ільмені́т

[рус. ильменит, ад Ильменские горы (на Урале)]

мінерал падкласа складаных вокіслаў, вокісел жалеза і тытану, крышталічны, чорнага колеру.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЛЕ́ЙНЫЯ ФА́РБЫ,

суспензіі неарганічных пігментаў і напаўняльнікаў у пакостах. Пігменты — двухаксід тытану, вохра, жалезны сурык, аксід хрому і інш.; напаўняльнікі — тальк, каалін, слюда і інш. Для хуткага высыхання ў алейныя фарбы дадаюць сікатывы, для лепшага дыспергавання — паверхневаактыўныя рэчывы. Выпускаюцца густацёртыя (пастападобныя) і гатовыя для выкарыстання (вадкія). Пры высыханні, абумоўленым акісляльнай палімерызацыяй раслінных алеяў пакосту, утвараецца плёнка (атмасфераўстойлівая, з невысокай цвёрдасцю, набракальная ў вадзе, разбуральная ў шчолачах). Выкарыстоўваюцца ў буд-ве, алейным жывапісе.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́НАВЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове малібдэну з дабаўкамі вальфраму, рэнію, цырконію, тытану, ніобію, вугляроду і інш. элементаў; канстр. гарачатрывалыя матэрыялы ў ракетнай тэхніцы, авіяцыі, ядз. энергетыцы. Дэталі з М.с. працуюць у вакууме пры т-рах да 1800 °C. У акісляльным асяроддзі М.с. маюць нізкую гарачаўстойлівасць, у такіх умовах выкарыстоўваюць ахоўныя пакрыцці (напр., на аснове дысіліцыду малібдэну MoSi2 3 дабаўкамі хрому, бору, алюмінію), якія забяспечваюць працаздольнасць сплаваў пры т-рах да 2000 °C.

т. 10, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

астрафілі́т

(ад астра- + гр. phyllon = ліст)

рэдкасны мінерал класа сілікатаў, сілікат тытану залаціста-бурага, бронзава-жоўтага колераў са шкляным бляскам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БАЛО́МЕТР (ад грэч. bolē прамень + ...метр),

прылада для вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення. Асн. частка — тэрмаадчувальны элемент, эл. супраціўленне якога мяняецца пад уздзеяннем выпрамянення.

Бываюць балометры металічныя (тонкія чэрненыя метал. плёнкі), паўправадніковыя (гл. Тэрмарэзістар) і дыэлектрычныя (слаі сегнетаэлектрыкаў або аксідаў тытану ці крэмнію). Створаны звышправодныя балометры. Памеры і формы адчувальнага элемента вызначаюцца прыродай крыніцы выпрамянення; для спектральных вымярэнняў вырабляецца з 2 аднолькавых палосак (выпрамяненне накіроўваецца толькі на адну). Выкарыстоўваюцца балометры ў інфрачырв. спектраметрыі, радыё- і піраметрыі.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУКІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Г.​Дж.​Брука),

мінерал падкласа простых аксідаў, дыаксід тытану TiO2, адна з трох прыродных паліморфных мадыфікацый рутылу. Іншы раз мае прымесі жалеза і ніобію. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей прызматычныя і дыпірамідальныя. Колер жоўта-карычневы да жалезіста-чорнага. Бляск алмазны ці металічны. Празрысты. Цв. 5,5—6. Крохкі. Шчыльн. 4,14 г/см³. Трапляецца ў выглядзе крышталёў у залатаносных россыпах і жылах альпійскага тыпу, а таксама як акцэсорны і абломкавы матэрыял.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУМБІ́Т, ніабіт,

мінерал падкласа складаных аксідаў (Fe, Mn)Nb2O6, крайні чл. ізаморфнага раду К. — танталіт (Fe, Mn)Ta2O6. Змяшчае Nb2O5 да 80% і 20% FeO, прымесі тытану, волава, урану, вальфраму і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, пласціністыя, прызматычныя. Агрэгаты зярністыя, суцэльныя масы. Колер чорны, буравата-чорны. Бляск металападобны. Цв. 6. Шчыльн. 5,2—6 г/см³. Радыеактыўны. Трапляецца ў магматычных пародах, пегматытавых жылах і ў россыпах. Радовішчы ў Нігерыі, Бразіліі, ЗША, Аўстраліі і інш. Руда ніобію.

Калумбіт.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЭРЫ́Т (ад лац. later цэгла),

шчыльная гліністая ці порыстая, шлакападобная камяністая горная парода чырвонага колеру, складзеная з гідраксідаў алюмінію і жалеза з прымессю мінералаў тытану. Утвараецца ва ўмовах вільготнага трапічнага і субтрапічнага клімату ў выніку выветрывання алюмасілікатных горных парод. Магутнасць Л. ад некалькіх да 50 м, узрост — ад юрскага да сучаснага. З Л. звязаны радовішчы жал. руд, нікелю, хрому, кобальту, баксітаў, золата і інш. У глебазнаўстве Л. наз. жалезістыя гарызонты інфільтрацыйнага паходжання, якія ўваходзяць у склад латэрытных глеб.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЎСКІ́Т (названы ў гонар рас. дзярж. дзеяча, калекцыянера мінералаў графа Л.​А.​Пяроўскага),

мінерал падкласа складаных аксідаў, тытанат кальцыю, CaTiO3. Часта мае прымесі ніобію і рэдкіх зямель. Крышталізуецца ў рамбічнай (некаторыя разнавіднасці ў тэтраганальнай) сінганіі. Утварае крышталі, друзы, зярністыя агрэгаты. Колер буравата-чорны. Цв. 5.5. Шчыльнасць 4—4,3 г/м³. Бляск алмазны да паўметалічнага. Крохкі. Трапляецца ў магматычных ультраасн. і шчолачных пародах, скарнах, карбанатытах, намнажаецца ў россыпах. П. — крыніца тытану, ніобію і торыю. Гл. Тытанавыя руды.

Пераўскіт.

т. 12, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тытані́т

(ад тытан)

мінерал класа сілікатаў бурага, жоўтага ці зеленаватага колеру, які трапляецца ў выглядзе дробных зярнят і выкарыстоўваецца для атрымання тытану.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)