АРЦЕ́М’ЕЎ (Эдуард Мікалаевіч) (н. 30.11.1937, г. Новасібірск),

рускі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). У творчасці шырока выкарыстоўвае серыйную тэхніку, алеаторыку, электронную музыку. Сярод твораў: араторыя «Я забіты пад Ржэвам» на сл. А.​Твардоўскага (1963), кантата «Рытуал» (1980), сімфонія «Пілігрымы» (1985); электронная музыка — «Мазаіка Венецыі», «Варыяцыі на адзін тэмбр», «Сем варот у свет Саторый»; вак.-інстр. Цыкл «Цяпло зямлі»; музыка да кінафільмаў (больш за 80). Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1988.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎНУХАІДЫ́ЗМ (ад грэч. eunuchos кастрат + eidos від),

спалучэнне недаразвіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет з дыспрапарцыянальным целаскладам. Абумоўлены гіпафункцыяй палавых залоз. Найчасцей бывае ў мужчын. Адрозніваюць 2 формы Е.: еўнухаідны гігантызм і еўнухаіднае атлусценне; звычайна назіраецца змешаны тып. Прыкметы Е.: парушэнне росту — гігантызм і дыспрапорцыі шкілета (доўгія канечнасці, асабліва ніжнія, пры кароткім тулаве), тонкія косці, вузкія плечы, шырокія памеры таза (у жанчын — вузкі таз), атлусценне, адсутнасць расліннасці на твары, лабку, у падпахавых упадзінах, высокі тэмбр голасу; палавыя пачуцці рэзка зніжаны. Лячэнне: гармонатэрапія.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фарма́нта

(лац. formans, -ntis = які ўтварае, фарміруе)

дадатковае адценне гуку, якое надае гучанню музычнага інструмента або голасу асаблівую афарбоўку-тэмбр.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Тэ́нар ‘высокі тэмбр мужчынскага голасу’ (ТСБМ, Пятр.), тэно́р ‘тс’ (Некр. і Байк.). Хутчэй за ўсё, праз польскую мову, дзе tenor ‘самы высокі мужчынскі голас’, якое з італ. tenore ‘тс’. Форма з канцавым націскам з франц. tenor, якое таксама з італьянкай мовы (Арол, 4, 60), што ад лац. tenēre ‘тэнар; трымаць’, бо высокі голас «трымае» мелодыю (Фасмер, 4, 42).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБЕРТО́Н (ням. Oberton),

1) у фізіцы, простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання (мех., эл.) з частатой, вышэйшай за асноўную. Любое перыяд. ваганне выяўляецца як сума асн. тону і абертону. Амплітуда і частата абертону вызначаюцца ўласцівасцямі вагальнай сістэмы і спосабам яе ўзбуджэння. Абертоны з частотамі, кратнымі частаце асн. вагання, наз. гарманічнымі, інш. — негарманічнымі (уласцівыя гукам сірэн, шумам). Ад сукупнасці частот асн. вагання і абертону залежыць тэмбр гуку.

2) У муз. акустыцы гарманічныя абертоны, размешчаныя ва ўзыходным парадку, утвараюць натуральны гукарад. У комплексе з асн. тонам яны складаюць муз. гук і, хоць гучаць слабей за асн. тон і на слых не распазнаюцца, надаюць яму пэўную афарбоўку.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКСАФО́Н (франц. saxophone ад прозвішча вынаходніка Sax + ...фон),

духавы язычковы муз. інструмент. Вынайдзены бельг. майстрам А.​Саксам. Металічная (латуневая або сярэбраная) парабалічная трубка з дзюбападобным муштуком і адзінарнай трысцінкай, мае 18—21 адтуліну на ствале, якія закрываюцца пры дапамозе клапанаў. У сям’і С. 7 асн. разнавіднасцей, найб. пашыраны альт і тэнар. Мае моцны гук, непаўторнай выразнасці і прыгажосці тэмбр, вял. віртуоз. магчымасці. З сярэдзіны 19 ст. выкарыстоўваецца ў духавым, оперным, пазней у сімф. аркестрах, у камерных ансамблях; з 20 ст. — у джазе, эстр. і поп-музыцы. С. выкарыстоўвалі ў сваіх творах А.​Глазуноў, С.​Пракоф’еў, А.​Хачатуран, Дз.​Шастаковіч і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

Саксафон.

