змясці́ць, змяшчу, змесціш, змесціць; зак., каго-што.

1. Знайсці месца для каго‑, чаго‑н.; умясціць. Навагранскі рынак не змясціў усіх кірмашоўцаў. Сабаленка. Ты адчуў, колькі шчасця і сілы Можа ў сэрцы змясціць чалавек. Прыходзька.

2. Даць памяшканне для жылля; пасяліць. Маці Васілька змясцілі ў хлеве. Гэта быў даўгі цагляны будынак. Маўр. // Даць месца, размясціць дзе‑н. [Прыяцель] змясціў сакаляня ў клетцы на даху сваёй хаты. В. Вольскі.

3. Уладкаваць, аддаць куды‑н. (на вучобу, службу і пад.). Змясціць у школу. Змясціць у бальніцу.

4. Надрукаваць, апублікаваць дзе‑н. Змясціць артыкул у часопісе. □ За той жа час побыту ў школе Аленка змясціла два свае вершыкі ў газеце. Колас.

5. Разм. Зняць, звольніць з пасады. Бюро райкома вынесла Байкову вымову і змясціла з камандзіра. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

помести́ть сов.

1. змясці́ць; (отдать) адда́ць;

помести́ть делега́тов в гости́ницу змясці́ць дэлега́таў у гасці́ніцу;

помести́ть дете́й в шко́лу адда́ць дзяце́й у шко́лу;

помести́ть объявле́ние змясці́ць аб’я́ву;

2. (расположить) змясці́ць, паста́віць, пакла́сці, скла́сці; (вместить) умясці́ць, уто́ўпіць;

помести́ть все ве́щи в оди́н чемода́н змясці́ць усе́ рэ́чы ў адзі́н чамада́н; см. помеща́ть;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

уці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Націскаючы з сілай, прымусіць паглыбіцца, увайсці ў глыб, унутр чаго‑н. Уціснуць корак у бутэльку. □ Неўзабаве важкія машыны так уціснулі ў гразь бярвенні, што іх не стала відаць. Мележ.

2. З намаганнем умясціць у што‑н. цеснае, запоўненае; увапхнуць. — Я, здаецца, не ў час прыйшоў, — разгублена прамовіў Лабановіч. — Нічога, нічога, — сказала жанчына.. Яна ўзяла паліто і ўціснула яго між адзежы, ужо вісеўшай на вешалцы. Колас. Людскі натоўп абхапіў мяне, узняў на прыступкі і ўціснуў у вагон. Ус. // перан. Падаць вялікі змест твора ў сціслай форме. З’яву такога парадку, як паэзія Купалы, з’яву, якая па-мастацку адлюстроўвае цэлую гістарычную эпоху ў жыцці народа, цяжка ды, бадай, і немагчыма ўціснуць у рамкі пэўнага літаратурнага стылю, скажам, рэалізму або рамантызму. Навуменка.

3. Абвязваючы што‑н., зменшыць у аб’ёме. Жніво. Смуга над плёсам. Воз снапоў Уціснуў дзед вяроўкаю тугою. Пысін.

4. Уцягнуць, увабраць унутр. Уціснуць галаву ў плечы. □ Дзяўчына скурчылася ў кутку, уціснула галаву, засланіла рукамі свой твар і пачала чакаць смерці. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убра́ть сов.

1. (прочь) прыня́ць, мног. папрыма́ць; (забрать) забра́ць; (снять, свернуть) зняць, скруці́ць; (поднять) падня́ць;

убра́ть посу́ду со стола́ прыня́ць по́суд са стала́;

убери́те э́то прочь! прымі́це (забяры́це) гэ́та прэч!;

убери́те ру́ку прымі́це руку́;

убра́ть паруса́ зняць (скруці́ць) парусы́;

убра́ть я́корь падня́ць я́кар;

2. (привести в порядок) прыбра́ць, мног. папрыбіра́ць;

убра́ть ко́мнату прыбра́ць пако́й;

