АБЛАСНЫ́ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ, САЛДА́ЦКІХ І СЯЛЯ́НСКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ, Аблвыкамзах,
першы вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган сав. улады ў Заходняй вобласці і на Зах. фронце. Дзейнічаў з 26.11(9.12).1917 да 2.1.1919 у Мінску (з 19.2.1918 — у Смаленску). Створаны ў выніку зліцця выканкомаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і Франтавога к-таЗах. фронту; уключаны і 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Узначальваў ваенна-паліт. і гасп. жыццё Зах. вобласці і фронту. Складаўся з 15 камісарыятаў (аддзелаў). Прэзідыум: старшыня М.У.Рагазінскі, з 30.1.1918 А.Ф.Мяснікоў; таварышы старшыні М.І.Крывашэін, П.Казлоў; сакратары І.Я.Алібегаў, Гарашчук, П.Осіпаў. Для каардынацыі дзейнасці камісарыятаў і вырашэння найб. важных пытанняў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Друк. органы — газ. «Советская правда», «Западная коммуна». Ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1612—1820 у Оршы. Заснаваны па фундацыі караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы, які разам з канцлерам ВКЛ Л.Сапегам і ксяндзом Лаўрэнціем у 1609 распрацаваў план яго стварэння, а ў 1610—11 падараваў аршанскім езуітам 210 валок зямлі з прыгоннымі сялянамі в. Князі, Крыніцы, Цянкі, Чабаданы, Чално, Чэрніца; у 1616 — маёнтак Фашчаўка (больш за 2 тыс. сялян). Кароль надзяліў езуітаў манаполіяй на адукацыю шляхетнай моладзі ў горадзе і Аршанскім пав. У калегіуме выкладаліся рыторыка, логіка, філасофія. У 1634 адкрыты 2 бурсы: музычная і для шляхетнай моладзі са збяднелых сем’яў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) калегіум на 9 гадоў прыпыніў дзейнасць. Пажар 1680 знішчыў усе пабудовы, праз 3 гады адбудаваны. У калегіуме быў створаны «Аршанскі кодэкс».
Літ.:
Демьянович А. Иезуиты в Западной России в 1569—1772 гг.Спб., 1872;
Митрошенко Н.Я. Иезуиты в восточной части Белоруссии с 1579 по 1772 год // Полоцко-Витебская старина. Витебск, 1912. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЦКЕ́ВІЧ (Валянцін Пятровіч) (н. 30.3.1933, Мінск),
беларускі гісторык. Брат А.П.Грыцкевіча. Канд.мед.н. (1963). Скончыў Мінскі ін-т замежных моў (1955), Мінскі мед.ін-т (1956), гіст.ф-тБДУ (1957). У 1956—71 працаваў урачом у Беларусі і Ленінградзе, з 1971 у Ваенна-мед. музеі Мін-ва абароны СССР, з 1988 на кафедры музеязнаўства Санкт-Пецярбургскага ін-та культуры. Даследуе гісторыю медыцыны і геаграфіі Беларусі, гісторыю музеязнаўства, тэорыю і методыку гісторыі, гісторыю міграцыі бел. інтэлігенцыі. Адзін з арганізатараў і старшыня (з 1988) Бел. грамадска-культурнага т-ва ў Пецярбургу, чл. Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы чл.Міжнар. асацыяцыі беларусістаў.
Тв.:
Путешествия наших земляков: Из истории страноведения Белоруссии. Мн., 1968;
Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980 (разам з А.Мальдзісам);
Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;
От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
С факелом Гиппократа: Из истории бел. медицины. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ АДДЗЕ́Л ЛІТВЫ́, Літоўска-Беларускі чырвоны жонд,
цэнтр па кіраўніцтве паўстаннем 1863—64 у Літве і Беларусі. Створаны ў Вільні 26.6.1863 паводле дэкрэта варшаўскага Нац. ўрада ад 10.5.1863 на базе Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Спачатку старшынёй быў Я.Гейштар, пасля яго арышту 12.8.1863 кіраўніком стаў К.Каліноўскі. Фармальна залежаў ад варшаўскага паўстанцкага ўрада, але фактычна вырашаў важнейшыя пытанні паўстання незалежна. Уваходзілі У.Малахоўскі, Ю.Каліноўскі, Ф.Зянковіч, Ц.Далеўскі, І.Здановіч, І.Ямант. Аддзел намагаўся ўмацаваць рэв. арг-цыю, наладзіць сувязі з рус. рэвалюцыянерамі, далучыць да паўстання шырокія нар. масы. Прадстаўнікамі выканаўчага аддзела Літвы за мяжою былі Д.Банольдзі, Б.Длускі, Малахоўскі. У Кёнігсбергу ў 1864 было наладжана выданне падп.газ. «Glos z Litwy» («Голас з Літвы»). Пасля арышту К.Каліноўскага 10.2.1864 у Вільні дзейнічалі рэшткі паўстанцкай адміністрацыі.
