ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Фабіян, бел. мысліцель-гуманіст і паэт эпохі Адраджэння і барока. Ідэолаг нонадарантызму (рэліг.-філас. рух у Беларусі 2-й пал. 16 ст.). Крытыкаваў Біблію, лічыў Хрыста не Богам, а простым чалавекам, адмаўляў неўміручасць душы, існаванне замагільнага свету. У 1589 разам з С.​Будным у палеміцы з езуітамі даказваў, што душа чалавека пасля смерці гіне разам з целам. Аўтар верша на польскай мове «Эпіграма на герб Лясот», надрукаванага ў кнізе С.​Буднага «Пра свецкую ўладу» (1583). У творы выказаў думку, што ўсякая ўлада павінна быць разумнай, кіравацца маральнымі дабрачыннасцямі.

Літ.:

Подокшин С.А. Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974.

С.​Л.​Падокшын.

т. 6, с. 25

т. 6, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РАВІЧ Светазар (н. 31.3.1955, г. Котар, Чарнагорыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч супольніцтва Сербія і Чарнагорыя. Скончыў ун-т у г. Цітаград (цяпер Падгорыца), працаваў юрыд. саветнікам у мясц. органах улады, уваходзіў у кіраўніцтва Саюза камуністаў Чарнагорыі (СКЧ). У 1986, калі быў старшынёй Саюза сацыяліст. моладзі Чарнагорыі, выступіў з брашурай «Спыніце падман на выбарах», пасля чаго вымушаны пакінуць пасаду. З 1990 чл. ЦК СКЧ, адказны за пытанні ідэалогіі і культуры. З 1990-х г. удзельнік руху за незалежнасць Чарнагорыі, чл. кіраўніцтва Дэмакр. партыі сацыялістаў Чарнагорыі, нам. яе старшыні М.​Джуканавіча (прэзідэнт Чарнагорыі ў студз. 1998 — маі 2003) і асн. ідэолаг. Прэзідэнт Сербіі і Чарнагорыі з 7.3.2003.

М.​С.​Даўгяла.

т. 18, кн. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТЭН (Hutten) Ульрых фон (21.4.1488, замак Бург-Штэкельберг, каля г. Шлюхтэрн, Германія — 29.8.1523),

нямецкі пісьменнік-гуманіст, публіцыст, ідэолаг рыцарства. З франконскага рыцарскага роду. У 1505—11 і пазней вучыўся ў шэрагу ням. і італьян. ун-таў. З 1519 прыхільнік рэлігійнай Рэфармацыі і М.Лютэра. Пісаў пераважна на лац. мове. Адзін з аўтараў антысхаластычнай і антыцарк. ананімнай сатыры «Пісьмы цёмных людзей» (1515—17). Аўтар памфлетаў, дыялогаў, пісем, у якіх стварыў ідэальны маст. вобраз Армінія, прапагандаваў ант. спадчыну, выступаў за рэформу імперыі (моцная вярх. ўлада імператара), адзінства Германіі, стварэнне незалежнай ад Рыма царквы, развіццё культуры на гуманіст. аснове і інш. Ідэйны правадыр рыцарскага паўстання 1522—23. Пасля яго паражэння ўцёк у Швейцарыю, дзе і памёр.

Тв.:

Рус. пер. — Диалоги. Публицистика. Письма. М., 1959.

т. 5, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬФ (Wolff) Крысціян (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),

нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМПАВЕ́ЦКІ (Krępowiecki) Тадэвуш Шыман (1798, Варшава — 5.1.1847),

польскі рэв. дзеяч. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (1819—20) удзельнічаў у патрыят. гуртках. У час паўстання 1830—31 лідэр левага крыла Патрыятычнага таварыства; выступаў супраць дыктатуры Ю.Хлапіцкага; патрабаваў вызвалення сялян ад прыгону і далучэння іх да рэв. руху. У эміграцыі адзін з заснавальнікаў (1832) Польскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ). У 1833—35 кіраваў т-вам польскіх карбанарыяў; абвінавачваў шляхту ў паражэнні паўстання і эксплуатацыі сялян, выступаў за спалучэнне нац. вызвалення з агр. рэвалюцыяй. У 1833 выключаны з ПДТ у выніку канфлікту з яго кіраўніцтвам. Адзін з арганізатараў (1835) і гал. ідэолаг рэв.-дэмакр. арг-цыі «Люд польскі», чл. Аб’яднання польскай эміграцыі. З 1846 зноў у ПДТ.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДА ТАЛЕДА́НА (Lombardo Toledano) Вісентэ (16.7.1894, г. Тэсьютлан, Мексіка — 16.11.1968),

мексіканскі паліт., дзярж. і прафс. дзеяч, вучоны-грамадазнавец, дзеяч міжнар. прафс. руху і руху прыхільнікаў міру. Д-р права і філасофіі. Скончыў Мекс. нац. ун-т (1919), у 1919—33 праф. у ім. У 1923 губернатар штата Пуэбла. У 1926—28 і з 1964 дэп. кангрэса Мексікі. Арганізатар шэрагу мекс. нац. прафсаюзаў (1930-я г.) і Рабочага ун-та Мексікі (1936). У 1936—40 ген. сакратар Канфедэрацыі працоўных Мексікі. У 1938—63 старшыня Канфедэрацыі працоўных Лац. Амерыкі. У 1945—65 віцэ-старшыня Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў. Заснавальнік (1948) і ідэолаг Сацыяліст. нар. партыі Мексікі. З 1950 чл. Сусв. Савета Міру. Аўтар шэрагу прац па паліт. і сац. пытаннях.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н ЗЛАТАВУ́СТ (Iōannēs Chrysostomos; 341, Антыёхія — 14.9.407),

