НАСТУПЛЕ́ННЕ,

асноўны від баявых дзеянняў войск. Вядзецца на сушы, моры, у паветры ў форме баёў, бітваў і аперацый. Гал. мэта — разгром праціўніка і авалоданне важнымі рубяжамі (аб’ектамі, раёнамі мясцовасці); дасягаецца паражэннем непрыяцеля ўсімі наяўнымі сродкамі, атакай, прарывам яго абароны, ліквідацыяй або ўзяццем у палон жывой сілы, захопам зброі, ваен. тэхнікі і інш. Можа весціся на праціўніка, што ў абароне, або які наступае (гл. Сустрэчны бой) ці адступае (гл. Праследаванне). Разнавіднасцю Н. з’яўляецца контрнаступленне. Пераход у Н. можа ажыццяўляцца з непасрэднага судакранання з праціўнікам або з ходу. Пры наяўнасці ў праціўніка адкрытых флангаў выкарыстоўваюцца абход і ахоп. У залежнасці ад маштабу, мэт і колькасці сіл і сродкаў Н. можа мець стратэгічнае, аператыўнае або тактычнае значэнне.

Спосабы Н. мяняліся пад уздзеяннем развіцця сродкаў узбр. барацьбы, якаснай змены асабовага складу і арганізацыі войск Н. як форма баявых дзеянняў вядома з глыбокай старажытнасці, калі барацьба вялася халоднай зброяй. У сярэднявеччы (11—15 ст.) адбываліся змены ў тактыцы Н.: удары з флангаў і тылу, акружэнне, выкарыстанне засадных палкоў і інш. Са з’яўленнем агнястрэльнай зброі і яе ўдасканаленнем (14—18 ст.) еўрап. арміі перайшлі да лінейнай тактыкі дзеянняў на полі бою. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—99 і войнаў канца 18 — пач. 19 ст. з’явілася новая тактыка Н., заснаваная на спалучэнні калон і рассыпнога строю, манеўру і агню як сродку падрыхтоўкі атакі. У 1-ю сусв. вайну ў Н. выкарыстоўвалася тактыка прарыву суцэльнага фронту абароны. У 2-ю сусв. вайну ажыццяўляліся наступальныя аперацыі груп франтоў, франтавыя. армейскія наступальныя аперацыі. З сярэдзіны 1950-х г. пасля аснашчэння ўзбр. сіл ядз. зброяй (гл. Ракетна-ядзерная зброя) значна павялічылася магчымасць адначасовага паражэння праціўніка на вял. глыбіню, выраслі размах і тэмпы Н.

У сучасных умовах са з’яўленнем высокадакладнай зброі наземнага і паветр. базіравання, удасканаленнем інш. сродкаў паражэння істотна памяняўся часавы і прасторавы размах Н., якое набыло паветр.-наземны і паветр.-касм. характар.

У.​У.​Язэпчык, В.​А.​Юшкевіч.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калі́, прысл. і злуч.

1. прысл. пыт. У які час?

К. ж вы прыйдзеце? К. гэта будзе?

2. прысл. неазнач. Калі-небудзь.

Ці чуў ты к. такое? 3. прысл. неазнач. У няпэўны будучы час. Заходзь к. да нас.

4. прысл. азнач. Ужыв. як абстрактнае абазначэнне часу (звычайна ў спалучэнні з часц. «вось»).

Вось к. мне трэба было вярнуцца.

5. злуч. часавы. Ужыв. ў пачатку даданага сказа і выражае:

а) частковае або поўнае супадзенне ў часе дзеяння галоўнага і даданага сказаў; у той час як.

К. ўзышло сонца, мы ўжо былі дома;

б) паслядоўнасць дзеяння; пасля таго як.

Я надта перапужалася, к. пачула такое;

в) паўтаральнасць дзеяння (часта са словамі «заўсёды», «кожны раз» і інш.).

Мы заўсёды рады, к. вы прыязджаеце да нас.

