubrȗs, серб.-харв. у̀бру, балг. дыял. убру́с, укр. убру́с, бел. абру́с ’настольнік, рушнік з махрамі’ якія лічаць вытворнымі ад *rusati ’рабіць махры на палатне’. Магчыма, звязана з палес. руса́ўка ’жанчына з непрыбранымі валасамі’, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЎСЯ́НІКАЎ (Генадзь Сцяпанавіч) (н. 19.2.1935, г. Магілёў),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1974), нар. арт. СССР (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1957). Працуе ў Нац. акад. драм. т-ры імя Я.​Купалы. Самабытны талент Аўсяннікава, сакавіты нар. гумар, імправізацыйнасць ігры, арганічнасць, дакладнасць псіхал. і пластычнага малюнку ролі найб. ярка выявіліся ў нац. рэпертуары: Цярэшка (сярэбраны медаль імя А.​Папова 1973), дзед Цыбулька, Стары, Антон Бусько («Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата», «Пагарэльцы» А.​Макаёнка), Мурашка («Мудрамер» М.​Матукоўскага, Дзярж. прэмія Беларусі (1988), Аўдзей («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Брава-Жыватоўскі («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Доўбік («Выклік багам» А.​Дзялендзіка). Стварыў каларытныя камедыйныя характары: Бобчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), Янка («Там і тут» Д.​Кавачэвіча), Пісана («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З інш. Роляў: Юсаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Чабутыкін («Тры сястры» А.​Чэхава), Старшыня («Паехалі!» паводле М.​Крапіўніцкага), Казулін («Характары» паводле В.​Шукшына), Турэмшчык («...Забыць Герастрата!» Р.​Горына), Блазан («Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра). Здымаўся ў кіно («Доўгія вёрсты вайны», «Апошняе лета дзяцінства», «Полымя», «Эпілог»), тэлевіз. пастаноўках («Тэатр купца Япішкіна», «Плач перапёлкі» і інш.).

Літ.:

Сохар Ю. Генадзь Аўсяннікаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Г.С.Аўсяннікаў.

т. 2, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — C. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).

Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).

Жужалі: 1 — рашэцісты; 2 — Менетрые; 3 — бліскучы; 4 — фіялетавы; 5 — шчыгрынавы; 6 — цудоўны; 7 — блытаны; 8 — аблямаваны. Красацелы: 9 — бронзавы; 10 — даследчык; 11 — пахучы; 12 — скакун пясчаны.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯРЫ́ЙНЫЯ КАМАРЫ́, анофелесы (Anopheles),

род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл. Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанент гнюсу.

Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Малярыйныя камары: 1 — самец; 2 — тыповая пастава камара пры сядзенні; 3 — лічынка; 4 — кукалка; 5 — яйцо.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)