ДЫ́МНЫ ПО́РАХ, чорны порах,

зярнёная механічная сумесь каліевай салетры (75%), драўнянага вугалю (15%) і серы (10% па масе). Лёгка загараецца і хутка згарае (цеплата згарання 32,3 МДж/кг) без доступу паветра з утварэннем газаў, здольных выконваць значную мех. работу. У Кітаі вядомы з 10—11 ст., у Еўропе — з 13 ст. Да сярэдзіны 19 ст. заставаўся адзіным брызантным выбуховым рэчывам. Выкарыстоўваюць пры здабычы штучнага каменю, для вырабу вогнеправоднага шнура. Гл. таксама Порах.

т. 6, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНЯ́НЫ ВУ́ГАЛЬ,

сітаваты высокавугляродзісты прадукт піролізу драўніны. З 1 м³ сыравіны атрымліваюць 140—180 кг Д.в., шчыльнасць якога залежыць ад віду драўніны: найменшая 260 кг/м³ (елка), найб. 380 кг/м³ (бяроза). Яго элементны склад вызначаецца т-рай піролізу, напр., прамысл. Д.в. (піроліз пры 450—550 °C) мае 80—92% вугляроду, 4—4,8% вадароду, 5—15% кіслароду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці актыўнага вугалю, крышт. крэмнію, серавадароду, як паліва ў побыце (цеплата згарання 30—35 МДж/кг).

т. 6, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМО́НЫ,

сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы: сумесь нітрату амонію NH4NO3 (акісляльнік) і невыбуховага гаручага (торф, драўняная мука, нафтапрадукты, парашкі металаў), якое лёгка акісляецца. Цеплата ўзрыву ў залежнасці ад складу 3—4,2 МДж/кг.

З тонкадысперснага NH4NO3 вырабляюць парашкападобныя Д., з сітаватага грануляванага — грануляваныя: грануліты (гранулы салетры, прамочаныя вадкім гаручым) і ігданіт (94—95% NH4NO3 і дызельнае паліва). Грануляваныя Д. ў параўнанні з парашкападобнымі менш гіграскапічныя і адчувальныя да мех. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць для ўзрыўных работ на паверхні і пад зямлёй (акрамя шахтаў, небяспечных на газ і пыл). Гл. таксама Дынаміты.

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗА,

сумесь вуглевадародаў; фракцыя нафты, якая кіпіць у інтэрвале тэмператур 110—320 °C.

Празрыстая, бясколерная ці светла-бурая вадкасць з блакітным адценнем, шчыльн. 780—850 кг/м³ (20 °C), т-ра ўспышкі 28—72 °C, цеплата згарання 42,9—43,1 МДж/кг. Састаў і ўласцівасці залежаць ад хім. саставу нафты і спосабаў яе перапрацоўкі. Газа мае 20—60% насычаных аліфатычных, 20—50% нафтэнавых, 5—25% біцыклічных араматычных і да 2% ненасычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць перагонкай нафты ці крэкінгам нафтапрадуктаў. Прамысл. вытв-сць пачалі браты Дубініны ў Расіі (1823).

Выкарыстоўваюць як рэактыўнае паліва (авіяц. газа), растваральнік, сыравіну ў нафтаперапр. прам-сці (тэхн. газа), гаручае для быт. награвальных і асвятляльных прылад і ў апаратах для рэзкі металаў (асвятляльная газа).

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАГЛІЦЭРЫ́НА, гліцэрынатрынітрат,

поўны эфір гліцэрыны і азотнай к-ты; магутнае брызантнае выбуховае рэчыва, C3H5(ONO2)3. Атрымана ў 1846 італьян. хімікам А.Сабрэра; прамысл. вытв-сць наладжана А.Нобелем.

Бясколерная алеепадобная вадкасць без паху, салодкага смаку. Крышталічная існуе ў 2 мадыфікацыях — стабільнай рамбічнай (tпл 13.5 °C) і лабільнай трыкліннай (tпл 2,8 °C). Добра раствараецца ў ацэтоне, дыэтылавым эфіры, метаноле, мала — у вадзе, гліцэрыне. Вельмі адчувальная да ўдару, трэння, агню (т-ра ўзгарання 200 °C); гарэнне лёгка пераходзіць у выбух (цеплата выбуху 6,3 МДж/кг). Атрымліваюць узаемадзеяннем гліцэрыны з сумессю азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (дынамітаў, балістытаў), у медыцыне як сасударасшыральны сродак (паляпшае каранарны кровазварот). У значных дозах атрутная; выклікае моцны галаўны боль. ГДК 2 мг/м³.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ ГАРУ́ЧЫЯ,

