МІЛЮЦЕ́НКА (Дзмітрый Емяльянавіч) (21.2.1899, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 25.1.1966),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1960). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх гуртках. З 1923 і з 1936 акцёр Драм. т-ра імя І.​Франко ў Харкаве, у 1927—36 — Харкаўскага драм. т-ра імя Т.​Шаўчэнкі. Творчасць вызначалася псіхал. распрацоўкай вобразаў, пластычнай выразнасцю і эмацыянальнасцю выканання роляў: Пузыр, Калітка («Гаспадар», «Сто тысяч» І.​Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Выкрадзенае шчасце» Франко), Часнок («У стэпах Украіны» А.​Карнейчука), Ваявода («Вяселле Свічкі» І.​Качаргі), Шуйскі («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна), Блазан («Кароль Лір» Ў.​Шэкспіра) і інш. Здымаўся ў кіно: «Багдан Хмяльніцкі» (1941), «Подзвіг разведчыка», (1947), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Сон» (1964), «Наш сумленны хлеб» (1965) і інш.

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

часно́чышча Месца, дзе рос часнок (Слаўг.). Тое ж часны́шча, часны́чышча, часнаковішча, чоснік, чэснык (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,

утварэнне новага арганізма з часткі мацярынскага, адзін са спосабаў бясполага размнажэння. У жывёльных арганізмаў ажыццяўляецца пачкаваннем (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві, імшанкі, абалоннікі) або дзяленнем (прасцейшыя, плоскія і кольчатыя чэрві), у ніжэйшых раслін (напр., у водарасцей) — часцей дзяленнем, радзей пачкаваннем (некат. сумчатыя грыбы, напр., дрожджы, некат. базідыяльныя грыбы), у ніжэйшых шматклетачных раслін — распаданнем цела на часткі, здольныя да рэгенерацыі. Вышэйшыя расліны могуць размнажацца карэнішчамі (шматгадовыя травы), чаранкамі (сцябловымі — агрэст, вярба, ружа, таполя; лісцевымі — бягонія, седум; каранёвымі — ажына, вішня, маліна, сліва), адводкамі (яблыня, груша, ягадныя культуры), цыбулінамі (цыбуля, часнок), клубнямі (бульба, тапінамбур) і інш. Вегетатыўнае размнажэнне мае шэраг пераваг перад палавым: лёгкасць размнажэння, хуткае развіццё і ранні пачатак плоданашэння, захаванне ў патомстве прыкмет і ўласцівасцей мацярынскай расліны. Выкарыстоўваецца ў пладаводстве, агародніцтве, лесаводстве.

т. 4, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

season​2 [ˈsi:zn] v.

1. прыпраўля́ць, надава́ць смак;

season meat with garlic кла́сці ў мя́са часно́к;

season conversation with wit ажыўля́ць размо́ву дасці́пнасцю

2. сушы́ць; вытры́мліваць;

season timber сушы́ць лесаматэрыя́л;

season wine вытры́мліваць віно́

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Скарада́ 1 ‘скарадзьба, баранаванне’ (Касп.), ‘барана’ (Ласт., Байк. і Некр.), ‘барана з устаўнымі зубамі’, перан. ‘упартасць, маральная няўстойлівасць’ (Нік. Очерки). Рус. дыял. скорода́ ‘барана’. У апошнім значэнні прасл. *skorda, дэрыват з суф. ‑a ад прасл. *skorditi ‘баранаваць’. Мяркулава (Этимология–1973, 55) у якасці паралелі падае ўкр. гуц. коро́да ‘моцна сукаватае дрэва’, якое магло служыць прымітыўнай бараной. Гл. скарадзіць і наступнае слова.

Скарада́ 2 ‘усходы, асенняя рунь’ (Ян., Шатал.), ‘вясновыя ўсходы яравых’ (Яшк.), ‘усходы’ (Ян., усх.-палес., Выг., Пятк. 1), скарадзі́цца ‘налівацца’ (Шатал.), скарадзе́ць ‘зелянець’ (Пятк. 1), скороды́тысь ‘усходзіць’ (палес., Выг.). Укр. палес. скорода́ ‘ўсходы пасеваў, рунь’. Да скарадзіць (гл.), што да і.-е. *(s)ker‑ з ‑d‑расшыральнікам; гл. Мяркулава, Этимология–1973, 55. Архаічны семантычны дыялектызм. Параўн. аднак славен. skráda ‘пшаніца, Triticum repens’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’ (Сной у Бязлай, 3, 247).