6. злуч. умоўны. Выражае рэальную ўмову здзяйснення, існавання чаго-н.

К. працаваць, дык працаваць.

К. глянеш з пагорка, то ўсё ўбачыш як на далоні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

часово́йI прил.

1. (к часы́) гадзі́ннікавы;

часово́й механи́зм гадзі́ннікавы механі́зм;

часова́я стре́лка гадзі́ннікавая стрэ́лка;

часовы́х дел ма́стер ма́йстар гадзі́ннікаў, гадзі́ннікавы ма́йстар;

2. (о времени) гадзі́нны, пагадзі́нны;

часова́я ле́кция гадзі́нная ле́кцыя;

часово́й гра́фик гадзі́нны (пагадзі́нны) гра́фік;

часова́я опла́та пагадзі́нная апла́та, апла́та ад гадзі́ны;

часово́й по́яс ча́савы по́яс.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ледзь, прысл. і злучн.

1. прысл. Чуць, злёгку, нямнога. Ледзь жывы. Ледзь прабіваецца святло. Ледзь чутна. □ Каміны ледзь выглядалі з віхрастай саломы на стрэхах. Чорны. З ледзь улоўным слыху шорахам падала з дрэў пажоўклае лісце. М. Ткачоў.

2. прысл. Разм. Насілу, з вялікімі цяжкасцямі; ледзьве. Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. Лодка ледзь прадзіралася цераз гушчэчу зеляніны. Лобан.

3. прысл. (у спалучэнні з адмоўем). Амаль, чуць не. Госці склалі свае рэчы на падлозе, заняўшы імі ледзь не палову пакоя. Корбан. Зблізу, ледзь не з-пад ног, раптам, як стрэл, вырваўся пагрозны свіст. Мележ.

4. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу пры імгненнай змене падзей. Ледзь бліснула такая думка, і .. [Лялькевіч] увесь скалануўся, пачырванеў. Шамякін. / У спалучэнні з масавым злучнікам «толькі». Ледзь толькі вадзіцель марудна .. выпаўз з люка, Нолышаў паставіў яго ў струнку, сказаў ад сэрца некалькі сярдзітых слоў. Мележ.

•••

Ледзь вынесці ногі гл. вынесці.

Ледзь дацягнуць ногі гл. дацягнуць.

Ледзь дыхаць гл. дыхаць.

Ледзь ногі носяць гл. нага.

Ледзь ногі цягаць (валачы, перастаўляць) гл. цягаць.

Ледзь трымацца на нагах гл. трымацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́лькі.

1. часц. вылучальна-абмежавальная. Не больш як, усяго.

Заплаціў т. тры рублі.

Дзяўчынцы т. два тыдні.

2. часц. абмежавальная. Не раней чым.

Я прыеду т. заўтра.

3. часц. абмежавальная. Выключна, адзіна; нічога, акрамя гэтага.

Ён будзе т. настаўнікам.

На ўроку мы т. чыталі.

4. часц. ўзмацн. (пры займенніку і прыслоўі звычайна ў адмоўных сказах). Узмацняе ўяўленне аб вялікай колькасці, аб’ёме і пад. чаго-н.

Чаго ён т. не расказваў.

Чаго т. не прыдумаюць людзі.

5. прысл. Зусім нядаўна (аб завяршэнні якога-н. дзеяння, наступленні якога-н. стану і пад.).

Дзеці т. павячэралі і спаць яшчэ не клаліся.

Я т. што прыехаў.

6. злуч. супраціўны. Злучае члены сказа і сказы з супраціўна-абмежавальнымі адносінамі.

Ноч была ціхая, т. сумна шумеў лес.

7. злуч. супраціўны. Злучае сказы з адносінамі неадпаведнасці.

Ён доўга гаварыў, т. я не паверыў яму.

8. злуч. далучальны. Ужыв. для сувязі членаў сказа і сказаў, якія ўдакладняюць або дапаўняюць выказаную думку.