3. (украсить) убра́ць, мног. паўбіра́ць, прыбра́ць, мног. папрыбіра́ць;

убра́ть зал цвета́ми убра́ць (прыбра́ць) за́лу кве́ткамі;

4. (о полевых культурах) убра́ць, мног. паўбіра́ць; (собрать) сабра́ць; (сложить) злажы́ць; (спрятать) схава́ць;

своевре́менно убра́ть урожа́й своечасо́ва убра́ць (сабра́ць) ураджа́й;

убра́ть зерно́ в амба́р ссы́паць (схава́ць) збо́жжа ў сві́ран;

убра́ть кни́ги в шкаф схава́ць кні́гі ў ша́фу;

убра́ть шасси́ ав. схава́ць шасі́;

5. (уместить) увабра́ць, умясці́ць;

убра́ть все слова́ в строку́ увабра́ць (умясці́ць) усе́ сло́вы ў радо́к;

6. перен. (устранить) прыня́ць, устарані́ць; (с работы, с должности) зняць; (удалить) вы́даліць; (выгнать) вы́гнаць, прагна́ць;

убра́ть с доро́ги прыня́ць (устарані́ць) з даро́гі;

убра́ть с до́лжности зняць з паса́ды;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

увабра́ць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце; пр. увабраў, ‑брала; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Паступова паглынуць (ваду, паветра і пад.); уцягнуць унутр; усмактаць. «Тут скрозь балоты, — пісаў нам Сяргей .. — Прыпяць не наспявае ўвабраць усю ваду». Хомчанка. [Алесь] уздыхнуў так, як быццам хацеў увабраць у сябе ўсё паветра, што было навокал. Броўка. [Камета] ўвабрала вельмі мала святла з навакольнае прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасці яе можна заўважыць простым вокам. Шыцік. // Падабраць, заправіць унутр чаго‑н. [Васіль] зашпіліў верхні гузік касавароткі і нават увабраў пад кепку непакорны віхорчык валасоў. Кулакоўскі. Доўгую белую кашулю [мужчына] увабраў у штаны і па штанах туга падперазаўся саматканым паяском. Галавач. // Уцягнуць, утуліць (шыю, галаву і пад.). Стаіць Рыгор Варанец у варотах .. Галаву ў каўнер увабраў. Крапіва. Волак увабраў шыю, адразу паменшаў і баязліва паглядзеў у вочы Блажэвічу. Няхай. Люся ўвабрала ў плечы галаву, сціснулася. Шашкоў. // Умясціць куды‑н. У клецях — тканіны ядвабныя, Футры, сувоіны кужалю... Усё, што пакоі прывабныя Сквапна ўвабраць не падужалі. Дзяргай. // перан. Успрыняць, засвоіць. Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,.. На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я Тваіх кастроў і боек дым гаркавы. Гілевіч. Лабановіч увабраў у сябе погляды, думкі, настроі працоўнай сялянскай масы, з якой ён выйшаў. Казека. Музыка-сын спяваў на дзіва. У сваю душу ён увабраў І лісця подых палахлівы, І ціхі шэпт пушчанскіх траў. Кляўко.

2. Разм. З’есці ўсё без разбору, без астатку. [Зайцаў:] — Варэнікаў .. украінскіх з вішнямі я зараз бы цэлае вядро ўвабраў... Даніленка.

3. (са словамі «у сябе»). Уключыць у свой склад, аб’яднаць. Лясная брыгада ўвабрала ў сябе ўсіх людзей. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку. Ермаловіч.

4. што і за што. Разм. Моцна ўхапіць, схапіць што‑н. Увабраць кол. Увабраць за чуб.

5. Разм. Схапіць, захапіць. [Шабанок:] Дык от мы, утраіх, згаварыліся ўвабраць аднаго фашыста. Кучар. [Салдат:] — Нам, разведчыкам, і то рэдка ўвабраць удаецца такога важнецкага языка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)