БЕ́ЛЫ Андрэй

(сапр. Бугаеў Барыс Мікалаевіч; 26.10.1880, Масква — 8.1.1934),

рускі пісьменнік, тэарэтык сімвалізму. Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). Належаў да «малодшага пакалення» сімвалістаў. Першы зб. вершаў — «Золата ў блакіце» (1904). Трагічнымі інтанацыямі прасякнуты напісаныя рытмічнай прозай 4 «сімфоніі»: «Паўночная сімфонія (1-я гераічная)», (1900, выд. 1904), «Сімфонія (2-я драматычная)» (1902), «Вяртанне» (1905); «Кубак мяцеліц» (1908). Рэвалюцыю 1905—07 Белы ўспрыняў з уздымам, але быў далёкі ад яе паліт. асэнсавання. У 1909 выдаў зб-кі вершаў «Попел» (асн. тэма — трагічнае становішча тагачаснай Расіі) і «Урна» (расчараванне ў юнацкіх ідэалах і шуканнях). Раманы «Пецярбург» (1913—14, перапрацаванае выд. 1922) прысвяціў гіст. лёсу Расіі і падвёў сімвалічныя вынікі «заходняга» перыяду яе развіцця. Пасля Кастр. рэв. 1917, якая бачылася яму мяцежнай, ачышчальнай стыхіяй (паэма «Хрыстос уваскрэс», 1918), пісаў пераважна прозу (аўтабіягр. аповесці «Коцік Лятаеў», 1922; «Хрышчоны кітаец», 1927; раман «Масква», ч. 1—2, 1926). Распрацаваў эстэтыку сімвалізму (зб. арт. «Сімвалізм», 1910) і тэорыю рытму ў вершы і прозе, дзе ўпершыню выкарыстаў мматэм. метады («Рытм як дыялектыка» і «Медны коннік», 1929; арт. ў час. «Горн» у 1919). Аўтар мемуараў «На мяжы двух стагоддзяў» (1930), «Пачатак стагоддзя. Успаміны» (1933), «Паміж дзвюх рэвалюцый» (1934) і інш.

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Твары́ць1 ’ствараць’, ’дзеяць, рабіць, здзяйсняць’, ’чыніць, вырабляць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’вычвараць, непакоіць, здзіўляць; чыніць’ (Нас., Сл. ПЗБ, Ян.), ’тварыць, ствараць’ (Сержп. Прымхі), творы́ць ’вытвараць’ (ТС), творы́ті ’тварыць, складаць’ (Вруб.), ст.-бел. твори́ти, творы́ти ’тварыць, рабіць, чыніць’ (XV ст., КТС). Укр. твори́ти, рус. твори́ть, польск. tworzyć, н.-луж. tworiś, в.-луж. tworić, чэш. tvořit, славац. tvoriť, славен. tvoriti, серб.-харв. тво̀рити, балг. творя́, макед. твори, ст.-слав. творити ’тс’. З прасл. *tvoriti ’тварыць’, суадноснае з *tvorъ ’твор’, якое звязана з *tvarъ ’твор, стварэнне’ (з іншым вакалізмам). Прасл. *tvoriti роднаснае да літ. tvérti ’абгароджваць; перавязваць; хапаць; фарміраваць, ствараць’, turė́ti ’трымаць; мець’, ãptvaras ’агароджа’, tvártas ’хлеў’, лат. tver̂t ’хапаць, лавіць’, tvarsît ’тс’, turêt ’трымаць’, прус. turīt ’мець’, грэч. σορός ’пахавальная урна; труна’ на падставе і.-е. *tu̯er‑ ’хапаць; абгароджваць’ (Фасмер, 2, 34; ЕСУМ, 5, 533; Чарных, 2, 231; Брукнер, 587; Махэк₂, 662–663; Шустар-Шэўц, 1565). Мяркуецца, што на базе канкрэтных значэнняў ’схапіць, трымаць, браць’ праз ’акружаць, акаляць, агароджваць’ развіліся абстрактныя значэнні ’кшталтаваць, афармляць, фармаваць’ і ’тварыць, ствараць’ (Борысь, 656). Параўн. твэ́рыць, гл.

Твары́ць2 ’захаваць, ахінаць вулей на зіму’ (петрык., Яшк. Мясц.), твары́ць ву́лей ’рыхтаваць вулей пад рой’ (Стан., Некр.), творы́ць ’класці ў вулей прынаду для пчол’ (ПСл), творы́ць борць ’апырскваць сярэдзіну борці спецыяльным растворам’ (Маш.), тво́рыць ’пырскаць, крапіць вулей прымацкай для прываблівання пчол’, ’прыбіраць (у хаце)’ (ТС). Параўн. польск. tworzyć ’рабіць, працаваць каля пчол (у лесе)’. Да папярэдняга (гл.), спецыялізацыя семантыкі на аснове значэння ’акружаць, абгортваць, агароджваць’ з далейшым развіццём ’дбаць, даглядаць’.

Твары́ць3 ’думаць, уяўляць’: я тварыла што месяц усходзіць, аж то мой татэчка па дворэ ходзіць (барыс., Кольб.). Да тварыць1, параўн. польск. tworzyć ’прыдумваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)