Літ.:
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЙЗІН (Юльян Мікалаевіч) (22.6.1879, г. Днепрапятроўск, Украіна — 28.3.1942),
бел. музыказнавец, публіцыст, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1908). У 1925—35 выкладчык Бел.муз. тэхнікума і Бел. кансерваторыі, БДУ, АНБССР, з 1935 Маскоўскага ун-та. Вёў муз.-асв. дзейнасць. Аўтар шматлікіх артыкулаў па актуальных пытаннях бел.муз. мастацтва. Складальнік слоўніка «Музычныя тэрміны» (серыя «Беларуская навуковая тэрміналогія», 1926). Пераклаў з арыгінала на бел. мову лібрэта опер «Кармэн» Ж.Бізэ, «Фауст» Ш.Гуно, «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, «Русалка» А.Даргамыжскага, «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава і інш.; (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета БССР), творы ант. аўтараў, у т. л. «Антыгону» Сафокла, «Вакханкі» Эўрыпіда. Аўтар лібрэта оперы «Тарас на Парнасе» М.Аладава.
Тв.:
Новыя плыні ў сучаснай музыцы // Полымя. 1925. № 3;
Музыка ў творах беларускіх паэтаў // Там жа. № 4, 6;
Праблемы нацыянальнай музыкі // Маладняк. 1926. № 11;
Музыкальная жизнь Белоруссии // Сов. музыка. 1934. № 7.
Літ.:
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́Р,
народны музыкант, які іграў на дудзе. Д. вядомы на Беларусі з 16 ст. на тэр. Віцебскай, частцы Віленскай і некат. паўн.-зах. паветаў Мінскай губерняў. Былі прыкметнай з’явай у бел.нар.муз. культуры, адыгрывалі важную ролю ў побыце бел. вёскі, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах. Асабліва жаданым Д. быў на вяселлі: суправаджаў маладых да вянца, іграў танцы, падыгрываў песні і прыпеўкі. Д. іграў у корчмах, на ігрышчах, кірмашах, хадзіў з валачобнікамі і каляднікамі, акампаніраваў у час паказаў батлейкі. Паводле звестак бел. этнографаў М.Нікіфароўскага, П.Шэйна, Е.Раманава Д. амаль зніклі ў канцы 19 ст., саступіўшы месца гарманісту. Пазней Д. часам называлі прафесіянала, які іграў на дудцы або жалейцы. Д. — І.Гвоздзь з Ушацкага р-на — выступаў у Полацку ў 1951.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этнографическое обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЁПРА-ДЗВІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура ўсходнебалцкіх плямён, якія ў 8 ст. да н.э. — 4—5 ст.н.э. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Сярэднім Падзвінні і ў вярхоўях р. Вялікая. Асн. тып пасяленняў — умацаваныя пасёлкі-гарадзішчы плошчай ад 500 да 2500 м² (на Беларусі каля 200). Жылыя пабудовы наземныя, слупавой канструкцыі.
Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, пазней лядным земляробствам і рамёствамі. Сярод знаходак пераважаюць вырабы з каменю і косці (каменныя клінападобныя і свідраваныя сякеры, зерняцёркі і інш.), на познім этапе (1—5 ст.н.э.) — жал. прылады і зброя (сярпы з шырокім лязом і выгнутай спінкай, нажы, шылы, наканечнікі коп’яў і стрэл і інш.) Кераміка — гладкасценны слабапрафіляваны посуд, пераважна слоікападобных формаў, арнаментаваны скразнымі адтулінамі, пракрэсленымі касымі лініямі, ямкавымі ўцісканнямі. У навук. ўжытак тэрмін «Д.-дз.к.» ўвёў А.Р.Мітрафанаў.
