Займае Вялікія Антыльскія (Куба, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайка), Багамскія, Малыя Антыльскія а-вы, Трынідад; уваходзіць у біягеаграфічнае царства Неагею. Флора прадстаўлена пераважна трапічнымі лясамі, ёсць і інш. фармацыі расліннасці. Фауна тыповая для астравоў. Наземных млекакормячых мала (6 родаў). Эндэмічнае сям. шчыліназубаў з 2 відамі. З грызуноў нутрыевыя і загуці. Трапляюцца астраўны апосум і янот. Многа рукакрылых (24 роды, з іх 4 эндэмічныя): вампіры (14 родаў), пладаедныя, рыбаедныя, лісцяносыя, лістабародыя і інш. У арнітафауне 150 родаў, з іх 38 эндэмічных, у т. л.сям. тодзі (пляскатадзюбы) з атр.ракшападобных. Сярод калібры, трагонаў, зязюль, тыранаў і інш. каля 25% эндэмікаў. Найбольш эндэмікаў на Ямайцы. Сярод паўзуноў некалькі відаў чарапах, 2 віды кракадзілаў (адзін эндэмічны на Кубе), шматлікія яшчаркі (22 роды, з іх 7 эндэмічных, у т. л. рыючыя амфісбены), змеі (19 родаў з 4 эндэмічнымі відамі). З амфібій трапляюцца жабы (5 родаў, у т. л.квакшы, паўднёваамер. свістуны і кароткагаловыя жабы — эндэмікі Кубы). Сярод прэснаводных рыб — панцырны шчупак (на Кубе), хромісы, жывародныя і яйцародныя карпазубыя (на Гаіці і Кубе), гамбузія. Разнастайнасць насякомых невялікая. Шмат наземных малюскаў, паходжанне якіх мае сувязі з афр. і азіяцкімі відамі. Натуральныя ландшафты вобласці моцна парушаны дзейнасцю чалавека, таму многія віды жывёл зніклі або на мяжы знікнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛА́ЧЫ (Appalachian Mountains),
горы на УПаўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Працягнуліся з ПдЗ на ПнУ на 2600 км; асн. хрыбты: Блу-Рыдж, Уайт-Маўнтынс, масіў Адырондак, Грын-Маўнтынс. Сярэдневышынныя. Пераважаюць выш. 1300—1600 м, найб. 2037 м, г. Мітчэл (Блу-Рыдж). Падзяляюцца Апалачы на Паўночныя і Паўднёвыя (мяжа па рэках Мохак і Гудзон). Паўночныя Апалачы — хвалістае пласкагор’е выш. 400—600 м, над якім узвышаюцца асобныя масівы і хрыбты, вяршыні згладжаны, ператвораны ледавіком у трогі. Паўднёвыя Апалачы складаюцца з восевай зоны хр. Блу-Рыдж, з У да якога прымыкае плато Підмант, з З — Апалачскае плато. Утварыліся Апалачы ў перыяд каледонскай складкавасці і герцынскага арагенезу, амалоджаны неатэктанічнымі падняццямі. Паўночная і паўд.-ўсх.ч. Апалачаў складзена з крышт. парод, зах. і паўд.-зах. — пераважна з асадкавых (пясчанікі, даламіты, вапнякі). Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл.Апалачскі вугальны басейн), нафта, прыродны газ, жал. руда, тытан, азбест. Клімат на Пн умераны, на Пд субтрапічны, фарміруецца пад уплывам Атлантычнага ак. і асабліва Мексіканскага заліва. Сярэднія т-ры студз. вагаюцца ад -12 на Пн да 8 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 18 да 26 °C. Ападкаў 1000—1300 мм за год. Рэкі цякуць у глыбокіх далінах, найбольшыя — Канектыкут, Гудзон, Саскуэхана і Тэнесі. Расліннасць паўн.ч. — хвойныя і мяшаныя лясы (елка, піхта, туя, гемлока, клён, вяз, гікоры), на Пд ад 41° паўд. ш. ў ніжнім поясе горныя шыракалістыя лясы (каштан, дуб, клён і эндэмікі — цюльпаннае дрэва, платан, магноліі), вышэй за 1000 м — мяшаныя і хвойныя лясы, затым субальпійскія лугі. Жывёльны свет — пераважна эндэмікі: віргінскі алень і віргінскі апосум, дрэвавы дзікабраз, мядзведзь барыбал, рысь, янот, скунс, выдра. Апалачы — раён турызму, лыжнага і воднага спорту, палявання. У Апалачах нац. паркі Грэйт-Смокі-Маўнтынс (Тэнесі), Шэнандоа (Віргінія), Алалачская дарога ўздоўж хрыбта Блу-Рыдж.