сці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Пачаць рухацца больш павольна; спыніцца. Канвеер сцішыцца і стане, Парушыць сэрца сэрцаў строй. Чэрня. Кастусь не падганяў каня, і той сцішыўся зусім. Гаўрылкін.

2. Перастаць чуцца, стаць цішэйшым (пра гукі, шумы і пад.). Сцішыліся песні, прыціхлі гармоні, толькі дзе-нідзе не змаўкалі паасобныя галасы. Лынькоў. Пачуўшы, што сцішыліся ў канцы калідора крокі цёці Машы, .. [Алесь] устаў і пачаў хадзіць па пакоі. Броўка. // Стаць бясшумным, сціхнуць. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, .. раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Колас. Усё сцішылася ў прадчуванні блізкай ночы. Даніленка.

3. Прыйсці ў стан спакою, перастаць хвалявацца; змоўкнуць. [Сынклета:] — А бацька нікуды не дзенецца, пабурчыць трохі ды сцішыцца. Гроднеў. Заплакала было дзіця на руках у жанчыны, але, быццам перадумаўшы, адразу і сцішылася. Васілёнак. — Рэкс, ціха, — сказаў па-нямецку оберст, і аўчарка сцішылася, нават, здаецца, паменшала ростам. Шахавец. // Перастаць крычаць, пачаць весці сябе ціха. Жанчыны смяяліся, мужчыны жартавалі. Нарэшце сцішыліся. Ваданосаў. Люба не сумелася і не змоўкла, аднак сцішылася — перастала крычаць і лаяцца. Шамякін. Глуха затрымцеў званок, і дзеці сцішыліся. Сабаленка. // Прыпыніцца, перастаць рухацца; заціхнуць. Арцыховіч апынуўся каля цёплай батарэі і, абняўшы яе закарчанелымі рукамі, сцішыўся. Алешка. Чалавек прабіраецца праз гушчарнікі. Паўзе па балоце. Прытаіўся, сцішыўся. Лужанін. — А хіба я заснула? Так сабе, толькі сцішылася, — пачуўся голас Верачкі. М. Ткачоў.

4. Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Пакуль дабег, дождж сцішыўся. Хомчанка. Адразу сцішыўся вецер, мора пасвятлела і неба зноў стала зырка-блакітнае. Васілёнак. // Суняцца (пра боль і пад.). Сцішыўся боль у патыліцы, і ў вачах [Сцяпана] стала ясней. Пестрак. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Цяпер, калі непакой сцішыўся, Туравец стаў больш адчуваць, як ные правая рука. Мележ.

5. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Сцішыўся сурова Лес, як немы склеп. Колас. [Мора] пачало супакойвацца і хвіліны праз тры зусім сцішылася, як і не круціў толькі што ў ім магутны вір. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́сца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і ліхаманка, малярыя. [Якаў Іванавіч:] — Ведаю добра гэта сяло. Чаго толькі тут пры цары не было! У кожнай хаціне — На печы сядун, У кожнай сялібе — Трасца, каўтун. Броўка.

2. Пра што‑н. няпэўнае, невядомае, нядобрае і пад. [Садовіч:] — Усяго, брат, было: і карты, .. і ўсякая трасца. Вось жа я і ўцёк ад усяго гэтага. Абрыдзела і астачарцела. Колас. [Астап:] — Знойдзе ружжо ці яшчэ якую трасцу, дык яму абавязкова трэба, каб да парадку давесці, праверыць ды выстраліць. Лынькоў. Іваноўскі ж, кажуць, і прафесар, і доктар, і інжынер, і яшчэ нейкую там трасцу прысвоілі яму. Новікаў. — Але няўжо Любка данесла на свайго мужыка? — здзіўляліся адны. — І праўда, няўжо? — паўтаралі другія. — А што вы думаеце, магла. Гледзячы з-за якой трасцы загарэўся сыр-бор. Карамазаў.