канстанцінопальскі патрыярх (з 398), ідэолаг усх.-хрысц. царквы, выдатны прамоўца (за што празваны «Златавустам»). Адукацыю атрымаў у школе язычніцкага рытара Ліванія. Аўтар пропаведзей, панегірыкаў, псалмоў, каментарыяў да Бібліі. У сваіх пропаведзях адлюстроўваў характэрныя рысы тагачаснага рэліг. і грамадскага жыцця. Змаганне за аскетычныя ідэалы і крытыка грамадскай несправядлівасці зрабілі яго папулярным, але супрацьпаставілі яму ўплывовых асоб двара і вышэйшага кліру. Неаднаразова быў сасланы і зноў вернуты. Кананізаваны хрысц. царквой. У Візантыі і на Русі быў ідэалам прапаведніка. Праваслаўная царква прыпісвае яму літургію, т. зв. літургія І.З.

Тв.:

Рус. пер. — Творения. Т. 1—12. СПб., 1898—1906;

Полн. собр. творений: В 12 т. Т. 1—3. М., 1991—94.

Літ.:

Курбатов Г.Л. Ранневизантийские портреты: К истории общественно-полит. мысли. Л., 1991. С. 99—135.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ З ВІ́ЗНЫ,

дзеяч Рэфармацыі ў ВКЛ 2-й пал. 16 ст. Быў віленскім суперінтэндантам, «міністрам». Як ідэолаг антыпрыгонніцкай партыі бел. і літоўскіх антытрынітарыяў выступіў на сінодзе ў Іўі (1568) супраць феад. эксплуатацыі, прыгоннай залежнасці сялян, іх цяжкай працы на паноў. Асуджаў існуючую сац. несправядлівасць. Як сведчыць пратакол сінода, П. з В. сцвярджаў: «Я так разумею і так веру, што сапраўднаму хрысціяніну нельга мець падданых, а тым больш нявольнікаў і нявольніц, бо гэта паганства панаваць над сваім братам, карыстацца з яго поту і крыві. Святое пісанне ясна сведчыць, што Бог стварыў род чалавечы з адной крыві, таму ўсе мы родныя, усе браты».

Літ.:

Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — нач. XX в. Мн., 1962;

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в). Мн., 1970.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́КЛІФ (Вікліф; Wycliffe, Wiclif) Джон (паміж 1320 і 1330, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія — 31.12.1384), англійскі рэфарматар царквы, ідэолаг бюргерскай ерасі. Праф. Оксфардскага ун-та, д-р багаслоўя (1372). Аўтар шматлікіх памфлетаў і трактатаў, перакладчык Бібліі на англ. мову. Лічыў чалавецтва зямной «ваяўнічай царквой», а Бога яго вярх. сюзерэнам і адзіным уласнікам усяго, што ёсць на зямлі. Паводле У., Бог дае людзям зямныя багацці толькі ў часовае трыманне за верную яму службу («праведныя паводзіны»). Адстойваў прымат свецкай улады над духоўнай, выступаў за секулярызацыю царк. уласнасці. Ідэі У. адыгралі вял. ролю ў ідэалаг. падрыхтоўцы Уота Тайлера паўстання 1381 у Англіі, якое сам У. лічыў вынікам парушэння саслоўямі «боскага закону». У 1382 сабор англ. біскупаў асудзіў вучэнне У., Канстанцкі сабор 1415 абвясціў яго ератыком. Ідэі У. паўплывалі на светапогляд лалардаў у Англіі, Я.Гуса, М.Лютэра, дзеячаў англ. Рэфармацыі.

т. 16, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНА́ДСКІ Іван Васілевіч (24.5.1821, Кіеў — 27.3.1844),

рускі эканаміст. Праф. палітычнай эканоміі Кіеўскага, потым Маскоўскага ун-таў (1846—56), Гал. пед. ін-та (1857—59) і Аляксандраўскага ліцэя ў Пецярбургу (1861—68). Выдаў час. «Экономический указатель» (1857—61) і дадатак да яго «Экономист» (1858—64). У 1867—76 кіраўнік канторы Дзяржбанка ў Харкаве. Аўтар твораў па палітычнай эканоміі, гісторыі эканам. думкі, статыстыцы і мытна-тарыфнай палітыцы. Крытыкаваў прыгонніцтва з пазіцый эканам. лібералізму. У перыяд падрыхтоўкі сял. рэформы 1861 выступаў супраць кабальных умоў вызвалення сялян, супраць капіталізацыі аброку. Абараняў інтарэсы рус. капіталіст.. прамыслоўцаў. Прыхільнік фрытрэдэрскай палітыкі для Расіі, якая прадугледжвала свабоду гандлю і неўмяшанне дзяржавы ў прыватнапрадпрымальніцкую дзейнасць. Ідэолаг буйнога капіталу, законы капіталізму разглядаў як натуральныя і вечныя.

Тв.:

Критико-историческое исследование об итальянской политико-экономической литературе до начала XIX в. М., 1849;

Очерк теории потребностей. СПб., 1857;

Очерк истории политической экономии. СПб., 1858.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)