БА́ЙКА,

невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.

Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часу найб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.​Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.​Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел. прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.​Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.​Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.​Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.​Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.​Корбан, Э.​Валасевіч, М.​Скрыпка і інш.

Літ.:

Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЯБРЫ́», творчае аб’яднанне «Студыя “Сябры”». Створана ў 1974 як вак.-інстр. ансамбль Гомельскай абл. філармоніі, з 1990 пры Мінскай філармоніі, з 1992 — сучасная назва. Маст. кіраўнік А.Ярмоленка. Муз. кіраўнікі В.​Бадзьяраў (1977—81), М.​Сацура (з 1975). Творчасці ансамбля ўласціва своеасаблівая пеўчая манера, спалучэнне арыгінальнай мелодыкі з паэт. зместам, выразнасцю муз. мовы. У першым складзе «С.» выступалі: А.​Ярмоленка (вакал), Сацура (клавішныя, вакал), Г.​Балабанаў (ударныя), А.​Клімовіч (флейта, дудка, саксафон), В.​Прыгажаеў (гітара), А.​Шчатаў (бас-гітара, вакал). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі: А.​Аўдзяевіч (труба, трамбон), А.​Газізаў (гітара), А.​Каляда (клавішныя), В.​Разанаў (бас-гітара), В.​Чырвоны (усе вакал). У сучасным складзе: Алеся (А.​А.​Ярмоленка; салістка), С.​Герасімаў (гітара, вакал), Сацура, А.​Цераховіч (ударныя), У.​Чыж (гітара, клавішныя, вакал), А.​Ярмоленка, С.​Ярмоленка (бас-гітара, камп’ютэрная аранжыроўка, клавішныя). У рэпертуары песні бел. і рас. кампазітараў, у т. л. У.​Будніка, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага, А.​Іванова, І.​Іванова, А.​Пахмутавай, Я.​Пцічкіна, С.​Касторскага, Сацуры, Э.​Ханка; песенныя праграмы: «Шлях да Беларусі», «Анатоль», «Есць лёс у мяне», «Я з вамі не развітваўся ніколі», «Перажывём», «Нашы песні — наша жыццё», якія з’яўляюцца і назвамі дыскаў. Пры ансамблі дзейнічаюць маладзёжная студыя «Сябры» (з 1992, кіраўнік А.​Ярмоленка), дзіцячы ансамбль «Буслік» (з 1993, кіраўнік У.​Сарокін). Лаўрэат Усесаюзных конкурсу сав. песні (1977), тэлеконкурсу «З песняй па жыцці» (1979). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

т. 15, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛЬБА Альгерд (сапр. Чыж Вітаўт),

бел. пісьменнік, крытык і публіцыст пач. 20 ст. У 1908—11 чл. рэдакцыі газ. «Наша ніва». З рэцэнзіямі і артыкуламі найб. актыўна выступаў у 1910—11. Адгукнуўся на выхад зб-каў Я.​Купалы «Гусляр», Я.​Коласа «Песні-жальбы», падкрэсліваў самабытнасць бел. паэтаў як мастакоў слова, з пазіцый народнасці л-ры палемізаваў з польскім крытыкам З.​Пяткевічам, які выступіў супраць паэмы Я.​Купалы «Адвечная песня» («Адказ пану З.​Пяткевічу», 1910). У арт. «Грамадзянскае становішча В.​Дуніна-Марцінкевіча» (1910) даволі дакладна ахарактарызаваў ролю пісьменніка ў гісторыі бел. л-ры. Даследаваў польск. і ўкр. л-ру (арт. «Барыс Грынчанка», 1910; «Памяці Тараса Шаўчэнкі», 1911). Узбагачаў бел. алегарычнае апавяданне («Пад шум восенных дажджоў...», 1910). Адстойваў правы бел. народа на сваю нац. л-ру, муз. мастацтва, тэатр (арт. «Беларускі вечар у Полацку», «Беларуская народная песня і мелодыі ў новых музыкальных творах», абодва 1910; «З нашага жыцця (Аб беларускім тэатры)», 1911]. Пісаў артыкулы на тэмы эканомікі і палітыкі, даследаваў этнаграфію («Аб арганізацыі хатняга рамясла», 1911; «Гасударственная Дума, зямельныя законы і іх прымяненне ў жыццю», 1912). У брашуры «Колькі слоў аб дзявочай апратцы на Беларусі» (1911) апісаў бел. нар. строі. Пераклаў на бел. мову з рускай паасобныя апавяданні Л.​Андрэева, І.​Гарбунова-Пасадава, Р.​Данілеўскага, М.​Ляскова, Р.​Мачтэта.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