3. перан. Ужываецца з адмоўным адценнем у сэнсе: нічога не атрымаецца, не выйдзе і пад. — Ага, трасцу ўзяў! — прагаварыла Паліна і выцерла на [лбе] пот. Гурскі. — Ну пакажы, ну пакажы! Трасцу ты пакажаш, — падлівала масла ў агонь жанчына. Лобан. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога. Лупсякоў.

4. Ужываецца як лаянкавае слова. «Няўжо тупік? Няўжо тупік?.. Каму? Гужавіну? А трасцу!» Фаміч так лёгенька не здасца! Бачыла. [Валодзька:] — А на якую трасцу везці туды самапрадку, прасніцу, кросны? Гроднеў.

•••

Адна трасца (адзін чорт) — адно ліха, усё адно.

Трасца ліхая — пра што‑н. вельмі дрэннае, благое.

Трасца на яго (тваю) галаву — ужываецца як вокліч, якім выказваецца здзіўленне, пагроза і пад. — Не, думаю, трасца на тваю галаву, я цябе падпільную. Ермаловіч.

Трасца не бярэ — нічога не здараецца.

Трасца ў бок — пра нежаданне каму‑н. чаго‑н. дрэннага.

Трасца яго (вашай, іх, тваёй, яе) галаве — ужываецца як вокліч, якім выказваецца незадавальненне, абурэнне, прыкрасць і пад. А дзядзька Пракоп перайшоў ужо на другое: — Дык, значыцца, царок, святы памазанік боскі, спляжыўся, трасца яго галаве. Сабаленка.

Трасцу з’есці гл. з’есці.

Трасцу схапіць гл. схапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Праўдзівы, чыстасардэчны, адкрыты. Шчыры, добрасумленны, ён [Тарас] захапляўся камсамольскаю работаю і аддаваў ёй шмат часу. Якімовіч. [Баляслаў:] — Я з вамі заўсёды быў шчыры, бо і вы да мяне гэтакі былі. Чорны. І Віктар ганарыўся, што яго сябра такі шчыры. Гроднеў. // Які выражае сапраўдныя, непадробныя пачуцці, думкі. Гулкая вясна, зямля крынічная, Шчырая сляза і звонкі смех. Кірэенка. Што на свеце роўнага па сіле знойдзецца да шчырай дружбы? Дубоўка. Я чытаў гонкім соснам Просты, шчыры свой верш. Броўка.

2. Задушэўны; інтымны. І гэта размова была такая простая, шчырая, бо ішла ад сэрца! Колас. А за Днястром лавілі далі Гамонку шчырую сяброў. А. Вольскі.

3. Сардэчны, душэўны. У тую хвіліну .. [Нявада] больш, як калі, углядаўся ў сваю Волечку: рослая, мажная, шчырая сяброўка Кастуся. Чорны.

4. Натуральны, пазбаўлены прытворства. Шчырая ўпэўненасць чулася ў голасе Настачкі. Бядуля. Васілёк з такім шчырым захапленнем глядзеў на немчука, што той нават спыніўся перад ім і з цікавасцю стаў аглядаць яго. Маўр. — Не, брат, у нашай кузні іх [ветракоў] не зробіш! — паўтараў .. [бацька] з самым шчырым шкадаваннем. Якімовіч.

5. Старанны. Будзем усім пакаленнем Дружна да мэты збліжацца І камунізм сустрэнем Шчырай, натхнёнаю працай! Тарас. // Верны, адданы. [Месія:] — Будзьце шчырымі змагарамі. Змагайцеся, а не скарайцеся. Мікуліч. [Стары:] — Комлік таксама за гэты прынцып. Можа, самы шчыры прыхільнік яго. Карпаў. // Заўзяты, заядлы. Ляжалі Васі — дружбакі, Музыкі, спевакі, І Янка, шчыры следапыт, І Цімка, стырнавы. Кірэенка. Гэтая стараннасць, гэтае шчырае адданне навуцы, а таксама і здольнасць да навукі вывелі .. [Алёнку] і тут на першае месца ў класе. Колас.

