СЕ́ЛЕРС, Селарс (Sellars) Рой Вуд (9.7.1880, г. Эгмандвіл, Канада — 5.9.1973), амерыканскі філосаф, адзін з заснавальнікаў крытычнага рэалізму. Праф. Мічыганскага ун-та (1905—50). Распрацаваў тэорыю ўзроўняў стварэння прыроды, паводле якой з’яўленне якасна новага звязана з пераходам з ніжэйшага на больш высокі ўзровень развіцця. У этыцы адстойваў канкрэтна-гіст. і сацыяльна абумоўлены характар маральных ацэнак і духоўных каштоўнасцей. Палемізаваў з ідэаліст. філас. кірункамі, крытыкаваў тэорыю псіхафізіял. дуалізму, тэалогію і рэліг. догматы. Гал. творы: «Крытычны рэалізм» (1916), «Эвалюцыйны натуралізм» (1922), «Прынцыпы і праблемы філасофіі» (1926), «Філасофія фізічнага рэалізму» (1932) і інш.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЗІЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. occasionalis выпадковы),

ідэалістычны кірунак зах.-еўрап. філасофіі 17 ст., які сцвярджаў немагчымасць узаемадзеяння душы і цела без прамога ўмяшання Бога. Прадстаўнікі аказіяналізма (А.​Гейлінкс, Н.​Мальбранш) ідэалістычна перапрацавалі дуаліст, філасофію Р.​Дэкарта (гл. Картэзіянства). Аказіяналізм тлумачыў механістычнае прыродазнаўства ў рэліг. ідэаліст. духу, што адкрывала шлях да паслясхаластычнага абнаўлення рэліг. філасофіі. Гэта абумовіла папулярнасць аказіяналізма сярод прыхільнікаў каталіцызму. На Беларусі ідэі аказіяналізма вядомыя з пач. 18 ст. У сярэдзіне 18 ст. ў навуч. установах у лекцыі па схаластычнай філасофіі ўключаліся і элементы аказіяналізма. Вучэнне аказіяналізма з пазіцый паслядоўнага механістычнага дэтэрмінізму крытыкаваў і абвяргаў Б.Дабшэвіч.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РДА (Bārda) Фрыціс (25.1.1880, хутар Румаіняс, воласць Поціемс, Латвія — 13.3.1919),

латышскі паэт. Друкаваўся з 1902. У 1906—07 слухаў лекцыі ў Венскім ун-це. Захапляўся ідэаліст. філасофіяй Ф.​Ніцшэ і інтуітывізмам А.​Бергсана. Тэарэтычна-філас. погляды Барды выкладзены ў трактаце «Рамантызм як цэнтральная праблема светапогляду» (ч. 1—2, 1909—10). Рамант. дуалістычнае светаадчуванне выявілася ў зб-ках «Сын зямлі» (1911), «Песні і малітвы Дрэву Жыцця» (1923). Аўтар кнігі прозы «Vita somnium» (1923). У асобных творах — тонкі лірык, паэт прыроды і інтымных настрояў. На бел. мову яго творы пераклаў В.​Зуёнак (у зб. «Песня Даўгавы», 1986).

І.​Трэйманэ.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,

філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.​Фогт, Л.​Бюхнер, Я.​Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́НСКІ (Kamieński) Генрык Міхал (24.2.1813, Варшава — 14.1.1866),

польскі паліт. дзеяч, публіцыст, эканаміст, філосаф. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1842 чл. патрыят. арг-цыі «Саюз польскага народа.» У 1845—50 у ссылцы ў Расіі, з 1852 у эміграцыі ў Швейцарыі, з 1858 у Алжыры. Сцвярджаў, што нац.-вызв. паўстанню павінна папярэднічаць сац. рэвалюцыя, прапанаваў памяркоўную праграму агр. рэвалюцыі. Пад уплывам ідэй Г.​Гегеля і сенсіманістаў сфармуляваў ідэаліст. канцэпцыю прагрэсу і грамадства будучыні. Асн. працы: «Філасофія матэрыяльнай эканоміі чалавечага грамадства» (т. 1—2, 1843—45), «Дэмакратычны катэхізіс...» (1845), «Расія і Еўропа. Польшча» (1857), «Народная вайна» (1866). Аўтар «Успамінаў вязня» (выд. 1977).

т. 7, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАМЕ́НТНІК НАУКО́ВО-ЛІТЭРА́ЦКІ»

(«Pamiętnik naukowo-literacki», «Навукова-літаратурны дзённік»),

літаратурна-мастацкі альманах радыкальна-дэмакр. кірунку. Выдаваўся ў 1849—50 у Вільні на польскай мове Р.А.Падбярэскім. Выйшлі 2 тамы ў 6 кнігах. Падзяляў эстэт. погляды В.​Р.​Бялінскага і натуральнай школы, крытыкаваў ням. ідэаліст. філасофію за адарванасць ад жыцця. Разам з тым сцвярджаў прынцыпы рамантызму, генетычна звязанага з ням. рамант. думкай і філасофіяй Г.​Гегеля. Змясціў творы А.​Адынца, Ю.​Гарайна, Э.​Жалігоўскага, Ю.​Корсака, У.​Сыракомлі і інш. ураджэнцаў Беларусі. Абвінавачаны ў распаўсюджванні «варожага ўраду духу» і ў 1851 забаронены.