Скарада́ 3 ‘цыбуля-скарада, Allium schoenoprasum L.’ (Кіс.). Укр. дыял. скорода́ ‘цыбуля, Allium angulosum L.’, рус. скорода́ ‘палявыя дзікія цыбуля або часнок’, дан. ско́рда ‘часнок’. Запазычанне з грэч. σκόροδοѵ, σκορδοѵ ‘часнок’, роднаснага алб. hurdhë ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 282; Міклашыч, 303; Фасмер, 3, 652). Гл. таксама Мяркулава (Очерки, 133) з некаторымі сумненнямі адносна ўкраінскіх назваў. Параўн. наступнае слова (гл.).

Скарада́ 4 ‘асака, Carex L.’ (Інстр. 2), ‘асака пальчатая, Carex digitata L.’ (маг., Кіс.), скаро́да ‘тс’ (Касп.). Укр. скоро́да ‘асака’. Відаць, этымалагічна тое ж, што і скарада 1, 2 (гл.). Да семантыкі параўн. іншыя назвы, як целарэз і рус. том., кемер. реза́чка (да рэзаць, гл.). Але не выключаны і перанос назвы з дзікай цыбулі (гл. папярэдняе слова) з прычыны падабенства — вострае вузкае лісце. Паводле Сноя (Бязлай, 3, 247), усе назвы раслін з такімі характарыстыкамі, параўн. серб. скрада ‘ажына, сітніца, Luzula silvatica’, укр. бойк. ско́род ‘від высокай травы’, славен. skrada, škrada ‘пшаніца, Tritium repens’, як і скарада ‘барана’, узыходзяць да прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’, што ўяўляе nomen agentis ад дзеяслова, прадстаўленага ў літ. sker̃sti ‘забіваць жывёліну, калоць’, skardýti ‘тс’, лат. šķḗrst ‘расколваць; вязаць’ < і.-е. *(s)ker‑d‑ ‘рэзаць, калоць’, у тым ліку ад той жа асновы і грэч. σχόρ(ο)δον ‘часнок’.

Скарада́ 5 ‘панікніца, Geum L.’ (Бяльк.). Няясна. Фармальна да папярэдняга, але аснова намінацыі няясная. Магчыма, перанос са скарада 1, параўн. іншыя назвы розных відаў гэтай расліны: маг. грабелькі, рус. гребник, укр. гребенник (Аненкаў, 157), калі апошнія не сапсаваныя заходнеславянскія назвы, параўн. чэш. hrebičková bylina ‘гваздзіковае зелле’, таму што сухі корань яе мае пах гваздзікоў; чэшская назва з’яўляецца ўласна перакладам грэчаскай назвы расліны, гл. Махэк, Jména, 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕВА́ДА (Nevada),

штат на З ЗША. Пл. 286,4 тыс. км². Нас. 1746,9 тыс. чал. (1998). Адм. ц. — Карсан-Сіці, найб. гарады Лас-Вегас і Рына. Большая ч. штата ў горнай бяссцёкавай вобласці Вялікага Басейна; на З — адгор’і хр. Сьера-Невада. Клімат умераны, кантынентальны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра студз. ў катлавінах 0—2 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў каля 200 мм за год (каля падножжа Сьера-Невады 100 мм). Рэк мала, яны малаводныя, на ПдУ — р. Каларада. Расліннасць паўпустынь і пустынь. Гал. галіны гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў і горная прам-сць. Развіты індустрыя адпачынку і забаў агульнанац. значэння, турызм, курортная справа (кліматычныя курорты); 42,6% працоўных занята ў сферы абслугоўвання. Вытв-сць электраэнергіі 26,6 млрд. кВт∙гадз (1998). Працуюць электрастанцыі на каменным вугалі і прыродным газе. Буйная ГЭС Гувер на р. Каларада. Здабыча руд золата, медзі, серабра, вальфраму, жалеза, марганцу, малібдэну і поліметалаў, барыту, дыятаміту. Прадпрыемствы выпускаюць каляровыя металы, харч. прадукты, адзенне, пластмасы, асобныя віды абсталявання (аэракасмічнае, ірыгацыйнае, сейсмічнага кантролю і інш.). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — экстэнсіўная мясная жывёлагадоўля. Гадуюць (1999, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 510, авечак — 85, свіней, птушку. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, цыбулю, часнок, ячмень, пшаніцу. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

латашы́ць, ‑ташу, ‑тошыш, ‑тошыць; незак., каго-што.