6. Просты, даверлівы. [Захар Іванавіч:] — Палікарпаўна — чалавек шчыры: што ёсць, тое і гаворыць. Кулакоўскі.

7. Які складаецца з аднолькавых народ дрэў (пра лес, бор і пад.). — Расстаюся я з табой, шчыры бор. Багдановіч. // Чысты, без дамешкаў, прымесей. Шчырае золата.

•••

Ад шчырага сэрца гл. сэрца.

Шчырая праўда — сама праўда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыва́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, які з цяжкасцю паддаецца разбурэнню, псаванню. Трывалая драўніна. □ Гураля хата, якіх нямала У гэтым краі Арлінай волі: Такія ж сцены З хваін трывалых, Такі ж арнамент па бэльках столі. Танк. // Надзейны, моцны, устойлівы. Сілівон .. выстругваў зуб’е для грабляў .. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. Але ж дзе яе [лодку], лёгкую ды манеўровую, ды з плоскім днішчам, ды трывалую, знойдзеш у нас, мой пане? В. Вольскі. Вы ведаеце, што такое цэмент? Парашочак, з выгляду рахманы, А робіць трывалым пастамент Генію І тырану. Жычка. Дзе гразь мясіў адвеку Ды кладкі клаў народ — Трывалую грав[і]йку Насыпалі за год. Гілевіч. Пад нагамі адчуваўся трывалы, увесь у купінах грунт. Мележ. // Які доўга захоўваецца і праяўляе свае якасці. Трывалы пах. // Добра засвоены (пра веды, навыкі і пад.); грунтоўны. Трывалыя веды. Трывалыя навыкі. // Сапраўдны, добры. Дамоў ад’язджаў ён [Пракоп], Далі яму боты з майстэрні дзяржаўнай — Трывалай работы. Куляшоў. // перан. Правераны часам. Трывалае шчасце. Трывалы аўтарытэт.

2. Які не мяняецца, надзейны, устойлівы. Трывалы мір. Трывалая сям’я. Трывалыя сувязі. □ Яна [ленінская канцэпцыя асобы] метадалагічна ўзбройвае літаратуразнаўства і стварае трывалую аснову для навуковага асэнсавання праблемы творчай індывідуальнасці. Івашын. Была закладзена трывалая сацыяльна-палітычная і эканамічная аснова збліжэння нацый, іх непарушнай дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва, стварэння шматнацыянальнай савецкай дзяржавы. Машэраў. — Савецкі Саюз стаў адной з індустрыяльных дзяржаў свету толькі таму, — падхапіў Іван Якаўлевіч, — што ўся наша эканоміка, народная гаспадарка базіруецца на трывалым падмурку энергетыкі. Гроднеў.

3. перан. Здольны многае вынесці, перажыць; стойкі, загартаваны. Зямля мая! Якім трывалым быў Іван Сусанін, Сягоння буду я такім. Пушча. Пішы ёй проста: «Любая, цалую. Вайну закончым і — чакай дамоў. Калі спалілі хату — адбудую. Не зломак я — з трывалых мужыкоў». Прыходзька. // Уласцівы такому чалавеку. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі. // Здольны пераносіць неспрыяльныя знешнія ўмовы (аб раслінах). Пайшлі мы з жонкай, з сынам, разбілі лехі і, што можна паводле часу, — усё пасадзілі: буракі, моркву, часнок і падобныя трывалыя расліны. Дубоўка.

4. Разм. Сытны, пажыўны (пра яду). Трывалае снеданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пада́цца 1, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Зрабіць рух тулавам у які‑н. бок; адхіліцца. На парозе ў сенцы стары спатыкнуўся, тулава яго падалося назад. Чорны. Паставіла [цётка] жалязняк лязом у зямлю, паціснула на яго нагою, падалася ўсім целам назад, нагнулася і вывернула цяжкі.. дзірван. Сачанка.

