АКРАСО́МА (ад акра... + грэч. sōma цела),
апікальнае цельца, перфараторый, утварэнне на верхняй частцы галоўкі сперматазоіда. Пры апладненні ў момант сутыкнення сперматазоіда з яйцаклеткай ферменты акрасомы раствараюць абалонку яйцаклеткі і забяспечваюць яго пранікненне ўнутр.
т. 1, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЦЫФЕРА́ЗЫ,
ферменты, якія ўдзельнічаюць у працэсе біялюмінесцэнцыі святлівых арганізмаў; каталізуюць аэробнае акісленне люцыферынаў. Знаходзяцца ў фотагенных клетках ці спецыялізаваных органах свячэння гэтых арганізмаў. Л. розняцца паводле будовы і аптымальных умоў уздзеяння на субстраты.
т. 9, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЫЛТРАНСФЕРА́ЗЫ, трансметылазы,
ферменты класа трансфераз, якія каталізуюць абарачальны перанос метыльнай групы (CH3-групы). Донар CH3-групы — пераважна метыянін, які разам з вытворнымі вітаміну B12 і фоліевай к-ты пры ўдзеле М. ўтварае сістэму пераметыліравання ў жывых арганізмах.
т. 10, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЦІНАМІДАДЭНІНДЫНУКЛЕАТЫ́Д (НАД),
кафермент, які прысутнічае ў жывых клетках і ўваходзіць у склад некат. дэгідрагеназ. Адкрыты А.Гардэнам і англ. біяхімікам У.Іонгам (1904). Мае адэнін, амід нікацінавай к-ты, па 2 астаткі рыбозы і фосфарнай к-ты. Функцыянуе на пач. этапах біял. акіслення тлушчу, бялкоў і вугляводаў. У каталізуемых дэгідрагеназамі рэакцыях Н. і яго фасфарыліраванае вытворнае НАД-фасфат з’яўляюцца прамежкавымі акцэптарамі і пераносчыкамі электронаў і вадароду. У большасці тканак біясінтэз Н. ажыццяўляецца шматферментнай сістэмай з нікацінаміду, нікацінавай к-ты, у печані і нырках — з трыптафану.
Літ.:
Фридрих П. Ферменты: четвертичная структура и надмолекулярные комплексы: Пер. с англ. М., 1986;
Браунштейн А.Е. Процессы и ферменты клеточного метаболизма М., 1987.
С.С.Ермакова.
т. 11, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНАТРАНСФЕРА́ЗЫ, трансаміназы,
ферменты, якія зваротна каталізуюць перанос амінагрупы (-NH2) ад амінакіслот на кетакіслоты без прамежкавага ўтварэння аміяку. Рэакцыі з удзелам амінатрансферазаў забяспечваюць сувязь бялковага і вугляводнага абменаў ў жывых арганізмах. Вызначэннем актыўнасці асобных амінатрансферазаў карыстаюцца ў дыягностыцы хвароб нырак, сэрца.
т. 1, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАМІНА́ЗЫ,
ферменты класа гідралаз, якія каталізуюць гідроліз C—N-сувязі, адрозныя ад пептыднай. Пашыраны ў прыродзе, многія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні канчатковых прадуктаў азоцістага абмену. У выніку рэакцый, што працякаюць з удзелам Д., утвараецца аміяк ці мачавіна, адбываецца распад кольцаў цыклічных амідзінаў.
т. 6, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСО́МЫ (ад мікра... + сома),
дробныя гранулы (да 100 нм) субклетачнай фракцыі жывёльных і раслінных клетак. Фракцыя М. уяўляе сабой рыбасомы, абломкі мембран эндаплазматычнага рэтыкулума. У М. прысутнічаюць ферменты вугляводнага абмену, біясінтэзу ліпідаў і стэроідаў. Атрымліваюць пры дыферэнцыяльным цэнтрыфугаванні клетачных гомагенатаў.
т. 10, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ферментапа́тыі
(ад ферменты + -патыя)
тое, што і энзімапатыі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЭКАРБАКСІЛА́ЗЫ,
ферменты класа гідралаз, што каталізуюць рэакцыі дэкарбаксіліравання аміна- і кетакіслот.
Д. амінакіслот (каферментам з’яўляецца пераважна вытворнае вітаміну B6 — пірыдаксальфасфат) удзельнічаюць ва ўтварэнні біягенных амінаў (гістаміну, сератаніну і інш.) у тканках жывёл. Сярод Д. кетакіслот (кафермент — тыямінпірафасфат) асаблівае значэнне мае фермент піруватдэкарбаксілаза (гл. Дэкарбаксіліраванне).
т. 6, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПАСО́МЫ,
штучныя ліпідныя везікулы (бурбалкі). Складаюцца з аднаго або некалькіх фосфаліпідных біслаёў, якія раздзелены воднай фазай. Дыяметр 25—10 тыс. нм. Выкарыстоўваюцца як мадэлі біял. мембран і мікракантэйнеры, якія дастаўляюць лек. рэчывы (антыбіётыкі, вітаміны, гармоны, ферменты і інш.) у органы і тканкі.
С.С.Ермакова.
т. 9, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)