Ён ніколі не расказваў пра сваё жыццё, хіба т. дзецям.

9. злуч. часавы. Ужыв. ў даданых сказах часу, калі падзеі, аб якіх гаворыцца ў галоўным сказе, пачынаюцца адразу ж пасля падзей даданага сказа.

Т. мы заснулі, і тут жа раздаўся стук у акно.

10. злуч. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы са знач. рэальнай умовы.

Школу ты закончыш паспяхова, т. старайся.

Толькі і — выражае ўзмоцненае адценне абмежавання.

Усе толькі і гавораць пра каханне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Надоба ’хатнія рэчы, неабходныя гаспадыні’ (карэл., Сцяшк.), ’убранне’ (стаўбц., Нар. сл.), на́даб (надыб) ’патрэба’ (Бяльк.), надобʼе (надобʼя) ’госці’ (чэрв., Нар. лекс.), nadobak, nadobinka, nadobnina ’аздобная рэч, патрэбная рэч’ (Федар.), nadóbnina ’драўніна для вырабу сельскагаспадарчых прылад’ (Арх. Федар.), надобейка ’нагода, падзея’ (Песні сямі вёсак). Укр. надоба ’неабходнасць, патрэба’, надібок ’кавалак дрэва або жалеза, прыдатны для справы’, ’гаспадарчыя прылады’, надібʼя ’рэчы, маёмасць’, рус. надоба ’патрэба, неабходнасць’, надобье ’тс’, надобень ’неабходная ў доме рэч’, польск. nadoba ’хараство, прыгажосць’, ’начынне’, nodobie ’прылады’, nadobek ’любы пусты посуд (гаршчок, бутэлька)’, чэш. nádoba ’начынне, посуд’, nádobá ’прылады’, славац. nádoba ’посуд’, в.-луж. nadoba ’прылады, начынне; даход; багацце’, н.-луж. nadoba ’веліч; дабрабыт; начынне’. Вытворнае ад *doba, гл. даба; першасная форма, відаць, надабе (гл.), што ўяўляе спалучэнне прыназоўніка на з формай дав., месн. скл. адз. л. ад названага назоўніка са значэннем ’на часе, у (патрэбны) час’, адкуль развілася форма надоба ’патрэба, неабходнасць’ і іншыя, больш канкрэтныя значэнні, што ўскосна пацвярджаецца і больш ранняй фіксацыяй прыслоўя ў помніках пісьменнасці. У якасці чэхізма ў Скарыны разглядаецца надобье ’пасуда’ (Булыка, Лекс. запазыч., 206), што неабавязкова, паколькі такая форма і семантыка прадстаўлены ў гаворках. З большымі падставамі ў якасці запазычання, відаць, з польскай мовы можна разглядаць вытворнае ст.-бел. надобный ’прыгожы, зграбны’ (з XVI ст., Жураўскі, SOr, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 194), бо, як паказвае семантычная паралель польск. śliczny, чэш. sličný ’падобны, прыгожы’, такое развіццё значэння характэрна для заходнеславянскіх моў (Машынскі, Kultura, II, 1, 101). Зрэшты, некаторыя этымолагі адрозніваюць аманімічныя зыходныя словы і іх вытворныя ад кораня dob‑: doba ’спосаб, від’ (сюды адносяць і падобны, надобны, аздобны і г. д.) і dobaчасавы перыяд’, да якога трэба аднесці астатнія пералічаныя формы (Махэк₂, 121–122; Бязлай, 1, 105). У адпаведнасці з гэтым у якасці зыходнай формы для надоба ’прылада; пасуда’ дапускаецца зборны назоўнік *nadobьje ’патрэба, неабходнасць’, з якога шляхам сінгулярызацыі ён быў утвораны (Махэк₂, 387; Шустар-Шэўц, 13, 980).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абы́ 1, злучнік.