2. Адсунуцца, пасунуцца пад уздзеяннем напору; паддацца ўздзеянню чаго‑н. Люба паспрабавала адчыніць шафу. Дзверцы легла падаліся і адчыніліся. Мурашка. [Сомік] падняў кол і, залажыўшы між кавалкаў [бярвенняў], злёгку павярнуў. Кавалак паслу[хмя]на падаўся раптам, перакруціўшыся цераз горб, рынуўся ўніз па шліхце. Крапіва. // перан. Зрабіцца мякчэйшым, палагаднець. І, захліпаючыся ад слёз, выліваў сваю жальбу-роспач Пятрусь над Ганнай. Іначай быць не магло. Камень-сэрца — і тое падасца! Нікановіч.

3. перан. Прыкметна пагоршаць, пастарэць. Яшчэ не зусім, старая жанчына, за апошні год .. [жонка Казанцава] так падалася, што цяпер пазнаць яе было цяжка. Васілевіч.

4. Разм. Накіравацца куды‑н., у якім‑н. напрамку. Падацца ў горад. Падацца ў вырай. □ Сабастыян падкруціў вусы і падаўся дадому. Чорны. Каб не рабіць круга, [Ліда] падалася напрасцяк цераз выган той вёскі, у якой жыла. Кулакоўскі. // Падысці, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Падацца да стала. Падацца да дзвярэй. □ [Алесь] пачырванеў ад злосці і, сціснуўшы кулакі, падаўся да навічка. Ваданосаў. // Стаць вышэйшым, падрасці. Недарослы і хударлявы ў студэнцкія гады, Сарочын не вельмі падаўся ў рост і на вайсковай службе. Алешка. І, здаецца, бялей сталі гнуткія бярозы і яшчэ вышэй падаліся стромкія хвойкі і елкі. Лынькоў.

5. Разм. Паступіць, уладкавацца куды‑н., абраць спецыяльнасць. Падацца на працу ў калгас. Падацца ў настаўнікі. □ [Сашка] вырашыў падацца на вучобу ў будаўнічы інстытут. Гроднеў. Вера і Чупрык яшчэ даўно, калі вучыліся ў дзесяцігодцы, вырашылі падацца ў механізатары. Гурскі.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць пададзеным. Падалася каманда: «Гатова!» Глебка.

•••

Падацца ў белы свет — тое, што і пайсці ў белы свет (гл. пайсці).

пада́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

Разм. Тое, што і здацца ​2. Зося спынілася і недаверліва глянула на чалавека. Голас падаўся ёй знаёмы, але ў твар яна яго не магла пазнаць адразу. Крапіва. Падалося Ларысе, што гэты Адам вельмі ж нечым знаёмы ёй. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці, злучн. і часціца.

1. злучн. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў, якія па сваім значэнні з’яўляюцца аднолькава магчымымі ці раўназначнымі, указваючы на выбар аднаго з іх. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка. Рана ці позна, позна ці рана высахнуць слёзы, загоіцца рана. Вярцінскі. Я люблю слухаць Дарафея Сцяпанавіча. Асабліва яго паляўнічыя ці рыбацкія апавяданні. Паслядовіч. // З адценнем дапушчэння магчымасці аднаго з членаў сказа. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. [Граніца] праходзіла за дзве ці тры гадзіны хады на ўсход ад вёскі. Брыль.

2. злучн. размеркавальна-пералічальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. Ці буду я ў шчасці, ці буду я ў смутку, Ці буду ў вялікай бядзе — Цябе на часінку, цябе на мінутку Нідзе не забуду, нідзе. Бялевіч.

3. Уваходзіць у склад паўторнага пералічальна-размеркавальнага злучніка «ці то..., ці то». Тое, што і то ​1 (у 2 знач.).

4. злучн. далучальны. Ужываецца для далучэння членаў сказа і сказаў з заўвагамі дадатковага характару. Бруно Шмульке, ці, як клікалі яго за вочы, Брунька-Шмунька, быў ціхім, непрыкметным чалавекам, негаваркім. Лынькоў. Бурыя, пад колер зямлі, берагавыя ластаўкі, ці, як іх яшчэ называюць, беражанкі, спрытна вывіваліся над вадой. Пальчэўскі.

