1) у геаметрыі, пунктавае пераўтварэнне плоскасці адносна зададзенай акружнасці радыуса R. Кожнаму пункту A, адрознаму ад цэнтра акружнасці O (цэнтр, ці полюс І.), ставіцца ў адпаведнасць такі пункт A праменя OA, што OA′ = R2/OA, дзе R2 — ступень І. Падобна гэтаму вызначаецца І. ў прасторы адносна сферы. Мае дастасаванні ў геаметрыі (інтэрпрэтацыя геаметрыі Лабачэўскага, тэорыя геам. пабудаванняў), тэорыі механізмаў (гл.Інверсар).
2) У камбінаторыцы — парушэнне нармальнага парадку элементаў у перастаноўцы. Напр., у перастаноўцы cbad элементы c і b, c і a, b і a утвараюць І., калі лічыць іх нармальным парадкам abcd.
Геаметрычная інверсія адносна акружнасці радыуса R: здабытак адлегласцей PC∙PM=R2, пункт P — полюс інверсіі; адрэзкі AM і BM — датычныя да акружнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБРЭ́ТА (італьян. libretto літар. кніжачка),
1) славесны тэкст муз.-драм. твора (оперы, аперэты; раней таксама кантаты і араторыі). Будуецца на паслядоўным сюжэтным развіцці дзеяння, пішацца пераважна вершамі, радзей прозай (часцей у дыялогу). Л. — літ.драм. аснова оперы і не разглядаецца як самаст.маст. твор. Слова ў ім набывае поўную сілу ўздзеяння толькі ў адзінстве з музыкай. Задума Л., а часам і драматургічны сцэнарны план (сцэнарый) часта належаць кампазітару. Некаторыя кампазітары пішуць Л. сваіх твораў. Можа быць арыгінальным паводле тэмы, але часцей грунтуецца на сюжэтах і вобразах маст. л-ры ці нар. творчасці. Муз.інтэрпрэтацыядрам. тэксту абумоўлівае пераасэнсаванне кампазітарам і лібрэтыстам літ. першакрыніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭСЦІ́РАВАННЕ (ад тэст),
метад псіхал. дыягностыкі і сацыялагічнага даследавання, які выкарыстоўвае тэсты — стандартызаваныя заданні, па выніках выканання якіх вымяраюць пэўныя псіхал. характарыстыкі, узровень развіцця навыкаў, уменняў і ведаў рэспандэнтаў. Асн. сферы выкарыстання Т. — адукацыя, прафес. падрыхтоўка і адбор, псіхал. кансультаванне. Уключае 3 этапы: распрацоўка тэста і вызначэнне ступені яго валіднасці (дакладнасці); правядзенне Т. на аснове распрацаванай інструкцыі; інтэрпрэтацыя вынікаў Т. У залежнасці ад мэты Т. тэсты класіфікуюцца паводле спосабу іх правядзення (індывід. і групавыя), паводле фармальнай структуры (простыя і складаныя, што ўключаюць некалькі субтэстаў), паводле аб’екта вывучэння (тэсты дасягненняў: сенсорныя, маторныя, на інтэлект, творчыя здольнасці, веды; асобасныя: характаралагічныя, на тэмперамент, устаноўкі, інтарэсы), паводле ступені дасведчанасці рэспандэнтаў пра задачы Т. (прамыя і непрамыя) і паводле інш. крытэрыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ТКІН Мікалай Іванавіч (19.5.1780, г. Цвер, Расія — 17.3.1863),
рускі гравёр; буйнейшы майстар партрэтнай разцовай гравюры 1-й пал. 19 ст.Чл. шэрагу еўрап.АМ. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1785—1800; у 1803—14 пенсіянер у Парыжы і Лондане), з 1815 выкладаў у ёй (з 1817 заг. гравіравальнага класа, з 1831 праф.). Творам уласцівы інтэрпрэтацыя арыгінала, якая ўзмацняе змястоўнасць характарыстыкі партрэтуемага, багацце і разнастайнасць штрыха: «Іаан Хрысціцель» (1802, з карціны А.Р.Менгса); 20 гравюр з медальёнаў Ф.Талстога, прысвечаных вайне 1812; партрэты А.Куракіна (1812), І.Крылова (1816, з мал. А.Кіпрэнскага), А.Суворава (1818), М.Карамзіна (1819, з арыгінала У.Баравікоўскага), А.Пушкіна (1827 і 1838, з арыгінала Кіпрэнскага), А.Грыбаедава (1829).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАМЕТРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,
