бурно́с, ‑а, м.

Уст. Даўгаполая з шырокімі рукавамі сялянская вопратка з саматканага сукна. Цётка Хіма аддала Галі яшчэ свой дзявочы бурнос. Сабаленка. Фельчар стаў апранацца ў доўгі карычневага сукна свойскай работы бурнос з башлыком. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

псало́мшчык, ‑а, м.

Ніжэйшы царкоўны служка ў рускай праваслаўнай царкве; дзяк. [Лабановіч:] — У вас тут, выбачайце, большая глуш. — Як так? — здзівіўся Саханюк. — У нас — воласць, грамада: бацюшка, пісар, фельчар, ураднік, псаломшчык, і так збоку людзі часцей даведваюцца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праны́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай, ж.

Разм. Пранырлівы, прабіўны чалавек. Тут быў сам фельчар Мікіта Найдус, зухаваты хлопец-праныра. Колас. Міканор адчуў, што гэты праныра ўжо сёе-тое ведае: пранюхаў, відаць, і аб размове з новым дырэктарам. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́ктар, ‑а; мн. дактары́ (з ліч. 2, 3, 4 до́ктары), ‑о́ў; м.

Разм. Урач, лекар. Ёсць бальніца, у бальніцы — І доктар, і фельчар, Хто прыходзіць ці прывозяць — Хворых лечаць, лечаць. Купала.

•••

Доктар навук якіх — самая высокая вучоная ступень у СССР; асоба, якой прысуджана гэта ступень. Доктар філалагічных навук.

[Ад лац. doctor — настаўнік, выкладчык.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДОМ АДПАЧЫ́НКУ,

прафілактычная аздараўленчая ўстанова для адпачынку і аднаўлення сіл людзей у найб. спрыяльных і здаровых умовах. Д.а. ствараюць прафес. саюзы, мін-вы, ведамствы, асобныя прадпрыемствы і калгасы.

Бываюць Д.а. круглагадовыя, сезонныя і спец. (для бацькоў з дзецьмі, моладзі, цяжарных і інш.), з 12- і 24-дзённым адпачынкам і для адпачынку ў выхадныя дні. Усе Д.а. маюць мед. пункты, на якіх працуюць мед сёстры, у значных (350 і больш месцаў) ёсць урач, у невялікіх (200—350 месцаў) — фельчар. Некаторыя Д.а. маюць зубаўрачэбны і фізіяпрацэдурны кабінеты, лячэбны масаж. Першыя Д.а. на Беларусі (з 1920): «Ждановічы» (з 1970 санаторый) пад Мінскам, «Чонкі» пад Гомелем. У 1980 на Беларусі было 16 Д.а. на 5452 месцы, у 1996—11 на 2549 месцаў: 5 з іх ведамасныя, 6 Д.а. («Алеся», «Лагойскі», «Лясныя азёры», «Нарач», «Пухавічы», «Свіцязь») належаць аб’яднанню «Белпрафсаюзкурорт». У 1960-я г. з’явіліся ўстановы на ўзор Д.а. — пансіянаты адпачынку (у 1995—4 на 784 месцы) і пансіянаты з лячэннем (1 на 178 месцаў).

Э.А.Вальчук.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак.

1. каго-што. Датыкаючыся да каго‑, чаго‑н., вывесці са стану спакою. Паварушыць вуголле ў печы. □ — Ахрэм, устань... — нарэшце паварушыла [жонка] мужа за плячо. Мележ. // чым. Злёгку, крыху варухнуць. Фельчар нічога не сказаў, а толькі паварушыў вусамі. Пестрак.

2. што. Крыху разгрэбці; павярнуць. Паварушыць сена.

•••

Пальцам не паварушыць — не зрабіць ніякіх намаганняў для ажыццяўлення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насцеражы́ць, ‑ражу, ‑ражыш, ‑ражыць; ‑ражым, ‑ражыце, ‑рагуць і насцяро́жыць, ‑рожу, ‑рожыш, ‑рожыць; заг. насцеражы; зак., каго-што.

Выклікаць насцярожанасць, напружаную ўвагу, трывогу. Патруль, каб не насцеражыць нас, увесь час ішоў за намі на адной дыстанцыі, не рызыкуючы аднак затрымаць. Карпюк. — Праходзьце, бацюхна, праходзьце, — сказаў фельчар, як звычайна, але позірк ягоных вачэй насцеражыў Сяргея. Сіўцоў. Маша зноў змаўчала. Гэта насцярожыла Васіля. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уберагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца; ‑ражомся, ‑ражацеся, ‑рагуцца; пр. убярогся, убераглася, ‑лося; заг. уберажыся; зак.

Уберагчы сябе, пазбегнуць чаго‑н. (непрыемнага, небяспечнага, непажаданага). Фельчар загаварыў пра тыфус, пачаў тлумачыць жанчынам, як ад яго можна ўберагчыся. Галавач. [Алешын:] Прынёс ты вызваленне, ды не ўбярогся толькі сам. Бачыла. Тыя з падпальшчыкаў, якія ўберагліся ад арышту, хаваліся, дзе хто мог. Новікаў. // Унікнуць чаго‑н. [Паэт] ўбярогся і ад схемы, якая адмоўна сказалася на паэме «Аманал». Клімковіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укра́са, ‑ы, ж.

1. Прадмет, прызначаны для ўпрыгожвання каго‑, чаго‑н. Кожны раз хата-пяцісценка .. сустракае мяне абновамі і ўкрасамі. Б. Стральцоў. На ўзвышку .. стаяў мураваны белы палац, высока ўзняўшы пад садам сваю чатырохкантовую вежу, аздобленую рознымі скульптурнымі ўкрасамі. Колас.

2. перан.; чаго. Той, хто (або тое, што) з’яўляецца гордасцю чаго‑н., упрыгожвае што‑н. А дуб — лясоў украса, На ім калышуцца вякі. Бажко. Не мог фельчар мірыцца з тым, што такая ўкраса Зырачан ужо болей не вернецца. Ён быў упэўнены, што пані вернецца назад. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пайсці, пабегчы кульгаючы. Салдат закульгаў шпарчэй. Чорны.

2. Стаць кульгавым; закульгавець. — Кашаварам я не быў, а што нага ў мяне крывая, то гэта праўда, толькі ж закульгаў я ад ранення, а не так сабе ад чаго. Кулакоўскі. / перан. Перастаць дзейнічаць, развівацца правільна. Настойліва паэт, старанна працаваў: За кніжкай кніжку выдаваў. Не дзіва, што і грошы завяліся. І раптам хлопец закульгаў... У творах змены адбыліся, Якіх ніхто ніколі не чакаў. Корбан.

3. Разм. Кульгаючы, дайсці куды‑н., да якога‑н. месца. — А дзе прыстанішча, далёка да яго? — Спытаўся фельчар: — Можа і за год Старому мне туды не закульгаць? Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)