5. злучн. падпарадкавальны. Ужываецца пры даданых сказах з ускосным пытаннем. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. Толькі ў калідоры Надзя падумала, ці не збіраецца Сашка выступаць у канцэрце. Гроднеў. У Льва Раманавіча, помніцца, варухнулася сумненне, ці варта высяляць Сапуна. Асіпенка.

6. часціца пытальная. Узмацняе пытальны характар. [Гена:] Нязручна поначы ісці да чужых людзей... Гасцініца... Ці будзе там месца? Арабей. Дзе ж, дарога ты другая? Я стаю адзін, адзін, Ноч вакол ляжыць глухая... Ці ж то свет сышоўся ў клін? Колас. // З асобнымі прыслоўямі, назоўнікамі, займеннікамі, часціцамі ўтварае спалучэнні са значэннем сумнення, няўпэўненасці, нерашучасці, здзіўлення. Страху ў мяне цяпер як і не было. Ці мо проста не было калі думаць пра яго? Якімовіч. Пайшоў я зранку ў свой горад, бо ведаў, што ўдзень наўрад ці ўбачыш каго дома з блізкіх знаёмых. Кулакоўскі. — Ты што гэта, на Месяц ляцець сабралася, ці што? Гэтулькі пакункаў! — здзівіўся дзед, які зайшоў на кухню. Гарбук.

•••

Так ці інакш (іначай) гл. так.

Ці доўга, ці коратка гл. доўга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Кранаць, датыкацца, зачэпліваючы што‑н. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Мележ. Дуга чапляецца за голле дрэў, і на конскую спіну цярушыцца белы іскрысты пыл. Брыль. // Рухаючыся, зачэплівацца, спатыкацца, натыкацца на што‑н. Крочыць хлопец па лясной дарозе. Час ад часу чапляецца за карчы. П. Ткачоў. // перан. Спыняцца, затрымлівацца на чым‑н. Але .. [Адам] не чапляўся думкай за тое, як скора тут [на полі] забудаваліся людзі. Чорны.

2. Хапацца, трымацца за што‑н. Падбег [гаспадар] да парабка: — Маўчы! — І глушыць кулакамі, Той, падаючы, за карчы Чапляецца рукамі. Куляшоў. Падымацца на Замкавую гару, як назвалі яе нашы падарожнікі, было справай нялёгкай. Прыходзілася чапляцца за рэдкія сухія кусты і каменныя выступы. Бяганская. // Падчэплівацца, павісаць на чым‑н. — Не ўздумайце толькі чапляцца за падножкі, страляць будзем, — злосна кінуў нам афіцэр і пайшоў далей правяраць вагоны. Рамановіч. // Прымацоўвацца да чаго‑н., заставацца на чым‑н., зачапіўшыся за што‑н. [Павуцінне] чапляецца на вецце дрэў і ўпрыгожвае іх. Гроднеў. Вадзяны мох чапляецца за першую калоду, паварочваецца на камель вялізным, цяжкім кажухом. Сяркоў. // перан. Шукаць у кім‑, чым‑н. падтрымкі, апоры. [Грэт] і сама ведала, што стаяць тут увесь час немагчыма, але чаплялася за надзею, як тонучы за саломінку. Маўр.

3. перан. Старацца любым чынам утрымаць, зберагчы што‑н. Немцы ўпарта чапляліся за кожны дот, за кожны акоп. Мележ. // Намагацца выкарыстаць усе магчымыя сродкі для дасягнення чаго‑н. Саша расцягваў час і чапляўся за кожную дробязь, толькі б пагаварыць. Новікаў.

4. перан. Разм. Прыдзірацца да каго‑н. Ганна Сяргееўна старалася схаваць сваё хваляванне, хоць ведала, што тут, у цэнтры, акупанты менш чапляліся да людзей. Няхай. [Гарасім:] — Шый далей. Шво добрае. Ён [майстар] проста чапляецца. Якімовіч. // Прыставаць да каго‑н., назаляць. Старэйшыя, калі лезлі і чапляліся да іх з запытаннямі дзеці, проста адказвалі: — Гэта ж пабліскваюць заранкі. Лынькоў.