прыродныя сумесі вуглевадародаў метанавага рада (метан, этан, прапан і інш.), якія запаўняюць поры і пустоты горных парод, рассеяны ў глебе, раствораны ў нафце і пластавых водах. Падзяляюць на ўласна прыродныя газы, што залягаюць у пластах, якія не ўтрымліваюць нафты (маюць 93—98% метану); газы нафтавыя спадарожныя, газы газакандэнсатных радовішчаў, цвёрдыя газавыя гідраты (газагідратныя паклады).

Па колькасці цяжкіх вуглевадародаў (ад прапану і вышэй) прыродныя газы адносяць да т.зв. сухіх ці бедных газаў (менш за 50 г/м³), астатнія газы прыродныя гаручыя — да газаў сярэдняй тлустасці (50—150 г/м³) і тлустых (больш за 150 г/м³). Газы прыродныя гаручыя маюць таксама азот, вуглякіслы газ, серавадарод, некаторыя рэдкія газы (напр., гелій, аргон) і вадзяную пару. Выкарыстоўваюць як паліва (цеплата згарання 34,3 МДж/м³) і сыравіну ў вытв-сці аміяку, ацэтылену, вадароду, метанолу і інш. хім. рэчываў.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ, нітрацэлюлоза,

складаныя эфіры цэлюлозы і азотнай к-ты. Маюць агульную ф-лу [C6H7O2(OH)3-x (ONO2)x]n дзе x — ступень замяшчэння (змяняецца ад 0 да 3), n — ступень полімерызацыі (n = 150—3500). Паводле колькасці азоту тэхн. Н.ц. падзяляюць на калаксілін (мае 10,7—12,2% азоту) і піраксіліны (№ 2 мае 12,2—12,5%, № 1—13,0—13,5% азоту).

Цвёрдыя валакністыя рэчывы белага колеру, шчыльн. 1580—1650 кг/м³, т-ра раскладання 40—60 °C. З’яўляюцца брызантнымі выбуховымі рэчывамі (цеплата выбуху каля 3,6 МДж/кг). Няўстойлівыя ў к-тах і асновах. Атрымліваюць нітраваннем бавоўнавай цэлюлозы нітравальнай сумессю. Калаксілін выкарыстоўваюць у вытв-сці нітрацэлюлозных пластмас (этролаў), цэлулоіду, нітралакаў, нітраэмаляў, бяздымных порахаў, дынаміту і інш. выбуховых рэчываў, піраксіліны — у вытв-сці бяздымных порахаў.

Літ.:

Закощиков А.П. Нитроцеллюлоза. М., 1950;

Коваленко В.И. Молекулярно-структурная неоднородность нитратов целлюлозы // Успехи химии. 1995. Т. 64, № 8.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сухме́нь ’сухое гарачае надвор’е’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Мат. Гом., Растарг.), ’сухое месца’ (Нас.; слаўг., Яшк.), ’сухое месца паміж балотамі’ (ц.-палес., Талстой, Геогр., 128), сукмеɣннік ’грудок на балоце; падсохлая глеба ў берага’ (< сухменнік) (зах.-палес., Талстой, там жа), сухмі́нь ’сухое месца’ (слаўг., Яшк.). Укр., рус. сухме́нь ’сухое месца’ і да т. п.; дакладную паралель бачыць у літ. sausmenà ’сухое месца’ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193). Дэрываты ад сухі (Фасмер, 3, 813) з фармантам ‑мень/‑мінь; да суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 76. З іншым суф. ‑ель‑ сухме́льцеплата, суш’ (круп., Сл. ПЗБ), сюды ж сухмельня ’ёўня’ (Мат. Маг.). Паводле Карскага (2–3, 29), у выніку змены ранейшага суф. ‑ман‑ пад уздзеяннем суф. *‑men‑, які ўтвараў асновы на зычны, параўн. сухмя́ны ’сухі’ (Ласт.), сухме́ць ’засуха’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цеплыня, цяпло, цяплынь, цеплата, жар, гарачыня, спёка, спякота, духата, прыпар; дух (разм.); сквар (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

ПА́ЛІВА,

рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл. Нафтаперапрацоўка).

Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв. альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)