т. 14, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАВЕСІ́Н (франц. clavecin ад позналац. clavicymbalum ад лац. clavis ключ + cymbalum цымбалы),

чэмбала, струнны шчыпковы клавішны муз. інструмент. Бліскучы, адрывісты, хутка затухаючы гук здабываюць плектрам з птушынага пяра ці скуры, які пры націсканні клавішы чапляецца за струну. Дынаміка і тэмбр змяняюцца пры пераходзе з адной ручной клавіятуры (мануала) на другую і пераключэнні рэгістраў. Разнавіднасці К. (клавічэмбала, унісон, спінет, вёрджынел, клавіцытэрыум і інш.) адрозніваюцца крылападобнай ці прамавугольнай формай корпуса ў залежнасці ад гарыз. ці верт. размяшчэння струн, памерамі, колькасцю мануалаў (1—3) і рэгістраў, дыяпазонам (4—5 актаў).

Канструкцыя К. распрацоўвалася з 14 ст. Росквіту клавесіннае мастацтва дасягнула ў 2-й пал. 17—18 ст. ў Італіі і асабліва ў Францыі ў т. зв. галантным стылі (ракако). У канцы 18 ст. яно заняпала ў сувязі з развіццём фп. музыкі. Аднавілася ў 20 ст. з адраджэннем цікавасці да старадаўняй музыкі.

На Беларусі К. вядомы з канца 16 ст. Найб. пашыраны ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў капэлах Нясвіжа, Гродна, Дзярэчына, Шклова. Сярод выканаўцаў на К. Я.​Баэрт, Ф.​Яжомбек, Я.​Д.​Голанд, Я.​Л.​Дусек, К.​Абатэ, Ю.​Віткоўскі, Л.​Сітанскі, Э.​Ванжура, клавесініст-віртуоз Я.​М.​Шоль (Нясвіж, Слуцк). У 1-й пал. 19 ст. К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.​Фотха. К. ўведзены ў склад Дзярж. камернага аркестра Беларусі, ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле». Тэмбр К. імітуецца на электраарганах і сінтэзатарах.

Літ.:

Зимин П. История фортепиано и его предшественников. М., 1968.

І.​Дз.​Назіна, А.​І.​Ахвердава.

Клавесін.

т. 8, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́РЫКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 19.11.1957, г. Гомель),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1978), Бел. кансерваторыю (1983, кл. С.​Асколкава). З 1985 саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1988 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, тэмбр якога пашыраецца ад мяккага лірычнага барытона да аксамітнага драм. баса. Яго выкананню характэрны тэмперамент, драм. майстэрства, глыбокае пранікненне ў муз. вобраз. У канцэртным рэпертуары значнае месца займаюць песні бел. кампазітараў, у т. л. І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, У.​Будніка. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага радыёконкурсу «Новыя імёны» (1987), Гран-пры Міжнар. конкурсу «Музыка свету» (1998, Італія).

В.​З.​Анісовіч.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аберто́н

(ням. Oberton)

муз. дадатковы, больш высокі тон, які ўзнікае пры гучанні асноўнага тона і надае яму асаблівае адценне або тэмбр (параўн. унтэртон).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗО́НА ў музыцы,

колькасная характарыстыка ступеневых якасцей музычных гукаў. Вызначае адносіны паміж элементамі муз. гуку як фіз. з’явы (частата, інтэнсіўнасць, склад гуку, працягласць) і яго муз. якасцямі (вышыня, гучнасць, тэмбр, працягласць) як адбіткамі ў свядомасці чалавека гэтых фіз. уласцівасцей гуку. Ступеневая якасць, напр., гуку а​1 не пераходзіць у суседнія якасці ў дастаткова шырокай зоне — прыкладна ад 430 да 450 герц; З. абсалютнага слыху прыблізна 80 цэнтаў; інтэрвальнага, адноснага слыху — каля 60—70 цэнтаў. Унутры З. музыканты адрозніваюць вял. колькасць інтанацыйных адценняў. Паняцце З. пашыраецца і на ўспрыняцце тэмпу і рытму, дынамічны і тэмбравы слых. Вучэнне пра З. (распрацавана муз. акустыкам М.​Гарбузавым) адкрыла новыя магчымасці для вывучэння маст. інтэрпрэтацыі муз. твораў.

Літ.:

Н.​А.​Гарбузов — музыкант, исследователь, педагог. М., 1980. С. 11—48, 80—270.

т. 7, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)