5. Прымацоўвацца адзін да аднаго; злучацца, счэплівацца. Снапы [лёну] чапляюцца не адсечанымі яшчэ галоўкамі адзін за адзін, бяруцца за рукавы, лучаюць, счэпленыя, пад ногі, аж спатыкаешся. Пташнікаў. // перан. Узнікаць, цягнуцца адно за другім. Ціхон чэша бараду, глядзіць на агонь, і думкі плывуць, чапляюцца адна за адну... Барашка. [Кухарава:] Ды не толькі ж гэтыя [жанчыны] злуюць на цябе [Зося] за хлопцаў. Тут ужо адно за адно пачало чапляцца. Крапіва.

6. Зал. да чапляць (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́цца, схаплюся, схопішся, схопіцца; зак.

1. за каго-што. Узяць што‑н., узяцца за каго‑, што‑н. хуткім, рэзкім рухам (рук). Рукі ў Анісіма ліхаманкава схапіліся за стрэльбу. Сачанка. Агрыпіна войкнула і схапілася за твар рукамі, закрыла вочы. Пестрак. // Учапіцца за каго‑, што‑н., імкнучыся ўтрымацца. Я схапіўся за тату, і мы, падаючы і падымаючыся, пачалі прабірацца дамоў. Бяганская. [Жанчына] таксама, каб утрымацца на нагах, сутаргава схапілася за яго [Сіўцова] рукаў. Васілевіч. // перан.; за што. Ахвотна згадзіцца на што‑н., шукаючы падтрымкі; выкарыстаць што‑н. Хлопцы схапіліся за яго [Хведара] прапанову. Машара. Як за нейкі паратунак, я схапілася за вясёлыя жарты сяржанта і азірнулася яшчэ раз. Савіцкі.

2. Уступіць у бой, барацьбу, бойку. Ганна горача развіталася з ім ды на дарогу папрасіла ў яго: — Мікола, бацька мой... Там, дзе мы схапіліся першы раз з палякамі... Там Петруся забілі... Нікановіч. // Пачаць дурэць, бароцца. Праўда, калі-нікалі хацелася з хлапчукамі, як бывала, наганяць галубоў або схапіцца са сваімі аднагодкамі і падужацца ўволю. Гроднеў. / Пра жывёл. На двары сабака з кошкай схопяцца, а гэта ж — ой, як цікава. Гарбук. // Пачаць спрэчку, сварку. Зноў схапіліся два «старыя прыяцелі». Ніхто ім не пярэчыў. Пасля гаварылі праўленцы. Пташнікаў. А на другім канцы стала ў гэты час жонка Антося схапілася грызціся з Купрыяніхай, якая ўвесь час сачыла за гутаркаю Антося і ўпікала, што яе муж трымае сябе вельмі брыдка. Чарот. // Разм. Распачаць заўзятую гульню ў што‑н. Схапіцца ў шахматы.

3. Разм. Раптам успомніць пра што‑н.; спахапіцца. Аж раптам чую: «Хведар, а валы твае дзе?» Схапіўся — няма. Кірэйчык.

4. за што, з інф. Спехам або раптоўна пачаць што‑н. рабіць, прыняцца за якую‑н. справу. Не ведаць, за што схапіцца. □ На гэты раз Кравец чамусьці Схапіўся камізэлькі шыць. Корбан.

5. Разм. Хуткім рухам устаць, ускочыць. Як схопіцца .. [дзед Анісім], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас. Косця схапіўся з ложка і пабег мыцца. Адамчык.

6. Заняцца полымем. У адным канцы схапілася полымем хата. Васілевіч.

7. Спец. Зрабіцца цвёрдым, застыць. Шафёры выскаквалі з кабін, крычалі адзін на аднаго, заглядвалі ў кузавы, роспачліва ўзмахвалі рукамі: баяліся, каб не схапіўся бетон. Місько. // Зацягнуцца лядком. Пад нагамі дзе-нідзе праломваўся тоненькі, што ледзь паспеў схапіцца, лядок. Лобан.