1. умоўны. Далучае ўмоўныя даданыя сказы з дапушчальна-абмежавальным адценнем. Ужываецца пераважна ў спалучэнні з часціцай «толькі». Пасля дажджу бывае ясна, і мокрыя плечы высахнуць адразу, абы толькі замест дажджавых кропель на чалавека не падалі кулі або каменне. Чорны. [Саша] усё будзе ведаць: мае ўчынкі, думкі, абы вярнулася наша шчасце. Шамякін.

2. мэтавы. Далучае даданыя сказы са значэннем мэты, якое ўскладняецца абмежавальна-паясняльным адценнем. [Дзямід Сыч:] — Ты зрабіўся вельмі добры, Мікалай Лявонавіч. Ты хочаш прымірыць усіх, абы ціха было. Паслядовіч. Нехта іграе на раллі, барабанячы як папала, абы мацней гуло. Скрыган.

3. часавы. Разм. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу, калі падзеі, пра якія гаворыцца ў галоўнай частцы, пачынаюцца адразу пасля падзей, адзначаных у даданай частцы; адпавядае злучнікам «толькі», «як толькі». Абы вольная хвіліна, то яе [Міхаліны] ужо ў хаце няма. Чарнышэвіч. [Юрка Пятровіч:] — Бачыце самі — абы кашляць, дык і ў плач. Брыль.

абы́ 2, часціца.

Надае значэнне непаўнацэннасці дзеянню, прадмету, паслабляе патрабаванні да дзеяння, прадмета. Абы сказаць. □ [Новікаў:] — Мозг не хоча адпачываць. Яму абы чым, але заняцца. М. Ткачоў. [Слімак:] — Ціхі я чалавек, непрыкметны. Мне дзень абы пражыць, і дзякуй богу. Лынькоў. // Ужываецца ў сказах, якія выражаюць нежаданне чаго‑н. [Хлапчук:] — А папу напляваць, жывыя вы ці мёртвыя. Яму абы грошы! Бажко.

•••

Абы дзень да вечара гл. дзень.

Абы з рук гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што. Перамясціць, пералажыць, звальваючы; перагрузіць. Пераваліць грузы з баржы на бераг. Пераваліць сена з воза на воз.

2. што або цераз што. Перайсці, пераехаць, пераправіцца на другі бок (гары, узвышша і пад.). [Партызаны] перавалілі ўзгорак і зніклі ў невялікай лагчыне. М. Ткачоў. Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на гару, каб пераваліць цераз грэбень і схавацца ў лесе. Шамякін. Санкі перавалілі цераз нейкі пагорачак. Пад імі перастаў шаргацець снег. Жычка. // цераз што, за што. Пераадолець, перасекчы якую‑н. прастору. Тысячы трактароў «Беларусь» перавалілі праз паўднёвыя порты і цяпер будзілі сваім рокатам ціхія правінцыі. Б. Стральцоў. Поле ішло на пагорак, .. [партызанам] трэба было як найхутчэй пераваліць цераз яго, і тады, мусіць, іх бы ўжо не ўбачылі. Быкаў.

3. Разм. Перайсці які‑н. колькасны ці часавы рубеж. Прабег машын пераваліў за сотню тысяч. Гады перавалілі на пяты дзесятак. / у безас. ужыв. Даўно пераваліла на другую палову дня. Гурскі. Гэта была худзенькая, згорбленая бабулька, якой, казалі, пераваліла за сотню. С. Александровіч.

4. перан.; што. Зваліць, перакласці на каго‑н. (работу, віну, адказнасць і пад.). На бацькоў, на школу, вядома, лягчэй за ўсё пераваліць віну. Мыслівец.

перавалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

Сапсаваць празмерным валеннем (сукно, лямец і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паку́ль, прысл. і злучн.