у кн.: Александровіч С., Александровіч В. Беларуская літаратура XIX—пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

заду́ма, ‑ы, ж.

1. Тое, што задумана, намечана зрабіць; намеры, план. Здзяйсненне задумы заўсёды радуе, хвалюе. Дадзіёмаў. — Ёсць у мяне сякія-такія задумы, як палепшыць работу цэха, — Булай загаварыў ужо спакойным дзелавым тонам. Шыцік.

2. Асноўная думка, ідэя мастацкага твора; замысел. У байцы «Варона і чыж» .. няма ніводнай дэталі, якая не служыла б вырашэнню аўтарскай задумы — высмеяць пустую ганарыстасць і ліслівую ўгодлівасць. Казека. [Герой твора] часта выступае як носьбіт пэўнай ідэі, задумы пісьменніка. Арабей.

3. Задуменнасць, заклапочанасць. Дзед ляжаў у глыбокай задуме, маўчаў. Лынькоў. Канцавы павярнуў галаву і, як быццам устрапянуўшыся ад задумы, паглядзеў на мяне. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

czyż

I кніжн.

хіба; няўжо; ці; ці ж;

czyż podobna zapomnieć? — хіба (няўжо; ці ж) можна забыць?

II м. заал.

чыж (Spinus spinus L.)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Ліхта́р, лыхта́р ’прылада для асвятлення — футарал са шклянымі сценкамі’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Мядзв., Растарг.; КЭС, лаг.), ’падсвечнік’ (Грыг., Нас., Шат., Шпіл.; Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ст.-бел. лихтаръ, лехтаръ, лыхтаръ, ляхтаръ ’ліхтар’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. lichtarz ’падсвечнік’, якое ўзыходзіць да с.-в.-ням. liuhtaere, ням. Leuchter ’падсвечнік’ < liuhten ’свяціць’ < герм. *liuhta‑ ’ясны’ (Слаўскі, 4, 233; Чартко, Бел. лінгв. зб., 151; Жураўскі, Бел. мова, 62; Кюнэ, 72). Фасмер (2, 505) мяркуе, што насуперак Вінеру (63) пасрэдніцтва ідыш з’яўляецца неімаверным. Сюды ж ліхта́рня ’падсвечнік’ (Нас., Сцяшк.), ’ліхтар’ (Растарг.; паўд.-усх., КЭС), ’від ліхтара’ (паст., чыж., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лёгкі, лёхкі, лёккі, лёкі, лёгкый ’няцяжкі, лёгкі вагою’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., ТС), ’тс’, ’негарачы (дух)’ (Ян.), ’немарозны, адліжны’, вільн., драг., воран. ’рухавы, імклівы’, в.-дзв., драг. ’свежы (пра паветра)’, чыж. ’немудрагелісты, нескладаны’ (Сл. паўн.-зах.), лёгка ’спакваля, патроху, паступова’, лігусенькі, легутэнькі, лёгенькі (Нас.), драг. лёхка зымня́ ’глеба на нізкіх, балотных мясцінах’ (Клім.), сувалк. lgniusce ’грузкі луг’. Укр. легкий, рус. лёгкий, лёккой, ст.-рус. льгъкый, легкыи, польск. lekki (lejki, letki, lehki, lefki), малапольск. lęki, палаб. lʼåtʼȇ, н.