Літ.:
Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.
В.І.Шадыра.
Посуд днепра-данецкай культуры. Рэканструкцыя.Прылады працы, упрыгожанні і кераміка днепра-дзвінскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ШО́СТЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 3—5.3.1966 у Мінску. Прысутнічалі 724 дэлегаты з рашаючым і 57 з дарадчым голасам ад 343 тыс.чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (П.М.Машэраў), Рэвіз. камісіі КПБ (І.П.Кожар); праект Дырэктыў XXIII з’езда КПСС па пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1966—70 (Ц.Я.Кісялёў); выбары ЦККПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. Адобрыў паліт. і практычную работу КПБ за справаздачны перыяд, падкрэсліў, што вял. ўплыў на дзейнасць рэсп.парт. арг-цыі зрабілі кастрычніцкі, лістападаўскі (1964), сакавіцкі і вераснёўскі (1965) пленумы ЦККПСС. Ухваліў праект Дырэктыў XXIII з’езда КПСС па пяцігадоваму плану развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1966—70. Выбраў ЦККПБ з 133 чл. і 59 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 40 чл.
Літ.:
Машэраў П.М. Справаздача Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXVI з’езду. Мн., 1966;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 6. 1966—1975. Мн. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Адам Іосіфавіч) (н. 4.4.1912, в. Кімейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, этнограф. Д-ргіст.н. (1963), праф. (1964). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У 1937—40 нам. дырэктара Мінскага пед. вучылішча. З 1945 выкладчык, дэкан Курскага пед. ін-та. З 1953 заг. сектара этнаграфіі Ін-та гісторыі, з 1957 нам. дырэктара Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБССР. У 1970—81 навук. супрацоўнік, заг. сектара Ін-та гісторыі АНБССР. Аўтар прац па гісторыі Вял.Айч. вайны, нац. адносін. Адзін з аўтараў 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4, 1975), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 1—5, 1995).
Тв.:
Быт беларускіх сялян у партызанскім краі. Мн., 1960;
В партизанских краях и зонах. М., 1962;
Героический подвиг миллионов в тылу врага. Мн., 1970;
Дарогамі партызанскай Беларусі. Мн., 1974;
О национальных отношениях в Советской Белоруссии: Ист. очерки. Гродно, 1992 (разам з П.М.Кобрынцам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖЫ́НСКІ ((Każyński) Мацей) (1767—29.3.1823),
польскі спявак (бас), акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр; стваральнік першага пастаяннага т-ра ў Мінску. Працаваў у трупах В.Багуслаўскага ў Любліне (1786, выступаў з С.Дэшнер) і Д.Мараўскага ў Гродне (1793). Антрэпрэнёр, рэжысёр і акцёр Мінскага (1797—1805, з перапынкам) і Віленскага (1801—19, з перапынкам) т-раў. У 1801 стварыў у Гродне оперна-драм. трупу, у пач. 1802 з ёю пераехаў у Мінск. Сярод партый: Буцэфал («Сельскія спявачкі» В.Ф’ёраванці), Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Аксур («Аксур, цар Армуза» А.Сальеры), Моргал («Уяўны цуд, або Кракавяне і горцы» Я.Стэфані; лібрэта Багуслаўскага); камедыйныя ролі ў п’есах Мальера, Багуслаўскага, Ф.Багамольца і інш. Сярод яго пастановак у Мінску: «Уяўны цуд...»; «Фраскатана» Дж.Паізіела, «Вясковая радасць» Дж.Сарці, «Чэкіна, або Добрая дачка» Н.Пічыні, «Школа раўнівых» Сальеры, «Уяўны дурань па каханні» А.Сакіні (выконваў і партыі баса). Аўтар п’есы «Бацьку айчыны яго ўдзячныя дзеці».
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии. Мн., 1990. С. 252—258.