Разм.

1. Ірваць без разбору, псуючы і спусташаючы. Латашыць яблыкі. Латашыць суседскі гарох. □ Мы латашылі ўсё, што трапляла пад руку: бручку, моркву, цыбулю, часнок, памідоры. С. Александровіч.

2. Знішчаць, з’ядаючы і топчучы. Латошаць коні канюшыну. // Спусташаць. Рыгор з Паўлам накіраваліся ў лес. — Латошаць лес, як траву! — пашкадаваў Павал. — Што ж, лес сякуць — трэскі ля[ця]ць! Гартны. // Рабаваць. Латашыць чужыя клункі.

3. перан. Біць, лупцаваць. Як скоціцца .. [дзед], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АПАТРАПЕ́Й (ад грэч. apotropaios які адводзіць бяду),

амулет, абярэг, прадмет, выява або дзеянне, якім прыпісвалі магічную здольнасць засцерагаць ад няшчасця і злога духу.

Апатрапеямі былі выявы жахлівых божастваў, звяроў і прадметаў (егіпецкага Беза, Гарпагоны, льва, грыфона, фаласа, складзеных пальцаў і г.д.), якія насілі як нацельныя амулеты; архітэктурныя рэльефы ў выглядзе звярыных мордаў і падобныя выявы на пасудзінах, зброі; нацельныя крыжыкі і ладанкі, што быццам аберагаюць вернікаў ад «нячыстай сілы».

Бел. нар. назва абярэ́г. З эпохі палеаліту як апатрапей выкарыстоўвалі амулеты з зубоў, кіпцюроў і касцей жывёл. Розныя амулеты-апатрапеі былі ў эпоху язычніцтва і ранняга хрысціянства: у курганных могільніках 9—13 ст. на Беларусі знойдзены амулеты-падвескі (лунніцы, крыжыкі), амулеты-змеевікі, змеегаловыя бранзалеты і інш. Апатрапейная сімволіка прысутнічала ў традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці. На Палессі апатрапеем было «завівала», якім накрывалі маладую ў найб. адказныя моманты вяселля; да вянца незалежна ад пары года надзявалі верхняе суконнае або футравае адзенне. Апатрапейная заклінальная магія — неад’емная частка вясенне-летніх абрадаў: сцябанне людзей і жывёлы асвячонай вярбой з традыц. прыгаворамі, асвячэнне вуглоў новай хаты свянцонай вадою; магічны круг вакол двара ў час падрыхтоўкі да веснавой сяўбы; трохразовы абход жывёлы з магічнымі прадметамі і заклінаннямі перад першым выганам у поле; юраўская раса, абрадавае печыва ў выглядзе крыжа і інш. Апатрапейны кірунак мелі такія формы калектыўнай абраднасці, як абворванне вёскі, хрэсны ход, тканне ручніка за дзень ці ноч, здабыванне «жывога» агню трэннем і інш. Адным з дзейсных апатрапеяў здаўна лічыўся чырвоны колер і арнамент. Апатрапеем лічыліся хлеб, вада, агонь, раса, зямля, вострыя металічныя прадметы, чалавечыя валасы, бурштын, зерне, ільняное валакно і семя, мак, пахучыя расліны (цыбуля, часнок, мята, палын) і інш.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гаро́дчык

1. Кветнік, палісаднік перад вокнамі хаты (Бых., Глуск. Янк. II, Жытк., Рэч., Слаўг., Шчуч.). Тое ж гару́нчык (Рэч.).

2. Адгароджаны невялікі ўчастак з сонечнага боку пабудоў ці паміж пабудовамі, дзе вырошчваюць пладовыя саджанцы, зімовы часнок, клубніку, агародніцкае насенне і расаду (Слаўг.). Тое ж турок (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)