1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «што»). На працягу некаторага часу, нейкі час. Пастой пакуль тут. □ — Нічога, нічога, абыдзецца і так, — расчулена гаварыў бацька, пяшчотна дакранаючыся да рамы рукою. — Пафарбуем пасля, а пакуль і так пастаіць. Васілёнак. Марына Паўлаўна заўважыла ў кутку хаты нарыхтаваны шчырай Таццянінай рукою невялічкі, але чысты прытулак. — Гэта пакуль што, Марынка. Мы потым іначай зробім, мы цэлы пакой табе абсталюем тут. Зарэцкі. // Да пары, да часу. [Васіль Іванавіч:] — Зразумей адно: пакуль што будзе лепш, каб як мага меней людзей ведалі, што мы тут. Лынькоў. [Валя:] — Пойдзем, Толік, у партызанскі атрад. Міхась аб гэтым пакуль што не павінен ведаць... — Чаму? — здзівіўся Толя. — Такі загад камандзіра партызанскага атрада. Якімовіч. // Цяпер, у гэты момант. Босы і ў адной бялізне.. [разведчык] пабег па мёрзлым снезе, і коннікі паімчаліся за ім, страляючы пакуль што ўгару. Чорны. // Тым часам. Вы пагаварыце, а мы пакуль перакурым. // Да гэтага часу, да гэтай пары. Гузік даўно згубіўся, а новага маці пакуль не ўшыла. Кандрусевіч. Цяпер жа Ларыса не нацешыцца сваёй работай. Пакуль што ўсё выходзіць не горш як у людзей. Кулакоўскі.

2. прысл. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова: а) у даданых дапаўняльных сказах, якія паясняюць дзеяслоў «чакаць» або блізкае да яго слова. Ларыса села на белы зэдлік каля ног бацькі і стала чакаць, пакуль ён прачнецца. Кулакоўскі. Пракурор падняўся, не чакаючы, пакуль яму дадуць слова. Скрыган; б) у сказах, якія ўдакладняюць акалічнасць часу. Да поўначы сядзелі, пакуль сны агарнулі. Броўка. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот.

3. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з часавай абмежаванасцю падзей: а) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на перыяд дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «на працягу таго часу як». Пакуль яны [Пятрусь і Міхась] крычалі, конь пачуў волю і стаў памаленьку заварочвацца назад, шчыплючы траву. Колас. Пакуль мы гутарылі, у памяшканне ўвайшоў высокі светлавалосы чалавек. Крапіва. Пакуль снедалі, на дварэ ўзняўся шалёны вецер. Чарнышэвіч; б) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на момант завяршэння дзеяння галоўнага сказа (звычайна пры адмоўным выказніку); абазначае: «да таго часу як». Часамі праводзіць [Данілу] цемнавокая Мар’яна і доўга стаіць на беразе пад сасною, пакуль не страціць з вачэй чаўна, пакуль той не нырне ў густыя, стромкія цені сосен. Пестрак. Вясеннім днём на пасяўной Брыгада працавала, Пакуль вячэрняю імглой На нівы ноч апала. Танк. / Пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «датуль», «да той пары», «да таго часу». — Цяпер, — кажа сівы конь, — я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. Якімовіч. Малады патрыёт пакляўся біцца з ворагам да таго часу, пакуль родная зямля не будзе ачышчана ад фашысцкай погані. Крапіва. / У спалучэнні з часціцай «аж» або пры наяўнасці яе ў галоўным сказе. Паддубны стаяў «на трыбуне», аж пакуль не знік з паляны апошні чалавек. Пестрак. [Віктар] сядзеў так аж датуль, пакуль не [разышліся] усе чыста. Зарэцкі.

4. злучн. часавы. Разм. Ужываецца ў даданых сказах часу, дзеянне якіх адбываецца пасля завяршэння дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «да таго як»; «перш чым». Але раса, брат, выесць вочы, Пакуль узыйдзе тое сонца. Колас. Пакуль выеду я ў поле, Вытры слёзы, усміхніся. Панчанка. Ён размахнуўся, падвойнае шкло зазвінела і потым — пакуль ён паспеў шыбануць за вугал хаты — граната ахнула!.. Брыль.