-луж. lažki, ležki, устар. letki, leki, в.-луж. lochki, lohki, lóžki, чэш. lehký, lechký, lefký, lʼevký, славац. ľahký, ľächkí, ľėki, славен. láhek, lahèk, lahāk і lágek, lagȃk, legák, серб.-харв. ла̏к, чак. ла̏гак, ла̏јк, кайк. legek, lehkek, макед. лек, лʼек, лък, балг. лек, лък, лечок ж. і н. р. ленка, ленко, ст.-слав. льгъкъ, лькъкъ, ц.-слав. льхъкъ. Прасл. lъgъkъ ’лёгкі, з малой вагой’, ’няцяжкі’, роднаснае з лац. levis, літ. leñgvas, лат. liêgs, ст.-інд. laghuṣ, raghúṣ, авест. raɣu‑, пракельц. *lag‑i̯os. Спіс літаратуры гл. Слаўскі, 4, 129–132; Фасмер, 2, 473–474. Сюды ж лёгкота, легкота́ ’лёгкасць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыж ‘птушка з доўгімі вострымі крыламі, Apus apus L.’ (ТСБМ, Бяльк.; Сл. ПЗБ, Жыв. св.; стол., Нік.; саліг., Антропаў, Назв. птиц, 365), ‘птушка Hirundo riparia’ (Шымк. Собр.), ‘птушка Cypselus apus, грун, свіргуль’ (Ласт., Некр. і Байк.), стрыг ‘тс’ (Мат. Гом.), стріж ‘ластаўка берагавая, берагулька’ (калінк., хойн., браг., Нікан.; ЛА, 1). Параўн. укр. стриж, дыял. стріж ‘стрыж; казадой’, рус. стриж, дыял. стриг ‘стрыж’, ц.-слав. стрижь ‘каралёк’, польск. strzyżyk, дыял. strziż ‘валавока’, н.-луж. stśěž ‘тс’, чэш. střízlik, дыял. stříž ‘тс’, славац. striežik ‘тс’, stríž ‘ластаўка берагавая’, харв. старое striž ‘птушка Hirundo agrestis’, серб.-харв. strȉjež ‘валавока’, славен. stržek, stréžik ‘валавока’. Прасл. *strěžь і *strižь, гукапераймальнае па паходжанні, як грэч. στρίγζ ‘нейкая начная птушка’, лац. strīx, Р. скл. strigis ‘вушастая сава’; гл. Булахоўскі, ИОРЯ, 7, 119; Праабражэнскі, 2, 398; Фасмер, 3, 778; Шустар-Шэўц, 1368; ЕСУМ, 5, 441. Паводле Булахоўскага (там жа), форма *strižь узнікла пад уплывам *čižь (гл. чыж), супраць Фасмер (там жа). Борысь (585) грэчаскае і лацінскае словы лічыць роднаснымі славянскаму слову і ўзводзіць іх да і.-е. анамапаэтычнай асновы *(s)treig‑ ‘пішчаць, шчабятаць’. Непераканаўча Махэк₂ (589) аб роднасці з лац. requlus ‘каралёк’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́тнік 1 ’дарога (праз балота), па якой ездзяць летам’ (рагач., Сл. паўн.-зах.; чэрв., Жд. 2, Янк. I; докш., Янк. Мат.; гом., ветк., Мат. Гом.), драг. лі́тнык (Клім.), лятнік, лятняк (Нар. АЛА Гом.). Укр. канатопск. літня́к ’тс’. Рус. паўн., сіб. ле́тник, летня́к ’летняя дарога (на беразе ракі)’. Утворана ад летні (магчыма, ад lětnьjь pǫtь). Суфікс ‑ік‑ — як у зімнік. Да ле́та (гл.). Сюды ж летнікавая дарога ’тс’ (рагач., Сл. паўн.-зах.).