•••

Схапіцца за галаву — жахнуцца; прыйсці ў адчай. [Косцік] разгарнуў кошыкам калючыя лапкі, зірнуў і за галаву схапіўся. Матачкі! Уся зямля ўкрыта [грыбамі], хоць касою касі! С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́ціць, трачу, траціш, траціць; незак., каго-што.

1. Расходаваць грошы, сродкі на што‑н. з пэўнай мэтай, патрэбай. Мішка пачынае ўспамінаць Кірылу .. Калі яны з Кірылам зараблялі дзе грошай, то заўсёды трацілі іх сумесна. Лупсякоў. [Іван Маеўскі:] — Вось няхай яны мне адкажуць, адукаваныя... Іх савецкая ўлада вучыла, мільёны траціла на іх. Шамякін.

2. Марна, без толку расходаваць. [Бацька:] — Яшчэ там дзесятка залатая ёсць, то яе да вяселля свайго не граць. Чарнышэвіч. [Начальнік варты:] — Таварыш камандзір, гэта Цыганок пайшоў на пост і вось траціць дарма патроны. Шчарбатаў.

3. Пазбаўляцца ад каго‑, чаго‑н., страчваць, губляць каго‑, што‑н. Траціць здароўе. Траціць зрок. □ Вузкая хмарка ўсё больш ды больш налівалася чырванню, а высокае воблака ўсё святлела, траціла ружовасць. Брыль. Заўважыўшы велічную постаць Палаткі, вясёлы расказчык адразу траціў сваё красамоўства. Лынькоў. Прымірыўшыся з мужавым парадкам, Таццяна не траціла ўсё ж надзеі: «Калі ж небудзь задаволіць ён сваю прагнасць, стане чалавекам». Пальчэўскі. Як толькі Васіль Пятровіч успамінаў Алу, у грудзях яго каламуццю ўзнімалася трывога, усё змрачнела навокал, траціла цікавасць. Карпаў. Многія рэчы ў працэсе карыстання трацяць прыгажосць і свой першапачатковы колер. «Звязда». Скажы матулі мілай, хай не плача І слёз сваіх не траціць без прычын. Астрэйка.

4. Несці страту ў асобе таго, хто памёр, пайшоў і пад. [Шкурапкоў:] Мне шкада траціць прыяцеля, але жыццё мне даражэй вашай рукі. Крапіва. Хлопец траціць каханую і засынае неабудным сном на могілках, поруч з абранніцай, яна таксама не стрывала цяжару жыцця. Лужанін.

5. Пераставаць уладаць якімі‑н. матэрыяльнымі каштоўнасцямі; несці страту ў чым‑н. Траціць маёмасць. □ Сярэдніх сяляне і вясковая бедната, атрымліваючы пазыку ад банка і не маючы магчымасці расплаціцца, часта трацілі зямлю і маёмасць, якія прадаваліся з малатка. «Весці».

6. Праводзіць час бязмэтна, марна, дарэмна. І усе ведалі, што дзейнічаць трэба хутчэй, што нельга траціць часу. Галавач. Калі [Вашчанюк] браўся за што — траціў цэлыя гады, перабіраў дзесяткі варыянтаў, адхіляў нават тое, што ўхвалілі сябры, і дасягаў свайго. Гроднеў.

7. Парушаць сувязь, паслядоўнасць у думках, гутарцы і пад. Тварыцкі пачаў траціць логіку, якую меў, у сваёй гаворцы. Чорны.

•••

Няма чаго траціць (губляць) каму — можна на ўсё пайсці, бо горш ужо не будзе.

Траціць галаву (розум) — тое, што і губляць галаву (гл. губляць).

Траціць голас — а) страчваць здольнасць гаварыць, крычаць, пець (у выніку прастуды, хвалявання і пад.); б) страчваць гучнасць, чыстату і пад. (пра голас спевака).

Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі — пазбаўляцца таго, на чым грунтуецца грамадскае становішча, светапогляд і пад.