•••

Пакуль ногі носяць гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРАСТО́РА І ЧАС у фізіцы,

фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць формы існавання і спосабы каардынацыі з’яў, працэсаў, аб’ектаў і іх станаў. Базісны прасторава-часавы аб’ект — падзея, якая вызначаецца адносна сістэмы адліку заданнем 3 прасторавых каардынат і 1 часавай каардынаты. Сувязь паміж прасторавымі і часавымі характарыстыкамі розных падзей вызначае геам. ўласцівасці прасторава-часавай разнастайнасці.

Фіз. паняцці П. і ч. ўзніклі на аснове натурфіласофскіх уяўленняў аб іх сутнасці (гл. Прастора і час у філасофіі) і прасторава-часавых уяўленняў, заснаваных на мех. практыцы аперыравання з жорсткімі і пругкімі целамі. У класічнай механіцы існуе дваістасць апісання П. і ч., дзе разам з абсалютнымі ёсць і адносныя П. і ч. Паводле Ньютана, абсалютныя П. і ч. — ідэальныя формы, якія маюць матэм. выраз, адносныя П. і ч., даступныя вымярэнню працягласці матэрыяльных аб’ектаў (у прасторы) і назіраных з’яў (у часе). Такая дваістасць у фізіцы захоўваецца да нашага часу. П. і ч. рэальных аб’ектаў у фізіцы не заўсёды супадае з П. і ч: тэарэт. (ідэальных) аб’ектаў, якія апісваюць адпаведную прадметную вобласць. У аксіёмы, што вызначаюць геаметрыю класічных П. і ч., уключаецца кінематычны пастулат — прынцып адноснасці, які сцвярджае раўнапраўнасць інерцыяльных сістэм адліку, вызначае метрычныя ўласцівасці фіз. П. і ч., а таксама абмяжоўвае выбар дапушчальных дынамічных тэорый. Прынцып адноснасці Эйнштэйна адрозніваецца ад прынцыпу адноснасці Ньютана тым, што значэнне адноснай скорасці інерцыяльнай сістэмы адліку абмежавана зверху. Матэматычна гэты прынцып фармулюецца як патрабаванне інварыянтнасці дынамічных ураўненняў фізікі адносна груп пераўтварэнняў прасторава-часавых каардынат (групы Галілея і групы Пуанкарэ адпаведна). У абодвух выпадках П. і ч. аб’ядноўваюцца ў адзіны геам. аб’ект — чатырохмерную прастору. Пры гэтым прастора-час спецыяльнай адноснасці тэорыі — Мінкоўскага прастора-час з’яўляецца чатырохмернай псеўдаэўклідавай прасторай у адрозненне ад прасторы-часу Галілея — Ньютана, якая наогул не з’яўляецца эўклідавай. У абодвух выпадках меркаванні аб аднароднасці часу і аднароднасці і ізатропнасці прасторы звязаны з захавання законамі энергіі, імпульсу і моманту імпульсу адпаведна. Дапушчальнасць бясконцасці скорасці распаўсюджвання ўзаемадзеяння ў прасторы-часе Галілея-Ньютана ўзгадняецца з уключэннем у лік ідэальных аб’ектаў ньютанаўскай механікі абсалютна цвёрдых цел і магчымасці абсалютнай (незалежнай ад выбару інерцыяльнай сістэмы адліку) сінхранізацыі нерухомых і рухомых ідэальных гадзіннікаў. Усе пункты трохмернай прасторы могуць назірацца адначасова, у якасці эталона даўжыні выбрана цвёрдае цела (парыжскі метр), вымярэнне часу заснавана на меркаванні аднолькавай працягласці аднолькавых фіз. працэсаў. Вобласць выкарыстання прасторы-часу Галілея — Ньютана абмежавана нерэлятывісцкай класічнай, квантавай і статыстычнай механікамі, а таксама электра- і магнітастатыкай. У спец. тэорыі адноснасці