Ле́тнік 2, літнык ’саматканая спадніца з шэрсці’ (Сіг.; нараўл., Мат. Гом.), ’зімовая шарсцяная спадніца’ (Тарн.; брэсц., Малч.), ’андарак’ (лельч., нараўл., ДАБМ). Укр. паўн. літник ’тс’. Да ле́та (гл.). Семантычна звязваецца з семай ’на гады, не на адзін год’, або ’для летніх, г. зн. для немаладых жанчын’.

Ле́тнік 3 ’пінжак’ (гарад., чыж., Сл. паўн.-зах.), ’летні пінжак’ (Мат. Гом., ТС, Ян.), ’летняя лёгкая жаночая вопратка без падкладкі’ (чэрв., Жд. 2, Янк. I). Укр. літни́к, літня́чка, рус. вяц., паўн., смал. летник ’тс’, ст.-рус. лѣтьникъ ’лёгкае жаночае адзенне’, польск. letnik, letniczek, в.-луж. lětnik ’летняе паліто’, славац. letník ’летняя сукенка’. Прасл. lět‑ьn‑ikъ < lět‑ьnъ. Да ле́та (гл.).

Ле́тнік 4 ’летняе стойла’ (Ян.). Да ле́та (гл.). Утворана, як і даржнік, дзяннік, пастаўнік ’тс’.

Ле́тнік 5 ’цвёрды дуб, Quercus robur L.’ (гродз., Кіс.). Утворана ад ле́та ’год’ > ’шматгадовы дуб’.

Ле́тнік 6 ’пералетаваныя дровы’ (ТС). Да ле́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́тка 1, ла́тачка, ла́дка ’гліняная або драўляная міска’ (Бяльк.; шкл., Мат. Маг.; паўд.-усход. КЭС; паст., брасл., лудз., глыб., Сл. паўн.-зах.), ’гліняная глыбокая міска (з загнутымі краямі)’ (Др.-Падб., Юрч., Малч., Нас., Касп., Мікуц., Мат. Гом.), ’вялікая міска’ (мядз., Жд. 2; браг., Нар. лекс.), в.-дзв. ’пасудзіна з абабітымі краямі’, чыж. ’невялікі збан з адной ручкай’, в.-дзв., паст. ’цёрла’ (Сл. паўн.-зах.), клім. ’талерка’ (Нар. словатв.). Укр. латняк ’той, хто рамантуе гаршкі’, рус. латка, ладка ’латка’, польск. łata, łatka, łotka, н.-луж. łacywa, чэш., славац. látka, серб.-харв. latka, ladka, макед. латка, ст.-слав. латъка. Памяншальная форма ад прасл. laty, latъve (параўн. ст.-слав. латы, латъве, ц.-слав. латы, латовь, славен. látva, látvica, харв. Latvica (назва вёскі), макед., балг. латвица), роднаснымі якому з’яўляюцца літ. luõtas ’човен’, с.-в.-ням. lade ’дошка, аканіца, драніца’ (Фасмер, 2, 465; Слаўскі, 5, 39). Інакш Махэк₂ (322), Брукнер (307), а таксама Трубачоў (Ремесл. терм., 219–221), які, даводзячы другаснасць даўжыні слав. läty, робіць магчымым парадніць прасл. laty і lotъkъ > бел. латак і для апошняга дапускае першаснае значэнне, звязанае з паняццем ’гліна’, ’зямля’ (параўн. бел. латачына ’лагчына’), а далей супастаўляе прасл. lotъ/lotъkъ/lotokъ з герм. laþjon (ням. Letten ’гліна’). Развіццё семантыкі прасл. laty: ’гліняны сасуд’ > ’латак, карытца’.

Ла́тка 2 ’аладка’ (Бяльк.). Да ла́дка (гл.).

Ла́тка 3 ’кучка саломы, сена’ (Жд. 1), ’пярэбірак’ (слуц., Сл. паўн.-зах.). Паводле Слаўскага (5, 37), да ла́та 1 (гл.).

Ла́тка 4 ’складка’ (капыл., Сл. паўн.-зах.). Да ладачка (гл.).

Ла́тка 5 ’лапік’ (ТСБМ). Да ла́та 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)