Траціць уладу над сабой — губляць самакантроль, бянтэжыцца.

Траціць цану — зніжацца ў вартасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і чаго.

1. Старацца знайсці, выявіць (скрытае, схаванае, згубленае). Дрыготкімі ад узрушанасці рукамі .. [Маша] шукае плацце і не можа знайсці. Мележ. Было чуваць, як .. [незнаёмы] атрасаецца ад дажджу, доўга выцірае ногі і шукае ўпоцемках клямку. Грахоўскі. Памуляліся швагры — нічога не зробіш: трэба ехаць шукаць кабыліцу. Якімовіч. [Крамарэвіч] доўга шукаў сцежкі. Чорны. // Займацца пошукамі, старацца даведацца пра наяўнасць, месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Шукаць кватэру. □ Як толькі прыходзіў свежы нумар газеты, Міхалка з нецярплівасцю шукаў на яе слупках сваю карэспандэнцыю. Бядуля. [Таня] мусіла брыгадзіра шукаць, а брыгадзір, сказалі ёй, недзе ля трактара, у полі. Гроднеў. // Прабівацца, рабіць праход, выйсце адкуль‑н. Глядзі — скрозь ковы ледзяныя Сачацца кропелькі жывыя, Дарогу новую шукаюць І лёд вадою заліваюць. Колас. Туман. Раса шукае выйсця — Стрывожаная вецярком, З пажоўклых жылаватых лісцяў, Нібы з далоняў, лье цурком. Панчанка.

2. Дабівацца, патрабаваць чаго‑н., старацца атрымаць што‑н. Шукаць сустрэч. Шукаць дапамогі. □ Вольга Аляксандраўна доўга шукала работы. Новікаў. [Шабуня] нібы шукаў падтрымкі ў камісара. Мележ. Верка ўпарта шукала выпадку бліжэй пазнаёміцца з Косцем. Карпюк. // Імкнуцца, крочыць да чаго‑н. новага, перадавога, больш дасканалага. Шукаць, ствараць Такое трэба нам сугучча, Дзе б сэрца Леніна жыло, — Яно да дружбы неўміручай Народы нашы прывяло. А. Александровіч. — Цьфу! Якая гэта агіднасць! — думаў далей малады настаўнік: — Жывеш, складаеш планы, чагось шукаеш, чагось дабіваешся, спадзяешся, а прыйдзе час — і ты будзеш труп, гніль, спажытак чарвей. Колас.

•••

Бобу ў гаросе шукаць — рабіць што‑н. бяссэнснае, недарэчнае, бязмэтнае.

З хлеба крошак шукаць — быць незадаволеным тым, што ёсць, рэальна існуе.

Удзень са свечкаю (днём з агнём) шукаць — пра тое, што вельмі цяжка, немагчыма адшукаць, знайсці.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць — ад добрага ды шукаць лепшага.

Шукаць вачамі — імкнуцца ўбачыць каго‑, што‑н. [Партызаны] вярнуліся ў сасоннік, дзе Шура начаваў, — ён шукаў вачамі мясціну, выкладзеную хваёвымі лапкамі, і не знаходзіў. Навуменка.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі — пра марныя пошукі каго‑н.

Шукаць гуза — нарывацца на непрыемнасці.

Шукаць дурняў — старацца абхітрыць, падмануць каго‑н.; хітрасцю прымушаць каго‑н. рабіць што‑н.

Шукаць лёгкага хлеба — пазбягаць цяжкасцей, старацца ўсё рабіць, не прыкладаючы ўласнай працы, намаганняў.

Шукаць пятлі на шыю — лезці ў небяспечныя, рызыкоўныя справы.

Шукаць слоў (слова) — з цяжкасцю падбіраць патрэбныя словы, мець цяжкасці з выражэннем думак.

Шукаць учарашняга дня — спадзявацца вярнуць тое, што назаўсёды страчана, чаго ўжо няма.

Шукаць як хлеба — надта шчыра, старанна шукаць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)