існуе верхняя мяжа скорасці — скорасць святла ў вакууме, аднолькавая для ўсіх сістэм адліку, і таму немагчыма абсалютная сінхранізацыя нават ідэальных гадзіннікаў, паняцце адначасовасці падзей мае сэнс адносна пэўнай інерцыяльнай сістэмы адліку, сярод ідэальных аб’ектаў няма абсалютна цвёрдых цел. За эталон даўжыні прынята адлегласць, якую праходзіць святло за адзінку часу, эталонам часу служыць велічыня, адваротная частаце святла, выпрамененага эталоннай крыніцай. Прастора-час Мінкоўскага распадаецца для кожнага назіральніка на абсалютнае мінулае, абсалютнае будучае і абсалютнае аддаленае (унутранасць і знешнасць светлавога конуса), яна выкарыстоўваецца як базавая ў рэлятывісцкай класічнай і квантавай механіках, квантавай тэорыі моцных і электраслабых узаемадзеянняў. ідэальныя аб’екты гэтых тэорый не заўсёды маюць аналагі сярод рэчаісных аб’ектаў. У агульнай тэорыі адноснасці (АТА) прынцып адноснасці пашыраецца да патрабавання каварыянтнасці ўраўненняў адносна адвольных пераўтварэнняў усіх чатырох каардынат, у якасці ідэальнага аб’екта служыць метрыка прасторы-часу, пад якой разумеюць гравітацыйнае поле, крыніцай якога з’яўляецца тэнзар энергіі — імпульсу матэрыі. У гэтым сэнсе АТА устанаўлівае залежнасць метрыкі прасторы-часу ад уласцівасцей гравітавальнай матэрыі. Прастора-час у АТА неаднародная і неізатропная, яе тапалогія можа быць сінгулярнай (гл. Сінгулярнасць). Паводле сучасных уяўленняў з гравітацыйнай сінгулярнасці ў выніку Вялікага Выбуху нарадзіўся Сусвет. Мадэль пашыральнага Сусвету належыць да ідэальных аб’ектаў фізікі, які змяняецца ў часе. Асн. ўласцівасць такіх аб’ектаў — неабарачальнасць іх дынамікі ў часе. Існуюць таксама эксперым. ўказанні на магчымую неабарачальнасць у часе некаторых працэсаў у фізіцы элементарных часціц. Даказана, што Прырода несіметрычная адносна адлюстраванняў прасторавых каардынат і аддае перавагу то левай, то правай спіральнасці. Пры тэарэт. апісанні працэсаў у мікрасвеце ці на пачатковай стадыі Вялікага Выбуху даводзіцца аперыраваць з часавымі і прасторавымі інтэрваламі, для вымярэння якіх не існуе прылад (няяўна прымаецца гіпотэза бясконцай падзельнасці П. і ч.). Разглядаюцца мадэлі з дыскрэтнай прасторай-часам, з лікам прасторава-часавых вымярэнняў, большым за 4. Існуюць струнныя мадэлі, дзе ідэальным аб’ектам служыць аднамерная струна замест пункта, які не мае вымярэнняў. Мяркуюць, што менавіта струнныя мадэлі дазволяць зрабіць агульнае апісанне гравітацыйных, моцных і электраслабых узаемадзеянняў і тым самым істотна пашырыць нашы ўяўленні аб прасторы і часе.

Літ.:

Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. 2 изд. М., 1961;

Пуанкаре А. О науке: Пер. с фр. 2 изд. М., 1990;

Минковский Г. Пространство и время // Принцип относительности. М., 1973;

Берке У. Пространство—время, геометрия, космология: Пер. с англ М., 1985;

Хокинг С., Пенроуз Р. Природа пространства и времени: Пер. с англ. Ижевск, 2000;

Степин В.С. Теоретическое знание. М., 2000.

Я.​А.​Талкачоў, Л.​М.​Тамільчык.

т. 13, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)