У.​І.​Мархель.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Г’ЕЛЕРУ́П (Gjellerup) Карл Адольф (2.6.1857, Рохальтэ, Данія — 13.10.1919),

дацкі пісьменнік. Пісаў на дацкай і ням. мовах. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1878). У першых раманах «Ідэаліст» (1878) і «Вучань германцаў» (1882) створаны вобраз маладога інтэлектуала, які перажываў, як і аўтар, крызіс веры. Аўтар драмы ў вершах «Брунхільда» (1884), драм. паэмы «Тамір» (1887), трагедыі ў прозе і вершах «Хабард і Сігне» (1888), напісанай па матывах дацкага нар. падання, а таксама сучасных драм «Герман Вандэль» (1891), «Вутэрн» (1893) і інш. З 1892 пасяліўся ў Дрэздэне і пісаў на ням. мове (раманы «Пастар Морс», 1894, «Млын», 1896). У 1890-я г. захапіўся будызмам, пад уплывам якога напісаў раманы «Пілігрым Каманіта» (1906) і «Вечныя вандроўнікі» (1910). Нобелеўская прэмія 1917.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ФІЛАСО́ФСКІЯ РУ́КАПІСЫ,

трактаты (курсы лекцый) на філас. і прыродазнаўчыя тэмы, напісаныя ў канцы 17 — пач. 19 ст. ў Гродне на лац. мове выкладчыкамі філасофіі — членамі манаскіх ордэнаў (пераважна бернардзінскага); некат. належаць дамініканцам, езуітам, кармелітам. Сярод аўтараў А.Бандзевіч, М.​Дамашэвіч, Л.​Дулевіч, Б.​Мажэйка, Ю.​Мышкоўскі, Ф.​Пшыленскі, Б.​Станкевіч, І.​Сцірпейка. Вядома каля 50 трактатаў аб’ектыўна-ідэаліст. кірунку. У 1-й пал. 18 ст. асн. частку курса філасофіі складала логіка і метафізіка Арыстоцеля. У рукапісах 2-й пал. 18 ст. адчувальны ўплыў еўрап. Асветніцтва, ідэй новай філасофіі і прыродазнаўства. У пач. 19 ст. натурфіласофскія праблемы выкладаліся як спец. раздзелы фізікі. Рукапісы захоўваюцца ў Вільнюскага універсітэта бібліятэцы.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 5, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМІНАЛІ́ЗМ,

філасофскае вучэнне, адпаведна якому ў аб’ектыўнай рэчаіснасці рэальна існуюць толькі адзінкавыя рэчы з іх індывід. якасцямі і ўласцівасцямі, а агульныя паняцці з’яўляюцца толькі суб’ектыўнымі пабудовамі розуму, што выяўляюцца ў назве рэчаў і не адлюстроўваюць іх уласцівасцей.

Вытокі Н. ў антычнасці (Антысфен, Дыяген Сінопскі). Як вучэнне сфарміравалася ў эпоху сярэднявечча [У.​Окам (Англія), І.​Расцэлін, Ж.​Бурыдан (Францыя) і інш.] у барацьбе з рэалізмам. Ідэі Н. на ідэаліст. аснове развіваліся ў вучэннях Т.Гобса, Дж.​Берклі (Англія), Д.Юма, у сучасны перыяд — у семантычнай філасофіі. Падрываючы веру ў непахіснасць царк. догматаў, Н. выяўляў тэндэнцыю ў развіцці эмпірычнага даследавання рэальна існуючых рэчаў, павароту філасофіі ад разумовай рэліг. праблематыкі да вывучэння навакольнай прыроды.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРАЛІ́ЗМ у філасофіі,

метадалагічны прынцып, паводле якога развіццё грамадства тлумачыцца законамі прыроды (кліматычнымі ўмовамі, геагр. асяроддзем, біял. і расавымі асаблівасцямі людзей). Н. блізкі да антрапалагізму, які таксама не бачыць спецыфічных заканамернасцей грамадскага жыцця; ён уласцівы некаторым разнавіднасцям матэрыялізму (стыхійны, прыродазнаўчанавук., механістычны, вульгарны і інш.) і некаторым ідэаліст. плыням, якія надзяляюць прыроду іманентна ўласцівай ёй адушаўлёнасцю (панпсіхізм) або натхнёнасцю (пантэізм). У этыцы Н. характарызуецца вылучэннем прынцыпаў маралі з нейкага прыроднага пачатку (космасу, арган. свету, біялогіі або псіхалогіі чалавека). Н. ўласцівы такім этычным кірункам, як геданізм, эўдэманізм, утылітарызм, этычны эвалюцыянізм. У сучаснай этыцы многія школы працягваюць выводзіць паняцці маралі з прыродазнаўчанавук. паняццяў, даных антрапалогіі і псіхалогіі (этыка касм. тэлеалогіі, тэорыі маральнага пачуцця, інтарэсу і інш.).

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)