магнітаразведка, адзін з кірункаў разведачнай геафізікі, які заснаваны на вывучэнні анамалій геамагнітнага поля, абумоўленай неаднолькавай намагнічанасцю горных парод. Праводзіцца магн. або аэрамагнітная здымка, апрацоўка вымярэнняў, пабудова магн. профіляў і карт, геал.інтэрпрэтацыя выяўленых анамалій магн. поля. Для атрымання больш поўнай геолага-геафіз. інфармацыі М.м.р. ўваходзяць у комплекс з інш.геафіз. метадамі: сейсма-, граві-, электраразведкай і інш. Выкарыстоўваюць магнітометры. Рознымі іх мадыфікацыямі выконваюцца наземныя, аэрамагнітныя, аўтамабільныя, марскія, свідравінныя і спадарожнікавыя вымярэнні. Па даных вымярэнняў складаюцца карты анамальнага магн. поля (гл.Магнітнае поле Зямлі), якія выкарыстоўваюцца ў геолагаразведачных работах. На Беларусі з дапамогай М.м.р. адкрыты Аколаўскае і Навасёлкаўскае радовішчы жалезных руд, трубкі выбуху, перспектыўныя на радовішчы алмазаў, рудапраяўленні каляровых і рэдкіх металаў, складзена геал. карта парод крышт. фундаменту. Гл. таксама Геафізічная разведка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРГІЕ́НКА Раіса Іванаўна (н. 10.7.1945, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),
бел. музыказнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1968). З 1967 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Навук. працы па тэарэт. праблемах музыкі 20 ст., у т. л. «Выканальніцкая інтэрпрэтацыя музычнага твора» (1992), «Гукавышынная аснова музычнай кампазіцыі XX ст.» (1998) і інш.
Тв.:
Новыя аспекты гукавышыннай арганізацыі ў беларускай музыцы 60-х гг. // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. 1993. № 12;
Беларускі музычны авангард на рубяжы апошніх дзесяцігоддзяў XX ст.: гукавышынная арганізацыя і сучасныя віды кампазіцыйнай тэхнікі // Музычная культура Беларусі: Дыялог часоў. Мн., 1997;
Кампазітары Беларусі. Мн., 1997 (разам з Т.Г.Мдзівані);
Тембр музыкального звука: новые измерения // Музыкальное искусство на рубеже столетий. Мн., 2000;
Высота и звуковой мир современной музыки // Теоретические проблемы музыки XX в. Мн., 2001. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНШО́Н (Planchon) Ражэ (н. 12.9.1931, г. Сен-Шамон, Францыя),
французскі рэжысёр, акцёр, драматург. Творчую дзейнасць пачаў у засн. ім у Ліёне «Тэатр дэ ла камеды» (1952). У 1957 стварыў і ўзначальвае «Тэатр дэ ла сітэ» ў Віёрбане (з 1973 Нац.нар.т-р). Зазнаў уплыў Б.Брэхта. Паставіў спектаклі «Генрых IV» У.Шэкспіра (1957), «Жорж Дандэн» (1958) і «Тарцюф» (1962, 1973) Мальера, «Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма (1958), «Мёртвыя душы» (1959) паводле М.Гогаля, «Нейтральная паласа» Х.Пінтэра (1979), «Аталі» Ж.Расіна (1980), якім уласціва сучасная інтэрпрэтацыяліт. матэрыялу. Сярод інш. пастановак: «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, а таксама ўласныя драм. творы, у якіх звяртаецца да актуальных праблем сучаснасці: «Карэтны хлеў» («Даўжнікі», 1962), «Белая лапа» (1964), «Сінія, белыя, чырвоныя» (1966), «Знявага» (1968), «Здаюся!» (1972) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМА́НТЫКА ЛАГІ́ЧНАЯ,
раздзел металогікі, які вывучае сэнс і значэнне выразаў мовы, а таксама інтэрпрэтацыю розных фармалізаваных моў. У апошнія гады больш даследуе натуральную мову. Як навука пачала афармляцца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Ч.Пірса, Г.Фрэге, Б.Расела, А.Тарскага і інш. У Сл. вылучаюць тэорыі рэферэнцыі і сэнсу. Тэорыя рэферэнцыі — аснова тэорыі доказу ў логіцы, якая вывучае дачыненне выразаў мовы да абазначаных аб’ектаў. Асн. катэгорыі: «імя», «абазначэнне», «ісціннасць», «мадэль», «выканальнасць», «інтэрпрэтацыя» і г.д. Тэорыя сэнсу даследуе дачыненне знака да зместу. Асн. катэгорыі: «сэнс», «сінанімія», «праўдзівасць аналітычная», «праўдзівасць лагічная» і інш. Сл. аналізуе прычыны парадоксаў і цяжкасцей, якія ўзнікаюць пры семантычным аналізе. Яе метадалогія ўжываецца ў лінгвістыцы, семіётыцы, тэорыі і практыцы машыннага перакладу. Гл. таксама Семантыка ў мовазнаўстве.
Літ.:
Фреге Г. Логика и логическая семантика: Пер. с англ.М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧА́СЦЕ,
паняцце маральнага ўсведамлення, якое адпавядае ўнутр. задаволенасці чалавека ўмовамі свайго быцця, паўнаце і асэнсаванасці жыцця, ажыццяўленню свайго чалавечага прызначэння. У Стараж. Грэцыі першапачаткова Ш. (eudaimonia) атаясамлівалася з апекаваннем багоў. Эпікурэйцы (гл.Эпікурэізм) звязвалі Ш. з асалодай (геданізм), а стоікі — з дасягненнем унутр. свабоды, незалежнай ад абставін лёсу. Згодна з хрысц. вучэннем (Фама Аквінскі і інш.) забяспечыць Ш. можа толькі Бог. Для многіх філас. і этычных вучэнняў 20 ст. характэрна інтэрпрэтацыя Ш. ў экзістэнцыяльным плане, як суб’ектыўнае перажыванне чалавекам стану адзінства сутнасці і існавання. Феномену Ш. ўласцівы нарматыўна-каштоўнасны характар. Як і мара, Ш. з’яўляецца пачуццёва-эмацыянальнай формай ідэалу, але ў адрозненне ад яе ўяўляе сабой не абстрактны ўзор, а здзяйсненне імкненняў асобы. Адчуванне Ш. непарыўна звязана з забеспячэннем якасці жыцця асобы, уплывае на фарміраванне пэўнай жыццёвай пазіцыі. Гл. таксама Аптымізм і песімізм, Эўдэманізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н Святлана Лаўрэнцьеўна (н. 27.12.1949, в. Рыжкаўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. баяністка, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Солапава), з 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1980 салістка і канцэртмайстар групы баянаў Дзярж.акад.нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. Яе творчасці характэрны віртуознасць, эмацыянальнасць, своеасаблівая інтэрпрэтацыя твораў розных эпох, стыляў і жанраў. Аўтар рэдакцый для баяна з аркестрам і першы выканаўца канцэртаў Р.Шчадрына (фінал 1-га фп. канцэрта), А.Мдывані, А.Клеванца, Э.Наско, С.Хвашчынскага, твораў малой формы Я.Глебава, В.Малых, А.Рашчынскага, М.Сіраты, у т. л. напісаных спецыяльна для яе. Выступае ў складзе дуэта і трыо баяністаў. Запісала на Бел. радыё праграмы апрацовак для баяна бел. і рус.нар. музыкі, творы муз. класікі. Лаўрэат I Рэсп. (Мінск) і V Усесаюзнага (Масква) конкурсаў артыстаў эстрады (абодва 1974).